epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Краўцэвіч

Тэўтонскі ордэн. Ад Ерусаліма да Грунвальда

Уступ
СТВАРЭННЕ І ЎСТРОЙ ОРДЭНА БРАТОЎ-РЫЦАРАЎ ТЭЎТОНСКАГА ДОМУ ДЗЕВЫ МАРЫІ Ў ЕРУСАЛІМЕ
З ПАЛЕСТЫНСКІХ ПЯСКОЎ У ПРУСКІЯ ЛЯСЫ
БОЙКІ З ЛІТВОЙ І ПОЛЬШЧАЙ
НАБЛІЖЭННЕ ДА ВЯЛІКАЙ ВАЙНЫ
ВАЕННАЯ КАМПАНІЯ 1409 г. І ПАДРЫХТОЎКА НОВАЙ
ГРУНВАЛЬДСКАЯ ВЫПРАВА


Уступ

 

Тэўтонскі ордэн моцна паўплываў на гістарычны лёс Беларусі. Самыя цесныя адносіны з ім у Вялікага Княства Літоўскага пачаліся з 80-х гадоў XIV ст. і працягваліся больш за стагоддзе, да пачатку XV ст. Гэтыя адносіны нельга назваць добрасуседскімі. Хутчэй мела месца зацятая барацьба, у якой абодва бакі адстойвалі свае жыццёвыя інтарэсы.

Мы ніколькі не сумняваемся, што справядлівасць у гэтай амаль безупыннай вайне была на баку нашых продкаў. Прышэльцамі і захопнікамі з'яўляліся ўсё ж рыцары ордэна - амаль выключна ўсе немцы, адкуль і назва ордэна - Тэўтонскі. Цяжка нават уявіць сабе, колькі жыццяў, намаганняў, матэрыяльных высілкаў каштавала гэтая жорсткая барацьба.

У ёй гартавалася беларуская дзяржаўнасць. Пад пагрозай знешняй небяспекі вакол беларускага ядра ўсё цясней гуртаваліся землі былой Кіеўскай Русі ды Жамойці. У прускіх суседзяў было чаму павучыцца і нашыя продкі скарысталі такую магчымасць. Новыя будаўнічыя традыцыі і прыёмы (готыка), матэрыялы (вялікапамерная цэгла, дахоўка) і шмат што яшчэ прыйшло да нас праз ордэнскую дзяржаву.

У барацьбе з лепшай эўрапейскай арміяй фармавалася і набірала моцы беларускае прафесійнае войска, якое затым доўга паспяхова стрымлівала націск з усходу.

Цікавы сам феномен Тэўтонскага ордэна. Гэта ўнікальная ў гісторыі з'ява, калі духоўна-рыцарскае аб'яднанне стварыла магутную дзяржаву, якая займала важнейшае месца ў тагачаснай Усходняй і Цэнтральнай Эўропе.

Наша праца - аб гісторыі Тэўтонскага ордэна ад самых яго пачаткаў да Грунвальдскай бітвы, з якой пачаўся паступовы заняпад ордэнскай дзяржавы.

 

СТВАРЭННЕ І ЎСТРОЙ ОРДЭНА БРАТОЎ-РЫЦАРАЎ ТЭЎТОНСКАГА ДОМУ ДЗЕВЫ МАРЫІ Ў ЕРУСАЛІМЕ

 

Найвялікшы ўздым магутнасці Тэўтонскага ордэна адбыўся ў XIV - пачатку XV ст. на землях старажытнай Прусіі. Аднак пачаткі гэтага цікавейшага сярэднявечнага духоўна-рыцарскага аб'яднання і ў часе і ў прасторы ляжаць далёка ад часоў і мясцін яго росквіту.

Ордэн абудзіўся да жыцця на зямлі Палестыны ў XII ст. пад час разгару крыжовых войнаў, калі амаль безупынныя баі крыжакоў з мусульманамі ішлі з пераменным поспехам. Пачатковая яго гісторыя даволі цьмяная і шмат у чым легендарная. Відавочна, правобразам ордэна можна лічыць аб'яднанне вакол шпіталю ў Ерусаліме, узнікшае каля 1129 г. Адзін немец, які разам з жонкай асеў у Ерусаліме пасля заваявання горада крыжакамі, пачаў прымаць у свой дом убогіх і хворых суайчыннікаў. Хворых было шмат, бо мясцовы клімат стаўся нязвыклым і цяжкім для выхадцаў з Германіі. Пазней гэты добры чалавек (імя яго невядомае) сваім коштам збудаваў шпіталь і пры ім капліцу ў імя Дзевы Марыі. Жонка дабрачынніка заснавала асобны жаночы шпіталь. У гэтых людзей з'явіліся паслядоўнікі. Многія немцы ахвяравалі сродкі на карысць шпіталю і працавалі ў ім. Былі сярод іх рыцары і шляхта. Яны прымалі ўдзел у доглядзе за хворымі і адначасова ваявалі. Так пры шпіталі ўтварылася рыцарскае аб'яднанне. Яно ўзяло сабе за ўзор статуты ўжо існуючых ордэнаў іанітаў і тампліераў*.

* Ордэн іанітаў узнік у Ерусаліме пры шпіталі і капліцы Яна Хрысціцеля ў ХІ ст. Пазней вядомы як Мальтыйскі ордэн.

Ордэн тампліераў з'явіўся ў 1128 г. у Палестыне. Меў мэтай абарону пілігрымаў з Эўропы ад нападаў мусульманаў і разбойнікаў.

Пад час ваеннай выправы сябры шпітальнай суполкі дзяліліся на дзве часткі: старыя, калекі заставаліся на паслугах шпіталю, а баяздольныя ішлі ў паход. Такая падвойная служба дала ім назву шпітальных братоў і рыцараў Дзевы Марыі - па назве шпітальнай капліцы. У новага аб'яднання хутка ўзніклі нейкія непаразуменні з ордэнам іанітаў - рыцары Дзевы Марыі нейкі час падпарадкоўваліся вялікаму магістру іанітаў.

Афіцыйнае ўтварэнне ордэна адбылося на шэсць дзесяткаў год пазней, у 1190 г., пад час аблогі крыжакамі Акры - горада на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Хрысціяне тады мелі шмат нягодаў ад голаду і хвароб. І вось некалькі немцаў з Брэмена і Любека зрабілі з карабельных ветразяў палатку, сабралі ў ёй хворых, параненых і даглядалі іх. У гэтай дабрачыннай справе прынялі ўдзел і нямецкія рыцары, адначасова спаўняючы вайсковую службу. Відавочна, да іх далучыліся і шпітальныя браты, якія пакінулі заняты мусульманамі Ерусалім. Швабскі князь Фрыдрых, застаўшыся правадыром нямецкіх крыжакоў пасля смерці Фрыдрыха Барбаросы, прыняў гэтую справу пад сваю апеку.

Ён задумаў на яе аснове стварыць асобны рыцарскі ордэн. Энергічна ўзяўшыся за справу, князь сабраў большую частку свецкіх і духоўных паноў, быўшых у Палестыне, у тым ліку вялікіх магістраў іанітаў і тампліераў. Сход адобрыў ідэю і вырашыў скласці статут новага ордэна на аснове іаніцкага і тампліерскага. Ад іанітаў узяць тое, што тычыць догляду хворых, ад тампліераў - ваенныя абавязкі. Такім чынам, Тэўтонскі ордэн з самага пачатку стаў духоўна-рыцарскім у адрозненне ад папярэднікаў, першы з каторых - ордэн св. Яна спачатку быў толькі шпітальным, а другі (тампліераў) увогуле шпітальным не быў.

У хуткім часе папа рымскі зацвердзіў статут новага ордэна. Папа ўпаўнаважыў ерусалімскага патрыярха надаць сябрам новага аб'яднання белую расу з чорным крыжам у якасці іх асаблівага адзення і прызначыць ім Тэўтонскі шпіталь Дзевы Марыі ў Ерусаліме. Германскі імператар у сваю чаргу ўпаўнаважыў ерусалімскага караля і Фрыдрыха Швабскага да зацвярджэння ордэна, апяразвання* першых рыцараў і надання ім права прымаць у ордэн новых сяброў, прычым толькі са шляхты даўняга роду.

* Галоўная частка абраду прыёму ў рыцары - апяразванне рыцарскім поясам.

І вось перад князямі сталі 40 чалавек са старых шляхетных родаў і, укленчыўшы, прасілі аб прыняцці ў новы ордэн. Ерусалімскі кароль аперазаў пасам першага рыцара, Фрыдрых Швабскі другога, іншыя князі наступных. Затым новыя рыцары сталі на калені і прынялі шлюбы. Патрыярх надаў ім Ерусалімскі шпіталь і імя: браты-рыцары Тэўтонскага дому Дзевы Марыі ў Ерусаліме.

Кароль ад імя імператара заклікаў быць сапраўднымі рыцарамі, паўставаць на абарону Святой зямлі і ўсіх хрысціянскіх земляў супраць ворагаў веры, падтрымліваць і бараніць касцёл, духоўных, удоваў, сірот і ўбогіх. Пасля сканчэння абраду кароль, швабскі князь і іншыя абралі з 40 рыцараў першага магістра і надалі яму ўсе землі, якія здабудзе ў няверных.

У 1191 ці 1192 г. папа Цэлестын III і германскі імператар Генрых VI зацвердзілі ордэн, які абраў сабе за патронаў Дзеву Марыю і св. Юрыя.

Першы магістр Генрых Вальпот заняўся выпрацоўкай рэгламенту жыцця і ўстройства ордэна. Пры ім сфармаваўся асноўны ўнутраны строй арганізацыі, якая падначальвалася непасрэдна папе рымскаму.

Трэба сказаць, што суполка задумвалася і атрымалася надзвычай моцна з'яднанай, з абмежаваным доступам новых сяброў. Гэтая згуртаванасць у немалой ступені паспрыяла небываламу ўздыму значнасці і магутнасці Тэўтонскага ордэна, а каставасць стала адной з прычын яго заняпаду.

Статут ордэна быў суровым і ў першыя стагоддзі існавання вельмі дэталізаваным. Пры прыняцці новых сяброў, абранні магістра кіраваліся падрабязна вызначанымі працэдурамі, гэтак жа як ва ўсім распарадку жыцця.

Той, хто хацеў быць прынятым у ордэн, павінны быў быць дужым, здаровым і належаць да нямецкай шляхты. Аб сваім жаданні ахвотнік аб'яўляў пад час капітулы*. Магістр (або яго намеснік) задаваў кандыдату пытанні: ці не належыць да іншага ордэна, ці не служыць дзе-небудзь, ці не з'яўляецца чыім-небудзь падданым, чалавекам простага звання, ці не мае даўгоў або ўтаёнай хваробы. Пасля адказаў на пытанні паведамлялі, якія неабходна прыняць шлюбы, а менавіта акрамя трох звычайных (беднасці, бясшлюбнасці, паслухмянства) яшчэ даглядаць хворых і ваяваць з ворагамі Крыжа, сумленна несці службу, прызначаную магістрам, бываць на капітулах і дапамагаць радай, з ордэна не выходзіць, акрамя як з дазволу магістра.

* Капітула - збор сяброў ордэна, які меў функцыі кіравання.

Калі кандыдат прымаў умовы, дазвалялі прысягаць: клаў два пальцы на Біблію і казаў: «Абяцаю і клянуся, што ўстрыманне цела будзе адным з маіх звычаяў, буду паслухмяным Богу, св. Марыі, а потым магістру ордэна Нямецкага дому і вашым наступнікам паводле статута і звычаяў ордэна Нямецкага дому аж да смерці».

Затым новаму брату апісвалі яго абавязкі ў наступных словах: «Калі мяркуеш у гэтым ордэне мець спакой і прыемнае жыццё, то ты вельмі памыліўся, бо ў гэтым ордэне прынята так: калі хочаш есці, то мусіш пасціцца, калі хочаш пасціцца, то мусіш есці; калі хочаш ісці спаць, то мусіш быць нядрэмным, а калі хочаш быць нядрэмным, то мусіш класціся спаць. Калі загадаюць ісці туды ці сюды або стаць, то не можаш адмовіцца. Мусіш бацьку, маці, брата, сястру і ўсіх сяброў ніжэй орэна паставіць, а ордэну быць паслухмянейшым і вярнейшым, чым ім. За гэта ордэн табе дае толькі хлеб і ваду ды сціплую вопратку і нічога болей дамагацца не можаш. Калі з часам набудзем лепшага і большага, тады будзеш ужываць нароўне з усімі і на гэтым усё».

Потым новага брата ў поўнай зброі вялі ў касцёл і ў час імшы апяразвалі рыцарскім поясам. Магістр, правінцыйны магістр або камандор (комтур) наносіў удар і казаў: «Рыцар, лепшы за слугу, у імя нашай найяснейшай Дзевы; рыцар, лепшы за слугу, будзь паслухмяным свайму ордэну. Сцярпі гэты ўдар, але ніводнага болей». Затым зброю здымалі і святар апранаў рыцара паводле пэўнага абраду.

Тэўтонскі ордэн складаўся з трох катэгорыяў сяброў. На першым месцы былі рыцары, затым ксяндзы і, нарэшце, службовыя браты. Адзенне рыцараў - чорная туніка і белы плашч з чорным крыжам на левым плячы. Ксяндзы - не абавязкова шляхетнага паходжання - адпраўлялі набажэнствы, удзялялі таямніцы веры рыцарам і хворым у шпіталях, пад час вайны станавіліся капеланамі. Насілі такі ж убор, як і рыцары, толькі туніка і плашч былі даўжэйшымі. Службовыя браты паходзілі не са шляхты. Да іх належалі збраяносцы рыцараў, наёмныя жаўнеры, якія часова прымалі шлюбы. Насілі шэрыя плашчы з «паўкрыжам» - крыж без верхняй часткі (у выглядзе літары Т). Выконвалі ў войску функцыі падафіцэраў, загадвалі кузнямі, стайнямі, фальваркамі, шпіталямі.

Існаваў яшчэ інстытут паўбратоў, якія жылі ў свеце, але былі звязаны з ордэнам. Да паўбратоў залічвалі дабрадзеяў ордэна. Але гэтая катэгорыя сяброў, як і інстытут ордэнскіх сёстраў, не атрымала значнага развіцця.

Істотныя змены ў жыцці аб'яднання, такія, як новае месца дзейнасці, колькасны рост, стварэнне ўласнай дзяржавы, несумненна, уплывалі на яго статуты і структуру. Мы не маем мэтай высвятляць, як адбываўся гэты ўплыў, а паказваем ордэн пад час яго быцця ў Палестыне, а пазней у Прусіі ўжо ў завершаным выглядзе.

Ордэнскія браты жылі разам, спалі на цвёрдым ложы, елі ў сталоўцы, на першых часах небагата. Калі вялікі магістр (хохмайстар) сядаў за агульны стол, то яму давалі трохі большую, чым астатнім, порцыю.

Рыцары абавязваліся быць на імшы або чытаць пэўную колькасць малітваў. Не маглі без дазволу выходзіць з дому, пісаць і атрымліваць лісты, мець што-небудзь пад замком, каб не было і думкі аб уласнасці (уласнасць з'явілася, калі ордэн разбагацеў). Адзенне найпростае, як і зброя з конскім рыштункам. Належала мець добрага баявога каня і гартаваную зброю. Сябру ордэна нельга было размаўляць з жанчынай, асабліва маладой, не мог нават маці пацалаваць. Дазвалялася трымаць жанчыну для працы ў доме.

Ваенная арганізацыя Тэўтонскага ордэна ў Палестыне абапіралася на братоў, завербаваных салдатаў і дапаможныя мусульманскія аддзелы бедуінаў і «туркапулаў». Адсюль у статутах згадваецца пасада туркапулёра, а слугі ўжо ў Прусіі ўсё яшчэ зваліся каравановымі.

Спосаб маршу і прывалу, знаходжанне на пастоях і ў бітве - усё дакладна рэгулявалася. На вайну бралі па тры-чатыры кані - столькі мела асноўная баявая адзінка - кап'ё. Напярэдадні Грунвальдскай бітвы яно складалася з цяжкаўзброенага рыцара (дзіда, меч, шчыт), лёгкаўзброенага слугі ці збраяносца, стралка з лукам ці часцей з арбалетам. Чацвёрты конь служыў рыцару для пераходаў.

На маршы нельга было паіць каня без загаду, які аддаваў харунжы прапорцам. Рыцар ехаў на паходным кані, побач з ім збраяносец. Калі не было небяспекі, баявы конь нёс частку зброі.

У бітве рыцары перасядалі на баявых коней, а паходных пакідалі слугам, якія заставаліся ў тыле пад камандай аднаго са службовых братоў. Рыцары ў баі стаялі не паасобку, як заходнеэўрапейскія, а самкнутымі аддзеламі; загады падаваліся не трубой (у тлуме бітвы можна не пачуць), а харугвай.

На прывале нельга было злазіць з каня без загаду. Спачатку ставілі палаткі для палявой капліцы і камандзіра, толькі потым можна было злазіць з каня і размяшчацца на адпачынак. На прывале нельга было хадзіць у адведкі і аддаляцца больш чым на некалькі дзесяткаў крокаў. Пад час пераходаў і прывалаў загады аддаваліся трубой. На вайне не было агульнай кухні. Кожнаму рыцару страву гатаваў яго канавод ці слуга. За войскам ішла палявая кузня, абоз з харчаваннем і фуражом. Здабытае харчаванне, за выключэннем травы і гародніны, аддавалі гаспадарніку. Крыжакі не распраналіся да сну, не здымалі абутку, елі два разы ў дзень, а ў посныя дні - адзін.

На вайне і ў мірны час існавала жорсткая дысцыпліна. Спагнанні можна было замяніць на пакаранне бізуном, якое рыцар атрымліваў у палатцы магістра. У час адбывання спагнання забіралі каня і зброю, якую маглі часова аддаць іншаму. Гэта была вельмі цяжкая кара. У мірны час каралі бізунамі, зняццем плашча і працай разам з нявольнікамі. Самай вышэйшай карай было выгнанне з ордэна без вызвалення ад шлюбаў, што ставіла вінаватага па-за грамадствам. Такое пакаранне давалася за ўцёкі з поля бітвы, адступленне ад веры, скаталожніцтва, продаж пасадаў і годнасцяў і да т. п.

Лягчэйшай карай з'яўлялася пазбаўленне плашча на год за знішчэнне дакументаў ордэна.

У мірны час, каб не губляць навыкаў, крыжакі павінны былі страляць з лукаў па птушках і паляваць на львоў (у Палестыне) і іншых буйных звяроў.

Войска Тэўтонскага ордэна адрознівалася ад феадальных арміяў, яно мела ўзорна дысцыплінаваныя аддзелы, якія складаліся з майстроў ваеннай справы. Крыжакі ўмелі будаваць і здабываць замкі. Заўжды мелі добрую сістэму разведкі.

Дакладна акрэсленым і адрэгуляваным было кіраванне. На чале Тэўтонскага ордэна стаяў вялікі магістр (па-нямецку хохмайстар). Ён выбіраўся пажыццёва генеральнай капітулай, якая складалася з краёвых магістраў (ландмайстраў), чыноў ордэна і сяброў сталічнага канвента*. Пасля смерці хохмайстра яго вопратку аддавалі ўбогім, а аднаго ўбогага кармілі цэлы год. Абраны намеснік паведамляў аб скананні кіраўніка правінцыйным магістрам і прызначаў дзень выбараў новага хохмайстра. У дзень выбараў пасля малітвы і імшы аб Св. Духу чыталі правілы і статут ордэна. Затым кожны брат прамаўляў 15 разоў «Ойча наш» і частавалі 13 убогіх.

* Канвент - орган мясцовага кіраўніцтва, складаўся з рыцараў, святароў, службовых братоў.

Потым намеснік (сам ён у выбарах не ўдзельнічаў) выбіраў аднаго брата, які кіраваў выбарамі, той абіраў другога выбаршчыка, другі трэцяга і так далей да 13. У іх ліку былі 8 рыцараў, ксяндзы, службовыя браты. Стараліся па меры магчымасці абіраць прадстаўнікоў розных правінцый ордэна.

Выбаршчык не мог быць незаконнанароджаным або несці ў гэты час пакаранне. Выбаршчыкі прысягалі, што нічога не ўчыняць з-за непрыязі, нянавісці, страху, а будуць галасаваць за самага вартага. Разам з галоўнымі чынамі ўсе сябры капітулы давалі прысягу прызнаць выбар пад пагрозай выгнання з ордэна. Калі хто з выбаршчыкаў сам быў кандыдатам на пасаду хохмайстра, то яго адсылалі да капітулы, а тая прадстаўляла новага. Каб стаць хохмайстрам, патрэбна было набраць больш паловы галасоў выбаршчыкаў, гэта значыць не менш сямі.

Пасля выбару званілі па ўсіх касцёлах, спявалі, праводзілі ўрачыстасці. Намеснік вёў новага хохмайстра праз алтар, напамінаў абавязкі, уручаў пярсцёнак і пячатку. Калі пад час выбараў хохмайстра не было на месцы, то аб выбранні абвяшчалі толькі на капітуле.

Хохмайстар з'яўляўся кіраўніком ордэна, гаспадаром ордэнскай дзяржавы, камандзірам войска. Аднак яго ўлада не была бязмежнай. Мусіў лічыцца з думкай генеральнай капітулы, якая збіралася штогод 14 верасня, і з голасам сталічнага канвента, комтурам якога быў ён сам. Пастаянна пры хохмайстры знаходзіўся так званы кампаньён (ад'ютант). Хохмайстар не мог прызначаць свайго намесніка, а толькі рэкамендаваць кандыдата на гэтую пасаду. Адчуваючы набліжэнне смерці, аддаваў пячатку аднаму з рыцараў і той вёў справы да выбару новага хохмайстра, калі ж капітула хацела, то выбірала новага намесніка.

Пасля пераезду хохмайстра ў Прусію ў Мальбарк пры ім утварылася рада, якая не прадугледжвалася статутам. Яна складалася з пяці найвышэйшых саноўнікаў (вялікага комтура, вялікага маршала, вялікага шпітальніка, вялікага шатнага, вялікага скарбніка) і аднаго з комтураў. Гэтыя шасцёра тварылі цесную раду. Яна часам пашыралася праз уключэнне ордэнскіх эканомаў (мальборскага і кёнігсбергскага) і некаторых комтураў. З цягам часу функцыі большасці саноўнікаў адмерлі (за выключэннем маршала і скарбніка), а тытулы засталіся.

На чале правінцый стаялі правінцыйныя магістры (ландмайстры). У лепшыя часы іх было аж сем: прускі, нямецкі, інфлянцкі (лівонскі), аўстрыяцкі, апулійскі, грэчаскі, арменскі. Потым іх колькасць зменшылася.

Вялікі комтур быў намеснікам хохмайстра ў кіраванні дзяржавай. Пры адсутнасці хохмайстра ў выпадку небяспекі ён меў права камандаваць арміяй. У мірны час загадваў арсеналамі, вырабам рыштунку, складамі збожжа, а на вайне кіраваў абозам і быў галоўным інтэндантам войска. Яму падначальваўся наземны і водны трапспарт. З'яўляўся адным з двух чыноў, якія мелі ключы ад скрыні з пячаткай ордэна. Памочнікам вялікага комтура быў малы комтур.

Вялікі маршал - намеснік хохмайстра ў кіраўніцтве войскамі, у выпадку адсутнасці хохмайстра - кіраўнік войска. У час міру дбаў аб ваеннай падрыхтоўцы арміі, у ваеннай выправе сачыў за парадкам на маршы, высылаў варту. Не меў права пачынаць бітву без дазволу хохмайстра.

Вялікі шатны загадваў складамі адзення, пральнямі, збраёўнямі, дзе захоўваліся панцыры. Калі братоў было яшчэ няшмат, шатны ўсіх іх трымаў пад увагай, наглядаў за строямі і адпаведнасцю іх статуту. Новае адзенне выдаваў адзін раз у год.

Вялікі шпітальнік загадваў адпаведна шпіталямі (іх колькасць з цягам часу дасягнула некалькіх соцень), у першую чаргу галоўным шпіталем ордэна.

Вялікі скарбнік (гэтая пасада з'явілася каля 1240 г., а да гэтага скарбам займаўся вялікі комтур) вёў рахункі і распараджаўся скарбам ордэна. Золата і срэбра прымаў і складваў у скарбніцу ў прысутнасці хохмайстра з вялікім комтурам. Стан ордэнскага скарбу быў дзяржаўнай таямніцай. Кожная з трох названых асоб мела па ключу ад скарбніцы. Адчыняць яе маглі толькі разам. Скарбнік плаціў грошы па даручэнню хохмайстра, вялікага комтура ці вялікага маршала, штомесяц складаў справаздачу.

Ордэнская дзяржава ў Прусах мела некалькі эканомаў. Два галоўныя з іх - мальборскі і кёнігсбергскі - называліся вялікімі. Эканомы кіравалі ўсім гандлем ордэна. Мальборскі экспартаваў у першую чаргу збожжа, кёнігсбергскі - бурштын, лён і вырабы з дрэва.

Дзяржава Тэўтонскага ордэна дзялілася на акругі - камтурыі. На чале іх стаялі комтуры, якія мелі вялікую ўладу і самастойнасць. Комтур камандаваў войскам сваёй акругі, судзіў у земскіх судах сам або праз намесніка, зацвярджаў змены гаспадароў у маёнтках, збіраў падаткі і ўвогуле правіў усёй акругай. Яму дапамагаў віцэ-комтур. Комтурства існавала там, дзе набіраўся поўны канвент - уласна кляштар крыжакоў. У канвенце мела быць сама меней 12 братоў-рыцараў, 6 братоў-святароў і па два службовыя браты на кожнага рыцара - усяго 24. Ксяндзоў звычайна было менш чым 6, часта толькі адзін, астатнюю колькасць набіралі з ліку клірыкаў ці псаломшчыкаў. Увогуле духавенства не мела значнай ролі ў ордэне. Канвент быў самастойнай адзінкай, сам распараджаўся даходамі з комтурства.

Там, дзе рыцараў да поўнага канвента не хапала, кіраваў не комтур, а войт або пракуратар, прызначаны суседнім комтурам, ці хохмайстрам.

Суровы ў духу сярэднявечча статут Тэўтонскага ордэна, здавалася, прызначаўся для выхавання аскетаў, якія ўсё ў зямным жыцці адрынулі і прысвяцілі сябе змаганню за веру. Аднак зразумела, што браты-рыцары Тэўтонскага дому не былі такімі набожнымі аскетамі, як можа здацца пасля знаёмства з іх статутам. Яны проста спаўнялі службу сродкам, уласцівым іх саслоўю - гэта значыць са зброяй у руках.

Стварэнне Тэўтонскага ордэна, як і падобных яму на зямлі Палестыны, было выклікана імкненнем крыжакоў мець баяздольную добра арганізаваную ваенную сілу для барацьбы з ворагам, значна больш шматлікім. Час паказаў жыццястойкасць гэтага аб'яднання і яго здольнасць да дзейнасці ў розных умовах.

Але на першай пары Тэўтонскаму ордэну прыйшлося не соладка...

 

З ПАЛЕСТЫНСКІХ ПЯСКОЎ У ПРУСКІЯ ЛЯСЫ

 

З самага пачатку, стаўшы ў шэраг воінаў крыжа, рыцары Тэўтонскага ордэна неслі цяжкія страты. Пад час адной з бітваў з туркамі-сельджукамі ў сакавіку 1210 г. загінула большая частка рыцараў, а вялікі магістр атрымаў смяротную рану.

Абраны на яго месца Герман фон Зальца сказаў, што быў бы рады страціць вока, каб толькі мець да канца жыцця хоць дзесятак баяздольных рыцараў. Здарылася так, што менавіта пры гэтым хохмайстру і ў значнай ступені дзякуючы яму справы ордэна пайшлі намнога лепш.

Герман фон Зальца не меў высокага арыстакратычнага паходжання, але быў чалавекам надзвычайных здольнасцяў. Пасада вялікага магістра давала яму магчымасць праявіць іх у поўнай меры. Умелы дыпламат, ён здолеў захаваць прыхільнасць двух самых значных сілаў Заходняй Эўропы - папства і рымскіх імператараў, нават калі тыя варагавалі паміж сабой. Мала таго, фон Зальца выступаў пасрэднікам пры іх прымірэнні. Пры фон Зальца папы і імператары надалі ордэну галоўныя прывілеі ды маёмасці ў Апуліі, Арменіі, Вугоршчыне і амаль ва ўсіх нямецкіх землях.

Імператар прысвоіў Герману фон Зальца і ўсім яго наступнікам тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі з дазволам змяшчаць выяву імперскага арла на гербах і харугвах. Яшчэ раней, у 1221 г., спецыяльным прывілеем ордэн браўся пад апеку імператара разам з усімі рухомымі і нерухомымі маёмасцямі, як набытымі, так і будучымі, вызваляўся ад усякіх падаткаў і павіннасцяў.

Папа рымскі таксама абвясціў хохмайстра князем і падараваў яму каштоўны пярсцёнак, а той пераказаў сваім наступнікам. Адсюль пайшоў звычай перадаваць кожнаму новаму хохмайстру разам з крыжам і гэты пярсцёнак.

Ерусалімскі кароль як узнагароду за адвагу і цноту дазволіў хохмайстру і тым, хто прыйдзе на яго месца, насіць ерусалімскі крыж над чорным ордэнскім крыжам.

Тэўтоны былі ўдзельнікамі ўсіх выпраў крыжакоў і паказалі сябе з найлепшага боку. Аднак ужо стала ясным, што перамога ў рэшце рэшт застанецца за мусульманамі. Герман фон Зальца пачаў рабіць захады для забеспячэння свайму ордэну іншага поля дзейнасці.

Яшчэ ў 1211 г. вугорскі кароль Андрэй II запрасіў Тэўтонскі ордэн у Сяміграддзе, каб яны арганізавалі адпор нападам качэўнікаў. Крыжакі прыбылі туды ў значнай сіле і паспяхова справіліся з задачай. Аднак у хуткім часе кароль Андрэй скасаваў запрашэнне і выгнаў рыцараў. Затым у 1222 г. вярнуў назад, потым зноў адабраў падораныя землі. Замацавацца ў Сяміграддзі ордэну не ўдалося.

Тут якраз падышла прапанова з боку Польшчы. Мазавецкі князь Конрад вырашыў з дапамогай крыжакоў абараніцца ад нападаў ваяўнічых плямёнаў прусаў. Ордэн, не пакідаючы поле бітвы ў Палестыне, уступіў у балтыйскія справы, а палякі атрымалі на сваю галаву новы клопат, які праз нейкі час вырас у вялікую бяду. Прусы былі язычнікамі, што апраўдвала прысутнасць ордэна як арганізацыі для барацьбы з нявернымі.

Конрад Мазавецкі ўжо спрабаваў сам стварыць спецыяльны ордэн для вайны з прусамі. Чатырнаццаць чалавек шляхты былі апранутыя ў белыя плашчы з вышытымі чырвоным мячом і зоркай і аб'яўленыя ордэнам Хрыста. Князь аддаў ім замак Добжынь, таму гэтае рыцарскае аб'яднанне вядома як Ордэн добжынскіх братоў. Аднак браты-рыцары з Добжыня не дасягнулі вялікага поспеху ў вайне з прусамі, іх ордэн не здолеў набрацца моцы.

Тады Конрад вырашыў звярнуцца да сталай ужо арганізацыі, якая мела значную сілу. Ён выправіў паслоў да хохмайстра Тэўтонскага ордэна Германа фон Зальца з просьбай прыбыць на дапамогу са сваімі рыцарамі. Абяцаў аддаць ордэну Хэлмінскую і Добжынскую землі і ўсё, што той здабудзе ў паганаў. Рымскі імператар Фрыдрых II у сакавіку 1226 г. выдаў акт, якім навечна зацвярджаў наданне ордэну Хэлмінскай зямлі і іншага, што здабудзецца ў няверных. У гэтым акце імператар без лішняй сціпласці выступае як уладар не заваяваных яшчэ Прусаў.

Што ж уяўляла сабой у тыя часы Прусія? Гэтая краіна ляжала ля Балтыйскага мора, з усходу межавала з Жамойцю і Літвой, на поўдні - з Польшчай. Яна складалася з 12 вобласцяў, населеных балцкімі плямёнамі. Усе гэтыя вобласці ў пісьмовых крыніцах называюцца «прускімі землямі». На самой справе яны не былі заселеныя адным этнасам. У VI-XI стст. прусы насялялі паўвостраў Самбію і паўднёва-ўсходняе ўзбярэжжа сучаснага Калінінградскага заліва. Да пачатку ХІІ ст. пад прускі ўплыў трапляюць тэрыторыі, якія пазней атрымалі назвы «земляў»: Памезанія, Пагезанія, Натангія, Бартыя, Надровія. Суседнія плямёны (скальвы, ламаты, яцвягі) поўнасцю ці часткова прымаюць грамадскую арганізацыю прусаў. Тэўтонскі ордэн пачынаў крыжовы паход непасрэдна супраць прусаў і для апраўдання тэрытарыяльных прэтэнзій яму было выгодна называць усе гэтыя землі прускімі. Ордэнскія заваёвы спынілі працэс утварэння дзяржавы на заходняй ускраіне балцкага арэала.

Прусія - плоскі край, толькі на ўсходзе і поўдні ёсць пагоркі, прарэзаныя азёрамі. Месяцы травень, чэрвень, ліпень, жнівень звычайна цёплыя, восень імглістая і пераменлівая, зіма дастаткова суровая. Глеба ўраджайная - расце жыта, пшаніца, авёс, ячмень, проса, гарох, лён, каноплі, хмель. Многа было лясоў, дзе акрамя звычайнай дзічыны ў тыя часы вадзіліся туры, буйвалы і ласі. Прусы вялі гандаль футрам і бурштынам.

Герман фон Зальца паслаў да мазавецкага князя двух рыцараў з 18 людзьмі на агледзіны і высвятленне абставін на месцы. Калі тыя прыехалі на мазавецкі двор, самога князя не было дома, гасцей прыняла яго жонка і прасіла пачакаць звароту мужа. Якраз у той час на Мазовію напалі прусы. Тэўтонскім рыцарам з'явілася магчымасць прадэманстраваць свае баявыя вартасці. Яны прынялі самы актыўны ўдзел у арганізацыі абароны, магчыма, нават былі яе кіраўнікамі. Бітва з прусамі цягнулася цэлы дзень, урэшце мазуры кінуліся наўцёкі і тут крыжакі паказалі сябе, прыкрываючы адступленне, пакуль не ўпалі пад мноствам стрэл. Перамога дасталася прусам дарагой цаной і яны ў тую ж ноч адышлі. Параненых рыцараў выхадзілі і тыя прыступілі да перагавораў з князем. Усе ўклады былі скончаныя ў 1230 г. Гэтым годам можна лічыць пачатак будаўніцтва ў Прусіі ордэнскай дзяржавы.

Па просьбе крыжакоў князь збудаваў ім на гары левага берага Віслы замак, названы Фогельзангам. У гэтым замку засела крыжацкая залога і баранілася ад прусаў. Можна сказаць, гэты «птушыны спеў» (так перакладаецца з нямецкай мовы назва замка) стаў пачаткам пераможнай песні крыжакоў над прускімі абсягамі. Фогельзанг выканаў ролю ордэнскага плацдарма ў Прусах. Хохмайстар прыслаў падмацаванне з некалькіх рыцараў і сотні конных. Рыцары былі надзеленыя пасадамі кіраўнікоў новай правінцыі (якой фактычна яшчэ не было). Галоўным сярод іх быў Герман Балк з тытулам намесніка Прусіі. З ім прыбылі прызначаныя ў новую правінцыю маршал, комтур, дамавы комтур (камендант замка), шпітальнік. Напаўненне намінальных пасадаў рэальным зместам залежала ад саміх рыцараў. Яны з запалам рынуліся «ў справу», гэта значыць у бойку, бо акрамя вайны іншых сродкаў не ведалі. Герман Балк адразу пачаў будаваць новы замак над Віслай і назваў яго Няшава.

Конрад Мазавецкі прывілеем у чэрвені 1230 г. аддаў ордэну на вечныя часы Хэлмінскую зямлю з рэкамі Дрвенцай і Мокрай і ўсё, што будзе здабыта ў Прусіі. Адзіным абавязкам крыжакоў было змаганне супраць прусаў, пакуль тыя не прымуць хрысціянства. Імператар і папа зацвердзілі гэтае наданне. Рымскі папа аб'явіў крыжовы паход супраць прусаў, яго ўдзельнікам адпускаліся грахі нароўні з крыжакамі, якія хадзілі ваяваць за Святую зямлю.

Забяспечыўшы сабе «прававую» падставу для заваёвы зямлі, жыхароў якой забыліся спытаць аб іх жаданнях, рыцары пачалі дзейнічаць.

У 1231 г. Герман Балк з невялікім войскам на лодках перабраўся цераз Віслу і дайшоў да аднаго з прускіх свяцілішчаў. Там стаяў дуб, якому пакланяліся мясцовыя жыхары. Крыжакі ўмацавалі гэтае месца - акружылі яго валамі і равамі, павесілі на дубе сваю харугву і адбіваліся ад насядаўшых прусаў, якія імкнуліся адагнаць чужынцаў ад святыні. Праз нейкі час на гэтым месцы быў закладзены замак і горад Торунь.

У хуткім часе Герман Балк з дапамогай прыбыўшых з Эўропы крыжакоў выгнаў прусаў з усёй Хэлмінскай зямлі. На месцы спаленага прускага гарадзішча збудаваў горад Хэлмна, прызначыўшы яго на сталіцу Прусіі. У 1234 г. аб'яднанае войска ордэна, Конрада Мазавецкага, сілезскага князя Генрыка Барадатага, паморскага князя Святаполка, вялікапольскага Ўладзіслава нанеслі прусам цяжкую паразу на рацэ Дзежгонь (Сіргуна). Пачалі будавацца новыя крыжацкія замкі. 1237 год - Эльбланг, 1239 - Балга і г.д. Ордэн павольна прасоўваўся ўздоўж Віслы, Нагаты, затым Віслянскага заліва, каб не губляць воднай сувязі з базамі на Хэлмінскай зямлі.

Так закладаліся асновы ордэнскай дзяржавы ў Прусіі. Заваёвы новых земляў ажыццяўляліся па простай і надзейнай схеме. На мяжы тэрыторыі, прызначанай для захопу, будаваўся замак, які выкарыстоўваўся як апорны пункт для войска. Затым на адлегласці 15-30 км углыб варожай зямлі (адзін дзень дарогі) закладваўся новы замак і гэтак далей. Так стваралася сетка, якая з часам пакрыла ўсю Прусію. У ХІІІ ст. крыжакі яшчэ не ставілі шмат мураваных замкаў, бо не хапала сродкаў. Звычайна рабілі ўмацаванні з двух паралельных сценаў з ляжачых бярвенняў. Прамежак паміж імі запаўнялі каменнямі і глінай. Зверху адсыпалі вал з гліны і будавалі драўляныя вежы. Мураваныя замкі пачалі пашырацца пазней, у XIV ст. Вакол замка праводзілі роў з вадой, праз яго да брамы вёў мост. Тэўтонскі ордэн прыняў нарманска-сіцылійскі тып замкаў: квадрат з вежамі ў чатырох кутах. У ХІІІ ст. будаваліся і нерэгулярныя замкі з адной - дзвюма вежамі ці акрамя кутніх мелася вежа і над брамай. Там, дзе быў поўны канвент, узводзіўся ўласна замак з будынкамі па ўсяму перыметру сценаў і падзамча за мурамі са стайнямі, іншымі гаспадарчымі пабудовамі. Там, дзе не набіралася поўнага канвента і кіраваў не комтур, а войт або пракуратар, замак меў адзін ці два корпусы каля сценаў. На замку заўсёды была капліца і агульная сталоўка. Звычайна яны размяшчаліся на другім паверсе. Першы паверх займалі збраёўня, сядлярня, жыллё абслугі, кладоўка. Ніжэй былі скляпенні. Комтур жыў на другім паверсе. Пад дахам знахозіўся абарончы ярус з байніцамі.

Прусію наведваў хохмайстар Герман фон Зальца. Гэты чалавек справу рабіў заўсёды грунтоўна. Былі прыдуманыя меры для заваблівання сюды каланістаў, у першую чаргу нямецкіх. Для гэтага новым гарадам і жыхарам надаваліся ўсялякія ільготы і прывілеі. Гарады Хэлмна і Торунь атрымалі самакіраванне па магдэбургскаму праву. Была арганізавана вайсковая служба на феадальнай аснове. Той, хто атрымліваў у лен ад ордэна пэўную колькасць зямлі і іншую маёмасць, павінны быў па закліку станавіцца ў войска ў поўнай зброі і самае меншае з двума збраяносцамі. Хохмайстар загадаў біць у Хэлмне манету з найчысцейшага срэбра.

Вялікую дапамогу ў заваёве Прусіі Тэўтонскаму ордэну давалі крыжакі з Эўропы, галоўным чынам з Германіі, а таксама польскія князі. Толькі па гэтай прычыне заваёва адбывалася так хутка.

Наступіла чарга іншых вобласцяў: Варміі, Натангіі і Бартыі. У крыжакоў здараліся і няўдачы. Пад час адной з выпраў у 1237 г. у Варміі залога прускага гарадзішча Балга амаль цалкам знішчыла ордэнскі атрад. Аднак крыжакі хутка адпомсцілі - захапілі Балгу і выразалі ўсіх, хто там быў. Прусы абклалі ў гэтым гарадзішчы ландмайстра Балка з яго войскам і той выратаваўся толькі дзякуючы нечаканай падмозе крыжакоў з Германіі. У хуткім часе жыхароў Варміі, Натангіі, Бартыі прымусілі скарыцца і прыняць каталіцкую веру. Каб замацаваць перамогу, спешна будаваліся замкі: Кройцбург у Натангіі, Бартэнштайн, Рэзель, Вісемберг у Бартыі, Брунзберг і Хейлзберг у Варміі. Тутэйшыя землі падзялілі паміж нямецкімі шляхціцамі, якія далі згоду пасяліцца ў Прусіі на аснове леннай службы. Мясцовых жыхароў стараліся па-ўсякаму зняволіць, маладых людзей пасылалі ў Германію, дзе з іх выхоўвалі прапаведнікаў хрысціянства.

У 1237 г. да Тэўтонскага ордэна ўліўся ордэн рыцараў Хрыста, якіх па выяве мяча на плашчы звалі яшчэ мечаносцамі. Гэтае рыцарскае аб'яднанне больш вядома як Лівонскі ордэн. Мечаносцы перажывалі цяжкія часы. Ваюючы з русінамі, лівамі, курамі, эстамі, семігаламі, яны пастаянна канфліктавалі яшчэ з рыжскім архібіскупам. Ордэн мечаносцаў займаў у Лівоніі даволі сціплае месца - з усіх заваяваных земляў ён атрымліваў толькі трэцюю частку, а мясцовыя біскупствы - дзве астатнія. Аб'яднаннем з Тэўтонскім ордэнам рыцары Хрыста спадзяваліся паправіць свае справы. Цяжкая параза ад ліцвінаў у 1236 г. (тады загінуў магістр мечаносцаў) паскорыла аб'яднанне. Лівонскім правінцыйным магістрам (ландмайстрам) быў прызначаны нястомны заваёўнік Прусіі Герман Балк. Нейкі час ён заставаўся і прускім ландмайстрам.

У 1239 г. памёр Герман фон Зальца - выдатны дзеяч Тэўтонскага ордэна. Менавіта дзейнасць гэтага хохмайстра стварыла тую аснову, на якой узняўся магутны будынак ордэнскай дзяржавы.

Маюцца звесткі, што войска ордэна прымала ўдзел у вайне з мангола-татарамі ў 1240-1241 гг., але не вельмі ўдала.Татары разбілі аб'яднаныя хрысціянскія войскі ў 1241 г. пад Лягніцай, у баі быў паранены прускі ландмаршал.

У саюз з прусамі супраць ордэна ўвайшоў паморскі князь Святаполк. Відавочна, ён першы зразумеў, што пасля заваёвы паганаў-прусаў прыйдзе чарга і да суседніх хрысціянскіх земляў. Пасля непрацяглай, але кровапралітнай вайны ордэн з дапамогай польскіх князёў перамог. Па мірнай дамове ў 1242 ці 1243 г. Святаполк абавязаўся дапамагаць крыжакам ва ўсіх войнах з паганамі. Аднак праз непрацяглы час князь, аб'яднаўшыся з прусамі Судовіі, спустошыў Хэлмінскую зямлю і разбіў крыжацкае войска, пры гэтым загінуў прускі маршал. Святаполк патрабаваў вярнуць яго сына, які знаходзіўся ў руках ордэна як закладнік. Браты-рыцары адмаўляліся, заклікаючы князя скарыцца. Святаполк збудаваў на востраве пасярод Віслы замак Зантыр і перакрыў крыжакам водны шлях. У ходзе новай вайны ордэн з дапамогай крыжакоў з Германіі і Польшчы зноў узяў верх. Святаполк быў змушаны ў 1246 г. заключыць мір, абавязацца парваць адносіны з прусамі, дапамагаць у барацьбе з паганствам, сына пакінуць у закладзе. Аднак і гэтая сутычка была не апошняй. Толькі ў 1248 г., вычарпаўшы свае сілы, Святаполк пры пасрэдніцтве папскага легата заключыў мірную дамову.

Браты-рыцары таксама з дапамогай легата 7 лютага 1249 г. увайшлі ў пагадненне з новахрышчанымі прусамі з Памераніі, Варміі і Натангіі. Мясцовыя хрысціяне атрымлівалі пэўныя правы: маглі самастойна купляць і прадаваць зямлю, распараджацца рухомай маёмасцю, уступаць у шлюб. Яны абяцалі крыжакам не паліць сваіх памёршых, трымацца хрысціянства, быць вернымі ордэну. Аднак прусаў-хрысціянаў было яшчэ вельмі мала, ды і тыя не цвёрда трымаліся новай веры. Яны ў хуткім часе аб'ядналіся з язычнікамі, перакрылі дарогі паміж крыжацкімі замкамі, знішчылі вялікі атрад тэўтонскага войска.

Ордэну зноў дапамаглі крыжакі, якія ў 1257 г. прыбылі з Германіі ў вялікай колькасці. З іх дапамогай ордэн заваяваў Памеранію, Вармію, Натангію, Бартыю і Галіндыю. Мясцовы люд быў змушаны прыняць хрысціянства.

У 1252 г. ордэн ваяваў Памор'е, а праз год заключыў новы мір са Святаполкам на ўмовах, што калі той што-небудзь зробіць супраць ордэна, то пазбавіцца горада Гданьска.

З дапамогай заходнеэўрапейскіх крыжакоў у 1254 г. была заваёвана Самбія, а праз год збудавалі замак Кёнігсберг. Супраціўленне прусаў узмацнілася пасля таго, як аб'яднанае войска прускай і лівонскай частак ордэна разам з датчанамі пацярпелі моцную паразу ад ліцвінаў у 1259 г. ля возера Дурбе. У тыя ж часы лівонская філія ордэна ваявала з мясцовымі плямёнамі, Псковам, Ноўгарадам і маладой яшчэ дзяржавай - Вялікім Княствам Літоўскім.

У супрацьстаянні з паганамі крыжакі не лічылі абавязковым прытрымлівацца нормаў хрысціянскай маралі. Ордэнскі войт Варміі і Натангіі брат Вальрад Мірабіліс сабраў на пір да замка Ленцэнберг мясцовых арыстакратаў. Тыя прыйшлі без асаблівай насцярожанасці, бо такое адбывалася ўжо не адзін раз. Калі госці як след захапіліся пітвом і ежай, па загаду войта ў памяшканні, дзе адбываўся пір, былі зачынены дзверы і вокны, а дом падпалены. Вырвацца з полымя не здолеў ніхто. Гэты выпадак выклікаў абурэнне ў Прусіі і паспрыяў разгортванню паўстання супраць ордэна.

Толькі Хэлмінская зямля і Памезанія захавалі вернасць крыжакам, бо ўжо амаль поўнасцю былі заселеныя каланістамі-хрысціянамі. Самбійскія, натангійскія, вармінскія, пагезанскія, бартыйскія прусы паўсталі. Размах барацьбы, выбухнуўшай у верасні 1260 г., быў такім, што ледзь не знёс уладу ордэна ў Прусіі. У шэрагу выпадкаў кіраўнікамі паўстаўшых сталі людзі, якіх крыжакі ў маладых гадах выслалі да Германіі для выхавання з іх рупліўцаў хрысціянства. Тыя хрысціяне, хто не паспеў схавацца па замках, былі забітыя або захопленыя ў палон. Паўстанцы палілі касцёлы, капліцы, дамы хрысціянаў, забівалі святароў. Храніст паведамляе, як аднаго святара самбійцы паклалі галавой паміж двух бярвенняў і, сціскаючы іх, павольна задушылі, гаворачы са здзекам, што ня смеюць праліваць крыві такой святой асобы. Некаторых палонных прусы прыносілі ў ахвяру сваім багам. Так, у поўным узбраенні на кані быў жыўцом спалены адзін з палонных рыцараў.

Браты-рыцары сядзелі абложаныя ў замках. Двойчы з Германіі да іх прыходзіла дапамога і двойчы прусы разбівалі крыжакоў. Паўстанцы актыўна спрабавалі здабыць замкі Кёнігсберг, Кройтцбург, Бартэнштайн і авалодалі двума апошнімі. Залога Кройтцбурга пакінула замак і ратавалася ўцёкамі, але яе дагналі і ўсю пабілі. Залога з Бартэнштайна здолела ўратавацца дзякуючы хітрасці. Немцы ноччу цішком выйшлі, а ў замку застаўся стары рыцар, які рэгулярна званіў у звон, быццам заклікаючы на набажэнства. Прусы не заўважылі падман. Доўга трымаўся замак Хейлзберг у Варміі, нягледзячы на пастаянныя штурмы і абстрэл з абложных машын. Урэшце залога здолела ўцячы і схавацца ў Эльблангу, прывёўшы з сабой 12 прускіх закладнікаў. Іх асляпілі і так выпусцілі. Была выкрыта змова з прусамі двух крыжакоў. Ландмайстар загадаў спаліць здраднікаў жыўцом. Каб спаленыя былі пагане, то ўсё скончылася б ціха, але тут за празмерную жорсткасць да хрысціянаў ландмайстра пазбавілі пасады.

Паўстанцы захапілі малыя ордэнскія замкі, а буйныя трымалі ў шчыльнай аблозе. Верныя ордэну Хэлмінская зямля і Памезанія аказаліся спустошанымі.

У 1263 г. крыжакам ўдалося задушыць паўстанне ў Самбіі, аднак у іншых месцах вайна працягвалася. Натангійскія прусы разграмілі крыжакоў у Хэлмінскай зямлі, прычым загінуў ландмайстар і некалькі дзесяткаў рыцараў. Шмат пацярпеў замак Радзынь. Яго двойчы захоплівалі паўстанцы і двойчы крыжакі адбівалі.

З Германіі падыходзілі ўсё новыя і новыя падмацаванні. Урэшце з канца 1272 г. ордэн пачаў браць сітуацыю пад кантроль. Пасля амаль 14-гадовай вайны былі прыведзеныя ў пакору Вармія, Натангія, Бартыя і іншыя вобласці. Ужо ў 1274 г. заваёва новых вобласцяў у Прусіі аднавілася - на чаргу сталі Скаловія, Надравія, Судовія. Аднак агонь паўстання ўсё яшчэ не патухаў. Крыжакі душылі яго з вялікай жорсткасцю. Прускі ландмайстар Конрад фон Цірберг амаль усіх жыхароў Пагезаніі выселіў у іншыя вобласці, шмат людзей уцяклі ў Беларусь і разам з сем'ямі аселі ў ваколіцах Горадні.

Паўстанне паступова згасала і сведчанне таму тое, што ордэн змог вызваліць частку сілаў для новых заваёваў. Вайна вялася са звычайнай тады жорсткасцю і ўтрапёнасцю. Мемельскі комтур захапіў у палон аднаго з прускіх правадыроў у Скаловіі. На прывале палоннага прывязалі да дрэва, каб не ўцёк. Калі варта заснула, той здолеў вызваліцца, але ўцякаць не стаў. Схапіўшы меч, забіў рыцара і трох кнехтаў, чацвёртаму адсек руку. Астатнія, разбуджаныя шумам, пасеклі раз'юшанага воя.

Апошняй у 1283 г. была заваявана Судовія. Яна аказалася моцна спустошанай - шмат народу палягло ў вайне, частку крыжакі рассялілі па іншых правінцыях, частка выселілася ў Вялікае Княства Літоўскае. На месца загінуўшых і ўцёкшых прыходзілі каланісты, галоўным чынам з Германіі. Тыя мясцовыя жыхары, якія прынялі хрысціянства, доўгі час, нават яшчэ ў XVI ст., захоўвалі элементы сваёй даўняй веры.

Лічачы ад 1231 г., калі Герман фон Балк упершыню пераправіўся з войскам праз Віслу, да 1283 г., за 52 гады Прусія была заваявана цалкам. Для гэтага спатрэбілася намаганне не толькі Тэўтонскага ордэна, але і шляхты ўсіх германскіх земляў. Вайна нанесла такія непапраўныя страты мясцовым плямёнам, што ў рэшце рэшт яны перасталі існаваць як этнасы.

Унутраную палітыку на тэрыторыі Прусіі ордэн будаваў умела і мэтанакіравана. Каб прыцягнуць каланістаў, крыжакі стварылі новае хэлмінскае права. Было ўведзена фламандскае права спадчыннасці- роўнасць мужчыны і жанчыны. Па вугорскаму праву дазвалялася свабоднае паляванне на дзікага звера, акрамя баброў. Ужывалася яшчэ магдэбургскае і польскае права. Прусаў падзялілі на дзве катэгорыі: вольныя і нявольныя. Тыя, хто захаваў вернасць ордэну пад час паўстання 1260-1274 гг., мелі больш правоў. Былыя паўстанцы - нявольныя хлопы - жылі ў асобных вёсках, мелі мізэрныя гаспадаркі і мусілі працаваць на крыжакоў. Яны не маглі сяліцца ў гарадах. Мясцовая шляхта анямечылася.

Каланісты густа наплывалі да 1350 г., пасля іх прыток зменшыўся. Крыжакі стварылі 1400 новых вёсак (акрамя біскупаў, царкоўных капітулаў і феадалаў). Да 1410 г. у Прусіі ўжо было 93 гарады. На пачатак XV ст. насельніцтва Прусіі ацэньваецца прыблізна ў 400-600 з нечым тысяч чалавек.

Ордэнскія ўлады шчыльна апякалі гаспадарчае жыццё краіны. Яны стварылі двайную сістэму даходаў: праз адпрацоўкі, грашовы і натуральны падаткі (шляхта таксама іх плаціла) і яшчэ праз уласную гаспадарку (земляробства, жывёлагадоўля, рамяство, крэдыт, гандаль). Галоўным аб'ектам гандлю былі авёс, ячмень і солад. Ордэн злоўжываў уладай - сваіх эканомаў ставіў у больш выгодныя ўмовы гандлю, чым астатніх купцоў. За некалькі дзесяткаў гадоў Прусія ператварылася ў квітнеючую краіну, з чаго ордэн меў немалую выгоду.

У знешняй палітыцы Тэўтонскага ордэна пасля пакарэння Прусіі галоўнай задачай стала вайна з Вялікім Княствам Літоўскім.

 

БОЙКІ З ЛІТВОЙ І ПОЛЬШЧАЙ

 

Пераломным у адносінах Тэўтонскага ордэна з Вялікім Княствам Літоўскім стаўся 1283 год. Крыжацкі храніст Пётр Дзюзбург пісаў: «Скончылася пруская вайна, пачалася вайна літоўская». Аднак першы этап барацьбы з Літвой* пачаўся задоўга да гэтага часу. Упершыню прэтэнзіі на Літву былі выказаныя ў прывілеі германскага імператара Фрыдрыха II у 1245 г. Па просьбе хохмайстра імператар аддаваў ордэну землі, якія той здабудзе ў Куроніі, Літве і Семігаліі. Яшчэ раней, з пачатку ХІІІ ст., агрэсіўныя намеры да Літвы мелі лівонскія крыжакі. Спачатку яны абараняліся ад нападаў літоўцаў**, а калі замацаваліся паміж Дзвіной і Фінскім залівам, перайшлі ў наступ. Пацярпеўшы паразу ад літоўцаў пад Шаўламі ў 1236 г., мечаносцы тут жа (1237 г.) аб'ядналіся з Тэўтонскім ордэнам. Цяпер адной з галоўных задач лівонцаў стала злучэнне з Прусіяй па сушы. Дарога на Прусію вяла праз Куронію і мечаносцы атакавалі гэтую вобласць. Як выключную з'яву ў адносінах паміж крыжакамі і Літвой даследчыкі разглядаюць мірнае пагадненне Міндоўга з лівонскім ландмайстрам. Аслабіла ордэн як у Прусах, так і ў Інфлянтах параза ля возера Дурбе (1259 г.).

* Пад Літвой тут разумеецца дзяржава Вялікае Княства Літоўскае.

** Літоўцы - назва жыхароў гістарычнай вобласці «Літва» ў Верхнім Панямонні са змешаным славянска-балцкім насельніцтвам.

Істотных зменаў на літоўска-лівонскім фронце не назіралася да 1283 г., пакуль на арэне барацьбы не з'явіўся новы магутны дзеяч - прускія крыжакі. Ордэн выступіў з прэтэнзіямі на Вялікае Княства, спасылаючыся на фальшывую (ці праўдзівую) даравальную грамату Міндоўга. Паводле яе зместу, вялікі князь прызначаў сваю дзяржаву ордэну ў тым выпадку, калі застанецца без нашчадкаў. Здарылася так, што ўсе сыны Міндоўга загінулі (у тым ліку вялікі князь Войшалк) і ордэн выставіў свае патрабаванні.

Адразу пасля заваёвы Судовіі ландмайстар Конрад фон Цірберг у той жа год зрабіў першы паход на Літву. У наступным годзе зруйнавалі Горадню.

У 1291 г. пала апошняя апора крыжакоў у Палестыне - Акра. Хохмайстар Тэўтонскага ордэна адплыў на караблі ў Эўропу і абсталяваўся ў Венецыі. З гэтага часу Прыбалтыка становіцца галоўнай арэнай дзейнасці ордэна, а праз 19 год хохмайстры назусім перабраліся ў Прусію.

Паходы на Літву арганізоўвалі ландмайстар, ландмаршал і парубежныя комтуры. Цягнулася непарыўная вайна, якая складалася з дробных і буйных наездаў, сутычак, засадаў, адступленняў, уцёкаў і пагоняў. Паходы з аднаго і другога боку адбываліся па падобнай схеме. Збіралася войска ў колькасці ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх тысяч вояў і ішло ў паход на варожую тэрыторыю. Выправа цягнулася ад 2-3 дзён да некалькіх тыдняў (калі ішло вялікае войска). Мелі мэтай здабыць адзін ці болей замкаў, рабавалі ваколіцы, палілі жытло, забівалі або бралі ў палон насельніцтва, зводзілі жывёлу.

Выйграваў той, хто здолеў сканцэнтраваць сілы, нечакана ўдарыць і адысці са здабычай і палоннымі, пакуль вораг не арганізаваў адпор. Другі варыянт: вызнаць ці прадугледзець час і накірунак паходу ворага, сабраць у пэўным месцы большыя сілы і нанесці яму паразу ў сустрэчным баі ці ў пагоні.

Вялікую ролю адыгрываў фактар нечаканасці. Войска збіралі тайна і трымалі ў сакрэце месца выправы. Часам спецыяльна распаўсюджвалі чуткі аб намеры напасці на адну вобласць, а ішлі зусім у другую. Існавала добра арганізаваная служба памежнай варты і разведкі з абодвух бакоў. Для выведаў выкарыстоваўваліся вандроўныя манахі і гандляры. Аднак нечаканыя напады ўдаваліся часта. Пакуль збіралі войска, арганізоўвалі абарону, праходзіў пэўны час. Той, хто нападаў, з самага пачатку меў перавагу ў ініцыятыве. У выпадку, калі жыхары аказваліся папярэджанымі, яны хаваліся па замках са сваёй рухомай маёмасцю. Часам дзякуючы нечаканасці ўдавалася захапіць і замак. Нягледзячы на амаль пастаянны стан вайны, у тыя часы не трымалі ў адным месцы вялікага войска па той простай прычыне, што яго немагчыма было пракарміць.

У выніку безупыннай вайны паміж дзяржавамі ўтварылася амаль незаселеная прыгранічная паласа. Жыццё тут было вельмі небяспечным - пастаянна праходзілі вайсковыя атрады, гурты рабаўнікоў, сядзелі засады.

У канцы ХІІІ ст. адбылося паўстанне ў Натангіі, Самбіі і Судовіі, але крыжакам удалося задушыць яго ў самым пачатку праз здраду.

На Лівоніі разрастаўся канфлікт ордэна з рыжскім архібіскупам. Апошні разам з рыжанамі заключыў дагавор з вялікім князем Віценем і той прыняў непасрэдны ўдзел у гэтай барацьбе. У 1298 г. ён разбіў лівонскіх рыцараў, прычым у бітве загінуў лівонскі ландмайстар. Толькі падмога кёнігсбергскага комтура прымусіла ліцвінаў выйсці з Лівоніі.

Хохмайстар Готфрыд фон Гогенлоэ вырашыў у 1303 г. перанесці сталіцу Тэўтонскага ордэна ў Прусію. Яго выбар паў на Мальбарк (ці Марыенбург) на рацэ Нагаце. Перанос сталіцы ў Прусію быў цалкам лагічным, бо менавіта ў Прыбалтыцы для ордэна адкрываліся найабшырнейшыя перспектывы. Тут хапала земляў для заваёвы, непадалёк знаходзілася Германія (не тое, што ў Палестыне), адкуль заўсёды можна было атрымаць хуткую дапамогу. Намер Гогенлоэ ажыццявіў яго наступнік Зыгфрыд фон Фойхтванген.

У пачатку XIV ст. ордэн панаваў над Прусамі, Курляндыяй, Семігаліяй, часткай Лівоніі, некалькімі паветамі Жамойці. У яго шэрагі ахвотна ўступала як шляхта, так і буйныя феадалы. Тут можна было атрымаць уладу, ганаровую пасаду і немалы матэрыяльны набытак. Суровы статут не вытрымліваў выпрабавання багаццем і ўладай. Ордэн ужо нельга было назваць зборам аскетаў і фанатыкаў-хрысціянаў.

Адразу пасля абрання хохмайстар Зыгфрыд фон Фойхтванген у 1309 г. выехаў у Прусію да Мальбарка. Пасада прускага ландмайстра стала непатрэбнай, хохмайстар зрабіў Генрыха фон Плотцке вялікім комтурам і даручыў нагляд над жыўнасцю і суднаходствам. Вялікі комтур жыў пры двары хохмайстра гэтак жа, як вялікі скарбнік. Прускі маршал рэзідаваў у Кёнігсбергу, вялікі шпітальнік - у Эльбланіу, вялікі шатны - у Хрыстбурзе.

Тэўтонскі ордэн у гэты час настолькі ўверыўся ў сваёй моцы, што, не спыняючы валкі з Літвою, увязаўся ў доўгую і крывавую вайну з Польшчай за Памор'е (1309-1343 гг.). Тут ужо не было гаворкі аб барацьбе з нявернымі. Крыжакі ваявалі за хрысціянскія землі з канкрэтнай мэтай - захапіць ласы кавалак зямлі і напрамую злучыцца з нямецкімі землямі. Валоданне Памор'ем давала гарантыю пастаяннай сувязі з Германіяй па сушы.

На валоданне паморскім княствам прэтэндавалі акрамя ўласных князёў яшчэ брандэнбургскія маркграфы і польскія каралі. У 1294 г. кароль Пжэмыслаў усталяваў на Памор'і польскую ўладу. Аднак праз два гады яго неспадзеўкі заспелі і забілі брандэнбуржцы. Барацьбу за Памор'е прадоўжыў Уладзіслаў Лакетак. Тым часам брандэнбургскія маркграфы ўзялі ў германскага імператара прывілей на сваё валоданне Памор'ем (1295 г.). Не могучы сваімі сіламі адабраць гэтую зямлю, Лакетак звярнуўся за дапамогай да Тэўтонскага ордэна. Паводле ўмовы крыжакі абавязаліся бараніць ад брандэнбуржцаў гданьскі замак. Праз год яны павінны былі атрымаць плату і пакінуць Гданьск. Выканаўшы справу - з поспехам абараніўшы замак, браты-рыцары ў наступным годзе запатрабавалі плату. Лакетак заплаціць не змог. Тады крыжакі закавалі ў кайданы палякаў, якія былі ў замку, а праз некаторы час выразалі польскую залогу ў горадзе і авалодалі ім. Затым ордэн заплаціў адступнога (10 тыс. грыўнаў) брандэнбуржцам і тыя адмовіліся ад сваіх правоў на Памор'е на карысць ордэна. Гэта адбылося ў верасні 1309 г. У 1311 г. імператар зацвердзіў не толькі гэтую куплю, але і будучыя набыткі ордэна на Памор'і. Крыжакі даволі хутка здабылі паморскія замкі. Адны захапілі сілай, іншыя паддаліся без бою. Больш за іншых супраціўлялася польская залога ў Швецы, але і яна ўрэшце здалася. Ордэн стаў гаспадаром абодвух берагоў Віслы, пачынаючы ад Польшчы і да ўпадзення ў Балтыйскае мора.

Не спынялася вайна з Вялікім Княствам Літоўскім. Вось некалькі эпізодаў з яе. У 1305 г. вялікі князь Віцень сабраў нараду з найважнейшых паноў. Самбійскі войт Піліп фон Голанд якраз напаў на Літву і паміж іншымі спаліў дзве вёскі вялікага князя.

Той, разгневаны, кінуўся ў пагоню з усімі прысутнымі панамі. Крыжакі ўжо далёка ад'ехалі, таму былі бяспечнымі. Адзін рыцар вёў войска, астатнія, зняўшы зброю, вольна ехалі ззаду. Тут на іх ударыў вялікі князь. Адразу быў забіты сын войта. Голанд, схапіўшы дзвюма рукамі меч, знёс галаву ліцвіну, але і сам палёг разам з іншымі рыцарамі.

Лівонскія крыжакі збудавалі ў вусці Дзвіны замак і пачалі кантраляваць гандаль на рацэ, чым яшчэ ўзмацнілі канфлікт з Рыгай. Біскупы з Лівоніі напісалі да папы рымскага вялікую скаргу на ордэнцаў. Рыцараў абвінавачвалі ў розных грахах: ад забойства хрысціянаў да дабівання сваіх жа братоў-рыцараў, параненых у баі, і спальвання іх целаў па ўзору паганаў.

Актыўныя баявыя дзеянні адбываліся на берагах і водах Нёмана. Комтур Рагнеты прыдумаў збудаваць вялікі і высокі карабель - сапраўдны плывучы замак - і паплыў на ім па Нёману ў выправу. Аднак карабель сеў на мель. Паліць яго было шкада (шмат каштаваў сродкаў і сілаў), комтур спадзяваўся з часам вывесці судна на глыбокую ваду. Пакінуўшы на варце чатырох лучнікаў, пайшоў за падмогай. Ліцвіны акружылі карабель на лодках. У гэты час ён неяк сышоў з мелкага месца і паплыў па цячэнню. Лучнікі бесперапынна адстрэльваліся з высокіх бартоў, аднак былі забітыя, а карабель спалены.

Вайну з Літвой у гэтыя часы арганізоўвалі галоўным чынам вялікі маршал і комтуры пагранічных замкаў. Хохмайстар быў заняты справамі з Польшчай. Цяжкую страту панёс ордэн у 1320 г. - загінуў вялікі маршал Генрых фон Плотцке. Пад час выправы да Меднікаў, што на Жамойці, ён быў акружаны ліцвінамі і жамойтамі. Маршал з боем адступаў па адзінай свабоднай дарозе, але яна аказалася перакрытаю ссечанымі дрэвамі. У роспачнай бойцы загінулі разам з маршалам 20 рыцараў і шмат конніцы. Паміж палоннымі быў самбійскі войт. Яго, па паведамленню ордэнскага храніста, у поўнай зброі прывязалі на кані і спалілі жыўцом на ахвяру паганскім багам. Немалыя страты крыжакам нанёс выдатны ваенны правадыр Давыд Гарадзенскі, зяць вялікага князя Гедыміна.

Ліцвіны хадзілі паходамі не толькі ў Прусію, але і на Польшчу. Кароль Уладзіслаў Лакетак, уважаючы крыжакоў за галоўнага ворага, павёў палітыку на саюз з Вялікім Княствам. Ён выправіў да Гедыміна паслоў з прапановай міру і просьбай рукі яго дачкі Альдоны для свайго сына Казіміра. Гедымін даў згоду і ў якасці пасага дачкі выпусціў тысячу палонных палякаў.

Лакетак, не чакаючы сканчэння перамір'я з крыжакамі (да Божага нараджэння 1326 г.), пачаў граміць іх саюзнікаў. Спачатку спустошыў землі мазавецкага князя. Затым надышла чарга маркграфства Брандэнбургскага. У 1326 г. разам з літоўскай падмогай на чале з Давыдам Гарадзенскім палякі спустошылі ваколіцы Франкфурта-над-Одэрам. На адваротнай дарозе на прывале Давыд быў забіты ў спіну адным мазавецкім шляхціцам. Крыжакі ў 1327 г. разам з мазавецкім князем Вацлавам спустошылі Куявы. На наступны год Лакетак зноў з літоўскай падмогай ваяваў Хэлмінскую зямлю, а крыжакі з мазурамі хадзілі на Куявы, дзе пацярпелі паразу. У 1341 г. пад час аблогі аднаго з крыжацкіх замкаў стрэлам з гарматы быў забіты вялікі князь Гедымін. Вайну з ордэнам прадоўжылі яго сыны Альгерд і Кейстут. На той жа год крыжакі захапілі Добжынь. Польскі кароль, атрымаўшы падмогу з Аўстрыі, Літвы, Вугоршчыны, пайшоў на Хэлмінскую зямлю. Аднак ордэнскае войска не давала яму пераправіцца праз раку Дрвенцу. Кароль 10 дзён стаяў на адным беразе, крыжакі - на другім. Нарэшце палякі знайшлі новы брод. Каля яго затаілася некалькі вайсковых аддзелаў, астатнія пайшлі берагам да Бродніцы, ордэнскія войскі ішлі паралельным курсам па другім беразе. Схаваныя войскі Лакетка перайшлі раку і дымам падалі ўмоўны знак каралю, той рэзка павярнуў войска і на ўсю моц паімчаў да броду. Крыжакі таксама павярнулі, але іх цяжкія коні не паспелі за лягчэйшымі польскімі і вугорскімі, пераправа адбылася. Хохмайстар адступіў да Голуба. Было заключана перамір'е, спрэчкі вырашылі перадаць на суд чэшскага і вугорскага каралёў. Тады ж заключылі перамір'е і з Літвой - ордэн абавязаўся вярнуць заваяваную частку Жамойці.

Лівонскі ландмайстар абклаў горад Рыгу. Пасля працяглай абароны людны і багаты горад у 1330 г. з-за недахопу харчавання здаўся на ўніжальных умовах. Самыя шаноўныя жыхары павінны былі прыйсці да ландмайстра і скласці да яго ног усе свае прывілеі. Ландмайстар загадаў засыпаць частку гарадскіх равоў, разваліць мур на 30 локцяў у шырыню і праз той пралом на чале войска ўступіў у Рыгу. Ландмайстар быў таўсцяком і адна кабета, пабачыўшы гэты ўезд, заявіла, што не дзівіцца нежаданню крыжака прайсці праз браму, як усе людзі. Каб трымаць горад у паслушэнстве, крыжакі заклалі ў Рызе свой замак. Яны доўга і без асаблівых турбот жылі пад праклёнам папы, накладзеным за нежаданне вяртаць горад архібіскупу.

Быў у ордэне рыцар заганных схільнасцяў Ян фон Бендорф. Хохмайстар за гэта трымаў яго пад сваім наглядам у Мальбарку. За нейкую правіннасць у Бендорфа адабралі каня. У дзень святой Элізабеты, калі хохмайстар выходзіў з капліцы, Бендорф нанёс яму смяротны ўдар нажом. Адзіны спадарожнік хохмайстра - сабака пачаў так жахліва брахаць і выць, што адразу збегліся людзі. Забойца хацеў уцячы, але яго выкрылі па плямах крыві на белым плашчы і затрымалі. Рыцары не хацелі крыві свайго брата і аддалі яго на суд папе. Той прыгаварыў яго да пажыццёвага зняволення на хлебе і вадзе.

17 лютага 1331 г. генеральная капітула абрала новага хохмайстра і прыняла меры для асабістай бяспекі кіраўніка ордэна. Яму далі варту з некалькіх рыцараў і жаўнераў. Капітула ўзнавіла звычай выбару хохмайстрам у пастаяннае таварыства аднаго рыцара, званага кампаньёнам (ад'ютантам). У абавязкі кампаньёна ўваходзіла сачыць за бяспекай хохмайстра, прымаць звароты, просьбы і г.д. З часам хохмайстры мелі па тры і чатыры кампаньёны.

Перамір'е ордэна з Польшчай скончылася, а мірнага вырашэння спрэчак не адбылося. Вайна працягвалася далей. Крыжакі захапілі ўсю Добжынскую зямлю. Пасрэднікі - вугорскі і чэшскі каралі выдалі прысуд: Куяўскую і Добжынскую землі вярнуць Польшчы, Памор'е пакінуць ордэну. Крыжакі не аддавалі захопленыя землі, патрабуючы ад караля Казіміра пісьмовай згоды з прысудам, а той яе не даваў. Нарэшце ў 1343 г. Казімір падпісаў з ордэнам мір у Калішы, па ўмовах якога адрокся ад усіх правоў на Памор'е, Хэлмінскую і Міхалаўскую землі. Крыжакі перадалі Польшчы Куявы і Добжынь.

Пасля замірэння з Польшчай вайна супраць Літвы павялася з небывалым размахам. З 1340 да 1410 г. было зроблена 97 паходаў на Літву. Галоўным чынам нападалі на Жамойць, а таксама на Горадню, Вільню, Трокі, Берасце, Ліду, Наваградак. У адказ за гэты ж час ліцвіны ажыццявілі каля 55 паходаў. Вялікія крыжацкія выправы (па некалькі тысяч чалавек) адбываліся ў 1382, 1383, 1384, 1390, 1391, 1394, 1402, 1403 гадах. Разам з тым штогод рабілася 4-8 невялікіх рабаўнічых выпраў, якія арганізоўвалі комтуры Рагнеты, Балгі, Астроды.

У 1360 г. у крыжацкі палон трапіў Кейстут, ён быў акружаны і аддаў зброю лівонскаму ландмайстру. Аднак князя хутка абмянялі на мноства палонных хрысціянаў. Але ў хуткім часе Кейстут зноў трапіў у палон. У бітве яго скінулі з каня, схапілі і прывезлі да Мальбарка. Варта днём і ноччу стаяла ля дзвярэй цямніцы, куды доступу не меў ніхто, акрамя крыжака з прыдворнай службы хохмайстра. Ён насіў князю ежу. Гэты крыжак быў родам ліцвін, яго маладым узялі ў палон, ахрысцілі на Адольфа, а па-простаму звалі Альфам. Доўгай і вернай службай ордэну Альф заслужыў давер хохмайстра. Кейстут знайшоў у адной сцяне вязніцы выемку, якая мела глыбіню на 2/3 мура. Князь схіліў Альфа на свой бок, атрымаў ад яго інструменты і ламаў муроўку ў адтуліне, пакуль не прабіў выйсце. Ноччу Кейстут спусціўся ў роў, вылез на другі бок па драбінах, апрануў крыжацкі плашч і без перашкод выехаў з Мальбарка. Дабраўшыся разам з Альфам да лесу, кінулі коней, некалькі дзён хаваліся па балотах, затым лясамі па начах дайшлі да Мазовіі, дзе ўцекачоў прыняла княгіня Данута - родная дачка Кейстута.

У канцы 1379 г. ля ракі Нарвы з'ехаліся хохмайстар, Кейстут, Ягайла (бацька Ягайлы вялікі князь Альгерд памёр у 1377 г.). Там яны прыйшлі да згоды і ў Троках заключылі мір на 10 гадоў паміж пагранічнымі раёнамі Прусіі і Літвы. Па яго ўмовах з абодвух бакоў не павінна было быць ніякіх нападаў. Жыхары пагранічных раёнаў маглі ў складзе войскаў сваіх краін удзельнічаць у паходах на глыбінныя раёны іншай варожай дзяржавы.

Ягайла, захацеўшы аднаасобна панаваць у Вялікім Княстве, увайшоў у тайную змову з крыжакамі супраць Кейстута. У 1380 г. была заключана патаемная дамова: вялікі князь (Ягайла) гарантуе Тэўтонскамуордэну поўныя мір і бяспеку. Калі ордэн пойдзе пустошыць край Кейстута ці яго сыноў, а вялікі князь выведзе сваё войска ў поле, то мір пры гэтым ніякім чынам не будзе лічыцца сарваным; толькі не павінны ўступаць у бітву з ордэнскім войскам. Калі воі ордэна па няведанню ўвойдуць у землі вялікага князя, зробяць шкоду, або захопяць палонных, то палон будзе выдадзены без выкупу, але каб дамоўленасць не адкрылася, рабіць выгляд, што выкуп атрыманы.

Ужо ў 1381 г. крыжакі пачалі ваенныя дзеянні супраць Кейстута - пустошылі Жамойць. Кейстут арганізаваў паход у адказ, які меўся быць нечаканым, але крыжакі ўсюды былі гатовыя да яго прыходу, што здзівіла старога князя. Усё стала яму зразумелым, калі атрымаў інфармацыю аб дамове Ягайлы з крыжакамі. Кейстут сказаў аб здрадзе свайму сыну Вітаўту, які быў у вялікай дружбе з Ягайлам і, можна сказаць, жыў пры ім. Вітаўт не хацеў даваць веры, запэўніваў бацьку, што вялікі князь яму давярае і нічога не робіць без яго ведама.

Праз нейкі час Кейстут нечакана авалодаў Вільняй і ўзяў пад варту Ягайлу. Была знойдзена перапіска з крыжакамі і тэкст пагаднення. З Горадні ў Вільню прымчаўся Вітаўт. Бацька яму сказаў: «Ты не хацеў мне верыць, глянь на гэтыя лісты і даведайся аб змовах супраць нас. Дзякуй небу, што захавала нас ад згубы». Ягайлу пакінулі ўдзел і ён пасяліўся ў Крэве.

У 1382 г. адбываліся ўзаемныя напады з крыжакамі. Ягайла зноў наладзіў сувязь з ордэнам. Ён нечакана напаў на Вітаўта, разбіў яго войска і захапіў Вільню. Вітаўт адступіў да Трокаў, потым пад Горадню. Ягайла злучыўся пад Трокамі з крыжацкім войскам, захапіў горад і замак. Сюды падышлі Кейстут з Вітаўтам. Варожыя войскі стаялі на адлегласці ў 3-4 палёты стралы адно ад другога. Ягайла прыслаў свайго брата Скіргайлу з заклікам да згоды і міру. Кейстут паддаўся на гарачыя просьбы Вітаўта, паверыў прысязе Скіргайлы аб бяспецы і разам з сынам паехаў да войска Ягайлы. Сам Ягайла, быццам для ўшанавання, выехаў насустрач з вялікім конным атрадам, які адразу акружыў прыбыўшых князёў. Калі Кейстут сказаў аб мэце прыезду, Ягайла задумліва адказаў: «Тут не месца для перагавораў, паехалі да Вільні». І тут жа конныя пачалі цясніць прыехаўшых на віленскую дарогу. У Вільні бацьку з сынам разлучылі. Кейстута ў кайданах вывезлі ў Крэва і пасадзілі ў цямніцу. Да вояў Кейстута прыбыў ганец і ад яго імя перадаў, што князю ўжо не патрэбныя іх паслугі. Войска раз'ехалася па дамах. На пятую ноч зняволення ў Крэве Кейстут быў задушаны ў прысутнасці кашталяна замка Проры. Паміж забойцамі быццам знаходзіўся нейкі крыжак. Ягайла загадаў прывезці цела дзядзькі да Вільні і арганізаваў пышнае пахаванне.

Вітаўт у Вільні паводзіў сябе неспакойна, урэшце захварэў і быў таксама вывезены ў Крэва. Яго жонка княгіня Ганна дамаглася дазволу быць разам з мужам. Прыбылі на месца яшчэ перад смерцю бацькі. Пасля забойства Кейстута вырашылі ўцякаць. Княгіня ўзяла ліст бяспекі для сваёй паездкі ў Мазовію. Аднойчы яна, як звычайна, прыйшла адведаць мужа і затрымалася ў яго. Вітаўт перапрануўся ў адзенне адной са служанак, імем Алена, а тая засталася на яго месцы. Потым князь быў спушчаны з мура і дабраўся да коней, прысланых ваўкавыскім цівуном. Хутка даімчаў да Слоніма, затым праз Берасце на пяты дзень быў ужо на Мазовіі ў Плоцку. Княгіня Ганна разам з дзецьмі таксама пакінула Крэва. Алена так добра выдавала сябе за хворага князя, што ўцёкі адкрыліся толькі на трэці дзень. Прор, атрымаўшы загад з пашанай вывезці Вітаўта да Вільні, зайшоў да князя, убачыў падмену і адразу забіў Алену. Некаторыя храністы пішуць, што на месцы Вітаўта засталася яго жонка.

Вітаўт звярнуўся за дапамогай да ордэна і атрымаў яе. Прыбыўшы да Прусіі, князь паслаў клікаць на падмогу да сябе жамойтаў. Тыя доўга не хацелі даваць веры, што князь Вітаўт можа быць у хаўрусе з крыжакамі.

У хуткім часе Ягайла зрабіў важны палітычны крок - згадзіўся прыняць польскую карону. У 1385 г. былі выпрацаваныя ўмовы Крэўскай уніі, на наступны год Ягайла стаў польскім каралём і прыняў каталіцтва з імем Уладзіслаў.

Ягайла лічыўся гаспадаром дзвюх дзяржаў каля 7 год. Барацьба Вітаўта за бацькоўскі стол скончылася пагадненнем 1392 г. у Востраве. Ягайла фактычна прызнаў за стрыечным братам Вялікае Княства Літоўскае, а сам застаўся толькі польскім каралём, прыдумаўшы сабе на суцяшэнне тытул вярхоўнага князя Літвы.

 

НАБЛІЖЭННЕ ДА ВЯЛІКАЙ ВАЙНЫ

 

Адносіны ордэна з Літвой і Польшчай пастаянна былі напружанымі. Вітаўт і Ягайла выдатна разумелі, што нясе іх дзяржавам далейшае ўзмацненне крыжакоў. Яны таксама ўсведамлялі ўсю цяжкасць змагання з ордэнам паасобку і Вялікага Княства Літоўскага, і тым больш невялікага каралеўства Польскага.

Небяспека з боку ордэна - вось аснова тагачаснага саюза Літвы і Польшчы. У імя дзяржаўных інтарэсаў вялікі князь і кароль адкінулі ўсе даўнія крыўды, што было не простай справай, асабліва для Вітаўта. Паміж ім і Ягайлам ляжала смерць бацькі - вялікага князя Кейстута.

У свой час Ягайла карыстаўся крыжацкай дапамогай у змаганні за вярхоўную ўладу ў Вялікім Княстве. Потым ужо Вітаўт быў змушаны звярнуцца да ордэна за дапамогай супраць Ягайлы. Высветліўшы адносіны паміж сабой, стрыечныя браты ў сілу абставін (гэтыя людзі выдатна ўмелі ў іх разбірацца) стварылі саюз дзвюх дзяржаў. Аб яго менавіта антыкрыжацкай накіраванасці яскрава сведчыць тая акалічнасць, што пасля разгрому ордэна ў Вялікай вайне гэты саюз тут жа распаўся.

Прычын і повадаў для вайны хапала. Ордэн даволі бесцырымонна накладваў руку на землі, якія Літва і Польшча здаўна лічылі сваімі. Асноўнай зонай канфлікту з Вялікім Княствам была Жамойць. Крыжакі яшчэ з ХІІІ ст. імкнуліся любым коштам захапіць яе, каб напрамую злучыцца з Лівоніяй. Ва ўсіх перагаворах з літоўскімі князямі ўзамен за дапамогу ці пры заключэнні міру яны патрабавалі сабе Жамойць. Так было ў дамовах Вітаўта з ордэнам у 1384, 1390 гадах, дагаворы дзвюх дзяржаў у 1398 г., укладзе Свідрыгайлы з крыжакамі ў 1402 г. і, нарэшце, літоўска-польска-ордэнскім трактаце 1404 г. у Рацяжы.

Усе гэтыя акты былі праявай дыпламатыі - жамойты не збіраліся скарацца крыжакам і тыя раз за разам хадзілі паходамі на край, які фармальна быў ужо іх уласнасцю. Пад пагрозай расправы жамойты далі вялікую колькасць закладнікаў і ў пачатку студзеня 1401 г. у Мальбарку было ўчынена паказальнае хрышчэнне жамойцкіх паноў. Аднак ужо ў сакавіку жамойты ўзнялі паўстанне. Літва іх падтрымала і пачалася вайна, якая скончылася трактатам 22 траўня 1404 г. у Рацяжы. Па яго ўмовах Польшча атрымала права выкупу ў крыжакоў Добжынскай зямлі, але Жамойць заставалася за ордэнам. Яго войскі зноў пачалі хадзіць туды паходамі. Тым не менш Жамойць заўжды была гатовая паўстаць, а Літва ў зручны момант падтрымаць яе.

Складанымі былі адносіны ордэна з Польшчай. У 1392 г. крыжакі адкупілі Добжынскую зямлю ў князя Ўладзіслава Апольчыка (па-нямецку фон Опельн). Польшча, не гатовая да вайны, абмежавалася пратэстамі. Палякі не хацелі канчаткова адмаўляцца і ад Памор'я.

У 1402 г. Жыгімонт Вугорскі намерваўся аддаць Польшчы Новую Марку (вобласць ля заходняй мяжы Польшчы) як заклад за грашовую пазыку. Аднак ордэн пазычыў Жыгімонту суму значна большую, чым мог ахвяраваць польскі кароль, і такім сродкам набыў Новую Марку для сябе. Польскія землі аказаліся адрэзанымі ад саюзных заходнепаморскіх княстваў. Палякі, упусціўшы ўсю здабычу, павялі спрэчку аб некалькіх замках на мяжы Польшчы з Новай Маркай, у першую чаргу аб Дрэздэнку. Яго ўладальнік Ульрых фон Ост прысягнуў польскаму каралю, а калі Новая Марка дасталася ордэну, перайшоў на бок крыжакоў. Хохмайстар і ў гэтай спрэчцы не пажадаў саступіць, каб хоць трохі злагодзіць палякам горыч страты, і купіў у фон Оста яго ўладанні.

Паступова станавілася ясным, што справа дойдзе да вайны, і ўсе рыхтаваліся да яе. Ягайла і Вітаўт стараліся трымаць свой саюз у тайне, крыжакі ж да апошняга не пакідалі надзеі іх пасварыць.

Вялася актыўная дыпламатычная праца. Ордэн меў падтрымку ўсяго каталіцкага захаду, рознымі сродкамі здолеў зрабіць сваімі саюзнікамі паморскіх князёў. Па дагавору тыя абавязаліся за 4 тыс. коп грошаў даць падмогу супраць Вітаўта і Ягайлы. Ужо ў ходзе вайны крыжакі аплацілі і саюз з Жыгімонтам Вугорскім. Хоць у таго быў мір з Ягайлам да 1413 г., але, атрымаўшы 300 тысяч дукатаў (фантастычная па тых часах сума), ён забавязаўся напасці на Польшчу. Пасля перамогі Жыгімонту павінны былі дастацца Падолле, частка Русі і Малдова, а ордэну - Літва, Жамойць, Добжынская зямля і Куявы. Каб прыдаць сваім дзеянням выгляд прыстойнасці, Жыгімонт запісаў умову - ён дапаможа ордэну толькі ў тым выпадку, калі Ягайла будзе выкарыстоўваць у вайне паганаў або схізматаў. Зараней было вядома, што разам з палякамі выступяць ліцвіны, жамойты (пагане), русіны (схізматы) і татары (мусульмане).

Другі сусед - чэшскі кароль Вацлаў - меў саюз з Ягайлам, але і ён быў падкуплены ордэнам. У сваю чаргу Вітаўт 14 верасня 1408 г. заключыў мір з Маскоўскім княствам і можна было не баяцца ўдару ў спіну. Рускія гісторыкі ацанілі гэтую акалічнасць як уклад Масквы ў разгром Тэўтонскага ордэна. Буйным поспехам дыпламатыі Вітаўта з'явілася адсутнасць войскаў лівонскай філіі ордэна ў важнейшых аперацыях вайны.

Паўсюды ў Эўропе па свецкіх і духоўных дварах вялася актыўная дыпламатычная барацьба. Галоўным козырам крыжакоў была святасць іх барацьбы з паганамі і схізматыкамі. Польскага караля-каталіка яны абвінавачвалі ў падтрымцы няверных. Ягайла ў адказ пісаў, што ордэнскія браты ў сваёй дзяржаве не прывялі да Бога прусаў, а пякуцца аб хрысціянізацыі Жамойці і Літвы. З 1407 г. па Эўропе кружылі скаргі жамойтаў на ордэн, якія, несумненна, ішлі праз дзяржаўныя канцылярыі Вітаўта і Ягайлы. Хоць увогуле сімпатыі ў Эўропе былі на баку крыжакоў, усё ж дыпламатычная актыўнасць саюзнікаў прынесла пэўны плён. У гэтай вайне ордэн атрымаў значна менш падмогі ад імперыі і заходніх краін, чым раней.

Калі разгледзець падзеі апошняга дзесяцігоддзя перад вайной у храналагічнай паслядоўнасці, то атрымаецца такі малюнак:

1391 г. - сілезскі Пяст Уладзіслаў Апольчык заклаў ордэну частку Добжынскай зямлі і Куяваў. Ордэнская армія выгнала польскія войскі, пасланыя ўтрымаць вобласць;

1392 г. - па прапанове таго ж Апольчыка хохмайстар узяў пад заклад усю Добжынскую зямлю, якая і так фактычна была пад ордэнам. Вітаўт, атрымаўшы ўладу над Вялікім Княствам, замірыўся з Ягайлам;

1392, 1393, 1394 гг. - крыжакі пустошылі літоўскія землі;

1396 г. - польскі кароль заняў яшчэ не закладзеныя ордэну вобласці Куявіі і са згоды чэшскага караля Вацлава захапіў уладанні Апольчыка ў Сілезіі;

1398 г. - па дагавору ордэна з Вітаўтам да крыжакоў адыходзіла Жамойць. Ордэн з дапамогай марскога дэсанта заняў востраў Готланд;

1399 г. - параза Вітаўта ад татараў на Ворскле;

1401 г. - жамойцкае паўстанне супраць ордэна, пачатак вайны ордэна з Літвой, узнаўленне саюза Вітаўта і Ягайлы;

1403 г. - Ягайла атрымаў ад папы рымскага булу, якой тэўтонскім рыцарам забаранялася праводзіць ваенныя паходы супраць хрысціянаў-літоўцаў;

1402 г. - ордэн набывае Новую Марку ў Жыгімонта Вугорскага;

1404 г. - Рацяжскі літоўска-польска-крыжацкі трактат. Польшча атрымала права выкупу Добжынскай зямлі, Жамойць адыходзіць крыжакам;

1407 г. - абранне хохмайстрам Ульрыха фон Юнгінгена - прыхільніка актыўнай палітыкі на ўсходзе.

Падзеі апошняга года перад вайной паказваюць немагчымасць мірнага ўрэгулявання канфліктаў. Абодва бакі гэта разумелі і актыўна рыхтаваліся да вайны. 6 студзеня 1408 г. у Коўна для вырашэння спрэчных пытанняў з'ехаліся Вітаўт, Ягайла, Ульрых фон Юнгінген. Прысутнічаў і лівонскі ландмайстар. Пасрэднікам паміж Польшчай і ордэнам абралі Вітаўта. Ягайла пажадаў ад хохмайстра вяртання Дрэздэнка. Той адклаў рашэнне справы да 24 чэрвеня, пазней аддаў яе на суд Вітаўту, а ўрэшце выкупіў уладанне фон Оста. Ковенскі з'езд скончыўся беспаспяхова.

У чэрвені 1408 г. крыжацкі войт Новай Маркі спаліў некалькі пагранічных польскіх вёсак. Летам гэтага ж года сам хохмайстар аб'ехаў памежныя з Літвою і Польшчай замкі Астроду, Торунь, Штразбург, Голуб і іншыя. Ён прывёў у парадак іх арсеналы, арганізаваў дастаўку з Мальбарка гармат, пракантраляваў забеспячэнне рыштункам і харчовымі прыпасамі. Прасачыў, як ідзе ўмацаванне замкаў Тыльзіт і Рагнета. Крыжацкі войт Жамойці атрымаў загад парваць сувязі Жамойці з Літвой і забараніў ліцвінам купляць на Жамойці мёд, збожжа, жывёлу.

Малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла, якога крыжакі падтрымлівалі супраць Вітаўта, падаўся за падмогай у Масковію. Узнік канфлікт. Вітаўт правёў вайсковую дэманстрацыю на мяжы з Маскоўскім княствам і 14 верасня 1408 г. заключыў з ім мір.

7 верасня 1408 г. Дрэздэнка перайшоў ва ўладанне ордэна. Гэтай жа восенню жамойцкі войт і суседнія комтуры паведамлялі ў Мальбарк, што Жамойць уздоўж і ўпоперак праходзяць ліцвіны, русіны і татары, часта апранутыя купцамі, і падбухторваюць насельніцтва да паўстання. У снежні 1408 г. адбылася тайная нарада Вітаўта з Ягайлам у Наваградку. Магчыма, менавіта на гэтай сустрэчы аформілася ідэя расправы з ордэнам.

Вітаўт не хацеў пачынаць вайну заўчасна і здзіўляў крыжакоў сваёй памяркоўнасцю і ігнараваннем выклікаў. Вясной 1409 г. адзін з паслоў ордэна, раздражнены няпэўнымі адказамі Вітаўта на пытанне, каго вялікі князь будзе падтрымліваць у пагранічных спрэчках - Польшчу з Мазовіяй ці ордэн, дазволіў сабе абразу асобы Вітаўта. У размове з людзьмі вялікакняскага двара ці нават у прысутнасці самога князя крыжак выказаўся ў тым сэнсе, што вялікі князь ужо тры разы здрадзіў ордэну, а цяпер намерваецца зрабіць тое ж у чацвёрты раз. Гэтая нястрыманасць каштавала брандэнбургскаму комтуру Маркварду фон Зальцбаху галавы, але пазней, пасля Грунвальдскай бітвы. Зараз жа Вітаўт паслаў да хохмайстра запыт, ці ўпаўнаважваў той свайго пасла да такіх выказванняў. Хохмайстар быў вымушаны прасіць прабачэння.

У лістах да кіраўніка ордэна Вітаўт завяраў таго ў сваіх намерах трымаць мір і ў нейкай ступені здолеў аслабіць пільнасць крыжакоў. Тыя да апошняга моманту не гублялі надзеі ўбіць клін паміж Вітаўтам і Ягайлам. Без сумнення, вялікі князь імкнуўся выгадаць час для лепшай падрыхтоўкі да вайны. Хоць крыжакі не давяралі канчаткова ні яму, ні Ягайлу, тым не менш першымі вайну не пачыналі. Можа быць, не былі поўнасцю падрыхтаваныя або, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, хацелі паказацца перад усім светам у паставе абаронцаў.

31 траўня 1409 г. на Жамойці выбухнула паўстанне. Жамойты нечакана напалі на Хрыстмемель і спалілі замак. У сярэдзіне чэрвеня на Жамойць прыбыў староста ад Вітаўта Румбольд Валімунтавіч. Вітаўт жа рабіў выгляд, што ён ні пры чым. У іх з Ягайлам была дамова пачаць вайну, «як паспее збожжа», гэта значыць у канцы ліпеня.

Ягайла выслаў пасольства, якое 10 чэрвеня ў Эльблангу, дзе знаходзіўся хохмайстар, прынесла яму скаргі наконт пагранічных канфліктаў. Ульрых фон Юнгінген згадзіўся задаволіць большую частку прэтэнзій. Потым хохмайстар у сваю чаргу выслаў да караля торуньскага комтура са скаргай на Вітаўта, маўляў, паўстанне на Жамойці паднялося з яго дапамогай. Затым прыходзіла яшчэ некалькі пасольстваў ад ордэна, меўшых на мэце выведаць, ці будзе Ягайла дапамагаць ліцвінам і жамойтам. Ягайла сцвярджаў, што не можа даць адказ, пакуль не выкажацца каронная рада, якая павінна адбыцца 17 ліпеня.

Сабраўшыся ў Ленчыцы, рада вырашыла не пакідаць Літву. Тут жа Ягайла адправіў паслоў у ордэн, якія 1 жніўня сталі перад Ульрыхам фон Юнгінгенам. Польскі кароль згаджаўся мірна вырашыць усе спрэчкі праз трацейскі суд пры ўмове, што крыжакі да самага прысуду не будуць нападаць на Жамойць. Хохмайстар дабіваўся ад паслоў адказу на пытанне: ці будзе Польшча перашкаджаць ордэну пакараць паўстанцаў? Узамен абяцаў не чапаць ні Ягайлу, ні Вітаўта, калі той пакіне жамойтаў. Кіраўнік пасольства гнезненскі архібіскуп Мікалай Куроўскі ў запале заявіў, што калі ордэн уступіць у вайну з Літвой, то Ягайла ўдарыць на Прусы. Дакументы сведчаць, што хохмайстар падзякаваў архібіскупу за яснае выражэнне пазіцыі караля і паведаміў аб намеры скіраваную супраць Літвы вайну абярнуць на Польшчу.

6 жніўня 1409 г. з Мальбарка было паслана пісьмовае аб'яўленне вайны, якое Ягайла атрымаў 14 жніўня, а 16-га крыжацкія войскі перайшлі граніцу і пачалі пустошыць польскія землі. Пачалася Вялікая вайна...

 

ВАЕННАЯ КАМПАНІЯ 1409 г. І ПАДРЫХТОЎКА НОВАЙ

 

Наступленне было добра арганізаваным і праводзілася адначасова з некалькіх пунктаў. Галоўны ўдар пад кіраўніцтвам хохмайстра і вялікага маршала наносіўся на Добжынскую зямлю. Добжынь узялі прыступам, выбілі залогу, спалілі замак, разрабавалі горад. Яшчэ раней захапілі Рыпін і Ліпна. Потым здабылі Баброўнікі. Упартае супраціўленне аказала залога Златарыі, але і гэты замак - апошні пункт абароны ў Добжынскай зямлі - здаўся 2 верасня.

Адначасова комтуры з Тухолы і Члухава спустошылі Крайну (вобласць на захад ад Быдгашча) і рушылі на Быдгашч. Яны паведамлялі хохмайстру, што на працягу 8 дзён палілі ўсіх і ўсё. Па дарозе вызвалілі з польскага палону комтура са Швеца Генрыха фон Плаўэна - будучага выратавальніка ордэна. Замак узялі без цяжкасці, бо здраднікі адчынілі браму. Каля 1 верасня фон Плаўэн прыбыў у Быдгашч з вайсковым аддзелам і падрыхтаваў замак да абароны. У той жа час войт Новай Маркі Арнольд фон Бадэн пустошыў ваколіцы Дрэздэнка на паўночна-заходнім паграніччы Польшчы, а комтуры Астроды і Брандэнбурга - уладанні Януша Мазавецкага. Тут крыжацкія войскі сустрэлі супраціўленне. Сын Януша Балеслаў уварваўся ў ордэнскую зямлю, спаліў Дзялдава (Зольдаў) і спустошыў ваколіцы да самага Растэнбурга.

Пачатак вайны быў нечаканым для палякаў. Відавочна, Ягайла спадзяваўся зацягнуць перагаворы на большы час. 4 верасня вялікапольскае паспалітае рушэнне было разбіта пад Велуням у Новай Марцы. У канцы жніўня войска Вітаўта злучылася са жамойтамі - першы адкрыты крок вялікага князя да вызвалення гэтага краю. Паў ордэнскі замак Фрэдэбург, крыжацкі войт пакінуў Дубісу, спаліўшы замак. Быў захоплены горад Мемель (Клайпеда), замак жа застаўся ў руках крыжакоў. Каб спыніць далейшы рух Вітаўта, вялікі маршал з комтурамі Балгі і Брандэнбурга сабраў новае войска. Выйсці насустрач Вітаўту яно не змагло з-за дрэннага надвор'я і хваробаў, маршал толькі засланіў дарогу ўглыб краіны.

Да Волбажа, а затым пад Ленчыцу збіралася польскае паспалітае рушэнне. Маецца звестка праз ліст вялікага маршала да хохмайстра ад 15 верасня, што Вітаўт з невялікім атрадам прыязджаў у гэты час да Ягайлы. Ад Коўна да Ленчыцы ці да Волбажа каля 600 кіламетраў, значыць, вялікі князь быў у дарозе 8-10 дзён, калі ехаў на падменных конях. Відавочна, тады Вітаўт з Ягайлам абмеркавалі становішча і план далейшых дзеянняў.

Толькі 23 верасня польскія войскі рушылі ў паход, а 28-га абклалі Быдгашч. На восьмы дзень аблогі яны штурмам здабылі замак. Яшчэ ў час аблогі ў лагеры Ягайлы знаходзілася пасольства чэшскага караля, якое дамагалася спынення вайны і вырашэння спрэчкі праз пасрэдніцкі суд караля Вацлава. 5 кастрычніка ўжо сам хохмайстар прапанаваў заключыць перамір'е на наступных умовах: Ягайла спыняе аблогу і згаджаецца на пасрэдніцтва караля Вацлава. Ягайла адказаў, што ахвотна прыме прапанову, калі ордэн выведзе войскі з Добжынскай зямлі і да прысуду аддасць упраўленне ёю прадстаўнікам чэшскага караля. 6 кастрычніка палякі авалодалі Быдгашчам. Гэта, несумненна, паўплывала на ход справаў. Праз два дні, 8 кастрычніка, паміж Польшчай і ордэнам было заключана перамір'е да заходу сонца 24 чэрвеня 1410 г. Па яго ўмовах абодва бакі заставаліся пры ўладаннях, якія мелі на момант падпісання перамір'я. Рашэнне спрэчак перадалі Вацлаву Чэшскаму, ён павінны быў аб'явіць свой прысуд не пазней першага тыдня посту, гэта значыць 9 лютага 1410 г. Польскі бок абавязаўся ніякім чынам не дапамагаць жамойтам і тым, хто іх падтрымлівае. Калі які-небудзь з бакоў парушыць хоць адну з умоваў, то чэшскі кароль мае права дапамагаць другому боку ўсімі сродкамі, пакуль зноў не прыйдзе мір. З умоваў перамір'я вынікала, што Польшча развязвае ордэну рукі для новага захопу Жамойці і вайны з Літвой, паколькі перамір'е не тычылася Вялікага Княства Літоўскага.

Заключэннем перамір'я скончыўся першы этап Вялікай вайны 1409-1411 гг. Ён характарызаваўся ваенным і дыпламатычным поспехам крыжакоў у Польшчы. Добжынская зямля заставалася ў руках ордэна. З пасрэднікам - каралём Вацлавам - можна было дамовіцца з дапамогай звонкай манеты. Перамір'е з Ягайлам давала магчымасць спакойна заняцца Жамойцю і Літвой.

Ніхто не верыў у мірнае вырашэнне спрэчак: ні бакі, якія ваявалі, ні сам пасрэднік. Ды і перамір'е, заключанае толькі паміж Польшчай і ордэнам, цалкам не выключала працяг ваенных дзеянняў на Жамойці і Літве. Аднак Тэўтонскі ордэн не скарыстаўся зручным момантам і нам не зусім зразумела чаму. Існуюць розныя меркаванні на гэтую тэму. Адныя даследчыкі лічаць, што ордэн не хацеў ваяваць да аб'яўлення прысуду чэшскага караля з дыпламатычных разлікаў. Выказвалася думка, што калі разышліся наёмныя войскі, то крыжакі не мелі арміі для непасрэдных ваенных дзеянняў, асноўная частка іх уласных войскаў была раскідана па замках. Таму, маўляў, крыжакі не маглі нават даць адпор нападу ліцвінаў, калі тыя ўжо пасля заключэння перамір'я пустошылі вобласці ў ваколіцах Дзялдава і Ніборка.

Не пачынаючы ваенных дзеянняў супраць Літвы, ордэн арганізаваў чарговую спробу развязаць у Літве міжусобную вайну. Ужо калі пачаліся перагаворы аб перамір'і з Польшчай, хохмайстар падпісаў дагавор са Свідрыгайлам, у якім абяцаў таму дапамагчы атрымаць вялікакняскі трон і не заключаць ні з кім міру, пакуль гэтая мэта не будзе дасягнутая. Свідрыгайла збіраўся тайна перабрацца на тэрыторыю ордэна і адтуль пачаць вайну супраць Вітаўта. Аднак пасланы ордэнскімі ўладамі глейт бяспекі быў перахоплены, змова, такім чынам, раскрытая, а Свідрыгайла зняволены. Яго лёс вырашаўся на асабістай сустрэчы Вітаўта з Ягайлам.

Прыбліжаўся час аб'явы прысуду Вацлава Чэшскага. Да Прагі пачалі з'язджацца літоўскія, польскія, мазавецкія, крыжацкія паслы. Кароль Вацлаў не вытрымаў тэрміну, яго рашэнне было агалошана не 9, а 15 лютага. Крыжацкія паслы - вялікі шпітальнік Вернер фон Тэццінген і торунскі комтур граф Альбрэхт Шварцбург - прывезлі Вацлаву 60 тыс. фларэнаў «як кампенсацыю за сяброўскае пасрэдніцтва». Па прысуду абвешчана: кожны з бакоў застаецца пры тых землях, якія меў перад вайной і на якім мае правы паводле дакументаў папы, імператара, каралёў і князёў. Добжынская зямля вяртаецца да Польшчы, а Жамойць - ордэну, але Ягайла атрымае Добжынскую зямлю не раней, чым крыжакі ўвойдуць ва ўладанне Жамойцю. Да гэтага часу ёю будуць кіраваць прадстаўнікі чэшскага караля. Калі ўмова аб Жамойці будзе выканана, то Добжынская зямля вернецца Польшчы, а калі не - то ордэну. Усе даўнія дагаворы Польшчы і ордэна захоўваюць сілу. Ні аднаму з бакоў нельга карыстацца дапамогай няверных або дапамагаць ім. Паслы Вялікага Княства Літоўскага былі выключаны з перагавораў, лісты Вітаўта адвергнутыя і знішчаныя перад усімі ўдзельнікамі.

Несумненна, прысуд быў на карысць ордэна. Па-першае, той заўсёды мог прад'явіць дакументы на ўладанне Памор'ем, а Польшча не хацела прымірыцца са стратай гэтай вобласці; гэтаксама ў крыжакоў здаўна меліся праўдзівыя (ці фальшывыя) дакументы на ўладанне Літвой. Па-другое, звязаўшы перадачу Польшчы Добжынскай зямлі з авалоданнем ордэнам Жамойцю, Вацлаў закладаў падставы для разладу паміж Вітаўтам і Ягайлам. Польская дэлегацыя не прыняла гэты прысуд. Яшчэ пад час агалошвання рашэння прадстаўнікі Польшчы і Мазовіі пакінулі памяшканне ў знак пратэсту таму, што дакумент чытаўся па-нямецку.

У пачатку чэрвеня 1410 г. крыжакі ўзялі ад Вацлава пацвярджэнне прысуду і сведчанне, што яны трымаліся ўмоваў выраку ў адрозненне ад Польшчы, таму ордэн таксама вольны ад яго далейшага выканання. Працяг вайны стаў непазбежнай рэальнасцю. Кожны бок узмоцнена вёў ваенную і дыпламатычную падрыхтоўку. Супернічалі за саюз з вугорскім каралём. Хоць у Жыгімонта быў мірны дагавор з Польшчай да 1413 г., ён пачаў схіляцца да саюзу з крыжакамі. За гэта ён атрымаў вялікую суму грошай і «вадзіў за нос» Ягайлу з Вітаўтам, прыняўшы яшчэ ад апошняга багатыя падарункі, у тым ліку 12 коней, падкаваных залатымі падковамі. Вітаўт уручыў гэтыя дары на сустрэчы з Жыгімонтам у Кежмарку. Ад вугорскага караля хацелі толькі, каб ён трымаўся міру да 1413 г. Жыгімонт дары прыняў, а потым даў зразумець, што ў выпадку далейшай вайны Ягайлы з ордэнам міру з Польшчай ён не датрымае. У давяральнай размове Жыгімонт прапанаваў Вітаўту каралеўскую карону і саюз супраць Польшчы. Вялікі князь прапанову не прыняў. Калі Вітаўт пасля размовы вярнуўся на двор, дзе размяшчалася дэлегацыя, раптам у гэтай частцы горада ўспыхнуў пажар. Сярод тлуму і панікі мела месца спроба замаху на вялікага князя. Вітаўт пакінуў горад. Жыгімонт дагнаў яго ў мілі ад Кежмарка, развітаўся, але ў перагаворы не ўступаў. Пасля Кежмарка Вітаўт меў нараду з Ягайлам аб правядзенні далейшай вайны з крыжакамі. Затым вялікі князь спешна падаўся да Літвы і ўжо на чацвёрты дзень быў у Берасці, адкуль даў загад усім землям рыхтавацца да вайны з ордэнам. Тут ён правёў нараду з літоўскімі і мазавецкімі князямі, затым паехаў да Слоніма. У гэты час вялікі маршал з войскам правёў хуткі і дзёрзкі паход у бок Берасця. 16 сакавіка 1410 г. ён нечакана напаў на Ваўкавыск, спаліў яго і пабіў шмат людзей, сабраўшыхся на набажэнства. Вітаўт у гэты час знаходзіўся ў суседнім Слоніме і, магчыма, рэйд маршала меў на мэце захоп вялікага князя.

У траўні ордэн прапанаваў Вітаўту перамір'е і яно было прынята да 24 чэрвеня, як і з Польшчай. Зноў вялася актыўная дыпламатычная барацьба па эўрапейскіх дварах. Праз паслоў, лісты, падарункі апрацоўваліся амаль усе эўрапейскія духоўныя і свецкія ўладары. Ворага лаялі, выкрывалі яго намеры. Поспех, аднак, мелі тыя выкрыванні, якія падтрымліваліся звонкай манетай. Багаты ордэн тут меў перавагу, што відаць на прыкладзе з чэшскім каралём Вацлавам і вугорскім Жыгімонтам. Вялася актыўная праца па вярбоўцы наёмных войскаў, прычым абодва бакі праводзілі яе практычна ў адных і тых жа месцах: Чэхіі, Аўстрыіі, Мейсэне, Сілезіі, Швейцарыі. У прыватнасці, швейцарцы ваявалі на абодвух баках. Былі выпадкі, калі вярбоўшчыкі ордэна і саюзнікаў перахоплівалі адныя ў другіх наёмныя аддзелы. Вітаўт спецыяльна для вярбоўкі наймітаў-прафесіяналаў прыслаў Ягайлу значную суму грошай.

У ордэна мелася рэальная магчымасць з дапамогай сваёй лівонскай філіі не дапусціць актыўнага дзеяння Вітаўта на прускім тэатры вайны. Вельмі лагічны план - лівонскія войскі скоўваюць Вітаўта з паўночнага ўсходу, а ў гэты час пруская армія распраўляецца з Ягайлам. У траўні хохмайстар пажадаў, каб лівонскі ландмайстар у выпадку няўдачы чэрвеньскіх перамоваў аб'явіў вайну Вітаўту. Ландмайстар Конрад фон Фецінгоф адказаў, што па ўмовах мірнай дамовы з Вітаўтам вайна можа пачацца толькі праз тры месяцы ад моманту атрымання яе аб'явы. Значыць, калі Фецінгоф аб'явіў Літве вайну ў канцы траўня - пачатку чэрвеня, то ваенныя дзеянні маглі пачацца толькі ў канцы жніўня ці пачатку верасня.

Яўна, мясцовыя інтарэсы лівонцаў узялі верх над агульнай справай ордэна. У канцы 1409 г. Вітаўт наладзіў добрыя адносіны з Ноўгарадам ды Псковам і Фецінгоф асцерагаўся літоўска-пскоўска-ноўгарадскага саюзу. Таму ён нават не выслаў дастатковых падмацаванняў у Прусію (на Грунвальдскім полі была толькі адна харугва лівонцаў), што, канешне, было адной з прычын паразы ордэна. Трохмесячны тэрмін паміж аб'явай вайны і яе пачаткам даў магчымасць Вітаўту прыняць удзел у Грунвальдскай выправе. Лівонскія войскі з'явіліся ў Прусіі толькі ў канцы жніўня.

Вясной 1410 г. Жыгімонт Вугорскі прапанаваў сваё пасрэдніцтва для мірнага вырашэння канфліктаў. Дамовіліся правесці перамовы ў Торуні 17 чэрвеня. Між тым падрыхтоўка да вайны ішла поўным ходам.

Паспрабуем параўнаць гаспадарчы патэнцыял і ўзброеныя сілы краін, якія рыхтаваліся да рашаючага сутыкнення. Эканамічны ўзровень ордэнскай дзяржавы быў вышэйшы, чым у Літве і Польшчы. Гаспадарка ордэна была ўзорнай у Эўропе. Скарбніца ў сталіцы заўжды змяшчала значныя сумы грошай у паўнацэннай манеце. Акрамя таго, некаторыя ордэнскія саноўнікі трымалі яшчэ свае скарбніцы. Вялізнымі грашыма варочалі галоўныя ордэнскія эканомы - мальборскі і кёнігсбергскі. Ордэн змог вельмі шчодра аплаціць саюзы з чэшскім і вугорскім каралямі і выдзеліць вялікія грошы на наёмныя войскі.

У польскім і літоўскім скарбах не было такіх запасаў свабодных грошай, але меліся іншыя істотныя перавагі. Гэта ў першую чаргу перавага ў колькасці насельніцтва і памерах тэрыторыі, асабліва ў Вялікага Княства Літоўскага. Маленькую Прусію даволі лёгка аказалася акупаваць, аднак немагчыма ўявіць, каб ордэнскія войскі здолелі заняць абшары Вялікага Княства. Каставасць ордэна, фіскальная палітыка, яго адасобленасць ад насельніцтва сваёй дзяржавы, у тым ліку і прускай шляхты, выклікалі апазіцыю з боку падданых. Гэта праявілася ў ходзе Вялікай вайны, калі пасля Грунвальда ўладу саюзнікаў вельмі хутка прызналі ледзь не ўсе гарады і землі Прусіі.

З іншага боку, Тэўтонскі ордэн меў грунтоўную падтрымку ў Заходняй Эўропе, асабліва ў нямецкіх землях. Апошняе зразумела, бо ордэн складаўся з малодшых сыноў нямецкай шляхты. У многіх краінах захаду існавалі філіі ордэна са сваімі землямі і замкамі. Яны складалі значную гаспадарчую сілу і пры патрэбе праводзілі актыўныя прапагандысцкія кампаніі.

У розных крыніцах і даследаваннях маюцца сур'ёзныя адрозненні ў ацэнцы колькасці войскаў, якія ўдзельнічалі ў Грунвальдскай бітве. Называліся лічбы не тое што ў сотні тысяч, а нават у мільёны людзей. Прускія храністы пісалі толькі аб забітых у бітве 60 тыс. ліцвінаў з палякамі і 40 тыс. ордэнскіх жаўнераў. Некаторыя даследчыкі ХІХ ст. называюць наступную колькасць войскаў: 163 тыс. - саюзнікі, 83 тыс. - ордэнская армія, ці адпаведна 90 і 83 тыс., і гэтак далей. Больш сур'ёзныя і дэталёвыя падлікі складваюцца ў значна меншыя лічбы. Вядомыя гісторыкам пісьмовыя крыніцы не ўтрымліваюць звестак аб дакладнай колькасці войскаў, але даюць падставы для высвятлення блізкіх да рэальнасці лічбаў.

Мы пройдзем гэты працэс услед за даследчыкамі - нямецкім М.Оэлерам і польскім С.Кучыньскім, якія, на наш погляд, найбольш грунтоўна займаліся падлікам. Асноўнай мабілізацыйнай і баявой адзінкай у тыя часы было «кап'ё». Яно складалася з цяжкаўзброенага рыцара (меў двух коней) з дзідай, мячом і шчытом, аднаго ці двух лёгкаўзброеных збраяносцаў, стралка з лукам або, часцей, з арбалетам. Двое слуг знаходзіліся ў табары. Збраяносец, як і рыцар, належаў да шляхецкага стану, стралок мог быць мешчанінам або селянінам. Тры вершнікі - найменшая лічба кап'я. Заможныя рыцары ў сваім кап'і мелі большую колькасць збраяносцаў і стралкоў. З коп'яў складаліся харугвы (палкі). Прычым у харугвах магла быць розная колькасць коп'яў - дзесьці ад 20 да 150.

Асновай кап'я, яго галоўнай ударнай сілай быў рыцар у сталёвых даспехах і з цяжкім узбраеннем. Побач з ім змагаўся збраяносец у больш лёгкіх даспехах і стралок, таксама ў панцыры або паўпанцыры. Частка конніцы Вялікага Княства складалася з лёгкаўзброеных вершнікаў і была незаменнай у разведцы, пагоні за адступаючым ворагам.

Татарская конніца з арміі Вітаўта падзялялася, верагодна, на дзве групы: цяжкую і лёгкую. Цяжкая кавалерыя мела панцыры з гартаванай на агні буйвалавай скуры, жалезныя ці з такой жа скуры шлемы з нашыйнікам, які засцерагаў шыю з бакоў і ззаду. Была ўзброена шаблямі, пікамі, арканамі, чаканамі. Лёгкаўзброеныя татарскія коннікі не насілі панцыраў, мелі шаблі, арканы, коп'і і па два лукі. Пяхоту ў тагачасных войсках складалі выключна сяляне і мяшчане. Яны галоўным чынам знаходзіліся пры абозе, у абознай ахове (прыходзілася прыблізна па аднаму капейшчыку на аднаго вазніцу). Акрамя дзідаў на ўзбраенні пяхоты меліся лукі, арбалеты, сякеры, шчыты. Крыжацкая пяхота была лепш узброенай за польскую і літоўскую. Мелі паўпанцыры, жалезныя шлемы з нашыйнікам, акрамя звычайнага ўзбраення яшчэ былі алебарды.

У сярэднявеччы на вайну мабілізоўвалася ад 2 да 20% насельніцтва, у залежнасці ад абставін і эпохі. Тэўтонскі ордэн у 1410 г. правёў максімальна магчымую мабілізацыю. Крыжацкая армія складалася з уласна войска ордэна, войска чатырох прускіх біскупстваў, прускага зямельнага апалчэння, гарадскіх апалчэнняў, наёмных аддзелаў, войскаў паморскіх князёў і харугваў «гасцей» - замежных рыцараў. Усяго ордэн пад Грунвальдам меў каля 33 тыс. чалавек, з іх прыблізна 21 тыс. конных, 6 тыс. пехацінцаў і 5 тыс. чэлядзі. Акрамя таго, частка крыжацкага войска засталася ў замкавых залогах; на левым беразе Віслы знаходзілася група харугваў пад началам Генрыха фон Плаўэна для прыкрыцця накірунку магчымага ўдару. Не ўдзельнічалі ў бітве войскі з Лівоніі і Новай Маркі.

Мабілізацыйныя магчымасці Літвы і Польшчы былі намнога большымі, чым у ордэна. Вітаўт браў з сабой на гэтую вайну далёка не ўсё войска. Большая яго частка засталася дома. Патрабавалася прыкрыцце на мяжы з Прусіяй і Лівоніяй, неабходна было неяк прыкрываць паўднёва-ўсходнія межы ад Акі да Чорнага мора. У замках пакідаліся залогі. Хуткі і доўгі марш літоўскай арміі на злучэнне з Ягайлам мог адбыцца толькі пры адсутнасці ў ёй вялікай колькасці немабільнай пяхоты і артылерыі. Войска Вітаўта складалася пераважна з конніцы. Па падліках С.Кучыньскага, з Вітаўтам было каля 10-11 тыс. збройных, або каля адной трэці ўсяго войска Вялікага Княства. Колькасць польскіх войскаў пад Грунвальдам ацэньваецца ў 18 тыс. конніцы, 2-3 тыс. пяхоты і каля 18 тыс. у табары. У гэтую лічбу ўваходзяць і аддзелы прафесійных салдатаў, завербаваных на грошы, прысланыя Вітаўтам.

Колькасць войскаў саюзнікаў (без татараў) С.Кучыньскі ацэньвае наступным чынам:

польская кавалерыя - 18 тыс. разам з наймітамі;

літоўская кавалерыя - 11 тыс., не лічыўшы збройных слуг у табары;

польская пяхота - 2 тыс. (?), магло быць больш або менш;

літоўская пяхота - 500 чалавек.

Усяго 31 500 збройных. Кожны збройны браў з сабой харчаванне на 4-5 тыдняў. Акрамя харчавання войска везла палаткі, вопратку, запасную зброю, кухоннае начынне. На кожнае кап'ё мусіў быць хаця б адзін воз. Усяго ў аб'яднаным войску магло быць каля 10,5 тыс. падводаў. Такая маса павозак істотна замаруджвала рух арміі.

Колькасць татараў, прымаўшых удзел у Грунвальдскім паходзе, ацэньваецца прыблізна ў 1-2 тыс. чалавек. Камандаваў імі хан Джэлал-ад-Дзін, які разлічваў на дапамогу Вітаўта (і, як аказалася, недарэмна) у барацьбе за ўладу ў Залатой Ардзе. Магчыма, удзел у бітве на баку саюзнікаў прымалі малдаване, але ў невялікай колькасці.

Польскі гісторык Ян Длугаш, які пісаў аб бітве сорак з нечым гадоў пасля яе, па дакументах і ўспамінах сведкаў, называе 50 польскіх і 48 літоўскіх харугваў.

Грунвальдскую бітву з поўным правам можна назваць бітвай народаў. На баку ордэна ў ёй удзельнічалі перш за ўсё немцы з ордэна і розных частак Свяшчэннай Рымскай імперыі. У ордэнскай арміі былі палякі з Прусаў, самыя прусы і аддзелы заходнепаморскіх земляў пад началам князя Казіміра Шчэцінскага. Наёмныя аддзелы крыжакоў фармаваліся з чэхаў, мараўцаў, швейцарцаў. Саюзныя войскі складаліся з беларусаў, украінцаў, палякаў, летувісаў, былі яшчэ чэхі, татары, магчыма, малдаване.

На ўзбраенні абодвух войскаў мелася артылерыя, але яна не зрабіла значнага ўплыву на лёс вайны і Грунвальдскай бітвы. Выкарыстоўваліся галоўным чынам бамбарды, якія стралялі каменнымі ядрамі розных калібраў. Да лёгкіх можна аднесці бамбарды, якія мелі ядры велічынёй з кулак і вагой ад паловы да 10 фунтаў. Сярэднія ядры важылі 10-25 фунтаў. Вялікімі лічыліся бамбарды, якія стралялі ядрамі (памерам з чалавечую галаву) вагой у 25 фунтаў і болей. Акрамя таго, ужываліся гарматы, якія стралялі свінцовымі ядрамі. Яны мелі невялікія, зрэдку сярэднія калібры, найменшымі з іх былі рушніцы. Перад Грунвальдскай бітвай Тэўтонскі ордэн валодаў прыблізна сотняй гармат. У 1408 г. у ліцейнай майстэрні Мальбарка была зроблена асабліва вялікая бамбарда. Для яе адліўкі было ўжыта каля 231 цэнтнера* металу (сумесь медзі, волава і свінцу). Руля яе складалася з дзвюх частак, якія сашрубоўваліся; страляла ядрамі вагой у 9 цэнтнераў. Агнявы запас бамбарды ў паходзе 1409 г. складаўся з 14 ядраў, кожнае з якіх везлі на асобным возе. Яна вельмі паспрыяла здабыццю ордэнскімі войскамі замкаў у Добжынскай зямлі. У саюзнікаў артылерыі было менш, аб яе ўжыванні звестак няма. Вітаўт наўрад ці браў з сабой шмат артылерыі, акрамя рушніцаў і лёгкіх бамбардаў.

* Невядома, ці гэта метрычныя цэнтнеры (100 кг), ці нямецкія XX ст. - 50 кг, ці сярэднявечныя - ад 50 да 65 кг.

У пачатку снежня 1409 г. Вітаўт з Ягайлам сустрэліся на тайнай нарадзе ў Берасці. Хоць змест размоваў невядомы, але ён добра прачытваецца ў далейшых дзеяннях. Акрамя плану кампаніі 1410 г. абмяркоўваліся іншыя справы, адной з якіх быў лёс Свідрыгайлы. Ягайла не даў згоды на пакаранне брата смерцю, але абяцаў пасля вайны перадаць Вітаўту Падолле, якое падтрымлівала мяцежнага Свідрыгайлу.

План працягу вайны распрацоўвалі вельмі дэталёва. Вітаўт і Ягайла - два буйных дзеячы, якія выраслі на ніве беларускай дзяржаўнасці, у стратэгічным планаванні падняліся вышэй узроўню свайго часу. Галоўнай і адзінай мэтай сярэднявечных войнаў амаль заўсёды быў захоп якой-небудзь прыгранічнай вобласці. Вялікі князь з каралём задумалі і бліскуча правялі буйнамаштабную аперацыю па разгрому ўзброеных сілаў Тэўтонскага ордэна. Былі абгавораныя час і месцы канцэнтрацыі войскаў, іх злучэння, накірункі маршу, сродкі важнейшых пераправаў. Злучэнне войскаў у адну армію і ўдар у цэнтр варожай краіны - на сталіцу давалі шэраг перавагаў саюзным войскам. Па-першае, ініцыятыву і нечаканасць. Па-другое, ваенныя дзеянні пераносіліся на варожую тэрыторыю, тым самым свая засцерагалася ад вынішчэння. Па-трэцяе, кіраўніцтва ордэна мусіла сканцэнтраваць свае сілы, каб перашкодзіць маршу і даць рашаючую бітву. Тут павінна была праявіцца перавага саюзнікаў у колькасці. Выкананне задумы ў значнай ступені залежала ад захавання сваіх планаў у таямніцы да акрэсленага часу, пакуль не будуць сканцэнтраваныя войскі. І гэта таксама было выканана. Сапраўдныя намеры хавалі з дапамогай дэманстрацый войскаў у розных месцах мяжы з ордэнам.

Ордэнскае кіраўніцтва абрала абарончы варыянт вайны. Ульрых фон Юнгінген разважаў катэгорыямі свайго часу і таго ж чакаў ад сваіх праціўнікаў. Ён рыхтаваўся да ўдараў з розных бакоў: з Літвы, Польшчы і Мазовіі. Адбіўшы гэтыя напады, хохмайстар меркаваў замацаваць за сабой Добжынскую зямлю, магчыма, і Куявы. Ордэнскае кіраўніцтва энергічна рыхтавала да абароны замкі і гарады, набірала наёмныя войскі, вяло агітацыйную кампанію па закліку на дапамогу рыцараў-«гасцей».

На літоўскім фронце абарону трымалі комтуры Рагнеты, Рыну і Клайпеды (Мемель). Новую Марку і Дрэздэнак павінны быў бараніць новы войт Новай Маркі Міхал Кухмейстэр, Памор'е - комтуры Члухава, Тухолы, Швеца і аддзел з рагнецкага комтурства; Добжынскую і Міхалаўскую землі - комтур Бежглава; рубеж па рацэ Дрвенцы - комтуры Бродніцы і Астроды. Галоўныя сілы ордэна на чале з хохмайстрам павінны былі сканцэнтравацца пад Швецам. Дзеянні войскаў ордэна карэктаваліся ў залежнасці ад зменаў сітуацыі.

 

ГРУНВАЛЬДСКАЯ ВЫПРАВА

 

Набліжалася заканчэнне перамір'я. У Польшчы Ягайла актыўнасцю на граніцы з Памор'ем і Новай Маркай дэманстраваў намер ударыць на Гданьскае Памор'е. Комтуры з літоўскай граніцы паведамлялі хохмайстру аб канцэнтрацыі войскаў Вітаўта і намеры яго нападу на Рагнеду ці Астроду. Яшчэ 26 траўня Вітаўт пацвердзіў перамір'е з ордэнам, 28 траўня прымаў вугорскага пасла, а гарматы ўжо былі высланыя ў невядомым кірунку. 3 чэрвеня вырушылі войскі з Літвы і Жамойці.

Каб дакладней паказаць разгортку падзей у іх дынаміцы, лепш за ўсё параўнаць дзеянні бакоў.

 

Час Літоўска-польская армія Ордэнская армія
пачатак чэрвеня 1410 г. Збор літоўскіх войскаў ля ракі Нараў. Пераход ракі і марш на злучэнне з Ягайлам. Умацаванне граніц і замкаў.
сярэдзіна чэрвеня Пачатак збору войскаў пад Швецам. 10 чэрвеня Ульрых фон Юнгінген прыбыў у Энгельбург (ля Швеца).
24.06 (сканчэнне перамір'я) Збор Ягайлы з наймітамі і апалчэннем МалаПольшчы каля Волбажа бліз Пётркава. З захаду прыбліжаюцца вялікапаляне; паўночней рыхтуюцца мазуры. Жаўнеры руйнуюць ваколіцы Торуня. Воі Вітаўта, якія засталіся ў Літве, праводзяць рэйд пад Юрбарг і Клайпеду. Вітаўт на маршы паміж Бугам і Наравам. Хохмайстар у Торуне; па яго просьбе перамір'е прадоўжана да 4 ліпеня. (Вітаўта яно зноў не тычылася.)
26.06 Марш Ягайлы ў паўночным кірунку да Любохні і далей. Комтуры Члухава і Тухолы зрабілі рабаўнічы напад на прыгранічныя польскія вобласці.
27.06 Высакініцы - начлег.
28.06 Сейміцы.
29.06 Казлоў - вестка ад Вітаўта, што ён ля ўпадзення Нарава ў Віслу.
30.06 Аб'яднанне Ягайлы з вялікапалянамі ў Чэрвіньску. Пераправа цераз Віслу па наплаўному мосту. Прыход Вітаўта і мазураў.
1-2.07 Заканчэнне канцэнтрацыі войскаў. Марш да бродаў на Дрвенцы пад Кужэтнікам і іх умацаванне.
3.07 Марш да мяжы з ордэнам. Кіраўнік залогі ў Быдгашчы перайшоў ордэнскую мяжу і разбіў фон Плаўэна.
4.07 (канец новага перамір'я) Войска фон Плаўэна ўзмоцнена вялікай колькасцю наймітаў (600 коп'яў).
5.07 Вугорскія паслы ў лагеры пад Ежавам прасілі паведаміць умовы міру. Атрымалі іх: Добжынскую зямлю - Польшчы, Жамойць - Літве.
6.07 Агляд войскаў.
7.07 Дасягнулі ракі Вкры.
8.07 Дзень адпачынку - апошні прывал перад пераходам ордэнскай мяжы.
9.07 Пераход граніцы, зруйнаванне Лідзбарка (Лаўтэнбург). Да Кужэтніка выступіў аддзел войска з Дзялдава (Сольдаў).
10.07 Выступленне да бродаў на Дрвенцы пад Кужэтнікам.
11.07 Паварот назад да Лідзбарка і марш на Дзялдава.
12.07 У лагер пад Дзялдавам прыйшла аб'ява вайны ад Жыгімонта Вугорскага (войску аб гэтым не паведамілі). 11 ці 12.07 пераход на ўсходні(левы) бераг Дрвенцы па 12 мастах пад Брацянам і марш у паўночна-ўсходнім кірунку.
13.07 Далейшы марш на поўнач; заняцце Дуброўны. Верагодна, вечарам дасягнута Фрыгнава - каля 10 км ад Дуброўны.
14.07 Дзень адпачынку пад Дуброўнай. Падрыхтоўка пазіцыі на месцы будучай бітвы.

 

Дзеянні Вітаўта і Ягайлы адбываліся паводле загадзя распрацаванага плана. Каб да апошняга хаваць задуму аб'яднаць свае войскі, саюзнікі праводзілі дэманстрацыі намераў ваяваць паасобку. Ягайла канцэнтраваў войскі на мяжы з Новай Маркай быццам для ўдару на Гданьскае Памор'е, нарыхтоўваў тут дрэва для мастоў. Калі Вітаўт ужо рухаўся на злучэнне з Ягайлам, войскі, якія засталіся ў Літве, зрабілі паход на Прусію.

Першая важная частка плана - аб'яднанне войскаў была выканана бліскуча. Заключыўшы перамір'е з крыжакамі, Вітаўт без перашкод правёў армію ў Польшчу. Маршрут даўжынёй каля 600 км пралягаў уздоўж ордэнскай граніцы. Злучэнне арміяў Вітаўта і Ягайлы было поўнай нечаканасцю для хохмайстра. Не дапамагла і выдатна арганізаваная ордэнская разведка. Калі адзін са сведкаў пераправы саюзнікаў цераз Віслу паведаміў Ульрыху фон Юнгінгену, што бачыў там Вітаўта, той не хацеў даваць веры. Хохмайстар звярнуўся да быўшых тады пры ім вугорскіх паслоў, са смехам кажучы: «Гэта дробязі, і ўсё, што асмеліўся расказаць гэты чалавек, вельмі падобна на выдумку. Бо самыя надзейныя нашы разведчыкі прынеслі вестку, што польскі кароль знаходзіцца і раз'язджае каля ракі Віслы і спрабуе, што праўда, але не можа пераправіцца цераз яе. Ужо шмат яго воінаў загінула ў хвалях пад час спробы перайсці яе ўброд. Вітаўт жа стаіць ля ракі Нараў і не асмельваецца яе перайсці».

Невыпадкова месцам злучэння сілаў абралі Чэрвіньск. Ён быў дастаткова аддалены ад ордэнскай граніцы, каб не баяцца нечаканага нападу. Канцэнтрацыя тут войскаў магла азначаць намер удару ў розных кірунках, што падтрымлівала няпэўнасць камандавання варожай арміі. Ад Чэрвіньска адразу пасля аб'яднання можна было без прамаруджвання пачынаць паход на Мальбарк.

Саюзнікі зараней прадумалі і добра арганізавалі пераправу цераз Віслу. Зроблены за зіму і вясну пантонны мост падрыхтавалі да падыходу войскаў 30 чэрвеня. Пасля пераправы мост разабралі і сплавілі да Плоцка, каб выкарыстаць на адваротным шляху.

Вітаўт і Ягайла выдатна арыентаваліся ў абставінах, якія пастаянна змяняліся, і прымалі правільныя рашэнні. Калі ўбачылі, што бой на бродзе пад Кужэтнікам зараней ставіць іх у невыгоднае становішча, то адышлі ўбок і зноў павярнулі на стары маршрут. Яны разумелі, што ордэнская армія ўсё роўна павінна заступіць ім дарогу на сталіцу. Шлях на Мальбарк быў разлічаны такім чынам, каб не пераходзіць раку, бо было ясна, што армія крыжакоў не дасць пераправіцца без бою.

Абарончы варыянт Ульрыха фон Юнгінгена меў шэраг недахопаў. Аб'яднанню саюзных войскаў магло перашкодзіць толькі рашучае наступленне ордэнскіх сіл. Раздрабленне іх для аховы граніц прывяло да таго, што ў рашаючай бітве адсутнічалі моцныя групоўкі Генрыха фон Плаўэна і Міхала Кухмайстра. З погляду на мінулы вопыт няблага быў абраны зборны пункт арміі - Швец. Напад найверагодней чакаўся ў кірунку на захад ад Віслы.

Умацаванне бродаў каля Кужэтніка аказалася дарэмным, хоць дзякуючы разведцы быў дакладна вылічаны прыход сюды ворага. Берагі Дрвенцы ўмацавалі палісадамі і землянымі валамі, за якімі паставілі гарматы. Магістр планаваў даць бой у выгодным для сябе месцы. Аднак гэта была не адзіная дарога на Мальбарк. Пасля адыходу саюзнікаў ад бродаў Ульрых фон Юнгінген, каб перакрыць накірунак на сталіцу, прыйшоў на месца паміж возерам Лубень і паселішчам Стэнбарк (Таненберг) і паспеў выбраць і падрыхтаваць пазіцыю.

Аднавіць ход Грунвальдскай бітвы вельмі цяжка, хоць аб ёй захавалася даволі многа звестак. Непасрэдныя ўдзельнікі апісвалі асобныя эпізоды, з якіх немагчыма скласці агульны малюнак. Многія дэталі вельмі цікавыя і маляўнічыя, але, на жаль, мала што даюць да рэканструкцыі агульнага ходу бітвы. Напрыклад, вядома аб моцнай буры ў ноч перад бітвай. Крыніцы паведамляюць, што на месяцы быў ясна відны рыцар, пранізаны мячом, а ў хохмайстра Ульрыха фон Юнгінгена з'явіліся слёзы ад прадчування блізкай смерці і да т. п. Прычым частка такіх дэталяў - твор фантазіі аўтараў. Грунвальдская бітва мае на сабе яркі адбітак сярэднявечча - у ёй рашаючае значэнне мела сутыкненне цяжкай панцырнай кавалерыі. Хаця класічны перыяд сярэднявечнай ваеннай справы скончыўся яшчэ ў XIV ст. разам з буйнымі паразамі рыцарскай конніцы ад сялянскай і гарадской пяхоты, усё ж асноўнай баявой адзінкай заходнеэўрапейскіх армій у той час заставаўся рыцар, закуты ў бронь, узброены дзідай і мячом. Разам з ім біліся адзін ці болей збраяносцаў, стралкі і слугі. У баі рыцары станавіліся ў шэраг на адлегласці некалькіх метраў адзін ад другога. На няроўнай мясцовасці ўжывалі пастраенне клінам - калонай, якая звужваецца да пераду. Пад час атакі дрэнна трымаліся шэрагу і пасля першага ўдару бітва распадалася на асобныя паядынкі. Рыцары вызначаліся індывідуалізмам, неахвотна падпарадкоўваліся камандам. Пяхота выдзялялася ў асобныя аддзелы, разам са стралкамі ставілася перад конніцай, і ў яе бывалі непрыемнасці пры атацы сваёй кавалерыі - не паспявалі вызваліць месца. Такой недысцыплінаванай, маламанеўровай арміяй было цяжка кіраваць. Рэдка праводзіліся абходныя манеўры, засады і г.д. Бітвы вяліся наступным чынам: збіраліся войскі, сыходзіліся, доўга рыхтаваліся да бою, у бітве час ад часу рабілі перапынкі для адпачынку. Перамагаў той, хто заставаўся на полі бою. Частка сіл выдзялялася ў рэзерв. Кіраўнік войска звычайна станавіўся ў першыя шэрагі і вёў сваіх у бой. Пераможаныя адступалі, часта за імі нават не гналіся.

Армія Тэўтонскага ордэна вызначалася большай дысцыплінаванасцю і арганізацыяй, чым іншыя заходнеэўрапейскія войскі. Для братоў-рыцараў вайна была безупынным заняткам. Аднак уласна ордэнскае войска ў Грунвальдскай бітве складала меншасць сярод апалчэння прускай шляхты, «гасцей», наймітаў і саюзнікаў.

Ваеннае мастацтва беларусаў, якія складалі аснову арміі Вітаўта, знаходзілася на больш высокім узроўні. Актыўна ўжываючы рыцарскую конніцу, беларусы і ўкраінцы адначасова многае перанялі і ўдасканалілі з ваеннага майстэрства ўсходніх народаў. Іх войскі былі дысцыплінаванымі, рухомымі, здольнымі на складаныя манеўры ў ходзе бітвы, такія, як флангавыя абходы, уяўныя адступленні з падвядзеннем ворага пад удар свежых сілаў і г.д. Гэтыя якасці былі выдатна прадэманстраваныя ў Грунвальдскай бітве.

Асноўныя падзеі разгарнуліся на няроўнай мясцовасці паміж паселішчамі Грунфельд (чамусьці польскія гісторыкі перайменавалі яго ў Грунвальд, адкуль і назва бітвы), Стэнбарк (Таненберг - у літаратуры бітва называецца яшчэ Таненбергскай*) і Людзвігава (Людзвігсхоф). Тутэйшыя пакатыя пагоркі вышынёй каля 200 м падзяляліся даволі шырокімі далінамі. З трох бакоў месца бітвы было акружана лясамі. Хохмайстар, дакладна вылічыўшы маршрут ворага, першы прыбыў сюды з войскамі і прыняў меры да ўмацавання пазіцыі. Былі выкапаныя і замаскіраваныя ямы-пасткі, расстаўлены гарматы, арбалетчыкі і лучнікі. Ульрых фон Юнгінген разлічваў затрымаць варожую конніцу каля перашкодаў, засыпаць яе стрэламі з гармат, арбалетаў і лукаў. Адбіўшы такім чынам атаку і нанёсшы ворагу страты, кінуць у бой сваю конніцу. Хохмайстар слушна імкнуўся такімі тактычнымі хітрасцямі неяк кампенсаваць перавагу саюзных войскаў у колькасці.

* Беларускі летапіс называе бітву Дубровенскай па назве бліжэйшага горада.

Ноччу з 14 на 15 ліпеня перад узыходам сонца саюзная армія выйшла з лагера пад Дуброўнай і рушыла ў накірунку Стэнбарка і Ульнава. Праз 10 км войскі сталі абозамі каля возера Лубень. Ягайла ў спецыяльнай паходнай капліцы якраз збіраўся слухаць імшу, калі атрымаў паведамленне аб з'яўленні ворага. Гэта былі высланыя на разведку ордэнскія аддзелы. Аднак кароль не перапыніў набажэнства. Ян Длугаш увогуле апісвае ўдзел Ягайлы ў бітве як самы нязначны, а ўсё кіраўніцтва прыпісвае Вітаўту. Спрэчкі аб тым, хто камандаваў саюзнай арміяй пад Грунвальдам, цягнуцца доўга. Акрамя Вітаўта і Ягайлы называюцца яшчэ два кандыдаты. Мы схіляемся да думкі аб сумесным кіраўніцтве вялікага князя і караля. Абодва мелі акрамя дыпламатычнага яшчэ і немалы вайсковы вопыт. Вітаўт з самых маладых гадоў прывучаўся бацькам да вайны з крыжакамі. У Грунвальдскай бітве ролі былі падзеленыя. Вітаўт знаходзіўся на пярэднім краі, кіраваў войскамі непасрэдна ў баі, самой сваёй прысутнасцю натхняў і падбадзёрваў вояў. Ён арганізаваў выдатны манеўр з уяўным адступленнем. Ягайла ж знаходзіўся ззаду войскаў, мог скласці агульнае ўяўленне аб справе і ўплываць на яе, уводзячы ў бой рэзервы.

Вось саюзнае войска пачало выходзіць з лясоў і выстройвацца насупраць ордэнскага. На правым фланзе сталі літоўскія аддзелы, на левым - польскія. Значныя сілы былі размешчаны ў рэзерве па лясах. Заняўшы фронт такой жа даўжыні, як і ордэнскае войска, армія саюзнікаў мела большую глыбіню пастраення. Паколькі мясцовасць была перасечанай, войскі, па ўсёй верагоднасці, стаялі не ў лінію, а самкнутымі калонамі. Правы фланг літоўскай арміі абапіраўся на балоцістую пойму ракі Марэнзі. Левы польскі фланг, як і адпаведна правы фланг крыжакоў, прыкрывала балота.

Палкоў Вялікага Княства было каля 50. На іх харугвах луналі гербы земляў, а таксама выява Пагоні - дзяржаўнага герба, якая рознілася толькі дэталямі. На некаторых харугвах была выява радавога знака Вітаўта - Калумны. Найслаўнейшыя рыцары стаялі ў харугвах: віленскай, гарадзенскай, троцкай, ковенскай, наваградскай, лідскай, медніцкай, смаленскай, полацкай, віцебскай, кіеўскай, пінскай, берасцейскай, ваўкавыскай, драгічынскай, мельніцкай, крамянецкай, старадубскай і іншых. Буйнейшыя паны дзяржавы вялі ўласныя палкі. Татарскім дапаможным аддзелам камандаваў хан Джэлал-ад-Дзін, смаленскімі і мсціслаўскімі палкамі - князь Сямён-Лінгвен, брат Ягайлы, падольскімі - Іван Жэдзявід, літоўскімі - Пётр Гаштольд і Манівід. Намеснікам Вітаўта, па ўсёй верагоднасці, быў найслаўнейшы з усіх палкаводзец Сямён-Лінгвен.

Пад галоўнай харугвай польскага каралеўства (белы арол у чырвоным полі) стаялі лепшыя рыцары. Побач размяшчаліся так званая Гоньча харугва (з двума залатымі крыжамі ў блакітным полі) і надворная харугва Ягайлы з Пагоняй.

Затым ішлі харугвы ваяводстваў, мазураў, асобных паноў - усіх было 50.

Аб ордэнскіх харугвах захавалася больш звестак, бо 46 з іх апынуліся ў польскім палоне і яшчэ ў 15 ст. былі апісаныя і замаляваныя Длугашам. Галоўная ордэнская харугва мела выяву чорнага крыжа з арлом у цэнтры на белым полі. Разам з харугвамі прускіх комтурстваў стаялі палкі «гасцей», наймітаў, саюзных паморскіх князёў пад уласнымі сцягамі. У цеснаце і тлуме сярэднявечнай бітвы харугва была галоўным арыентырам. Ёю падаваліся сігналы, да яе збіраліся пасля атакі ці адступлення. Калі харугва апускалася, гэта значыла, што полк разбіты. Невыпадкова харугву трымалі і ахоўвалі найлепшыя рыцары.

Нарэшце абодва войскі сталі, гатовыя да бітвы. Яны займалі пакатыя схілы пагоркаў, пасярэдзіне ляжала далінка. Той, хто першы пойдзе ў атаку, павінны спусціцца трохі ўніз, а затым падымацца на супрацьлеглы схіл.

Хоць бітва яшчэ не пачалася, Ульрых фон Юнгінген ужо меў пэўныя выйгрышы. Яго армія здолела заступіць ворагу шлях на сталіцу, правільна разлічыць месца сустрэчы і падрыхтаваць пазіцыю. Цяпер патрэбна было зрабіць так, каб саюзнікі пачалі атаку першымі і натрапілі на перашкоды і абстрэл. Аднак, хоць сонца ўжо стаяла высока, з боку саюзнікаў не назіралася ніякага руху.

Не спяшаўся, уласна, Ягайла, а Вітаўт рваўся ў атаку. Кароль павольна апранаў латы, усаджваўся на баявога каня, потым выехаў на пагорак, агледзеўся... Затым вярнуўся ў даліну і пачаў пасвячаць у рыцары сваіх вояў. Сказаўшы прамову да новаспечаных рыцараў, Ягайла ўжо надзяваў шлем, калі прыйшла вестка, што ад ордэнскага войска прыбылі два герольды. У аднаго на грудзях быў знак Свяшчэннай Рымскай імперыі: чорны арол у залатым полі, у другога - герб шчэцінскіх князёў: чырвоны грыф на белым полі. Герольды прынеслі два аголеныя мячы - ад хохмайстра з вялікім маршалам каралю і вялікаму князю - і на словах перадалі выклік да бітвы. «Калі ж, можа, вялікаму князю і каралю не хапае прасторы, - сказалі пасланцы, - то мы адыдзем колькі трэба, каб даць месца». І на самой справе ордэнскія войскі пасунуліся назад, адкрываючы даліну і пакідаючы паміж сабой і ворагам прыгатаваныя перашкоды. Хутчэй за ўсё гэта перадавыя аддзелы вярнуліся да асноўнай групоўкі. Такі дзёрзкі выклік меў на мэце падштурхнуць саюзнікаў першымі пайсці ў наступ. Так яно і здарылася. Літоўскае войска з поклічам «Вільня!» рушыла ў атаку. Затым пайшлі палякі, на хаду спяваючы «Багародзіцу». Паколькі наперадзе была лёгкая маняўровая конніца, то страты ад ямаў-пастак аказаліся невялікімі. Крыжацкія гарматы паспелі даць два залпы. Потым да канца бітвы ўжо не было чуваць ні аб іх, ні аб стралках-лучніках і арбалетчыках. Хутчэй за ўсё ў першым імклівым націску артылерысты, стралкі і пяхота, якая іх прыкрывала, былі выбітыя. Затым у бой уступіла цяжкая конніца. На правым літоўскім фланзе і левым польскім фактычна адбываліся дзве асобныя бітвы. «Калі шэрагі сышліся, то ўзняўся такі шум і грукат ад ламання дзідаў і ўдараў аб даспехі, як быццам абрушваўся нейкі велізарны будынак, і такі рэзкі лязгат мячоў, што яго выразна чулі людзі на адлегласці нават у некалькі міляў» (Длугаш).

Вітаўт знаходзіўся каля самых пярэдніх шэрагаў, Ягайла з моцнай аховай ад'ехаў на пагорак прыблізна пасярэдзіне фронту.

Праз гадзіну ці болей на правым фланзе саюзнай арміі адбылася падзея, якую даследчыкі ацэньваюць неадназначна. Пад націскам крыжацкіх войскаў частка літоўскіх аддзелаў адступіла. Адны разглядаюць гэта як уцёкі, іншыя гавораць аб тактычным манеўры. Такі прыём - уяўнае адступленне - часта ўжываўся на ўсходзе і прыносіў поспех. Вораг, паверыўшы ў перамогу, рассыпаўся ў пагоні за ўцекачамі і натыкаўся на засаду або свежае войска. Уцекачы раптам зноў аказваліся сабранымі ў арганізаваныя аддзелы і з новай сілай нападалі на агаломшанага ворага. Беларусы і ўкраінцы, якія складалі большасць войска Вітаўта, былі добра знаёмыя з такой тактыкай і карысталіся ёю. Галоўным аргументам за тое, што адступленне было манеўрам, з'яўляецца несумненны факт вяртання ў бітву адступіўшых аддзелаў. Акрамя таго, не так даўно стаў вядомы дакумент, які пацвярджае нашу думку аб адступленні як арганізаваным манеўры. Ужо пасля бітвы адзін з кіраўнікоў ордэна папярэджваў хохмайстра, што ў новай бітве вораг можа наўмысна выклікаць уцёкі некалькіх атрадаў, каб прывесці да разрыву баявых парадкаў цяжкай конніцы, гэтак, як адбылося ў «вялікай бітве». Частка крыжацкіх войскаў, якія гналіся за ўцекачамі, была акружаная і знішчаная каля літоўскага табара. Манеўр з адступленнем планаваўся загадзя. Смаленскія харугвы Вітаўт пакінуў на месцы, каб прыкрыць правы фланг палякаў і не даць крыжакам ударыць ім у спіну. Тры беларускія палкі Смаленскай зямлі справіліся са сваёй задачай, хоць панеслі значныя страты, а адзін з іх амаль цалкам загінуў.

На левым фланзе саюзнай арміі, аддзеленым ад правага пагоркамі, ішла свая бойка. Палякі і немцы пакуль без асаблівых маняўровых хітрасцяў ішлі сценка на сценку. Бітва працягвалася некалькі гадзін без перапынку, людзі фізічна не маглі вытрымліваць такой нагрузкі доўгі час, таму, відавочна, войскі на пярэднім краі пастаянна змяняліся. Тут раней ці пазней павінна была адчуцца перавага саюзнікаў у конніцы. Аднак пакуль палякам даводзілася туга. Нечакана пакінулі поле бою найміты з Чэхіі і Маравіі. Яны адышлі ад поля і спыніліся ў лесе. Толькі пасля таго, як каралеўскі падканцлер Мікалай Тромба прысароміў іх, воі вярнуліся ў бітву. Пад націскам крыжакоў упала вялікая каралеўская харугва з выявай белага арла. Аднак яе тут жа падхапілі і паднялі зноў. У ордэнскіх шэрагах, пабачыўшых падзенне непрыяцельскага сцяга, пачуўся пераможны спеў «Хрыстос паўстаў». Гэта быў крытычны момант. Ягайла, відавочна, падаслаў падмацаванні, якія выправілі становішча. Праз лес пайшлі войскі для абходу правага фланга крыжакоў з захаду. У шэрагі ордэнскай арміі стала частка рыцараў, якія вярнуліся з праследавання літоўскіх войскаў. Жахлівая бойка працягвалася далей. Ульрых фон Юнгінген у сваю чаргу, убачыўшы, што шаля вагаў схіляецца не на карысць ордэна, прадпрыняў рашучую спробу перамяніць лёс бітвы. Сфармаваўшы з рэштак свайго левага фланга і рэзерваў ударную групу ў 16 харугваў, ён стаў на яе чале і атакаваў каралеўскую армію. Выкананне гэтай акцыі сведчыць аб добрай арганізаванасці войскаў ордэна і высокай вартасці Ульрыха фон Юнгінгена як военачальніка.

Пад час гэтай атакі адбыўся напад на самога Ягайлу. Кароль са сваім атачэннем знаходзіўся трохі ўбаку ад накірунка атакі. Каб ордэнскія рыцары не пазналі караля, быў апушчаны малы каралеўскі прапорац з белым арлом на чырвоным полі. Ягайлу з усіх бакоў засланілі воі. Раптам з шэрагу крыжакоў вырваўся рыцар Леапольд фон Кёкерытц, апяразаны залатым поясам, і, разагнаўшы каня, цэліў дзідай у караля. Паводле рыцарскіх правілаў Ягайла прыняў бой. Ён падняў сваю дзіду, выехаў насустрач і «ўласнай рукой параніў» крыжака. Каралеўскі сакратар Збігнеў Алешніцкі заехаў збоку, ударыў Кёкерытца дзідай і той упаў з каня мёртвы. У сваю чаргу польскі рыцар Дабеслаў Алешніцкі напаў на хохмайстра, але той пазбегнуў удару лёгкім адхіленнем галавы і падбіў дзіду паляка ўгору. Апошні, убачыўшы сваю хібу, павярнуў да сваіх. Ульрых фон Юнгінген гнаўся за ім і параніў каня, але мусіў вярнуцца, каб не трапіць у палон.

Адчайная атака ўдарнай групы ў 16 харугваў магла вырашыць лёс бітвы, але праціўнік быў занадта шматлікі і дасведчаны. Войскі Вітаўта пасля ліквідацыі крыжацкіх аддзелаў, якія прарваліся да іх абозу, вярнуліся і напалі на групу хохмайстра з тылу і флангу. Пасланыя ў абход польскія аддзелы пачалі акружаць правы фланг крыжакоў з захаду. Гэта быў пачатак канца.

Ударная група хохмайстра і правы фланг ордэнскай арміі акружаліся паасобку. Некаторы час яны яшчэ вытрымлівалі націск, але ўрэшце былі поўнасцю акружаныя і разбітыя. Здаліся рыцары Хэлмінскай зямлі. У бязвыхадным становішчы аддалі сваю харугву замежныя «госці» - у жывых засталіся толькі 40 рыцараў. Урэшце перасталі супраціўляцца і астатнія з тых, хто застаўся жывым.

Але гэта яшчэ не быў канец бітвы. Шмат крыжакоў, якія пазбеглі акружэння або вырваліся з яго, умацаваліся ў абозе з намерам абараняцца. Акружаны ўмацаваннямі з вазоў, забяспечаны артылерыяй і аховай пяхоты абоз даваў такую магчымасць. Аднак паспяховай абароны не атрымалася. Рашучай атакай умацаваны лагер быў здабыты, а ўсе яго абаронцы пабітыя. Вялікую колькасць забітых з боку ордэна ў абозе тлумачаць удзелам у гэтых эпізодах бітвы пяхоты саюзнікаў, складзенай з сялян і гараджан. Простыя людзі найбольш цярпелі ад нападаў крыжакоў, таму мелі да іх асаблівыя рахункі. Чалавек простага звання не мог атрымліваць выкуп за палонных. Палонных пяхота не брала. Магчыма, якраз ад рук пехацінцаў загінуў хохмайстар Ульрых фон Юнгінген.

Геройскую смерць на полі бітвы прынялі амаль усе саноўнікі Тэўтонскага ордэна. Акрамя хохмайстра загінулі ў акружэнні вялікі комтур, вялікі маршал, вялікі шатны, скарбнік, хэлмінскі, бежглоўскі, пакжыўніцкі, грудзяцкі, гнеўскі, нешаўскі, астродскі, папоўскі, радзыньскі і іншыя комтуры.

Пад час уцёкаў страціў жыццё Генрых фон Швельбок - камандзір вайсковага аддзела з Тухолы. Яшчэ да бітвы ён загадаў насіць перад сабой два аголеныя мячы і ўсім казаў, што не ўкладзе іх у похвы, пакуль не афарбуе кроўю ворагаў. Брандэнбургскага комтура Маркварда фон Зальцбаха ўзялі ў палон і прывялі да вялікага князя Вітаўта. Той, убачыўшы даўняга ворага (комтур абразіў Вітаўта, будучы паслом), сказаў: «А, ты тут, Марквардзе?» На што крыжак рэзка адказаў: «Так, і спакойна прыму тое, што мне ўгатаваў учарашні дзень. А табе, князь, тое ж можа прынесці дзень сённяшні або заўтрашні, бо не ў тваёй моцы вызначыць лёс!» Разгневаны Вітаўт даў знак, комтура адвялі ў жыта і сцялі галаву.

Бітва пад Грунвальдам - Стэнбаркам працягвалася ад 12 да 19 гадзін і скончылася перад заходам сонца (па мясцоваму часу 15 ліпеня сонца заходзіць у 19 гадзін 51 хвіліну). Да ночы працягвалася пагоня за ўцекачамі. У захопленым абозе пераможцы знайшлі вялікі запас кайданоў і вяровак, падрыхтаваных крыжакамі для палонных. Па загаду караля былі разбітыя вінныя бочкі, і віно, змешанае з кроўю забітых людзей і коней, бурным струменем вылілася аж на лугі каля вёскі Таненберг (Стэнбарк). У бітве з боку крыжакоў загінула каля 18 тыс. салдат і абслугі табару, каля 14 тыс. трапіла ў палон, уратавалася каля паўтары тысячы чалавек. Вялікія страты панеслі і саюзнікі. Усю ноч з 15 на 16 ліпеня войскі вярталіся з пагоні, везлі палонных, захопленыя харугвы і здабычу.

Назаўтра, у сераду 16 ліпеня, на полі бою былі адшуканыя целы хохмайстра і яго паплечнікаў. Целы Ульрыха фон Юнгінгена і некалькіх галоўных кіраўнікоў ордэна адправілі для пахавання ў Мальбарк. Астатніх забітых, сваіх і чужых, пахавалі на месцы.

Недалёка ад поля бітвы адбылася вялікая ўрачыстасць. На ёй пад слова гонару былі адпушчаныя палонныя, акрамя тых, хто належаў да ордэна. Затрымалі яшчэ саюзнікаў крыжакоў - шчэцінскага і алешніцкага князёў.

Каб давесці справу да канца, саюзнікам патрэбна было заняць сталіцу ордэнскай дзяржавы. Таму замест абвешчанага трохдзённага прывалу армія адпачывала толькі адзін дзень і ўжо 17 ліпеня вырушыла на Мальбарк. Адлегласць да сталіцы па дарозе, абранай саюзнікамі, складала 120 км. Праходзячы штодзённа каля 15 км, войскі без супраціўлення займалі навакольныя гарады і замкі. Вельмі хутка большая частка ордэнскай краіны, у тым ліку і прускія біскупствы, прызналі ўладу пераможцаў. Мала таго, гараджане і шляхта самыя нападалі на ордэнскія замкі, выганялі залогі і перадавалі ўмацаванні саюзнікам. Ордэнскі храніст пісаў, што такой здрады ніколі не было чуваць ні ў адной дзяржаве. Браты-рыцары Тэўтонскага ордэна ратаваліся ўцёкамі хто куды мог. Галоўнай прычынай такога хуткага і бяскроўнага падпарадкавання краіны быў, канешне, небывалы разгром арміі ордэна пад Грунвальдам. Акрамя таго, дала аб сабе знаць каставасць ордэна, яго адасобленасць ад сваіх падданых, у тым ліку і шляхты.

Праз восем дзён маршу, 25 ліпеня, войскі стаялі пад Мальбаркам. Аднак яны спазніліся, сталіца крыжакоў ужо была гатовая да абароны. Яшчэ 18 ліпеня да яе прыбыў швецкі комтур Генрых фон Плаўэн з падначаленым яму войскам. Па загаду хохмайстра фон Плаўэн камандаваў групай харугваў, якая прыкрывала шлях на Памор'е. Цяпер жа, атрымаўшы вестку аб грунвальдскім разгроме, фон Плаўэн з'арыентаваўся ў сітуацыі і, не губляючы часу, паімчаўся ратаваць сталіцу. За тры дні ён пераадолеў адлегласць каля 80-100 км і да прыходу саюзнага войска паспеў падрыхтаваць Мальбарк да абароны. У момант з'яўлення літоўска-польскай арміі залога Мальбарка складала каля 2- 2,5 тыс. чалавек, не лічыўшы абслугі, была забяспечана ваенным рыштункам і харчаваннем на пару тыдняў. Мальбарскі замак ў тыя часы быў магутнейшым абарончым збудаваннем і ўзяць яго з налёту магчыма было толькі да прыходу фон Плаўэна пры адсутнасці арганізаванай абароны.

25 ліпеня ордэнская сталіца была абложана з усіх бакоў. Генрых фон Плаўэн, даведаўшыся, што адзіны ўцалелы саноўнік - вялікі шпітальнік Вернер фон Тэццінген - не думае аб уладзе, вырашыў узяць яе сам. Ён сабраў каго мог з рыцараў і тыя абралі Плаўэна намеснікам да заканчэння вайны і абрання новага хохмайстра. Галоўнай сваёй задачай новаспечаны намеснік лічыў утрыманне сталіцы. Гэта быў адзіны шанц на ўратаванне дзяржавы. Меліся яшчэ войскі ў Лівоніі, чакалася дапамога ад філіяў у Эўропе.

Здабыць Мальбарскі замак у XV ст. пры наяўнасці там добрай залогі можна было толькі з дапамогай галоднай блакады або здрады. Па загаду Плаўэна спалілі горад і мост цераз раку Нагату. Гарматны абстрэл з боку саюзнікаў нічога не даў. Адбыліся перагаворы Вітаўта і Ягайлы з фон Плаўэнам. Намеснік прапанаваў мір на ўмовах: ордэну пакінуць толькі Прусію як зямлю, здабытую ў варвараў хрысціянскай кроўю. У адказ яму прапанавалі здаць замак за абяцанне «паклапаціцца аб ордэне». Плаўэн адмовіўся.

Аблога замка была няшчыльнай, крыжакі атрымалі вестку аб намеры германскага імператара аказаць дапамогу ордэну і падняліся духам. Залога пачала рабіць вылазкі, часам паспяховыя.

У саюзнікаў было тры варыянты рашэння: заключыць мір, здабыць замак або адысці. Плаўэн ужо не хацеў слухаць аб міры. Здабыць замак надзеі не было, штурм нават не рыхтавалі. Заставаўся трэці варыянт.

Да Кёнігсберга ў другой палове жніўня прыбыла частка лівонскай арміі пад камандай ландмаршала фон Хевельмана (ён замяняў хворага ландмайстра фон Фецінгофа). У пачатку верасня канчаўся трохмесячны тэрмін паміж аб'явай і пачаткам вайны лівонцаў з Вялікім Княствам. Аднак іх сілы былі недастатковыя для змагання з саюзнікамі.

У гэты час прадстаўнікі лівонскага ландмайстра заключылі перамір'е з «панамі літоўскімі і рускімі» на 10 тыдняў. Вітаўт паслаў маршалу ліст з запытаннем, на якой падставе той, нягледзячы на перамір'е, канцэнтруе войскі пад Кёнігсбергам. Ландмаршал лістом ад 4 верасня адказаў, што не ведае аб перамір'і, паколькі яно, відавочна, заключана ўжо пасля яго выхаду з Лівоніі. Ліст Хевельмана быў напісаны ў непрывычнай для братоў-рыцараў пакорлівай манеры. Ён называў Вітаўта «горача любімым і ласкавым панам».

Вялікі князь з 12 харугвамі выехаў насустрач лівонцам пад Кёнігсберг. 8 верасня ён меў размову з Хевельманам. Ландмаршал абавязаўся быць пасрэднікам у перагаворах паміж фон Плаўэнам і саюзнікамі. Ён прасіў аб двухтыднёвым перамір'і з 9 па 22 верасня, каб у гэты час асабіста сустрэцца з фон Плаўэнам і давесці справу да міру. Дзеянні лівонскага рыцара цалкам зразумелыя. Яму патрэбна было любым коштам выйграць час. Чакалася дапамога з захаду. Польскае апалчэнне з кожным днём усё больш рвалася дамоў. Акрамя таго, з'яўлялася магчымасць абмеркаваць сітуацыю непасрэдна з фон Плаўэнам і сумесна выпрацаваць план далейшых дзеянняў - калі толькі дапусцяць у Мальбарк. І яго дапусцілі туды.

У выніку давяральных размоў ландмаршала з намеснікам, якія адбываліся некалькі дзён (змест застаўся невядомым), Вітаўт з Ягайлам не атрымалі прапановы не толькі аб міры, але нават аб перамір'і. Пасля 22 верасня вайна павінна была цягнуцца далей. Час працаваў не на саюзнікаў. Не былі цалкам аплачаны паслугі замежных вояў. Жыгімонт Вугорскі пагражаў Польшчы з захаду, шляхецкае апалчэнне, не звыклае да такіх доўгіх паходаў, імкнулася дамоў. Набліжалася зіма. Было прынята рашэнне адысці ад Мальбарка і вярнуцца дадому. Да 18 верасня вырушыла войска Вітаўта, за м пайшлі мазавецкія князі.

19 верасня зняло аблогу польскае войска. Адыход адбываўся спакойна і нетаропка, войскі везлі багатую здабычу. Залога з замка ніякіх перашкод адыходу не чыніла.

Тое, што сталіца засталася ў руках ордэна, мела вялікі ўплыў на далейшыя падзеі. Захаванне Мальбарка азначала, што ордэнская дзяржава не загінула. Як толькі саюзныя войскі пакінулі тэрыторыю Прусіі, сітуацыя ў ёй пачала рэзка мяняцца. З такой жа хуткасцю, як краіна паддавалася грунвальдскім пераможцам, яна зараз пераходзіла на бок сваіх старых гаспадароў. Часткова, відаць, баючыся помсты, часткова з пераканання пруская шляхта пачала зноў захопліваць замкі, толькі ўжо для ордэна. Першым было занята Дзялдава. Польская залога, заспетая неспадзеўкі, трапіла ў няволю. Лівонскі маршал абклаў і здабыў Эльбланг. Затым замкі пайшлі да ордэна адзін за другім. У руках саюзнікаў засталіся толькі замкі ў Торуне, Радзыне, Бродніцы і Няшаве; не пускалі крыжацкія ўлады два багатыя гарады - Стары Торунь і Гданьск. Фон Плаўэн адклаў расправу з імі і заключыў перамір'е да падпісання міру з саюзнікамі.

Здавалася, што кола фартуны павярнулася і ваеннае шчасце поўнасцю перайшло на бок крыжакоў, па меншай меры на польскім тэатры вайны. Крыжакі вярнулі амаль усю сваю ранейшую тэрыторыю. Генрых фон Плаўэн і лівонцы ачысцілі ад ворага амаль усю Прусію і паўночную частку Памор'я. У Новай Марцы за кошт падмацаванняў з Заходняй Эўропы ўзмацнялася групоўка Міхала Кухмайстра. У колькасці каля 4 тыс. чалавек яна выступіла на злучэнне з фон Плаўэнам. Аднак у бітве пад Карановам меншыя па колькасці войскі Ягайлы разбілі Кухмайстра, а яго самога захапілі ў палон. Рэваншысцкія памкненні крыжакоў трохі паўстрымаліся. Замежныя «госці» ўсё неахвотней удзельнічалі ў гэтай вайне, дзе ворага немагчыма было перамагчы ў адкрытым полі. Вайна працягвалася шэрагам дробных наездаў і сутычак, як на Літве, так і ў Польшчы. За памеры такіх баёў выйшлі два наезды на Польшчу войскаў Жыгімонта Вугорскага, які адпрацоўваў ордэнскія грошы. Першы ў канцы 1410 ці пачатку 1411 г. скончыўся паразай 12 вугорскіх харугваў. Другі ў канцы студзеня таксама не прынёс значных вынікаў, хоць і прыдаў бадзёрасці фон Плаўэну. Можна сказаць, што Жыгімонт не адрабіў за атрыманыя ордэнскія грошы.

9 лістапада 1410 г. Генрыха фон Плаўэна абралі на пасаду хохмайстра. Ужо ў гэтай новай якасці ён павёў перагаворы аб перамір'і. Доўгія і цяжкія, яны ўсё ж такі пасоўваліся, бо вайна зацягнулася і стала непасільным цяжарам для абодвух бакоў. Перамір'е было заключана на 4 тыдні з 14 снежня 1410 г. да 11 студзеня 1411 г. У адрозненне ад перамір'я 1409 г. яно тычылася адразу ўсіх: ордэна, Вітаўта, Ягайлы, слупскага і двух мазавецкіх князёў.

Пасля сканчэння перамір'я ваенныя дзеянні працягваліся, аднак не спынялася і праца па арганізацыі мірнай дамовы. 22 і 26 студзеня зноў заключалі перамір'е і вялі перагаворы на віслянскім востраве пад Торунем. Крыжакоў прадстаўляў лівонскі магістр фон Фецінгоф, саюзнікаў - вялікі князь Вітаўт.

Асноўнай спрэчнай праблемай аказалася Жамойць. Ордэн не хацеў ад яе адмаўляцца, Вітаўт і пагатоў. Урэшце знайшлі кампраміс па гэтаму і некаторых іншых пытаннях. 1 лютага 1411 г. быў падрыхтаваны тэкст дагавора, яго адразу заверыў пячаткамі літоўска-польскі бок. Ордэн і прадстаўнікі прускай шляхты свае пячаткі павінны былі паставіць пазней, на сустрэчы пад Златарыяй.

На чацвёртую нядзелю пасля Вялікадня адбылося ўрачыстае спатканне Вітаўта, Ягайлы і хохмайстра ў атачэнні сваіх прыдворных на полі каля горада Златарыя. Там скончылі апошнія фармальнасці. Паводле Торуньскай мірнай дамовы, усе замкі і гарады, здабытыя пад час вайны, вяртаюцца ўладальнікам; Жамойцкая зямля перадаецца Вітаўту, а пасля яго смерці адыходзіць да ордэна. Добжынская зямля застаецца за Польшчай, а Памор'е, Хэлмінская, Міхалаўская землі, частка Куяваў - за ордэнам.

На сустрэчы пад Златарыяй хохмайстар даў згоду Вітаўту, каб той паляваў на дзікага звера ва ўсіх пушчах ордэна ўзамен за такое ж права для сябе ў літоўскіх пушчах.

Вялікая вайна 1409-1411 гг. была скончана. Задавалася, пасля буйной перамогі ды амаль поўнай акупацыі ордэнскай дзяржавы саюзнікам нельга было згаджацца на такія спрыяльныя для ордэна ўмовы міру. Аднак яны пайшлі на гэта і, відаць, ведалі, што рабілі. Сярод прычын і рэальная ацэнка міжнароднай сітуацыі, і разуменне вынікаў Грунвальдскай бітвы (ордэн ужо не сур'ёзны вораг). Відавочна, мела месца і нежаданне Вітаўта цалкам зліквідаваць ордэнскую дзяржаву, бо ад яе падзелу больш выйгравала Польшча, чым Вялікае Княства Літоўскае. Длугаш пісаў: «...стараннямі Аляксандра, вялікага князя Літоўскага (князь больш за ўсё імкнуўся толькі да ўз'яднання свайго Літоўскага Княства і вяртання сабе Самагітскай зямлі, якой яго пазбавілі крыжакі) быў заключаны, зацверджаны і падпісаны мір на ўмовах для Польскага Каралеўства несправядлівых і невыгодных».

Неадпаведнасць маштабаў перамогі пад Грунвальдам умовам падпісанага міру дала падставу некаторым даследчыкам ацаніць яго як «прайграны мір» для саюзнікаў. Длугаш жа лічыў, што грунвальдская перамога «...не прынесла ніякай выгоды каралеўству Польскаму, але больш карысці Вялікаму Княству Літоўскаму».

Трэба сказаць, што дыпламатыя ордэна здолела дасягнуць максімум магчымага пасля такога разгрому. Аднак Грунвальдская перамога мела намнога значнейшыя наступствы, чым здавалася на першы погляд. Яна разбурыла падмурак будынка Тэўтонскага ордэна і паклала пачатак яго заняпаду.


1992-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Алесь Краўцэвіч. Тэўтонскі ордэн (Ад Ерусаліма да Грунвальда). Менск, ...
Крыніца: Алесь Краўцэвіч. Тэўтонскі ордэн (Ад Ерусаліма да Грунвальда). Мінск, 1993