epub
 
Падключыць
слоўнікі

Алесь Кажадуб

Ваўкалакі

Вяселле імчала, здавалася, акурат па цаліку, бо снежная бель хавала ад вачэй уезджаную дарогу на роўным полі. Ды і імчаць гэтая святочна апранутая моладзь - з-пад кажушкоў і жупаноў чырванелася вышыўка кашуль, стракацелі ўваччу вясёлкавых колераў каснікі, ледзь трымаліся на галовах надта ж зухавата збітыя набок магеркі, грывы коней былі старанна заплеценыя і перасыпаныя чырвона-белымі кветкамі, відаць, з анучак, - імчаць гэтая моладзь магла толькі таму, што была вяселлем. Дакладней, не вяселлем, а дружынай жаніха, якая імчала па маладую, каб адбіць яе, выкупіць, вымаліць, праўдамі і няпраўдамі забраць і павезці, ахоўваючы пільней за самую вялікую каштоўнасць, у новую хату, дзе цяпер жыць маладой, гаспадарыць, падтрымліваць цяпельца шчасця. Пасярод шнурка конных падскокваў таксама святочна ўпрыгожаны вазок - палазы спераду загнутыя паўкругам, вазок аздоблены разьбой, размаляваны, у яго накідана розных футраў. Адно толькі замест маладых сядзеў у ім дзядзька ў гадах, і ягоны бурнос, накінуты на кажух, амаль не варушыўся - дзядзька пабачыў, пэўна, ужо не адно вяселле і весяліцца пакуль што лічыў за глупства.

Коні з храпам задзіралі галовы, у чыстым паветры далёка разносіліся выкрыкі хлопцаў, стралялі з-пад капытоў камякі снегу. Дружына ляцела.

Аднак за невялікай завонькаю ўжо блізка бачыўся цёмна-шызы лес, насоўваўся, памалу расступаліся выносістыя сосны, паказваючы ніжэйшае драбналессе - ялінкі, бярэзінкі, ядловец з ляшчынаю, - і тут ужо коннікі мусілі перайсці на рысь, хоць галасы іх пры гэтым не сцішыліся, а, наадварот, памацнелі. Рэха заскакала ў вяршалінах дрэў, замітусілася ў кустоўі, зашархацела ў цяжкіх, аснежаных галінах старых соснаў. Здавалася чамусьці - рэха напалохала лес, прымусіла яго нават сцяцца, стаіцца. Ды дружыне ўсё адно было тут вольна і лёгка, як і ў полі. А жаніх і паміж дрэў круціўся чортам, кідаў каня з галавы ў хвост дружыны, трухаў побач з вазком, чапляўся з жарцікамі да дзядзькі - ад весялосці, ад радасці, што распірала грудзі, ад сваіх дваццаці з невялікім гадкоў.

- Што, дзядзька Мікіта, сычом сядзіш? - крычаў малады, Змітрок. - Надзьмуўся як мыш на крупы! Спявай, весяліся, як забяром маладую - і брага будзе, і да брагі, музыкаў учуеш... Гэх, воўча мяса, пакруціся шчэ! - і цуглі ўпіліся ў конскія губы, ажно выціснулася пена.

- Ды вось еду, - усё яшчэ сонна, як не дрэмлючы, адказваў дзядзька.

- Не абы ж куды едзеш!..

- Лепш па сена ехаць, чым на вяселле.

- Во сказануў! Хіба маладым не быў? Хіба радасці... шчасця не бачыў?

- Было шчасця. З жабіны прыгаршчы.

Бліжэйшыя хлопцы, што прыслухоўваліся да размовы, не хацелі прапусціць ніводнага слова, зарагаталі.

- Гэта, мусіць, ты сабе такую жонку ўзяў, - не здаваўся малады, - што жыццё нямілае. А з выгляду ж спраўная яна, твая цётка Васіліса, і не дурная.

- Жаніцеся, панічы, ды знайце скутку: тры дні вяселля, а цэлы век смутку! - як ні круці, а старэйшы перамагаў у жартаўлівай спрэчцы, ніяк маладому не ўдавалася збіць яго, трапіць не ў брыво, а ў вока. Ды ці ж дзіўна гэта?

- Эт! - махнуў рукой Змітрок. - Не тое дабро, што дабро, але тое, што каму даспадобы. Мне жаніцца даспадобы!

- Правільна! - нечакана згадзіўся Мікіта, засмяяўся. - Ажаніся - кепска, не жаніся - кепска. Старыя казалі, - што два, то не адзін. Н-но! Паганяй, малойчыкі, дружына едзе, хто супраць такой устоіць!

Хлопцы загарлалі, засвісталі, пачалі падварушваць коней.

...Яны здаля пачулі, нават не пачулі - адчулі вяселле і цяпер цяжкімі скачкамі, бо снег у лесе ляжаў глыбокімі сумётамі, спяшаліся да дарогі, каб перастрэць тых святочна выстраеных коннікаў і коней, фасоністы вазок. Яны як не слаліся над снегам, і не чуваць было іх лёту, ніводная галінка не дрыжала, закранутая поўсцю моцнай, шырокай спіны, не рассыпаўся лёгкім воблачкам сняжок-пудра ад ледзь чутнага павеву паветра, калі іх постаці рассякалі яго пры самых яловых лапках. Нават сойкі, якіх не магла ўтаймаваць, сцішыць самая лютая зіма, не ўздымалі вэрхал, калі пад імі праслізгвалі шэрыя постаці, не гналіся за імі з сакатаннем і лямантам. Ценяў было тры, яны беглі след у след, як не датыкаючыся да хваста пярэдняга. Самае дзіўнае, на снезе не заставалася слядоў. Зусім не заставалася, хоць яны павінны былі заставацца - вялікія, з ямінкаю, аблямаванаю дзіркамі ад кіпцюроў. Тры цені імчалі да вяселля. Яны імкнулі так упарта, упэўнена, пагрозліва, што той, хто б іх убачыў, да супынку сэрца спалохаўся б за тых, каго мусілі хутка дагнаць, спыніць гэтыя цені.

Яны ляцелі, бо не маглі не перастрэць вяселле; для іх гэта значыла тое ж, што і жыццё. Сэнс жыцця трох вялікіх шэрых зданяў якраз і быў у сустрэчы з вяселлем. Любым вяселлем. Чым весялейшае спяшалася ім насустрач вяселле, з рыпаннем скрыпак, бубненнем бубнаў, крыкамі і пошчакам капытоў - тым было лепш. Гэта ведаў кожны з трох, і таму кожны прагнуў сустрэчы з упартасцю, апантанасцю, няўмольнасцю, якія могуць быць толькі пры дасягненні найвялікшай мэты.

З кожным скачком іх бег неверагодна паскараўся.

 

Здані сустрэлі дружыну перад самаю Вялікай палянаю, пасярод якой, бы вялізазная саха студні-кайдуба, стаяў сухі дуб, спалены маланкаю яшчэ ў невядома якія часы; ад паляны да лясной вёскі, у якой расцвіла Змітракова кветка-дзяўчына, была ўжо толькі гадзіна язды, і не шалёнай, на злом галавы, а звычайнай, рыссю. Першы дружок, Антось, згледзеўшы трох вялікіх ваўчынаў - пасярэдзіне, на самай дарозе, стаяў большы, па баках, трохі ззаду, два астатнія, - у першае імгненне інстынктыўна нацягнуў павады, і конь, збіўшыся з рысі, стаў бокам, загарадзіў дарогу.

- Ваўкі!

Вокліч зусім не напалохаў дружкоў, а, наадварот, яшчэ больш наддаў імпэту. Пакуль адны паказвалі на ваўкоў, узбуджана крычалі, размахвалі рукамі, з'язджаліся ў гурт, два хлопцы - зразумела, самыя маладыя - ужо і памкнуліся былі скакаць, гнацца, калі і не ўпаляваць, бо не было зброі, то хоць бы проста патрэсціся ў сядле, пагалёкаць, адным словам - папалохаць гэтых лясных прывідаў, валацугаў. Ды ваўкі не зрушыліся з месца, нават не паварушыліся, і постаці іх - наструненыя, з высока ўзнятымі галовамі, незразумела ўпэўненыя - насцярожылі старэйшых, і перш Мікіту.

- Стой, маладзёны! - устаў ён у вазку, і голас яго - нечакана рэзкі, уладны - астудзіў усіх, спыніў; нават узялася цішыня.

А тыя двое самых маладых ужо ўзялі разгон, падскоквалі ў сёдлах, нічога не бачачы і не чуючы.

Самае дзіўнае - коні, якія пры ваўчыным з'яўленні заўсёды храплі, круціліся, прысядаючы на заднія ногі, стрыглі вушамі, дзіка выкочвалі бялкі вачэй, - коні іх цяпер ахвотна скакалі да ваўкоў, быццам бачылі перад сабой якіх зайцоў, зусім не баяліся. Наогул усе коні стаялі спакойна, пафырквалі, пераступалі. І ўжо нават маладзейшыя ў нерухлівасці ваўкоў адчулі нешта не тое, ухапіліся за павады, вернучы галовы коней убок, а тыя ўсё не хацелі паварочваць, скакалі, і з кожным такім скачком бялелі перакошаныя твары хлопцаў, дранцвелі рукі і ногі, спыняў кроў жах. Нават тым, хто моўчкі на ўсё гэта глядзеў, было вусцішна. Урэшце коні ўсё ж перад самымі мордамі ваўкоў завярнулі і лёгка памчалі назад, і хлопцы на іх драўляна падскоквалі, усё не маглі ачомацца.

- Не баяцца!.. - здаўленым голасам сказаў нехта ў дружыне, і адказам гэтаму голасу былі толькі пафыркванне і мяккі перастук капытоў.

- Вось я і кажу, - сказаў дзядзька Мікіта, - што коні іх баяцца не будуць. І яны нікога не баяцца. Ні страла іх не возьме, ні дзіда, ні самы востры корд. А вяселле яны, калі могуць, перастрэнуць заўсёды. Во так пастануць - і стаяць. Не варушацца, не дыхаюць нават. Усё жыццё ўспамінаць будзеце, хлопчыкі, усё жыццё... Мала каму выпадае пабачыць. Можа, раз у сто гадоў. А мы з вамі бачым.

- Дзядзька, і што яны ўвесь час так стаяць будуць?.. - у дрыготкім голасе быў непрыхаваны жах.

- Ды не. Пастаяць і пойдуць. Яны чакаюць цяпер.

- Каго чакаюць?!

- Не каго, - усміхнуўся дзядзька. - Замовы чакаюць. І шкада ж іх... З чалавека ў звера перавярнуцца - не дай Божа.

- А я чуў, - распіхваючы ўсіх, да вазка пад'ехаў Антось, - што раней можна было назад у чалавека перавярнуцца. Нават адзін князь быў... Мне Ігнась Забалоцкі - са збяднелых Забалоцкіх, не з тых, у каго маёнтак, - Ігнась расказваў пра Ўсяслава Чарадзея. Сёння воўк - заўтра чалавек. Адсюль у Кіеў воўкам бегаў.

- Гэтыя назад у людзей самі не могуць, - сказаў Мікіта. - У даўнейшыя часы, можа, і ўмелі, а тут ці забыліся, ці праклён які над імі. Раз вяселле шукаюць - не могуць. Іх людзьмі толькі такія, як мы, могуць зрабіць.

- Як?! - слова вырвалася ва ўсіх, і дружкі, нязвыкла ціхія, уважлівыя да дзядзькавых слоў, збіліся яшчэ шчыльней.

- Яно і проста, ды... Ат! - Дзядзька махнуў рукой. - Бачыце, заўсёды да вяселля, заўсёды. Зразумела, зрэшты - вяселле ж самая што ні на ёсць чалавечая справа. Сям'я ладзіцца, гаспадарка, людзі ладзяцца! Вось як у цябе, - Мікіта павярнуўся да Змітрака.

- Дзядзька!.. - зазвінеў голас маладога. - Кажы, дзядзька, як іх у людзей перавярнуць! А то пра мяне ён!..

- І правільна, пра цябе. А ім мы не дапаможам. Шкада іх, бачыш, чакаюць?

Мікіта раптам выскачыў з вазка і прайшоў колькі крокаў да тых, што чакалі.

- Няма ў нас нявесты, чуеце? - гукнуў ён. - І скрыпкі няма! Не дапаможа вам мая замова. Не верыце? То слухайце! І вы слухайце, - павярнуўся ён да дружыны.

Мікіта набраў поўныя грудзі паветра і закрычаў:

- Ці не досыць жа вам хадзіць, людзей смяшыць, сабак дражніць?! Ідзіце лепш дамоў!

Рэха ўзляцела да вяршалін соснаў, палунала там, дробненька паскакала ў кустах - і знікла ў гушчары. І ўсім здалося, што тых, каму рэха прызначалася, яно абмінула. Бо тыя стаялі ў каменнай маўклівасці, па-ранейшаму чакалі.

- Казаў жа я... - павярнуўся і пайшоў да вазка дзядзька. - Не пайшоў туды голас, не захацеў у бок паляны ісці. А пасля замовы трэба было на скрыпцы зайграць. Ні маладой, ні скрыпкі...

- Зараз!.. - устаў у сядле Змітрок, і як не пазнаць было яго - рашучага, злога, прыгожага. - Зараз, дзядзька, і маладая будзе, і скрыпку ў рукі возьмеш! Чакайце, хлопцы, тут чакайце!

І ён сцебануў каня і памчаў проста на тых, што павінны былі таксама чакаць, мусілі чакаць, бо цяпер ён не збіраўся шкадаваць ні сябе, ні каня, ні сваю маладую, каханую. Не шкадаваць дзеля іх. Дзеля будучых людзей.

- Стой!.. - крыкнуў наўздагон дзядзька Мікіта, але дарэмна.

Тыя, на каго ляцеў Змітрок, ажылі, усе ўтрох адбегліся ўлева, зноў спыніліся. Пошчак слабеў, глухнуў, урэшце зусім сціх. Дружына маўчала, бо гаварыць не было чаго.

І тут тыя, шэрыя, маўклівыя, незямныя, раптам лёгка і бязгучна зрушылі з месцаў, выцягнуліся ў шнурок - морда да хваста - і слізганулі ў гушчар, зліліся з ім, растварыліся.

- Сто-ой!.. - высокім, не голасам, падгалоскам закрычаў-заплакаў самы маладзенькі з дружыны, малодшы брат Змітракоў Васілька, прымусіў здрыгануцца людзей, коней, дрэвы. - Сто-о-й!..

І захвастаў свайго коніка, зусім спудзіў яго, сялянскага коніка, паскакаў у дрэвы, у гушчар з кустамі, засталася ад яго адно магерка, збітая суччам. Ды недалёка праскакаў Васілька, спыніўся, не ведаючы, у які бок гнацца за тымі, і заплакаў, па-дзіцячы, няўцешна.

 

Пяць машын вяселля, пяць «Жыгулёў», убраных каляровымі стужкамі, папяровымі кветкамі, паветранымі шарамі, гэтае зімовае поле, на якім павівалася лёгенькая замець і каціліся доўгія, абгладжаныя вятрамі сумёты, пераскочылі даволі хутка і толькі ў пералесачку, што застаўся, як невялікі востраў пасярод мора, ад колішняга Тамашэўскага лесу, прыцішылі хуткасць - дарога тут круцілася, як той вуж, што ўцякае ў хмызняк. Але ад гэтага ляска не ляска - купкі ялін ды бяроз - да вёскі, куды кіравалася вяселле, было ўжо ўсяго пятнаццаць - дваццаць хвілін язды. У першай машыне, дзе на пярэднім сядзенні шчасліва ўсміхалася маладая з шасцігадовай дзяўчынкаю на руках, пляменніцаю, а ззаду надзвычай сур'ёзна глядзеў перад сабой і нічога не бачыў малады, было цёпла, утульна, з радыёпрыёмніка ляцелі рытмы сучаснай рок-музыкі, - у машыне панавалі радасць, свята. Малады, Дзіма, з усяе моцы стараўся прывесці да ладу і свае думкі, хоць бы падумаць аб нечым канкрэтным і абавязковым - і не мог. Маладая, Ірына, проста бяздумна ўсміхалася і прымала гэты дзень - з усмешкамі, віншаваннямі, пацалункамі, жывымі кветкамі - лёгка і вольна, такім, які ён ёсць. Яна была жанчынай, таму і не старалася думаць, ёй хапала таго, што яна ўмела адчуваць.

І тут гэтую заспакоенасць, што легла перад новым выбухам віншаванняў і абавязковай мітусні, парушыў крык дзяўчынкі на руках у маладой:

- Сабака, сабака!

Малая паказвала пальцам у акенца, і ўсе сапраўды ўбачылі метраў за пяцьдзесят, якраз пасярод дарогі, вялікага сабаку. Нават дужа вялікага сабаку - шэрага, з лабастай галавой, густой сівой поўсцю, тоўстым хвастом. Сабака стаяў, высока ўзняўшы прыгожую галаву, і глядзеў на машыны. І па нерухлівай упэўненай постаці яго адразу адчувалася, што ён гэтых машын не баіцца. Ён нават чакае, каб яны пад'ехалі да яго як мага бліжэй. І ад таго, што ён вось гэтак чакаў, вадзіцель першай машыны адразу ж націснуў на тормаз і нават заглушыў матор. Пасталі, зразумела, і астатнія.

- Што гэта за сабака такі... дурны? - няўпэўнена спытаўся вадзіцель, дзядзька маладога - Мікола. - Стаіць як слуп. Га, Дзіма?

Малады не адказаў нічога, адчыніў дзверцы, вылез з машыны на дарогу, і хутка каля яго апынулася амаль усё вяселле. І амаль ніхто не ведаў, у чым справа, таму галасы гучалі моцна і бязладна, кожны перабіваў суседа, смех і крыкі былі як на кірмашы. І, мусіць, доўга не маглі б маладыя з дзядзькам увесці ў вушы вяселлю пра дзіўнага сабаку, каб не малая, Святланка, тая, што першая ўбачыла яго - незразумелага і вялікага. Пакуль сваякі з гасцямі спрабавалі давесці адзін аднаму і ўсяму свету нешта вельмі важнае, пакуль таўкліся, некаторыя нават спрабавалі пайсці ў скок, бо ўсё ж вырываліся з агульнай гаманы слабенькія гукі музыкі з радыёпрыёмніка, - Святланка адразу пабегла проста да сабакі. І ніхто спачатку не заўважыў гэтага, нават дзядзька з маладымі, бо іх штурхалі, распытвалі, не пакідалі ў спакоі, і малая ўжо ладна адбеглася, калі закрычала Ірына, будучая Дзімава жонка. І тады ўсе ўбачылі, што малая каля сабакі зусім блізенька. Вось тут прыціснула ўсіх да зямлі цішыня, якая раптам аказалася неверагодна цяжкай.

- Святланачка, стой! - звінеў крык маладой, але малая быццам і не чула.

А сабака стаяў зусім нерухліва, і Мікола, дзядзька, ужо ўскочыў у «Жыгулі» і ляснуў дзверцамі, каб газануць і паляцець ратаваць малую, - ды тая, бы ў нечым пераканаўшыся, павярнула назад сама. Яна бегла і нешта крычала, і сабака за ёй не гнаўся, не варушыўся, таму Мікола зноў заглушыў матор і выскачыў з машыны на дарогу. І толькі як малая падбегла да людзей, усе ўрэшце зразумелі, пра што крычала яна:

- Зусім не страшны!.. Харошы! Давайце з сабой яго возьмем!..

- Ды што гэта стаіць ён! - раззлавана закрычаў тады Мікола. - Дубальтоўкі няма, так бы пастаяў ён у мяне!

- Можа, воўк?.. - сказаў нехта з натоўпу, і ўсе ўтаропіліся на таго, што стаяў перад вяселлем на дарозе як прывід.

- І праўду воўк!

- Здаравенны які!..

- Бачыце, не звяліся яшчэ...

А той стаяў.

- От халера! - пашкадаваў малады. - Сапраўды, ружжа няма... Адсюль абавязкова б пацэліў. Стаіць - як мішэнь.

І тут заплакала Святланка:

- Ён харошы, не злы!.. Ён не воўк!

Ніхто з натоўпу не чуў, зусім не зважаў на музыку, што лілася з першых «Жыгулёў» - чыстыя гукі скрыпкі ляцелі над зямлёй, ляцелі ў неба і ў поле, ляцелі да таго, што стаяў на дарозе. Ён слухаў іх, убіраў у сябе, стаяў, Ён глядзеў на людзей.

І вяселле не ведала, што рабіць.

Тады той вялікі, шэры, сівы ажыў, цяжка павярнуўся і пайшоў у лес. Не пабег - пайшоў.

 

Ён быў апошні. Спачатку, у той амаль забытай, асмужанай лётам часу даўніне, якая была ўжо быццам і не явай, а трызненнем, іх было некалькі. Яны блукалі па вялізнай зямлі, сустракаліся ў лясных гушчарах, у палях і на балотах, сустракаліся каля людскіх паселішчаў - і заставаліся адно пры адным, бо былі аднародцамі. Можа, не аднародцамі - аднолькава народжанымі невядомымі людзям сіламі. Народжанымі незразумелым. Потым іх аказалася трое. Астатнія зніклі незаўважна, не пакінулі пасля сябе ніякага следу, і так павінна было быць.

А цяпер ён застаўся адзін. Дзесяцігоддзі зліліся ў адну нізку, нізку пакутлівых бадзянняў у сутоннях туманных імшараў, зрэдку - па ўскраінах вёсак, дзе вішчалі, скавыталі, забіўшыся ў будкі ці пад ганкі, сабакі, дзе выскоквалі з хат людзі і, калі бачылі яго - вялікага, моцнага, здавалася ім - нахабнага, - стралялі. Ды дзе ім было ведаць, што кулі не бралі яго, як і даўнейшыя стрэлы. Як і смерць у звычным яе выглядзе.

Ён быў апошні.

І ён яшчэ зрэдку сустракаў якое-небудзь вяселле. Сустракаў, бо ведаў, што трэба сустрэць, трэба ўбачыць маладых і пачуць скрыпку. Але ж навошта трэба было сустракаць гаманлівае вяселле, ён даўно забыўся.

І яны сустракаліся, і ў вачах яго здранцвела стаяла цьмяна глыбокая туга стагоддзяў.

...Ён, апошні, павярнуўся і пайшоў у лес.



Падрыхтавана: Уладзімір Васькоў

Беларуская Палічка: http://knihi.com