epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Выпрабаванне, альбо Баба Яга на ўроку заалогіі

Аповесць-казка

Частка першая. Дзівосы, дый толькі!..
  У суботу, перад першым урокам...
  Фокус-мокус Бабы Ягі
  Яшчэ адзін фокус-мокус
  Рашаючы крок
  Свет не без добрых людзей
  Сустрэча з Цмокам - пудзілам паганым
  Як мы льва напаілі
  Музы́ка-чарадзей і яго чароўная скрыпка
  Гульня ў хованкі
  Што параіў нам Ох
Частка другая. Сябры пазнаюцца ў бядзе
  Дзіўны госць
  Складаная сітуацыя
  Нечаканая навіна
  Як мы Цмоку зуб вырывалі
  Спаборніцтва ў падхалімажы
  Каля студні
  Калі не музы́ка, не бяры скрыпкі ў рукі
  Нечаканая развязка
  У мяхах навыперадкі
  Сабака і яго сабачая грамата
  Зноў з сябрамі
Частка трэцяя. Пяць добрых спраў
  Як пачыналася завязка
  Кватарант
  Назаўтра пасля ўрокаў
  На ферме
  Здарэнне на выгане
  Канфлікт
  Што было вечарам
  Тэлеграма ў сталіцу
  Дзяніс, Ірына і... пароцікі
  Гульня ў школу
  Сустрэча з дзядзькам Тодарам


Частка першая. Дзівосы, дый толькі!..

 

У суботу, перад першым урокам...

 

І ў наш час здараюцца дзівосы. Вы, магчыма, не паверыце мне, ды набярыцеся цярпення, паслухайце, пра што раскажу.

Гэта здарылася ў пачатку восені, калі толькі-толькі пачалася першая чвэрць навучальнага года.

Першым урокам у нас, шасцікласнікаў, была заалогія. Як заўсёды, празвінеў званок. Вось-вось на калідор выйдуць настаўнікі, і біялагічка Раіса Пятроўна накіруецца ў наш клас.

Света Мялешка і Іра Кавалевіч - сяброўкі, якіх і вадой не разліць, - пільнуюць каля дзвярэй, каб крыкнуць, паведамляючы, як надзвычай важную навіну: «Ідзе!» А галасы ў Светы і Іры звонкія. Сёлета іх нават на абласны конкурс запрасілі спяваць.

Пасля гэтага магічнага «Ідзе!» усе мы дружна сядзем за парты, адкрыем падручнікі, будзем хутка-хутка глытаць літары, словы, каб хоць крыху зразумець тое, што ўчора, дома, не паспелі давучыць. А пакуль...

Пакуль, як ужо сказаў вам, Света і Іра пільнуюць каля дзвярэй Раісу Пятроўну, мой сусед па парце Андрэй Налівайка расказвае, як учора з бацькам на трактары катаўся. Любіць Андрэй тэхніку. Калі ўбачыць, што трактар ці грузавік паблізу спыніўся, стрымгалоў туды ляціць. Датуль не адыдзецца, пакуль праехаць не дадуць ці не прагоняць. Другое часцей бывае. «Міхась! - размахвае рукамі Андрэй. - Я як паехаў, а пасля як затармазіў... Тата ажно галавою ў шкло стукнуўся... Не верыш?» - «Веру», - ляніва адказваю я, пазіраючы на Дзіму Клімовіча, які помпаю надзімае футбольны мяч. Сёння пасля ўрокаў мы дамовіліся ў футбол пагуляць. Дзіма - фізорг нашага класа. Ён і мяч з дому прынёс. Мяне чамусьці вельмі цікавіла, колькі качкоў трэба зрабіць Дзіму, каб надзьмуць мяч. «Напэўна, хопіць сорак. А можа, і не хопіць», - разважаў я. Каля Дзімы прымасціўся Пеця Тарасевіч. Пра такіх, як ён, кажуць: вада на ім не ўстоіць, а яшчэ залатыя рукі. Любая работа гарыць у яго руках. Вось толькі крыху не пашанцавала яму: на дзяўчынку з твару падобны. І губы банцікам, і шчокі пульхныя, ружовыя, і валасы кучаравыя, нейкія не хлапечыя.

«Яшчэ раз качні! Яшчэ! Яшчэ!» - дапамагае Пеця Дзіму. Ажно расчырванеўся, так дапамагаючы.

А на пярэдняй парце, затуліўшы пальцамі вушы, выдатніца Аня Бялько прагна прабягае вачамі старонкі падручніка. На секунду адрываецца, штурхае локцем свайго суседа па парце Сяргея Мазаля: «Зноў мухі лічыш? Чытай». А той, шырока раскрыўшы рот, соладка-соладка пазяхае: «Паспею». Сяргею з першага класа ніякая навука ў галаву не лезе. З першага класа з тройкі на двойку перапіхаецца. Яго ўжо некалькі гадоў настаўнікі збіраюцца пакінуць на паўторны год, ды, добра папалохаўшы, пераводзяць. Шкадуюць. Сяргееў бацька, як людзі кажуць, паехаў сабакам сена касіць, а маці не дае яму рады. Сяргей неяк хваліўся нам: «Я на лес гледзячы расту». Лянівы ён стаў, гэтак жывучы - на лес гледзячы.

Вось і ўвесь наш клас. Тры дзяўчынкі і пяць хлопчыкаў. Здзівіцеся: мала. Нашу Вароніцкую васьмігадовую школу малакамплектнай называюць. У кожным класе па сем - дзесяць вучняў.

- Ідзе! - у адзін голас крыкнулі Света і Іра, кінуўшыся за парту. А потым, перавёўшы дух, усхвалявана прагаварылі: - Нейкая цётка да нас ідзе!

- Праверка. З раёна прыехала, - сказала Аня. - Вы хоць павітайцеся як вучні.

Мы, забыўшыся пра тое, што трэба сённяшні параграф давучыць, выцягнуліся каля партаў.

У клас упэўнена зайшла незнаёмая жанчына. Чамусьці адна, без Раісы Пятроўны. Жанчына спынілася каля настаўніцкага стала, усміхнулася нафарбаванымі вуснамі:

- Што, дзеткі, не пазналі мяне? Я Баба Яга.

Ад нечаканасці мы селі. Разам, быццам хтосьці за нябачную вяровачку ўсіх нас таргануў.

- Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем, восем, - стала лічыць гэтая дзіўная жанчына, тыцкаючы пальцам. Потым прамовіла: - Чатыры дзяўчынкі і чатыры хлопчыкі? Так?

- Вы Пецю Тарасевіча за дзяўчынку палічылі, - устаў з-за парты Дзіма Клімовіч. - Многія так памыляюцца. А вы, напэўна, артыстка, з тэатра прыехалі?

Жанчына села на крэсла, закінула нагу за нагу, паказала пальцам на Пецю.

- Вунь таго, кучаравенькага, як баранчыка, за дзяўчынку палічыла?

Мы так і паехалі са смеху. Вось гэта цётка, вось гэта артыстка! Умее смяшыць. Нездарма ёй грошы плацяць. Цікава: з якога горада яна да нас прыехала?

Мы смяяліся, а Пеця сядзеў, аберуч абняўшы галаву. Так хацелася яму схаваць валасы, як у баранчыка. І яшчэ Аня не смяялася. Што ж, гэтых выдатнікаў цяжка рассмяшыць. Яны толькі сур'ёзнае любяць.

Аня азірнулася, крыкнула:

- Цішэй! - Потым запыталася, звяртаючыся да вясёлай жанчыны: - Хто вы?

- Я вам казала. Баба Яга. Страшна? Аня пабялела, сяброўкі Света і Іра піснулі:

- Боязна.

- Казачкі, - азваўся з-за парты Сяргей Мазоль.

- Я і ёсць з казачкі. Ды не з адной. Мяне ў розных казках паказваюць. Вы думалі, што Баба Яга непрыгожая? Была калісьці непрыгожая: і нос кручком, і шчокі маршчыністыя, і валасы раскудлачаныя. Усе на мяне пальцам паказвалі, нават у госці не запрашалі. Надакучыла хадзіць непрыгожаю. Пайшла ў касметычны кабінет, слязу пусціла. Тры пластычныя аперацыі мне зрабілі, падфарбавалі, падмалявалі.

- У Бабы Ягі павінна быць хатка на курыных нагах, - не вытрымаў Андрэй Налівайка. - І мятла. Без мятлы і хаткі яна і кроку не ступіць.

- Зараз убачыце маю хатку.

Жанчына падышла да акна, перагнулася, пазіраючы ўлева, туды, дзе стаяла школьная сталовая. А пасля як залямантуе:

- Яны майго ката за хвост цягаюць!

І бягом з класа, ляпнуўшы дзвярамі. Аж тынкоўка са сцяны пасыпалася.

Мы, вядома, таксама хутчэй да акна. Акно невялікае, а нас усё-ткі васьмёра. Усім не хапае месца. Піхаемся, кожны наперад пнецца. Нарэшце Дзіма Клімовіч і Андрэй Налівайка здагадаліся: на падаконнік залезлі. Адразу стала вальней.

Каля школьнай сталовай, убачылі мы, стаяла сапраўдная хатка на курыных нагах. З коміна нават дымок ішоў. А на саламянай страсе, выгнуўшы спіну, стаяў чорны кот. Малыя з другога класа доўгаю жэрдкай паролі гэтага ката. «Ён уцёк ад іх, - здагадаўся я. - А цяпер дастаюць са страхі».

«Мяў-мяў», - злосна мяўкаў кот, выпускаючы кіпцюры.

Да малых падбегла гэтая дзіўная жанчына, вырвала з іхніх рук жэрдку, замахнулася:

- Вось я вас!

Малыя з віскам пабеглі ў школу.

- Вось я вас! Пачастую! - крычала жанчына.

Цяпер мы паверылі, што гэта была сапраўдная Баба Яга.

 

Фокус-мокус Бабы Ягі

 

Успацелая, расчырванелая вярнулася Баба Яга ў клас. Сядзім за партамі, як мышы, вачэй з яе не спускаем. А што, калі і на нас з жэрдкаю кінецца?

- Коціка майго пакрыўдзілі, - прагаварыла Баба Яга, сеўшы на крэсла.

- Што? - спытаўся Сяргей Мазоль. - Не чую.

«Вось напалохаўся, - думаю. - Ажно вушы заняло».

Баба Яга ўсміхнулася:

- У цябе, відаць, у адно вуха ўлятае, а ў другое вылятае.

Тут яна, як гаворыцца, у самую кропку трапіла. Сапраўды, іншы раз на ўроку настаўнікі так ужо стараюцца, так стараюцца, а Сяргей зусім не хоча іх разумець. Сядзіць і вухам не вядзе.

- Салевіч, а яна вясёлая цётка, - таўхануў мяне локцем Андрэй Налівайка. - У казках пішуць, што нядобрая, злая.

- Зашмат фантазіруюць у казках, - згадзіўся я з Андрэем.

- Падабаецеся вы мне, - нечакана прамовіла Баба Яга. - Я за вамі даўно сачу. Вашы настаўнікі на ўрок ідуць, а я ў печку на мятле спушчуся і слухаю, як чытаеце, як рашаеце. Не падабаецца вам чытаць, не падабаецца рашаць, Вы самыя гультаяватыя ў школе. Малайчынкі. Навошта тая навука патрэбна? Ад яе толькі галава баліць. Дый колькі не вучыся, усё роўна мала. Як ні старайся, а бацькам і настаўнікам не дагодзіш. Двойку на тройку выправіш - прымушаюць, каб на чацверку выцягнуў. Пачаў на чацверкі вучыцца - хочуць, каб пяцёркі прыносіў. А пабегаць калі? А пагуляць? Летам? Лета як адзін дзень прабягае. Хіба паспееш за лета нагуляцца, набегацца?

Слухалі мы Бабу Ягу і згаджаліся. Правільна яна кажа. І пра адзнакі, і пра адпачынак. Настаўнікі і бацькі хочуць, каб усе мы пяцёрачнікамі былі. І па спевах каб пяцёркі атрымлівалі, і па матэматыцы, і па фізкультуры, і па мове, і па геаграфіі, і па працы... А калі б усе, да адзінага, пяцёрачнікамі сталі, тады яны, напэўна, новыя адзнакі прыдумалі б. Шасцёркі, а можа, і сямёркі. Зусім дыхнуць не далі б. Яны такія.

Быццам зачаравала нас Баба Яга. Ні разу ніколі ніводнага з настаўнікаў мы так уважліва не слухалі. Нават Аня ажно рот разявіла. А Сяргей Мазоль ажно цвіце. Быццам не за партаю сядзіць, а за святочным сталом на свае імяніны. Задаволены, як кот, які ўволю смятаны наеўся.

- Не слухайце сваіх настаўнікаў, - працягвае Баба Яга. - І бацькоў не слухайце. З сённяшняга дня я сама стану вас вучыць. Я буду ставіць адзнакі наадварот. Хто вывучыў урок, таму двойка. А хто не вывучыў, таму пяцёрка. Згодныя?

- Гэта мне вельмі падабаецца, - падаў голас Сяргей. - Мне мама паабяцала маторны веласіпед купіць, калі дзесяць пяцёрак прынясу.

- І сто прынясеш. І дзвесце, калі спатрэбіцца, - усміхнулася Баба Яга.

- Можна зусім урокі не вучыць? - спытаўся Андрэй Налівайка.

- Можна нават кніжак не адкрываць.

- Ура! - закрычаў Андрэй. - Цяпер я цэлымі днямі буду з татам на трактары катацца.

- Ура! - падхапілі мы за ім.

Толькі Аня Бялько не крычала. Яна сядзела і моргала вачамі. Напэўна, зусім разгубілася.

- Крычы «ўра», - тузануў яе за касу Сяргей.

Мы прыціхлі, пазіраючы на Аню.

Аня ўстала і заявіла, звяртаючыся да Бабы Ягі:

- Наш дырэктар Анатоль Лукіч табе не дазволіць гэтага - адзнакі наадварот ставіць. Ён у нас сур'ёзны.

- Гэта той, у якога чорныя вусы? Дык я зачаравала яго, - сказала Баба Яга. - І настаўнікаў зачаравала, і вучняў. Некаторыя бегалі, над маім катом здзекаваліся, але нядаўна і іх зачаравала. Спяць усе. Акрамя нас.

У Ані ажно твар выцягнуўся.

- Калі так, то і я згодная, - разгублена прагаварыла яна і села за парту.

А Баба Яга, чаго мы ніяк не чакалі, прытупнула і заспявала:

 

Туфлі модныя надзела,

На сто год памаладзела.

Буду ўсіх за нос вадзіць,

Каб увесь свет перакруціць.

 

Мы сядзелі як у ваду апушчаныя. Не верылася ў тое, што яна сказала. Хіба можа быць так, каб уся школа адразу заснула?.. Чаму раптам так абрадавалася Баба Яга? Спачатку расказвала, выхоўвала, а цяпер танцуе, спявае...

- Штосьці тут нячыстае, - шапчу я Андрэю. - Чуў, як спявае? «Буду ўсіх за нос вадзіць...»

Падбегла Баба Яга да мяне. Слых у яе, відаць, як у дзікай кошкі.

- Нячыстае, хлопчык. Здагадлівы ты. Праўда, зачаравала я вучняў і настаўнікаў, ды праз гадзінку яны прачнуліся б, калі б вы не згадзіліся наадварот вучыцца. Не падзейнічалі б на іх мае чары. А цяпер настаўнікі будуць доўга-доўга спаць.

- А вучні? - не выцерпеў я. - У мяне брацік Міколка ў другім класе вучыцца.

- За Міколку не хвалюйся. Твой Міколка ўстане і пабяжыць дамоў а палове трэцяй, калі ў вашай школе ўрокі заканчваюцца. А назаўтра ён у школу не пойдзе. Навошта ісці? Спіць яго настаўніца.

Зноў устала Аня.

- Я здагадалася. Ты наш клас знарок выбрала. Ты ведала, што згодзімся ні за што пяцёркі атрымліваць. Ведала, што не захочам вучыцца.

- Ведала. Нездарма столькі ў печцы прасядзела, сажу на сабе выносіла. Вось толькі думала, што з табою прыйдзецца паняньчыцца, пакуль на свой лад перавыхаваю. Але і ты адразу згадзілася. Малайчынка. Растанцавалася я ад радасці, не вытрымала. І вы не засмучайцеся. Хіба кепска вам? Гуляйце, весяліцеся, мяне слухайцеся. А цяпер пойдзем са мною. Падзівіцеся, як настаўнікі спяць. Пабачыце мой фокус-мокус.

 

Яшчэ адзін фокус-мокус

 

І мы пасунуліся за Бабай Ягой. На калідоры было ціха-ціха. Нязвыкла ціха. Я не вытрымаў, зазірнуў у другі клас. Дзе Міколка? Ага, вунь, за партаю. Спіць, паклаўшы галаву на кулачок. І яго настаўніца Ніна Іванаўна спіць, стос сшыткаў абняўшы. Паспела ў свой клас прыйсці... Спяць, не ведаюць, што Баба Яга па школе ходзіць.

Я паціхеньку зачыніў дзверы і пабег за сябрамі. Баба Яга стаяла ў настаўніцкай і запрашала ўсіх:

- Заходзьце, заходзьце, не саромейцеся.

Сябры-аднакласнікі стоўпіліся каля парога. Я пралез наперад.

- Ой! - дзесьці ззаду войкнулі ў адзін голас Света і Іра.

Сапраўды, было ад чаго войкнуць. Нашы настаўнікі ўсе да адзінага спалі як пшаніцу прадаўшы.

Анатоль Лукіч - за дырэктарскім сталом, заціснуўшы шарыкавую ручку ў кулаку. Пэўна, нейкі загад хацеў напісаць. У куточку Раіса Пятроўна прыткнулася. Аберуч класны журнал трымае. Нават сплючы з рук не выпусціла. Адразу каля дзвярэй - два Іваны, як мы называем іх: Іван Макаравіч і Іван Фаміч. Іван Макаравіч - матэматык, а Іван Фаміч працу вядзе. Ляжаць поплеч, ні аб чым не дбаюць. А вунь Іна Аляксандраўна, настаўніца мовы і літаратуры, і Ігар Аляксеевіч, настаўнік фізкультуры. За вочы мы іх называем Ігар і Іна. А яшчэ: жаніх і нявеста. Яны самыя маладыя настаўнікі ў нашай школе, першы год, як інстытуты закончылі. Людзі ў вёсцы кажуць, што яны заяву ў сельсавет падалі, вось-вось жаніцца павінны. Паклаўшы на баян галаву, тоненька свішча ў нос настаўнік спеваў Багданчук Андрэй Сямёнавіч, ці скарочана БАС.

Мы стаялі, не варухнуўшыся. Нам здавалася, што настаўнікі прытвараюцца, што разам з гэтай дзіўнай Бабай Ягой за нос водзяць. «Зараз устануць, - думалася, - і ўся гэтая камедыя скончыцца». Баба Яга як адгадала нашы думкі.

- Не бойцеся. Яны не прачнуцца.

Каб даказаць гэта, яна ступіла крок наперад і... пацягнула Анатоля Лукіча за вус. Ён нават галавы не павярнуў.

Баба Яга засмяялася:

- Ну, хто з вас за вус яго патузае?

Чамусьці зірнула на мяне. Я апусціў вочы. Не, ніколі не падымецца мая рука. Сам не разумеў, чаму, але падобнага не мог сабе дазволіць.

- Спалохаліся? Ніхто вас не пакарае. Не бойцеся. Дырэктар, мабыць, цягаў вас за вушы? А вы яго за вус.

Наперад выступіў Сяргей Мазоль.

- Не лезь! - схапіў яго за плячо Дзіма Клімовіч.

Сяргей скрывіўся:

- Баліць. Пусці, мядзведзь.

- Адпусці, - зыркнула вачамі Баба Яга.

- Пусці, - гучна сказаў я Дзіму. - Калі што, мы пакажам яму куды Макар цяляты ганяў.

Сяргей падышоў да стала.

- Цягаў цябе дырэктар за вушы? - спыталася Баба Яга.

- Іна Аляксандраўна адзін раз пацягнула.

- Дык і ты яе пацягні. За нос, напрыклад. Адзвядзі душу.

- Ой! - войкнулі Света і Іра.

- Пацягні, пацягні, - падахвоціла Сяргея Баба Яга.

- А мне зусім не балела. У Іны Аляксандраўны пальчыкі тоненькія, далікатныя. Мне нават прыемна было. Я тады знарок пачаў дурэць. Каб яшчэ раз пацягнула.

- Малайчына, - неспадзявана пахваліла Сяргея Аня.

А Баба Яга скрывілася і носам зачмыхала.

- Як вожык, - засмяяўся Андрэй Налівайка.

- Чаго ты наперад вытыркнуўся? - яна злосна паглядзела на Сяргея.

- Я хацеў сказаць табе, што непрыгожа чужых мужчын за вусы цягаць. Ты ўсё-ткі жанчына.

- У клас, кыш у клас! - замахала рукамі Баба Яга.

Мы дружна высыпалі з настаўніцкай.

- Я ката пакармлю. Крыху пачакайце, - крыкнула наўздагон Баба Яга.

Ціха, без гоману, мы селі за парты. Неяк пагана было на душы. Здавалася б, радуйся: настаўнікі вучыць не прымушаюць, у дзённікі хутка пяцёркі пасыплюцца, дома можна гуляць, колькі захочацца, а ўсё роўна смутна на душы. Падобнага мы ніколі не адчувалі.

- Да чаго дайшлі! - першай парушыла маўчанне Аня Бялько. - З нячыстай сілай звязаліся! Я адчувала, што так выйдзе. Прывыклі бібікі біць. Бокам нам гэта вылезе.

- Сёння ў маёй бабулі дзень нараджэння, - прагаварыў Пеця Тарасевіч. - Я да ўсіх урокаў падрыхтаваўся. Хацеў яе сапраўднымі пяцёркамі парадаваць.

- І я ўсё вывучыла, - прызналася Света Мялешка. - Набралася цярпення і вывучыла.

- Пусціла нам Баба Яга туман у вочы! - усхапілася Іра Кавалевіч. - Нам са Светай на абласным конкурсе трэба выступаць. Нам трэба песню з Андрэем Сямёнавічам парэпеціраваць. Што рабіць? Засыплемся.

- Вы толькі пра сябе думаеце, - накінуўся на яе Дзіма Клімовіч. - Рэпеціраваць, рэпеціраваць... У артысткі захацелася! Не думаеце, што ў Андрэя Сямёнавіча сын у інстытуце вучыцца. Хто яму дапаможа?

- А хіба я адна вінавата, што ён заснуў? - заплакала Іра Кавалевіч.

Я сядзеў і скроб патыліцу. Нядобра выйшла. Такога і ў самым горшым фільме не прыдумаеш. І навошта мы згадзіліся адзнакі наадварот атрымліваць? Вось Іра марыць удала на конкурсе выступіць. І ў мяне ёсць мара. Я хачу стаць паэтам. Мае вершы Іна Аляксандраўна ў раённую газету насіла. Праўда, не прынялі. Сказалі, што рыфма сырая. Дык Іна Аляксандраўна паабяцала мне, што дапаможа выправіць рыфму. А цяпер?..

- Хлопчыкі! Дзяўчынкі! - усклікнула Света. - Наш Ігар і наша Іна праз тыдзень павінны ў сельсавеце распісвацца. Ігараў бацька дзядзька Аляксей усяго на вяселле панакупляў. А мой брат шаферам у іх. Што будзе! Што будзе!

Света нават рукамі ўспляснула.

- Жаніцца, жаніцца... Пляцеш глупства, - не вытрымаў Андрэй Налівайка. - А вось што з нашай школай будзе? Яе яшчэ ў мінулым годзе збіраліся закрыць, бо вучняў мала. Цяпер абавязкова закрыюць. Няма настаўнікаў. Спяць. Другіх да нас не прышлюць. Мая мама казала, што ў другі раён пераедзем, калі школу закрыюць. А я не хачу ў другі раён. Я армію адслужу і назад вярнуся. Я тут прывык жыць.

Нарэшце да мяне дайшло, чаму Баба Яга зрабіла так, каб настаўнікі паснулі. Чула яна, седзячы ў печцы, што школу збіраюцца закрыць. Вось і вырашыла падліць масла ў агонь. Тонка яна разлічыла. Мабыць, закрыюць сёлета школу. Што тады? У райцэнтр аўтобусам ездзіць? Мы, старшакласнікі, можам ездзіць, вытрымаем. А як брат Міколка? Што, калі зімою дарогу замяце? Па гурбах палезе? Дый навошта ездзіць у горад? У нас прыгажэй. І рэчка, і лес адразу за школаю. Тут, каля лесу, калгас новую вуліцу будуе. Людзі прыедуць. Зусім весела стане... А калі школу закрыюць? Ці паедуць тады? Не. Вунь і Андрэева маці збіраецца ўцякаць.

- У горад нас пашлюць вучыцца, - выказаў уголас сваю думку.

- Не хачу ў горад. Не хачу да чужых настаўнікаў, - заенчыў Сяргей Мазоль. - У горадзе я ніколі з шостага класа не вылезу. Мяне і ў армію не возьмуць. Я пасля арміі ў міліцыю пайду. Участковым у сваёй вёсцы стану.

- Возьмуць цябе ў міліцыю! - са здзекам прамовіла Аня. - Гультай. Калі двойкі выправіш?

- Возьмуць. Я яшчэ выпраўлю.

У гэты момант адчыніліся дзверы. Мы ўбачылі Бабу Ягу.

- Ой! - войкнулі Света і Іра.

- За дзвярамі стаяла. Падслухоўвала, - прамовіў Андрэй.

- Падслухоўвала. Хочаце сваім розумам жыць? Супраць мяне бунтаваць? Зараз пакажу вам яшчэ адзін фокус-мокус.

Баба Яга падскочыла да Пеці Тарасевіча і дзьмухнула на яго са ўсяе сілы:

- Фу-у-у-у...

Пецева галава кіўнулася і быццам сама сабою ўпала на парту. Мы пачулі ў цішы, як ён мерна засоп у нос.

- Спіць! - усклікнула Іра.

А Баба Яга дзьмухнула другі раз, на Свету Мялешка. І Света Мялешка нахілілася да парты і засапла ў нос.

- Хай не хваляцца, што ўсе ўрокі вывучылі, - прамовіла Баба Яга.

А потым... Потым усё адбылося імгненна. Дзіма Клімовіч падбег да класнай дошкі, схапіў мокрую анучку і з крыкам «Бі нячыстую сілу!» шпурнуў у Бабу Ягу.

- Ну, зараз... - працадзіла праз зубы Баба Яга, чамусьці нагінаючыся каля маёй парты.

Я, не доўга думаючы, рэзнуў ёй лінейкаю па ілбе. Баба Яга адскочыла, наставіла рукі, як бы рыхтуючыся кінуцца на мяне.

- Толькі падыдзі! - са страху закрычаў я.

Баба Яга ступіла крок наперад, і тут Дзіма Клімовіч, размахнуўшыся, кінуў у яе футбольным мячом. У самую галаву трапіў. Пругкі мяч адскочыў ад галавы, стукнуўся ў шыбіну. Шыбіна звонка дзынкнула і разляцелася на кавалкі.

- Без нажа зарэзалі! - галёкнула Баба Яга.

- Не давайце ёй ачухацца! Не давайце! - заверашчэў Сяргей Мазоль, кідаючыся на Бабу Ягу з цыркулем.

Баба Яга незвычайна лёгка ўскочыла на падаконнік, з падаконніка скокнула на зямлю і, як сарваўшыся з прывязі, панеслася да школьнай сталовай.

Мы кінуліся да акна і ўбачылі, як яна забегла ў хатку на курыных нагах. Праз хвіліну хатка пакульгала ў лес.

 

Рашаючы крок

 

Мы засталіся адны: ні настаўнікаў, ні Бабы Ягі. Пеця Тарасевіч і Света Мялешка соладка спяць. Добра ім, ніякіх думак у галаве. А палове трэцяй усхопяцца і дамоў. А што нам цяпер рабіць? Па пустой школе, як па спячым царстве, сноўдацца? Чамусьці не хочацца. Дамоў ісці? Дома адразу спытаюцца, чаму так ран'а вярнуліся. Давядзецца пра Бабу Ягу казаць, пра тое, што згадзіліся адзнакі наадварот атрымліваць. За гэта дома нас па галоўцы не пагладзяць. Вось як выйшла: і ў школе нам месца няма, і дома.

- Што будзем рабіць? - парушыў маўчанне Дзіма.

- Я лічу, што трэба ў раён пазваніць, - нясмела прамовіла Аня. - Паведамім, што настаўнікі заснулі.

- Не, не, не, - закрычаў Андрэй Налівайка. - Толькі пусці погаласку - з розных канцоў вучоныя з тоўстымі партфелямі панаязджаюць. Яны яшчэ ні разу не бачылі, каб настаўнікі як адзін заснулі. Гэта ж сенсацыя веку! Пабяруць настаўнікаў і павязуць з сабою. Стануць вывучаць, даследаваць. Калі нават і прачнуцца, то не хутка назад адпусцяць. Хто нас будзе вучыць? Закрыюць школу.

- У мяне знаёмы хлопец у горадзе ёсць, - прагаварыў Дзіма. - Ён каратэ займаецца. Пазваню, каб прыехаў. Ён гэтай Бабе Язе раз рукою, раз нагою, і накаўт. Прымусіць, каб настаўнікаў разбудзіла.

- Не кліч каратыста, - сказала Іра. - Баба Яга як дзьмухне, дык ён і засне. Нават нагу не паспее падняць.

- А я так думаю: хай яшчэ крыху паспяць настаўнікі, - азваўся Сяргей Мазоль. - Ім трэба адпачыць. Яны ж не жалезныя.

Вось дык сітуацыя! Куды ні кінь, усюды клін. Завязала Баба Яга вузельчык! Тоненькімі капронавымі ніткамі яго захліснула. Голымі рукамі, як гаворыцца, яго не развяжаш. Лепей дзесяць урокаў адседзець, чым такое. Не ведаю, што рабілі б, калі б не Андрэй Налівайка.

- Не вешайце носа, - гучна сказаў ён. - Трэба нам у лес ісці. Баба Яга, відаць непадалёку схавалася. Яна думае вярнуцца сюды. Усё-ткі цікавіць яе, чым гэты эксперымент закончыцца. Хоча, каб сядзелі склаўшы рукі. А мы самі ў атаку пяройдзем. Знойдзем яе хатку і ката ўкрадзем. Схаваем дзе-небудзь і з ультыматумам да яе. Так і так, нячыстая сіла, мы табе ката аддамо, а ты нашых настаўнікаў разбудзі.

- Не згодзіцца, - прамовіла Іра.

- Згодзіцца, - крыкнуў Дзіма Клімовіч. - Вунь як яна свайго ката шануе!

Дзіма моцна паціснуў Андрэю руку. І я Андрэю руку паціснуў, пахваліў:

- Такіх, як ты, трэба апельсінамі карміць. Вельмі спадабалася мне Андрэева прапанова.

Я даўно марыў у нейкае незвычайнае падарожжа адправіцца. Каб з прыгодамі, каб ажно дух займала! І вось яно, пачынаецца...

- Не пайду ў лес, - падала голас Іра.

- Не йдзі, заставайся ў класе, - кажу ёй. - Баба Яга хутка прытупае.

- Ой! - войкнула Іра. - Пайду.

- Я не пайду, - якнуў Сяргей Мазоль.

Вырашыў і Сяргея напалохаць:

- Сядзі. Баба Яга як дзьмухне, так ты разам з партай у трыдзесятым царстве апынешся.

Анічуць не спалохаўся Сяргей:

- Усё роўна не пайду. Не хочацца. Хай яшчэ крыху настаўнікі паспяць.

Мы яму і так, і гэтак, а ён на сваім стаіць.

- Не пайду. Я Бабы Ягі не баюся.

- Ты хочаш са школы ўцячы, - нарэшце здагадаўся Дзіма Клімовіч. - Я цябе наскрозь бачу. Мы за парог, а ты сабак ганяць. Не выйдзе. Я цябе рамянём да парты прывяжу.

- Няўжо прывяжаш?

- Прывяжу. Ты мяне ведаеш. Я словы на вецер не кідаю.

Уздыхнуў Сяргей:

- Было не было. Пайду...

- Партфелі возьмем, - прапанавала Аня. - Хай Баба Яга думае, што мы дамоў пабеглі, што выйшла, як яна хацела.

- Тады я і мяч вазьму, - сказаў Дзіма. - Гэтай нячыстай сіле не вер. Яшчэ прапора.

Мы ўзялі партфелі і выйшлі з класа. Я на хвілінку спыніўся, азірнуўся. Печка, класная дошка, кніжныя шафы, вазоны на шафах - усё да драбніц знаёмае, блізкае. Упершыню быццам другімі вачамі паглядзеў на ўсё гэта, і чамусьці зашчымела на душы!

Рэзка павярнуўшыся, я пабег за сябрамі. «Вось і зрабілі рашаючы крок», - падумалася.

 

Свет не без добрых людзей

 

Як ужо казаў вам, за школьнай сталовай пачынаўся лес. У гэты лес мы і пайшлі па шырокай, наезджанай калёсамі дарозе. На пяску, у каляінах, засталіся адбіткі курыных кіпцюроў - сляды, якія пакінула хатка Бабы Ягі. Мы не сумняваліся, што гэтыя сляды прывядуць нас туды, дзе схавалася Баба Яга.

Не памятаю, ці доўга так ішлі, бо тут, у лесе, мы як бы забыліся пра тое, што існуе час: секунды, хвіліны, гадзіны. Не ведаю, чаму так здарылася: ці то ад хвалявання, ці то ад жадання хутчэй знайсці Бабу Ягу, ці то яшчэ ад чаго. Час для нас як бы спыніўся.

Наезджаная дарога скончылася, пачаўся стары яловы лес. Ціха, змрочна было тут.

- Вернемся? - дрыготкім голасам прамовіла Іра Кавалевіч.

- Вернемся, - падтрымаў яе Сяргей Мазоль.

Дзіма Клімовіч патрос кулаком.

- Я табе вярнуся. Дзесьці за гэтым лесам Баба Яга. У мяне інтуіцыя.

Ён рушыў наперад. Мы пацягнуліся за ім. Патыхала сырасцю, сухое галлё трашчала пад нагамі. Страх міжвольна пракраўся ў душу.

- Сцяжынка! - крыкнуў Дзіма.

Сапраўды, мы заўважылі вузенькую сцяжынку.

- Пойдзем па гэтай сцежцы, - прапанаваў Андрэй Налівайка. - Яе, відаць, Баба Яга пратаптала. Каму яшчэ тут хадзіць?

- Пратаптала, - незадаволена буркнуў Сяргей. - Ходзім, як сляпыя кацяняты. Так і да канца навучальнага года не знойдзем Бабу Ягу.

Мы збочылі на сцяжынку, шпарка пакрочылі наперад. Сцяжынка вяла кудысьці ўгору.

- Палянка! - гукнуў Дзіма.

І праўда, мы выйшлі на невялікую палянку, залітую сонцам. Тры дарожкі цягнуліся ад гэтай палянкі. Адна вяла прама, другая - налева, трэцяя - направа...

Мы разгубіліся. Па якой дарожцы ісці цяпер? У якім баку Баба Яга жыве?

Невядома, колькі так стаялі б, тапталіся б, калі б... Ды не буду забягаць наперад, раскажу пра ўсё па парадку.

Па дарожцы, якая вяла прама, насустрач нам ішлі мужчыны, барадатыя, светлавалосыя, шырокія ў плячах, у круглых капелюшах з шырокімі брылямі, у доўгіх каптанах, падперазаных вытканымі паясамі, у лапцях. Двое, якія ішлі ўперадзе, на сукаватых кіёчках неслі зрэбныя торбачкі. А трэці - ён паволі клыпаў ззаду - трымаў у руках берасцяную дудку.

- Адкуль яны? Няўжо са старажытнасці? - здзіўлена прамовіла Аня.

- Мы не спім? - ушчыкнуў сябе за шчаку Андрэй Налівайка.

- Яны, відаць, у музей залезлі, адзенне пакралі і так апрануліся. Баюся, - прашаптала Іра.

- Не бойцеся. Гэта тры браты з казкі «Бацькаў дар», - здагадаўся я. - Там вось як пра іх напісана: «Жыў на свеце адзін добры чалавек. Было ў яго тры сыны - два разумныя, а трэці Іван-прасцяк. Разумныя пажаніліся, сем'і завялі, а Іван усё на печы ляжыць, на жалейцы іграе».

- Міхась, - тарганула мяне за рукаў Аня, - ты думаеш, што гэта казачныя героі?

- А хто ж яшчэ?

- Выходзіць, што мы ў казачны лес трапілі?

Я не паспеў адказаць, бо мяне апярэдзіў Андрэй:

- Мы зараз у іх пра ўсё даведаемся.

Мужчыны падышлі бліжэй, павіталіся:

- Дзень добры.

- Добры дзень, - дружна адказалі мы.

- Вы з казкі «Бацькаў дар»? - спытаўся Андрэй.

- Але, адтуль, - паважна адказаў мужчына, у якога была самая доўгая барада. - Я старэйшы брат. Побач са мною - сярэдні брат, а ззаду - Іван-прасцяк. Ён у нас з маленства на дудцы іграе. Прычапіўся, як бярозавы ліст, і ходзіць за намі. Ужо і праганяць яго надакучыла.

Іван хітра падміргнуў нам: маўляў, разумнымі сябе лічаць, а без мяне не абыдуцца.

- Дык мы ў казачным лесе цяпер? - смела, як у добрых знаёмых, пытаўся Андрэй.

- Угу, - паварушыў вусамі старэйшы брат.

- Баба Яга тут жыве?

- А як жа. Тут яшчэ і Цмок жыве, лясны цар. Ён Бабе Язе дваюрадным дзядзькам прыходзіцца. Магу дарогу да яго паказаць.

- Нам да Бабы Ягі трэба трапіць. Па якой сцежцы да яе ісці?

- Патрэба ёсць?

- Ёсць. Хочам ад знаёмага вестачку перадаць, - схлусіў Андрэй.

- За патрэбу плацяць.

Старэйшы брат зняў з кія торбачку, дастаў хлеб, сала, сеў на траву. Малодшыя браты селі побач, узялі па скварцы, пачалі няспешна есці.

- Дык па якой сцежцы ісці? - не выцерпеў Андрэй.

Старэйшы брат з'еў скварку, сабраў у жменю крошкі хлеба, кінуў у рот.

- А пайдзіце за цёмны лес, у зялёныя лугі. На шаўковых мурагах пасецца конь буланай масці. Прывядзіце яго мне. Тады пакажу, якая сцежка да Бабы Ягі вядзе.

«Прывык чужымі рукамі жар заграбаць, - падумаў я. - Каня буланай масці, які на шаўковых лугах пасецца, яму захацелася! Зараз скажа, каб залатую рыбку злавілі, каб на пасылках яна яму служыла. Ёсць жа такія на свеце!»

- Навошта табе буланы конь? Поле араць? - пацікавілася Аня.

Старэйшы брат усміхнуўся:

- Адвык я поле араць. Хай другія аруць. У заморскім царстве малодшая царская дачка залезла на пяты ярус у цераме, села на акенца і абвясціла, што той, хто да яе на кані даскочыць, за таго яна замуж пойдзе.

Тут і я не вытрымаў:

- Да царскай дачкі хочаш даскочыць? У цябе сям'я ёсць. Я гэта добра ведаю. Я ўчора казку чытаў.

- Пакінулі яны свае сем'і, - сказаў Іван-прасцяк.

- А ты маўчы! Табе слова не давалі.

Старэйшы брат парнуў Івана кіем у бок.

- Можа, ты скажаш, па якой сцяжынцы ісці? - спытаўся Андрэй у сярэдняга брата.

Той насунуў капялюш на вочы і прагаварыў, не гледзячы на нас:

- На адным хутары жыве дзед. Схадзіце да яго і вазьміце зрэбную торбачку. Гэтая торбачка чароўная. Як пакладзеш перад сабою і скажаш: «Торбачка, раскаціся, раскруціся, дай піцення, дай ядзення», - дык адразу ўсё будзе. А як наясіся і скажаш: «Торбачка, скаціся, скруціся, піценне, ядзенне, згарніся», - і торбачка зноў стане такой, як была.

Вось гэта дык браты! Адзін за другога разумнейшы! Гульма гуляюць, лёгкага хлеба шукаюць. Іх каб да нас, у вёску. Там навучылі б, як працаваць.

- Пасылаеш, каб ад дзеда торбачку адабралі? - усклікнуў Дзіма Клімовіч. - Той дзед усё жыццё працаваў, поле араў. Ён заслужыў торбачку, ён цяпер на пенсіі. І вы папрацуйце. Будзе ў вас свая торбачка. І напоіць яна вас, і накорміць.

- Што з імі размаўляць, - кажу. - Такія зімою лёду пашкадуюць. Пайшлі куды-небудзь.

- Не куды-небудзь, а прама ідзіце, - азваўся Іван-прасцяк. - Там Баба Яга жыве.

- Дзякую, - сказаў я. - Свет не без добрых людзей.

А старэйшы брат зноў кіем Івана ў бок.

- Прасцяк і ёсць прасцяк. Хто цябе за язык цягнуў?

Іван адышоўся ўбок і заіграў на дудцы.

- Ты ім не вер, - сказаў Івану Андрэй. - Яны цябе прададуць і грошы палічаць.

- Ідзіце, пакуль не паказаў дзе ракі зімуюць, - агрызнуўся старэйшы брат.

- Каб вас Баба Яга ўсіх у печ пасаджала! - пажадаў на развітанне сярэдні брат.

 

Сустрэча з Цмокам - пудзілам паганым

 

Ідзем па сцежцы, смяемся, жартуем. Вельмі здзівілі нас два браты: старэйшы і сярэдні. Такіх тыпаў яшчэ ніколі не страчалі. Як у нас у вёсцы заведзена? Сусед суседу дапаможа і сена прывезці, і агарод узараць. А дарогу паказаць? Любы пакажа, толькі спытайся. Нездарма прыказку прыдумалі: язык і да Кіева давядзе.

Насмяшылі яны нас. Нават Іра і тая павесялела.

- Гэтых братоў-лайдакоў каб у музей паставіць, - сказала яна. - Каб прыходзілі людзі і дзівіліся.

- Такія без карысці і палец у ваду не абмочаць, - дадаў Дзіма.

- Бародамі па самыя вушы зараслі, а царэўну шукаюць, - засмяяўся Андрэй. - Зусім здзяцінелі.

- Невядома, з кім яшчэ сустрэнемся, - азваўся Сяргей. - Каб хоць з чалавекам. А то вылезе якое страшыдла лупатае. У гэтых казках усякая ўсячына ёсць.

Толькі прамовіў ён так, чуем: крычыць хтосьці ззаду:

- Стойце! Стойце!

Азірнуліся. Сапраўды, страшыдла лупатае ляціць, даганяе нас. Валасы ў яго, як кудзеля нячэсаная, вусы рэдкія, як у ката, тырчаць.

- Баюся, - заплакала Іра.

Хоць і ў самога як іголкамі ў пяты кальнула, але вырашыў супакоіць яе:

- Не бойся. Гэта Цмок з казкі «Пакацігарошак». У яго жалезны язык.

Лепей не ўспамінаў бы пра жалезны язык. Яшчэ мацней заплакала Іра.

- Баюся. Ён паб'е нас жалезным языком.

- Не плач, - кажу. - Гэты Цмок хоць і дужы, але розуму мае на адну столку. Ён ніколі ў школе не вучыўся. Мы яго вакол пальца абвядзём.

- Ён, відаць, прымусіць нас жалезны боб есці, - прагаварыў Андрэй Налівайка. - У каго ёсць цукеркі?

- У мяне, - выцерла слёзы Іра. - У партфелі ляжаць. Мятныя. Нават кавалачак цукру ўзяла. Ты хочаш Цмока пачаставаць? Каб не чапаў нас?

- Хай пакуль паляжаць. Цмоку і жалезнага бобу хопіць.

Мы здагадаліся, што Андрэй нешта такое прыдумаў, каб Цмока - пудзіла паганае - перахітрыць. Ды пытацца пра гэта не было калі. Цмок падляцеў да нас і радасна закрычаў:

- Я чалавечы дух за сто вёрст чую. Хадзем да мяне.

- Пусціце нас, дзядуля, - звярнулася да Цмока Аня. - Мы спяшаемся.

«І ў Ані душа ў пятках сядзіць, - падумаў я. - Цмока - пудзіла паганае - дзядулем называе. Вось да чаго дайшло!»

- Хадзем, - лыпнуў вачамі Цмок. - Я блізка жыву. Я вас доўга не пратрымаю. Магчыма, сто гадоў. Магчыма, крыху болей.

На сто гадоў да сябе запрашае... Лічыць, што нядоўга гэта. Жартаўнік...

Цмок збочыў з дарожкі, і мы пасунуліся за ім. А што было рабіць? Не згаджацца? У паганага Цмока сіла нечалавечая. Памятаеце, як з Пакацігарошкам дужаўся? «Дзьмухнуў ён - стаў медны ток». Калі б не згадзіліся, то ён нас адным пальцам за вуха ды на сонейка. З нячыстай сілай жарты кепскія.

Мы думалі, што Цмок прывядзе нас да дзівоснага палаца, у якім казачныя багацці ўбачым. Але ж не. Ні палаца, ні казачных багаццяў, як пазней даведаліся, у Цмока не было.

На лясной паляне сіратліва стаяў будан, зроблены з жэрдак, лісця, травы. Непадалёку гарэла цяпельца. У закопчаным чыгунку, які стаяў проста на вуголлях, булькатала вада.

- Вось тут я жыву, - паказаў Цмок рукою на будан.

- Ды ў нас куратнікі лепшыя робяць, - не вытрымаў Сяргей Мазоль.

- Быў у мяне калісьці палац. З чалавечых касцей збудаваны, чалавечымі касцямі пакрыты... Пакацігарошак яго разбурыў.

Цмок скрывіўся, як з'еўшы чагосьці горкага-горкага.

- Дом сабе пабудаваў бы, - кажу. - З бярвення. У лесе жывеш.

- Вы мне пабудуеце.

«Яшчэ адзін прывык на дарэмшчыну жыць», - думаю.

- Не ўмеем мы палацаў будаваць.

- Нічога. За сто гадоў чаму-небудзь навучыцеся.

- Пан Цмок, - прагаварыў Андрэй, - чаму нас жалезным бобам не частуеш? Мы з дарогі, прагаладаліся.

Я няласкава зірнуў на Андрэя. Бач, жалезнага бобу яму захацелася. Цікава: як ён есці той боб будзе? Грызці ці цалкам глытаць?

З-пад ядлоўцавага куста Цмок выцягнуў драўляную міску з жалезным бобам, жменяю зачарпнуў і ў рот насыпаў.

«Хрумсь, хрумсь» - затрашчаў жалезны боб.

Цмок скрывіўся:

- Зуб баліць. Болей не хачу. Частуйцеся.

- А ў нас свой боб ёсць, - сказаў Андрэй. - Яшчэ цвярдзейшы.

Ён расшпіліў Ірын партфель, дастаў адтуль драбок цукру, цукеркі, высыпаў сабе ў кішэню, а потым пачаў вымаць па адной і есці. Мятныя цукеркі хрумсцелі на зубах у Андрэя, як жалезны боб.

У Цмока вочы на лоб палезлі.

- І зубы табе не баляць?

- Не-а. Я такога бобу магу цэлую скрынку з'есці.

Цмок раптам усхапіўся і палез у будан. Глядзім - цягне перад сабою драўляную скрынку. А ў той скрынцы розныя гайкі ляжаць.

- Во, - пахваліўся. - Знайшоў на дарозе.

Я ажно здрыгануўся. Няўжо прымусіць нас гайкі есці?

Таго б сюды, хто гэту скрынку згубіў. Хай хрумстаў бы па адной.

- Я іх на запас трымаю, буду есці, калі зуб перастане, - сказаў Цмок. - Бобу зусім мала засталося.

Мы з палёгкаю ўздыхнулі. «Еш на здароўе, - думаю. - Можа, трактарам станеш».

А Цмок, паставіўшы скрынку, зноў палез у будан. На гэты раз вялізную сукаватую калоду выкаціў.

- Калі хто-небудзь з вас без сякеры яе пасячэ, без агню спаліць, тады ўсіх дамоў адпушчу, - заяўляе.

- А ты пасячэш без сякеры, без агню спаліш? - смела спытаўся Андрэй.

- Я цар лясны. Я толькі мезеным пальцам да яе дакрануся, дык яна рассыплецца на дробныя трэскі. А як дзьмухну, дык ад трэсак і пылу не астанецца.

- Гэта яшчэ віламі па вадзе пісана, - сказаў Андрэй. - А вось мне дык і дзьмухаць не трэба. Глядзі, што з тваёй калодай магу зрабіць.

Андрэй дастаў з кішэні драбок цукру, зняў з цяпельца гаршчок, крыху пачакаў і кінуў цукар у гарачую ваду.

Цмок нахіліўся над чыгунком.

- Знікае! - крыкнуў. - Знікае!

Мы здагадаліся, што цукар растае ў гарачай вадзе. Гэткага цуда Цмок яшчэ ніколі не бачыў.

- Няхай ведае нашых! - усміхнуўся Андрэй.

Нарэшце Цмок адышоўся ад гаршчка і прапанаваў:

- Давайце падужаемся.

Андрэй пачасаў галаву. Пэўна, не чакаў гэткага.

- Хлопцы, што рабіць? - прашаптаў. - Ён нас у парашок сатрэ і па ветры развее.

- Кінемся знянацку, за ногі ўчэпімся і пакоцім, - кажу паціхеньку.

А Цмок закасаў рукавы, дужацца сабраўся.

- Пан Цмок, ты спачатку з нашым малодшым братам падужайся, - нечакана прапанаваў Дзіма, паказваючы на футбольны мяч. - Толькі не рукамі з ім дужайся, а нагамі.

Дзіма падкінуў мяч угору і стаў падбіваць яго нагамі, не даючы апусціцца на зямлю.

- Бачыш, як паслухмяна брат у мяне скача? - Паспрабуй і ты так.

Дзіма моцна стукнуў па мячы, і мяч высока-высока паляцеў угору. Цмок падняў нагу, чакаючы, калі мяч апусціцца. І, калі мяч падаў на зямлю, са ўсяе сілы махнуў нагою. Нага прасвістала каля мяча, і Цмок грукнуўся на спіну.

- Ой-ё-ёй! - заенчыў. - Баліць!

- Так можна і нагу адарваць, - пырснула са смеху Аня.

«Падпілавалі рогі, - думаю. - Болей не захоча дужацца».

Напэўна, так і было б, калі б Сяргей Мазоль Цмока не падцкаваў:

- Цар лясны, наш малодшы брат цябе пакрыўдзіў. Трэсні яму па ілбе. Другою нагою.

Твар у Цмока наліўся чырванню.

- І трэсну! Я яму зараз так трэсну, што на кавалкі разваліцца!

Ён устаў, крыху пакульгаў па паляне, а пасля, як вецер, панёсся на мяч.

- Што будзе! Што будзе! - закрыла твар рукамі Іра.

- Галаву ён сабе скруціць, - прамовіў Сяргей.

Сяргей як у ваду глядзеў. Цмок з разгону наступіў нагою на мяч і, нязграбна выгнуўшыся ў паветры, бразнуўся вобзем. Ажно лісце з дрэў пасыпалася.

- Костачкі! Бедныя мае костачкі! - застагнаў.

малюнак

- А ты з намі хацеў дужацца, - з пагардаю прамовіла Аня. - Малодшага брата не адолееш.

- Хто вы?

- Мы дзеці Пакацігарошка, - кажу. - Таго самага, які цябе па самыя вушы ў медны ток увагнаў.

- Я тады в-вылез з м-меднага току. Не бу-бу-бу...

- Чаго разбубукаўся? - сказаў Дзіма. - Хопіць табе добрых людзей на дарозе запыняць.

- Не бу-бу-бу... Не буду. Я ў самы г-гушчар уцяку.

Падхапіўшыся, Цмок панёсся ў лес. Толькі пяткі заблішчалі.

- А я думала, што ён нас у рабства забярэ, - прызналася Іра.

Дзіма ўзяў у рукі мяч, пагладзіў яго, як жывога:

- Малайчына браток. Выратаваў нас.

 

Як мы льва напаілі

 

Вярнуліся мы на сцяжынку, хацелі далей ісці, ды Сяргей Мазоль заўпарціўся:

- Надакучыла па лесе бадзяцца. Казачныя героі ні стуль ні ссюль вылазяць. Не падабаюцца яны мне. Усё. Не пайду далей.

Сеў на пяньчук і пазяхае.

- А ты хіба лепшы за гэтых казачных герояў? - накінулася на яго Аня. - Аброс двойкамі, як дзед барадою.

- Калісьці выпраўлю, - круціць носам Сяргей. - А цяпер пасяджу. Штосьці на сон морыць. Думаю, што і мяне Баба Яга зачаравала.

- Баязлівец ты, - не вытрымала Іра. - Цябе Цмок так напалохаў, што, мабыць, ажно лыткі трасуцца.

«Ажно лыткі трасуцца...» Гэткага мы яшчэ не чулі. Малайчына Іра. Так яму і трэба.

- Я баязлівец? - засоп у нос Сяргей. - Ты сама баязліўка! Хто ўсю дарогу стогне ды вохкае? - І Сяргей, перакрыўляючы Іру, тоненька запішчаў: - Ой, баюся! Ой, страшна!

Мы думалі, што Іра, як звычайна, пакрыўдзіцца, заплача. Відаць, хацела заплакаць, ужо і ніжняя губа задрыжала, ды стрымалася.

- Я баялася. Раней баялася. Вечарам адна заставацца ў хаце баялася, мышэй баялася. А цяпер я амаль не баюся. І хутка зусім не буду баяцца. Я хачу, каб нашы настаўнікі прачнуліся, каб школу не закрывалі. А ты...

- Ну, хопіць, - не даў ёй дакончыць Сяргей. - Рассакаталася, як сарока на гняздзе.

І першым пакрочыў па сцяжынцы. Мы пайшлі за ім. Спрэчка закончылася нечакана, як і пачалася. А магло б быць горай.

Сцяжынка вяла праз маладзенькі сасоннік. Свяціла сонца, на душы было лёгка і радасна. І ісці было лёгка. Сцяжынка спускалася з узгорка - толькі ногі перастаўляй.

Нечакана яна павярнула налева, і мы ўбачылі такое, што міжволі прымусіла нас спыніцца.

Пры студні, прыкуты заіржавелымі ланцугамі, сядзеў вялізны калматы леў. А яму з ручая, які цёк непадалёку, людзі насілі вёдрамі ваду. Адзін нясе ваду, а астатнія адпачываюць, на сонейка пазіраюць. Пасля той, хто прынёс, другому вядро аддае, садзіцца, на сонейка пазірае. А леў ажно на заднія лапы становіцца, людзей падганяе:

- Піць хачу. Хутчэй. Піць...

- З якой яны казкі? - спытаўся Дзіма Клімовіч.

- Ды з той самай, адкуль і тры браты, - кажу. - З казкі «Бацькаў дар». Там так пра гэта гаворыцца: «Ёсць у адным царстве, у адной краіне, за сінімі марамі, за высокімі гарамі леў. Сядзіць ён пры студні, дванаццаццю ланцугамі прыкуты. А яму, як дзень, так ноч дванаццаць работнікаў ваду са студні цягаюць, леў усю яе выпівае і ўсе хваробы і з народу, і са скаціны ў сябе ўбірае».

- А чаму яго пояць дзевяць работнікаў, а не дванаццаць? - спыталася Аня.

Прыгледзеўся я. І праўда: не дванаццаць, а дзевяць. Дый ваду чамусьці не са студні цягаюць, а з ручая. Штосьці тут не так.

- Трох работнікаў леў з'еў, - сказала Іра. - Самых лянівых. Ён хутка і астатніх з'есць. Вунь як павольна соваюцца. Працуюць як мокрае гарыць.

- Зараз даведаемся, што ў іх здарылася, - кажу. Мы спусціліся ўніз і падышлі да работнікаў.

- Добры дзень, - павіталіся.

- Дзень добры, - пачулі ў адказ.

- А чаму ўдзевяцёх працуеце? - пытаюся.

- Тры браты з намі ваду насілі, - сказаў работнік, да самых вачэй зарослы чорнаю барадою. - Папрасіліся, каб па арэхі пусцілі. Мы, вядома, пусцілі, думалі, што і нам прынясуць. А яны як пайшлі зранку, дык як у балота праваліліся. Не ведаем, ці дачакаемся.

«Цяпер іх сюды і бізунамі не загоніш», - падумаў я. Ды не сказаў пра гэта работнікам. Навошта людзям душу расцвельваць? Яны і так як сонныя поўзаюць.

- Са студні ваду бралі б, - кажу. - Са студні бліжэй.

- Пустая. Няма вады ў студні. Усю леў выпіў. Там цяпер толькі жабы крумкаюць.

- Дзядзька, - падышоў бліжэй Андрэй, - адвязалі б вы гэтага льва. Чаго ён сядзіць, як сабака на прывязі? Няхай сам ваду піў бы.

- Трэба, каб мы насілі. Леў ваду з ручая выпівае і ўсе хваробы і з народу, і са скаціны ў сябе ўбірае. Сама Баба Яга нам так сказала.

Баба Яга сказала... Вось паскудніца. І сюды дапяла. І гэтых цёмных людзей узбаламуціла. Ад сям'і адарвала, ад зямлі. Хоча, каб усё наадварот рабілася. Нездарма спявала, што ўвесь свет перакруціць.

- Дзядзька, дзе Баба Яга жыве? - пытаюся.

- Усё ходзяць, усё пытаюцца, - няласкава прамовіў барадаты работнік. - А нам рабі. Тысячу гадоў ільва поім, ніяк не напоім.

- Зараз мы напоім, - сказаў Дзіма. - Вы адпачніце.

Барадаты работнік усміхнуўся:

- За гэта вялікае дзякуй скажам.

Не спадабалася мне, што Дзіма згадзіўся ваду насіць.

«Выскачыў як Піліп з канапель, - думаю. - Так мы і да ночы Бабу Ягу не знойдзем».

Пакуль я гэтак разважаў, Дзіма скамандаваў:

- Ланцужком станавіцеся. У шапку не спаць. Каб без затрымкі ваду адзін аднаму перадавалі.

Дзіма стаў каля ручая, за ім - Іра, потым - Андрэй, далей - Сяргей і нарэшце я. Мне выпала каля самага льва стаяць.

- Калі ўволю вады не дасі, то я цябе за нагу ўкушу, - сказаў чалавечым голасам леў.

У мяне пот на ілбе выступіў. Што ж рабіць? Укусіць, гэтая звяруга ўкусіць. Адным вядром яго не напоіш.

- Пачынаем, - крыкнуў Дзіма.

- Пачакай! - галёкнуў я. - Аднаго вядра мала. Трэба яшчэ два. Хутчэй будзе.

- Можна і тры, - азваўся барадаты работнік. - У нас вёдзер хапае.

Ён выцягнуў з куста тры вядры і аддаў Дзіму. Дзіма зачэрпнуў ваду і перадаў Іры, Іра - Андрэю, Андрэй - Ані, Аня - Сяргею і Сяргей - мне.

- Пі, - паставіў я вядро.

Леў пацягнуў ротам і адразу выжлукціў паўвядра, другі раз пацягнуў - да кропелькі асушыў. Скасавурыў вочы:

- Мала.

- Бяры, - падаў Сяргей другое вядро.

- Пустое забяры, - напомніў я.

Леў зноў два разы пацягнуў ротам, забарабаніў хвастом па студні:

- Мала.

Добра, што трэцяе вядро Сяргей падаў. Інакш укусіў бы мяне леў за нагу.

- Пі, халера на цябе.

- А ты не лайся, - сказаў леў і імгненна выжлукціў ваду.

У мяне рукі анямелі гэтыя вёдры без перадыху падаваць, а леў п'е і з мяне вачэй не зводзіць.

- Вось гэта прорва, - выцер пот з ілба Сяргей. - Лье, як у бочку.

- Як у цыстэрну, - паправіў я Сяргея.

Цяжка сказаць, колькі вёдзер вады ён выпіў. Я спачатку лічыў. Да двухсот далічыў, а потым заблытаўся. Дый не дзіва. У мяне кругі перад вачамі пайшлі. Але і леў, заўважыў, стаў памалей піць. Абрадаваўся я, гукаю:

- Хутчэй, хутчэй! Ён здаецца.

Добра, што закрычаў. У маіх сяброў адразу сілы прыбавілася. Ажно замільгалі вёдры ў руках. А леў паціхеньку мне:

- Дай адпачыць. Будзь чалавекам. Я табе падару што-небудзь.

- Не падлізвайся, - кажу. - Мы не збіраемся тут тысячу гадоў сядзець.

- Мы цябе так напоім, што лопнеш, - буркнуў Сяргей.

Упаў леў на бок, хвост адкінуў:

- Усё. Болей не хачу.

Работнікі да нас падбеглі, акружылі, рукі паціскаюць, віншуюць. Быццам на свята якое.

- Далі вы яму жару!

- Вунь які жывот пругкі! Ледзьве дыхае.

- Мы тысячу гадоў поім, ніяк не напоім.

- Працуй дружна - не будзе грузна, - кажу работнікам.

А Дзіма:

- Тысячу гадоў лапцем ваду ад берага адганялі. Думаеце, што людзям дапамагалі? Абманула вас Баба Яга. Цяпер хваробы дактары лечаць. Лепей зямлю аралі б, хлеб сеялі б.

- Няўжо абманула? - не паверыў барадаты работнік.

- Яна не толькі вас, але і нас абманула, - сказала Аня. - Шукаем яе, каб правучыць.

- Мы і самі думалі, што пустое робім, - прагаварыў барадаты работнік. - Абрыдла нам гэтая работа. Ну проста самі рукі апускаліся. Але сумленне не дазваляла пакідаць. Абнасіліся, на вераб'іных харчах сядзім. І дома хлеб з мякінаю ядуць. Дамоў пойдзем. Поле ўзаром, збажыну пасеем, пірагоў напячэм, вас у госці запросім.

- А я куды? - зароў леў.

- У лес ідзі, - параіла Іра.

- Дванаццаццю ланцугамі я прыкуты. Не бачыце? Цар лясны - Цмок мяне прыкаваў.

Да студні падышоў Дзіма, пакратаў ланцугі.

- Э-э-э-э, ды яны даўно паржавелі. Гнілыя. Зараз мы цябе раскуём. Молат у вас ёсць? - спытаўся ён у работнікаў.

Барадаты работнік пайшоў у кусты, прынёс вялізны молат.

- Мне яго, напэўна, не падняць, - вінавата ўсміхнуўся Дзіма.

- А я сам раскую, - сказаў барадаты работнік. - Я калісьці ў кузні для асілкаў паліцы каваў. На дванаццаць пудоў і болей.

Барадаты работнік размахнуўся з-за пляча і гахнуў раз, другі. Леў са страху ажно на зямлю прысеў. Але і гнілыя ланцугі на кавалкі рассыпаліся.

- Вось і ўсё, - прамовіў барадаты работнік. - Бяжы ў лес, цар звяроў.

Пачасаў леў лапаю за вухам:

- Не хачу ў лес. Не прывык я ў лесе жыць. Загіну там. Я прывык, каб мяне паілі, каб кармілі.

- Вось да чаго цябе Баба Яга давяла! - паспачувала Іра.

- Што мне цяпер рабіць? Лепей я на ланцугах сядзеў бы.

Бываюць жа такія дзівакі на свеце. Яго з путаў вызвалілі, а ён зноў у путы просіцца.

- Ды не скуголь ты! - з пагардаю прамовіў Дзіма. - Табе трэба было катом нарадзіцца.

Шкада мне стала гэтага няшчаснага льва. Я вырашыў дапамагчы яму.

- Ты куляцца ўмееш? - пытаюся. Леў махнуў галавою:

- Умею.

- І танцаваць умееш?

- Умею. Навучылі работнікі.

- А пераскочыць праз вогнішча зможаш?

- Змагу.

- А дзецям лапу будзеш падаваць?

- Буду.

- Тады ў цырк ідзі. У цырку з такімі задаткамі цябе з рукамі... Не, з нагамі адарвуць, - паправіўся я.

- І накормяць мяне, і напояць?

Я ўсміхнуўся:

- І накормяць, і напояць. Вядома, поседам сядзець, як тут, не будзеш. Давядзецца на арэне выступаць. Ідзі ўверх па гэтай сцяжынцы. Як выйдзеш з лесу, табе кожны хлопчык і кожная дзяўчынка скажа, дзе цырк знаходзіцца. Зразумеў?

- Усё зразумеў, - адказаў леў.

Мы развіталіся з ім, потым паціснулі ўсім работнікам рукі і разышліся. Леў паклыпаў па сцяжынцы ўверх, мы пайшлі налева, а работнікі падаліся дамоў: поле араць.

 

Музы́ка-чарадзей і яго чароўная скрыпка

 

Ідзем няспешна і бачым: сядзіць каля сцежкі хлопец і на скрыпцы іграе. Сам прыгожы: ружовашчокі, светлавалосы. На вышыванай сарочцы васількі цвітуць. А скрыпка, быццам жывая, гаворыць. Дрэвы і кусты замерлі - лістком не варухнуць, хмаркі на небе прыпыніліся - слухаюць, зайка каля елачкі прысеў, вушы натапырыў.

- Дзівосы, дый толькі, - прагаварыў Андрэй Налівайка. - Дзе ён так іграць навучыўся?

- У музычнай школе, - сказаў Сяргей Мазоль. - Уцёк адтуль, бо надакучыла. Цяпер па лесе ходзіць, іграе.

- Вярзеш абы-што, - з папрокам прамовіла Іра. - Гэта ж музыка-чарадзей.

Так, цяпер і мы здагадаліся, што гэты незвычайны хлопец - казачны музыка-чарадзей, які па свеце ходзіць, добрых людзей весяліць, а ліхім панам без нажа сэрца рэжа.

Заўважыў нас музыка-чарадзей, устаў, павітаўся:

- Дзень добры. Хто вы і адкуль, дазвольце пацікавіцца?

- Ідзем мы з-за зялёных лясоў, - неяк па-казачнаму пачала Аня. - Бабу Ягу шукаем. Хочам правучыць яе, каб зла добрым людзям не рабіла.

- Тваімі вуснамі толькі мёд піць, - сказаў музыка-чарадзей.

Як зарагоча Сяргей Мазоль:

- Ха-ха-ха... Мёд піць... Ха-ха-ха... Яе вуснамі мёд піць...

Дзіма Клімовіч Сяргею кулаком у бок:

- Сціхні. А Сяргей:

- Ха-ха-ха... Дзіўна ён гаворыць... Ха-ха-ха...

- Перакладчык табе патрэбен? - прашаптаў са злосцю Андрэй Налівайка. - Спадабалася яму, што мы Бабу Ягу шукаем. Вось і гаворыць.

- Спадабалася, што Бабу Ягу шукаем... Ха-ха-ха...

Яшчэ болей рассмяшыў Сяргея. Ажно прысеў ён, рагочучы.

- Сціхні. Каму кажу? Вось як дам нагою, дык на хвойку заскочыш, - прагаварыў Дзіма.

Нарэшце дайшло да Сяргея. Адразу перастаў смяяцца. Як вады ў рот набраў.

Падышоў да яго музыка-чарадзей, пацікавіўся:

- Чаму ты так звонка смяяўся?

- Ён радаваўся, што цябе, музыку-чарадзея, сустрэў, - апярэдзіў Сяргея Андрэй Налівайка.

- У небяспечную дарогу вы выправіліся, - прагаварыў музыка-чарадзей. - Трэба і мне з вамі пайсці. Магчыма, мая дапамога спатрэбіцца.

А Сяргея як хто за язык пацягнуў:

- Што ты са сваёю скрыпкаю зробіш?

- Паказаць? - пытаецца музыка-чарадзей.

- Пакажы.

Узняў музыка-чарадзей скрыпку і рэзнуў полечку. Я адчуў, што мае ногі быццам самі сабою заскакалі. Схапіўся за калені, каб стрымаць, а яны ўсё роўна скачуць. «Дзе маё ні прападала», - думаю. І давай нагамі перабіраць. А затым і спяваць пачаў:

 

Танцуй, Мацей,

Не шкадуй лапцей.

 

Думаеце, што так толькі са мною сталася? Я хоць адзін танцаваў. А вось Сяргей дык Іру падхапіў і давай каленцы выкідваць. Дый частушку завёў, нават цікавейшую, чым я:

 

Патанцуем, паспяваем,

Бабу Ягу адшукаем.

Дзверы ў хатцы падапрэм,

А ката дык забярэм.

 

А побач Андрэй Аню круціць, спявае:

 

Эх, Баба Яга,

Касцяная нага,

У чужое проса

Не сунь свайго носа.

 

Дзіму, як і мне, не дасталася пары. Дык ён адзін упрысядкі пусціўся.

Іграе музыка-чарадзей, а мы танцуем, як ашалелыя. Каб хто гэта на відэамагнітафон запісаў і ў школе паказаў, то ўся школа ад смеху покатам качалася б.

Нарэшце зжаліўся над намі музыка-чарадзей, скончыў іграць. Мы, вядома, адразу танцаваць пакінулі. Сорамна нам стала! Так сорамна, што хоць скрозь зямлю праваліся.

- Бачылі, што можа мая скрыпачка? - смяецца музыка-чарадзей.

Дзіма таўхануў Сяргея локцем у бок:

- Усё з-за цябе.

Маўчыць Сяргей. Як язык праглынуў.

- Вы хоць у школе пра гэтыя танцы не расказвайце, - шэпча Андрэй Налівайка. - Згарым ад сораму.

А Іра, відаць, знарок, каб пазлавалі:

- Я скажу, каб вас у танцавальны гурток запісалі.

- Хадзем, - буркнуў Дзіма. - Не на танцпляцоўку прыйшлі.

Апусціўшы вочы, мы пацягнуліся па сцяжынцы.

 

Гульня ў хованкі

 

Прайшлі сто метраў, не болей - насустрач дзядок тупае. Тоўсценькі, кругленькі, як мячык. На галаве ў яго залатая карона, а на кароне каштоўныя камяні гараць, пераліваюцца. Пад пахаю вялізную кнігу трымае.

- І цар-чараўнік тут! - усклікнуў музыка-чарадзей. - Зараз прапануе вам у хованкі пагуляць.

- Гэты цар з казкі «Сіняя світа налева пашыта»? - пытаюся.

- Адтуль. Перахітрыў дзяцюк Сіняя світа цара-чараўніка. Памятаеце? Птушка Нагай яму дапамагала. Перакінула яго ў пярынку, узяла пад крыло, занесла ў царскі палац і палажыла соннаму цару за пазуху. І сам цар шукаў Сінюю світу, і ягоныя слугі шукалі, ды не знайшлі.

- І тады цар адпісаў яму сваю палавіну царства?

- Спачатку адпісаў, а пасля адабраў. Вы лепей не звязвайцеся з ім.

Падбег цар-чараўнік да нас і адразу:

- Давайце ў хованкі гуляць.

- Некалі нам, - прагаварыў Дзіма.

А цар яму паперку пад нос суне.

- Распішыся.

- Я зусім пісаць не ўмею, - схлусіў Дзіма.

- А ты крыжык пастаў. Калі схаваецеся ад мяне - паўцарства вам, а не - галава з плеч. Пастаў крыжык.

- Не патрэбна нам вашае паўцарства, - азвалася Аня. - Ідзіце сваёю дарогаю.

Цар-чараўнік ажно плячамі перацепнуў.

- Няўжо не патрэбна?

- Не па-трэб-на! - крыкнулі разам.

Думалі, што цяпер адчэпіцца ад нас, што, як казала Аня, пойдзе сваёю дарогаю. Ды памыліліся.

Цар-чараўнік нечакана заплакаў. Вялікія, як боб, слёзы каціліся па яго шчоках, мачылі бараду.

- Не шкадуеце вы мяне. Старога чалавека не шкадуеце, пакрыўдзілі. Вы кепскія. Вельмі кепскія.

«Вырашыў слязьмі праняць, - здагадаўся я. - Не скокам, так бокам. Хітры гэты дзядок, ой хітры! З ім трэба востра вуха трымаць». Хацеў я папярэдзіць сяброў, каб не паддаваліся на яго хітрыкі, ды Аня ні ў пяць ні ў дзесяць:

- Давайце пагуляем. Толькі не плачце.

У цара-чараўніка адразу слёзы высахлі, твар ажно засвяціўся ад шчасця.

Дастаў з кішэні гусінае пяро:

- Распішыся.

Мы думалі, што Аня перавядзе на жарт, і на гэтым усё скончыцца. А яна паважна, як які прафесар, узяла гусінае пяро і распісалася. Цар-чараўнік ажно падскочыў ад радасці.

- Ад мяне Сіняя світа хаваўся. Ён стаяў перада мною добрым малайцом, па двары бег чорным собалем, пад вароты бег белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам. Забег на вялікі луг у трыдзевятае царства і перакінуўся ў тры кветкі розных колераў, але яго я знайшоў. У другі раз забег за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства, перакінуўся ў рыбу-акуня і схаваўся ў мохавым балоце - і там яго знайшоў. Вы ад мяне таксама не схаваецеся. Бачыце чароўную кнігу? - цар-чараўнік паказаў на тую вялізную кнігу, якую трымаў пад пахаю. - Гэтая кніга ўсё-ўсё ведае. Яна мне ўсё-ўсё раскажа. Што ж будзе? Як думаеце?

- Крыху пагуляем і разыдземся, - сказаў Сяргей.

Цар тоненька захіхікаў:

- Галовы вам паадсякаю.

Ну й дзядок! Ну й пярэварацень! Спачатку слязьмі заліваўся, а цяпер на сёмым небе ад радасці. І навошта мы спыніліся? Хай бы сам ад сябе і хаваўся. Усё з-за Ані. Пагуляць ёй захацелася...

Цар-чараўнік гучна шчоўкнуў пальцамі, пацёр рукі.

- Хавайцеся.

Я хацеў бегчы ў лес, знайсці там якое дупло, залезці ў яго, да самай ночы не вылазіць. Дзіма, Андрэй і Іра таксама, заўважыў, нарыхтаваліся навастрыць лыжы. Галава з плеч - гэта не жартачкі. Але Аня спыніла нас:

- Пачакайце. Не разбягайцеся.

Яна расшпіліла партфель, дастала тэрмас. «Апошні раз хоча чаем напаіць», - нявесела падумаў я.

- Я з ручая вады набрала. Запас бяды не чыніць, - чамусьці пахвалілася, адкруціўшы крышку.

- Жывой вады? - ажно напяўся цар-чараўнік.

- Звычайнай, - усміхнулася. - А пасля пытаецца ў нас:

- Хлопчыкі, у каго сцізорык з сабою ёсць?

- У мяне, - прамовіў Андрэй.

- Зрэж, калі ласка, бярозавую галінку.

Паціснуўшы плячамі, Андрэй падышоў да маладзенькай бярозкі, коса зрэзаў галінку, падаў Ані.

Мы не разумелі, навошта ёй гэтая галінка спатрэбілася. Цара-чараўніка галінкаю па спіне пасцёбаць, каб глупствам не займаўся? Дык для яго трэба было б не галінку зрэзаць, а добрую ляшчыну. Каб скура пісягамі пакрылася. Інакш не дойдзе да яго.

Аня ўзяла галінку, зрэзаным канцом апусціла ў тэрмас з вадою, крыху патрымала і асцярожна выняла.

- Глядзі, - паказала цару-чараўніку. - На зрэзаным канцы кропелька.

- Кропелька, - шмаргануў носам цар.

- А хутка кропелькі не стане. Знікне. Ты хацеў, каб мы схаваліся. Спачатку адгадай, куды кропелька схаваецца. Згодны?

- Згодны. Гэта я і без чароўнай кнігі адгадаю.

Цар-чараўнік, не зводзячы вачэй, пазіраў на кропельку, якая крышталікамі пералівалася на сонцы.

Нечакана кропелька знікла.

- Дзе яна? - усклікнуў цар-чараўнік.

- Шукай, - сказала Аня. - Сам гульню прыдумаў.

Цар-чараўнік выхапіў з Аніных рук галінку, стаў хутка-хутка круціць яе.

- І тут няма. І тут няма. Куды падзелася кропелька?

Схамянуўшыся, разгарнуў кнігу, паклаў на траву і, укленчыўшы, пачаў чытаць, смешна, як заяц, перабіраючы губамі.

Устаў, як збянтэжаны Саўка.

- Пра кроплю ў чароўнай кнізе не напісана. Яшчэ раз апусці.

- Можна яшчэ раз.

Цяпер цар-чараўнік кроплю далонямі закрыў. Напэўна, каб у бяздоннае неба не паляцела.

- Няма! - крыкнуў. - Зноў знікла. Дзе ж яна?

- Здаешся? - спыталася Аня.

Цар-чараўнік сарваў з галавы карону, кінуў вобзем.

- Прапала кароўка - хай прападае і вяроўка. Прыйдзецца аддаць гэтым злыдням паўцарства! І чароўная кніга мне не дапамагла.

- Супакойся, - сказала яму Аня. - Тваё паўцарства хай у цябе застаецца. На чароўную кнігу спадзяваўся? Законы прыроды трэба ведаць. Фізіку. Перад фізікай твая чароўная кніга нішто. Хочаш даведацца, дзе кропля? Няма яе.

- Зусім няма? - не паверыў цар-чараўнік.

- Зусім няма. Яе паглынулі капіляры дрэва, а потым па гэтых капілярах вада паднялася да лісцяў і выпарылася ў прастору.

- Давай яшчэ ў што-небудзь пагуляем, - прапанаваў цар-чараўнік.

- Мае загадкі адгадай, - сказала Аня.

Цар-чараўнік сеў на траву, скрыжаваўшы ногі:

- Загадвай.

- Якое значэнне маюць пругкія валаскі на падэшвах ног зайца?

- Яны ў яго, каб іголкі ў падэшвы не калоліся, - хуценька адказаў цар-чараўнік.

- Пругкія валаскі аслабляюць сілу ўдара ў час скачка.

Цар-чараўнік пачасаў бараду, скрывіўся:

- Яшчэ загадвай.

- Для чаго лісе патрэбен вялікі хвост?

- Каб зімою сляды за сабою замятаць.

- Не так. Хвост дапамагае лісе рэзка паварочвацца. Ён у яе быццам паветраны руль.

- Яшчэ адну.

«Вось ліпучка, - падумаў я. - Трэба ўцякаць ад яго. Ён тут нас да самага вечару пратрымае».

- Чаму пялёсткі руж нават пасля моцнага дажджу застаюцца заўсёды сухімі? - спыталася Аня.

- Сонца іх высушвае.

- Не адгадаў. Пялёсткі руж маюць масляністае рэчыва. Дзякуючы яму яны не змочваюцца вадою.

Цар-чараўнік усхапіўся, тупнуў нагою:

- Я вас не адпушчу! Я вас у сваё царства забяру!

- Мы гэтак не дамаўляліся, - кажу. - Хіба ты забыўся пра сваё царскае слова?

- А вы няправільна гулялі са мною. Не адпушчу!

Не ведаю, што было б, калі б не музыка-чарадзей. Паглядзеў ён на цара-чараўніка, сказаў:

- Я ваўкоў у лес прагнаў, чарцям і ведзьмам даў рады. Знайду месца і для цябе, цара-абманшчыка.

Узняў ён скрыпку, павёў смыкам па струнах - задрыжэў, закалаціўся цар-чараўнік як асінавы лісцік, потым закруціўся як ваўчок, узняўся і паляцеў над самымі дрэвамі.

- Цяпер ён сюды толькі праз сто гадоў вернецца, - усміхнуўся музыка-чарадзей, скончыўшы іграць. - Вось і спатрэбілася вам мая скрыпачка, дапамагла. А вы мне не верылі. Давайце развітаемся. Добрыя людзі мяне чакаюць.

Музыка-чарадзей развітаўся і пайшоў паціхеньку. А мы ўсё стаялі і глядзелі, пакуль яго постаць не знікла ў гушчары.

 

Што параіў нам Ох

 

Села Аня на яловы пень і цяжка ўздыхнула:

- Ох, замучыў мяне гэты цар.

Толькі так яна сказала - выскачыў з-пад пня маленькі дзядок з сівою барадою:

- Чаго ты мяне клікала, гаспадынька?

Спалохалася Аня, зуб на зуб у яе не трапляе.

- Я-я-а не к-клікала. Я-я-а а-адпачываю.

- Клікала, - стаіць на сваім дзядок. - Я добра чуў, як ты сказала: «Ох».

Дык гэта ж Ох з казкі «Ох і залатая табакерка», - здагадаўся я.

Прычасаў дзядок пальцамі сівую бараду:

- Правільна. Я людзям дапамагаю. Але ўжо тысячу гадоў ніхто мяне не выклікаў. Апошні раз сюды сіраціна Янка, леснікоў сын, з пярэстым катком прыходзіў. Я яму залатую табакерку даў.

Абрадаваўся я. Так абрадаваўся, што і выказаць немагчыма. «Хопіць па лесе блукаць, - думаю. - Цяпер Ох загадае Бабе Язе, каб нашых настаўнікаў разбудзіла. Яго толькі папрасіць трэба, і ён усё-ўсё зробіць».

- Дык што вы ад мяне патрабуеце? - пытаецца Ох. - Можа, варанай капусты вам прынесці? Можа, пірагоў ці бульбы ў мундзірах? Магу каралеўскі палац для вас пабудаваць і жалезны мост да яго вылажыць. Магу залатую карэту з шасцю коньмі даць.

- Не патрэбен нам палац. Нам і дома някепска жыць, - сказала Іра.

Паківаў галавою Ох:

- Такіх дзівакоў я ніколі не сустракаў. Ад каралеўскага палаца адмаўляюцца!

- Нам трэба настаўнікаў разбудзіць, - прагаварыў Андрэй. - Шкада іх. Дый школу закрыюць. Баба Яга знарок зрабіла, каб нашы настаўнікі паснулі. Загадайце ёй, каб разбудзіла.

- А-а-а, - працягла вымавіў дзядок, - дык вы з тае школы, дзе настаўнікі заснулі! Чуў нядаўна, як Баба Яга Цмоку хвалілася, што вашу школу закрыюць. Але ж і вы вінаватыя. Урокаў не хочаце вучыць.

- Вінаватыя, - апусціў галаву Дзіма Клімовіч. - Дапамажыце, калі ласка.

Ох бездапаможна развёў рукамі:

- Не змагу. Я і жалезныя масты ўмею будаваць, і каралеўскія палацы. А ўрокаў вывучыць не змагу. Я ў школу не хадзіў. Раней школы толькі для багатых былі. Самі ведаеце.

- А вам не трэба вучыць урокаў, - кажу. - Вы Бабе Язе загадайце. Яна спалохаецца вас і разбудзіць настаўнікаў.

- Не ўмею загадваць. Я толькі ўмею рабіць. Работнік я, а не пан.

- Дык што вы нам параіце? - пытаюся.

- Адкрыйце кнігі і вучыце ўрокі. Калі вывучыце ўсё-ўсё, што вам настаўнікі на сёння задалі, то яны адразу прачнуцца. Ад радасці. Спадуць чары Бабы Ягі, а сама яна ў балота ўпадзе, загрузне там. Вы пачуеце, калі ў балота праваліцца. Магутны пошчак пойдзе па лесе, усе лісцікі, травінкі-былінкі здрыгануцца. Тады вы дамоў спяшайцеся. Спяшайцеся, на ўрокі не пазніцеся. А другой рады няма. І больш каб без патрэбы не клікалі мяне. Я стары, цяжка мне наверх вылазіць.

Прамовіў гэтак Ох і знік. Быццам і не было яго.

- Гэта не сон? - працёр вочы Сяргей Мазоль.

- Не сон, - сказала Аня. - Вымайце кнігі. Будзем урокі вучыць.

Мы расшпілілі партфелі, дасталі кнігі, а вось Сяргей, як звычайна, заўпарціўся:

- Не хочацца вучыць.

- Расшпіляй партфель, - крануў яго за плячо Дзіма Клімовіч. - Я цябе ў барані рог скручу.

А Сяргей на гэты раз і Дзімы не спалохаўся:

- Хоць у казіны рог сагні - усё роўна не буду. Не хочацца.

Дзіма развёў рукамі: маўляў, нічога не зробіш, яму хоць кол на галаве чашы.

- Ты хочаш міліцыянерам стаць? - запытала Іра.

- Хачу.

- Але ж настаўнікі спяць.

- Ну і хай яшчэ паспяць. Хіба ім кепска?

- З Бабай Ягой лягчэй ваяваць, чым з табою, - у роспачы прагаварыла Іра. - Хіба не разумееш, што могуць школу закрыць? Даведаецца хто-небудзь, што настаўнікі спяць, пазвоніць у раён, і ўсё. А цябе ніхто за міліцыянера не возьме, пакуль школу не закончыш. Дык будзеш вучыць?

- Буду, - выціснуў Сяргей.

Усё-ткі малайчына Іра. Хутка Сяргея пераканала, паслухаўся яе. Відаць, нездарма яны ўдвух танцавалі, калі музыка-чарадзей на скрыпцы іграў.

Сеўшы пад дрэвамі, мы пачалі старанна вучыць урокі. Прайшло колькі хвілін. Глядзім - Сяргей носам клюе. Нездарма пра такіх, як ён, кажуць: спіць над кнігаю.

- Прачніся, - таўханула ў плячо Іра.

Сяргей узняў галаву, пазяхнуў:

- Не лезе навука ў галаву.

- Улезе, - сказала Аня. - Ты вучы старанна.

- Усё роўна нічога не выйдзе з гэтай задумы.

- Чаму не выйдзе?

- А Света Мялешка і Пеця Тарасевіч у класе спяць.

- Яны вывучылі. Забыўся, як хваліліся? Таму Баба Яга і дзьмухнула на іх, каб заснулі. Са злосці.

- Што ж, трэба вучыць, - згадзіўся Сяргей.

Цяпер Іра побач з ім села. Адно ён вочы заплюшчыць, а яна яму кулачком у бок. І, ведаеце, дапамагло. Раптам чуем - пошчак пайшоў па лесе, лісцікі, травінкі-былінкі здрыгануліся.

- Ура! - крыкнуў Андрэй Налівайка. - Баба Яга ў балота правалілася.

- Ура! - крыкнулі мы за ім.

Падхапіліся і бягом па сцяжынцы. Глядзім - ускраек засвяціўся. Мы з усіх ног - наша школа стаіць, а каля школы дырэктар Анатоль Лукіч. Непадалёку, на лаўцы, Ігар Аляксеевіч і Іна Аляксандраўна сядзяць, размаўляюць аб чымсьці.

- Дык мы каля самай школы былі, - здзівіўся Дзіма.

- Казка. У казках усякае бывае, - кажу яму.

- Бяжым! Ужо, напэўна, званок празвінеў, - захвалявалася Аня.

Мы дружна выбеглі з лесу.

- А вы чаму спазніліся? - спыніў нас каля дзвярэй Анатоль Лукіч.

- Ён нічога не ведае, - прашаптаў Андрэй. - Расказаць?

- Не трэба, - прыціснула палец да вуснаў Аня.

- Ігар Аляксеевіч! Іна Аляксандраўна! - паклікаў Анатоль Лукіч. - І вы на ўрок ідзіце.

Усміхнуўшыся, мы пабеглі ў клас.

 

Частка другая. Сябры пазнаюцца ў бядзе

 

Дзіўны госць

 

Пасля таго як мы сустрэліся з казачнымі героямі, прайшоў тыдзень. Ні слова анікому пра гэта ніводзін з нас не сказаў. Праўда, у Сяргея Мазаля язык свярбеў. Вельмі хацелася яму пахваліцца, хацелася, каб даведаліся, які ён смелы і дасціпны. «Я раскажу, я раскажу», - штодзень бубніў пад нос. Нарэшце Іра Кавалевіч не вытрымала: «І пра тое, што пад скрыпку музыкі-чарадзея танцаваў, таксама раскажаш?» Сяргей адразу як язык прыкусіў. І да ўрокаў стаў рыхтавацца. Мы таксама стараліся, падручнікаў з рук не выпускалі. Чаму так змяніліся, спытаецеся? Усё-такі страшнавата было. А што, калі зноў які нячысцік у школу завітае? Невядома, што на гэты раз прыдумае. Прыблізна так разважаў цяпер кожны з нас.

Але на гэтым казачная гісторыя не закончылася. Вось як пачаліся новыя прыгоды.

У суботу я прыбег са школы, партфель, як звычайна, пад стол. Няхай паляжыць да нядзелі, яму таксама патрэбен нейкі адпачынак.

- Мама, - крычу, - есці давай. Галодны. Зубы аж ляскаюць.

Мама чамусьці на дыбачках падышла да дзвярэй, зачыніла іх на зашчапку. А твар у яе нейкі не такі, як заўсёды: ці то кіслы, ці то пахмурны. Не разабраць адразу.

Я спачатку падумаў, што з татам пасварылася. У іх часам такое здараецца: зранку пасварацца, а вечарам мірацца.

- Што сёння варыла? - гучна пытаюся.

А мама:

- Цішэй!

І такімі спалоханымі вачамі глядзіць на мяне! Такімі спалоханымі, што перадаць немагчыма. Мне ажно не па сабе стала.

- Мама, што здарылася?

Я адчуў, як міжволі задрыжаў мой голас. Мама прыціснула палец да вуснаў:

- Цішэй. Ён пачуе. Зноў сюды прыпрэцца.

Твар у мяне, напэўна, стаў круглы, як мяч, бо я спачатку набраў у рот паветра, а ўжо пасля выдыхнуў:

- Хто прыпрэцца?

- Ён, - ледзь не са стогнам вымавіла мама.

- Хто ён? - пытаюся, ледзь-ледзь варушачы вуснамі.

- Шар-ла-тан, - па складах прамовіла мама.

- Шарлатан? - перапытваю, чамусьці пазіраючы пад стол.

- Але, шарлатан, абманшчык, па-іншаму, - стала хутка-хутка тлумачыць мама. У яе быццам другое дыханне з'явілася. - Ён спачатку да бабкі Веркі трапіў, пытаўся, у якой хаце школьнікі ёсць. Бабка Верка да нас яго накіравала. Прыходзіла нядаўна. Ці быў, пыталася. Ой, і напалохалася яна! Дый у мяне яшчэ ногі дрыжаць, да сябе не дайду.

Я глядзеў на маму шырока раскрытымі вачамі. Цікава завязка пачынаецца. Вельмі цікава. Нейкі махляр, прыблуда ў нашай вёсцы з'явіўся. Цікавіўся, дзе школьнікі жывуць. Чаму так? Чаму?

Мне вельмі захацелася знайсці яго, паназіраць за ім: здалёку, непрыкметна, як гэта робяць дэтэктывы ў прыгодніцкіх фільмах.

- Мама, а які ён? У што апрануты? - пытаюся, ціснучыся да дзвярэй.

- Не пушчу! І за парог не пушчу! - замахала рукамі мама, адпіхваючы мяне. - Дома сядзі.

- Ну, буду сядзець, - згаджаюся неахвотна. - А ўсё-ткі: які ён?

- Дзіўны, - коратка адказала мама.

«Дзіўны...» Штосьці тут не так. А ці не палохае мяне мама? Знарок, каб з хаты не выходзіў, каб урокі вучыў. На гэта яна здатная. Як памятаю, заўсёды нечым страшыць мяне. Калі быў яшчэ зусім малы, дык казытухай страшыла. Казала, што тая казытуха ў жыце жыве, што дзяцей яна ловіць і казыча. Слухаў я маму, слухаў і аднойчы пайшоў у жыта тую казытуху шукаць. Паглядзець на яе захацелася. Да самага вечару праблукаў у жыце. Ледзь знайшлі мяне там.

- Мама, ты не хлусіш? - пытаюся.

- Праўду кажу. Дзіўны ён. Убачыў праз акно, што трактар па вуліцы едзе, - і за ложак. Хавацца. Я ўхапілася за каптан і назад цягну. Што было б, калі б хто зайшоў у хату і ўбачыў, што мужчына за ложкам хаваецца?.. Я цягну, а ён вырываецца, крычыць: «Жалезны Цмок паехаў!..»

Я на хвіліну ўявіў, як мама цягне таго шарлатана, і не вытрымаў, засмяяўся.

- Чаго смяешся? - нахмурылася мама.

- Смешна, - кажу. - Ты цягнеш, а ён, як пацук, вырываецца.

- Табе смешна, а мне не, - пакрыўдзілася мама. - Ледзь выцягнула яго. Потым ён на кухню зайшоў. Убачыў, што газ гарыць, і ў крык: «Дракон! Агнём плюецца!» Датуль не супакоіўся, пакуль газ не выключыла. Я капусту ставіла варыць. Так і не зварыла. Пра ўсё забылася.

- Хіба ён шарлатан? - кажу. - Проста дзівак. І ўсё. Пасмяяцца вырашыў.

Мама пацягнула за ручку дзвярэй, каб упэўніцца, ці добра зачынены, і зноў зашаптала:

- Я пасля здагадалася, што ён знарок такія конікі выкідваў. Хацеў з панталыку мяне збіць. Каб сцібрыць што-небудзь. Вочы ў яго, як у сапраўднага злодзея, па ўсіх кутках бегалі.

А калі гэта?.. Калі?.. Не, напэўна, не. Я адагнаў здагадку, якая пранеслася ў галаве.

- І апрануўся ён так, каб з панталыку збіць, - працягвала мама. - Лапці на нагах, штаны зрэбныя...

- А барады ў яго не было? - вырвалася ў мяне.

Мама падазрона зірнула на мяне:

- А ты адкуль ведаеш?

Цяпер я быў упэўнены, што гэты дзіўны госць, які так напалохаў маму, - работнік. Той работнік, які са сваімі сябрамі тысячу гадоў льва-небараку паіў. Ён жа абяцаў, што пірагамі нас пачастуе. Вось і прыйшоў, каб да сябе запрасіць. Ды хіба скажаш пра гэта маме?

- Цяпер усе дзівакі бароды паадпускалі, - знайшоўся, як адказаць.

Мама згодна кіўнула галавою:

- Так. Ледзьве з хаты яго выпхнула.

А я ажно трымцеў ад хвалявання. Розныя думкі, крыху блытаныя, адна за адною мільгалі ў маёй галаве.

Работнік у вёсцы. Селянін-работнік з'явіўся. Бач, трактара спалохаўся. Што ж, ні трактара, ні газу ён у вочы не бачыў... Мама лічыць, што хацеў яе з панталыку збіць... Назаўжды і маме, і яму гэты дзень запомніцца... Значыць, прыйшоў, каб да сябе запрасіць. А можа, зусім не на пірагі? Можа, іншая патрэба ёсць? Сярод белага дня прыйшоў, хоць і страшна было. Чаму? Чаму шукаў нас, сваіх знаёмых?.. Не, цяжка на гэтыя пытанні адказаць. Трэба з работнікам сустрэцца. Ён дзесьці тут, непадалёку. Магчыма, каля школы, каля лесу. У лесе яму спакойна. Сядзіць ды назірае зводдаль. Як жа сустрэцца з ім? Як? Не пусціць мама на двор, калі праўду скажу. Прыйдзецца хлусіць. Што ж прыдумаць, каб пусціла?

- Мама, - кажу, - ты дарэмна спалохалася. Той дзядзька не шарлатан, а артыст. Ён у спектаклі ролю селяніна іграе. Дарэвалюцыйнага селяніна. Вось і вырашыў праверыць, ці добра іграе, ці падобны на старажытнага селяніна. Знарок у нашу хату прыйшоў.

Мама зайшла на кухню, села на табурэтку. Я пратупаў за ёю:

- Мама, ён артыст. Артысты дзівакі. Не верыш?

Мама абхапіла рукамі галаву:

- Міхась, галава ў мяне ажно расколваецца. Схадзі да бабкі Веркі. У яе ёсць таблеткі ад галавы. Прынясі.

Я спачатку не паверыў, што так пашчасціла. Нядаўна рукі настаўляла, трымала, каб не ўцёк. А цяпер сама выпраўляе.

- Схадзі да бабкі Веркі, - паўтарыла мама ў другі раз.

- Добра. Схаджу. Я хутка вярнуся. А ты пакуль на галаву мокры ручнік пакладзі.

На двор я вылецеў, як на крылах. Хутчэй! У школу хутчэй! Да лесу. Галоўнае - з работнікам сустрэцца. А пасля на адной назе завярнуся - і да бабкі Веркі.

 

Складаная сітуацыя

 

На школьным двары я ўбачыў Дзіму Клімовіча. Вядома, абрадаваўся. Усё-ткі ўдвух весялей селяніна-работніка шукаць.

Мне хацелася, каб Дзіма першым падышоў да мяне, каб спытаўся, чаго прыйшоў. Я, канечне, спачатку крыху павадзіў бы яго за нос, а потым усё па парадку расказаў бы. Ды Дзіма быццам не заўважаў мяне. Ён бегаў кругамі па школьным двары, высока падымаючы ўгору калені.

Што ж, кожны свой гонар мае. Я сеў на лаўку. А сядзець зусім не хацелася. «І калі ж ён набегаецца?» - думаю. Нарэшце не вытрымаў, паклікаў:

- Дзіма, хадзі сюды.

- Не магу, - чую ў адказ. - У мяне трэніроўка.

Што ж рабіць? Ён, відаць, не хутка сваю трэніроўку закончыць. Бегае, як заведзены.

- Можа, хопіць? - гукаю.

- Не. Яшчэ паўгадзінкі пабегаю.

Хіба мог я гэтулькі чакаць? Усхапіўся з лаўкі - і за ім. Бягу ззаду, расказваю:

- Селянін-работнік да нас у вёску прыходзіў. Нядаўна ў нашай хаце быў. Маму так напалохаў, што і цяпер у яе ногі дрыжаць.

Дзіма як пачуў гэткае, дык адразу пра сваю трэніроўку забыўся. Спыніўся як укопаны, на мяне пазірае.

- Няўжо той работнік прыходзіў, які льва паіў?

- Той, Дзіма. Той самы. Ён за ложак хаваўся, а мама яго за каптан трымала... Маме галава разбалелася, па таблеткі мяне паслала.

- За ложак хаваўся?

Я заўважыў, што ў Дзімавых вачах загарэліся дзве іскрынкі-смяшынкі.

- Хаваўся, - кажу. - Убачыў, што трактар па вуліцы едзе, і пабег хавацца. Спалохаўся. Падумаў, што гэта жалезны Цмок.

- А-а-а, - працягла вымавіў Дзіма і, азірнуўшыся, прашаптаў: - Як ты думаеш: дзе ён цяпер?

- Думаю, што дзесьці тут, у лесе.

Дзіма пацягнуў мяне за рукаў:

- Пайшлі.

Вядома, мне вельмі хацелася цяпер жа, не адкладваючы, пайсці ў лес. Але мама... Яна чакае, калі таблеткі прынясу. Спадзяецца...

- Дзіма, мяне мама па таблеткі паслала, - прызнаўся сябру. - Як потым ёй у вочы пагляджу.

Дзіма пачасаў патыліцу:

- Так, складаная сітуацыя...

- Дык я пабягу па таблеткі, а пасля назад. Я хутка. Адна нага тут, другая там.

- Невядома, ці адпусціць цябе маці.

- Невядома, - з горыччу прамовіў я.

Цяжка сказаць, што мы прыдумалі б, калі б я не ўбачыў свайго браціка, другакласніка Міколку. Ён са школы выходзіў.

- Міколка, - паклікаў яго.

Міколка падышоў да нас, спыніўся насупраць і... нечакана заплакаў. Плакаў ён не па-сапраўднаму, а, як кажуць, сілаю выціскаючы з сябе слязу.

- Двойку атрымаў? - здагадаўся я.

- Не-а. Пасля ўрокаў сядзеў, - зарумзаў Міколка. - Па чытанню. Я толькі крышачку запнуўся, а настаўніца мяне пакінула.

- Усе пасляўрочнікі кажуць, што толькі крышачку запнуўся, - па-філасофску зазначыў я.

Міколка глянуў на мяне спадылба:

- Не скажаш маме?

Задаволены, я ажно рукі пацёр. Усё-ткі шанцуе мне сёння.

- Міколка, - пачаў знарок строга, - маме сёння галава баліць, ажно расколваецца. Расхвалявалася яна. Яшчэ і ты яе парадуеш.

- Я не хацеў...

«Вось дзівак, - падумаў я. - Каму хочацца, каб пасля ўрокаў пакідалі? Гэткія добраахвотнікі яшчэ не сустракаліся ў маім жыцці».

- Я крышку запнуўся, - цягнуў, не спыняўся Міколка.

- Цаца, цаца, - пагладзіў яго па галаве Дзіма і дадаў: - Хоць валасы доўгія, але розум кароткі.

- Не смейцеся, - мацней захліпаў Міколка. - Не скажаш маме?

Я падміргнуў Дзіму: маўляў, сачы, хутка мой Міколка на ўсё згодзіцца, вяроўкі з яго можна будзе віць.

- Сам не ведаю, што з табою рабіць, - разводжу рукамі.

- Не кажы. Я за цябе падлогу памыю. Мама скажа, каб ты памыў, а я сам памыю.

Нарэшце я вырашыў парадаваць яго:

- Не скажу. Толькі ты да бабкі Веркі сходзіш. Папросіш, каб таблетак ад галавы дала. Маме занясеш. Добра?

Міколка шчасліва ўсміхнуўся:

- Добра.

І пабег, падскокваючы як кураня.

- Перадай маме, што я ў школе затрымаўся, - крыкнуў яму наўздагон.

- Добра.

- А ўсё-ткі нецікава было б на свеце жыць, калі б не было такіх малых, як твой Міколка. Не засумуеш з імі, - задуменна прамовіў Дзіма.

Я паглядзеў на Дзіму, усміхнуўся:

- Калісьці і мы такімі былі.

Правёўшы вачамі Міколку, мы павярнуліся і пакрочылі ў лес.

 

Нечаканая навіна

 

Як і тады, калі шукалі Бабу Ягу, цёпла грэла сонца, у паветры ляталі лёгкія павуцінкі.

Мы прайшлі па дарозе метраў дзвесце, спыніліся.

- Трэба пагукаць, - прапанаваў Дзіма. - Можа, пачуе нас работнік.

- Давай, - згадзіўся я.

- Дзядзька работнік! - першым гукнуў Дзіма.

Пачакалі, азіраючыся. Ціха вакол.

- Дзядзька селянін! - штосілы гукнуў я. Зноў ціха.

- Цяпер удвух гукнем, - звяртаюся да Дзімы.

- Давай.

Як мага набраўшы ў лёгкія паветра, мы дружна крыкнулі:

- Дзядзь-ка ра-бот-нік? Дзе вы-ы-ы?.. Дзе вы-ы-ы?..

«Ы-ы-ы», - пераклікаючыся, панеслася па лесе рэха.

- Няўжо ў казку пайшоў? - уздыхнуў Дзіма.

- Я тут, - нечакана пачулася ззаду.

Мы імгненна павярнуліся.

З-за невялікай кашлатай елачкі выглядваў знаёмы барадаты работнік. Той, які льва раскаваў.

- Ура! Знайшлі дзядзьку работніка! Знайшлі! - не вытрымаў я.

- Вы мяне дзядзькам Тодарам клічце, - прагаварыў работнік.

- Дзядзька Тодар, да нас ідзіце, на дарогу, - паклікаў Дзіма.

Дзядзька Тодар, азіраючыся па баках, выйшаў на дарогу.

«Вось драла даваў бы, каб убачыў, што трактар едзе», - падумалася мне.

- Тады, каля студні, я нават не пазнаёміўся з вамі. Сустрэліся і разышліся, - прагаварыў дзядзька Тодар, усё азіраючыся.

- Мяне Міхась зваць, а майго сябра Дзіма, - сказаў я. - А вы чаму за елку схаваліся?

Дзядзька Тодар цяжка ўздыхнуў:

- Каб ведаў, што тут такое робіцца, ніколі не пайшоў бы. У нас не соладка, а ў вас яшчэ мудрэй. Жалезны Цмок проста па вуліцы бегае.

- Дык гэта трактар! - усклікнуў Дзіма. - Ён зямлю арэ. Замест каня. Прычэпяць плугі, а ён цягне. Цмока ў нас ад веку не было. Ён толькі ў вас, у казцы, аціраецца.

- Няўжо тое страшыдла-трактар плугі цягае? - не паверыў дзядзька Тодар.

- У нас яшчэ і камбайн ёсць, - пахваліўся я. - Ён жне і малоціць. У вас цэпам малоцяць, а ў нас камбайн. Лёгка і хутка.

- Шчаслівыя, - зноў уздыхнуў дзядзька Тодар. - А я напалохаўся. Думаў: пасяджу тут да вечара, пачакаю, а як крыху суцішыцца, зноў у вёску пайду. Патрэбныя вы мне.

«Добра, што знайшлі яго, - думаю. - Вось каб ноччу прыйшоў ды ў наша акно пастукаў! Мама, пэўна, здранцвела б, як толькі яго бараду ўбачыла б».

- Дзядзька Тодар, штосьці здарылася ў вас? - спытаўся Дзіма.

- Здарылася, хлопчык. Адгадаў ты. Цмок - цар лясны, пудзіла паганае, - у музыкі-чарадзея скрыпку ўкраў. Не жадае, каб музыка-чарадзей добрых людзей весяліў, радасць ім дарыў. А без скрыпкі музыка-чарадзей як былінка на ветры. Не стала ў яго сілы. Цмок згроб яго ды з сабою пацягнуў. Дзесьці закаваў, хоча голадам замарыць. Няма нашага заступніка. Плачам мы, як дзеці малыя. Рукі апусціліся, і ногі падкасіліся. На вас адно спадзяванне. Вы льва напаілі. Няўжо паганага Цмока не адолееце?

- Дык мы яго ў лес прагналі! - усклікнуў я. - Ён паабяцаў, што будзе ў гушчары сядзець.

Дзядзька Тодар нявесела ўсміхнуўся:

- Такім, як Цмок, паабяцаць, што раз плюнуць. Яны шмат чаго наабяцаюць - толькі вушы развесь. Вылез ён з гушчару, як даведаўся, што вы дамоў пайшлі. Цяпер нам помсціць. Нездарма людзі кажуць: як выбіўся ў паны, так і дзверы стаў адчыняць нагою.

Не думаў я, што гэткае пачую. Няўжо зноў давядзецца з Цмокам сустрэцца? Цяжка сказаць, ці адолеем цяпер. У яго сіла нечалавечая, ды яшчэ чарадзейная скрыпка ў руках. А што ў нас? Кемлівасць. Вось і ўсё. Так, невядома, ці зможам Цмока перамагчы.

Дзіма як адгадаў мае думкі.

- Дзядзька Тодар, - сказаў ён, - а вы папрасіце Цмока, каб музыку-чарадзея адпусціў.

- Хутчэй бусел жарабя народзіць, як ён гэта зробіць, - прагаварыў дзядзька Тодар.

Я зірнуў на Дзіму:

- Дапаможам?

Дзіма некалькі секунд стаяў моўчкі, а потым з сілаю рассек паветра рукою.

- Ах, паганка! Ах, мухаморына! Ашукаў! Нас ашукаў! Дапаможам. Мы яго, мы яго...

- Навучым, як на сабак брахаць, - дакончыў я за Дзіму.

- То пайшлі. Кожная хвілінка дарагая, - сказаў дзядзька Тодар.

І мы, ужо ўтрох, пайшлі па лясной дарозе.

 

Як мы Цмоку зуб вырывалі

 

Наезджаная калёсамі дарога скончылася. Пачаўся яловы лес.

- Ужо ў казцы мы, - ціха прамовіў я.

- Угу, - выдыхнуў Дзіма.

Дзядзька Тодар збочыў на вузенькую сцяжынку. Мы моўчкі пацягнуліся за ім. Неўзабаве выйшлі на палянку, дзе некалі сустрэлі трох братоў.

- Не натаміліся? Мо прысядзем? - спытаўся дзядзька Тодар.

- Прысядзем, - сказаў Дзіма.

Мы селі на траву. Не ведаю, пра што думалі дзядзька Тодар і Дзіма, а вось у мяне думкі былі невясёлыя. Успомніў маму. Напэўна, сядзіць, чакае, калі вярнуся. Ведала б, што мы тут, у казцы, - прыбегла б. Абавязкова прыбегла б. І Цмока не збаялася б. Дзе ён цяпер, страшыдла, пудзіла паганае? Мабыць, сядзіць на пні ды на скрыпцы іграе. Ён іграе, а маме галава баліць. Хай наадварот было б.

Я лёг на траву, заплюшчыў вочы. Хацелася адагнаць благія думкі. Ляжаць проста так, адпачываючы. Але адпачыць не прыйшлося. Здалёку, дзесьці з гушчару лесу, данёсся нейкі стогн ці нават енк. Гэткага стогну мне яшчэ ніколі не даводзілася чуць. Спачатку чулася глухое: у-у-у. Пасля рэзка пераходзіла на пісклівую ноту: а-а-а.

Я ўскочыў як падсмалены. Дзядзька Тодар і Дзіма таксама ўсхапіліся.

- Што гэта? - крыкнуў Дзіма.

Я паціснуў плячамі, а дзядзька Тодар няўпэўнена прагаварыў:

- Можа, звер які ў пастку трапіў?

Стогн чуўся ўсё выразней і гучней. Тое, што стагнала, відаць, набліжалася да нас. У мяне чамусьці засвярбелі падэшвы. Ці не таму, што хацелася ірвануцца, каб толькі ад гэтай палянкі далей. Ледзь-ледзь стрымліваў сябе.

Да майго пляча дакрануўся Дзіма:

- Міхась, ты не баішся?

Я і вокам не змаргнуў:

- А чаго мне баяцца?

- А мне крыху не па сабе, - прызнаўся Дзіма.

За павароткай, заўважылі мы, штосьці мільганула.

- Яно на палянку ідзе, - дрыготкім голасам прагаварыў Дзіма.

І тут на палянку выйшаў... Хто б, вы думалі? Наш стары знаёмы - пудзіла паганае - Цмок. Яго шчака была перавязана белаю хусцінкаю. Абедзвюма рукамі ён трымаўся за гэтую шчаку і, не сціхаючы, войкаў-стагнаў.

Убачыўшы нас, Цмок спыніўся. Адступіў крок назад, а пасля, падскочыўшы ўгору, зноў залямантаваў: у-у-у, а-а-а...

Мяне як лёдам абдало. «Зараз праглыне», - са страхам думаў я.

Цмок неспадзявана бухнуўся на калені.

- Даруйце! Я больш не буду! - на ўвесь лес закрычаў.

Мы адразу пасмялелі.

- Цішэй, пан Цмок, - паморшчыўся Дзіма. - Чаму абвязаўся? З вайны вярнуўся? Га?

- Крычыш, як быццам цябе рэжуць, - са здзекам прамовіў я.

- Зуб баліць, - вытрашчыў вочы Цмок.

- Баліць? - нібыта здзівіўся я.

- Так баліць, што хоць у прорву кідайся.

- А чаго ты жалезны боб грыз? - накінуўся на Цмока Дзіма.

- Бо хацелася. Дапамажыце. Выратуйце.

Да Цмока падышоў дзядзька Тодар, сціснуў пальцы ў кулак, сваім вялізным, як бохан хлеба, кулаком памахаў перад самым носам:

- Скрыпку аддасі?

- І скрыпку аддам, і смык. А-а-а...

- Скажаш, куды музыку-чарадзея пасадзіў?

- Скажу. Усё скажу. У-у-у... Ратуйце мяне.

Мы з Дзімам адышліся ўбок.

- Што будзем рабіць? - спытаўся Дзіма.

- Думаю, што трэба вырваць гэтаму злыдню зуб. Пасля ён як шоўкавы стане.

- Чым вырвеш? Рукамі? Вось каб якія-небудзь пласкагубцы былі. Учапіліся б удвух і вырвалі б.

- Ёсць іншы спосаб...

Я дастаў з кішэні кавалак тоўстай жылкі. На вуду яе хаваў, на шчупакоў.

- Бяры, - працягнуў Дзіму.

Дзіма ўзяў жылку, усміхнуўся:

- Адным канцом да зуба прывяжам, а другім - да дрэва? Так?

- Так, - згодна кіўнуў я галавою. - А потым па спіне кіем. Рванецца, сам сабе зуб вырве. Іншага ратунку няма.

На гэтым закончыўся наш кароткі кансіліум. Мы падышлі да Цмока.

- Вы мне дапаможаце? - з надзеяю глянуў на нас Цмок.

- І скрыпку аддасі, і музыку-чарадзея адпусціш? - спытаўся Дзіма.

- Усё зраблю, што загадаеце. Я тры ночы не спаў.

- Разяў рот, - загадаў Дзіма.

- Навошта?

Дзіма тупнуў нагою:

- Разяў.

Цмок шырока-шырока разявіў рот, выцягнуўся, як лазіна. Галава яго калацілася, рукі дрыжэлі. Дзіма стаў на дыбачкі, зірнуў у рот.

- Ніколі зубы не чысціў, - паківаў галавою.

- Што? - не зразумеў Цмок.

- Не штокай. Разяў рот! - крыкнуў Дзіма.

Цмок хуценька разявіў рот.

Гледзячы на іх, я ажно заходзіўся ад смеху. А Дзіма адным канцом прывязаў жылку да хваінкі, на другім канцы зрабіў вузельчык і стаў чапляць яго за балючы зуб.

- Хутка ты? - не выцерпеў Цмок.

«Вутка ты», - выйшла ў яго. Вядома, з разяўленым ротам не проста слова вымавіць. А Дзіма чамусьці раззлаваўся.

- Сам ты вутка, - закрычаў.

Кінуў жылку і адышоўся ўбок.

Цмок, як і першы раз, бухнуўся на калені:

- Ратуй.

- Сёння ты як рахманая авечка, а нядаўна зверам быў, - няласкава прамовіў дзядзька Тодар.

- Паспрабуй яшчэ раз, - сказаў я Дзіму.

- Замучыў ён мяне, - прагаварыў Дзіма, беручы ў рукі жылку.

На гэты раз ён усё-ткі накінуў на зуб вузельчык, заціснуў яго. Адышоўся ўбок, загадаў Цмоку:

- Бяжы.

Той вытрашчыў вочы:

- Як? Я прывязаны.

- Ірваніся, каб зуб вылецеў. Толькі не ўцякай ад нас. Мы цябе і на краі свету знойдзем.

- Не, не пабягу, - заўпарціўся Цмок.

- А калі я яму па рэбрах дам? Можна? - азваўся дзядзька Тодар.

- Можна, - згадзіўся Дзіма.

- Не, не, не, не, - заненекаў Цмок.

- Вось пачастую! Я цябе так пачастую, што навек запомніш.

Цмок усхапіўся, прыгнуўся, як спрынтэр, а потым, ірвануўшыся, панёсся. Усё адбылося імгненна. Я нават вокам не паспеў маргнуць.

Дзіма падбег да хваінкі, падняў жылку. На жылцы матляўся вялізны клык.

- Усё-ткі вырваў, - прагаварыў здзіўлена.

- А сам дзе? Куды ён пабег? - разгублена прамовіў я.

У глыбіні лесу чутно было, як трашчала галлё.

 

Спаборніцтва ў падхалімажы

 

- Уцёк, - уздыхнуў Дзіма.

- Цяпер яго і са свечкаю не знойдзеш, - развёў рукамі дзядзька Тодар.

Так, у другі раз абмануў нас Цмок, у другі раз, як гаворыцца, аб адзін і той жа камень спатыкнуліся.

- Развесілі вушы, абяцанкам яго паверылі, - выказаў Дзіма ўслых тое, пра што кожны з нас падумаў - Так нам і трэба.

- Паспяшаліся мы, - сказаў дзядзька Тодар. - Хай спачатку скрыпку прынёс бы, музыку-чарадзея адпусціў бы, а потым зуб ірвалі б.

- Што будзем рабіць? - спытаўся я.

- Па лесе прайдуся, - прамовіў дзядзька Тодар. - Можа, непадалёку схаваўся нячысцік.

Дзядзька Тодар пашыбаваў у лес, а мы з Дзімам засталіся на паляне. Час цягнуўся нясцерпна нудна.

- У самым пачатку нам не пашанцавала, - парушыў маўчанне я. - Значыць...

- Паслухай, - перабіў мяне Дзіма. - Здаецца, музыка і песні.

Я прыслухаўся. Сапраўды, непадалёку быццам на дудцы ігралі, і песня чулася. «Ох, пёсік, ох, пёсік, ох, пёсік, наш Барбосік», - разабраў я словы гэтай песні.

- Пра нейкага Барбосіка гарлапаняць, - кажу Дзіму. - Чуеш?

- Чую. Ходзяць дзівакі па лесе.

- Давай схаваемся. Яшчэ прычэпяцца да нас. Прымусяць, каб разам з імі спявалі.

- Давай схаваемся, - адразу згадзіўся Дзіма.

Мы хуценька забеглі ў лес, схаваліся за елкай. Тое, што мы неўзабаве ўбачылі, напэўна, ні ў адным фільме не паказвалі, нават фантастычным.

На паляну выйшлі тры браты з казкі «Бацькаў дар» і... сабака. Мы спярша падумалі, што гэта не сабака, а нейкі пан ці падпанак. І не дзіва. Ішоў ён на двух нагах, як звычайна ходзяць усе людзі. А на нагах - бліскучыя боты з вострымі, загнутымі насамі. На галаве капялюш з доўгім гусіным пяром. Яшчэ штаны з лампасамі і, як у якога генерала, малінавая шаўковая сарочка, акуляры. Ідзе, быццам шклянку вады на галаве нясе. Але ж сабачы хвост, сабачая пыса...

Гнуткім лазовым дубцом сабака час ад часу сцябаў двух старэйшых братоў, якія ішлі ўперадзе. Ды яшчэ злосна шчэрыўся: «Спявайце. Гр-р-р-р, г-р-р...»

І старэйшыя браты, тулячы плечы, заводзілі тую песню, якую мы пачулі, калі яшчэ сядзелі на паляне:

 

Шаноўны, шаноўны!

Над намі ты галоўны.

Ох, пёсік, ох, пёсік,

Ох, пёсік, наш Барбосік.

 

малюнак

Крыху ззаду клыпаў малодшы брат - Іван-прасцяк. Ён іграў на дудцы.

- З якой казкі гэты сабака? - зашаптаў Дзіма.

- Не ведаю.

- Ты ж усе казкі ў бібліятэцы перабраў.

- Я люблю чытаць чароўныя. А сабака з казкі пра жывёл.

- Чаму браты дазваляюць яму так здзекавацца з іх?

- Не ведаю.

Што я мог сказаць Дзіму, калі і сам нічога не разумеў. Сядзеў натапырыўшы вушы, каб ні слова не прапусціць.

- Торбачку шукалі, якая і напоіць, і накорміць, царэўну з трыдзевятага царства шукалі, - прамовіў Дзіма. - Дашукаліся, валацугі.

- Высока лятаеш - нізка сядзеш, - кажу.

- Стойце! - раптам гыркнуў сабака.

Старэйшыя браты спыніліся. Іван-прасцяк перастаў іграць, прыхіліўся да хваіны. Сабака сцёбнуў у паветры дубцом:

- На-пра-ва-а!

Старэйшыя браты павярнуліся направа.

- Кру-гом!

Браты павярнуліся кругом. Спрытна так...

- Натрэніраваліся, - пырснуў я ў кулак.

Дзіма далонню заціснуў мне рот.

- Цішэй. Паглядзім, што далей будзе.

Старэйшы брат пераступіў з нагі на нагу:

- Дазвольце адпачыць.

- Хоць хвілінку, - прагаварыў за ім сярэдні брат.

Сабака сцёбнуў дубцом:

- Цяпер па плану падхалімаж. Пачынайце. Чаго насы павесілі?

- Ты - хутканогі, - першым пачаў старэйшы брат.

- Ты - самы прыгожы, - падхапіў сярэдні.

- Ты - самы разумны, - гукнуў старэйшы.

Сабака, незадаволены, ашчэрыўся:

- Хопіць. Надакучыла. Чуў. Новую песню прыдумалі б, ці што.

- Я ведаю новую песню, - ступіў наперад старэйшы брат.

- Пра мяне? - пазяхнуў сабака. - Надакучыла.

- Не. Пра музыку-чарадзея.

Сабака, падалося нам, усміхнуўся:

- Давай.

Старэйшы брат адною нагою ступіў наперад, другую адставіў назад, рукі чамусьці заклаў за спіну і загарлапаніў:

 

У музыкі-чарадзея,

Што паны завуць зладзеем,

Пан Цмок скрыпку адабраў,

А яго да студні прыкаваў.

 

- Гэта мне падабаецца, - вільнуў хвастом сабака. - Хоць і няскладна для песні, але словы добрыя.

Старэйшы брат шчасліва ўсміхнуўся. Быццам яму гаршчок з залатымі манетамі далі.

- Шагам марш! - гыркнуў сабака.

Іван-прасцяк зайграў на дудцы, а старэйшыя браты пакрочылі, спяваючы:

 

У музыкі-чарадзея,

Што паны завуць зладзеем...

 

Калі яны схаваліся ў лесе, мы выскачылі на паляну.

- Да студні музыка-чарадзей прыкуты. Чуў? - таргануў мяне за рукаў Дзіма.

- Трэба хутчэй яго ратаваць! Хутчэй! Дзе дзядзька Тодар падзеўся? - у роспачы прамовіў я.

Мы ўжо не думалі ні пра трох братоў, ні пра сабаку - іхняга камандзіра. Адно круцілася ў галаве: музыка-чарадзей да студні прыкуты. Кепска яму, магчыма, памірае. Трэба ратаваць яго.

Ледзьве дачакаліся дзядзьку Тодара.

- Няма Цмока. Згінуў страшыдла, - паведаміў ён нам.

- Ну і халера з ім! - крыкнуў я. - Музыка-чарадзей да студні прыкуты.

- Загіне там, загіне, - прастагнаў дзядзька Тодар. - Пабеглі, хлопчыкі.

І першым, не чакаючы нас, ён прыпусціўся па сцяжынцы. Па той, якая вяла прама.

 

Каля студні

 

Дзядзька Тодар бег як сапраўдны спартсмен. Дзіма не адставаў ад яго: трэніроўка дапамагала. А я дык зусім знясілеў.

Заўважыў гэта Дзіма, папракнуў:

- Чаго сапеш, як салявы мех? Хутчэй не можаш?

«Няўжо, - думаю, - за іх горшы?» Сціснуў зубы, пабег хутчэй. І, ведаеце, нібы другое дыханне з'явілася. Лёгка стала. За якую хвіліну дагнаў і Дзіму, і дзядзьку Тодара. Вось што значыць узяць сябе ў рукі.

Нарэшце ўбачылі студню, ручай. Спыніліся, азіраючыся. Дзе ж музыка-чарадзей? Няўжо выдумаў старэйшы брат, што ён да студні прыкуты? А можа, Цмок сюды прыходзіў, з сабою яго забраў?

Не. Дарма мы трывожыліся. Музыка-чарадзей ляжаў за студняй. Тоўсты ланцуг цягнуўся ад студні да яго рук.

Убачыўшы нас, музыка-чарадзей усміхнуўся, паспрабаваў прыўзняцца, ды не змог, зноў упаў на бок.

- Гэта вы? - ледзь чутна прагаварыў. - У мяне каторы дзень у роце макавай расінкі не было.

Дзядзька Тодар схапіў берасцяны кубак, які стаяў каля студні, падаў мне:

- Міхасёк, вады прынясі.

Я стрымгалоў паляцеў да ручая, зачэрпнуў чыстай, як сляза, крынічнай вады, кінуўся назад.

Дзядзька Тодар трымаў музыку-чарадзея на каленях, быццам малое дзіцё. Я ўкленчыў каля іх, паднёс кубак да рота музыкі-чарадзея. Музыка-чарадзей стаў піць, прагна, вялікімі глыткамі. Вада сцякала па барадзе, капала на сарочку, а ён не заўважаў гэтага.

- Дзякую, - потым прамовіў, апусціўшы галаву. - Я быццам упершыню смак вады адчуў. Ведаеце, якая яна салодкая, вада наша! Дзядзька Тодар дастаў з-за пазухі штосьці завязанае ў чыстую хусцінку. Разгарнуў яе, і мы ўбачылі лусту чорнага жытняга хлеба.

- Еш, - падаў музыку-чарадзею. - У цябе адразу сілы прыбавіцца.

Музыка-чарадзей вінавата ўсміхнуўся:

- Рук не падыму. Ланцуг цяжкі.

- Там молат ляжыць. І зубіла, - дзядзька Тодар паказаў рукою на купку кустоў, якія раслі каля ручая.

Цяпер пабег Дзіма. Праз хвіліну ён вярнуўся, несучы невялікі молат і зубіла. Дзядзька Тодар пасадзіў музыку-чарадзея на траву, узяў у Дзімы молат, зубіла і пачаў біць па тоўстым жалезным абручы, які сціскаў рукі музыкі-чарадзея. Вострае зубіла прарэзвала жалезны абруч, як нож рэжа масла. Мы з Дзімам пераглянуліся. Дзядзька Тодар заўважыў гэта, сказаў:

- Маё зубіла з асаблівай сталі зроблена.

Ланцуг упаў на зямлю. Музыка-чарадзей узняў угору рукі, радасна ўсклікнуў:

- У мяне нібы крылы з'явіліся.

- Еш, - сказаў дзядзька Тодар.

Музыка-чарадзей узяў лусту хлеба.

- Аерам пахне, - прагаварыў.

- Еш, - паўтарыў дзядзька Тодар. - Яго ў печы на аеры пяклі.

Музыка-чарадзей адкусіў кавалак.

- Што з табою здарылася, хлопча? Як ты трапіў у рукі гэтага нячысціка? - запытаўся дзядзька Тодар.

- Пераняў мяне на дарозе, прычапіўся як смала: «Дай хоць разок смыкам пацягнуць. Дай. Мо падабрэю я».

- Не дапаможа музыка таму, у каго душа чорная, - заўважыў дзядзька Тодар.

Музыка-чарадзей кіўнуў галавою:

- Пашкадаваў я яго. А ён мяне скруціў дый прыкаваў да студні.

«Будзеш тут замест ільва сядзець», - сказаў на развітанне.

У мяне міжволі сціснуліся кулакі. Калі б убачыў цяпер Цмока, то, не раздумваючы, кінуўся б на яго. Няхай скруціў бы, як музыку-чарадзея, няхай, але хоць раз добра стукнуў бы. Каб сіняк на ўвесь твар.

Дзядзька Тодар устаў, сказаў з горыччу:

- Ёсць жа такія! З адной губы ў іх і горача і сцюдзёна. Лісцем сцелецца, а ўкусіць цэліцца.

- А вы, выходзіць, шукалі мяне? - азваўся музыка-чарадзей.

- Шукалі, але не знайшлі. Дык людзі мяне пасланцом да нашых малодшых сяброў паслалі.

Дзядзька Тодар кіўнуў галавою ў наш бок. Мы з Дзімам зачырванеліся. «Нашых малодшых сяброў...» Незвычайна гучыць і прыемна.

- Кажуць людзі: «Яны Цмоку рогі скруцяць. Ідзі, Тодар, ідзі. Ты іх добра ведаеш». Вось і прывёў да нас у казку. Сустрэліся мы з Цмокам. Сам да нас прывалокся. Зуб нячысціку забалеў. Так забалеў, што ледзь на хвойкі паганы Цмок не чапляўся. Укленчыў перад намі: «Дапамажыце. І скрыпку аддам, і музыку-чарадзея адпушчу...» Вылечылі...

- І тады ўцёк? - здагадаўся музыка-чарадзей.

- Уцёк. Вось ты нядаўна казаў, што ў цябе нібы крылы з'явіліся. Але крылы і ў малога птушаняці ёсць, ды лятаць не ўмее, бо яшчэ неапераныя. Так і ты без скрыпкі, як з крыламі неаперанымі.

Музыка-чарадзей узняў галаву:

- Я знайду сваю скрыпку. Цяпер знайду.

Дзядзька Тодар уздыхнуў:

- Куды табе цяпер? Спачатку сіл набярыся.

І тут не вытрымаў Дзіма:

- Дзядзька Тодар, мы з Міхасём знойдзем Цмока. Мы забярэм у яго скрыпку.

- Забярэм, - падтрымаў я Дзіму.

- Пачакаем, калі наш музыка-чарадзей паправіцца, - сказаў дзядзька Тодар. - Тады разам пойдзем Цмока шукаць.

- Вы заставайцеся тут, з музыкам-чарадзеем. Нельга яго аднаго пакідаць. А мы ўсё-ткі пойдзем, - прагаварыў Дзіма.

- Невядома, што Цмок цяпер задумвае, - дадаў я.

Дзядзька Тодар хвіліну памаўчаў, а потым сказаў:

- Відаць, ваша праўда, хлопчыкі. Ідзіце.

Дзядзька Тодар моцна-моцна абняў нас, пажадаў на развітанне:

- Шчасліва вярнуцца.

- Не хвалюйцеся. Хутка вернемся, - упэўнена прагаварыў Дзіма.

І мы рушылі ўверх па сцяжынцы. Туды, дзе Цмок.

 

Калі не музы́ка, не бяры скрыпкі ў рукі

 

Ужо пасля мы зразумелі, што знайсці Цмока будзе няпроста. Лес, як гаворыцца, вялікі і шмат сцежак у ім натаптана. Паспрабуй адшукай тую, якая да Цмокавага будана вядзе.

- Вось каб указальнікі былі, - кажу Дзіму. - Падобныя на тыя, што ў нас каля дарог стаяць. Падыходзіш і чытаеш: Цмок - пяцьсот метраў, Баба Яга - адзін кіламетр, Цар-чараўнік - трыста метраў. Не блудзілі б па лесе.

- Гэтыя нячысцікі павырывалі б твае ўказальнікі, - адказаў Дзіма. - Не спадабалася б ім, што кожны дарогу да іх ведае.

- Павыкідалі б, - згадзіўся я. - А вось каб спецыяльны компас быў! Націснуў на кнопку - і стрэлка паказвае, дзе, напрыклад, Цмок хаваецца. Чаму такі компас ніхто не прыдумае?

Дзіма незадаволена чмыхнуў носам:

- Ты яшчэ пафантазіруй.

- І пафантазірую, - загарэўся я. - Вось каб чарадзейны ветрачок мець! Крутнуў, а ён спыняецца і паказвае, куды ісці.

Дзіму, відаць, надакучыла мая балбатня:

- Не пляці глупства. Прыглядвайся, мо Цмокаў след на зямлі заўважыш.

- Слядоў тут многа, - кажу. - І ўсе яны падобныя. Як пазнаць, які з іх Цмок пакінуў? Панюхаць? Але ж я не сабака.

Дзіма спыніўся, схапіў мяне за плячо.

- Міхась, давай зловім таго сабаку, які трыма братамі камандуе. Прымусім, каб да Цмока завёў. Ён знойдзе Цмокаў след і завядзе.

Сапраўды, някепска прыдумаў Дзіма. «Зловім сабаку...» Відаць, дзесьці тут ён. Але ж і тры браты з ім. Што, калі за сабаку заступяцца? Заступяцца? Мабыць, не. Ім гэты сабака, як скула ў боку. Вунь як муштруе. Хутка да непрытомнасці іх давядзе. Яшчэ падзякуюць, што пазбавім ад яго.

- Дзіма, а ён нас не ўкусіць?

Дзіма пагардліва глянуў на мяне.

- Нейкага сабаку з дубцом спалохаўся. Забыўся, як у чужыя сады па яблыкі лазілі? Там ты сабак не баяўся.

І праўда, лазілі. І праўда, не баяўся. А ў нас у вёсцы нават аўчаркі ёсць. Дый усе яны на чатырох нагах бегаюць. Гэты ж толькі на дзвюх. Калі што, дык і ўцячы можна.

Гэтак разважыўшы, я павесялеў.

- Дзіма, - кажу, - мы яго абавязкова зловім. Ён нас як міленькі да Цмока завядзе. А заўпарціцца - здымем штаны з генеральскімі лампасамі і дубцом высцебаем.

Дзіма зарагатаў, задаволены.

- Мы яго ўсё роўна высцебаем, хоць і завядзе, - прагаварыў, ажно захлёбваючыся ад смеху. - Хай не камандуе людзьмі.

Мы хацелі ісці далей, ды пачулася знаёмая песня:

 

Шаноўны, шаноўны!

Над намі ты галоўны.

Ох, пёсік, ох, пёсік,

Ох, пёсік, наш Барбосік.

 

Дзіма схапіў мяне за руку, пацягнуў у кусты:

- Схаваемся. Калі падыдуць да нас, выскачым. Знянацку захопім. Браты, думаю, адразу наўцёкі кінуцца.

- А сабака не пабяжыць за імі?

- Сабаку за ногі схопіш.

«Хітранькі, - думаю. - Я на сабаку кінуся, а ён у кустах адседзіцца».

- А ты? Што ты будзеш рабіць? - пытаюся.

- Я адразу за табою выскачу. Я сабаку рамянём рукі звяжу.

- Лапы, - паправіў я Дзіму.

- Ну, лапы, - згадзіўся ён.

Мы прыселі за кустом, цікуючы. На сцяжынку выйшлі тры браты і сабака.

«Аць-два, аць-два», - камандаваў сабака.

«Аць-два, аць-два», - у такт іграў на дудцы Іван-прасцяк.

«Аць-два, аць-два», - тупацелі нагамі старэйшыя браты.

Раптам яны спыніліся. Якраз насупраць нас.

Я таўхануў Дзіму ў бок:

- Выскачым?

- Крыху пачакаем.

Старэйшы брат прыхінуўся да хвойкі, прагаварыў, як тры дні не еўшы:

- Цяпер налева зварочваць?

Сабака свіснуў дубцом у паветры.

- Налева Цмок жыве. Прама ідзіце. Аць-два, аць-два...

Зноў заіграла дудка, зноў затупацелі браты.

- Хай ідуць, - звярнуўся да мяне Дзіма. - Цяпер і без сабакі ведаем, дзе Цмок жыве.

Крыху пачакаўшы, мы выйшлі на сцяжынку.

- Чаму сабака іх муштруе? - спытаўся я ў Дзімы.

Дзіма махнуў рукою:

- Так яму, відаць, захацелася. У сабак сабачыя звычкі. Што ўзбрыдзе, тое і робяць. Хіба не бачыў, як іншы раз на месяц гаўкаюць?

- Розныя сабакі бываюць, - не згадзіўся я з Дзімам.

- Хопіць пра сабак і сабачыя звычкі разважаць, - сказаў Дзіма. - Трэба Цмока шукаць.

І мы пайшлі па сцяжынцы, якая вяла налева.

Казачны лес, як ні дзіўна, зусім на наш падобны. Ну кропелька ў кропельку. Тут і трапяткую асінку можна ўбачыць, і купку стройных бяроз, і волат-дуб, і цэлыя зараснікі арэшніку. Высока ўгары вісяць нагрэтыя сонцам ажно да карычневага арэхі. Калі б спыніўся, то за дзесяць хвілін дзве кішэні арэхаў нарваў бы.

Але мы ішлі не спыняючыся. Наперадзе пасвятлела, і нарэшце ўбачылі паляну, а пасярод яе - будан. Каля будана на тоўстай калодзе сядзеў Цмок. У руках ён трымаў скрыпку.

Мы спыніліся. Цмок узняў скрыпку, павёў смыком. Скрыпка журботна піскнула і замоўкла. Цмок кінуў яе на зямлю, галёкнуў, як на жывую:

- Я хачу, каб дрэвы танцавалі, а ты ўсё плачаш!

- Не разумее, што яму мядзведзь на вуха наступіў, - прагаварыў я. - Як людзі кажуць? Калі не музыка, не бяры скрыпкі ў рукі.

- У музыку трэба душу ўкладваць, - дадаў Дзіма. - А душы ў Цмока якраз і няма.

У гэты момант Цмок ускочыў, затупацеў нагамі:

- Я цябе паламлю, раструшчу. Калі не мне, то і нікому.

З крыкам «Спыніся, паганы Цмок!» Дзіма выскачыў на паляну. Я пабег за ім.

 

Нечаканая развязка

 

Нам здавалася, што Цмок, убачыўшы нас, пакіне скрыпку і ўцячэ. Два разы ўцякаў жа як падмецены. Ды цяпер чамусьці не стаў уцякаць. Стаіць, пазірае на нас, рот да вушэй.

- Чаму ты ад нас не ўцякаеш? - кажу, зусім разгубіўшыся.

Цмок пачасаў за вухам, пазяхнуў:

- А куды мне ўцякаць? Тут мой дом. Вы ўцякайце. Паспрабуйце.

У апошнім - «паспрабуйце» - чулася пагроза. Так, у гэтую хвіліну мы не пазнавалі Цмока. Нядаўна на каленях стаяў, слёзы ліў, а цяпер нахабна пазірае.

Чаму адразу змяніўся? Штосьці тут не так. Не так...

Але разважаць не было калі.

- Дык што скажаце? - усміхнуўся Цмок.

Наперад выступіў Дзіма:

- Скрыпку аддай. Мы табе зуб вырвалі, а ты нам скрыпку аддай.

Цмок хуценька падняў скрыпку, прытуліў да грудзей:

- Аддам, калі мільён золатам заплаціце.

У мяне вочы на лоб палезлі, як пачуў гэткае. «Мільён золатам заплаціце...» Ды мы такіх грошай і ў вочы не бачылі. Не Цмок, а сапраўдны замежны камерсант.

- І не брыдка табе? - з дакорам прагаварыў я. - Грошы ў школьнікаў пытаеш.

А з Цмока як з гусі вада.

- А мне ўсё роўна, хто вы: школьнікі ці чэрці паласатыя. Абы плацілі.

- Няўжо табе не брыдка? - усклікнуў Дзіма.

- Ніколечкі...

- Зараз мы...

Дзіма не паспеў дагаварыць, Цмок перапыніў:

- Што, падужацца са мною захацелася? А вы спачатку на турніку падцягніцеся.

Толькі цяпер мы заўважылі, што за буданам стаіць новенькі металічны турнік.

- Навошта табе турнік? - пацікавіўся я.

- Падцягваюся. Каб дужэйшым быць. На днях кавалі мне яго зрабілі. Самі прынеслі, самі і ўкапалі. Чаго сталі? Падцягвайцеся.

Не чакаў я, што прыйдзецца на турніку падцягвацца. Гэты турнік і ў школе стараўся абыходзіць. Праўда, разоў пяць падцягваўся пад прымусам. А вось Дзіма на турніку нават сонца навучыўся круціць. Таму цяпер і падштурхнуў яго:

- Давай, Дзіма. Пакажы клас.

Дзіма ступіў наперад.

- Не, - замахаў галавою Цмок. - Спачатку хай той падцягнецца, кірпаты.

І паказаў пальцам на мяне.

Што было рабіць? Я моўчкі паплёўся да турніка. Стаў пад перакладзінай, папляваў на рукі, падскочыў, ухапіўся.

- Пачынай, - каля самага вуха галёкнуў Цмок.

«Каб табе ўсе зубы зараз забалелі», - пажадаў я яму, павольна падцягваючыся ўгору.

- Адзін, - пачаў лічыць Цмок.

Я падцягнуўся другі раз.

- Два.

Рукі сталі слабнуць. Я вырашыў схітрыць. Падцягнуўся, толькі-толькі датыкаючыся галавою да перакладзіны.

- Трэба вышэй! - заверашчэў Цмок. - Трэба, каб барада за перакладзіну чаплялася.

Злосць мяне разабрала. «Ну, - думаю, - падцягнуўся вышэй і нагою ў зубы. Быццам незнарок».

Паволі-паволі стаў падымацца ўгору...

- Рукі дрыжаць, як у старэнькага дзеда, - зайшоўся ад смеху Цмок.

Гэты смех мяне, як гаворыцца, і даканаў. Пальцы быццам самі сабою расшчапіліся, і я ўпаў на зямлю. Было нясцерпна брыдка. Нават вачэй не хацелася падымаць.

- Што, зарыў носам у зямлю? - дакрануўся да пляча Цмок.

Я ўсхапіўся на ногі. А Цмок нечага пабег у будан. Праз хвіліну вылецеў адтуль, трымаючы ў руках тонкі шаўковы шпагат. Даволі вялікі кавалак, наматаны на паленца.

- Ану, - падштурхнуў Дзіму да мяне, - памерайцеся: хто з вас большы?

Дзіма падышоў да мяне, а Цмок у гэты момант абхапіў нас аберуч, як два снапы, прыціснуў і пачаў хутка-хутка абкручваць шпагатам.

Цяпер я адчуў, якую ён меў сілу. Мы з Дзімам ляталі ў яго руках, як дзве бязважкія перынкі.

Не паспелі і рота адкрыць, а ўжо стаім, прыціснуўшыся адзін да аднаго, як два родныя браты-баравікі.

- Наматаў на нас шпагату, як нітак на шпульку, - толькі і вымавіў Дзіма.

- Не падабаецца? - зарагатаў Цмок. - А вы пацалуйцеся.

- Развяжы, - паціху прамовіў я.

Цмок глянуў на нас, як воўк на казу.

- Хваліліся, што дужыя, што браты Пакацігарошка. Я, дурань, верыў яшчэ. Мне ўсё-ўсё пра вас знаёмая сарока расказала. Чакаў я вас. Нарэшце дачакаўся.

Цяпер я зразумеў, чаму Цмок не спалохаўся нас. Не спадзяваліся мы, што будзе такая развязка.

- Не радуйся, Цмок, - глуха прагаварыў Дзіма. - Смяецца той, хто смяецца апошнім.

Цмок крыва ўсміхнуўся:

- Яшчэ задаюцца. Не ведаеце, што з вамі будзе. Пабачыце. А пакуль пасплю. Хвілін гэтак дзвесце.

Цмок пасунуўся ў свой будан, а мы... Мы стаялі каля будана, як на варце, не варухнуўшыся. Уяўляеце, як добра стаяць удвух, шпагатам звязаным?

- Дзіма, у нас ногі адубеюць, - кажу. - Можа, упадзем?

У Дзімы ажно зубы заляскаталі, як пачуў гэткае.

- Стой. Хочаш рэбры паламаць?

- Я дзвесце хвілін не выстаю. Гэтае пудзіла сказала, што будзе дзвесце хвілін спаць.

- Думай, Міхась, думай. Трэба неяк вырвацца з ягоных лапаў.

І мы пачалі думаць. Розныя варыянты круціліся ў маёй галаве. Ды ўсе, як гаворыцца, з жанру фантастыкі.

- Што-небудзь прыдумаў? - парушыў маўчанне Дзіма.

- Вось каб сілы ў сто разоў прыбавілася, - кажу. - Варухнуў плячамі - і шпагат на кавалкі. А потым каб Цмока ў мех які засадзіць. Хай патрапятаўся б, як парася.

- У мех, кажаш? - усклікнуў Дзіма.

- У мех, - паўтарыў я. - Калі тата парасят на базары купляе, то ў мяху дамоў вязе.

- А гэта ідэя! - радасна ўсклікнуў Дзіма.

Я хацеў спытацца ў яго, чаму ён так абрадаваўся, ды не паспеў. З будана вылез Цмок.

 

У мяхах навыперадкі

 

Цмок лыпнуў на нас соннымі вачамі:

- Чаго раскудахталіся? Плакаць трэба.

- Яшчэ наплачамся, - прагаварыў я.

- Гэта праўда, - кіўнуў галавою Цмок. - Толькі якую кару для вас прыдумаць? Бізуном засячы? Ужо засякалі. На агні падсмажыць. Ужо смажылі. Пакінуць дзікім звярам на сняданне? Ужо пакідалі. А мне хочацца вам такую кђру прыдумаць, якой яшчэ ніколі ва ўсім белым свеце не было.

Не па сабе мне стала. Чамусьці нават кончык носа засвярбеў. Так засвярбеў, што не вытрываць. Хочацца пачасаць, а рукі звязаныя.

- Нос, халера, свярбіць, - паціху Дзіму скарджуся.

- Цярпі, - прашаптаў ён. - Мы гэтаму Цмоку яшчэ ўсё ўспомнім. Будзе і на крапіву мароз.

Цмок, задаволены, пацёр рукі.

- Дамаўляецеся, як ад мяне ўцячы?

- Памыляешся, пан Цмок, - сказаў Дзіма. - Дамаўляемся, як дагадзіць табе.

Цмок, задаволены, пацёр лапы.

- Страшна стала?

- Выказаць немагчыма, - прамовіў Дзіма.

- Са ўсяго свету страхі да нас сабраліся, - уздыхнуў я.

Цмок зарагатаў:

- Гэта мне падабаецца.

- Цар лясны, дазволь цябе пацешыць, - звярнуўся да Цмока Дзіма.

- А што вы прыдумалі?

- Мяхі ў цябе ёсць? - спытаўся Дзіма.

- Ёсць. З чортавай скуры зробленыя. Іх ніхто на свеце не парве.

- Нават ты? - здзівіўся я.

- Цьфу, - плюнуў Цмок. - Не даходзіць. Кажу, што ніхто не парве. Хіба не зразумела?

- Зразумела, - хуценька адказаў я. Не хацелася, каб злаваў.

Цмок падазрона глянуў на нас:

- А вам навошта яны спатрэбіліся? Можа, жадаеце, каб у гэтыя мяхі пасадзіў ды на дрэва павесіў? Як воблу. Здаецца, так ніхто не рабіў.

«Пасадзіць, - думаю. - Яму што, злыдню. Ратавацца трэба».

- Не жадаем. Рабілі, - крычу. - Сто чалавек так рабіла.

Цмок памахаў пальцам, нібы на малых дзяцей.

- Спалохаліся? Цяпер бачу, што нагнаў страху. Дык што вы прыдумалі?

- Ты нас развяжы і ў мяхі з чортавай скуры пасадзі, - сказаў Дзіма. - А мы ў мяхах навыперадкі пабяжым. Вось будзе смешна!

Цмок пачасаў за вухам, падумаў і сказаў:

- Што ж, развяжу. Але вы старайцеся, каб мне спадабалася. Калі спадабаецца, то будзеце кожны дзень у мяхах бегаць.

- Пастараемся, - прагаварыў Дзіма.

Цмок падышоў да нас, імгненна разматаў шпагат, кінуў на зямлю.

- Чакайце мяне тут, - сказаў і схаваўся ў будане.

- Што прыдумаў? - паціху спытаўся я ў Дзімы.

- Крыху пабегаем у мяхах, а потым Цмоку прапануем, каб у мех залез, - зашаптаў Дзіма. - Ён залезе, а мы мех шпагатам завяжам.

- А калі не палезе?

Дзіма падняў з зямлі шпагат, схаваў за пазуху.

- Палезе. Пабачыш.

У гэты момант з будана выпаўз Цмок. У лапах ён трымаў два вялізныя, чорныя, як сажа, мяхі.

- Вось і мяхі едуць, - усміхнуўся нам, як добрым знаёмым. - Залазьце. Прашу.

Мы з Дзімам залезлі ў мяхі, нацягнуўшы іх да самай шыі.

- Марш! - стукнуў у далоні Цмок.

Першым, спатыкаючыся, пабег Дзіма. Я ірвануўся, каб дагнаць яго, і носам паляцеў у траву.

- Ха-ха-ха, - на ўсё горла зарагатаў Цмок.

«Каб ты, не спыняючыся, рагатаў», - пажадаў я яму, нязграбна ўстаючы.

- Даганяй, кірпаты, - падахвоціў мяне Цмок.

Калі б я не хваляваўся, калі б разважаў спакойна, то, мабыць, дагнаў бы Дзіму. Але зноў ірвануўся і, вядома, зноў зваліўся на зямлю.

Цмок не вытрымаў:

- Вылазь, незграбайла. Зараз пакажу, як трэба бегаць.

«Ён у мех збіраецца залезці, - тахнула ў галаве. - Не бачыць гэтага Дзіма, ляціць на злом галавы. Ён, напэўна, думае, што тут алімпійскія гульні».

Я на ўсю моц галёкнуў:

- Дзіма! Назад бяжы.

Дзіма азірнуўся. Бачу: выскачыў з мяха і як мага да нас.

- Чаго марудзіш? Вылазь, - крыкнуў Цмок. - Зараз, як зайца, за вушы выцягну.

Я вылез з меха:

- Калі ласка, пан Цмок, залазь.

Цмок вырваў мех з маіх рук, залез у яго і скокнуў, як кенгуру. Адзін раз, другі. Спыніўся, параўняўшыся з Дзімам.

- Вучыся, кірпаты, - усміхнуўся, звяртаючыся да мяне.

Я стукнуў сябе кулаком у грудзі:

- Абавязкова навучуся, пан Цмок.

Цмок ажно ззяў ад шчасця.

- Оп-ля! Оп-ля! - скокнуў яшчэ два разы. Мы з Дзімам дагналі яго.

- Пан Цмок, паспрабуй з галавой схавацца, - сказаў Дзіма. - Напэўна, не зможаш бегчы, калі з галавой схаваешся?

Цмок вылупіў вочы:

- Што? Я ўсё змагу.

І адразу ж нагнуўся, хаваючыся ў мех з галавою. Дзіма выхапіў з-за пазухі шпагат.

- Пан Цмок, крыху пачакай, - крыкнуў я.

- Яшчэ ніжэй сесці? - глуха данеслася з меха.

- Але, крыху ніжэй. Дый адпачні. Сіл набярыся.

- У мяне сіл хапае.

Пакуль я з Цмокам вёў гэткія перагаворы, Дзіма борздзенька завязваў мех. Вось заціснуў адзін вузел, другі.

- Усё, - выцер з ілба пот.

- Усё? - глуха крыкнуў Цмок.

- Куляй яго, - звярнуўся да мяне Дзіма.

Упёршыся рукамі, мы перавярнулі Цмока на бок.

- Што робіце? - зароў ён.

- Сядай, - запрасіў мяне Дзіма, паказваючы на мех.

Я сеў. Дзіма таксама сеў, выцягнуўшы ногі.

- Што робіце?

- Адпачываем, - са здзекам прамовіў я.

- Па ветры развею.

Я, доўга не чакаючы, грукнуў кулаком:

- Супакойся, пан Цмок. Калі яшчэ хоць слова пачуем, то змалоцім на горкае яблыка.

Цмок штосьці мармытнуў і змоўк.

 

Сабака і яго сабачая грамата

 

Сядзім, адпачываем, а Цмок толькі крэкча ды вохкае. Раптам бачым: сабака з лесу ляціць. Той самы, у акулярах, на пана ці падпанка падобны. Ляціць і дубцом, як шабляй, махае.

Падскочыў да нас, дубцом замахнуўся:

- На калені!

Мы знячэўку разгубіліся. Пазіраем на яго. А ён свісь Дзіму па спіне.

Ну й раззлаваўся Дзіма! Усхапіўся, нібы яго кіпенем аблілі, як коршак, на сабаку накінуўся. Пакаціў, сеў вярхом і крычыць:

- Міхась, дубец забяры. А я з яго штаны сцягну. Зараз адхвошчам.

- Пусці! - завішчэў сабака.

А Дзіма:

- Дубец забірай. Чаго сядзіш?

Усхапіўся я, за дубец цягну, а сабака на аддае.

- Мой дубец! Мой дубец! - верашчыць.

Тады я яго за адно вуха, за другое. А ён ажно завыў:

- Не цягай за вушы. Адарвеш...

- Я табе не толькі вушы, але і хвост адарву, - кажу. - Пусці дубец.

Падзейнічала пагроза. Адпусціў. А я яго яшчэ раз за вушы. Каб ведаў, на каго кідаецца.

- Сцягвай штаны, - звяртаюся да Дзімы, махаючы дубцом.

Сабака ў слёзы:

- Пусціце. Я вам штосьці пакажу.

- Пусці, - кажу Дзіму.

Злез Дзіма з сабакі, непадалёку стаў, каб зноў кінуцца, калі ўцякаць задумае.

- Што там у цябе? Паказвай.

Сабака дастаў з кішэні нейкую паперку, разгарнуў і працягнуў Дзіму:

- Чытаць умееш?

- Жартаўнік, - засмяяўся я.

Дзіма ўзяў паперку, стаў чытаць, хмурачы бровы: «Сабачая грамата. Дадзена пёсу Барбосу ў тым, што ніхто гэтага сабаку і пальцам крануць не смее. А сам пёс Барбос мае права біць і кусаць простых людзей, колькі яму ўздумаецца».

Дзіма здзіўлена паглядзеў на мяне:

- Што гэта?

- Дык гэты сабака з казкі «Сабачая грамата», - успомніў я. - У ёй гаворыцца, што некалі панамі былі не толькі паны, а і панскія сабакі. І давалі ім паны важныя паперы - дваранскія граматы. Перад сабою бачыш такую грамату.

- Дык ты не просты сабака, а панскі?

- Панскі, - затрос галавою сабака. - І гэтую грамату я шаную як вока.

- Гм, - хмыкнуў Дзіма. - Дзівосы. Цяпер зразумела, чаму тры браты так паслухмяна твае каманды выконвалі. Цікава: дзе яны падзеліся?

- Уцяклі, - усхліпнуў сабака.

- Дык ты вырашыў нам на шыю сесці?

- Аддайце грамату. Я пайду братоў-лайдакоў шукаць.

Дзіма склаў грамату ў некалькі столак і... разарваў.

«Фу-у-у», - дзьмухнуў, падкінуўшы ўгору дробныя кавалачкі паперы.

- Што ты нарабіў! - усклікнуў сабака. - Цяпер я ўсе свае дваранскія правы страціў.

- Я вашы дваранскія правы адмяняю, - спакойна прагаварыў Дзіма.

Сабака падскочыў да яго, ашчэрыўся. «Чаго добрага, яшчэ ўкусіць, - падумаў я. - Відаць, распірае яго ад злосці».

Я замахнуўся дубцом:

- Сядзець.

Сабака скасавурыў вочы, вільнуў хвастом і сеў на зямлю.

Дзіма зняў з яго носа акуляры, прымераў сабе.

- Дубец адабралі, дык хоць акуляры аддайце, - тоненька заскуголіў сабака.

Дзіма зняў акуляры:

- Бяры. Я ў іх як сляпы кот.

Сабака борздзенька схапіў акуляры, схаваў у кішэню. Пабаяўся на нос чапляць. Відаць, падумаў, што зноў забярэм.

- Вы мяне адпусціце? - спытаўся, віляючы хвастом.

- На ланцуг пасадзім, - сказаў я. - Хопіць па лесе гойсаць.

- Ад нуды загіну. Я ніколі на прывязі не сядзеў.

- Прывыкнеш, - сказаў Дзіма. - Усе сабакі прывыкаюць. Спачатку выюць, а потым толькі гаўкаюць.

У мяху заварочаўся Цмок. Сабака спалохана азірнуўся:

- Што там?

- Цмок, - кажу знарок абыякава.

- Няўжо сам Цмок?

Я стукнуў па мяху нагою:

- Пан Цмок, азавіся. Ку-ку...

- Выпусціце мяне, злыдні, - заенчыў Цмок.

- Не выпускайце, - устрапянуўся сабака. - Ён калісьці прымушаў, каб я стойку на лапах рабіў. У мяне ад той стойкі і цяпер галава трасецца.

- Паскуднік! - данеслася з мяха.

- Яшчэ лаецца, - з крыўдаю прамовіў сабака. - Дазвольце яго дубцом пацягнуць.

Дзіма ўсміхнуўся:

- Калі ласка.

Сабака выхапіў з маіх рук дубец і са ўсяе сілы сцёбнуў па мяху.

- Ай-я-яй! - заенчыў Цмок.

Сабака сцёбнуў у другі раз.

- О-ё-ёй...

- Што, падабаецца? - спытаўся я ў сабакі.

Сабака шчасліва-шчасліва ўсміхнуўся:

- Яшчэ як.

- Ну і лупі, пакуль не надакучыць. А мы пойдзем. Некалі нам тут сядзець.

Сабака выцягнуўся, казырнуў:

- Буду старацца!

- Не сабака, а сапраўдны ваяка, - у рыфму сказаў Дзіма і дадаў: - Мех не развязвай, дваранін. Калі выпусціш Цмока, дык ён цябе разам са штанамі праглыне.

Мы зайшлі ў будан, забралі скрыпку і, пасвістваючы, накіраваліся да калодзежа.

 

Зноў з сябрамі

 

У музыкі-чарадзея ажно слёзы на вачах выступілі, калі ён убачыў сваю скрыпку.

- Прынеслі? Усё-ткі прынеслі? - толькі і прамовіў.

Узяў у рукі, прытуліў да грудзей.

- Цяпер я з табою ніколі не разлучуся.

- Малайцы хлопцы, - пахваліў нас дзядзька Тодар. - Цяпер да мяне. У госці.

Канечне, нам хацелася пабыць з сябрамі. Так, так, менавіта з сябрамі. Няхай дзядзька Тодар і музыка-чарадзей старэйшыя за нас, але мы непрыкметна пасябравалі з імі. Быццам з роўняй, пасябравалі. Як самыя блізкія сталі яны нам. Але ж і дома, гэта мы добра ведалі, чакаюць нас, непакояцца. А магчыма, і ва ўсе званы б'юць.

- Дзякую за запрашэнне, - сказаў Дзіма. - Не можам сёння. Як-небудзь у другі раз.

- Разумею, - прагаварыў дзядзька Тодар. - Свая хатка - родная матка.

- Можа, крыху адпачнем? - звярнуўся я да Дзімы.

Ногі мае проста гудам гудзелі. І па лесе давялося пахадзіць, і настаяцца, і ў мяху наскакацца.

- Не, - сказаў Дзіма. - Дома адпачнем.

- Ідзіце, - прамовіў музыка-чарадзей. - Я для вас на скрыпцы пайграю. Каб стома прайшла.

Дзядзька Тодар абняў нас, развітаўся, і мы пайшлі па сцяжынцы. А праз хвіліну пачуліся лагодныя гукі музыкі. Стала лёгка-лёгка. Так лёгка, што хоць у скокі пускайся.

Я азірнуўся.

- Дзякую. Мы яшчэ вернемся, - крыкнуў.

Чароўная мелодыя гучала, спяваючы аб шчасці, і радасна было на душы.

 

Частка трэцяя. Пяць добрых спраў

 

Як пачыналася завязка

 

Тры дні мы з Дзімам пражылі без усякіх прыгод. А вось на чацверты дзень, у сераду...

Не, не стану забягаць наперад. Паслухайце, як пачыналася новая завязка.

Раніцою мы з Дзімам ішлі ў школу. Ідзем, значыць, пазяхаем (перад гэтым цікавы фільм паказвалі ў перадачы «Для тых, хто не спіць», і мы з Дзімам, вядома, таксама не спалі, глядзелі яго), а насустрач загадчык фермы дзядзька Рыгор, ці, як у вёсцы завуць яго, Іванавіч. Дваццаць сем гадоў хлопцу, а ўжо Іванавіч. Заслужыў.

Параўняўся ён з намі і пытаецца:

- Не выспаліся, хлопцы?

- Не, - пазяхнуў я.

- Каб які дабрадзей дзве ночы стачыў, то, канечне, выспаліся б, - вырашыў пажартаваць Дзіма.

Іванавіч крыва ўсміхнуўся:

- А калі я вас цяпер за вушы ды ў міліцыю?

- За што? - спачатку не дайшло да мяне.

- За вушы, - цвёрда сказаў Іванавіч. - А пасля: - Па-добраму прызнавайцеся. Я ўсё ведаю.

Рыжыя вусы ў Іванавіча таргануліся. У яго, ведаў я, заўсёды так, калі злуецца. Мы стаялі як апараныя кіпнем.

- Мы нічога кепскага не рабілі, - першым апамятаўся Дзіма.

- А чаму не выспаліся?

Злосць мяне ўзяла. Хай сабе ён загадчык фермы, хай сабе Іванавіч, але чаму сярод вуліцы запыняе? Чаму ні за што чапляецца да нас?

- Вы ў сябе на ферме камандуйце. Даяркамі і каровамі, - кажу. - А нам у школу трэба ісці.

Зноў у Іванавіча вусы таргануліся.

- Смелыя, - працадзіў ён праз зубы. - Паглядзім, як у міліцыі заспяваеце.

- Мы і ў школе наспяваемся. Во хопіць, - правёў я рабром далоні па горле. - Сёння ў нас спевы якраз.

Іванавіч падняў руку. Відаць, хацеў схапіць нас за вушы, але мы, як два зайцы, адскочылі ўбок.

Іванавіч пагладзіў свае рыжыя вусы, а потым спытаўся:

- Навошта кароў павыганялі?

Калі б гэты эпізод у якім-небудзь фільме паказвалі, то я аж бакі рваў бы. Але тут было не да смеху. Я разумеў, што трэба ратавацца.

- Нашу карову тата на пашу выганяе. Я сплю як забіты, калі ён яе выганяе, - кажу, адступаючыся назад.

- І я сплю без задніх ног, калі каровы выганяюць, - заморгаў Дзіма.

- Няўжо вы невінаватыя? - прагаварыў Іванавіч. - Уважліва паглядзеў на нас і махнуў рукою: - Ідзіце. Можа, дарма вас запыніў. У мяне таксама нервы. Усю ноч не спаў, кароў заганяў.

Нам вельмі хацелася спытацца ў Іванавіча, якіх кароў ён усю ноч заганяў, ды чамусьці пабаяліся. Закінулі партфелі на плечы і борздзенька патупалі па вуліцы.

- А ўсё-ткі хтосьці з вас, школьнікаў, гэта зрабіў, - крыкнуў Іванавіч наўздагон. - Дарослыя такога не зробяць.

- Што з ім? - таўхануў я Дзіму. - Якая муха яго ўкусіла?

Дзіма паціснуў плячамі:

- Хто яго ведае. Мабыць, не з тае нагі ўстаў.

- А калі гэта не Іванавіч, а Цмок?

Дзіма спыніўся:

- Што вярзеш? Таксама не з той нагі ўстаў?

- Усё можа быць, - кажу Дзіму. - Ператварыўся Цмок у Іванавіча і з казкі да нас прыплёўся. Як нядаўна работнік-селянін.

- А дзе тады сам Іванавіч?

- Хто яго ведае, - паціснуў я плячамі.

- Ты пра гэта нікому ні слова, - сказаў Дзіма. - Потым высветлім, хто з намі размаўляў: сапраўдны Іванавіч ці несапраўдны.

Мы подбегам накіраваліся ў школу. А на школьным двары нас спыніў Сяргей Мазоль.

- Чулі? Ноччу з кароўніка нехта ўсіх кароў павыганяў, - паведаміў ён. - Думаюць, што гэта мы, школьнікі.

- Кароў? - лыпнуў я вачамі на Сяргея.

- Кароў. Паадвязваў і на двор выгнаў. Ха-ха-ха, - зарагатаў Сяргей.

- Чаму смяешся? - спытаўся Дзіма.

- Бо смешна. Кароў павыганяў! Ха-ха-ха... Калі б «Жыгулі» з гаража выгнаў, то не смешна было б.

Дзіма скоса зірнуў на мяне і паказаў кулак.

Я здагадаўся, чаму кулак паказвае. З-за таго, што Іванавіча Цмокам назваў. Выходзіць, з сапраўдным загадчыкам фермы мы размаўлялі. Проста не зразумелі яго. Але ён і сам вінаваты, што не зразумелі. Калі б растлумачыў як чалавек, што здарылася, то такога не было б. І ўсё роўна неяк не верылася, што хтосьці кароў павыганяў.

- Ты не ілжэш? - спытаўся я ў Сяргея.

- У каго другога спытайцеся, калі не верыце.

- Дык вартаўнік у кароўніку. Хіба ён не чуў?

- Дзед Тамаш як засне, дык яго самога хоць бяры ды вынось. Ну, я пайду. Яшчэ каму-небудзь раскажу.

Сяргей падэбаў, усміхаючыся, а мы з Дзімам стаялі як вады ў рот набраўшы. Не чакалі гэткага. Разгубіліся.

 

Кватарант

 

А пасля ўрокаў прылятае Дзіма. І з парога:

- У бабкі Веркі кватарант жыве!

Я адразу пра ўсё забыўся. Не часта ў нашу вёску чужыя людзі прыязджаюць, ды яшчэ кватараваць.

- Малады? - пытаюся.

- Здаецца, не, - адказаў Дзіма. - Я ад мамы пачуў. Пабеглі паглядзім.

Праз некалькі хвілін мы былі каля хаты бабкі Веркі. На надворку, на лаўцы, сядзелі бабка Верка і незнаёмы мужчына. Я яму даў бы гадоў пяцьдзесят, не меней. Адзенне на ім было новенькае, як толькі ў магазіне купленае: і адпрасаваны касцюм, і доўгі, ажно да пояса, гальштук, і сарочка ў клеткі, як на шахматнай дошцы. А яшчэ на каленях у мужчыны ляжаў шэры капялюш.

Мы з Дзімам прыселі каля плота.

- Міхась, - прашаптаў Дзіма, - бабка Верка і яе кватарант падобныя, як дзве кроплі вады.

Прыгледзеўся я. Здаецца, падобныя: ружовашчокія (іголкай дакраніся - кроў пырсне), тоўстыя, як бочачкі.

- Мабыць, яны сваякі, - кажу Дзіму.

- Не, - не пагадзіўся са мною Дзіма, - у бабкі Веркі няма сваякоў. Толькі сын Дзяніс у сталіцы, у Менску, жыве. Я нават яго адрас ведаю. Бабка Верка часта просіць мяне, каб пісьмо яму напісаў.

- А можа, гэты капялюш, - паказваю на мужчыну, - сватаецца да бабкі Веркі?

- Вярзеш грушу на вярбе, - сказаў Дзіма. - Лепей паслухаем, аб чым гавораць.

Мы сцішыліся.

Мужчына ўзяў капялюш, надзеў на галаву, звярнуўся да бабкі Веркі:

- Бульбы сёлета шмат накапалі?

- Позняя была. І ўсходзіла кепска. Ды колькі той бульбы мне трэба? - адказала бабка Верка.

- А грыбоў багата было?

- Не сказаць, каб вельмі. Дожджык толькі зрэдку пырскаў. Але я торбачку баравікоў насушыла. Прыедзе сын з горада - хай з сабою вязе.

- Раней лепей было. Лепей, - два разы паўтарыў мужчына. - І дажджы штодзень ішлі, і грыбоў вырастала, хоць касу закладай.

- Лепей, - пагадзілася бабка Верка. - Цяпер вось ногі круціць, а некалі, памятаю, нібы перапёлка, бегала.

Некалькі хвілін бабка Верка і мужчына сядзелі моўчкі. Потым зноў пачаў мужчына:

- Ваш сын, Вераніка Юльянаўна, часта да вас прыязджае?

Я пырснуў у кулак. Вераніка. Ды яшчэ Юльянаўна. Смешна гучыць. Так бабку Верку ў нашай вёсцы, відаць, ніхто зроду не называў. Цвіце бабка Верка. Такі зварот ёй як маслам па сэрцы.

- Маўчы, - зашаптаў Дзіма. - Калі насмяешся?

- Не, рэдка, - уздыхнула бабка Верка. - Нявестка мая, Ірына, да сваёй маткі ўсё цягне. А ён за Ірынаю, як цялятка, бяжыць.

- Вось і гадуй дзяцей, - прамовіў мужчына. - На старасці кубак вады не пададуць. Волю вялікую ім далі. Да чаго дадумаліся, нягоднікі! Кароў павыпускалі.

- Яшчэ свая вош іх не ўкусіла. Таму і гуляе вецер у галаве, - прагаварыла бабка Верка.

Мужчына зняў капялюш, памахаў ім перад тварам:

- Э-э-э, памыляецеся, Вераніка Юльянаўна. Ад распусты ўсё. Іх трэба ў кулаку трымаць. Каб не піснулі.

У мяне раптам заказытала ў носе. Вось-вось чхну. Заціснуў рот, а ўсё роўна чхнуць так хочацца, што не вытрываць. І я не вытрываў:

- Апчхі.

Мужчына ажно падскочыў:

- Што гэта?

«А ў цябе слабыя гайкі», - падумаў я.

- Пайшлі на надворак, пакуль не заўважылі, што каля плота сядзім, - пацягнуў мяне за сабою Дзіма.

Мы адчынілі весніцы, зайшлі на падворак, прывіталіся.

Мужчына зыркнуў на нас спадылба, а бабка Верка ўсміхнулася:

- Што скажаце?

- Вады захацелася папіць, - схлусіў Дзіма.

- Калодзеж на вуліцы, - няласкава сказаў мужчына. - Дасталі б і папілі б з вядра.

- Я не прывык з вядра піць, - з гонарам адказаў Дзіма.

- Школьнікі? - спытаўся мужчына.

- Школьнікі, - прагаварыў я.

- Можа, пазнаёмімся?

Мы моўчкі стаялі, пераступаючы з нагі на нагу.

- Гэты Міхась, а той Дзіма, - тыцнула пальцам бабка Верка. - Саромеюцца хлопцы.

- Міхась? Дзіма?

Мужчына выцягнуў шыю, зірнуў на нас, як кот на мышэй. Мне здавалася: яшчэ хвіліна - і кінецца, ушчарэпіцца, каб не выпусціць. Але, на шчасце, не кінуўся, праз секунду скрывіў губы ва ўсмешцы:

- Мяне Фама Спірыдонавіч зваць. Са сталіцы я прыехаў. Навуковым работнікам там працую. Вялікія навуковыя працы пішу. Захацелася ў вёсцы крыху пажыць, вясковым кіслародам падыхаць. Вераніка Юльянаўна дазволіла, каб у яе пажыў.

- Жывіце, Фама Спірыдонавіч. Колькі захочаце, жывіце. Я вучоных людзей паважаю. Я з вас нават грошай не вазьму.

- Мы пойдзем, - сказаў Дзіма, адступаючы.

- Вы ж хацелі вады папіць, - здзівілася бабка Верка.

- Ужо расхацелася, - крыкнуў я, зачыняючы весніцы.

- Не падабаецца мне гэты Кот Спірыдонавіч, - сказаў Дзіма. - Нутром адчуваю, што кепскі ён чалавек.

- Ён такі навуковы работнік, як я старшыня калгаса, - падтрымаў я Дзіму. - Ваду муціць. Нас, школьнікаў, з'есці гатоў. Валіць з хворай галавы на здаровую.

Вось так мы пазнаёміліся з кватарантам бабкі Веркі Фамой Спірыдонавічам, ці, як назваў яго Дзіма, Катом Спірыдонавічам.

 

Назаўтра пасля ўрокаў

 

Назаўтра пасля ўрокаў мы з Дзімам сядзелі на лаўцы і Фаме Спірыдонавічу костачкі перамывалі. Асабліва Дзіма стараўся:

- Гэты Кот Спірыдонавіч адно не праглынуў нас.

- Але, - падтрымліваў я Дзіму, - глянуў на мяне як тры грошы даў.

- Відаць, шпіён.

- У сто разоў горшы, - замахаў я рукамі.

Размаўляем гэтак, а тут Аня Бялько падыходзіць. Вы, напэўна, памятаеце яе? Яна выдатніца ў нашым класе. Падыходзіць, садзіцца без запрашэння на лаўку і пачынае:

- Сумуеце?

Не спадабалася мне, што такую цікавую гаворку перапыніла.

- А ты новым анекдотам хочаш нас пацешыць? - рэзнуў ёй прама ў вочы.

- Ні этыкі ў вас, ні эстэтыкі, - з дакорам прамовіла Аня.

Я хацеў сказаць ёй, што такімі нарадзіліся, што не ёй нас перавыхоўваць, але Дзіма не даў мне рот адкрыць:

- Маўчы, Міхась. Не будзем сварыцца. Нельга цяпер.

«Так, - падумаў я, - правільна ён разважае. Трэба вывесці Фаму Спірыдонавіча на чыстую ваду, даведацца, хто ён такі. А калі сварыцца пачнём, дык і пра Спірыдонавіча забудземся».

- Аня, ты чаго да нас прыйшла? - спытаўся больш лагодна.

Аня адразу павесялела:

- Хлопчыкі, вось я сядзела і думала...

Аня задрала галаву, стала глядзець кудысьці ўгору. «Зноў думае», - здагадаўся я.

- Дык аб чым ты думала? Можа, аб тым, як у нябесны блакіт узляцець? - Дзіма падняў руку, паказваючы на неба. - З птушкамі палятаць захацелася?

- Не, - сказала Аня, - мне болей падабаецца па зямлі хадзіць. А вось чаму на нас у вёсцы коса глядзяць, дык і вы задумайцеся.

- А чаго тут думаць, - сказаў я. - Раструбіў Іванавіч, што мы кароў павыганялі.

- Заўсёды так: наробіць хто-небудзь шкоды, а дзеці вінаватыя, - сказаў Дзіма.

Я ў думках пагадзіўся з Дзімам. І праўда, усе дарослыя лічаць, што дзеці - гэта нейкія каты-шкоднікі. Калі не зрабілі шкоды, то абавязкова зробяць. Вось як у нас дома нядаўна было. Тата крыштальную вазу разбіў. Рукавом са стала яе змахнуў. Мама прыйшла з работы і мне ручніком па спіне. А тата стаіць ды цыгарэту пакурвае. Што ж, не яго б'юць, а мяне. Толькі на трэці дзень прызнаўся, што ён разбіў. Відаць, сумленне заела.

Пра гэта, вядома, я цяпер не сказаў сябрам. Хіба дапамогуць яны мне? У іх таксама падобнае часта здараецца. Я толькі ўздыхнуў:

- Нас хутка з вёскі вытураць.

- Каб толькі гэта! - з горыччу прамовіў Дзіма. - Іванавіч школе каня не даў. Пазваніў да яго наш дырэктар. Так і так, трэба агарод узараць. А Іванавіч яму: «У нас коні і так замораныя. Ледзьве ходзяць. Ім адпачываць трэба».

- Начальнік! - усклікнула Аня. - Давайце зробім так, каб ён не ведаў, куды ад сораму дзецца.

- Трэба Іванавіча на месца паставіць, - згадзіўся Дзіма. - Што прыдумала?

- Наша ферма выканала гадавы план па продажу малака, - неяк па-газетнаму пачала Аня, - а даярак ніхто не павіншаваў. Крыўдзяцца яны. Я сама чула.

- Дык што рабіць? - прамовіў Дзіма. - Пайсці і паціснуць ім рукі? Віншуем вас, працаўнікі ферм!

- Павіншуем, але не так, як ты думаеш. Навагоднюю ёлку паставім. Каб бачылі, што для іх наступіў Новы год.

Канечне, нічога звышарыгінальнага Аня не прыдумала. Я не раз бачыў, як такую ёлку па тэлевізары паказвалі. Але ж даяркам прыемна будзе. І таму я падтрымаў яе:

- Сёння ж паставім. Хай Іванавіч згарыць ад сораму. Пайшлі.

- Пачакай, - спыніў мяне Дзіма.

- Ты што, супраць? Не хочаш людзей парадаваць? - накінуўся я на яго. - Нашы даяркі табе не падабаюцца?

- Я не супраць, - сказаў Дзіма, - але ж па ёлку трэба ў лес ісці.

- Вядома, не ў агарод, - засмяяўся я.

- Ды я не пра тое. Нельга без дазволу ёлку ссякаць. Мы ссячэм, а ляснік нас за каўнер. Зноў непрыемнасць.

Я пачухаў патыліцу. Правільна кажа Дзіма: нельга, непрыемнасць. Вось як бывае. Хочаш добрае зрабіць, а можа кепскім абярнуцца.

- Дык не будзем ставіць? - спытаўся я.

- У мяне ёсць штучная ёлка, - сказала Аня. - Яна як сапраўдная.

- Аня, ты бяжы за сваёю штучнаю ёлкаю, а мы з Дзімам прынясем цацкі, - скамандаваў я.

Не паслухалася Аня:

- Так нецікава. Цацкі мы самі зробім. З яечных шкарлупін.

- Дзе ж столькі шкарлупін набраць? - хмыкнуў Дзіма. - Хіба на сметніку?

- На сметніку хай куры грабуцца, - сказаў я.

- Вы быццам на свет нарадзіліся, - з папрокам прамовіла Аня. - У вас дома яйкі ёсць? Ёсць. Спачатку пракаліце іх з двух канцоў іголкаю, а затым бялок і жаўток высмоктвайце. І вам карысць, і шкарлупіны будуць. Размалюем іх па-рознаму. Цудоўныя цацкі выйдуць.

Як мы ні пераконвалі Аню. што фабрычныя цацкі прыгажэйшыя, не пераканалі. Заўпарцілася, на сваім стаіць: са шкарлупін лепшыя. Мусілі згадзіцца з ёю. Хіба пераканаеш дзяўчынку, ды яшчэ выдатніцу? Яны заўсёды лічаць, што за ўсіх разумнейшыя.

- Бяжы па сваю ёлку, - уздыхнуў я. - Да мяне прынясеш. Тата і мама на рабоце. У маёй хаце шкарлупіны размалюем.

Калі Аня пайшла, Дзіма прапанаваў мне:

- Я дзесяць яек вазьму, і ты дзесяць возьмеш. Пароўну. Каб не крыўдна было.

Пайшоў Дзіма ў хату за яйкамі, а я застаўся на вуліцы. Хвіліна прайшла, пяць хвілін, дзесяць - няма Дзімы. Нарэшце выходзіць, азіраючыся, як злодзей.

- Во, - паказвае на адтапыраныя кішэні. - У адну кішэню пяць улезла і ў другую пяць.

- Чаму так доўга быў? - накінуўся я на яго.

- Маці ў хаце была. Чакаў, калі выйдзе.

Мне здавалася, што мы хутка справімся з гэтай незвычайнай работай, якую даручыла нам Аня. А выйшла па-другому.

Спачатку, як вучыла Аня, мы з Дзімам пракалолі яйкі з двух канцоў іголкай, а потым пачалі смактаць, як смокчуць мёд з сотаў. Смокчам, а з дзіркі ані кропелькі.

- Трэба мацней, - сказаў Дзіма.

Пачалі з усяе сілы смактаць. У мяне ў скронях аж нейкія жылачкі затахкалі, а ў Дзімы твар так пачырванеў, нібы яго замест шкарлупіны чырвонаю фарбаю памалявалі.

Не ведаю, што рабілі б, калі б Аня не прыйшла. Як сапраўдны Дзед Мароз. З ёлкаю і з фарбамі.

- Бялкі і жаўткі быццам прыраслі да шкарлупін, - кінуўся да Ані Дзіма.

Паківала яна галавою:

- Эх вы! Трэба большыя дзіркі пракалоць.

- А можа, там кураняты сядзяць? - прагаварыў я.

- Кураняты вясною выводзяцца, а не восенню. Кажу вам, што трэба большыя дзіркі пракалоць, - раззлавалася Аня.

Мы пракалолі ў яйках большыя дзіркі і пачалі па адным піць. Вып'ем - шкарлупіну на стол кладзем. А Аня рознымі колерамі малюе. І нейкіх вясёлых чалавечкаў, і кветкі, і домікі, і шары. Напіліся мы яек, што аж моташна стала. Я на іх і цяпер глядзець не магу.

Размалявала Аня шкарлупіны, а потым усе разам ніткі да іх прывязалі, вялікаю іголкаю праз дзіркі прасадзіўшы.

Паклала Аня ўсе гэтыя цацкі са шкарлупін у цэлафанавы мяшочак і пытаецца:

- Колькі гадзін?

- Пяць, - кажу.

- А даяркі калі на ферму прыходзяць?

- У шэсць.

- Значыць, паспеем ёлку ўпрыгожыць, - сказала Аня, пазіраючы на нас з Дзімам, як на немаўлят. - Цяпер у рэдакцыю пазвонім.

Я ажно вочы вылупіў:

- Куды?

- У рэдакцыю раённай газеты.

- Не трэба званіць, - усклікнуў Дзіма. - Загрымім, як кажуць, пад фанфары.

- Я пазваню не для смеху. Папрашу, каб прыехалі да нас на ферму і даярак каля ёлкі сфатаграфавалі. Гэта іхняя работа.

Разважылі мы з Дзімам. Сапраўды, работа, сапраўды, трэба сфатаграфаваць. Хай на нашых перадавікоў увесь раён глядзіць.

- Звані, - сказаў Дзіма.

Набрала Аня нумар - яго мы ў тэлефонным даведніку знайшлі - і гукнула:

- Ало, гэта рэдакцыя?

Мы з Дзімам выцягнулі шыі, слухаем.

- Рэдакцыя, - мужчынскі голас з трубкі даносіцца. - З кім размаўляю?

- З вамі размаўляе вучаніца шостага класа Вароніцкай васьмігадовай школы Аня Бялько. А вы хто?

Я таўхануў Дзіму ў бок.

- Быццам рэпу грызе, - прамовіў Дзіма.

- Я карэспандэнт, - чуецца з трубкі голас.

- Таварыш карэспандэнт, прыедзьце, калі ласка, да нас у Варонічы. На нашай ферме ўсе даяркі гадавое заданне выканалі.

- Прыехаць?

- Прыедзьце, таварыш карэспандэнт. Мы вельмі просім вас.

«Зусім не баіцца, - думаю. - Ёй толькі дзе-небудзь на вялікім заводзе камандаваць».

- Позна ўжо. Каб раней, - чуем, як апраўдваецца карэспандэнт.

- Сёння для даярак мы ёлку паставім. Разумееце?

- Разумею... Разумею... Э-э-э...

- Духу ў карэспандэнта не хапае, - заўважыў Дзіма.

- Таварыш карэспандэнт, вас вучні просяць. Прыедзеце?

- Пастараемся прыехаць, - нарэшце згадзіўся карэспандэнт.

А Аня, нібыта сапраўдны начальнік:

- Дык пастараецеся ці прыедзеце?

- Ха-ха-ха, - чамусьці засмяяўся карэспандэнт. А пасля: - І пастараемся, і прыедзем.

- Калі ласка.

- Да пабачэння.

Аня паклала трубку, уздыхнула:

- Натамілася, як на бураках. Дзялку лягчэй прапалоць, чым з карэспандэнтам дамовіцца.

- А я лепей яшчэ дзесяць яек выпіў бы, чым у рэдакцыю да карэспандэнта званіць, - шчыра прызнаўся Дзіма.

 

На ферме

 

Смеючыся, мы выйшлі на двор. Агародамі, каб не трапляць людзям на вочы, падаліся на ферму. Не хацелася, каб распытвалі: што ды чаму? Даярак на ферме яшчэ не было. Мы зайшлі ў пакой жывёлавода. Пасярод пакоя стаяў вялізны круглы стол. Вось на гэты стол мы і паставілі ёлку. Хуценька ўпрыгожылі яе сваімі самаробнымі цацкамі, селі на крэслы, як імяніннікі, чакаем, хто першы зойдзе. Вельмі хацелася, каб сам Іванавіч. Напэўна, у яго язык да зубоў прымёрз бы, калі б убачыў гэткае цуда. Але ў пакой зазірнула цётка Маня, адна з самых старэйшых даярак на ферме. Зазірнула, рукамі ўспляснула:

- Што гэта?

Устаў Дзіма і, як вызубранае правіла, без запіначкі:

- Дарагія даяркі! На вашым рабочым графіку Новы год. Віншуем вас з працоўнымі поспехамі і жадаем шчасця ў сямейным жыцці.

- Пабягу жанок паклічу. Хай падзівяцца, - усклікнула цётка Маня.

Павярнулася - і як ветрам яе здзьмула. А неўзабаве жанчыны ў пакой уваліліся. Раскудахталіся, як куры ў куратніку:

- Ах, што за ёлка!

- Ах, якія прыгожыя цацкі!

- А ў якім магазіне куплялі іх?

- Няўжо самі зрабілі?

- Усё-ткі ўспомнілі пра нас.

І тут хтосьці голас падаў:

- Іванавіча сюды, Іванавіча!

Глядзім: вядуць дзве жанчыны Іванавіча, як пад канвоем. Ступае Іванавіч як не сваімі нагамі і часта-часта рот адкрывае, нібы рыба, якую выцягнулі на бераг.

Падступілася да яго цётка Маня:

- Школьнікі нас павіншавалі. А ты?

Таргануў Іванавіч сваімі рыжымі вусамі.

- Мы збіраемся вас у кантору выклікаць. Урачыста павіншуем.

- А нам і тут урачыста! - крыкнула цётка Маня.

Абступілі жанчыны Іванавіча, джаляць, нібы восы:

- Калі на экскурсію паедзем?

- Ты абяцаў, што балет на лёдзе паглядзім.

- Няхай сам балет пакажа.

- Чаму душ у нас не працуе?

- Чаму цырульніца не прыязджае? Абяцалі.

Відаць, вырашылі жанчыны ўсе грахі Іванавічу ўспомніць. Замахаў Іванавіч рукамі:

- Цішэй, бабы, цішэй. Дайце слова сказаць.

- Слова просіць, - крыкнула цётка Маня. - Паслухаем.

Замоўклі жанчыны, суцішыліся.

- Ну, вінаваты я, - прагаварыў Іванавіч. - Дык мяне цяпер на кавалкі разарваць?

Цётка Маня рукі ў бакі і да Іванавіча:

- Чаму нашых дзяцей не паважаеш? На ўвесь калгас раззваніў, што кароў павыпускалі. Хіба пойдуць яны сярод ночы кароў адвязваць? Вось ёлку нам прынеслі. Мне ў жыцці ніхто ні адной кветачкі не падарыў, а тут цэлую ёлку прынеслі, і яшчэ з цацкамі.

Цётка Маня неспадзявана ўсхліпнула. Не думалі мы, што гэтак будзе. Думалі: павіншуем і хуценька разыдземся. А тут цэлая дыскусія разгарэлася. Не рады былі, што прыйшлі.

- Цётка Маня плача. Што будзем рабіць? - прашаптаў я, звяртаючыся да Ані і Дзімы.

Пачула цётка Маня:

- Ды я ад радасці плачу, харошыя вы мае. Я сёння як трыццаць гадкоў скінула.

Кожнага з нас па чарзе абняла, ды яшчэ ў шчокі пацалавала. Лепей было б скрозь зямлю праваліцца.

- Маня, - гукнуў хтосьці з жанчын, - а ты не адмовілася б, калі б табе Іванавіч букет рамонкаў ці валошак прынёс?

А цётка Маня звонка-звонка, зусім як маладая:

- І ад рамонкаў, і ад валошак не адмовілася б. Што скажаш, Іванавіч?

Іванавіч чамусьці да нас падышоў:

- Скажыце свайму дырэктару, што заўтра я сам каня прывяду. Сам і агарод узару. Вось так.

Абняла цётка Маня Іванавіча і, як і нас, у шчаку пацалавала. Пачырванеў Іванавіч, як рак, а жанчыны ў далоні як запляскаюць. Напэўна, рэха аж да вёскі дайшло.

Невядома, колькі яшчэ тут так цалаваліся б, абдымаліся б, калі б не заўважылі, што насупраць акна легкавая машына спынілася.

Усе жанчыны да акна кінуліся, а Іванавіч скамандаваў:

- Бабы, каб ціха было. Невядома, хто да нас прыехаў.

- Гэта карэспандэнт з газеты, - паведаміла Аня. - Ён будзе даярак фатаграфаваць.

Быццам бомба ў пакоі разарвалася. Замітусіліся жанкі, завойкалі:

- Ой, прычоску зрабіла б, каб ведала!

- Ой, няўжо ў газеце будзем?

- Ой, пабягу хоць новую кофту адзену!

- Пойдзем, - шапнуў я Дзіму і Ані.

Мы непрыкметна выбраліся з пакоя і ва ўсе лапаткі дамоў.

 

Здарэнне на выгане

 

Цэлых паўдня мы ў школе хадзілі як героі. Аднакласнікі з зайздрасцю пазіралі на нас, а малыя здалёку віталіся, быццам з правяраючымі. Нават дырэктар школы Анатоль Лукіч нас пахваліў: «Малайцы! Ініцыятыўна дзейнічалі. Так і далей трымайце». Пасля такой пахвалы мы маглі б горы звярнуць. Каб толькі нам іх паказалі.

А загадчык фермы Іванавіч стрымаў сваё слова. Рана-раненька ў школу прыехаў і агарод узараў. Яшчэ і «дзякуй» сказаў Анатолю Лукічу на развітанне. Сам узараў, сам падзякаваў. Арыгінальна выйшла? Па-мойму, вельмі арыгінальна. Такое не часта здараецца.

Што яшчэ запомнілася мне? Ага, у гэты дзень я ажно тры пяцёркі атрымаў. Можна сказаць, толькі іх для поўнага шчасця не хапала.

А пасля паўдня ўсё шыварат-навыварат пайшло. Здарылася такое, што як снег на галаву.

Пачыналася так. Выйшаў я на вуліцу і бачу: Дзіма барана на вяроўцы цягне. Баран упіраецца, а Дзіма валачэ.

- Куды ты яго цягнеш? - пытаюся.

- На выган. - Так позна?

- Маці хацела пастрыгчы яго, ды ножны не знайшла. Закінула кудысьці. Загадала, каб на пашу завёў. Здурнеў, у хляве стоячы - назад ірвецца.

- Дапамагчы? - пытаюся. - Потым у футбол пагуляем. Хлопцы сёння на школьным стадыёне збіраюцца.

- Я даў сабе слова, што сам зацягну. Пачакай мяне тут.

Пацягнуў Дзіма барана, як санкі, за сабою, а я па вуліцы ад плота да плота хаджу, чакаю, калі вернецца.

Дачакаўся нарэшце. Падышоў Дзіма да мяне, выцер узмакрэлы лоб:

- Гэтага барана хоць у воз запрагай. Сем патоў сышло, пакуль завёў.

Толькі сказаў ён так - мой брат Міколка бяжыць.

- Дзіма, - крычыць здалёку, - твой баран ашалеў.

Мы, як пачулі гэткае, насустрач Міколку.

- Ты што пляцеш? - накінуўся Дзіма на Міколку. - Я свайго барана нядаўна на выган завёў.

- Ты завёў, а ён ашалеў.

- Жартачкі строіш? - схапіў Дзіма Міколку за каўнер.

- Дзіма, пусці яго, - заступіўся я за брата. - Твайго барана, напэўна, шалёны сабака ўкусіў.

- Не, - прагаварыў Міколка, - ён вядро сабе на галаву надзеў.

- Гм, - хмыкнуў Дзіма, - хлусіш.

- Я не хлушу. Надзеў твой баран вядро на галаву і па балоце гойсае. Авечкі ўцякаюць ад яго. Яны таксама як ашалелі ад страху. Твайго барана мужчыны ловяць.

- Дзіма, пабеглі на выган, - сказаў я. - Паглядзім, што там робіцца.

Міколка не хлусіў. Збіўшыся ў гурт, па выгане насіліся авечкі. Яны бляялі так, што хоць вушы затыкай. За імі імчаўся Дзімаў баран. На галаве ў яго было надзета іржавае вядро. Воселкам яно зачапілася за рогі, закрыўшы яму вочы. За бараном, рассыпаўшыся ланцугом, часалі мужчыны.

Некалькі хвілін мы стаялі як у здранцвенні.

- Міхась, трэба яго злавіць, - крыкнуў Дзіма.

Я, доўга не думаючы, кінуўся напярэймы.

- Бэ-э-э, б-э-э, - забэкаў, падклікаючы барана.

Баран раптам павярнуўся - і проста на мяне. Са ўсіх чатырох. Уяўляеце? Ляціць з вядром на галаве, нібы жывы таран.

- Лаві, - галёкнуў Дзіма.

А я ходу. Бягу штосілы, і баран ззаду тупаціць, не адстае. Я яшчэ хутчэй прыпусціўся. І баран, здалося мне, хутчэй. «Калі не заб'е, то абавязкова пакалечыць», - думаю.

Наперадзе, як на тое гора, роў. Гэты роў меліяратары выкапалі. Даволі-такі шырокі роў. Метры на тры - тры з палазінаю. А магчыма, і болей. Ніхто не вымяраў яго шырыню. Вады ў рове зусім нямнога, але дно гразкае. Ступіш - і па калені правалішся. «Калі скачуся ў гэты роў, то з гразі не адразу вылезу, - думаю. - Дагоніць баран - і на галаву. Жывога месца не пакіне. Трэба пераскочыць. Няўжо не пераскочу?»

Заплюшчыў вочы - і як сігану! Усё-ткі пераскочыў! Стаю, зямлі пад сабою не чую. Радасна так радасна на душы!

А баран боўтаецца ў гразі, як шчупак. «Бэ-э-э, б-э-э», - бляе, заходзіцца. Падбеглі мужчыны, хуценька вядро з галавы знялі, выцягнулі небараку з рова.

- Ідзі, дурань, - падштурхнуў яго Іванавіч - І сам ты страху набраўся, і авечак перапалохаў.

Крыху пастаяў баран і, як ачмурэлы, ківаючыся накіраваўся да гурту. І тут Дзіма падлятае:

- Хто майму барану вядро на галаву надзеў? Га?

На мужчын сур'ёзна пазірае, за папружку трымаецца, як бы збіраецца адхвастаць усіх па парадку. Ды ледзь яго не адхвасталі, а заадно і мяне.

- Так ты на нас яшчэ і галёкаеш? - падступіў да Дзімы дзед Тамаш. - Вінаваты, і галёкаеш? Язык прыкусіў бы.

Дзед Тамаш хоць і крычыць, але пазірае на Дзіму соннымі вачамі. Ён нават калі на возе едзе, то спіць. «Но, но», - паганяе каня праз сон.

- Я вінаваты? - замаргаў вачамі Дзіма. - Па-вашаму, я сам свайму барану вядро на галаву надзеў?

- Усе вы, школьнікі, вінаватыя. Чый металалом другі год на выгане ляжыць?

І праўда, у мінулым годзе сабралі мы металалом, тут, на выгане, яго склалі. Не хацелася ажно на школьны двор цягаць. Спадзяваліся, што прыедзе машына з раёна і адразу забярэ. Але чамусьці не прыехала. І ні ў мінулым годзе, і ні ў гэтым.

малюнак

- Парадачкі! - распаліўся дзед Тамаш. - Кінулі-рынулі. Хай калечыцца жывёла.

- Значыць, мой баран каля металалому траву скуб і выпадкова вядро на галаву надзеў? - разгублена прагаварыў Дзіма.

- Табе каб гэтае вядро на галаву, а не твайму барану.

- Ды забярэм металалом, - не сцярпеў я.

- А ты, матадор, не агрызайся, - накінуўся дзед Тамаш на мяне. - Барана спалохаўся! У Гішпаніі і Мексіцы людзі з быкамі ваююць, а ён барана спалохаўся.

Наперад выступіў кватарант бабкі Веркі Фама Спірыдонавіч. Невядома, калі і з'явіўся тут. Чамусьці раней я яго не бачыў. У адной руцэ Фама Спірыдонавіч трымаў капялюш, а ў другой - рыдлёўку.

- Цішэй, людзі, цішэй, - замахаў капелюшом. - Давайце мы гэты металалом закапаем. Выкапаем яму і закапаем. Я першы пачну капаць.

Фама Спірыдонавіч рушыў на выган. За ім пацягнуліся мужчыны.

 

Канфлікт

 

- Закапаюць! - усклікнуў Дзіма. - А там будзе цэлая машына металалому.

Я ўспомніў, як мы збіралі гэты металалом. Дзе толькі не выпорвалі розныя жалязякі! І на трактарным двары знаходзілі, і на полі, і па дварах хадзілі, пыталі ў людзей. А цяпер усё закапаюць.

- Дзіма, - кажу, - што хочаш рабі, а затрымай мужчын. Хоць на дзесяць хвілін. Я ў школу пабягу, каго-небудзь з настаўнікаў паклічу.

- Не дам закопваць, - прагаварыў Дзіма. - Я ў гэтага пузатага Ката Спірыдонавіча рыдлёўку ўкраду.

Дзіма накіраваўся туды, дзе гаманілі мужчыны, а я з усіх сіл у вёску. Хоць цяпер і не бег за мной Дзімаў баран, але я ляцеў так, што мяне, мабыць, і на веласіпедзе не дагналі б. Нават па баках не азіраўся. Вось і вёска. Зусім нямнога да школы засталося.

- Міхась, куды ты? - чую.

Азірнуўся - Ігар Аляксеевіч, наш настаўнік фізкультуры, з хаты выходзіць.

- Ігар Аляксеевіч... Там... У... Трэба...

Дыханне ў мяне перарывалася, а так хацелася хутчэй расказаць Ігару Аляксеевічу, што мужчыны збіраюцца металалом закопваць.

Напалохаў я Ігара Аляксеевіча. Збялеў ён, нібы палатно. Такім я яго яшчэ ніколі не бачыў.

- Міхась, што здарылася? Што?

- Металалом хочуць закопваць. Кот Спірыдонавіч з рыдлёўкаю. Дзімаў баран вядро на галаву надзеў.

Ігар Аляксеевіч паціснуў плячамі:

- Не разумею. Які кот? Чый баран? Навошта яму вядро?

- Ды Дзімаў. А вядро незнарок надзеў.

- Міхась, супакойся. І ўсё па парадку раскажы.

Нарэшце, аддыхаўшыся, я расказаў Ігару Аляксеевічу, як мы з Дзімам былі на вуліцы, як прыбег Міколка, як потым лавілі барана, як раззлаваліся мужчыны, як павёў іх Фама Спірыдонавіч металалом закопваць.

Уважліва выслухаў мяне Ігар Аляксеевіч і засмяяўся:

- А каб цябе качкі затапталі! Я немаведама што падумаў. - А потым дадаў: - Усё-ткі вінаваты мы. Сабралі металалом, а ён зеллем зарастае. Я цяпер у школу пайду. Пазвонім, каб машыну з раёна прыслалі. А ты назад бяжы. Скажаш людзям, што сёння ж забярэм.

І зноў я панёсся на выган. За гэты дзень набегаўся не менш чым за цэлы тыдзень.

Яшчэ здалёку заўважыў, што на выгане, акрамя Дзімы і Фамы Спірыдонавіча, нікога не было. Дзіма стаяў каля металалому, а Фама Спірыдонавіч, заклаўшы рукі за спіну, хадзіў непадалёку.

Я падбег да Дзімы і радасна паведаміў:

- Хутка машына прыедзе. Ігар Аляксеевіч у раён пазвоніць.

- Тры тоны нагрузім, не меней, - паказаў Дзіма на металалом.

- А мужчыны дзе?

- Мужчыны пакрычалі ды разышліся. Толькі Кот Спірыдонавіч, як бусел, ходзіць. Рыдлёўку шукае. Я яе так схаваў, што і са свечкаю не знойдзе.

Задаволены, Дзіма засмяяўся. Фама Спірыдонавіч накіраваўся да нас. Спыніўшыся насупраць, ён паківаў галавою:

- Э-э-эх вы, школьнікі! Не сорамна вам? Рыдлёўку ўкралі і яшчэ зубы скаляць. Я вашаму дырэктару паскарджуся.

- А вы бачылі, што мы рыдлёўку ўкралі? - з націскам на «мы» прамовіў Дзіма. - За руку нас злавілі?

Фама Спірыдонавіч скрывіўся:

- Не замазвайце вочы. Каму яшчэ яна патрэбна?

- Дзімаў баран яе панёс, - усміхнуўся я. - У яго пытайце.

Фама Спірыдонавіч стаяў як мыла з'еўшы.

- Гэтую рыдлёўку я ў Веранікі Юльянаўны ўзяў. Я ёй усё раскажу. Яна вас крапівою адхвошча.

- Яшчэ невядома, каго адхвошча, - не стрымаўся я.

- Аддайце рыдлёўку.

- Каля дарогі яна ляжыць, - сказаў Дзіма. - Там шукайце.

- Не дзеці, а чэрці з лазы, - са злосцю кінуў Фама Спірыдонавіч і пайшоў. Адвярнуўся, памахаў кулаком: - Я яшчэ сустрэнуся з вамі на вузенькай дарожцы. Абавязкова сустрэнуся.

- Чхалі мы на цябе, - паціху прамовіў Дзіма.

Неўзабаве на балота прыехала машына. З кабіны выскачыў Ігар Аляксеевіч.

- Усё-ткі адстаялі. Малайцы, - пахваліў ён нас.

Мы пагрузілі металалом на машыну, хоць, вядома, і папацець давялося, а потым пайшлі дамоў. Мы адчувалі б сябе сёння па-сапраўднаму шчаслівымі, калі б не гэты канфлікт з Фамою Спірыдонавічам.

 

Што было вечарам

 

Гэтае здарэнне на выгане ніяк не выходзіла з маёй галавы. Два пытанні не давалі мне спакою.

Першае: чаму менавіта ў гэты дзень, а не раней, напрыклад, Дзімаў баран надзеў на галаву вядро? І другое: чаму Фама Спірыдонавіч прыйшоў на выган з рыдлёўкай? Ну, на першае пытанне яшчэ можна было даць адказ. Надзеў, бо менавіта ў гэты дзень рупіла яму скубці траву каля металалому. Ну і выйшла так. Самі ведаеце, як здараецца. Ходзіш, напрыклад, увесь год па дарозе, і нічога. А ў адзін дзень раптам спатыкнешся. Выпадак. А вось на другое пытанне я не мог адказаць. Не чарвей жа прыйшоў капаць з рыдлёўкай Фама Спірыдонавіч. Калі б чарвей, то вудачку з сабою ўзяў бы і якую-небудзь бляшанку. А ні вудачкі, ні бляшанкі ў яго руках не было. Толькі рыдлёўка. Быццам у землякопа. Значыць, узяў рыдлёўку, каб яму выкапаць. Значыць, ведаў, што баран вядро на галаву надзене і такога перапалоху наробіць. Але як ён мог даведацца, што надзене? Як? Немагчыма гэта. Нават прымаўка такая ёсць: «Каб ведаў, што ўпадзеш, то салому падаслаў бы». Чаму ж тады з рыдлёўкай прыйшоў? Чаму? Колькі ні ламаў я галаву, а на гэтае пытанне не змог адказаць. Вечарам сустрэў Дз�му.

- Дзіма, - звяртаюся да сябра, - ты заўважыў, што Фама Спірыдонавіч з рыдлёўкай на выган прыйшоў?

- Заўважыў, - адказаў Дзіма. - Ён першы прапанаваў яму выкапаць, каб металалом закапаць. А на нас як пазіраў? Нібы з'есці збіраўся. Баламут ён. Вось што я табе скажу.

- Баламут? - я ажно рот адкрыў ад здзіўлення.

- Яшчэ які баламут. Знарок нашу вёску баламуціць. Калі мужчыны разыходзіліся пасля таго, як пакрычалі крыху, душу адвёўшы, дык ён адно што на дыбкі не ўстаў: «Ды гэтыя школьнікі заўтра нам вёдры панадзяваюць. Няўжо не разумееце, што трэба іх правучыць?»

- Чамусьці не любіць ён нас, - пагадзіўся я з Дзімам. - Памятаеш, як бабцы Верцы даказваў, што нас трэба ў кулаку трымаць? Каб можна было, то ён нас так заціснуў бы, што і не піснулі б.

- Шпіён ён, - сказаў Дзіма. - Давай сёння паглядзім, чым займаецца. Каля акна станем і паглядзім. Ён той пакой займае, акно якога ў гародчык выходзіць.

- Давай, - згадзіўся я.

І вось, калі добра сцямнела, мы накіраваліся да хаты бабкі Веркі. Праз плот пералезлі ў гародчык, падышлі да акна. Бабка Верка фіранкай завешвала толькі ніжнюю палавіну акна. Мы падкацілі вялізны камень, які ляжаў каля плота, сталі на яго і пачалі глядзець у верхнюю палавіну. Фама Спірыдонавіч стаяў каля люстра і штосьці мурлыкаў пад нос. Пасля падышоў да ложка, нагнуўся.

- За рацыяй палез, - прашаптаў Дзіма. - Зараз уключыць і будзе перадаваць.

- Што перадаваць? - не зразумеў я.

- Шпіёнскія звесткі. Мне ажно горача стала.

- Дзіма, я да старшыні сельсавета пабягу, а ты папільнуй.

- Потым разам пабяжым, - сказаў Дзіма.

Мы затаілі дыханне. А Фама Спірыдонавіч дастаў з-пад ложка... гантэлі. Вось было б, калі б да старшыні сельсавета пабеглі. На ўсю вёску абняславіліся б. Пра нас да самай старасці анекдоты хадзілі б.

- Дзіма, можа, пойдзем?

- Пастаім. Цікава.

Стаяць і вось так назіраць сапраўды было цікава. Канечне, я не раіў бы вам гэтага рабіць. Самі ведаеце, чаму.

Фама Спірыдонавіч падняў рукі з гантэлямі ўгору, потым апусціў уніз, сам сабе камандуючы:

- Аць, два, аць, два.

- Як той сабака ў лесе. Які братоў муштраваў, - напомніў я Дзіму.

- Я не здзіўлюся, калі даведаюся, што Кот Спірыдонавіч і сабака-дваранін адзін курс навукі праходзілі, - сказаў Дзіма.

Фама Спірыдонавіч падняў гантэлі чатыры разы і паклаў на падлогу.

- Хутка ён задаволіўся, - заўважыў Дзіма.

- У яго жывот вунь які. Цяжка яму. Бачыш, як потам абліўся? - заступіўся я за Фаму Спірыдонавіча.

А Фама Спірыдонавіч пачаў новае практыкаванне рабіць: прысядзе, пакрэкча і ўстане, пастаіць і зноў садзіцца, крэкча. Ды не пашанцавала яму крышку. Трэці раз прысеў, а ўстаць не змог: паваліўся, высока задраўшы ногі.

- Цыркач, - засмяяўся Дзіма.

- Бясплатны фільм, - не вытрымаў і я. - Пашанцавала нам сёння.

Фама Спірыдонавіч устаў, крэкчучы, і крыкнуў:

- Вераніка Юльянаўна, тазік, калі ласка, прынясіце!

- Навошта яму тазік? - пытаюся ў Дзімы.

Дзіма ажно кісне са смеху:

- Відаць, баіцца вечарам на двор выходзіць.

Праз хвіліну ў пакой зайшла бабка Верка і на табурэтку паставіла тазік.

- Вада ў тазіку. Будзе мыцца Кот Спірыдонавіч, - пракаменціраваў Дзіма.

Фама Спірыдонавіч мезеным пальцам дакрануўся да вады, сказаў:

- Думаў, што і сёння перагрэеце, Вераніка Юльянаўна.

Бабка Верка паказала на гантэлі, якія ляжалі на падлозе.

- Фама Спірыдонавіч, зноў вы гэтыя жалязякі гушкаеце?

- Трэніруюся, - адказаў Фама Спірыдонавіч.

- Хі-хі-хі, - хіхікнуў Дзіма.

- Хі-хі-хі, - захіхікаў за ім я.

Бабка Верка выйшла з пакоя, а Фама Спірыдонавіч пачаў мыцца. Апусціць некалькі пальцаў у ваду, а потым мокрымі пальцамі па твары водзіць, водзіць... У канцы папляскаў рукамі па вадзе, нібы гусь лапаю, узяў ручнік, выцерся і накіраваўся да акна. Мы з Дзімам адскочылі, прыселі каля плота.

Акно насцеж расчынілася, і мы ўбачылі Фаму Спірыдонавіча з тазікам у руках. Фама Спірыдонавіч плюхнуў ваду з тазіка ў гародчык. На нас толькі пырскі паляцелі.

Я штурхнуў Дзіму ў бок:

- Каб крыху правей, то з галавы да ног абліў бы.

- Фама Спірыдонавіч, выносьце, калі ласка, памыі, - пачулі мы, як гукнула бабка Верка.

- Зараз.

- Зараз памыямі нас абалье, - кажу Дзіму.

- Абалье, - прашаптаў Дзіма. - Хутка плюхне праз акно. Палянуецца праз дзверы выносіць. Уцякаць трэба.

Мы ўсхапіліся і на плот.

- Лавіце! Зладзеі! - залямантаваў Фама Спірыдонавіч.

А нас з плота як вадою змыла. Шукай ветру ў полі.

 

Тэлеграма ў сталіцу

 

Ні свет ні зара да нас прыляцела бабка Верка. Растрашчалася, хоць вушы затыкай.

- Маруся, твой арыштант хацеў ноччу ў хату да мяне залезці. Майго кватаранта да смерці перапалохалі. Хочаш вер, а хочаш не, але і цяпер у яго ніжняя губа, як у старога каня, трасецца.

Я яшчэ ў ложку ляжаў. Слухаю бабку Верку, коўдру на галаву нацягваю. Што, калі бабка Верка прыбяжыць у пакой ды адлупцуе?

- Яны і камень пад акно прыкацілі. Яны яго хацелі ў хату ўкінуць, як бомбу. Увесь гародчык страпяталі, - тарахцела бабка Верка. - Мне перад чужым чалавекам брыдка. Я твайму арыштанту цэлыя штаны крапівы напхаю.

Дзверы грукнулі, нібы іх ветрам шпурнула. Я здагадаўся, што бабка Верка пайшла з хаты.

А ўставаць ой як не хочацца! Як маме ў вочы гляну?

Мама нячутна зайшла ў пакой, ірванула коўдру. Я ўбачыў, што ў руках яна трымае папругу.

- Уставай, - махнула мама папругай. - Ты мне ўсе кішкі выматаў.

- Біць будзеш? - пытаюся я.

- Буду, буду, - прамовіла мама і заплакала.

Я хуценька ўсхапіўся з ложка, нацягнуў на сябе штаны, сарочку.

- Мама, бабка Верка выдумляе. Я не падглядваў у яе акно.

- Выдумляе? - мама ўзняла папружку і ляснула мне па спіне.

- Бі. Бі невінаватага, - крыкнуў я.

Мама кінула папружку на падлогу.

- Маеш шчасце, што бацька на работу пайшоў. Ён табе ўсыпаў бы. Да чаго дадумаліся! Камень у хату хацелі ўкінуць!

Гэтага я не мог сцярпець:

- Хлусіць бабка Верка. Гэты камень мы і цэлым класам не паднялі б.

- А ты ж казаў, што невінаваты, - закрычала мама. - Чаму пайшоў пад акно? Прызнавайся.

- Фама Спірыдонавіч гантэлі падымаў, а нам паглядзець захацелася, - сказаў я.

Хіба мог расказаць, што знарок пільнаваць пайшлі, што хацелі праверыць, ці не шпіён Фама Спірыдонавіч? Калі б мама толькі адно слова «шпіён» пачула, то, напэўна, прытомнасць страціла б.

- Вочы мае цябе не бачылі б, - мацней заплакала мама.

Я ведаў, што яна даруе мне, што праз дзень ці два забудзецца пра гэтую гісторыю, ды ўсё роўна прыкра было на душы. Сапсавала бабка Верка настрой і мне, і маме. Ну, мне вядома чаму. Але навошта маме? Хіба не магла запыніць мяне на вуліцы ды накрычацца, каб на душы палягчэла? Не, у хату прыбегла, да мамы. Пры чым тут яна?

Павалокся я ў школу як не солана хлябаўшы. Бачу: і Дзіма ідзе павесіўшы нос.

- І да вас бабка Верка прыбягала? - пытаюся.

- Крычала, што хацелі хату замініраваць.

Я толькі галавою паківаў. Што на гэта скажаш?

Мы з Дзімам атрымалі ў гэты дзень па пяцёрцы. Дзіма атрымаў пяцёрку па геаметрыі, а я - па геаграфіі. Калі б не гэтая гісторыя, мы, канечне, радаваліся б. А сёння асаблівай радасці не было. Усё роўна гэтую пяцёрку ні маме, ні тату не пакажаш, бо і глядзець на яе не захочуць.

Закончыліся ўрокі. Падышоў да мяне Дзіма:

- Міхась, у мяне на душы камень ляжыць.

- Які камень? - не зразумеў я.

- Сумленне мучыць. За ўчарашняе. Бабка Верка, сам ведаеш, як злуецца на нас. А я не хачу, каб злавалася.

- І я не хачу, - кажу Дзіму. - Мы з ёю па адной вуліцы ходзім, а быццам ворагі.

Дзіма наморшчыў лоб. Ён чамусьці заўжды лоб моршчыць, калі вельмі думае.

- Міхась, што зрабіць, каб не злавала?

- Давай гной з яе хлява выкінем, - прапанаваў я. - Яна заўсёды каго-небудзь просіць, каб дапамог.

- Да ты што! - усклікнуў Дзіма. - Мы ў хлеў прыйдзем, а яна падумае, што хочам карову з хлява вывесці.

І праўда, падумае. Тады ўжо не да мамы пабяжыць, а адразу ў міліцыю. Што ж яшчэ можна прыдумаць? Гародчык ускапаць? Восень. Восенню гародчыкі ў нас не ўскопваюць. Дровы пакалоць? Дык на гэтую зіму бабка Верка дроў яшчэ не завозіла.

- Не ведаю, як ёй дагадзіць, - развёў я рукамі.

- А я здагадаўся, - сказаў Дзіма. - Заўтра ў бабкі Веркі дзень нараджэння. У нас у хаце яна крычала, што дзень нараджэння ёй сапсавалі. Трэба тэлеграму паслаць.

- Хочаш з днём нараджэння яе павіншаваць? - не вытрымаў, усміхнуўся я.

- Не. Мы тэлеграму ў сталіцу адправім. Дзянісу, сыну бабкі Веркі. Адрас Дзяніса я ведаю. Ужо казаў табе, што бабка Верка часта просіць, каб пісьмо Дзянісу напісаў.

- Не прыедзе Дзяніс, - махнуў я рукою.

- Прыедзе. Мы ў тэлеграме напішам вось што: «Цяжка захварэла. Прыязджай. Мама». Усяго чатыры словы. І заплацім мала, і Дзянісу сюрпрызік будзе.

«Тэлеграму паслаць. Тэлеграму... Мабыць, някепска гэта, - разважаў я. - Дзяніс вунь як рэдка да бабкі Веркі прыязджае. А калі такую тэлеграму атрымае, то як на крылах прыляціць. Абрадуецца бабка Верка. Потым прызнаемся, што мы ёй гэткі падарунак падрыхтавалі. Адразу перастане злаваць. Дый неяк шкада яе. Усё адна, адна. Другія ўнукаў няньчаць, а яна гэтаму Кату Спірыдонавічу дагаджае, ваду грэе, як панічу».

- Дзіма, ты на пяцёрку з плюсам прыдумаў, - кажу. - Але ці павераць нам на пошце? Ці не надаюць у каршэнь?

- Павераць, - упэўнена прагаварыў Дзіма. - Я два разы тэлеграмы Дзянісу пасылаў.

- Дык давай цяпер на пошту пойдзем. Невядома, што нас дома чакае.

І мы з Дзімам пайшлі на пошту. Пошта знаходзілася ў суседняй вёсцы. Да гэтай вёскі было ўсяго два кіламетры. За паўгадзіны на пошту зайшлі.

Загадчыца пошты, маладая дзяўчына ў «бананах», сустрэла Дзіму як старога знаёмага.

- Пісьмо прынёс? - прыязна ўсміхнулася.

- Не. Тэлеграму хочам у Менск паслаць. Бабка Верка прасіла.

- Ну-ну, - падахвоціла загадчыца пошты.

- У тэлеграму ўсяго чатыры словы. «Цяжка захварэла. Прыязджай. Мама».

- Няўжо так моцна захварэла бабка Верка? - здзівілася загадчыца пошты.

- Другі дзень з ложка не ўстае. А ў бальніцу не згаджаецца ехаць, - схлусіў Дзіма.

- Тады трэба тэрміновую пасылаць, - сказала загадчыца.

Вось так мы з Дзімам паслалі тэлеграму ў сталіцу. А дома мне мама з татам аб'явілі байкот. Байкот яны мне аб'яўляюць, калі вельмі раззлуюцца. Ні слова мне не кажуць. Быццам не заўважаюць мяне. Быццам я збоку прыпёку. Вось як сёння было.

Да самага вечара я вучыў урокі. Вечарам нарэшце вылез са свайго пакоя. Тата, бачу, за сталом сядзіць, гадзіннік рамантуе. Татаў гадзіннік, як ён сам кажа, «з заскокамі»: то зусім становіцца, то як шалёны стрэлку ганяе. Захацелася і мне каля таты прымасціцца. Як падысці да яго? Вырашыў пяцёркай пахваліцца.

- Тата, - кажу, - я пяцёрку атрымаў...

Тата ні слова. Тады я да мамы накіраваўся. Мама тэлевізар глядзіць і ката на каленях трымае, гладзіць па спінцы. Кот задаволена жмурыцца і мурлыкае пад нос.

- Мама, я пяцёрку па геаграфіі атрымаў.

Мама гладзіць ката, гладзіць. А кот мурлыкае, мурлыкае...

Я цяжка ўздыхнуў і на кухню падаўся. А на кухні Міколка нажом нейкі кіёк стругае.

- Міколка, што майструеш? - пытаюся.

І Міколка маўчыць.

- Міколка, давай заўтра ў горад паедзем. Я папрашу маму. Там марожанага наядзімся.

Міколка адагнуўся на секунду і паказаў мне язык. Хацеў рэзнуць яму па карку, але стрымаўся. Плюнуў і пасунуўся ў свой пакой. Лёг у ложак, заплюшчыў вочы, каб хутчэй заснуць. А сну ні ў адным воку. Нейкім мулкім здаецца ложак. Чамусьці ўспомнілася, як тэлеграму з Дзімам пасылалі.

«Цікава: атрымаў Дзяніс тэлеграму ці яшчэ не атрымаў, - разважаю. - Відаць, атрымаў. Пэўна, камечыць у руках, месца сабе не знаходзіць. А яго жонка Ірына ходзіць за ім, як цень, і супакойвае. Гэта не жартачкі - маці цяжка захварэла. Прыедзе заўтра. Абавязкова прыедзе. Першым аўтобусам. А бабка Верка сустрэне яго жывая-здаровая. Ён, канечне, тэлеграму ёй пакажа... Што ж будзе? А калі накінецца на бабку Верку? Маўляў, я ўсю ноч не спаў, папрасіўся, каб з работы адпусцілі. Не, усё-ткі прамаўчыць. А жонка, Ірына? Тая, напэўна, не сцерпіць. Людзі кажуць, што языкатая. Наробіць яна ляманту. Будзе дзень нараджэння ў бабкі Веркі! Не дзень нараджэння, а сапраўдны тарарам. Што ж рабіць? З татам і мамай параіцца? Калі раскажу, што з Дзімам тэлеграму паслалі, то адразу пра свой байкот забудуцца. За папружку возьмуцца. Але ж і бабцы Верцы заўтра дастанецца. Няхай бяруцца за папружку, няхай. Затое, як Дзіма казаў, не будзе камень на душы ляжаць».

Усхапіўся я і да таты і мамы.

- Мы з Дзімам сёння Дзянісу тэлеграму паслалі, - аб'яўляю, як дыктар.

- Што? - натапырыў вушы тата.

- Якому Дзянісу? - спалохана глянула на мяне мама.

Ката ўбок шпурнула. Бедны кот толькі мяўкнуў.

- Сыну бабкі Веркі. Хіба ты яго не ведаеш? Мама пакратала мой лоб.

- Міхась, у цябе тэмпературы няма?

- Я здаровы, як дуб, - кажу. - Гэта бабка Верка захварэла.

- Захварэла? - прыўзняў бровы тата.

- Яна не па-сапраўднаму захварэла. Гэтак мы з Дзімам у тэлеграме напісалі. Заўтра ў бабкі Веркі дзень нараджэння, і мы вырашылі Дзяніса ў вёску выклікаць. Хай пасядзіць за сталом з бабкай Веркай як чалавек.

- Што вы нарабілі! - успляснула рукамі мама.

- Спакойна, - сказаў тата. - Спакойна, разбярэмся. - І нечакана пахваліў мяне: - Малайчына, што прызнаўся.

- Мы хацелі, каб лепей было, - паціху прамовіў я.

Тата лёгенька штурхнуў мяне ў спіну.

- Разбярэмся. Ідзі спаць.

Я зноў лёг на ложак. Чамусьці цяпер ён не здаваўся мулкім, і на душы было лёгка. Я заплюшчыў вочы і адразу заснуў.

 

Дзяніс, Ірына і... пароцікі

 

- Уставай, - разбудзіў мяне тата.

Мне хацелася даўжэй паспаць. Сёння нядзеля, у школу ісці не трэба.

- Я яшчэ крыху пасплю.

- Уставай, сын. Трэба Дзяніса сустрэць.

У мяне сон як рукою зняло.

- Тата, ты хочаш сустрэць Дзяніса і расказаць яму, як выйшла з тэлеграмай? - здагадаўся я.

- Не толькі раскажу, але і ў вёску яго прывязу. Вы з Дзімам пачалі гэтую гісторыю, а мне прыйдзецца паставіць кропку. На вакзал паедзем. Мае «Жыгулі» каля акна стаяць.

Мне заўсёды падабалася на вакзале. Народу многа, мітусня. Цікава назіраць збоку, як хтосьці даганяе, як хтосьці страчаецца, як хтосьці дрэмле, прыжмурыўшы адно вока. Ты бачыш усіх, а на цябе ніхто ўвагі не звяртае. Ды сёння лепей было б застацца дома.

- Чаму ты змрочны такі? - пацікавіўся тата, калі селі ў машыну.

- Баюся, - прызнаўся. - Я абмануў Дзяніса. Ці даруе ён мне?

- Вытрымаеш, калі адзін раз за вуха пацягне, - спакойна сказаў тата.

На вакзале, як звычайна, было людна. Дзяніса мы заўважылі здалёку. Ён стаяў на аўтобусным прыпынку і аб чымсьці размаўляў са сваёй Ірынай. Каля іх круціліся малыя: адно зусім як мурашка, а другое крыху большае. Большаму (як мне здалося, гэта быў хлопчык) я даў бы чатыры гады, а меншай (вырашыў, што гэта дзяўчынка) даў бы тры гады.

Мы вылезлі з «Жыгулёў».

- Пачакай, - сказаў тата і накіраваўся да Дзяніса і Ірыны.

Я ўбачыў, як яны прывіталіся, як пачалі хутка-хутка гаварыць. Дзянісава жонка ўвесь час азіралася на мяне. «Зыркае, як Цмок», - падумаў.

Потым усе яны крануліся да машыны. Я стаяў, апусціўшы галаву.

- Дык гэта той, што тэлеграму нам прыслаў? - усклікнула Дзянісава жонка. І нечакана працягнула мне руку: - Давай пазнаёмімся. Ірына.

Я пачырванеў, падаў Ірыне толькі два пальцы і адразу ж хуценька выхапіў іх.

- Міхась, - буркнуў пад нос.

- Ён у нас сарамлівы, - засмяяўся тата.

- А выцягнуўся як! - прагаварыў Дзяніс. - Калі б аднаго ўбачыў, то нізашто не пазнаў бы.

«Часцей прыязджай, тады пазнаваць будзеш», - ледзь не ляпнуў я.

- Міхась, пазнаёмся з маімі малымі. Вось гэта, - паказаў на большае, - Аня. А той - Максім.

«Бач, як дзяцей у сталіцы маскіруюць, - падумалася мне. - Не адрозніш, хто з іх хлопчык, а хто дзяўчынка».

Тата і Дзяніс селі на пярэдняе сядзенне, а я, Ірына, Аня і Максім - на задняе. Машына плаўна кранулася. «Ву-ву, ву-ву», - запляскалі ў далоні Аня і Максім. Трапечуцца, падскокваюць. Быццам ва ўласную машыну селі. Мала гэтага. Гляджу: Аня на мае калені лезе. Я яе непрыкметна адпіхаю, а яна ўсё лезе. Потым аднекуль татавы запалкі выцягнула. За секунду парвала карабок і запалкі па ўсёй машыне раскідала. «Фу-фу», - крычыць. Максім таксама за яе не лепшы. «Ту-ту-ту», - галёкае. Яна «фу-фу», а ён «ту-ту-ту». Ззаду ў машыне цацачны сабачка стаяў, дык Максім схапіў яго за вушы і тузае. А Дзяніс рагоча:

- Пароцікі яны ў мяне. Нічога не схаваеш. Усё павыпорваюць.

«Лепей з Цмокам страчацца, чым з гэтымі пароцікамі», - падумаў я.

Пад'ехаў тата да калгаснага рынку. Вылезлі Дзяніс і Ірына, сваіх пароцікаў забралі і пайшлі.

- Куды яны? - пытаюся ў таты.

- Хочуць кветак купіць, - сказаў тата.

- Купі букет руж. Я таксама хачу бабку Верку павіншаваць.

Ні слова тата не сказаў. Вылез з машыны і пайшоў у магазін «Кветкі».

Усё-ткі добры ён у мяне. А калі б байкот не аб'яўляў, то яшчэ лепшы быў бы.

Сяджу, гэтак разважаю, а тата, Дзяніс, Ірына і пароцікі ўжо назад ідуць. У Ірыніных руках букет руж, і ў татавых руках букет руж. Гараць ружы ў руках, нібы чырвоныя агні святлафора. Людзі пазіраюць, усміхаюцца. Шчаслівыя ўсе, радасныя.

- Трымай, - падаў тата букет, абгорнуты цэлафанам.

Прыціснуў я яго да грудзей. Так і трымаў усю дарогу, пакуль да хаты бабкі Веркі не прыехалі. Тата, Дзяніс, Ірына, пароцікі ў хату пайшлі, а я на двары застаўся. Не хацелася з Фамой Спірыдонавічам сустракацца. Стаю на двары, а ў хаце крыкі, хтосьці заплакаў нават. Пра мяне зусім забыліся. Неяк крыўдна стала. Тэлеграму пасылаў, кветкі вёз, а яны забыліся. Хацеў букет пакінуць і дамоў уцячы, але тут бабка Верка выйшла.

Я ёй букет у рукі:

- Віншую вас, бабка Верка. Гэта ад мяне і ад Дзімы.

Хацела мяне бабка Верка абняць і ў шчаку плюснуць, але я трымаў вуха востра, бо ўжо ведаў гэтую жаночую звычку: цалавацца без дай прычыны. Яна наперад, а я назад адступіў.

- А мой ты саколік! - праслязілася бабка Верка. - Парадаваў мяне. А што пад гарачы язык накрычала - не крыўдуйце.

- Бабка Верка, а дзе Фама Спірыдонавіч? - цікаўлюся.

- Сабраў чамадан і пайшоў кудысьці. Я і не спыняла яго. Паміж намі кажучы, надакучыў ён мне як горкая рэдзька. Макам перад ім рассыпалася, як дагадзіць, не ведала. А ён: то перасолена, то недасолена, то недагрэта, то перагрэта. А ты чаму ў хату не заходзіш? Я табе цэлы карабок цукерак дам.

- Потым, - крыкнуў я і пабег.

Трэба было хутчэй паведаміць Дзіму, што знік Фама Спірыдонавіч.

 

Гульня ў школу

 

Дзіма ўжо і сам пра гэта ведаў.

- Кот Спірыдонавіч да дзядзькі Тамаша на кватэру перабраўся, - стаў расказваць мне. - Ён хацеў, каб бабка Верка ў міліцыю на нас заявіла, а яна не згадзілася. Ну і пасварыліся.

- Не веру я, што Кот Спірыдонавіч проста так у вёску прыехаў, - сказаў я. - Давай папільнуем яго сёння.

Дзіма падумаў і адказаў:

- Трэба папільнаваць.

Мы крыху пагулялі, а потым пайшлі вучыць урокі. Па літаратуры верш на памяць задалі, а па матэматыцы дык ураўненне і задачу адразу. Яшчэ ў раскладзе на заўтра і мова, і геаграфія.

Сеў я за стол, падручнік матэматыкі адкрыў. Ураўненне адразу рашыў, а вось задача доўга не выходзіла. Тры лісты скрэсліў, пакуль атрымалася.

- Міхась, - зазірнула ў пакой мама, - мы да бабкі Веркі на дзень нараджэння пойдзем.

- Ідзіце, - кажу, цяжка ўздыхнуўшы.

Стаў верш вучыць. Паўгадзіны прасядзеў, не меней. Надакучыла, шчыра скажу. Вырашыў да Дзімы пазваніць.

Набіраю нумар Дзімавага тэлефона, званю.

- Кватэра Клімовічаў? - пытаюся.

- А хто звоніць? - гучыць Дзімаў голас.

- Дзед Мароз, - кажу жартам.

- А-а-а, ты Міхась? - пазнаў мяне Дзіма. - Не займайся глупствам. Мне трэба верш давучыць. Хутка сустрэнемся.

Сказаў так і кінуў трубку.

Я зноў сеў за стол. Практыкаванне па мове напісаў, правіла паўтарыў. А за вокнамі весяліня. Сонейка свеціць, другакласнікі, браты-блізнюкі, Сеня і Пецька, у мяч гуляюць, галёкаюць.

Відаць, урокі не вывучылі. Нядаўна іхнюю маці, цётку Соню, у школу выклікалі, бо з пісьмом у Сені і Пецькі няладна складваецца. Чуў, як маме цётка Соня скардзілася.

Мабыць, на рабоце яна, на ферме. Дык воля, гуляюць. Не шкодзіла б у кватэру іх пазаганяць. Няхай за пісьмо бяруцца.

Але ж геаграфію не вывучыў.

- Го-о-ол! - раздаецца за акном.

- Няма! Не забіў! - чуецца ў адказ.

Усё-ткі трэба пазаганяць у хату. Мала таго, што цётку Соню зноў у школу выклічуць, дык і мне з-за іх нічога ў галаву не лезе. Даведаецца цётка Соня, што ў хату загнаў, - дзякуй скажа. Геаграфію яшчэ вывучу.

Разважыўшы гэтак, я ўздыхнуў з палёгкаю і выйшаў на двор.

Лупяць Сеня і Пецька штосілы мячом у плот. Ажно рэха разносіцца, як лупяць.

- Ану, хутчэй да мяне, - клічу.

- Чаго? - падбег Пецька.

- Давай да нас, - узрадаваўся Сеня. - Утрох будзем гуляць.

- Я вам нагуляю! - схапіў Пецьку за каўнер. - Марш урокі вучыць.

- Вывучылі мы, - захныкаў Пецька.

- Хлусіш.

- Да адзінаццаці вечара ўчора з мамаю сядзелі, - пусціў Пецька слязу. - Дазволіла нам мама пагуляць.

- Не веру.

- Пусці-і-і...

- Не пушчу, - цвёрда стаю на сваім.

- Пусціш, пусціш, - закрычаў Сеня. - Вунь наша мама з магазіна вяртаецца. Дасць яна табе.

Глянуў я: сапраўды па вуліцы ідзе цётка Соня. Адпусціў Пецьку, павярнуўся і ў другі бок. Каб ад бяды далей.

Крочу няспешна, а насустрач хлапчанё гадоў шасці стрымгалоў ляціць. Сарочка на ім расхрыстана, валасы ўспацелыя, раскудлачаныя. «Васька, Ані Бялько брат!» - ледзь пазнаў яго.

Ляціць Васька, а за ім не менш дзесятка гэткіх жа, як ён, карапузаў гоніцца. Дагналі, наваліліся кучаю. Ён верашчыць, адбіваецца, а яны схапілі яго за рукі і валакуць некуды.

Удзесяцёх на аднаго? Дапамагчы трэба.

Падскокваю да іх, плячамі распіхваю.

- У дзіцячым садзіку хіба вучылі вас сябра крыўдзіць? - пытаюся.

Спыніліся яны, на мяне спадылба пазіраюць. І Васька, той, якога даганялі, што сама дзіўна, шмыгнуўшы носам, нечакана заяўляе:

- Ніхто мяне не крыўдзіць.

- Не крыўдзіць? - здзіўляюся. - Дык на тваёй сарочцы хутка ніводнага гузіка не застанецца.

- Застанецца. У мяне многа гузікаў, - даволі-такі сур'ёзна кажа ён.

- А чаму яны цябе ловяць? - цікаўлюся.

- Мы ў школу гуляем.

- У школу? - у мяне вочы на лоб палезлі. - Няўжо так у школу гуляюць?

- Гуляюць, гуляюць, - загаманілі малыя наперабой. - Васька дрэнны вучань. З урокаў ён уцякае. Даганяем яго. Гуляюць, гуляюць!

І найперш «дрэнны вучань» галёкае, даказвае, што гуляюць.

«Ну й дзеці растуць, - думаю. - І мы калісьці ў школу гулялі, але ў нас іншы парадак быў. Звычайна настаўніцу выбіралі, сядзелі, каб ні гуку. А яны? Ну й дзеці!.. Трэба навучыць іх, як у школу гуляць».

- А ўмееце вы да дзесяці лічыць? - пытаюся.

- Я нават да дваццаці ўмею, - смела адказвае Васька. - Мяне Аня навучыла.

І другія карапузікі закрычалі:

- А я да сямі.

- А я да дванаццаці.

- А я да дзевятнаццаці.

- А я да пяці.

«Толк будзе, - думаю. - Калі лічыць умеюць, то і разважаць навучацца».

- Ёсць вельмі цікавая гульня, - кажу. - Вось паслухайце. Я загадваю слова, якое пачынаецца з літары «зэ», а заканчваецца літарай «я». Як яно называецца? Адгадайце.

- Лыдлёўка, - гукнуў хтосьці. Я ледзь не папярхнуўся.

- Не лыдлёўка, а рыдлёўка, - паправіў. - І ўсё роўна няправільна, бо слова «рыдлёўка» пачынаецца з літары «эр», а заканчваецца літарай «а». Ваша слова павінна пачынацца з літары «зэ», а заканчвацца - «я». Няўжо не дайшло?

- Зямля, - крыкнуў Васька.

- Малайчына, - пахваліў я яго. - Ты будзеш настаўнікам, будзеш словы ім загадваць, а яны няхай адгадваюць. Калі хто не паслухаецца, у кут стаўляй. Згодны?

- Згодны, - закрычалі малыя.

- Міхась, а дзе будзе кут? - спытаўся Васька.

- Каля плота.

Я павярнуўся і пайшоў, усміхаючыся. Іду паціхеньку, тут Дзіма даганяе.

- Міхась, што ты з малымі зрабіў? Крычаць, як вароны, а трое дык каля плота стаяць насы павесіўшы.

- У школу навучыў іх гуляць. Анін Васька словы на розныя літары загадвае, а яны адгадваюць.

- Яны наадгадваюць, - прагаварыў Дзіма. - Крычаць і «зюк», і «ліба», і «саса».

- Хай трэніруюцца, - кажу. - Гэта для іх карысна.

- А ты ведаеш, што Кот Спірыдонавіч з чамаданам у лес пайшоў?

- Калі?

- Вось толькі. У яго чамадане, напэўна, рацыя. Ён хоча з лесу шпіёнскія звесткі перадаць.

- А ў які лес ён накіраваўся?

- Ды ў хвойнік. Туды, адкуль мы ў казку трапілі.

- Чаму адразу не сказаў? Пабеглі.

І мы з Дзімам прыпусцілі па вуліцы.

 

Сустрэча з дзядзькам Тодарам

 

Вось і лес. Мы спыніліся. Ціха вакол. Дзе ж Фама Спірыдонавіч? Няўжо не знойдзем?

- Прыгніся, - пацягнуў мяне за руку Дзіма.

- Чаму?

- Галінка трэснула.

- Не хавайцеся, - пачуўся знаёмы голас дзядзькі Тодара.

Мы сваім вушам не паверылі. Выскачылі з кустоў. Сапраўды, дзядзька Тодар стаіць, на павадку сабаку трымае. Вялізнага, тлустага.

- Не пазналі свайго старога знаёмага? - кіўнуў дзядзька Тодар галавою, паказваючы на сабаку.

Я паціснуў плячамі:

- Не.

- Гэта Фама Спірыдонавіч.

- Збыткуеце? - вырвалася ў Дзімы.

- Праўду кажу. Гэта Фама Спірыдонавіч, - паўтарыў дзядзька Тодар. - Яго Цмок паслаў. Загадаў яму, каб вас, школьнікаў, з дарослымі пасварыў.

- Дык Цмок у мяху! - усклікнуў Дзіма.

- Дурань-сабака яго выпусціў.

- Той сабака, які дваранскую грамату меў? - пытаюся.

- Той самы. Цмок яго на яліну закінуў. Напэўна, і цяпер там сядзіць.

Так, здзівіў нас дзядзька Тодар. Вельмі здзівіў. Нават верыць яму не хацелася. Але ж казка...

- Расквітаўся Цмок з сабакам-дваранінам і вырашыў вам адпомсціць, - працягваў дзядзька Тодар. - Ды пабаяўся сам у вёску ісці. Папрасіў прагнага багацея. Вялікія грошы яму паабяцаў. Прыйшоў да вас прагны багацей і назваўся Фамой Спірыдонавічам.

Цяпер я амаль усё зразумеў, акрамя аднаго: чаму прагны багацей, які назваўся Фамой Спірыдонавічам, у сабаку ператварыўся? Хацеў спытацца пра гэта ў дзядзькі Тодара, але Дзіма апярэдзіў мяне:

- Дык гэта ён кароў паадвязваў і на двор выпусціў?

- Ён. Ведаў, што на дзяцей падумаюць.

- Ён і майму барану вядро на галаву надзеў?

- Ён. Знарок рыдлёўку прынёс, каб ваш металалом закапаць.

Дзіма замахнуўся нагою, намерваючыся стукнуць сабаку.

- Я думаў, ты кот, а аказалася, што сабака. У-у-у! Як трэсну, дык зубы не пазбіраеш.

- Не трэба біць, - спыніў я Дзіму. - Гэта ж жывёла.

- Цяпер прагны багацей пяцьдзесят пяць гадоў сабакам будзе, - сказаў дзядзька Тодар.

- А чаму ён ператварыўся ў сабаку? - не выцерпеў я.

- Ператварыўся таму, што вы пяць добрых спраў зрабілі. Калі б не зрабілі, то цяжка вам прыйшлося б.

- Пяць добрых спраў? Штосьці не памятаю, - прагаварыў Дзіма.

- Даярак павіншавалі - першая добрая справа, - пачаў загінаць пальцы дзядзька Тодар, - металалом завезлі, які два гады на выгане ляжаў, - другая, дзень нараджэння бабцы Верцы сапраўдным святам зрабілі - трэцяя, а чацвертая, што Міхась малых навучыў, як па-сапраўднаму ў школу гуляць.

- А пятая? - запытаўся Дзіма.

- Гэта тыя пяцёркі, якія вы цэлы тыдзень дамоў прыносілі. Пра ўсё гэта мне прагны багацей расказаў, калі яшчэ чалавекам быў. Ён ведаў, што ў сабаку ператворыцца. Гаспадара шукаў. Пасаджу яго цяпер на ланцуг. Дурань, дурань! Паквапіўся на багацце і сабакам стаў.

Мне вельмі захацелася, каб дзядзька Тодар сабаку ў вёску прывёў, каб бабцы Верцы паказаў, каб маме і тату, каб Дзянісавы пароцікі крыху за хвост яго пацягалі.

- Дзядзька Тодар, пойдзем да нас, - прапанаваў я.

- Не магу. Трэба развітвацца. Вось прыйшоў, каб супакоіць вас, каб галаву не ламалі, каб не хваляваліся.

- Дык мы болей не сустрэнемся?

- Тры разы мы, казачныя героі, з вамі сустракаліся. А болей нельга. Калі чацверты раз сустрэнемся, то і казкі не стане, назаўсёды згіне яна. Вы як хочаце?

- І нават у кніжках казак не будзе? - запытаўся Дзіма.

- І ў кніжках.

- Хай будзе казка, - прамовіў я.

- Хай будзе казка, - слова ў слова паўтарыў за мною Дзіма.

- Да сустрэчы ў кніжцы, - сказаў дзядзька Тодар і пайшоў.

Усяго тры разы сустракаліся мы з казачнымі героямі, а запомніцца назаўсёды.


1984-1989?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая