epub
 
Падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Тысяча даляраў

1
2
3
4
5
6
7
8
9


1

 

Міхась прачнуўся, калі цёплае летняе сонца ўжо зазірнула ў ягоны пакой. Вядома, ён яшчэ паспаў бы, але яго разбудзіла гамонка, якая даносілася з кухні.

«Бацька зноў прыйшоў да нас сварыцца», - адразу здагадаўся Міхась.

Трэці дзень да іх у кватэру рана-раненька прыходзіць бацька і патрабуе, каб маці не падавала на аліменты. Учора ён, Міхась, сказаў маці:

- Мама, не пускай яго да нас.

У маці на вочы навярнуліся слёзы. Яна змахнула іх далоняю.

- Сынок, язык не паварочваецца, каб сказаць: «Не прыходзь».

Міхась здагадаўся, што маці ўсё яшчэ кахае бацьку. У пазамінулым годзе ён пакінуў маці і яго, Міхася: перабраўся жыць да другой жанчыны. Сеў у «Жыгулі» і паехаў не развітаўшыся.

- Волька, ты цвёрда вырашыла: будзеш падаваць на аліменты? - данёсся да Міхася гучны голас бацькі.

«Нервуецца ён», - адзначыў пра сябе Міхась.

- Рыгор, цішэй. Сына разбудзіш, - прагаварыла маці.

- Сына, сына! - прабубніў бацька. - А гэты сын калі-небудзь успомніць пра мяне?

На Міхасёвы вочы навярнуліся слёзы. Ён выцер іх далоняю. Яму ўспомнілася, як чакаў бацьку, бо спадзяваўся: бацька адумаецца, вернецца дамоў і скажа штосьці ласкавае і яму, Міхасю, і маці. Беглі дні, тыдні, месяцы, а бацька ўсё не прыходзіў. «Ён нам пазвоніць. Альбо ў дзень майго нараджэння, альбо Восьмага сакавіка, альбо на Новы год», - думаў Міхась. І маці думала, што ён усё-ткі набярэцца смеласці і пазвоніць ім. Міхась бачыў, як яна пацепвала плячыма, пачуўшы тэлефонны званок. Але бацька так і не пазваніў: ні ў дзень нараджэння, ні Восьмага сакавіка, ні на Новы год.

- Волька, не падавай, - крыху памаўчаўшы, завёў сваю гаворку бацька.

- Рыгор, ты ж амаль два гады ні капейкі нам не плаціў, - прамовіла маці.

- Я вам кватэру пакінуў.

- Але ж машыну забраў.

- На машыне доўга не наездзішся. Прыйдзе час - і паломіцца.

«Машыну шкадуеш, баішся, што паломіцца, а нас з мамай не пашкадаваў. Мама не старая, а ўжо ссівела. Не бачыш ты гэтага», - сцяўшы кулакі, думаў Міхась. Ён не хацеў бачыць бацьку ў хаце, не хацеў чуць ягоны голас. Гэты голас ціснуў яму на скроні, ад яго было цяжка на душы.

Нагадалася, як аднаго разу ён, Міхась, сказаў маці, так і не дачакаўшыся ад бацькі званка:

- Мама, калі бацька раптам з'явіцца, прагані.

Тады маці спалохана зірнула на яго, Міхася, і апусціла галаву.

- Рыгор, мне сэрца баліць. Я захварэла. Мяне пераводзяць на іншую работу, на лягчэйшую. А там зарплата невялікая, - зноў пачуўся мацерын голас.

Бацька кашлянуў.

- Волька, не хвалюйся. Я дапамагу вам.

- Не, Рыгор. Дапамогі ад цябе мы не дачакаемся.

Міхась ускочыў з ложка і, як быў, у трусах і ў майцы, пабег на кухню.

 

2

 

Убачыўшы Міхася, бацька сказаў, як праспяваў:

- Міхась, а ты выцягнуўся, вырас, узмужнеў.

«Чаму ж ты мяне раней не бачыў? Чаму не пацікавіўся, як жыву, як вучуся, што ў мяне на душы?» - падумаў Міхась. Ён глянуў на маці. Маці стаяла, згорбіўшыся, быццам пасля пакарання. А бацька ўзяў са стала каробку цукерак і працягнуў Міхасю.

- Міхась, бяры. Я табе прынёс. Сам пачастуешся і маму пачастуеш.

Міхась стаяў, спадылба пазіраючы на бацьку.

- Сынок, бяры. Цукеркі смачныя, - бацька прыцмокнуў языком, каб паказаць, якія смачныя ў каробцы цукеркі.

Міхась расціснуў кулак. На далоні, мокрай ад слёз, ляжалі скамечаныя грашовыя купюры.

- Я сам куплю сабе і маме прысмакаў. У мяне ёсць грошы.

- Сынок, дзе ты ўзяў гэтыя грошы? - усклікнула маці.

- Учора на рынку памідоры разгружаў, і мне заплацілі. Я сёння адпачну, а заўтра зноў пайду на рынак. Заўтра зноў зараблю. Я восем класаў скончыў, - з гонарам адказаў Міхась.

- Правільна, Міхась. Грошы самі ў хату не прыплывуць. Грошы трэба зарабляць. Малайчына, Міхась, - пахваліў Міхася бацька, а затым звярнуўся да маці: - А ты казала, што грошай у вас няма!

Маці яго не слухала. Яна глядзела на Міхася.

- Сынок, больш не хадзі на рынак.

- Мама, чаму?

- Там збіраюцца розныя людзі. Сам не заўважыш, як трапіш у кепскую кампанію. Прападзеш ты там. Сынок, я гэтага не перажыву.

- Не прападзе, калі будзе мець галаву на плячах, - уставіў сваё слова бацька.

Маці зірнула на бацьку. Яе вочы заблішчалі.

- Вон!

- Ты мяне праганяеш? - здзіўлена ўсклікнуў бацька.

Міхась шпурнуў яму ў твар скамечаныя грашовыя купюры.

- Вон!

Бацька, было відаць, перапалохаўся.

- Я ў вас частку кватэры адсуджу! - закрычаў ён, абараняючыся.

- Вон! - паўтарыў Міхась.

Бацька, як падмецены, выскачыў з хаты.

 

3

 

Рыгор зайшоў у кватэру, дзе ён жыў з Галяй - сваёй другой жонкай, - і кінуў на тумбачку каробку цукерак.

З залы на калідор выйшла круглатварая Галя.

- Волечка, выходзіць, падасць на аліменты? - дапытліва паглядзеўшы на Рыгора, прагаварыла яна.

- Падасць! - у роспачы гукнуў Рыгор. - Выгадаваў сынка! Не сынка, а сапраўднага звярка! Ледзь з кулакамі на мяне не накінуўся!

- А я табе што казала! - з'едліва прамовіла Галя. - Яны табе горла перарэжуць. Ні ў яго, ні ў яе рука не здрыганецца.

У Рыгора пацяжэлі ногі. «Зараз упаду - і канец. Ужо не адзін у маіх гадах косці парыць. Галя сабе другога знойдзе, праз месяц у хату прывядзе», - падумаў ён.

- Рыгор, помні: мы іншамарку збіраемся купляць. Калі будзеш плаціць аліменты, іншамарку не купім.

- Дык што мне рабіць? Іх зарэзаць? У турму пасадзяць!

Галя скрыжавала рукі на высокіх грудзях.

- Думай, Рыгорка, думай. Для таго ў цябе галава на плячах.

- Я ім сказаў, што частку кватэры адсуджу, - паведаміў Рыгор.

Галя ўсміхнулася Рыгору.

- Вельмі прывільна ты ім сказаў.

 

4

 

Вечарам, у суботу, Галя і Рыгор разам вярнуліся дамоў. Яны абое працавалі ў аўтапарку: Рыгор - вадзіцелем маршрутнага аўтобуса, а Галя - дыспетчарам.

- Рыгор, забяры газету, - сказала Галя, паднімаючыся па лесвіцы. Іхняя кватэра была на трэцім паверсе.

Рыгор дастаў з кішэні ключ і адамкнуў паштовую скрынку.Там ляжала пісьмо.

- Хм, - здзіўлены, хмыкнуў Рыгор.

Яны з Галяй выпісвалі мясцовую гарадскую газету, каб пачытаць крымінальную хроніку і аб'явы, пісьмаў ім ніхто не прысылаў. Іхнія бацькі жылі тут, у горадзе.

Рыгор узяў пісьмо. Друкаванымі літарамі на канверце напісаны ягоны адрас: і нумар дома, і нумар кватэры, і прозвішча з імем, і імя па бацьку. А зваротнага адраса на канверце чамусьці не было.

- Рыгор, ты ідзеш? - зверху, з трэцяга паверха, нездаволеная, гукнула Галя.

Рыгор падняўся на трэці паверх і паказаў Галі пісьмо.

- Нам хтосьці пісьмо прыслаў, а свайго адраса чамусьці не напісаў.

Галя крыва ўсміхнулася.

- Мабыць, нейкі квіток на аплату прыслалі. Немаведама за што дзяруць грошы з рабочага чалавека.

 

5

 

У канверце, чаго не чакалі ні Галя, ні Рыгор, ляжалі амерыканскія даляры. Пяць стодаляравых купюр. У Рыгора дрыжалі пальцы, калі ён выцягваў з канверта даляры.

- Галя, даляры!

Галя працерла вочы і страсянула галавою.

- Няўжо яны сапраўдныя?

Рыгор ведаў, што ў сапраўдных даляраў каўнерык на партрэце амерыканскага прэзідэнта шурпаты, як і літары. Ён памацаў даляры, нават панюхаў іх і выдыхнуў:

- Галя, даляры не фальшывыя!

- Дай! - тоўстымі кароткімі пальцамі Галя ўзяла ў Рыгора даляры і заціснула іх у жмені.

- Рыгор, хто нам прыслаў даляры? Як ты думаеш?

- Не ведаю, - паціснуў плячыма Рыгор. Ён стаяў як у сне, анічога не разумеў.

- У цябе родзічаў у Амерыцы няма? - запытала Галя.

- Няма. Усе тут сядзяць. Галя, можа, хто-небудзь па п'янцы адрас пераблытаў і нам даляры прыслаў?

- Усё можа быць. Ты пра гэта нікому не кажы. Ні чужым, ні сваім, - папярэдзіла Рыгора Галя.

- Дурань той, хто праўду кажа, - прамовіў Рыгор.

У гэтую ноч Рыгор і Галя заснулі шчаслівыя.

 

6

 

На другі дзень, у нядзелю, Рыгор зноў дастаў з паштовай скрынкі канверт. У канверце ляжалі пяць стодаляравых купюр і пісьмо, напісанае няроўнымі друкаванымі літарамі.

- Рыгор, чытай, - усхвалявана прагаварыла Галя, калі Рыгор з канверта дастаў пісьмо.

- М-мы в-ведаем, што в-вам ц-цяпер ц-цяжка, што в-вы н-нешчаслівыя, - заікаючыся, пачаў чытаць Рыгор.

- Праўду напісаў. Я вельмі нешчаслівая. Я з аліментшчыкам жыву! - усклікнула Галя, расчуленая ці то незвычайным пачаткам пісьма, ці то далярамі, якія так неспадзявана яна атрымала.

- Я яшчэ не плаціў аліментаў, - агрызнуўся Рыгор.

Галя дыхнула яму ў шчаку.

- Чытай, Рыгорка, чытай!

- Мы ведаем, што вам вельмі патрэбны грошы. Таму са свайго фонду выдзяляем вам тысячу даляраў і папярэджваем: у панядзелак курс валюты рэзка ўпадзе. Таму раім вам сёння ж памяняць гэтую тысячу даляраў на рублі. Калі прыслухаецеся да нашай парады, мы і ў далейшым будзем з вамі супрацоўнічаць. Вашы сябры, - крыху супакоіўшыся, таропка прачытаў Рыгор.

- Рыгорка, яны з намі хочуць супрацоўнічаць! - узрадавалася Галя. - Яшчэ прышлюць даляраў. А гэтыя трэба памяняць.

- На рублі? Не! - замахаў галавою Рыгор.

- У панядзелак курс валюты ўпадзе. Нас папярэджваюць.

- Махлююць, - ніяк не мог пагадзіцца з Галяй Рыгор. Яму вельмі не хацелася мяняць даляры на рублі.

- Яны ж нам тысячу даляраў прыслалі! Навошта ім махляваць? Аліментшчык ты! - выгаварыла жонка.

Рыгор уздыхнуў:

- У каго памяняем на рублі? У суседзяў?

- Такую суму? Каб потым суседзі нам усе костачкі перабралі? Ідзі на рынак, да валютчыкаў. Валютчыкі купяць мяшок даляраў, калі прынясеш.

- Мабыць, твая праўда. Я схаджу на рынак, памяняю даляры, але частку кватэры ў Волькі ўсё роўна адсуджу. Я ім не дарую, - пачухаўшы патыліцу, сказаў Рыгор.

 

7

 

Валютчыкі стаялі каля газетнага кіёска. Схаваўшыся ў натоўпе, Рыгор хвілін пятнаццаць назіраў за імі. Час ад часу да валютчыкаў падыходзілі людзі рознага ўзросту: і старэйшыя, і зусім маладыя. Некаторыя куплялі даляры, некаторыя прадавалі свае. Валютчыкі вялі сябе спакойна. Яны не баяліся міліцыі. «Яны з міліцыяй павязаныя», - падумаў Рыгор і, стараючыся не паказаць свайго хвалявання, падышоў да валютчыка - маладога шыракаплечага хлопца.

- Купляеш? - пацікавіўся ў Рыгора валютчык.

- Прадаю, - паціху адказаў Рыгор.

- Колькі?

- Тысячу даляраў.

- Пакажы.

Рыгор выняў з кішэні стос стодаляравых купюр.

- Вось.

Валютчык узяў даляры, імгненна іх палічыў, памацаў і прагаварыў:

- Фальшывыя хочаш збыць? На днях адзін таксама хацеў збыць тысячу фальшывых баксаў. Нас не правядзеш.

Цяжкі, што волава, кулак апусціўся на галаву Рыгора. Зазвінела і ў галаве, і ў вушах. Ён пахіснуўся і ўпаў, страціўшы прытомнасць.

 

8

 

Скурчыўшыся, Рыгор ляжаў каля кіёска. З разбітай губы на падбародак цякла кроў. Валютчыкаў каля кіёска ўжо не было, а прахожыя моўчкі абміналі Рыгора.

 

9

 

Рыгор адчуў, як хтосьці дакрануўся да ягонага пляча.

- Бацька, уставай! Уставай, бацька!

«Хто ж мяне кліча? Няўжо Міхась?» - прабегла ў галаве ў Рыгора.

Рыгор расплюшчыў вочы. Але, Міхась схіліўся над ім.

- Бацька, уставай! Ну й размалявалі цябе, бацька!

Рыгор павярнуўся на бок. «Даляры ўкралі», - зноў прабегла ў галаве.

- Міхась, у мяне даляры ўкралі! - паскардзіўся Рыгор.

- Не, бацька. Гэтыя даляры фальшывыя. Іх валютчыкі табе ў кішэню паклалі. Хопіць ляжаць. Уставай.

Рыгор намацаў у кішэні даляры і папрасіў:

- Дапамажы мне, сынок.

Міхась абхапіў Рыгора за плечы, дапамагаючы яму ўстаць.

- Бацька, але ж ты і цяжкі! Раз'еўся ў Галі!

Рыгор устаў і прыхіліўся да кіёска.

- Сынок, ты ведаеш, што гэтыя даляры фальшывыя?

- Чаму ж не! Я іх сам табе прыслаў.

- Ты мне тысячу фальшывых даляраў прыслаў? - не паверыў Рыгор.

- Бацька, у пятніцу гэтыя даляры валютчыкам адзін хлапец хацеў прадаць. Яму пашанцавала: уцёк ён. А даляры кінуў. Ён кінуў, а я ўзяў. Разумееш?

- Н-не р-разумею.

- Узяў і табе прыслаў. Я ведаў, што ты прыйдзеш да валютчыкаў, ведаў, што яны з табою зробяць. Бацька, ты больш не прыходзь да нас. Дайшло да цябе?

- Ё-маё! - са стогнам прамовіў Рыгор.




Беларуская Палічка: http://knihi.com