epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Тэлефонны званок

1
2
3
4
5
6


1

 

Тэлефон зазваніў надрывіста і трывожна. Трубку падняў Віктар. Ён толькі што вылез з ванны.

- Алё! - гукнуў Віктар у тэлефонную трубку.

- Бу-бу-бу-бу-бу... - данеслася з трубкі, а потым пачуўся асіплы, як пасля моцнай прастуды, мужчынскі голас: - Вас зваць Капыловіч Віктар Піліпавіч?

Віктар насцярожыўся, бо голас быў незнаёмы.

- Я Віктар Піліпавіч.

- У вас ёсць сын Капыловіч Сямён Віктаравіч, які вучыцца ў сёмым класе, - прасіпеў мужчына.

«Мой Сямён, мабыць, штосьці натварыў і ў міліцыю трапіў», - падумаў Віктар. У падобнай сітуацыі, відаць, не адзін бацька падумаў бы гэтак жа, як ён.

- Так, мой сын вучыцца ў сёмым класе, - адказаў Віктар. - А што здарылася?

- З вашым сынам бяда пакуль не здарылася, але хутка здарыцца.

Апошняе слова «здарыцца» было сказана такім пагрозлівым тонам, што ў Віктара міжволі маргнула левае вока.

- Віктар, хто да нас звоніць? - крыкнула з кухні жонка. Яна пры святле настольнай лямпы разглядвала стодаляравую купюру, правяраючы, ці сапраўдная яна. Яе прынёс Віктар, купіўшы на рынку ў валютчыкаў.

- Ніна, сама паслухай, - ніякавеючы, прамовіў Віктар.

Схаваўшы ў кішэню грошы, Ніна выплыла з кухні і ўзяла трубку. Віктар, каб не прапусціць ні слова, шчакою прытуліўся да жончынага пляча.

- Слухайце мяне, - данёсся з трубкі той жа асіплы голас. - Вы павінны заплаціць мне пяць тысяч даляраў.

- Што-о? - дудкай выцягнуліся пульхныя Нініны губы, а Віктар адчуў, як чамусьці горка-горка стала ў роце.

- Калі не заплаціце, то мы ўкрадзём Сямёна. Самі ведаеце, што з ім зробім. Падумайце. Я яшчэ пазваню.

З трубкі данеслася піпіканне.

- Чула? - выдыхнуў Віктар.

- Ён жартаўнік, - прамовіла Ніна і паклала тэлефонную трубку.

 

2

 

Ніна і Віктар сядзелі на мяккай канапе. На паліцах доўгай сценкі колеру дуба стаяў крышталёвы посуд, а са сцяны глядзелі на іх «Бурлакі на Волзе». Гэтую карціну Віктар купіў у мясцовага мастака і падарыў Ніне на дзень нараджэння. Тады ён сказаў ёй: «І мы, Нінка, як гэтыя бурлакі, цягнем сваю лямку».

- Віктар, гэты сіпаты тэрарыст пажартаваў. Ты таксама так думаеш? - Ніна з надзеяй паглядзела на мужа.

Віктар уставіўся на матавы экран тэлевізара «Панасонік».

- Нінка, цяпер такі час, што звычайна не жартуюць.

- Дык чаго ж ты сядзіш? Бяжы, сустракай Сямёна. Ён вось-вось са школы павінен вярнуцца, - усхапілася Ніна.

- Сямёна яны і з кватэры могуць забраць, - з болем вырвалася ў Віктара.

- Хто?

- Магчыма, нашы добрыя знаёмыя.

- Ну-у-у! - не паверыла Ніна.

- Дугу гну! - незычліва сказаў Віктар. - Той сіпаты пра нас усё-ўсё ведае. Ён яшчэ пазвоніць.

Зазвінеў званок.

Ніна так і села на канапу. Жаласна зарыпелі спружыны.

- Віктар, ён звоніць!

- Не. У кватэру да нас хтосьці пазваніў.

- Віктар, адчыні. Гэта Сямён. Адчувае мая душа.

 

3

 

Ніна не памылілася. Са школы вярнуўся сямікласнік Сямён. У Сямёна быў цудоўны настрой. Ён атрымаў аж тры пяцёркі.

- Тата, я сёння атрымаў тры пяцёркі: па матэматыцы, па геаграфіі і па працы, - з парога паведаміў ён.

Віктар прывёў Сямёна ў залу.

- Ніна, наш сын сёння тры пяцёркі атрымаў.

- Па матэматыцы пяцёрка, па геаграфіі пяцёрка і па працы пяцёрка, - загінаючы пальцы, палічыў Сямён.

- Сыночак! - Ніна працягнула рукі, каб абняць Сямёна.

Сямён ступіў убок і сеў на мяккае скураное крэсла.

- Мама, сёння ты нейкая перапалоханая.

- Я?

- Ты, мама. У цябе нават шчокі агнём гараць.

Ніна зірнула на Віктара.

- Сказаць яму?

- Угу, - прамармытаў Віктар.

- Віктар, ты скажы. Я не магу.

Віктар кашлянуў і пачаў:

- Сынок, нядаўна нехта пазваніў да нас па тэлефоне. Ён патрабуе, каб мы за цябе заплацілі выкуп.

Круглявы Сямёнаў твар выцягнуўся, а блакітныя вочы сталі вялікія-вялікія.

- Мяне хочуць украсці?

Віктар кіўнуў галавою.

- Цябе, сынок.

- Ой! - войкнула Ніна і схапілася за сэрца.

Сямён устаў з крэсла і сеў на канапу каля маці.

- Мама, я ім не дамся. Я ім рукі пакусаю, твары параздзіраю.

Зазвінеў электрычны званок.

Ніна ўздрыгнула.

- Віктар, адчыні.

Апусціўшы галаву, Віктар пайшоў адчыняць дзверы.

 

4

 

- Віктар, ну й пашанцавала мне сёння! - данёсся з калідора густы мужчынскі бас.

- Мама, Міканоравіч прыйшоў да таты, - сказаў Сямён.

Ён не ведаў імя гэтага высокага, мажнага мужчыны. Бацька і маці звалі яго Міканоравічам. У мінулым годзе Міканоравіч купіў старэнькі грузавічок і разам з бацькам стаў ездзіць па вёсках. У вяскоўцаў ямы купляюць свіней, бычкоў, потым іх рэжуць, а мяса прадаюць на рынку.

- Пашанцавала! Заўтра ў Залессі мы купім пяць бычкоў! Я дамовіўся! Зарэжам іх!

- Мама, я думаю, што Міканоравіч мяне хоча ўкрасці, - прашаптаў Сямён.

Плечы ў Ніны скалануліся.

- Сынок, сплюнь!

- Мама, калі я ўчора ішоў у школу, Міканоравіч дагнаў мяне на машыне.

- Ну і што?

- Зарэжам! Цэны на мяса на рынку падскочылі, - басам гудзеў Міканоравіч.

- Мама, Міканоравіч спыніў машыну і вылез. Мама, ты мяне слухаеш?

- Сынок, слухаю.

- Вылез і кажа: «Сямён, сядай. Падвязу».

- Ты сеў да яго ў машыну?

- Я не дурань, каб абы да каго ў машыну садзіцца. Рукі ў Міканоравіча былі ў крыві. Я так спалохаўся! Мама, Міканоравіч шмат бычкоў зарэзаў. Ён прывык да крыві. Ён цяпер стаў як маньяк.

Ніна абняла Сямёна.

- Сынок, той голас з тэлефона не падобны на голас Міканоравіча.

- Голас можна падрабіць.

- Цяпер людзі не хочуць прадаваць жывёлу. Самі рэжуць і ядуць. Дзецям у горад вязуць. А я дамовіўся, - хваліўся Міканоравіч. - Зарэжам!

Ніна ўскочыла і выбегла ў калідор. Сямён кінуўся за ёю.

- Міканоравіч, пакінь нас, дамоў ідзі! - крыкнула Ніна.

- Ніна, ты сёння не з той нагі ўстала? - разгубіўся Міканоравіч. - Я прыйшоў, каб паведаміць Віктару, што заўтра з ім бычкоў купім і на мяса зарэжам.

Ніна затупацела нагамі.

- Міканоравіч, ідзі, ідзі!

Міканоравіч глянуў на Віктара.

- Скажы ёй.

- Ідзі, Міканоравіч, - прамовіў Віктар.

- Цьфу! - плюнуў Міканоравіч і, грукнуўшы дзвярыма, выбег з хаты.

 

5

 

Сямён пайшоў у свой пакой, а Ніна і Віктар засталіся ў зале.

- Ніна, навошта ты на Міканоравіча накрычала? - запытаў Віктар.

- Твой Міканоравіч учора Сямёна перапалохаў. Вылез з машыны, а рукі ў крыві!.. Не, я не магу... Не магу!.. - Ніна заплакала.

Віктар успомніў, што ў халадзільніку стаіць піва, якое ён збіраўся выпіць, прыняўшы ванну, і яшчэ цяжэй стала на ягонай душы.

«А каб згарэла яно, жыццё такое!» - падумаў ён, але Ніне, вядома, гэтага не сказаў. Ён вырашыў хоць як-небудзь суцешыць яе.

- Ніна, я «Панасонік» ўключу. Індыйскі фільм паказваюць. Другую серыю.

- Віктар, у мяне галава ад думак развальваецца, а ты індыйскі фільм прапаноўваеш мне паглядзець, - выгаварыла мужу Ніна.

Віктар сеў на канапу і рукамі абхапіў галаву.

- Лічыш, што Міканоравіч нам пазваніў?

- Віктар, я цяпер нікому не веру.

«Я Міканоравічу верыў, як сабе», - падумаў Віктар. Пра выкуп, які трэба будзе заплаціць за сына ў амерыканскіх далярах, ён, як і Ніна, стараўся не ўспамінаць.

- Дзе мой Сямён? - нечакана ўсклікнула Ніна.

- Я тут! - са свайго пакоя гукнуў Сямён.

- Я каля яго хачу пабыць! - як пра моцна хворага, сказала пра сына Ніна.

- Хадзем да яго. Толькі не плач, - прагаварыў Віктар.

 

6

 

Сямён сядзеў за сталом, на якім стаяў японскі магнітафон. Убачыўшы бацьку і маці, Сямён нахмурыўся.

- Мама, ты плачаш, а я магнітафон хачу паслухаць.

- Дык слухай. І мы з табою пасядзім, паслухаем, - нясмела прамовіла Ніна.

Сямён пакруціў галавою, уставіў у магнітафон касету і націснуў на кнопку.

- Бу-бу-бу-бу-бу... - данеслася з магнітафона, а потым: - Вас зваць Капыловіч Віктар Піліпавіч. У вас ёсць сын Капыловіч Сямён Віктаравіч, які вучыцца ў сёмым класе.

- Я не тую касету паставіў! Я пераблытаў! - усклікнуў Сямён.

Віктар, як злодзея, схапіў сына за руку.

- Тую! Ты набраў нумар нашага тэлефона і магнітафон уключыў?

- З вашым сынам бяда пакуль не здарылася, але хутка здарыцца, - незвычайна гучна прагучаў асіплы голас.

Адштурхнуўшы Віктара, Ніна націснула на кнопку магнітафона.

- Сямён, гэта ты нас так разыграў?

- Я! - з выклікам сказаў Сямён. - Я хацеў пабачыць, што вы будзеце рабіць.

Віктар адпусціў сынаву руку. Яму вельмі хацелася даць сыну па шчацэ так, каб доўга агнём пякла яна, але ён стрымаўся, бо ведаў, што потым пасварыцца з Нінай.

- Сямён, чый жа голас ты запісаў на касету?

- Сустрэў каля магазіна бамжа, даў яму на бутэльку віна, а ён на касету нагаварыў тэкст, мною падрыхтаваны, - усміхнуўся Сямён.

- Віктар, гэты бомж цяпер пра нас усё-ўсё ведае. Віктар, мне кепска. «Хуткую дапамогу» выкліч, - схапілася за сэрца Ніна.


1990-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая