epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Камароўскі

Пенальці

Мяч з сілай урэзаўся ў крыжавіну варот, падскочыў пару разоў уверх-уніз і паволі пакаціўся насустрач, а потым, як заварожаны, спыніўся на белай адмеціне — пенальці! Варатар, не дацягнуўшыся да мяча ў адчаянным кідку, бяссільна ляжаў ля штангі. Абаронцы застылі, бо ведалі, што гэты не прамахнецца, такі момант не выпусціць. Суддзя паднёс свісток да губ: пасля ўдару рука ўпэўнена пакажа на цэнтр.

Такі мяч можна было забіць па-рознаму. Тры думкі імгненна мільганулі ў галаве... Можна было падхапіць мяч і рыўком уварвацца з ім у сетку, не баючыся, што варатар падымецца і перашкодзіць. Можна было шчочкай нагі лёгка качануць мяч у пустыя вароты, пусціць яго нават па цэнтру — і ніхто не перагародзіць яму дарогу. Гэтыя два шляхі — самыя лёгкія і надзейныя. Але Вадзіку хацелася забіць з шыкам, з сілай прыклаўшыся да мяча, укалаціць эфектна, магутна, каб наструненая сетка спружынна адкінула стракатае ядро назад, у поле. Такіх удараў і чакае стадыён, дзеля іх балельшчыкі з ранку займаюць чаргу ў касы або запознена перакупліваюць білеты. Ён добра ведаў гэта. І таму дзве першыя думкі імгненна зніклі. Вадзік паскорыў бег і з сілай замахнуўся правай нагой...

* * *

Яшчэ і цяпер у яго вобліку было нешта юнацкае, маладое. Густы чуб, перавіты сівізной, прыгожа навісаў над разлётам броў. Вочы — глыбокія, удумныя, як быццам у іх вірах прытомлены клад вопыту і мудрасці, які — не-не, дый выблісне ў зрэнках гарачымі іскрынкамі... Роўны, з ледзь прыкметнай гарбінкай нос збераглі сотні падзенняў і паветраных дуэляў. Хаця рэдка хто з футбалістаў — о, колькі такіх выпадкаў ён мог успомніць! — заканчваў футбольную кар’еру, не пазнаўшы смаку крыві, тупы боль пераломаў, цягучых, вярэдлівых вывіхаў і расцяжэнняў. Губы — як ад прыкусу, налітыя, вычарчаныя... Упарты, злёгку раздвоены падбародак...

Гэта ён такі, калі глядзець збоку, з левага пляча. А калі з правага... Адразу ж успомніцца заліхвацкі казак, адважны і суровы, з шабляй, у парыве лёту на ўдалым кані. Глыбокі шрам, што рвана пралёг ад кутка губ да самага вока, яшчэ больш падкрэслівае гэтае падабенства. Роўныя сцяжкі сіне-белых швоў на шраме, як лесвіца, вядуць у памяць, у той далёкі красавіцкі матч з палякамі...

— Брыйся хутчэй, а то бульба астыне! — паклікала з кухні жонка.

Леанід Мікалаевіч апошні раз правёў лязом па шчацэ, падставіў станок пад струмень вады...

І тады цякла вада... Па шчоках, губах, вісках... Але гэта было пасля, як яго вынеслі за поле... А перад гэтым... Што ж было перад гэтым?

Тры хвіліны заставалася да канца гульні. Тры хвіліны і — па нулях... Атакі глухлі на подступах да штрафной палякаў. Амаль уся каманда адцягнулася на сваю палавіну поля, выстраіла трайны заслон, які пераадолець было не так лёгка. Высокія абаронцы гасцей усе верхавыя мячы ўмела адбівалі, а тыя, што навешваліся на вароты, спакойна лавіў варатар. І вось тут Слава Паронін, левы крайні нападзення, прастрэліў нізам у штрафную. Мяч ішоў не напрамую, а ад падрэзкі рабіў дугу ў бок адзінаццаціметровай адзнакі, ад варатара. Таму варатар і не пайшоў на гэты нізкі, падкручаны мяч. Абаронцы звыкліся, што ўсе мячы ішлі толькі ў бок варот...

Ён рвануўся на гэтую перадачу на апошнім выдыху сіл. Імгненна ацаніў момант: прамы ўдар не пойдзе — стопер закрыў шлях і варатара; прабіць левай або правай ён не паспее — не дацягнецца; левы вугал варот на метр—паўтара адкрыты... Адштурхнуўся і нырнуў уніз, укладаючы ўсё ва ўдар галавой. Прабіў і не бачыў, як нечая буца запазнілася адбіць мяч і па інерцыі дайшла да віска... Не бачыў, як мяч слізгануў у ніжні вугал варот упрыцірку са штангай... Не чуў, як хутка прагучаў судзейскі свісток...

Па шчоках, губах, вісках цякла вада... А, можа, і кроў...

Але гэта было даўно, ой, як даўно...

* * *

Колькі разоў бачыў Сямён Міхайлавіч, як хітра і тонка пляце свае цянёты павук-крыжавік. Між дрэў ці галін ён сваю першую нітку замацоўвае адразу ўверсе, пасля спускаецца з ёй і пачынае раскалыхвацца, пакуль не захопіць бакавы ствол. Але самае цяжкае для яго — нацягнуць папярочку, нацягнуць туга, каб сетка пасля адчувальна вібрыравала ад лёгкага дотыку ахвяры. Нарэшце, калі аснова рамкі гатова, крыжавік пачынае пускаць радыяльныя павуціны-промнікі, а пасля лёгка злучае ўсе радыусы канцэнтрычнымі кругамі. Не ўсе ніткі, з якіх сплецена сетка, аднолькавыя: пасярэдзіне, дзе сядзіць павук, яны гладкія, сухія і шаўкавістыя, а вось далей ад цэнтра — клейкія, з мноствам вузялкоў.

Нешта падобнае на павучыныя цянёты пляце на футбольным полі і трэнер. Нябачныя задумы і хады хітра перанітоўваюцца ў яго галаве і вачах, а пасля ажываюць у імклівым росчырку ног і ўдараў. Ён — хітры павук, а каманда — тонкая крыжаванка камбінацый і задум, распрацаваная зараней, добра прадуманая, з нечаканай імправізацыяй для саперніка.

Сямён Міхайлавіч сядзеў пад казырком прэсаўскай ложы, пустой і ціхай, глядзеў на белыя лініі стадыёна і думаў пра ўчарашняе пісьмо, што прыйшло з тэлерадыёкамітэта. Што таілася за некалькімі радкамі, набранымі на камп’ютэры: “Просім Вас з’явіцца да старшыні камітэта для аказання пасільнай дапамогі”? Якой дапамогі? Для чаго? Ды і чым мог дапамагчы ён, сталы мужчына, магутнаму тэлебачанню і радыё краіны? Гадаць марна — тое, што плаваць на беразе, і Сямён Міхайлавіч лёгка прыўзняўся і пайшоў да гурта прыстадыённых балельшчыкаў, што з самай раніцы да вечара таўкліся пад навіссю ліп, да хрыпаты спрачаліся аб футболе, успаміналі розныя эпізоды і здарэнні даўнішніх матчаў, меркавалі аб нялёгкім лёсе роднага “Дынама” ў вышэйшай лізе...

— Во ім, а не машыны і кватэры! — каржакаваты чорны лахмач з шызым носам тыцнуў дулю недзе ўверх. — Адразу трэба гульню паказаць. А то пачнуць зараз залятаць усім... Як разваліўся СССР, то і футбол разваліўся!

— Ну не скажы... — тонкі бландзін расхінуў куртку, разволіў на шыі тонкі шалік. — Вось толькі цяпер і пачынаецца футбол. У раённых гарадах ён падцягнецца да ўзроўню сталічнага. Бо цяпер — не першынство нейкай вобласці ці сельскага таварыства, а краіны. Гучыць! Ды і фундатары аб’явяцца, спонсары знойдуцца. От убачыце! Ці ж не прэстыж якому-небудзь Мазыру ці Бабруйску ў чэмпіёны выбіцца? А далей — Еўропа, кубкі... Хочаш — не хочаш, а падцягвацца трэба, каб не пляснуцца тварам у гразь.

— Э, браток, — мужчына нападпітку ўскулдэшыў грыву рыжых валасоў, — футбол то будзе, і я не сумняваюся, але ж расцягнуць лепшых, як піць даць, расцягнуць. Там, у Расіі, рубель даўжэйшы, чым у нас. А за мяжой і далярамі трасянуць, мерсамі-шмерсамі пераманяць.

— Нічога, маладыя падрастуць. Беларусь на таленты ніколі не была бедная.

Сямён Міхайлавіч у душы парадаваўся адкрытай балельшчыцкай трывозе і перажыванням, хацеў бы яшчэ паслухаць, але стрэлкі гадзінніка беглі імкліва і трэба было ісці дахаты.

* * *

У кожнага футбаліста былі свае прымхі і забабоны. Многія верылі, што перад гульнёй нельга брыцца. Амаль кожны футбаліст пачынаў абуваць буцы з левай нагі, а пасля ёй жа ступаў на зялёны газон футбольнага поля. Было яшчэ многа тонкасцей і нюансаў, у якія верылі маладыя душы. Усё гэта, відаць, пайшло ад перамог і паражэнняў, калі самай нязначнай звычцы ці дэталі надавалася асаблівае значэнне, пераходзіла нават у культ. Ад старэйшых гэтыя манеры перабіралі маладзейшыя, вакол мяча і футбалістаў віталі тайны, пасля перарасталі ў легенды.

У Вадзіка Ясінскага забабонаў не было. Ён не верыў, што не выгалены пушок на шчацэ, завязаны шнурок на левай буцы маглі аказацца прычынай перамогі. Перад пачаткам сезона ён папрасіў Леаніда Мікалаевіча даць яму футболку з трынаццатым нумарам, ад якога так адгароджваліся хлопцы. І ці то жартам, ці сур’ёзна, “чортаў тузін” быццам аберагаў яго ў гульнях: меніскі і ахілы пакуль не сустракаліся з шыпамі, а цела яго, мускулістае і наструненае, у гэтым сезоне не зведала яшчэ вярэдлівых сінякоў і балючых пісягоў. Праўда, без штуршкоў і сутыкненняў не абыходзілася, як і ў кожнай гульні, але ўсё гэта праходзіла чыста, без траўмаў. І Вадзік верыў, што своечасовая рэакцыя, тонкая інтуіцыя, нейкае падспуднае прадбачанне, што з гадамі выпрацоўваюцца ў кожнага футбаліста, значаць куды больш, чым старыя прымхі. Імклівы бег, высокі скачок, дрыблінг і трапны ўдар — вось што павінна быць у сапраўднага інсайда. І тонкае прадбачанне... Прадбачанне развіцця атакі, прадбачанне двух-трох хадоў наперад, прадчуванне адскоку мяча...

Чэмпіянат рэспублікі ішоў вяла і нецікава. Дынамаўцы лёгка грамілі раённыя каманды, у якіх не было надзейнай трэніровачнай базы, вялікіх спонсараў і нават добрых футбольных палёў. Быццам смеючыся, яны на выездах забівалі ў вароты саперніка па пяць-шэсць галоў, забівалі на любы густ, часам з выдурненнем, на спрэчку: у левы ці правы верхні вугал. А дамашнія матчы праходзілі амаль пры паўпустых трыбунах: балельшчык зараней ведаў, каго чакае разгром. Праўда, у тых гарадках, дзе раскінуліся магутныя заводы і камбінаты, дзе мясцовыя бажкі і магнаты кідаліся ў амбіцыю — маўляў, і мы тут не лыкам шытыя! — закуплялі ў Расіі ці на Украіне футбольных “варагаў”, там супраціўленне было больш адчайным, там перамога давалася з натугай і цяжкасцю. Але такіх гарадкоў было два-тры. І вось гэтая лёгкасць выйгрышаў магла размагніціць, аслабіць каманду. Ды і нашто выжыльвацца і выпінацца, калі тры ачкі можна ўзяць малой крывёю? Вось аб чым перад кожнай сустрэчай напамінаў галоўны трэнер. Леанід Мікалаевіч прайшоў такую футбольную школу, што вельмі тонка адчуваў настрой каманды. А хваляванні гэтыя забягалі наперад, у будучую майскую сустрэчу на Кубак чэмпіёнаў з галандскім “Аяксам”. Вось дзе будзе праверка каманды, вось дзе сутыкнуцца два погляды на футбол. І перамагчы дома і ў гасцях будзе ой як нялёгка.

Ведаў гэта і Вадзік. Ведаў і ўкладаў у трэніроўкі ўсю сілу, выкладваўся да сутаргі ў нагах, калі стомленае цела прасіла адпачынку і цёплага ліўня душа, прахалоды басейна...

Віка плакала. Плакала ад крыўды, што так даўно не бачыла Вадзіка.

“Хаця б пазваніў... Ці забег бы... Можна падумаць, што ў яго і хвіліны вольнай няма. Лепшы бамбардзір, лепшы забівала... — слёзы цяклі яшчэ больш, рэдкія ўсхліпванні скаланалі цела. — А чаго я плачу? Ці ж ён мой муж? Дурніца! Хто я яму: жонка, любоўніца? Рассіропілася на першай сустрэчы, захапілася... Такі прыгожы, такі славуты! А дзе тая слава дзенецца, як закончыць гуляць ці нагу зломіць? Цьфу-цьфу, не трэба! Што я яму зла жадаю, так яшчэ і нагаворыш... Ды і я добранькая. Чаму сама яго не наведала, на футбол не схадзіла? Нябось фанаткі праходу не даюць... Не, трэба нешта рабіць!”

Віка рашуча ўстала, страсянула грывай валасоў, зірнула ў люстэрка: прыпухлае падвочча, размазаныя цені вейкаў, вочы злосныя і пустыя... адвярнулася, каб не бачыць сябе такую, пайшла ў ванны пакой, уключыла душ...

Праз гадзіну ў падземны пераход метро ўбегла прыгожая ўсмешлівая дзяўчына. Блакітныя джынсы вабна аблягалі яе стан, пад колер джынсаў — світэр, тонкая куртачка і сумка цераз плячо. Хто сказаў бы, што нядаўна яна, зарумзаная і расстроеная, адкінула ручнік, мокры ад слёз? Юнакі, убачыўшы яе, раскрыленую і натхнёную, аглядаліся, быццам бачылі шчаслівую птушку ў вольным палёце. Аглядаліся і мужчыны. Ды і як было не аглянуцца, калі побач ішла незямная прыгажосць!

Віка вынырнула з метро і праз хвілін дзесяць была ля стадыёна. Ля ўваходу ў раздзявалкі сядзеў пасівелы мужчына. Магутная постаць яго, ацяжараная гадамі, скалыхнулася, зірнула на дзяўчо. Быццам каржакаваты дуб заўважыў матылька:

— Хутка прыедуць... Сёння тут трэніроўка. Зайшоў вось паглядзець... Усе ж мае, былыя... Сядай во побач.

Віка ведала (Вадзік успамінаў аднойчы), што гэта — былы трэнер Ван Ваныч. Не паспела яна прымасціцца на лаўцы, як у расчыненыя вароты пад’ехаў “Ікарус”. Пярэднія дзверы расчынілася, першым без сумкі выйшаў галоўны трэнер:

— А, Сан Саныч... Дзень добры! Не сядзіцца ў хаце...

— Не сядзіцца, Лёня. Прыйшоў глянуць на сваіх арлоў. Хутка ж з галандцамі бойня будзе.

— Вось і паглядзім, якія яны арлы.

Віка ўстала. Хлопцы ў спартыўных касцюмах з велізарнымі сумкамі выскаквалі з аўтобуса і знікалі ў падтрыбунным калідоры. Вадзік выйшаў апошнім. Прывітаўшыся з Сан Санычам, хацеў нырнуць у дзверы, але нешта спыніла яго ў апошні міг, прымусіла азірнуцца:

— Віка, ты?

— Як бачыш. Прыйшла зірнуць на форварда, аслепленага славай...

— Ну, слава славай, а я сапраўды не мог зазірнуць к табе: двухразавыя трэніроўкі, а хутка і сесія...

— І ўсё ж... — Віка закінула сумачку на плячо.

— Віка, мілая, я прыйду да цябе ў суботу. З’ездзім куды-небудзь на прыроду. — Вадзік перахапіў сумку другой рукой. — Чакай мяне. І не думай нічога кепскага.

Блакітнае неба прарэзаў белы след рэактыўнага самалёта. А над стадыёнам голас Эдзіты П’ехі выводзіў радок паўзабытай песні: “На тебе сошёлся клином белый след...”

Старшыня Камітэта бліснуў шкельцамі акуляраў на Сямёна Міхайлавіча, адклаў кіпу папераў на край стала:

— Я чуў, Сямён Міхайлавіч, вы некалі ў футбол гулялі?

— Гуляў, але даўно. За данецкі “Шахцёр”. Паехаў туды на заробкі, як кажуць, за доўгім рублём. У адзін з выхадных загаралі мы з сябрам на пляжы. А побач з намі два прафесіяналы раскручвалі звычайных аматараў на маленькіх варотах. Гулялі на піва. Не выцерпелі мы з Максімам і выйшлі супраць іх. За дваццаць хвілін хто больш каму заб’е. Я за сябе не баяўся: абводка, бег, удар... А вось Максім слабейшы крыху быў. Адным словам, мы ім пяць забілі, а яны нам два. Яшчык піва мы выйгралі. Ды не ў піве справа. Запрасілі яны мяне на трэніроўку “Шахцёра”. Я з’ездзіў. Трэнер адразу ж мяне за дубль паставіў. У першай жа гульні я масквічам забіў. Пасля і другім калаціў. У аснову пачалі ставіць...

— Ну, дык вы ведаеце футбол не па чутках, але і самі прайшлі праз яго тонкасці.

— Прыйшлося прайсці, можа, і далей бы пайшоў. Але ў гульні з грузінамі, калі я ў падзенні біў галавой па варотах, абаронца двума нагамі скочыў на маё прадплечча. Пахавыя кольцы паляцелі, а руку ледзь прышылі. Вось і закончылася мая кар’ера ў футболе.

— А цяпер?

— А цяпер:

 

Я здоров, потому что я болен,

Но лечиться не стоит труда.

Первый раз заболел на футболе

И болельщиком стал навсегда.

 

— Адным словам, любоў — вечная?

— Выходзіць, так.

Старшыня камітэта ўзяў прыгожую самапіску з залатым пяром, ліст паперы, чыркануў на ім тры лініі, падобныя на вароты, выкругліў перад імі футбольны мяч:

— А калі я прапаную вам весці на тэлебачанні рэпартажы?

— Так, адразу? А на якой мове?

— На роднай, беларускай. А да сапраўднага рэпартажу разоў колькі праведзяце на магнітафон. Запішаце, праслухаеце, зробіце аналіз памылак... Ну і, вядома, статыстыкай валодаць трэба...

— За гэта я не баюся. Мы з Максімам па чарзе кожны тур распісваем: галы, папярэджанні, пропускі. Рабіць няма чаго, вось і падлічваем. Толькі...

— Што толькі?

— Генадзь Мікалаевіч, мяне бянтэжыць яшчэ і тое, як хлопцы са спартыўнай гэта ўспрымуць? Скажуць: уварваўся, наш хлеб забраў... У іх жа — адпрацоўка, ганарар...

— Сямён Міхайлавіч, хай вас гэта не бянтэжыць. Ёсць іншыя віды — гандбол, тэніс, хакей. Ім працы хопіць. А наконт ганарару... Не такія ўжо там шалёныя грошы, каб за іх крыўда была. Ды вы і футбол ведаеце, і мову. А яны няхай вучацца. Выспеюць — выйдуць у эфір і яны.

— Калі так, згодны.

— Вось і добра. Вам пазвоняць, выпішуць пропуск на футбол, пазнаёмяць з апаратурай. Пастарайцеся не хвалявацца. Успомніце рэпартажы Сіняўскага, Озерава. Не ўсё адразу робіцца. Было б жаданне, а вопыт з часам прыйдзе.

* * *

Да міжнароднага судзейства яго так і не дапусцілі. А цяпер было позна: пераваліла за сорак. Гады ляцяць, як птушкі. Праўда, і іх крыло рознае. Бывае, хвасяне па вачах так, аж іскры пойдуць, а іншы раз пагладзіць ласкава, шыкоўна... І ўсё ж... Ён — старшыня федэрацыі, камандзір усяго футбола. Ці ж хто запярэчыць яму, калі выбера для судзейства тройку-пяцёрку гульняў? Заслужыў жа за столькі гадоў. Маладыя за вочы крычаць: чаму ён, а не яны? Эх, даражэнькія! Пра вопыт забываць не трэба. За плячыма — сотні адсужаных матчаў. Колькі свісткоў злізаў, колькі мячоў сувенірных сабраў! А хто яны? Смаркачы! Выскачкі! З лайсменаў на поле ўчора толькі выйшлі, а ўжо сваё гнуць. Фігу ім! Выстрэнчваць ім не буду. Бач чаго захацелі: дай ім Бабруйск, Мазыр, Барысаў... Гарады магутныя, прамысловыя, а значыць — і багатыя. Маладыя хай у галыцьбу едуць, а я набегаўся за свае гады.

Так думаў Бутакоў, пад’язджаючы на электрычцы да барысаўскага вакзала. Спецыяльна пакінуў у Мінску свой “мерс”, паехаў, як усе, у таўкатні і духаце. Паехаў, каб не думалі, што з-за сваёй выгоды паліць дзяржаўны бензін. Паехаў, бо ведаў, што назад прывязуць на легкавушцы. І не проста прывязуць, а захмеляць і падарункамі абложаць. Але трэба было яшчэ адсудзіць, “стварыць”, як той казаў, перамогу.

Калі людская мітусня трохі схлынула, да яго падбеглі два ўвішныя незнаёмцы, падхапілі сумку:

— Як даехалі, Іван Аўдзеевіч? У крыўдзе мы, у крыўдзе. Маглі б і пазваніць, машыну прыслалі б. Ад пад’езда да пад’езда давезлі б. Але што мы стаім? Нас жа чакаюць, пайшлі...

— А дзе ж сам, Громаў?

— Прыехаў, Іван Аўдзеевіч, сам. У машыне чакае.

Ну, тады іншая справа. А то, я думаў, заганарыўся, на простых смяротных і глянуць не хоча.

“Таёта”, новенькая і серабрыстая, стаяла на другім баку прывакзальнай плошчы. За крокаў дзесяць заднія дзверцы яе адкрыліся, з сядзення ледзь вышчалілася фігура пад кілаграмаў сто пяцьдзесят, пайшла насустрач:

— Рады, рады бачыць на нашай гасціннай зямлі...

— А я думаў: мэр ад славы “помэр”...

— Жывы, жывы пакуль... А слава — як мёд: спачатку салодкі, а пасля — гарчэй за палын. Ды і хвіліны вольнай няма, за гарадскімі клопатамі.

— І ў мяне іх не менш.

— Але — усе ў машыну!

“Таёта” ліха рванула з месца, лёгка панеслася па гарадскіх вуліцах, абганяючы запыленыя аўто, быццам гэта былі не легкавушкі, а рознакаляровыя каларадскія жукі. Праз хвілін дзесяць выехала за стары горад, паімчала па гладкай шашы, мінула ўзлесак, шмыганула праз парэнчаты масток і ўзляцела на горку. Атулены з усіх бакоў выноснымі соснамі, пасярод паляны стаяў каляровы церам. Прыгожыя аканіцы, выкрунтасныя балкончыкі, пералівістыя вітражы...

— Іван Аўдзеевіч, сюды, сюды праходзьце. Парылачка нас чакае. — Громаў па-сяброўску паляпаў па плячы, узяў пад локаць. Ну і яшчэ сёе-тое, вядома...

У прадбанніку пахла паранай ліствой бярозы, аднекуль цягнула водарам завараных зёлак. Іван Аўдзеевіч хутка раздзеўся, мітусліва закрыў прасцінай схільнае да атлусцення цела.

— Смялей-смялей, спачатку вунь у той кабінцы прыляжце... — Громаў паказаў на зялёныя дзверы.

Іван Аўдзеевіч зайшоў, лёг на белае палатно канапы спінай. Матавае святло паўзмрочна асвятляла кабінку. Праз хвіліну дзверы адкрыліся і з падносам у руках зайшла даўганогая красуня. Самыя вабныя часціны цела закрываў белы купальнік.

— Ляжце на жывот, калі ласка, рукі апусціце і расслабцеся.

Чуў, як яна адкрыла адну баначку, відаць, пальцам чарпанула нейкую мазь, расцерла ў руках. Пальцы лёгка дакрануліся да шыі, быццам па клавішах піяніна, пабеглі ніжай, ніжай, потым вярнуліся на лапаткі... Яе далоні гладзілі рукі, паясніцу, дробнымі шчыпкамі гналі кроў уніз. Пах, здаецца, абляпіхі прыемна супакойваў, здымаў напружанне і стому. А пальцы рабіліся ўсё смялейшымі і мацнейшымі, ішлі па ягадзіцах, бёдрах, закончвалі свой шлях на ступнях, зноў вярталіся назад. Пах абляпіхі змяніла лаванда. Яму ўспомніліся сінія кветачкі на градзе нечай дачы. Потым пах ружы казытнуў яго нос. А рукі ігралі, зачароўвалі і гаілі пунсовае цела, рукі напаўнялі яго нутро абуджальнай сілай, ускалыхвалі мроі і ўяўленне. Іван Аўдзеевіч з-пад рукі зірнуў на прыгожыя выявы яе ног і раптам паплыў, як у ружовым тумане, правальваючыся ў бязважкі палёт...

* * *

Леанід Мікалаевіч ведаў, як цяжка пазбавіцца ад эйфарыі. Лёгкія перамогі супакойвалі каманду, нараджалі настрой высакамернай перавагі, калі на любую каманду можна глядзець пагардліва, быццам у любой гульні саперніка можна шапкамі закідаць. Галоўны трэнер бачыў, як нялёгка далася хлопцам лучнасць усіх ліній, падстрахоўка і замена ў час правалаў, зонная абарона і імгненныя контратакі. Самы хуткі ігрок на полі — мяч, любіў паўтараць ён. Бачыш, што напарнік адкрываецца, выходзіць на лепшую пазіцыю — зрабі пас яму. У двухбаковых трэніроўках каманда старалася праводзіць усе камбінацыі на высокай хуткасці, вырываючы імгненне, каб дацягнуцца да мяча, прабіць нагой ці галавой. Так яно і павінна быць. Добрага стопера трэба апярэдзіць на долю секунды, апярэдзіць рыўком, скачком або падзеннем. Ад гэтага часцей за ўсё рашаецца лёс большасці гульняў. Помнілася яму, імкліваму інсайду, адна з кубкавых сустрэч. Абарона саперніка, як сцяна, адбівала ўсе іх спробы скалыхнуць сетку. Ні праходы па цэнтру, ні навясныя падачы з флангаў не давалі выніку. Бездакорна гуляў чысцільшчык, усе верхавыя мячы гасілі абаронцы, а тыя рэдкія ўдары, што ішлі ў вароты, браў варатар. Так бы і дайшла справа да пасляматчавых пенальці, каб не адзін эпізод напрыканцы гульні. Леанід Мікалаевіч помніў, як ён рвануўся з нечых чэпкіх рук і памчаў насустрач прастрэлу з правага фланга. Вочы міжволі адзначылі, як варатар тузануўся на выхадзе, пасля, прыпыніўшыся, усё-такі пайшоў на мяч. Чуць запознена рынуўся на мяч і цэнтральны абаронца. Але нейкі міг у апошніх дваіх быў згублены. Усе трое ўзмылі ўверх. Ён тады апярэдзіў усіх і прабіў. Чужая галава стукнула б яму ў вісок, але кулак варатара баксёрскім ударам трапіў у сківіцу свайго абаронцы і адхіліў галаву ад скроні. Мяч ляжаў у варотах, стопер у непрытомнасці ляжаў на траве. З вугалка яго губ сачылася кроў...

Каманда працавала да сёмага поту. Як змей, кідаўся на мяч у варотах Жэня Макевіч. Быццам аралі поле, пласталіся ў падкатах абаронцы — Арцёмаў і Сілаў, Сіваліхаў і Сакалоўскі. Як чаўначкі, снавалі між нападаючых, стараючыся перахапіць мяч, паўабаронцы — Дудко, Рахавец, Малянскі. Адкрываючыся, у адзін дотык пасавалі мяч нападаючыя — Белы, Насевіч і Ясінскі. Стараліся запасныя.

Гэта была ўжо другая трэніроўка. На першай, ранішняй, Леанід Мікалаевіч паганяў іх у зале на трэнажорах, са штангай, а пасля, як расслабленне, правёў між імі баскетбольную двухбакоўку. Цяпер жа ішла адпрацоўка першага паса на хуткасці, удараў па варотах без падрыхтоўкі. Не зніжаючы тэмпу, ён па ходу падказваў, патрабаваў, нават часам пакрыкваў. Пакрыкваў не злосна, а так, па-бацькоўску, бо ведаў, што гэта падхлісне, змусіць старацца і выкладвацца да канца. У будучай гульні з галандцамі будзе нялёгка, у гасцях і дома. Эх, здаецца, выйшаў бы і ён зараз на поле, падхапіў бы мяч, сваім фірменным дрыблінгам абвёў аднаго, другога, трэцяга, развярнуўся б і ўкалаціў бы мяч у левы ці правы верхні вугал! Вось гэта быў бы клас! Так яно і было некалі, у маладосці. А цяпер... Цяпер хуткасць не тая, сілы паменшала, хаця тэхніка засталася. Паспрачаўся ж аднойчы з Макевічам, хто заб’е больш з дзесяці пенальці. Не так ён хацеў гэтага, як варатар. Падначваць пачаў: маўляў, слабавата. Ох і ўзгарэўся ён тады! На пяць пляшак каньяку перабіў руку. Варатар мандражнуў, пачаў аднеквацца. Але хлопцы настаялі: сам жа хацеў! Папрасіў буцы ў Валеры Рахаўца, свайго малодшага брата, бо ведаў: яны аднаго памеру. Пераабуўся. Каб цікавей было, рашылі біць пенальці не ўсе адразу, а па адным, па чарзе. Каманда стала з бакоў. Ёй што? Пасля пасмяецца з аднаго ці другога.

Леанід Мікалаевіч ведаў слабасці свайго варатара, таму два першыя ўдары пусціў пад левую руку ў ніжні вугал. І прапусціў два ад Макевіча. Але адчуў, што спалохаўся ён: а што, калі не заб’е? Ды і ўдары ішлі на сілу, а не па вуглах. Трэці пенальці Леанід Мікалаевіч прабіў у правы верхні вугал. Прабіў, як некалі на чэмпіянаце СССР. Нага і буца не падвялі. Мяч дакладна пацягнуў сетку ў “дзевятцы”. І сам прапусціў трэці, але ўбачыў, як адкрыта ідзе нага варатара пры ўдары, не мяняючы ступню ў апошні міг. Чацвёрты і пяты таксама леглі ў сетку. І яго, і варатара. А вось забіўшы шосты, рашыў, што пара браць. З замахам нагі Макевіча ступіў управа, упаў і выцягнутай рукой адбіў мяч ля ніжняга вугла. Хлопцы зараўлі: гэта ж трэба, як запраўскі варатар! Макевіч яшчэ больш захваляваўся. Прапусціўшы сёмы пенальці, рашыў біць у другі вугал. Ведаў гэта і галоўны трэнер. У адчаянным кідку зноў дацягнуўся да мяча і адбіў. Хлопцы заіржалі. А лік стаў сем-пяць на карысць галоўнага. Восьмы і дзевяты забілі абое. Заклад быў выйграны. Але заставаўся яшчэ адзін удар. І Леанід Мікалаевіч рашыў, калі ўдасца, дабіць хвалюна. А дакладней — апазорыць. Разбегся і штосілы прабіў нізам проста Макевічу ў ногі. Варатар такога падвоху не чакаў, ступіў управа і ў апошні міг стрымаўся, не ўпаў, але вярнуць правую нагу назад было не ў яго сілах. Мяч праляцеў між ног. “Ну і дзірка!” — рагаталі хлопцы. Але за насмешкамі і рогатам зусім іначай зірнулі на трэнера. І запаважалі яшчэ больш..

* * *

Вадзік не падвёў, забег у інтэрнат да Вікі вечарам. Дамовіліся, што раніцай паедуць у вёску да яго дзеда.

У шэсць гадзін сустрэліся пад электрычным табло чыгуначнага вакзала, узялі білеты да Стоўбцаў і назад, а праз паўгадзіны электрычка імчала іх сярод зялёных палёў, каля дачных пасёлкаў. На адкосах буяў шматфарбны дыван кветак. У адкрытыя акенцы цёпла ўрываўся трапяткі вецер, гулліва кулдэшыў і віхрыў чубы і пасмы людскіх прычосак. Было вяснова і хораша, калі хочацца спяваць і жыць, ляцець у разліў асмужанага небакраю.

Паўтары гадзіны праляцелі хутка. А хвілін праз дваццаць сіні ЛАЗ імчаў іх у прынёманскую вёску.

Дзед Міхась, убачыўшы іх, паклаў сякеру на калоду, пайшоў насустрач:

— А-а-а, унучак завітаў. Год не быў, насіла цябе недзе нялёгкая... — Вадзіка абнялі моцныя жылістыя рукі, прытулілі да грудзей. — А дзе ж ты такую чараўніцу адшукаў?

— Віка я... — сказала дзяўчына нясмела і засаромелася.

— Ну-ну, не чырваней. Бачу я: у дружбе вы добрай, як іголка з ніткай. Так яно і павінна быць. А ты, дачушка, сумку во распакуй, я свайго чаго прынясу, перакусім.

— Дзед Міхась, у нас усё ёсць: курыцу купілі, каўбасу, хлеб і фрукты, — Вадзік разволіў замок сумкі, пачаў вымаць прадукты.

— О, дык у вас тут цэлае багацце! А ці елі вы калі-небудзь курыцу, запечаную ў гліне?

Вадзік з Вікай пераглянуліся:

— Не, ніколі.

— То я вас навучу, як рабіць гэта. Віка, памый яе пад кранам. А ты, Вадзік, збегай у хату, прынясі маянэз з халадзільніка.

Дзед Міхась схадзіў у варывеньку і вярнуўся з часнаком і нейкімі прыправамі ў шклянцы. З веранды прынёс міску і соль, пачаў саліць прамытую курыцу. Ачышчаныя долькі часнака дробна парэзаў і пачаў церці імі па тулаву курыцы. Праз хвілін пяць памыў рукі пад кранам і схадзіў на граду, нарваў маладога кропу, спаласнуў яго і запхнуў на месца курыных вантробаў.

— Пайшлі ў агарод, там і кулінарыць будзем.

На кастравішчы стыў жалезны вобад ад машыны. Побач заміж лаўкі на двух бярозавых калодах ляжаў дубовы брус. Дзед Міхась узяў з-пад страхі шырокую фанеру, капануў з карыта дзве лапаты прыгатаванай гліны, паліў яе вадой:

— Віка, вазьмі лыжку, абмаж мяса маянэзам, а я з гліны замяшу цеста, — лоўкія рукі расціскалі кавалкі гліны, і, калі яно размякчэла, палажылі на фанеру, распляскалі ў вялікую аладку. — Кладзі птушку сюды, на гліну.

Дзед Міхась загарнуў тушку глінай, прыдаў ёй форму калабка і апусціў на дно вобада:

— Цяпер кладзіце касцёр.

Сухія трэскі заняліся адразу, сівы дымок паплыў уверх. Вадзік з Вікай сядзелі на дубовай лаўцы, усміхаліся адзін аднаму, падкладвалі ў кола сухія ражны і пасечаныя бацурбэлкі. Праз паўгадзіны гліняны калабок перавярнулі, зноў акружылі агнём. А дзед Міхась прынёс самаробны столік і зэдлік. На засланай сурвэтцы з’явіліся тры кубкі малака, лусты нарэзанага хлеба, паляндвіца і самаробная каўбаса, тры талеркі з відэльцамі.

Агонь дагарэў. Дзед Міхась надзеў на рукі рабочыя рукавіцы, выцягнуў з прыску на фанеру зацвярдзелы мурзаты калабок.

— Ну, дзеці, смаку будзе не абабрацца! — размахнуўся і, як па вялікім грэцкім арэсе, стукнуў вялікім рашпілем. Гліна раскалолася на дзве часткі. Мяса яшчэ шыпела і пыхкала такім смачным пахам, што ў маладых аж слінка пацякла.

— Ну і дзед, ну і кулінар! — Вадзік нажом пачаў дзяліць утушанае мяса.

— Мне толькі крылле, бо я нядаўна паснедаў.

— І мне многа не кладзі.

Сочнае мяса раставала ў роце. Такога смаку Віка не адчувала ніколі. Ела яна куры, паджараныя ў духоўцы на бутэльцы і на блясе, ела такое ж мяса на шампурах, але ўсё гэта і блізка не стаяла ў параўнанні з сённяшнім прысмакам. Ела і шчасліва ўсміхалася.

* * *

Яму пазванілі, калі была чарговая гульня на першынство рэспублікі, далі пропуск, правялі ў вольны каментатарскі пакой. Да гульні заставалася гадзіна. За трыццаць хвілін да пачатку гульні ў судзейскім памяшканні трэнеры запішуць асноўныя саставы каманд, запасных. Сямён Міхайлавіч узяў блакнот, ручку і пайшоў па лесвіцы ў бок пад’язных варот. Там — раздзявалкі і судзейскі пакой.

Праз хвілін пятнаццаць галоўныя трэнеры запоўнілі судзейскі пратакол. Сямён Міхайлавіч і яшчэ журналістаў пяць хуценька перапісалі прозвішчы ігракоў. Назад ён пайшоў па рэкартанавай дарожцы стадыёна, мінуў міліцэйскае ачапленне, па лесвіцы між сектараў падняўся ў каментатарскую. Здаецца, усё проста, нічога лішняга: стол з пультам, навушнікі — мікрафон, збоку на падстаўцы — манітор. Са свістком суддзі сеў на стул, уключыў магнітафон:

— Добры вечар, дарагія сябры! Мы запрашаем вас на мінскі стадыён “Дынама”, дзе ў чарговым туры першынства Беларусі па футболу сустракаюцца каманды “Дынама” Мінск — “Шахцёр” Салігорск, — хваляванне адступіла з першым ударам мяча, як некалі ў гульні. — Хто ж выйшаў сёння на футбольнае поле? Нашы госці выступаюць у чырвоных футболках і белых трусах. На варотах...

Голас Сямёна Міхайлавіча ліўся роўна і спакойна, пераходзіў на хутчэйшы тэмп пры небяспечных сітуацыях ля варот. Але гола пакуль не было. Гарнякі абараняліся ўсёй камандай, гулялі на адбой. Блакітна-белыя памалу нагняталі ціск, шукаючы шчасце на флангах, з прастрэламі ў штрафную. Ішлі наперад абаронцы, білі здалёк. Але мяч не ішоў у вароты або яго адбіваў варатар. Сямён Міхайлавіч ведаў, што гульня зменіцца, зменіцца рэзка пасля першага забітага мяча. У невялікіх пярэрвах, калі мяч вылятаў за бакавую лінію, ён даваў статыстыку: выйгрышы, забітыя галы... — усё тое, што хвалявала простага балельшчыка ля блакітнага экрана. Нарэшце дынамаўцы размачылі вароты “Шахцёра”. Ішла дваццаць трэцяя мінута. Валера Рахавец па цэнтру абвёў аднаго, другога, замахнуўся, а пасля нечакана аддаў пас направа Валодзю Малянскаму, а той нізам прабіў уздоўж варот. З-за абаронцаў выскачыў Ясінскі і без падрыхтоўкі левай укалаціў мяч у верхні левы вугал. Такія ўдары не бяруцца. Гол быў эфектны. Стадыён бурліў ад радасці. А Сямён Міхайлавіч злавіў сябе на думцы: “Якія Валера, Валодзя? Добра, што не прамы эфір, а толькі магнітафон. Такога панібрацтва балельшчык не пацерпіць, скажа: “А ты што, разам з імі ў футбол гуляў?” Трэба быць уважлівым.

У перапынку Сямён Міхайлавіч успомніў, як некалі Озераў не заўважыў, што мяч уляцеў у сетку з другога боку штангі і залічыў гол, а пасля, убачыўшы сваю памылку, збянтэжана апраўдаўся, загнуўшы мат: “..., не было”. Відаць, яму пасля гэтага перапала ад начальства, бо наступныя гульні каменціраваў другі. Успомнілася і першая памылка Левітана на тэлебачанні, пра якую ён успомніў на адной з сустрэч. Славутаму дыктару, голас якога наводзіў жах на фашыстаў у час вайны, трэба было расказаць, як у возеры танула жанчына і яе выратаваў міліцыянер. А Левітан страшна любіў коней: іпадром, скачкі, любога каня мог па клічцы назваць. І вось садзіцца за мікрафон, пачынае: “В озере тонула лошадь...” І замоўк. Божухна, думае, што ён заляпіў у эфір? Трэба заўважыць, што ў каментатара, дыктара, вядучага павінна быць імгненная рэакцыя. І ў Левітана яна была выдатная. Схамянуўшыся, пасля секунднай паўзы ён прадоўжыў: “А рядом тонула женщина...” І расказаў, як міліцыянер сігануў у ваду і выратаваў яе. Выйшаў Левітан са студыі і пахваліўся: гэта ж трэба, заляпіў у эфір такую памылку, але выкруціўся. І ўсё было б, як кажуць шыта-крыта. Ды праз тры-чатыры дні прыйшлі сотні пісьмаў: “женщину спасли, а что стало с лошадью?” Прыйшлося Левітану выступіць яшчэ раз і сказаць, што “лошадь выплыла сама”.

Другі тайм пачаўся атакамі салігорцаў. Ім не было чаго губляць, а перамогу трэба шукаць каля чужых варот. Дынамаўцы гэтага толькі і чакалі, раз за разам урываючыся ў штрафную пляцоўку праз аголеныя тылы. У выніку — яшчэ тры забітыя галы. Два — на рахунку Ясінскага, адзін забіў Уладзімір Малянскі.

Пасля свістка ён выключыў апаратуру і магнітафон. Дома сёння ж пераматае стужку і некалькі разоў праслухае запісаны рэпартаж.

* * *

Ён раптам паплыў, як у ружовым тумане, правальваючыся ў бязважкі палёт...

— Ці не заснуў ты тут? — магутная рука пляснула па спіне. Іван Аўдзеевіч ад нечаканасці аж падскочыў. Громаў, голы і расчырванелы, узвышаўся над ім. — Пара, даражэнькі, у парылку, венікі чакаюць.

У парылцы два дзябёлыя мужыкі паклалі яго на фанерны шчыт, лінулі ў пячурку конаўку вады і гарачая пара напоўнілася пахам зёлак. У два венікі, дубовы і бярозавы, пачалі адпрацоўваць яго плечы і ногі. Венікі то ўзляталі пад самую столь і з размаху хвасталі па гарачым целе, то атрасалі на скуру ліпкае лісце, то моцна прыціскаліся да галёнак і сярэдзіны, быццам у гэтым прыпары хавалася нейкая магія ці чарадзейства. Ён ад задавальнення крахтаў і стагнаў, а венікі нястомна пякелілі рукі і азадак, быццам не было ім супынку. Потым дужыя мускулы падхапілі яго, знеслі на рашотку падлогі. Як з туману, выйшаў у адкрытыя дзверы, ступіў колькі крокаў па слізкіх плітках і, як мяшок з пяском, бухнуўся ў прахалоду басейна. Плаваў з асалодай, адчуваючы, як сіла напаўняе адлупцаванае цела. Калі выйшаў з вады, нехта накінуў прасціну, завязаў, як рымскаму патрыцыю, на плячы. Громаў чакаў яго ля філянговых дзвярэй. Убачыў, пазваў рукой: маўляў, ідзі за мной.

У невялікім зальчыку стаяў накрыты стол з каньякамі, гарэлкамі, рознымі прыкускамі.

— Ну, міласціва прашу! А то выгаладаліся з дарогі, — па-гаспадарску сеў за стол Громаў.

Акрамя Івана Аўдзеевіча, селі на шырокія лавы яшчэ трое. Нікога з іх ён не ведаў. Ды і нашто гэта? Сёння вып’юць яны, а заўтра адсудзіць ён і з’едзе на год, а то і назаўсёды.

Громаў наліў у чаркі маскоўскай “Гжэлкі”, падняў сваю:

— Дарагія мае, харошыя! Давайце вып’ем за дружбу, за тую дружбу, якая ў кожнай нагодзе памагала б і падтрымлівала б.

Гарэлка пайшла лёгка. Запітая таматным сокам, нават не запяршыла ў гарачым горле. Відэлец паімкнуўся падчапіць што-небудзь для прыкускі, але, нерашуча спыніўся: ад застольнага багацця разбягаліся вочы. На двух шырокіх талерках чырванела асятрына, ружавелі скрылі паляндвіцы, тоўстымі чорнымі каўбасамі дымілася крывянка, у глыбокіх чашках стаяла ікра чорная і чырвоная...

— Бяры-бяры, смялей... — Громаў падчапіў кавалак балыка і цалкам закінуў у шырокую пашчу. — Яшчэ юшка будзе і шашлыкі.

— Дзякуй, Мікалай Антонавіч. Я вазьму.

Трое маўчалі, толькі спраўна ўпляталі застольныя прысмакі.

Громаў зноў наліў:

— Ну, Іван Аўдзеевіч, другі кілішак давай за тваю восеньскую пуцёўку на Канары. Крыштальны завод памог выдзеліць.

Іван Аўдзеевіч аж не паверыў вушам, але адбіў звон падстаўленай чары:

— Дзякуй вялікі, Мікалай Антонавіч... Я ўсё зраблю.

Трэцюю паднялі за дзяўчат, як сказаў Громаў, за чмяліх, за любоў. Потым чары згубілі лік і ён цьмяна помніў, як піў юшку і еў шашлык, п’яна паўтараў адно і тое ж:

— Ды я іх заўтра... Заўтра я іх... Падай мне хоць зборную Бразіліі, я сплаўлю і яе.

Потым, захмялелы, з некім цалаваўся, і не помніў, як вялі яго наверх, асцярожна палажылі ў пасцель. Пасля да яго зайшла голая незнаёмка, горача выцалоўвала ўсе часцінкі цела, нешта шаптала і катурхала, але ён заснуў.

Назаўтра пасля перамогі гаспадароў поля шыкоўная “Волга” звезла Івана Аўдзеевіча, абкладзенага пакункамі і падарункамі, у Мінск.

* * *

Дзед Міхась вымыў рукі, выцер іх ручніком:

— Касцёр сам датлее, ачахне, а я вам сваё багацце хачу паказаць.

Віка з Вадзікам таксама падняліся, спаласнулі рукі.

Дзед адкрыў шырокую прыбудоўку за хатай, запрасіў маладых:

— Я — цясляр і сталяр, а пра лепшае не мар. Песню пра сябе такую склаў. Гэтым і жыву. Давесак да маёй пенсіі. Раблю людзям судзіны, бочкі, а хто і дзяжу ці ражку закажа. Бывае, і кубел папросяць зрабіць, сала ж трэба недзе пакласці. А жанкі фаскі і кадоўбчыкі любяць заказваць. У іх добра грыбы саліць. Нядаўна ў Вераб’я бура ліпу заваліла, то я выкупіў яе. Хлопцы бензапілой парэзалі. З яе кадоўбчыкі выйдуць — закачайся! Праўда, марокі многа: усю сэрцавіну трэба выдзеўбці, каб толькі абалонь засталася, ды і дно падагнаць — справа не лёгкая. Ды і што яно лёгка. Бочку дубовую зрабіць — намучышся колькі: клёпкі падагнаць так трэба, каб нідзе шчылінкі не было, дно паставіць і абручы нацягнуць. Каб пасля ні адна гаспадыня не зганіла. А гэта вось — на сцяне і на паліцах — мае памочнікі.

Дзед Міхась расказваў, а Віка дзівілася, колькі трэба ўсякага інструменту для сталярнага рамяства. На варштаце ляжалі розныя сякеры, малыя і вялікія. Тут жа мясціліся калун і склюд для расколвання калодак і вычэсвання брусоў. На сцяне віселі пілы лучковыя, піла-нажоўка і піла-белачка. На паліцы ляжалі фуганак і рубанак, шархебель, паўкруглая калёўка і баран з двума ручкамі. На другой сцяне ад акна віселі скобля і струг, розныя свярдзёлкі, вугольнікі і лінейкі. А дзед паказваў, браў у рукі той ці іншы інструмент, быццам па-сапраўднаму рабіў работу.

— Бачыце, колькі загатовак у мяне нарыхтавана, — дзед Максім паказаў на прыслоненыя да сцяны розных памераў драўляныя кавалкі. — Кожнае дрэва сваю душу і характар мае. Адно — мяккае, другое — цвёрдае. Запалкі, напрыклад, з асіны і топаля робяць. Яны добра колюцца. А вось добры паркет з дуба і ясеня атрымліваецца. Гэты вось аловак, якім я лініі адзначаю, робяць з кедра ці ядлоўца. Сасна смаловая на палубы караблёў ішла. А хаты з яе — як званы. Каб лазню зрабіць, лепшага за асіну матэрыялу не знойдзеш. Бяроза і бук для прыкладаў зброі ідуць: яны цвёрдыя і не трэскаюцца. Мая баба некалі галаўны боль пад бярозай лячыла: пастаіць паўгадзіны пад ёй, ствол пагладзіць — лёгка адразу стане. Ды і я, калі моташна, нездаровіцца, іду пад крону дуба, шурпаты ствол рукамі пешчу. Як бачыш праходзіць слабасць. Дуб сілу дае.

Вадзік слухаў і дзівіўся, адкуль дзед столькі ведае. Жыццё, відаць, навучыла, мноства тайнаў прыроды адкрыла. Ды з пакалення ў пакаленне, ад майстра да майстра перадаваліся гэтыя тонкасці, беражліва захоўваліся ў народных умельцаў, каб ад паўзабытага зноў адрадзіцца ў сучаснасці. Быў ён сяды-тады на дачах сваіх сяброў, бацькі якіх усярэдзіне ўсё з дрэва зрабілі. А на адной бачыў нават свяцільнік у форме кола з воза.

Дзед Максім браў у рукі брускі, гладзіў заскарузлымі далонямі, паказваў спілы розных дрэў, гадавыя кольцы на іх, зноў расказваў пра кадкі і кубельцы... А Вадзіку чамусьці ўяўлялася іхняя каманда, ігракі, падагнатыя адзін да аднаго, як клёпкі ў дзедавай бочцы, надзейна і гожа...

Вечарам Віка з Вадзікам з’ехалі з вёскі апошнім аўтобусам.

* * *

Ля стадыёна гулі і спрачаліся балельшчыкі. Кожны даказваў сваё, але ўсе сыходзіліся на адным: у першай гульні на выездзе будзе цяжка. Галандскі “Аякс” дома будзе рваць і кідаць, але перамогу не выпусціць.

— Гэта — не жартачкі, — гарачыўся высокі бландзін. — У нашых міжнароднага вопыту няма, адзін імпэт. У галандцаў — тэхніка і ігракі, як на падбор. А варатар? Чэмпіён свету і Еўропы! Паспрабуй забі такому.

— А ты помніш, як Францыя Бразілію раскалаціла? Хаця ўсе зараней ёй чэмпіёнства аддавалі, — невысокі таўсцячок расхінуў куртку. — І тут можа быць тое ж.

— Ну ты і загнуў! У нас жа такога, як Зідан, няма пакуль. Не веру я, што нашы ў наступны круг выйдуць. Не дараслі яшчэ.

— Хлопцы, хлопцы, супакойцеся. Мяч круглы і ўсякае можа быць. Вядома, “Аякс” гуляе класна. Але і нашы ім нервы папсуюць, — чырванашчокі кірпаты мужчына паправіў гальштук, газетай паказаў у бок футбольнага поля. — Я трэніроўку іх учора глядзеў. Хлопцы — закачайся! Рыўкі, удары, абводка... Сярэдняя лінія, як заведзеная працуе. Ды і абарона па росту іхнім не ўступае. Нападзенне, праўда, слабейшае. Адзін Ясінскі не выцягне: зажмуць, закрыюць ці пакалечаць. Але — пачакаем. Не трэба адчайвацца.

Гаворка з Кубка чэмпіёнаў пераскоквала на свой чэмпіянат, плыла ў даўнія ўспаміны, зноў вярталася назад.

— Ну, адгуляюць там, у Галандыі, нават няхай пару мячоў прайграюць. А што дома? Перад адказнай сустрэчай — фінал свайго кубка. Куды федэрацыя глядзіць? Можна было б і перанесці. Ці ж сляпыя яны? Хто ж перад такой гульнёй за тры дні кубак прызначае? Здурнелі...

— Што праўда, то праўда. Ці ж паспеюць яны сілы аднавіць. Кажуць, федэрацыя ўперлася, не хоча пераносіць: кажуць, дата нашага кубка была раней вядомая...

— А што важней — наш ці еўрапейскі? Тут і гаварыць няма чаго. Хіба што грошы не апошняе слова маюць: у нас — меншыя, там — вялікія. А, можа, хлопцы самі згадзіліся? Хто яго ведае.

— Можа, і так. Тут — выйграюць. На наступны год у Кубку кубкаў згуляюць. А там праляцяць. Дык чаго і ўпірацца?

Невысокі таўсцячок павярнуў гаворку на іншую тэму:

— Многае, хлопцы, ад судзейства залежыць. Там судзіць немец, а тут — італьянец. Калі не купілі іх, то ўсё справядліва павінна быць.

— А колькі іх купляюць! Кінулі мільён зялёных — і засудзіць. Пляваць яму, што дыскваліфікацыя свеціць. Да канца жыцця, як сыр у масле, жыць будзе.

— І гэта бывае, — высокі чарначубы мужчына гадоў пад сорак праціснуўся наперад. — Цяпер не толькі суддзю можна купіць, але і ўсю каманду. Гадоў пяць назад і я гуляў на першынство рэспублікі. У нападзенні, за мінскую “Арбіту”. Апошняя гульня нам заставалася ў Барысаве. Мы і так бронзу заваявалі, нічога больш не свяціла. Барысаўчане, калі выйгравалі ў нас, на адно ачко Бабруйск абыходзілі і станавіліся чэмпіёнамі. Трэнеры, відаць, перагаварылі і дамовіліся: калі мы здадзім гульню, шаснаццаць крыштальных ваз нам падораць. Ну, пускаем у першым тайме адзін. У другім асабліва не ўпіраемся. А я тады ў нападзенні гуляў па левым краі. За мінут дзесяць да канца нехта мне ўразрэз закінуў. Выходжу я к варотам і думаю: “Трэба ж як-небудзь прамазаць”. Размахваюся, а мяч у апошні міг ад нейкай купіны падскочыў і ў мяне з нагі зрэзаўся. Я абамлеў: у самую “дзевятку” ляціць! Варатар застыў, як укапаны. Слава Богу, мяч па перакладзіне чыркнуў і за вароты вылецеў. Хлопцы на віскі пальцамі паказваюць: ты што, дурны? Трэба ж яшчэ адзін тады прапускаць. Адыйшоў я бліжэй да абароны і там да свістка дагуляў. А пасля ад’ехаліся мы ад стадыёна — іхні ПАЗік нас дагнаў. У стружках і апілках нам перадалі шаснаццаць велізарных ваз. Не падманулі.

— Такое і цяпер бывае. Толькі стаўкі большыя. Асабліва ў канцы чэмпіянату. Аддаюць ачкі камандам знізу табліцы, каб не вылецелі з вышэйшай лігі. І не дакажаш. На маёй памяці такога не было.

Балельшчыцкія спрэчкі і ўспаміны спыняў толькі прыцемак.

* * *

Леанід Мікалаевіч напісаў у федэрацыю заяўку аб пераносе фіналу кубка паміж мінскім “Дынама” і барысаўскім БАТЭ на пазнейшы час. Праз тры дні каманда самалётам вылятае ў Амстэрдам, а ніякай інфармацыі няма. Разоў дзесяць галоўны трэнер набіраў тэлефон федэрацыі, але трубку ніхто не падымаў. Нарэшце дазваніўся да галоўнага суддзі, але той адфутболіў яго да Бутакова: ён кіруе, рашае і ўсё ведае. “Ну і ліха з ім! Прыляцім, тады і дазванюся”.

За дзень да адлёту Леанід Мікалаевіч сабраў каманду на трэніровачнай базе. Былі тут другі трэнер, масажыст і ўрач. Як заўсёды, перад адказнымі гульнямі ён праводзіў тэарэтычныя заняткі, выбіраў тактыку на гульню, настройваў каманду. Не толькі настройваў, а і супакойваў сябе. Бо часта пасля напружаных паядынкаў, калі прыязджаў дадому, гадзіны дзве-тры не мог есці і піць. Лягчэй было некалі гуляць на полі, чым перажываць за каманду...

— Абарона будзе зонная. Сіваліхаў чуць ззаду, у ролі чысцільшчыка. Белага з нападзення адцягнем назад, чацвёртым паўабаронцам. Бліжай к цэнтру адыдзе і Насевіч. Ясінскі — блукаючы форвард. Нікога не баяцца, яны такія ж, як і мы. Нават ёсць маладзейшыя — ван дэр Гун і ван дэр Ваарт. Першаму — дваццаць адзін, а другому ўсяго семнаццаць. Каманда ў іх вопытная, зладжаная. Таму пастарайцеся не даваць спакойна прымаць мяч. Хай адчуваюць ваша дыханне. Без патрэбы не фаліць, асабліва на іхняй палавіне. Жэня Макевіч, на выхадах адбівай не па цэнтру, а к бакавым. Калі пайшоў на мяч, ідзі да канца, не тузайся. Першы тайм гуляем толькі ад абароны. Дарэчы, Сакалоўскі, як нага?

— Нічога, цярпіма. Грэю ў баракамеры, масаж і расціраю фіналгонам.

— Калі пагоршае — гавары.

— Пакуль нармальна.

— Абароне быць уважлівай, асабліва пры навесах. У росце мы ім не прайграём. У сярэдзіне мяч аддаваць толькі адкрытаму іграку або ісці на абводку. Яны ўмеюць абараняцца. Вось давайце паглядзім відэазапіс гульні “Аякса” з НЕКам.

Леанід Мікалаевіч паставіў касету, шчоўкнуў пультам. Хлопцы ўважліва сачылі за гульнёй. Амстэрдамцы з першых мінут пайшлі ў наступленне. Падключаліся абаронцы, стараліся хаўбекі, закідаючы ў прарыў мячы. І ў першым тайме два галы забілі самыя маладыя, пра якіх гаварыў галоўны.

— Ну што? Уражвае?

— Каманда як каманда, — пацепнуў плячыма Малянскі.

— А Махлас?

— Класны ігрок! Выдзяляецца.

— Вось за ім вока ды вока трэба.

— Валера, — галоўны зірнуў на малодшага брата, — калі мяч будзе ў іх, бяры яго персанальна. Сёння закончым. За тры дні да гульні гарачы душ не прымаць, з дзяўчатамі не спаць. Трэніроўка заўтра, як звычайна.

* * *

Перад залікамі ўспомнілася Вадзіку яго паступленне на філфак. Першы экзамен — сачыненне — ён напісаў на вольную тэму і атрымаў пяцёрку. Літаратуру прымаў доктар навук, паэт Сяргей Бойка. Далікатны і памяркоўны, ён сваім мякка-пявучым галаском заварожваў студэнтаў на лекцыях, прыдумваючы часам самыя неверагодныя версіі гісторыі напісання твораў. На экзамене мог задаць такое пытанне, якога і блізка яны не праходзілі. Асабліва любіў смакаваць тое, па чым пісаў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. Таму студэнты штудзіравалі яго навуковыя працы, перагортвалі яго зборнікі паэзіі.

Першае пытанне ён адказаў выдатна, бо вельмі любіў ананімную паэму “Тарас на Парнасе”. Сяргей Антонавіч уважліва выслухаў і амаль праспяваў: “Ну-ну, выдатна! Пераходзім к другому пытанню”. Творчасць свайго земляка, народнага паэта Якуба Коласа ён ведаў, як свае пяць пальцаў. Ды і брыдка было не ведаць, калі заслужаная настаўніца з класа ў клас паўтарала: “Каго-каго, а творчасць Канстанціна Міхайлавіча, нашага, роднага, трэба ведаць”. І ведалі, ведалі яго жыццёвы шлях, доўга маглі расказваць яго вершы і ўрыўкі з паэм напамяць. Таму Вадзік адказваў, як рэпу сек. А ў канцы зусім ашарашыў выкладчыка, сказаўшы, што калі б не было турэмнага зняволення песняра, то не было б яго лепшых твораў — “Новай зямлі”, “Сымона-музыкі” і трылогіі “На ростанях”. Доктар навук аж падняў рукой акуляры на лоб, уважліва ўгледзеўся ў белабрысага абітурыента, але не запярэчыў. Не ведаў тады Вадзік, што экзаменатар сваю кандыдацкую па першай паэме пісаў. Калі шок яго крыху прайшоў, ён папрасіў назваць сучасных паэтаў, якія найбольш падабаюцца. Вадзік пералічваў іх упэўнена, але экзаменатар маўчаў. І тады ён выпаліў: “Сяргей Бойка...” — “Не-не, мяне не трэба, — пачырванеў Сяргей Антонавіч. — Вам — пяцёрка”.

Гісторыю прымаў высокі суровы загадчык кафедры. Гусарскія вусы, густая чупрына з зацярушанай сівізной, пільны позірк... — усё гэта кідала бедных абітурыентаў у дрыжыкі. Пра яго хадзілі легенды. Расказвалі, што ён часам пакідаў студэнта аднаго ў аўдыторыі, выходзіў перакурыць, а пасля вяртаўся, вымаў з-пад стала магнітафон, адкручваў стужку назад і ўважліва слухаў адказ.

Вадзіка тады ён не збіў з панталыку: “Будзеш рыхтавацца ці адказваць адразу?” — “Магу і адразу”. — “Цікава. Адкуль ты родам?” — “Са Стаўбцоўскага раёна”. — “Чаму Стоўбцы Стоўбцамі называюцца?” Хлопец расказваў пра тое, што вычытаў некалі ў легендзе: пры ўездзе ў горад стаялі тры стаўбы, адсюль і пайшла назва. “А вось ты едзеш у сталіцу, пасярэдзіне дарогі — Койданава. Адкуль яго чорт прынёс?” Прыйшлося ўспомніць, што ў тысяча дзвесце сорак першым годзе, калі Батый заваёўваў Русь, Койдан са сваімі нукерамі і цьмою, а дакладней — войскам, рынуўся на Белую Русь. Ля Крутагор’я ён быў разбіты. “А вось ты прыехаў у Мінск. Адкуль такая назва з’явілася?” Расказваў пра тое, што чытаў: рака Менка, па якой прыплывалі купцы і мянялі тавары. Адсюль і пайшло: Менеск — Менск — Мінск. “Чаго ты прэшся на гэты філфак? Ідзі на гістфак”, — сказаў напаследак “гусарскі вус” і паставіў “выдатна”.

Залікі Вадзік здаў за два дні, а экзамены здасць пасля гульні з “Аяксам”. Не першай, а другой, дома.

* * *

Гульня з галандцамі была цяжкай. За дзень да яе марскі цыклон прынёс пранізлівы вецер. Бухматыя хмары плылі над стадыёнам, высейваючы дакучлівае мроіва дажджу. І ўсё ж на гульню прыйшло тысяч дваццаць. Не змаўкалі трашчоткі, раўлі трубы, іскрылі бенгальскія агні. Усе чакалі магутнага разгрому нейкіх там задрыпаных беларусаў. Перадматчавыя спецвыпускі газет давалі шматлікія інтэрв’ю футбалістаў, трэнераў, былых галеадораў, і ва ўсіх сцвярджалася: заб’юць, толькі адзінае пытанне — колькі? Толькі вопытны Махлас адмахнуўся ад рэпарцёраў: каманда саперніка непрадказальная, гульня пакажа.

Першы тайм, як і чакалі, пачаўся рашучымі атакамі гаспадароў. Тактыка была простая: як мага хутчэй забіць, ашаламіць. Пакуль не ачомаюцца, правесці яшчэ два-тры мячы, а ў другім тайме давесці разгром да канца. Вёрткія нападаючыя галандцаў прарываліся па краях і, не раздумваючы, падавалі ў штрафную. Сакалоўскі, Сілаў, Арцёмаў выйгравалі паветраныя дуэлі. Пару разоў, баючыся лавіць слізкі мяч, адбіў яго Макевіч. Зноў і зноў “Аякс” ішоў наперад, дынамаўцы ўмела перакрывалі подступы да штрафной, гулялі на апярэджанне, не даючы саперніку прайсці па цэнтру. Флангавыя навесы і прастрэлы пакуль нічога не давалі. Хіба толькі адзін раз, калі мяч слізгануў па галаве Сакалоўскага і апаў на лініі варатарскай пляцоўкі, ван дэр Гун мог прабіць па варотах. Але і ён не чакаў такога падарунка, а Косця Сіваліхаў тут жа адправіў мяч на левы край Малянскаму. Уладзімір адкінуў яго Рахаўцу. Вадзік, адчуваючы, што будзе падача, рвануўся на правы край. Валера не прамарудзіў, адразу ж падаў на вугал штрафной. Ясінскі выскачыў з-за абаронцы, і не даючы апусціцца мячу, прабіў. Стадыён анямеў і ахнуў. Чорна-белае ядро чыркнула па бакавіне штангі і вылецела за лінію поля. Сотні грудзей аблегчана выдыхнулі. Пакаціліся рэдкія апладысменты. Ішла трыццатая хвіліна. На табло свяціліся нулі. Так і закончыўся першы тайм.

У другой палавіне сустрэчы “Аякс” памяняў гульню. Убачыўшы, што падачы з левага і правага краю нічога не прыносяць, галандцы пачалі нагнятаць ціск па цэнтры. Цяпер уся гульня ішла праз Махласа. Ён, як вопытны дыспетчар, умела дырыжыраваў мячом, разыгрываючы “сценкі”, імкліва адкрываўся, тут жа атрымліваючы мяч, смела ішоў на абводку. Але і да гэтага дынамаўцы былі гатовыя: Леанід Мікалаевіч прадказваў такі варыянт. У цэнтры паўабароны здвоіліся Рахавец з Насевічам. Падцягнуўся да іх у адну лінію і Дудко. Па краях выкладваліся Белы з Малянскім. Паўабарона з пяці футбалістаў павінна была вытрымаць. Толькі адзін Ясінскі снаваў між галандскіх паўабаронцаў, чакаючы зручнага моманту. Раней ці пазней ён павінен з’явіцца. Прыціснутая да варот дынамаўская спружына калі-небудзь ды выпраміцца, пашле сваё вастрыё нападзення — Вадзіка Ясінскага — да амстэрдамскіх варот. І ён дачакаўся. Галандскія абаронцы падцягнуліся да цэнтра поля, забыўшы той, першы момант ля сваіх варот. Адбіўшы чарговую атаку, мяч падхапіў Малянскі і, пачуўшы слова “Кінь!”, паслаў мяч верхам за цэнтральны круг. Пярэдні абаронца ў скачку не дацягнуўся да яго. Вадзік рвануўся за спіну праз падстаўленую нагу чысцільшчыка, пераскочыў, вырваў знарок прыхопленую футболку з рукі апошняга і панёсся насустрач варатару. Бартэз не рушыў наперад, чакаў зручнага моманту, каб выйсці і скараціць вугал удару. Да штрафной заставалася метраў пяць. Варатар рвануўся насустрач. Вадзік прабіў — Бартэз сходу нырнуў уніз улева і кончыкамі пальцаў дацягнуўся да мяча. Гэтага хапіла, каб той не ўляцеў у сетку, прайшоў побач са штангай. Стадыён апладзіраваў — і Бартэзу, і Ясінскаму. А Вадзік сплюнуў ад роспачы: “Таўкач! Такога моманту можа і не быць. Трэба было біць мацней, мяч цяжкі”. Праўда, ніхто з партнёраў не папракнуў.

Галандскія футбалісты раптам зноў змянілі тактыку: пры першым жа нязначным сутыкненні пачалі прытворна падаць. Але нямецкі суддзя гульню не спыняў, паказваючы, што парушэнняў не было. Надзея атрымаць такім чынам штрафны паблізу варот ці вымучыць пенальці знікла. Гульня перайшла ў спакойнае русла. Фінальны свісток арбітра зафіксаваў нулявую нічыю. Футбалісты “Аякса” пакідалі стадыён, панурыўшы галовы. Гледачы свісталі. А дынамаўцы ішлі ў раздзявалку гордыя, у вачах свяцілася радасць. Яны сёння выстаялі. Дома будзе лягчэй.

* * *

Адвячорак за акном спусціўся непрыкметна. У прыцемку растварыліся абрысы дамоў, зліліся з цемрай кроны дрэў...

Вадзік чуў, як Віка прымала душ, пасля сушыла валасы фенам. Не хацелася ўставаць, каб уключыць святло. З магнітафона лілася лёгкая музыка. На сэрцы было суцішна і хораша.

Яна прайшла ў канец пакоя, уключыла таршэр, вярнулася і села побач:

— Мае з’ехалі ў вёску. Заўтра вернуцца. Я крыху пабойваюся адна.

— Наймі вартаўніка, — усміхнуўся Вадзік і лёгка абняў за плячо.

— А ты? — яна не адхінулася, а, здаецца, нават прытулілася да яго грудзей. Чорныя пасмы валасоў пахлі ландышам, прыемна казыталі Вадзікаву шчаку.

— Я з радасцю застаўся б, але заўтра гульня, фінал кубка, і мне трэба выспацца.

Яна нічога не сказала, але, як здалося Вадзіку, крыху адкаснулася ад яго шчакі.

— Віка, ты не крыўдуй. Я пасля бяссоннай ночы ног не пацягну. А хлопцы што скажуць? Нам жа за кубак, калі выйграем, званні майстроў спорту свецяць.

— Вадзік, я ўсё разумею, але...

— Што “але”, што? Мілая ты мая... — Вадзік прытуліў яе, пачаў цалаваць.

Яе губы, спачатку халодныя, нясмела адказалі, пасля пацяплелі, сталі гарачымі, пачалі страсна шукаць яго зубы, язык... Вадзік, хмялеючы, цалаваў шчокі, вочы, шыю. Рукі міжволі пайшлі ніжай, адчуваючы пад шаўковым халацікам яе цела, распусцілі завязкі... Віка выдыхнула і абвіла яго шыю рукамі, пальцамі цярэбячы валасы, пагладжваючы шчокі. А ён, забыўшыся на якім свеце, расхінуў халацік, пачаў цалаваць саскі грудзей, упадзінку між імі...

Віка застагнала і раптам спружынна рванулася з яго рук:

— Не, Вадзік, не! Толькі не цяпер... — быццам ашаломленая, захінула крысо шоўку, узяла завязкі на банцік.

— Выходзь за мяне замуж, Віка, — Вадзік хацеў прытуліць яе зноў, але яна далікатна адвяла яго руку.

— Табе ж часу не будзе жаніцца. Вунь паклонніцы адбою не даюць: аўтографы, фатаграфіі. Кожны дзень — дзве трэніроўкі. А пасля — зборы, раз’езды. За мячом свету не бачыш, — Віка ўстала, уключыла агульнае святло.

— Што праўда, то праўда: трэніроўкі, раз’езды, зборы... Такое жыццё ў футбалістаў. І іх жонкам не пазайздросціш: чакай, што заўтра прыедзе, каб раніцай зноў адправіць у дарогу. А вось “свету за мячом не відаць”... Я не сказаў бы... Можа, дзякуючы яму, я свет і ўбачыў. Нават з табой праз мяч пазнаёміўся. Помніш?

— Помню, — Віка рукамі страсянула пасмы валасоў, хітнула галавой, роўна рассыпаючы іх па плячах. — Пайшлі на кухню, я цябе чаем пачастую.

Вада ў чайніку закіпела. Віка кінула шчопаць змельчаных лістоў і кветак у пузаты збаночак, да верху заліла кіпенем:

— Ведаеш, колькі ў заварцы лекаў? Лічы: лісты парэчкі, маліны, суніц, кветкі чабору, мята, ліпавы цвет, трава-зуброўка і мацярдушкі. О, колькі ўсяго — восем! Сястра яшчэ зверабой кідае.

— Смачна, — Вадзік прыхлёбваў духмяны гарачы напой упрыкуску з пячэннем. — А ведаеш, Віка, я не жартую: выходзь за мяне замуж.

— А жыць дзе будзем? Ты падумаў...

— Калі выйграем у “Аякса”, нам абяцалі кватэры даць. Спачатку хаця б аднапакаёўку. А там — відаць будзе. Так што згаджайся, я два разы не прапаноўваю, — Вадзік усміхнуўся.

— За сённяшні вечар ты два разы і прапанаваў, — Віка пальцам дакранулася да кончыка яго носа.

— І праўда. Значыць, Бог троіцу любіць. Чакай...

Была палова дванаццатай, калі ён ішоў на метро.

* * *

Леанід Мікалаевіч Вадзіка Ясінскага ў асноўны састаў не паставіў: “Адпачні перад гульнёй з галандцамі. Мы сёння і без цябе павінны выйграць. Пабудзь у запасе, хай маладыя сябе пакажуць”.

Вадзік не пярэчыў, але не мог ўседзець на лаўцы запасных. Няма нічога больш цяжкага, чым бачыць, як каманда атакуе саперніка, надзейна авалодаўшы цэнтрам поля, і не можа забіць. Выжыльваецца сярэдняя лінія, носяцца ў прарывы два нападаючыя, а мяч, як закляты, не ідзе ў вароты. Барысаўскія нападаючыя, адышоўшы назад, адбіваюцца разам з абаронай, не думаючы пакуль што аб нападзенні. Ціха, заняўшы амаль сектар, сядзяць, балельшчыкі, што на дзесятку аўтобусаў прыехалі з раённага гарадка. Стыне ў варотах Жэня Макевіч, дынамаўскі варатар. Яму сёння па-сапраўднаму нават і не білі. Хіба што разы два, ды і то далёка ўбок. Эх, выйсці б зараз на поле яму, Вадзіку, падхапіць мяч, абвесці на хуткасці аднаго, другога і штосілы гахнуць па чужых варотах, каб аж сетка затрапятала ў якім-небудзь вугле! Але не, Леанід Мікалаевіч і не думае рабіць замену, спакойна назірае за гульнёй.

Два нулі на табло, як здзіўленыя вочы, праводзяць ігракоў у падземны пераход пасля першага тайма.

У перапынку галоўны трэнер падказвае памылкі, просіць больш біць па варотах здалёк, робіць перастаноўкі ў лініях. Замен — ніякіх. Хлопцы, апусціўшы гетры на нагах, расслаблена слухаюць, адпачываюць, палошчуць горла мінералкай.

У другім тайме дынамаўцы зноў атакуюць. Некалькі разоў з метраў трыццаці б’е Валера Рахавец. Адзін раз мяч пралятае над перакладзінай, другі раз варатар з цяжкасцю пераводзіць яго на вуглавы. Б’юць здалёк Валодзя Малянскі і Валодзя Белы — варатар адбівае. Барысаўская каманда амаль не пераходзіць цэнтр поля, трымае абарону. А часу да канца тайма застаецца ўсё менш і менш. Зноў дынамаўцы наносяць некалькі ўдараў па варотах — міма! Калі на табло застануцца нулі, будуць яшчэ два дадатковыя таймы па пятнаццаць хвілін. Свісток галоўнага суддзі сведчыць аб гэтым.

Два маленькія таймы таксама праходзяць безвынікова. За хвіліну да канца Леанід Мікалаевіч дае сігнал Вадзіку: “Раздзявайся!” Хуценька скінута трыко: ён гатовы выйсці. Нехта са сваіх запускае мяч на цэнтральную трыбуну. Аўт! Ясінскі замяняе Насевіча, замяняе, бо і сам ведае, што пенальці — гэта гульня нерваў. Колькі разоў на трэніроўках ён адточваў, вывяраў удары ў ніжнія і верхнія вуглы, біў, як аўтамат, але па-свойму, з хітрасцю і падрэзкай. Таму і стаў, як кажуць, штатным пенальцістам. Свісток не даў нават разагрэцца. Цяпер — па пяць пенальці. Хто каго, чыя возьме?

Ажывіліся балельшчыкі Барысава, убачыўшы, што з’явіўся шанс выйграць, узнялі лозунг “Кубак — наш!”

Леанід Мікалаевіч назваў прозвішчы ігракоў, якія павінны біць пенальці: Белы, Міцкевіч, Рахавец, Малянскі, Ясінскі.

Першымі білі барысаўчане. Жэня Макевіч не ўгадаў напрамак удару. Забіў гол і Белы. Шэсць наступных удараў дынамаўцаў і іх сапернікаў таксама былі трапныя. Праўда, адзін мяч дынамаўскі варатар мог узяць, але той, слізгануўшы па далоні, усё ж уляцеў у ніжні вугал. Пяты пенальці біў Іван Занкавец, цэнтральны абаронца БАТЭ. “Ну, гэты заб’е, — падумаў Вадзік. — Удар — як з гарматы!” Занкавец разбегся і штосілы ўлупіў па мячу. Удар пайшоў амаль па цэнтру верхам. Макевіч выкінуў руку ўверх, кулаком падбіў мяч. Той стукнуўся ў перакладзіну і адляцеў у поле. Стадыён замёр: адзін удар вырашыць усё!

Вадзік акуратна паставіў мяч на белую паметку і рашыў, што будзе біць з падрэзкай. Разбегся, моцна замахнуўся... Ступня правай нагі пайшла ўправа, а з ёй рвануўся ўлева варатар. У апошні міг “шчочка” нагі падрэзала мяч улева і той лёгка чыркануў у правы ніжні вугал ад галкіпера: як кажуць, развёў па розных вуглах.

Стомленая каманда падхапіла дынамаўскага варатара, пачала падкідаць уверх. Вадзіка паляпвалі па плячах: “Малайчына!”

Табло высвечвала цяжкую перамогу: 5—4.

* * *

На другі дзень да стадыённых касаў нельга было прабіцца. Людзі чакалі па некалькі гадзін з надзеяй, што выкінуць астаткі білетаў, але на акенцах няўмольна бялелі вывескі: “Білеты прададзены”. Бессаромныя перакупшчыкі шнырылі між натоўпу, ціха прапаноўваючы білеты па двайной цане. Многія балельшчыкі, баючыся застацца за агарожай стадыёна, куплялі.

Сямён Міхайлавіч з Максімам пастаялі крыху ля стадыёна і паволі пайшлі па алеі бліжняй вуліцы.

— Заўтра стадыён будзе поўны. Білетаў няма.

— Значыць, будзе падтрымка нашым.

— Я хвалююся трохі: весці рэпартаж між нашымі камандамі — адно, а вось на міжнародным узроўні — другое. Мала вопыту яшчэ.

— Дарэчы, я глядзеў па тэліку апошнюю гульню на кубак. Знарок не пайшоў, каб цябе паслухаць. Скажу табе, няблага... Асабліва з інфармацыяй.

— Я і да “Аякса” быццам падрыхтаваўся... Толькі лепшыя каментатарскія аддаюць галандцам. А я нават і не ведаю, адкуль буду весці...

— Так і павінна быць: усё лепшае — гасцям. Ды я не пра гэта. Хочаш, некалькі заўваг табе зраблю? Не пакрыўдзішся?

— Наадварот, буду ўдзячны.

— Дык вось, у пачатку другога тайма абавязкова паўтары саставы па лініях і пазіцыях. Коратка раскажы пра небяспечныя моманты ў першым тайме. Можа, хто спазніўся да экрана, пачаў глядзець гульню пасля перапынку. Лічы вуглавыя ля тых і другіх варот. Стаў кропкі ці палачкі на паперцы, тады не памылішся. І яшчэ. Паўтарай час ад часу, якая хвіліна гульні ідзе.

— Згодны, дарагі, згодны. Заўтра ўсё гэта ўлічу.

— Яшчэ паслухай. Не бойся ранейшых слоў: стопер, хаўбек, інсайд, афсайд. Ды і сённяшняе “плеймейкер” не забывай. Ты ж помніш, калі сустракаліся “Мілан” і “Ювентус”, якая бойня ішла між Бобанам і Зіданам. Іменна яны ўсё вырашалі.

— Магчыма, ты і праў. Але каб не перабаршчыць... Дарэчы, сёння я быў у Камітэце. Мне водгукі на рэпартаж аддалі. Пісьмаў трыста. Я прачытаў сотню, астатнія не паспеў. У асноўным хваляць, пішуць: малайцы беларусы, што пачалі весці футбол на роднай мове, так, як гэта робяць украінцы, літоўцы, грузіны. Некалькі пісьмаў з падзякай маці: паслухаў сын рэпартаж і ўзяўся вучыць беларускую мову.

— А ваенныя?

— Ёсць некалькі пісьмаў. Просяць вярнуцца да рускай: не ўсе словы разумеюць.

— Нічога, прывыкнуць і вывучаць. Усё ж на полі відаць.

— Ёсць адно пісьмо ад маладых студэнтаў-журналістаў. Я яго з сабой захапіў. О, слухай: “Таварыш каментатар! Увядзіце ў свой рэпартаж такія словы, як брама, а не вароты; не варатар, а брамнік; замест штрафной пляцоўкі — карная пляцоўка; не прамазаць, а спудлаваць; не вуглавы ўдар, а кутавы ляп”.

— Ну-ну, Сямён, увядзі. Тады ўся Беларусь ад такіх ляпаў ляжа ад смеху.

Яны ішлі не спяшаючыся, гаварылі пра тое, што нашым будзе цяжка, бо не паспеюць добра адпачыць, набрацца сіл. Але вера ў родную каманду жыла, як і вера ў заўтрашнюю перамогу.

* * *

Леанід Мікалаевіч аб’явіў асноўны састаў, назваў запасных. Пачыналі гульню тыя ж, што і ў Амстэрдаме.

— Галандцам губляць няма чаго і, я думаю, яны пойдуць наперад. Першыя пятнаццаць мінут гуляем ад абароны. Пры адборы мяча ззаду не касіць. Асабліва на іх палавіне. Не бойцеся ісці ў барацьбу, гуляйце на апярэджанне. І падстрахоўка адзін аднаго — не забывайце пра гэта. Не сцягвацца ў цэнтр, флангі не агаляць...

* * *

Віка прыйшла да гульні за хвілін дваццаць, збегла па лесвіцы між сектараў, праціснулася па запоўненым радзе, села на сваё крэсла. Гучала музыка, у праходах беглі з марожаным балельшчыкі. Табло, настрачыўшы прозвішчы брыгады суддзяў з Італіі, застыла ў чаканні супрацьстаяння двух магутных краін.

* * *

 

Сямён Міхайлавіч узяў у рэжысёра спецпропуск і правёў у каментатарскую Максіма:

— Толькі матам не загні. Мікрафон адчувальны, любы гук паляціць у эфір.

Маленькі звужаны пакойчык каментатарскай, пульт, манітор, два стулы... Акно было не па цэнтру поля, а насупраць левай штрафной. Цяжка будзе ўлавіць палёт мяча, калі будуць біць па гэтых варотах.

* * *

Ван Ваныч сядзеў у шыкоўнай ложы з журналістамі і былымі футбалістамі. Навісь казырка стадыёна надзейна закрывала ад нечаканага дажджу.

Ён не пайшоў бы сёння на стадыён, але даўнія ўспаміны аб сваёй маладосці і боль суперажывання перамаглі, адарвалі яго ад каляровага экрана тэлевізара. Ды і як не пайсці, калі сёння выйдзе на поле яго каманда, хай нават і быўшая.

 

* * *

Як і гаварыў галоўны трэнер, галандцы адразу ж павялі шырокія атакі на вароты “Дынама”, стараючыся змяць рады абароны, нанесці галявы ўдар.

Хлопцы гулялі спакойна, падстрахоўваючы адзін аднаго. Упэўнена, без памылак узмываў у паветра на выхадах Макевіч. Яго варатарскі настрой і кураж заўсёды перадаюцца камандзе.

* * *

Вадзік адыйшоў назад, у паўабарону. Але тады, калі мяч аказваўся ў сваіх, тут жа рваў на свабоднае месца, чакаючы паса. І некалькі разоў Валера Рахавец закідаў яму мяч на выхад, але рослыя абаронцы не далі апярэдзіць сябе, адзін раз затрымаўшы рукамі, а другі раз груба збіўшы з ног недазволеным прыёмам. Суддзя тут жа справядліва паказаў аднаму з іх жоўтую картачку.

* * *

У голасе каментатара не знікае трывога:

— Атакуюць галандцы. Навес у штрафную — Сіваліхаў у высокім скачку выйграе ў Махласа, але атака працягваецца, ван дэр Луер б’е — мяч ідзе вышэй варот. Адчуваецца, што каманда яшчэ не адыйшла ад кубкавай сустрэчы, што была тры дні назад. Як шкада, што тая сустрэча не была перанесена на больш позні час. Тут, я думаю, трэба кінуць папрок у адрас федэрацыі футбола рэспублікі.

* * *

Па стадыёну пайшла “хваля”. Балельшчыкі ўставалі і тут жа садзіліся. За імі ўставалі і садзіліся наступныя. Праз колькі секунд усё пачыналася спачатку: зноў уставалі і садзіліся першыя. Здалёк цэнтральная трыбуна нагадвала стракатае возера з трохбальным штормам, гатовае выплеснуцца, выліцца праз цагляны бар’ер і затапіць зялёны востраў з ігракамі. Хвалі ішлі адна за другой, не змаўкала нечая труба, раз-пораз вырываліся з рук яркія шары, узмывалі ў глыбіню неба.

* * *

Валодзя Малянскі перахапіў мяч, сам пайшоў па левым краі. Вадзік пачаў адцягвацца ў цэнтр, два абаронцы рушылі за ім, агаляючы фланг. Аддаць мяч пакуль не было каму і Валодзя размашыста вёў яго па зялёнай стрыжцы травы. Варатар нешта крычаў, махаў рукой. Не цяжка было здагадацца, што ён падганяў свайго абаронцу сустракаць Малянскага, а не адцягвацца назад. І той рвануў, бо мог быць не закрыты ўдар з вугла штрафной. Рвануўся ўправа і Вадзік. Валодзя, ведаючы гэта, тут жа навесіў мяч на дальні вугал штрафной. Ясінскі развярнуўся і ў падзенні цераз сябе моцна прабіў. Прызямляючыся на рукі, адчуў, што не забіў. Варатар быў на месцы.

* * *

Віка ціснула ад хвалявання сумачку і ціха шаптала: “Вадзік, міленькі, забі! Ты ж умееш”. Але Вадзік не забіў. Яна разгарнула паперку “Сцімарола”, кінула адну жвачку за шчаку. Прыемны мятны смак пачаў ахалоджваць і супакойваць хваляванне. Успацелыя далоні перасталі церабіць сумачку, спакойна леглі на калені джынсаў. Яна пачынала разумець, чаму гэтыя людзі не сядзяць ля тэлевізараў, а ідуць сюды, на стадыён. Ідуць, каб даць разрадку свайму целу, выплеснуць у крыку і галасе свае эмоцыі.

* * *

Галоўны трэнер адчуваў, што ў каманды няма той свежасці і лёгкасці, якія былі раней. Папярэдняя гульня, упартая і зацяжная, зрабіла сваё, прынёсшы стомленасць; забраўшы імпэт ігракоў. Але не апраўдаешся гэтым, калі за табой стаіць гонар краіны. Разапніся, выкладзіся і выйграй! Вось чаго прагне стадыён і чакаюць тыя, хто сядзіць ля тэлевізара. І трэба выкласціся, трэба выйграць!

* * *

Першы тайм закончыўся. На поле выбеглі падлеткі ў сініх і белых футболках. Кожнаму з іх было не больш дзесяці гадоў. Лоўка перапасоўваючы мяч, яны весялілі публіку, паказваючы неблагую абводку і трапныя ўдары па варотах. Хто ведае, можа гадоў праз сем-восем хто-небудзь з іх выйдзе на поле ў аснове “Дынама”, каб магутнымі ўдарамі прымушаць здавацца варатароў і даводзіць да шаленства балельшчыкаў.

* * *

— Усё нармальна, — Леанід Мікалаевіч адклаў мяч убок. — Беражыце сілы, хаця б мінут дваццаць. Як і гулялі ад абароны, так і гуляйце. У другой палове тайма я папрашу вас паказаць усё, што можаце. Выкладзіцеся да канца, вы ж — мужчыны! Давайце пакажам сваю гульню, хуткую, імклівую, без зацяжкі часу. На вас сёння глядзіць уся Беларусь.

* * *

Другі тайм зноў пачаўся атакамі “Аякса”. Вопытны Махлас рваўся па цэнтру, але Сіваліхаў з Рахаўцом не давалі яму разгарнуцца, выйсці на ўдарную пазіцыю. Кіпяціўся і злаваўся, губляючы мяч, семнаццацігадовы ван дэр Ваарт. У той жа сітуацыі аказаўся і старэйшы на чатыры гады ван дэр Гун: яго надзейна закрыў Арцёмаў. Галандцы ішлі і ішлі наперад, добра помнячы: не забіваеш ты, забіваюць табе.

* * *

Ван Ваныч цёр левую грудзіну, масажыраваў вялікі палец левай рукі: ныла сэрца. Пасля не выцярпеў і дастаў з кішэні валідол, палажыў пад язык. Бачыў, як гуляюць і стараюцца хлопцы. Няма слоў, Леанід Рахавец зрабіў класную каманду: адточаныя пасы, гульня ў абароне, адкідкі мяча дакладна, без аглядкі. У рэспубліцы, безумоўна, ёй роўных няма. А выхад на Еўропу пакуль, можа, і заранаваты. У іх там — грошы, могуць любую зорку закупіць. А ў нас усе свае, дамарошчаныя. З часам і да гэтых хлопцаў прыйдуць вопыт, практыка, адшліфуецца тэхніка.

На сэрцы трохі палягчала, адпусціла. Ван Ваныч выцер хусцінкай узмакрэлы лоб, зноў засяродзіўся на гульні.

* * *

Валера Рахавец, капітан каманды, за пятнаццаць хвілін да заканчэння гульні перадаў як па ланцужку: “Пара!” Адкуль узяліся сілы ў партнёраў? Быццам з’явілася другое дыханне, быццам і не было напружанага змагання больш за паўтара тайма. Каманда, прыціснутая да сваёй штрафной, раптам выпрамілася, актывізавалася, у адзін дотык перадаючы між сабой мяч. Загулялі, як на трэніроўцы ў квадрат. Пачалі ўзнікаць вострыя моманты ля галандскіх варот. Бартэз мітусіўся між штангаў, пакрыкваў на абаронцаў, але зрабіць нічога не мог. Дынамаўцы нахрапіста лезлі ў гушчу штрафной, прадзіраліся праз частакол ног, білі без падрыхтоўкі...

* * *

Сямён Міхайлавіч за дзесяць хвілін да канца гульні адключыў пульт, скінуў пінжак, ціха шапнуў Максіму:

— Адкрый акно...

Максім крутнуў дзве ручкі зажымаў і фрамуга на стрыжнях на пядзю адыйшла ад падаконніка. Свежае паветра хлынула ў пакой, шкло з боку трыбуны імгненна запацела. Засталіся толькі чыстымі два вугалкі зверху. Сямён Міхайлавіч разгубіўся, а пасля ўключыў пульт, залез на стол і, гледзячы ў чысты вугалок, стаў прадаўжаць рэпартаж. Калі мяч перайшоў на другую палавіну поля, перамясціўся ў другі вугалок акна. А Максім больш нічога не бачыў, толькі слухаў сяброўскі голас:

— Удар Малянскага — мяч трапляе ў варатара. Паўторны ўдар Вадзіма Ясінскага...

* * *

Мяч з сілай урэзаўся ў крыжавіну варот, падскочыў пару разоў уверх-уніз і паволі пакаціўся насустрач, а потым, як заварожаны, спыніўся на белай адмеціне. Пенальці! Вадзік паскорыў бег і з сілай замахнуўся правай нагой, уклаўшы ва ўдар злосць і напружанне штодзённых трэніровак. Мяч увінціўся ў сетку варот.


2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: Камароўскі А.А. Пенальці: Аповесці і апавяданні.- Для ст. шк. узросту. - Мн.: Ураджай, 2000. - с. 101-144
Крыніца: скан