epub
 
Падключыць
слоўнікі

Алесь Наўроцкі

Чатырохгранная ваза

Чатырохгранная ваза - гэта прырода,

дзе чатыры грані - поры года.

 

I

Зіма

 

Зноў заснежыла. Можа, ў раз соты.

Хоць бы ўгледзець душу адну.

Белыя скруткі калючага дроту

кідае мяцеліца мне на спіну.

 

Дрыжыць агеньчык. Можа, там прыстану?

Сярод шалёнага енку-выцця

ў неаглядна-сівым акіяне

змагаецца кропля жыцця.

 

II

Вясна

 

Не мыльная пена зляцела з коней былінных -

дзе-нідзе бялее набраклы вадою снег.

І не шабельны звон зазвінеў над лагчынай -

ручаі звіняць, з узгорка ўзяўшы разбег.

 

Пазіраеш - і травы зямлю пакрылі.

І куды вачыма ні кінь -

начапілі бярозы зялёныя крыллі

і ўзлятаюць пад неба сінь.

 

III

Лета

 

Знаёмы малюнак, сэрцу блізкі:

прападае сцежка ў прасторах палёў.

Жыта то нахіляецца нізка,

то выпрамляецца зноў.

 

Вунь хмарка плыве над лесу дзялянкай,

грымоты далёкія нараслі.

Эх, як жа пасля ўсмешак маланкі

лёгка дыхаць зямлі!

 

IV

Восень

 

Лета, зматвай свае вудачкі!

Дрэвы выплаўляюць руду.

Вецер свістаў спачатку ў дудачку,

потым у дудку, а ўжо затым у дуду.

 

Адзвінелі промняў сонечныя прыіскі,

адзвінеў дажджоў серабрысты апад,

адзвінелі лісты і ляжаць залацістым прыскам*, -

што прайшло, не вернеш назад.

 

Чатырохгранная ваза - гэта прырода,

дзе чатыры грані - поры года.

 

* Прысак - гарачы попел.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com