epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Разанаў

Гліна. Камень. Жалеза

ГЛІНА

 

1

 

Ніцма ляжыш

І ў глыбокім сненні

Хаваеш сваю душу.

 

Загавару з табою -

Адкажаш,

Але не пачуеш.

 

Рукою цябе крану -

Запомніш,

Але не ўбачыш.

 

Ты ў самым пачатку часу,

Дзе Бог

Разрознівае-разасабляе

Свае раўнаісныя іпастасі -

Жыццё і Смерць.

 

2

 

Няма ні набытку,

Ні страты.

 

Насенне чакае

Сваёй пары -

Замкнёнае ў сховішчах сэнсу.

 

І не спяшаецца прыгажосць

Сабрацца

У келіху кветкі.

 

Магчымасць шукае сябе,

Даючы

Гліне

Свае найменні.

 

3

 

Чакае,

Што з ёю нешта адбудзецца,

Але не ведае -

Што.

 

Хоча,

Каб тое,

Чаго чакае яна,

Адбылося,

Але не можа даўмецца,

Адкуль яно можа ўзяцца,

Калі няма яго ў ёй

Цяпер.

 

Што ні трапляецца ёй,

Адпускаецца неахвотна.

Растворана ў ёй

Магічная сіла,

У ёй

Прадугадваецца жанчына.

 

4

 

Усе пакідаюць у ёй

Свой след -

Нібы пазначаюць месца,

Куды вярнуцца.

 

Але не вяртаюцца.

 

Гліна:

 

Адзіная спадарожніца,

Для якой

Ніхто не бывае мінулы.

 

5

 

Не хоча,

Каб яе бачылі

І разумелі,

Але сама хоча бачыць

І разумець.

 

Яшчэ ўсё магчыма -

Яшчэ

Сіла не варагуе з сілай

І не смуткуе па смерці.

 

Яшчэ

Слова само сябе чуе,

А вобраз -

Бачыць.

 

Размова пра  н е ш т а,

Што доўжыцца з веку ў век,

Але не можа ні скончыцца,

Ні пачацца.

 

6

 

З радовішча сну

Абуджаецца,

Каб нарэшце

Прачнуцца нечым

 

Альбо сабой.

 

Вада забірае,

Агонь збірае,

І думка знаходзіць у ёй

Сваё падабенства.

 

Цяпер сцеражыся,

Каб не памерці

 

Раптам.

 

7

 

Захоўваешся ў цяні

Усіх рэчаў

І ўсіх істот

І ў сабе

Захоўваеш сэнс,

Ім яшчэ не вядомы.

 

Каб насампраўдзе

Прысутнічаць кожны раз тут,

Даецца,

Быццам сляпому доказ,

Сама сабе

Ў рэчах і ў постацях

Рэчаіснасць.

 

А гліна

Усё пераконвае ўсіх,

Што можна

Бачыць не гэтак,

Што можа

Усё быць інакш.

 

8

 

Нешта сабралася

І разышлося,

Але засталося ў памяці

 

Разам.

 

Нібыта і ёсць яна

І нібыта

Яе няма.

 

З іншага часу

І з іншай прасторы:

 

Калі да яе набліжаешся -

Адступае,

Калі адступаешся ад яе -

Трымае.

 

Памяць,

Якая нікому ўжо не належыць,

Але якой належаць

 

Усе.

 

9

 

Паволі альбо раптоўна

Мы адхіляемся

Ад задумаў,

Якія хацелі

Спраўдзіцца намі,

Калі не чуем,

Ці адгукаецца наваколле.

 

А самае простае,

На што не звярталася ўвагі,

Спраўджваецца цяпер

І застаецца заўсёды.

 

Блукае,

Шукаючы павадыра,

У гліне навобмацак

 

Сонца.

 

10

 

Упісаная ў прастору,

Абжытую ўсімі,

І ўсім свая,

Усталёўваешся ў адлегласць,

Якой немагчыма парушыць,

Каб апынуцца

З далёкім побач,

А з блізкім яшчэ бліжэй.

 

Безліч нераспазнаных

Сузор'яў

Спластоўваецца ў табе

І раствараецца мноства

Млечных Шляхоў

Невядомых.

 

Ціхмяна ляжыш,

Утуліўшыся ў глыбіню,

Галактыка

Іншага вымярэння.

 

11

 

Пад чорнай карою глебы

Белы хлеб плоці.

 

Не памятае,

Ці, як зерне,

Апала яна з вышыні,

Ці ўзышла з глыбіні,

Ці проста

Тут затрымалася выпадкова.

 

Дух,

Што стаў плоццю,

Але перастаў быць

Духам.

 

12

 

Любіць,

Каб яе лашчылі,

Песцілі,

Бралі ў рукі.

 

Тады яна ажывае,

Тады яна робіцца

Чуйнай і паслухмянай

І вучыцца разумець

Чалавека.

 

Можа, чакае,

Што ён

Вылепіць з яе тое,

Чым сам дагэтуль

Яшчэ не здолеў зрабіцца,

 

Ці, можа,

Наадварот,

Вернецца ў яе лона -

 

І свет

Нанава стане райскім.

 

13

 

Галеча

Цябе ачышчае,

Спакой прасвятляе.

 

Аблокі

Спыняюцца над табой,

Ручаі

Хочуць завесці

З табой размову.

 

Празрыстая для сябе,

Зацемненая для старонніх,

Яднаеш

Выток і суток,

А сама

Застаешся на месцы

Сам-насам з усімі -

 

Выйсце,

Замкнёнае нацянькі.

 

14

 

Перацякаеш

З самое сябе

У сябе самую.

 

Няспынны кругазварот

Унутры

Адсутнай прасторы,

Дзе думка,

Калі яна пранікае

Ў прычыну

І асягае вынік,

 

Знаходзіць, што страчваецца, -

Рэчаіснасць.

 

А рэчаіснасць

Распазнае, што яна

Насампраўдзе ёсць

 

У несупыннай сустрэчы

З сабою

 

Іншай.

 

15

 

У нетрах зямлі

Выспяваеш паволі.

Чакаючы,

Што ў чалавеку

Выспее думка,

Якая цябе зразумее.

 

А ён

Жыве нараджэннем і сконам

І тужыць,

Што гэта -

 

Усё жыццё.

 

16

 

Злучае

І прымушае трымацца

Разам,

Нібы слепата - сляпых,

Постаці рухаў

І думак.

 

Навобмацак,

Але мякка,

Нібы знутры

Звыклых паводзінаў

Імі кіруе

Не бачны ім павадыр.

 

Такі неймаверна далёкі

Заблытаны шлях

Да мэты,

 

Якая заўсёды

Тут.

 

17

 

Выводзіш

Свой самы вялікі твор -

Чалавека -

Увесь яго век

З нятоеснага вымярэння.

 

Табе пярэчаць

Найменні і вобразы,

Што чалавек

І адпаведны ім,

І вядомы.

 

А ён,

 

Жадаючы жыць,

Пакідае

І ўсё не пакіне ніяк

Сваю заўчасную вечнасць.

 

18

 

Маланка

Стараецца рассвятліць

Тваю сутонлівую светлыню

І выклікаць сілу,

Якая ў табе пагасае,

На спрэчку.

 

Пярун

Уладарна загадвае,

Каб ты ўклала

Сваю нямую душу

У споведзь.

 

А дождж

Прытуляецца да цябе

І просіць,

 

Каб ты даравала

Маланцы

Яе слепату,

А перуну - безразважнасць,

 

І не

Дазволіла свету

Знікнуць.

 

19

 

У спратах зямлі:

 

Бярэшся

І ўсё адно

Пакідаешся без увагі.

 

Неба

То прасвятляецца,

То хмурнее.

 

Сцежкі

Сыходзяцца разам

І зноў

Разыходзяцца па паверхні.

 

Ты зазіраеш

Мне ў памяць -

І ў ёй

Знаходзіш утоенае

І ад мяне самога.

 

Адвечны скарб -

Які ўсім відаць,

А нікім

Знайсціся не можа.

 

20

 

Нібы абсяг

Рэчаіснасці нераспазнанай

Паказвае думцы,

Кудою думаць

І як разумець, -

 

Увесь час

Забараняюць

І дазваляюць

Нам акалічнасці нешта.

 

У намаганнях

Гартуецца моц

І, каб дзейнічалі,

Вымагае.

 

А тое,

Што мусіць адбыцца з намі,

Само настае

І само вытлумачваецца,

 

Як гліна

У кожным дні.

 

21

 

Рэчы ўкарэньваюцца

У карысць

І, што паўтараецца тут,

Вартуюць.

 

Усіхняя і нічыя,

Не рупішся аб ураджаі

І не адрозніваеш,

Дзе - восень,

А дзе - вясна.

 

Адпаўшы ад неба,

Але не супаўшы з зямлёю,

Вучышся быць паслухмянай таму,

Што не мае

Абгрунтавання.

 

22

 

Бясконцая колькасць

Абліччаў

З цябе вынікае,

А ты

Не супадаеш з ніводным.

 

Ні з кім не ваюеш,

Не хаўрусуеш

І не адстойваеш сваёй праўды.

 

Але звяртаюцца да цябе,

Урэшце,

Усе абліччы

Па канчатковае высвятленне:

 

Што значаць яны,

Калі яны ёсць,

І што яны будуць значыць,

Калі іх не стане?

 

23

 

Бесперастанку

Вяртаецца да цябе

Наваколле,

Як рэха,

Якое акрэсліла круг

І ўвабрала, што ў крузе, -

 

І постаці дрэў,

І гурму будынкаў,

І ўвесь краявід, -

Але ўжо не можа,

Вяртаючыся, знайсці,

Адкуль яно ўзнікла

І з кім

Мае супасці...

 

Далучаная да наваколля,

Шукаеш з ім разам

Нешта -

Што не адшукваецца,

 

А ёсць.

 

24

 

Імгла:

Ні святло, ні цемра.

 

Замкнуліся вочы,

Што бачылі

І разумелі ўначы,

А вочы,

Што бачаць удзень,

Не спяшаюцца адамкнуцца.

 

Такая наша пара -

Між колішнім

І наступным.

І самай відушчай

У гэтай пары

Абвяшчаецца гліна.

 

25

 

Рухавая,

Як вада,

І непарушная, нібы камень,

Ці толькі яшчэ

Падаешся да небакраю,

Ці ўжо вярнулася -

І небакрай

Ператварыла ў сваю прыкмету?

 

Вандруеш са стану ў стан

І, што пакідаеш,

Маеш

Сваім набыткам.

 

26

 

У гліне сляды:

 

Не лучацца між сабою

Нічым,

Апроч гліны.

 

Хіба распазнае сябе

Той, хто ідзе,

У сваіх слядах?

А той, хто жыве,

У тым, кім ён жыве?

 

Але зноў і зноўку

Упісваюцца сляды

У вечную гліну,

А гліна -

Ў нявечнага чалавека.

 

27

 

Не піў -

А яе паіў малаком,

Не еў -

А яе карміў хлебам,

 

Каб абудзілася,

Каб ажыла

І сказала  с л о в а,

Якое людзі згубілі,

Калі захацелі ўзысці

Нацянькі да Бога.

 

Ела мой хлеб,

Піла маё малако,

Але каб сказаць -

Не сказала нічога.

 

Зноўку замкнулася ад мяне,

Зноў адхінулася -

Ці то ў здзіўленні,

Ці то ў расчараванні, -

 

Нібы яна

Мне прызналася ў нечым,

А я не здолеў пачуць.

 

28

 

Не прадаецца -

Бы золата,

І не купляецца -

Нібы срэбра.

 

Усюды знаёмая ўсім,

Ні ў кога

Не выклікае ні зайздрасці,

Ні захаплення.

 

Хінуся да гліны:

Не купіць

І не прадасць,

Але навучыць справе.

 

29

 

З таго боку часу

Доўжышся да мяжы

Гэтага дня

І хвіліны гэтай.

 

І запаўняеш сабою

Усе прагалы,

Разломы,

Разрывы,

Расколіны,

Што раз'ядналі

Адказ і пытанне,

Прычыну і вынік, -

 

І з цягам часу

Нас прысвячаеш

 

У шлях.

 

30

 

Бы пераможаная,

Ляжыш пад нагамі

У кожнага ваяра,

У кожнага заваёўцы.

 

Бурацца вежы,

Руйнуюцца гарады,

Гінуць дзяржавы,

Якія былі аздобай

І гонарам свету -

 

І ты іх бярэш

У сваё бязмежжа,

Але не становішся

Ні знакамітай,

Ні зруйнаванай.

 

І гэтак

Заўжды.

 

31

 

Разломіцца раптам

Зямная кара -

І ў разломе

З'явіцца голае цела

Гліны.

 

Нібыта ўва мне самім

Убачылі вочы нешта,

Што забаронена бачыць -

 

Уражваюся,

Што я ёсць

І бачны

Зоркам і гліне.

 

32

 

Наносішся кропкамі,

Рысамі

І кругамі

На рукі,

На твар,

На грудзі.

 

Датворваеш,

Дамалёўваеш чалавека,

Упэўніваеш яго,

Што ён дужы,

Разумны,

Прыгожы

І блаславёны Богам.

 

Але калі ты сціраешся -

Чалавек

Губляецца ў акалічнасцях

І ўяўленнях

 

І скардзіцца Богу,

Што той

Ад яго адступіўся.

 

33

 

За курганамі

Свеціцца і не блякне

Далечыня.

 

Сцежкі знайшлі,

Куды слацца,

І болей не ўводзяць у зман

Вандроўцаў.

 

Мінуў

Спякотлівы дзень,

А вечар

Не надышоў.

 

Пара

Знаходзіць паразуменне

З глінай.

 

34

 

Пусцеюць радовішчы,

Рэкі

Спрабуюць цячы назад.

 

Безгалоса

Выстройваюцца тысячагоддзі

Адно за адным,

Ды нічым

Не могуць дапамагчы

І парадзіць нічым не могуць

Гэтаму крайняму дню,

Гэтаму крайняму году.

 

І толькі гліна

Бярэцца правесці

Па-над прадоннем

Сваёю дарогай

Пакінутага чалавека.

 

35

 

Ты дазваляеш

Рабіць з сабою

Усё,

Што надумае чалавек

І што здолее, -

 

Нават Бога.

 

Ужываешся ў вобраз,

Якім чалавек надзяляе

Таго,

Хто мусіць яго зразумець

Глыбей, чым ён сам.

 

Услухоўваешся ў таямніцы,

У якіх чалавек адкрывае

Сябе перад тым,

Хто сам

Найвялікшая таямніца.

 

І застаешся ўсё роўна

Сабой -

Спрадвечнай магчымасцю

Быць інакшай.

 

36

 

Па рэках крыві

Цячэш

У інакшыя далячыні.

 

І, прысвячаючы чалавека

У немінучую смерць,

Прысвячаеш

У немінучую неўміручасць.

 

Апошняй праводзіш

І сустракаеш

 

Першай.

 

37

 

Збочваем:

 

З бальшакоў

На патайныя сцежкі,

Каб забароненае забрала

У нас нямогласць,

А даравала моц.

 

Гліну,

 

Якая адольваецца,

Мяняем

На гліну,

Якая паволі,

Але няўхільна,

Адольвае нас.

 

38

 

Накрэсліваю на гліне

Знакі,

Узоры,

Вобразы -

І яны

З яе выпаўзаюць,

З яе вылятаюць,

З яе выходзяць,

Яе пакідаючы,

І пачынаюць

Адно за адным паляваць.

 

Калі сустракаюся з імі

У наваколлі,

Яны пужаюцца,

Уцякаюць,

Злуюць,

 

Быццам яны

Насампраўдзе жывыя,

Быццам яны

Насампраўдзе -

 

Я н ы.

 

39

 

Змена,

Што ўсё перайначвае,

А сама

Застаецца нязменнай.

 

Сабранае траціцца,

І рэчаіснасць

Разгортваецца ў здагадку,

Каб адшукацца

З таго боку слоў.

 

Вяртаюся ў заўтра,

Дзе гліна значыць

Болей,

Чым постаці

Уздоўж перыметру

Сцен.

 

40

 

Штодня сустракаемся

І штодня

Марым аб нейкай іншай -

Тут немагчымай -

Сустрэчы.

 

Дрэвы

Нас памятаюць,

А гліна

Вядзе да свайго небакраю,

Дзе Бог

Не будзе адрознівацца

Ад чалавека

 

І жыццё -

Ад жыцця.

 

41

 

У глыбіні - пласты,

 

А тут,

На паверхні,

Звініць сцюдзёны ручай

І вецер

Вагае галіны дрэў,

І прастора

Не мае мяжы...

 

Але апынаецца паступова

Тое, што мучыць і радуе,

Вабіць і засмучае,

Ў мінулым,

 

І апынаецца ўсё бліжэй

Чалавек ля гліны.

 

42

 

Нібы ўбіваюцца ўглыб

Апоры,

Калі будуецца дом,

З глыбіні

Праступаюць задумы,

Каб неўзабаве

Звязацца ў цэласны тэкст,

 

Як гліна.

 

Прысутнічаеш незаўважна

У кожнай развазе,

А заўважаешся -

І прастора

Страчвае рыштаванні:

 

К у д ы   і   а д к у л ь.

 

43

 

Прыклейваешся да чаравікаў,

Да рук,

Да слоў,

 

І як бы далёка

Хто ні заходзіў,

Не дазваляеш яму

Адысці назусім

І зрабіцца

Староннім,

Чужым,

Абыякавым да мясціны,

Табою асвечанай.

 

Нават

Не думаючы пра цябе,

Табе прысягаюць людзі,

Што будуць памятаць пра цябе

Да скону.

 

44

 

Моцай,

Якую ўкладаем у рэчы,

Каб імі валодаць,

Рэчы

Трымаюць нас.

 

Між сабой

Згаджаемся,

Узгадняемся,

І вітаем

Адно аднаго пры сустрэчы.

 

Але глыбіня

Ад нас адступаецца

І закрываецца

Тоўшчай паверхні.

 

І толькі гліна -

Каб мы не згубілі сябе дарэшты -

Свеціцца,

 

Як ліхтар.

 

45

 

Знаходзіць сама ў сабе

Безліч рэчаў,

Але самую сябе

Губляе.

 

Згадвае мноства імёнаў,

Якія даюцца ўсяму,

Што ўзнікае,

Але сваё забывае.

 

Калі настае -

Мінае,

Калі становіцца нечым -

Перастае быць

 

Н і ч ы м.

 

І тады

У рыбін і птушак

Выпытвае шлях

Дадому.

 

46

 

Прысутнае вабіць

Вока

І вокам засвойваецца:

 

Адлегласць

Між тым, што знадворку,

І тым,

Што ўнутры.

 

Прамень

Напружанага спасціжэння

Прыцягвае і адпускае

Прадмет -

 

І прадмет

Пачынае распазнаваць

Адлегласць,

А ў ёй

Прысутную гліну.

 

47

 

Збан зберагае,

Што маецца ў ім,

І, што маецца ў ім,

Спаражняе.

 

Нібыта завязь у плод -

Няўзнак

Будучыня перайшла

У мінулае:

Ува што

Пярэйдзе мінулае?

 

Тут нас ужо няма,

 

Але ўжо

Праявілася гліна.

 

48

 

Што ні здараецца з намі,

Здараецца як бы не з намі -

А з некім.

 

Спяваюць раніцай птушкі

І дрэвы

Шапочуць лістотаю,

І бялее

Так блізка,

Але  к у д ы  нам ужо

Немагчыма патрапіць,

 

Гліна.

 

Нас перайначвае вынік,

Аднак заўсёды

Мы застаёмся прысутнічаць

Некім ці нечым

Побач з мінулым,

Якое было

 

Ц я п е р.

 

49

 

Не намагаешся спрасавацца

У крамянёвую моц

Ці рассыпацца ў пыл...

 

Мудрацы

Табе давяраюць

Свае развагі -

 

Не для таго,

Каб з імі

Застацца ў вяках,

А каб высветліць праз вякі,

Дзе думка

Распазнавала праўду,

А дзе памылялася...

 

Доўжышся, як жыццё,

Нікому не прыналежная,

І ўсё роўна

 

Усім свая.

 

50

 

Не хочаш

Дужаю быць

І не можаш слабою.

 

Ты не пярэчыш Богу,

А свет

Табе не пярэчыць.

На шалях

Унутранай раўнавагі

Узважваеш Паражнечу

І Паўнату

І нікому

Не прызнаешся, чаму

Не пераважвае шаля

Шалі.

 

51

 

Паставай,

Якой аб'яўляюся  т у т,

Шукаю сябе самога...

 

Ці месца,

Каб спраўдзіцца?..

 

Гліна

Тлумачыць пісьмёны

Забытых стагоддзяў,

 

А   я   і   м а ё

Засвойваюць сінтаксіс

Паразумення.

 

Нямое,

Нікім не адмененае,

Змаганне

Паміж паверхняй

І глыбінёй.

 

52

 

Нашча:

 

Рыхтуешся да пары,

Калі сэнс табе скажа:

«Збудзься!..»

 

Страшыць

І кліча адначасова

Нязнанае прызначэнне.

 

Штораз

Ахвяруеш сабой -

І гэтак

Наноў заваёўваеш

Свет.

 

53

 

Сведчыш пра цэласнасць,

Да якой

Нічога нельга дадаць

І адняць ад якой

Гэтаксама нічога нельга.

 

А мы

Разумеем паглядам

І думаем дотыкам

І адкладаем на потым сябе,

Каб зноў

Бясконцае мноства разоў

 

Вяртацца.

 

54

 

Творыцца паступова

У целе гліны

Цела быцця,

А ў ім,

Калі яно створыцца, -

Цела думкі,

А ў ім,

Як яго сарцавіна, -

Цела святла:

 

Драбіна,

Якая вядзе

Да Бога.

 

Пільнуеш свой час

І сама

Няўзнак адымаешся,

 

Але ўсё роўна

Заўсёднай апораю

 

Застаешся.

 

55

 

Тоесны

Нечаму іншаму,

Чым таму,

Кім існую,

Ад рэчаў

Скіроўваюся да гліны -

 

Жывы,

Але мёртвы,

Да мёртвай,

Але жывой.

 

І болей нікога няма

І нічога няма:

 

Адно перад тым

Як сустрэцца -

Р о с т а н ь,

Адно перад тым

Як расстацца -

С у с т р э ч а.

 

56

 

Перамагаеш

Без перамогі,

Дзейнічаеш

Без учынку,

Жывеш

Без жыцця.

 

Паміж назоўнікам і дзеясловам

Сутонішся ў спраўджаным

І світаеш

У тым, што спрабуе

Стацца сабой, -

 

Часціна

Інакшай мовы,

Што не засвойваецца,

 

Як назоўнік

І як дзеяслоў.

 

57

 

Паклікала -

Але не назвалася.

 

Уначы,

У цьмянай размове

З нераспазнаным,

Я ўпэўніўся,

Што не памру,

А памяняюся месцам

З нераспазнаным.

І стаў чакаць,

Калі развіднее,

А развіднела -

Убачыў мёртвую гліну

 

І прачытаў уголас

Яе імя.

 

58

 

Калі дакранаюся да яе,

Яна

Нешта інакшае ўжо,

Чым гліна.

 

Усё,

Што збылося, -

Знікла.

І што не збылося -

Знікла.

 

Няма ні жывых,

Ні мёртвых,

Ні пераможаных,

Ні пераможцаў.

 

І толькі страла

У нерухомай пространі гліны

Ляціць

З пачатку ў канец.

 

1994

 

КАМЕНЬ

 

1

 

Шукаем:

Я - камень,

А камень - мяне.

 

Я -

На сваёй паверхні,

Ён -

У сваёй глыбіні.

 

Так проста

Было б аб'явіць:

«Ты тут!..» -

І адчуць

Шурпатую глыбу,

Намацаную рукамі.

 

Але не гэтак

Адшукваецца чалавек,

І камень

Адшукваецца не гэтак.

 

2

 

Мусім з табою лічыцца,

Але не ведаем,

Як.

 

Уводзім цябе

У абсягі свайго жыцця,

А жыць па-твойму

Не ўмеем.

 

Чакаем,

Што ты загаворыш,

Аднак

Самі змаўкаем.

 

Падзея -

Якой не можам

Прыняць,

 

Падзея -

Якой не можам

Аспрэчыць.

 

3

 

Усёю моцай

Істоты сваёй

Засяроджваешся на тым,

Што маеш

Істотай сваёй.

 

Не займае

Цябе нічога з таго,

Што прысутнічае

Па-за табой.

Ты нават не ведаеш,

Ці ты дужы,

Ты нават не разумееш,

Ці ты вялікі,

І не адрозніваеш ад веку

Хвіліны малой.

 

4

 

Уцелясніўся ў месца

І месца

Пераўтварыў у свой змест.

 

Адпускаеш

І зноў да сябе

Прыцягваеш чалавека:

 

Няхай спасцігае,

Адкуль

Бярэцца тое, што ёсць,

І чаму

Тое, што ёсць, - заўжды

Уводзіны

 

У таямніцу.

 

5

 

Рух,

Што ўвасобіўся

У нерухомасць,

 

Агонь,

Што схаваўся

У холад,

 

Святло,

Што памкнулася ўнутр

І супала са змрокам, -

 

Камень

На раздарожжы

Усіх стагоддзяў,

 

На скрыжаванні

Усіх шляхоў.

 

6

 

Упісаны ў наваколле,

Нібы ў скрыжалі

Слова закона,

Вартуеш

Час наваколля -

 

Каб ён не скамечыўся

І не ўцёк,

А дазволіў

Насельнікам наваколля

Зрабіцца сваімі

І ўспадкаваць

Табою ўтрыманае...

 

Вечны:

А не стары,

 

Сённяшні:

А не новы.

 

7

 

На небе - аблокі,

А на зямлі -

Камяні.

 

Прастора,

Пранятая плынным

І нерухомым,

Уцягваецца ў падзеі

І ўрошчваецца ў краявід.

 

Такі недакладны

Вынік -

А ён абумоўлівае наступнасць,

 

Такі выпадковы вобраз -

А ён усталёўваецца

І жыве.

 

8

 

Самы тутэйшы:

 

Прысутнічаеш цяпер,

Існуеш заўсёды.

 

Усё ў цябе склалася,

Як у людзей

Скласціся нават

За безліч вякоў

Не можа,

 

І ўдакладняцца

Не мае патрэбы.

 

А людзі

Жывуць напавер,

І наступнасць

Ім вытлумачвае,

Што было

Некалі

 

З імі.

 

9

 

Тое,

Чым ты выяўляешся,

 

Вылучае

Цябе з чарады

Разнаісных рэчаў

І пазбаўляе

Месца ў нятоесным

Асяродку.

 

Зоркі

Запальваюцца і згараюць,

Кружачы над табою,

 

А месяц

Мяняецца ў тварах,

Гадаючы,

Ці далёка

Той час,

Калі свет замкнецца

І адамкнешся ты.

 

10

 

Мы разважаем краямі

І разумеем падзеяй,

І патрабуем

Усякі раз доказаў -

Каб згадзіцца

З тым блізкім, што хоча

Зрабіцца сваім.

 

Безупынна

Мы то знікаем

З поля сваёй увагі,

То зноўку

У ім узнікаем.

 

А камень

Усякі раз кажа нам,

Што заўсёды

 

Ўсё тут.

 

11

 

Пераўзыходзіш названае

І нічыёй

Удзячнасці не прымаеш:

 

Поўны -

Але пустатою,

Нішто -

Але ўлітае ў нешта.

 

Заўжды

У свеце прысутнічаеш,

Нібыта

У свеце адсутнічаеш, -

 

Прарок

Невядомага Бога,

Які заўжды настае

І, аднак,

 

Ніяк не настане.

 

12

 

Калі ў грамадзе

Выспявае нешта,

Што вылучыцца павінна,

Яно абірае  п а д с т а в у,

Якая яго зразумела б, -

 

Камень.

 

І з ім

Усіх пераконвае, што яно

Належыць усім,

Што яно -

 

Ад Бога.

 

13

 

Жалезам

Пастукаю па табе -

Іскрына

Выблісне і пагасне,

Водгук

Аб'явіцца і растане.

 

Яшчэ

Не ведаю, як да цябе

Падступіцца і як

З табою загаварыць,

Ды ўжо

З табою не здолею

 

Размінуцца.

 

14

 

Быццам падважваюць

Камень

І падсыпаюць,

Падважваючы,

У яму,

Ім вылежаную,

Зямлі,

Каб змог

Ён аб'явіцца ўсёй постаццю

Неўзабаве, -

 

Сябе самога

Скіроўвае чалавек

У сваю,

Ім задуманую,

Рэчаіснасць;

 

І ў волю

Ўкладае вагу,

І мае

Апірышчам і прыпынкам

Усякі раз вышыню,

Адоленую перад гэтым.

 

15

 

Сярод разнастайнага -

Аднастайны,

Сярод распадзеленага на думкі

І постаці -

Непадзельны,

Сярод скіраванага ў час -

Адданы

Першапачатку,

 

Сабой

Ахвяруеш употай

І чалавеку

Кажаш пра  т а й н ы  шлях

І  т а й н а г а  чалавека.

 

16

 

Звёў

І ўвабраў у сябе

Наваколле,

 

І аддаеш

Змест,

Які здзейсніўся,

Нанава наваколлю.

 

Але каб знікаць -

Не знікаеш,

Каб меншаць -

Не меншаеш

І не бяднееш:

 

Нібыта

Табою гарыць

Неміргліва-роўна

Агонь

 

Без агню.

 

17

 

Свет нахіліўся -

І ў меру

Угрунтаваўся  н а х і л:

 

Безупынна

Падае чалавек

За небасхіл рэчаіснасці,

А з ім разам

Усё, што назваў ён

Сваім.

 

І адно

Шэры,

Няўклюдны,

Нічыйны камень,

Адно толькі ён трымае

І беражэ

 

Раўнавагу.

 

18

 

Нас яшчэ

Быццам няма:

 

Ад нас

Адхіляюцца сутнасці,

З намі

Не раяцца сілы,

І скарб,

Які нам належыць здаўна,

Не даецца ў рукі.

 

Ліем,

Каб нечаму дагадзіць

На камень

То малако,

То кроў,

І прымаем

Вобразы сваіх думак

За знакі,

Што аб'яўляюцца нам.

 

19

 

Растане

Світальны туман -

 

А з ім

Растануць развагі,

Што ўчора

Здаваліся слушнымі,

 

Пастановы,

Якім немагчыма было

Запярэчыць,

 

Намеры,

Што бачылі ў буйных

І ў дробных рысах

Будучы дзень, -

 

І зноў

Апынецца свет

Незасвоены і нічыйны...

 

Ды выявяцца

Камяні.

 

20

 

Свет разнасцежыцца

Галасамі

І захвалюецца плынню -

 

Вабны і маляўнічы.

 

Жаданне -

Яно мяне забярэ,

Уцеха -

Яна мяне запалоніць.

І толькі шкада,

Што камень

Тады застанецца навек,

Тады застанецца навек

 

Знямелы.

 

21

 

Хацеў назаўсёды

Цябе мінуць,

Каб мерай

Тваёю не мераць

Ні веку свайго,

Ні абсягу.

 

Але, мінуўшы,

Нешта забыў,

А што -

Не ўдавалася ўспомніць.

 

І я заблудзіўся

Ў знаёмых днях,

І я ў краявідах знаёмых

 

Згубіўся.

 

22

 

Як цябе

Ні кладзі,

Што з табой

Ні рабі,

Табе ўсё аднолькава

Добра.

 

Сніш свае сны -

І ў іх

Лунаеш сярод анёлаў

І не звяртаеш

Увагі на пастку,

Што за табою

Цікуе -

Нібы трымае

Цябе на нябачнай нітцы, -

 

На свой забыты

І над табою не ўладны

Зусім

 

Цяжар.

 

23

 

Да каменя прытулюся,

Каменем паклянуся,

На камень наткнуся

І спатыкнуся

Аб камень...

 

Прастора,

Якая ўяўлялася простай

І аднастайнай,

Хавае ў сабе,

Неўпрыкмет

Аказаўшыся побач,

Не ўлічаныя вымярэнні,

 

Што перайначвацца

І спрашчацца,

Як чалавек,

 

Не могуць.

 

24

 

Мінае паціху

Дзень,

Як мінуў

Учора і пазаўчора,

 

І адвячорак

Яго ўжо сцірае

З памяці і з увагі...

 

Але ў імгненне,

Падобнае трэшчынцы

На шчыце

Чыстай паверхні,

Нас нечакана

Кране адчуванне,

Што мы

Ходзім над безданню -

 

А глыбока,

На дне,

Унізе,

Уводзячы бездань

У наваколле,

Шарэюць

Вунь тыя

І гэтыя

 

Камяні.

 

25

 

Зжывае

Свой век чалавек

І тое,

Што дагаджае яму,

Уважае

За свой набытак.

 

Але калі

Счужэе наўколле

І ў рэчах

Задыхае пустата,

Спахапляецца -

І тады

Просіць у каменя,

Каб сказаў,

Каб нагадаў яму,

Чаго сам

Успомніць не можа:

 

Нашто ён

І хто.

 

26

 

Далей і бліжэй:

 

Час-почас

Цябе перакочваем

З месца на месца

І ў нешта

Ўбудоўваем ці ўкладаем.

 

А ты

Сам укладаешся даастатку

Ў сваю невымерную здольнасць -

У думку -

І набываеш

У ёй сябе.

 

27

 

Той, хто пайшоў

Ад цябе малады,

Прыходзіць стары -

Так многа здабыўшы,

А страціўшы яшчэ больш...

 

Тлумачыш

Сваёй нематою,

Сваёй

Нерухомасцю арыентуеш:

 

Належыць

Ісці  ў с ё й  істотаю,

Бо таму,

Хто здольны ісці

Ў с ё й  істотаю,

Ўжо не трэба

Перамяшчацца ў прасторы,

Змяняцца ў часе.

 

28

 

Не адкасаешся ні ад чога,

Не прыхінаешся ні да чога,

Ні з кім не прыязнішся

І не варагуеш...

 

Дабро цябе вучыцца

Разумець,

І зло

Над табою не мае

Улады.

 

Роўнавялікі свету,

Пераўзыходзіш

Умовы свету -

 

Геній самаспазнання.

 

29

 

Абліччы,

Што нас ужо выказалі

І што нам

Ужо не цікавы,

Нас акружаюць знаўкола...

 

І камень

Іх аддае,

І завулак,

І двор...

Так многа паўтораў

У аднастайнай

Гульні люстэркаў,

 

А што настае,

Не хоча

Ўсталёўвацца,

Як мясціна,

А вабіць насустрач -

Як вестка

 

І як вясна.

 

30

 

Што прыгнятала

І мела вагу,

Займее

Сваім прыстанішчам

Яму;

 

А тое,

Што мела вагу

І само трывала,

 

Узыдзе...

 

Хвіліны,

Якія раздвойваць існае,

Абцякаюць

З абодвух бакоў,

Раздваіўшыся самі,

Камень.

 

31

 

Як птушкі,

Лунаюць думкі

У маляўнічых аблоках,

 

Як рэчы -

Прывязваюцца да людзей,

 

Аднак

Самая пільная думка

Шукае камень,

Які яна абмінула,

 

Каб запытацца,

Ці сапраўды

Яна ёсць.

 

32

 

Думны без думак,

Чысты без чысціні,

Тойсамы

Знутры і знадворку,

Утульваешся ў нябыт -

 

І смак,

Якім насычае праяўленае

Усе рэчы,

Цябе не п'яніць

Жыццём,

 

Цябе не цвярэзіць

Смерцю.

 

33

 

Целам

Не тоесны духу,

А духам - целу,

Нашу ў сабе

Тую далечыню,

Дзе дух

Становіцца новым

Целам,

А цела - светам...

 

Там камень

Ужо не мёртвы,

А чалавек

Не жывы.

 

34

 

Слухаеш споведзі

І бярэш

На сябе ўсе віны -

Абы

Лягчэй было

Чалавеку.

 

І водгукам,

Што напоўніў

Цябе да краю

І захаваўся ў табе,

Не разліўшыся,

Вызначаеш,

 

Як споведзі спавядацца

І колькі важыць

Віне.

 

35

 

Быццам заснулі яны,

Займелі

Рэчы  с в а ё  бытаванне,

А сутнасці рэчаў -

С в а ё.

 

І ніяк не можа

Супасці наноў

Чалавек з сабою,

 

А тое, што ёсць,

З тым, што мае

 

Быць.

 

36

 

Пачатак чагосьці,

Што паспяшалася

Спраўдзіцца

І не змагло

Утрымацца на камені...

 

Пазычае

У вечнасці чалавек

І веліч сваю,

І ўладу,

Але спусташае вечнасць,

 

І не вядзе

Ніводная сцежка

Ў пачатак,

І дома

 

Ключы.

 

37

 

Нешта парушылася -

Быццам камень

Скрануўся ў падмурку

І запярэчыў

Таму, што на ім

Грунтавалася

І што мела

Яго падставай сваёй, -

 

І ў свеце,

Населеным рэчамі

І людзьмі,

Апынулася лішнім:

 

І гэта -

Ўвесь свет.

 

38

 

То карацеючы,

То даўжэючы,

Цень

Вандруе наўкола цябе;

 

І рэчы,

Змяняючыся ў абліччах

І ў вартасцях,

Гэтаксама

Уцягнуты ў не дасягальны

Староннім адлікам

Кругазварот,

У цэнтры якога

Няма нічога,

А сам ён,

Нібы без каменнасці

Камень,

 

Ёсць.

 

39

 

І ключ,

І замок -

Сам сябе замкнуў

І адмыкацца

Не хочаш.

 

Расколюць -

Нічога ў табе няма,

Апрача

Зацятай каменнасці,

 

Ды табою

Высокімі робяцца

Горы,

 

І бездань

Бярэ ў цябе

Глыбіню.

 

40

 

Перажываю

Нанава жыцці

Людзей,

Што жылі калісьці:

 

Усе яны - пошук,

Усе - памкненне,

Усе - намаганне...

 

І дзіўна

Мне сёння бачыць,

Быццам удзельнічаць

У таемстве,

Як узнікаюць

 

З пошуку - постаць,

З памкнення - выснова

І з намагання - камень.

 

41

 

Вандроўнік выпытвае

У наваколля:

Дзе сцежка,

Дзе камень,

Дзе дом?

І па іх

Знаходзіць самога сябе.

 

Не ўдаецца

Зроку адразу ўбачыць,

А розуму зразумець,

Што ёсць.

 

Але трэба

Таму, хто ідзе -

Супадаючы з бачным

І зразуметым

І выпадаючы, -

Каб хто-небудзь

Прысутнічаў і пытаўся:

 

Куды ідзеш?

 

42

 

Цябе не кранае

Просьба (няхай

Сама ўдакладняецца

І знаходзіць

Моц у сабе),

Не пужае грозьба...

 

Грукоча

Пярун над табою

І абяцае

Цябе раскрышыць на мак,

Ды, аднак,

Не раскрышвае -

 

Бо тады

Ты ўзыдзеш з зямлі

Пераможным войскам.

 

43

 

Надыдуць

Прыкрыя дні -

І грунт

Парушыцца пад нагамі,

І гвалт

Займее ключы

Ад радовішча сілы,

І зман

Угнездзіцца ў розумах...

 

З кім

Загавораць вякі?

За каго

Заступіцца камень?

 

44

 

Глыбіні з табою

Знаходзяць паразуменне

І далячыні -

Мову.

 

І чалавек

Вучыцца жыць

У цябе,

Не хаваючы

Думкі сваёй

Перад Богам

І не змяняючы мэты,

Накрэсленай ім.

 

Яшчэ

Яго захапляе поспех

І засланяе ўдача -

 

І камень,

Які ён мінуў,

Чамусьці

Зноў апынаецца

Перад ім.

 

45

 

Круг перасёкся

З кругам,

Але не супаў -

І зняволены раптам

Камень

Судакрануўся

(Але не супаў)

З разняволеным чалавекам.

 

У доўгіх

Марудных днях

І ў імклівых гадах

Спрабуе

Паразумецца адна

Вечнасць з другою.

 

46

 

Хто чалавеку скажа:

Так не рабі,

Хто наставіць:

Так не кажы,

Хто выправіць:

Так не думай?!.

 

Чужое

Уточваецца ў краявід,

А сваё

Затуляецца ў згадку.

 

Але на шалях

Вялікай -

Зямлёю і небам

Ухваленай -

Раўнавагі

Нячулы,

Нямы,

Безаблічны камень

Узважвае ўчынкі

Жывых людзей.

 

47

 

Вяртаемся час ад часу

У наваколле,

Дзе свет

Разгортваўся да небасхілу.

 

Людзі

Хаваюцца ў людзях,

Мясціны -

Ў мясцінах.

 

Аднак

Знаходзяць мяне і вяртаюць

Мне нанава свет,

А з ім

Нешта яшчэ, што ў свеце

Не месціцца, -

 

Арыенціры:

Вандроўнае воблака ў небе,

А на зямлі -

Нерухомы камень.

 

48

 

Камень застаўся

Каменем,

Поле - полем,

Нябёсы - нябёсамі

І чалавек - чалавекам.

Але нібыта

Змянілася раптам

Надвор'ем надвор'е,

Парою пара

І змяніла,

Супаўшы з кожнай істотай

І з кожнай з'явай,

Істоту і з'яву -

 

Адбеглася поле,

Схмурнела неба,

Зацяўся камень,

А чалавек

Пачаў сам сабе

Задаваць пытанні

І не знаходзіць

 

Адказу.

 

49

 

Мо вырваліся

На паверхню

З падземных вязніцаў

Духі пярэчання,

 

Мо адпала

Ад вышыні,

Ацяжэўшы,

Ніжэйшае неба -

 

Зблыталася на зямлі,

Што нізка,

А што высока,

І заняла

Зямныя абшары

Прыцемная часіна:

 

Калі разбіваюцца

Камяні,

Калі разбіваюцца

Аб камяні,

Калі забіваюцца

Камянямі.

 

50

 

Паволі ці шпарка:

Ў сваім памкненні

Ад мэты да мэты

Ззаду

Цябе пакідаем

І нават

Не заўважаем, што насампраўдзе

Пакінулі...

 

Лішак

Палоніць нас, і недахопы

Захопліваюць,

І камень

Нас апярэджвае адпачатку

На цэлы свет.

 

51

 

Кожны

Змагаецца за сябе

І бярэ -

Нібыта ён самы

Істотны ў свеце -

Ў хаўруснікі

Самы істотны доказ.

 

Але калі

Спрабуюць вякі разгледзець,

Хто здолеў устояць

У зменлівым,

Высветліцца ў цямнотным,

Спраўдзіцца ў з'яўленым,

 

Дык знаходзяць

На колішніх баявішчах

І котлішчах адно толькі

Усімі пакінутыя

 

Камяні.

 

52

 

Мяжа небасхілу

Адсоўваецца,

Перад сабой

Трымаючы,

Нібы прадмет,

Чалавека.

 

А камень настойвае,

Што чалавек

Сам на мяжы

І жывы мяжою...

 

Няўхільны,

Няўступлівы,

Пільны міжбой

Між тым,

Чым становіцца чалавек,

І тым,

Што становіцца

Чалавекам.

 

53

 

Узор,

Што заўсёды навідавоку,

Але які

Пераняць немагчыма;

 

Мудрасць,

Якая няспынна вучыць,

Але якой

Навучыцца нельга:

 

Спрадвеку ўваходзіш

У век чалавека,

А чалавек

Спрадвеку выходзіць з яго,

 

Каб аднойчы

Вярнуцца Богам.

 

54

 

Быццам разгортваецца

Спружына,

Каб, разгарнуўшыся,

Страціць сілу,

 

Самога сябе

Выштурхоўвае чалавек

У вобраз -

Якім ён

І знаны,

І знакаміты,

 

А вобраз,

Каб ён не знікаў, -

У камень;

 

І завяршае

У гэтым свеце

Гэтак

Свой шлях.

 

55

 

У папярэднім:

 

Хіба чалавек

Самому сабе не  т а к і,

Што мусіць

Прыходзіць і адыходзіць?

 

Яму спадарожнічаюць удача

З няўдачаю,

Гліна

Кладзецца яму пад ногі,

Жалеза

Даецца ў рукі,

А камень

Яму прадказвае лёс.

 

56

 

Той, хто пакінуў

У полі камень

І, вольны, падаўся,

Куды захацеў,

 

Нідзе

Самога сябе

Не знойдзе.

 

З каменем цяжка:

 

Але затое

Узнагародаю -

Кожны вечар,

Мэтаю -

Кожны дзень.

 

57

 

Напружаны

Восі свету,

 

І аддаецца

Увага свету

Таму, што намерваецца

Збудавацца.

 

Яшчэ не закладзены

Камень,

Аднак ужо

Яму адгукаецца

 

Завяршэнне.

 

58

 

Зямля паклалася

На ваду,

Вада паклалася

На паветра,

Паветра паклалася

На агонь,

Агонь паклаўся

На думку.

 

А з думкі

Выйшаў у век

Чалавек

І выпаў у вечнасць

 

Камень.

 

1995, 1998

 

ЖАЛЕЗА

 

1

 

З усіх канцоў свету

Сабраліся пасланцы,

І кожны

Прынёс з сабой словы

Пра мір і вайну,

Пра жыццё і смерць

І пра з'яву,

Што ўсё злучае сабою, -

Пра чалавека...

 

А нехта

Стаяў, адвярнуўшыся тварам

У кут,

І называўся  ж а л е з а.

 

2

 

Спазнала сабою

Самое сябе

І ў сваім спазнанні

Ўтрывалілася і зацвярдзела.

 

Раніць

Твая справядлівасць,

І страшыць

Твая дасканаласць:

 

Моц,

Што адпала ад Бога,

І дадалася

Да чалавека.

 

3

 

Мо ў спрэчцы,

Мо ў роспачы,

Мо ў здзіўленні

Знянацку

Ускаласіліся галасы

І гэтаксама знянацку

Аціхлі.

 

Калі я выбег на пляц,

Нікога

Нідзе не было,

А ў чырвоным небе

Высіўся волат-каваль

І ўбіваў

У дол велізарныя,

Нібы гмахі,

Вогненныя цвікі.

 

4

 

Нехта сказаў:

Дыямент -

І ўмомант

Усе расплюшчылі вочы

І адтулілі вушы.

 

Нехта другі сказаў:

Золата -

І адразу

Усе ўзварушыліся-загаманілі.

 

І аб'явіў нехта трэці:

Жалеза -

І ўраз

Усе замерлі ў чаканні.

 

5

 

Прынесла з сабою

Дзівосныя падарункі,

Якія палохалі -

Нібы пасткі,

І вабілі -

Як здабыткі.

 

Хто браў іх -

Уводзіла тых у Круг,

Хто не браў -

Пакідала Знадворку.

 

6

 

Адпала імя маё

Ад мяне

І адпаў ад мяне

Мой воблік...

 

Аднак

Сваёй неспазнанай істотай

Я ўстояў

І намаганне,

Якое мяне трымала,

Ўтрымаў.

 

А цені

Хадзілі наўкола мяне

І казалі:

«Вось ён -

Яшчэ чалавек,

І вось ён -

Ужо жалеза».

 

7

 

Здружваеш дружбаю

Незвычайнай,

Якая сягае за межы

Досведу і развагі,

Людзей,

Раз'яднаных зацятаю бітвай

На   м ы   і   я н ы.

 

Так самі

Не могуць яны раз'яднацца,

Так самі

Не могуць яны здружыцца.

 

8

 

Жалеза

Парадкавала жалеза:

Счышчала плямы,

Сточвала вышчарбіны,

Зганяла іржу...

 

Неўзабаве

Яно заззяе сваёю

Адважнаю вастрынёй -

І жыццё

З абжытага

Выштурхнецца знянацку

У свой невядомы

 

Працяг.

 

9

 

Увечар

Паўстала перада мной

Неадольнай сцяной,

А ўранку

Паклалася ў рукі

Ключамі.

 

Удзень замахнулася

На мяне

Мечам і дзідаю,

А ўначы

Апранула ў латы.

 

Пакуль

Раўнаважыць жалеза адну

Здольнасць другою,

Мёртвы не мёртвы -

Аднак

Пабуду ў гасцях у смерці,

Жывы не жывы -

Аднак

 

Пагутару з Богам.

 

10

 

Адразу ў абодва канцы:

У звёны

Звязалася і ў ланцуг

Замкнула паўторы.

 

Трымаеш самое сябе:

Ці страшнай

Напругай напятае,

Ці паслабленнем

Адпушчанае, -

І трымаеш

У паслушэнстве

Вагу і рух.

 

11

 

Хацеў ацаліць

Збалелых,

Уваскрасіць памерлых -

І да жалеза

Звярнуўся па раду:

 

Ці тое,

Што яно чуе,

Магчыма?

Ці тое,

Што я кажу,

Змагу?

 

Адказала:

- Зможаш -

Аднак не цяпер

І не тут,

І не тым, кім ты ёсць,

І не гэтак,

Як ты хацеў бы.

 

12

 

Нібыта

Ваюеш само з сабою -

Усюды

Законы ўсталёўваеш,

А ўсталяваўшы,

Рушыш.

 

Каб гук

Быў чыстым,

Праўдзіваю - справа,

Выпадак - празарлівым,

 

Мусяць

Складацца нанава словы,

Дзейсніцца нанава ўчынкі,

А людзі

Нанава сустракацца

 

Адно з адным.

 

13

 

Змест адасобіўся

Ад прадмета,

Мера - ад з'явы.

 

Не можам

Самі вярнуцца дамоў

І клічам

Жалеза на дапамогу.

 

Вяртае жалеза

Прадметам тойсамы змест,

Але ён

Змяняе самі прадметы,

З'явам

Дае туюсамую меру,

Але яна

Зыначвае самі

 

З'явы.

 

14

 

Ведаеш словы,

Утоеныя ад размовы.

 

Каму давяраеш іх,

Той

Робіцца здатны

Загойваць раны,

Зрошчваць косці

Ды загаворваць кроў -

 

Адрабляць,

 

Што ты перад гэтым

Само зрабіла,

Што ты перад гэтым

Учыніла само.

 

15

 

Быццам пілуюцца дровы

І пырскае пілавінне -

 

Поўніцца час

Нечым сыпкім,

Няўстойлівым,

Цьмяным,

Няпэўным,

Што ўсюды

Праточваецца і не цяміць,

Нашто яно тут...

 

Ды жалеза

Зноўку і зноў няўтомна

Кажа

Пра абавязак.

 

16

 

Паўсталі супротнасці

І наноў

Звязаліся разам:

 

У чалавеку.

 

Хацеў я падацца туды,

Дзе вузлы

Самі развязваюцца -

Да Бога,

Ды нехта

Узяў мяне за руку...

Азірнуўся:

 

Жалеза.

 

17

 

Час напластоўваецца

На час,

Парушэнне

Кладзецца на парушэнне.

 

Не паспявае

Мінулае стаць мінулым,

І ў сарцавіне

Збіраецца боль...

 

Чакаем

Жалезных навін,

Жадаем

Жалезнай праўды.

 

18

 

Жалеза таўчэ гаршкі:

Каб не таўкло -

Абвязваю іх жалезам;

 

Жалеза коле каменне:

Каб не калола -

Абцягваю іх жалезам.

 

Жалеза замахваецца на мяне -

Я ўцякаю,

Яно даганяе мяне -

Але ўжо я сяджу

У самім жалезе:

 

Хоць вязень,

Але - гаспадар,

Хоць гаспадар,

Але - вязень.

 

19

 

Калі я аддаў жалезу

Усю сваю моц,

Адышлі

Рэчы і людзі

Наводдаль.

 

Калі я ўзяў у жалеза

Назад сваю моц,

Адусюль

Памкнуліся да мяне

І рэчы, і людзі,

Але чамусьці

Зноўку наблізіцца

 

Не змаглі.

 

20

 

Сіла,

Якая паклалася ў дол

І ўваскрэсла з долу:

 

Чытаеш падзеі

І вызначаеш

На крузе і процікрузе

Вялікага Руху

Час, калі Бог

Супадзе з чалавекам,

І месца, дзе з Богам

Сумесціцца чалавек.

 

21

 

Быццам намёк,

Ці падказка,

Ці выпадак,

Безупынна

Нагадваеш чалавеку

Пра нешта, чаго ён сам

Ні ўбачыць,

Ні вымавіць,

Ні зразумець не можа,

 

Ды гэтаксама

Не можа, аднак, дарэшты

 

Забыць.

 

22

 

Рух

Сутыкаецца з рухам,

Жалеза з жалезам:

 

Чуваць

То музыка звону,

То грукат грому,

То крык...

 

Неадольна

Усё становіцца ўсім.

А жалеза

Усіх кожны раз няўмольна

Вяртае - нібы ашчаджае

Іх для не гэтага выніку -

 

Ім самім.

 

23

 

Форма высноўвае,

Што - знадворку,

А што - ўнутры.

 

Каб узнікнуць

Кімсьці спачатку,

Сябе давяраем таму,

Што не мае формы.

 

А рэшткі

Ранейшых прысягаў

І дасягненняў,

Быццам жалеза зламанае,

Раняць

І адкідаюцца на мяжу.

 

24

 

Хто большы?

Хто лепшы?

Хто ўладнейшы?

 

Кожны ў жалеза

Употайкі ўклаў свой воблік -

І ўсе наўкола

Паўсталі нямою сцяною,

І ўпотайкі смерць

Паўстала

 

З прагалаў.

 

25

 

Палічаныя:

Паміж

Сівымі прароцтвамі

І засцярогай,

Што зазірае ў вокны...

 

Ці ўжо

Лічбы дамовіліся канчаткова,

Калі  з ж ы н а ц ь  чалавека,

Ці яшчэ ўсё

Ўзгадняюцца і чакаюць

Згоды ад чалавека?

 

Але жалеза

Тут.

 

26

 

Прадаў золата,

Прадаў срэбра,

Купіў жалеза.

 

Купіўшы жалеза,

Пайшоў з ім на тых,

Каму прадалося

Срэбра і золата,

І прымусіў

Вярнуцца назад свой скарб.

 

Але ў неба

Птушкаю вымкнуў крык,

А ў зямлю

Кроў пацякла

 

Раўчукамі.

 

27

 

Запальваліся і згасалі

Уначы ліхтары,

Грымліва

Расшчэплівалася і зноў

Сашчэплівалася жалеза,

І паўставала

З начной глыбіні

І была цямнейшай за ноч

Нейчая постаць,

Якая не мела

 

Цела.

 

28

 

Наўпроці адно аднаго:

Але роўнасць -

Выклік.

 

Перш чым аб'явіцца вынік,

Належыць

Узяць і аддаць

І ўтрымаць раўнавагу

Між тым, што даецца,

І тым, што бярэцца...

 

Двое братоў

Выпраўляюцца ў поле,

А з імі -

 

Жалеза.

 

29

 

Прачнуўся,

Калі было поцемна,

І не мог

Даўмецца спрасонку,

Якая гэта пара.

 

Невыразна

Знаўкол вымалёўваліся прадметы,

І ў сне

Трызнілі людзі.

 

Адно не спала

Жалеза.

 

«Табе яшчэ нельга

Бачыць такое.

Ты мусіш

Яшчэ раз заснуць

І яшчэ раз прачнуцца...» -

 

Засцерагло і ўклала

Мяне ў мой ранейшы

 

Сон.

 

30

 

У цёмным і ў светлым:

 

Кожны

Мае сабе свой твар,

Ды без твару людзі.

 

Што каму хто

Зычыць уголас -

Прыходзіць само,

А тое,

Што зычыцца ўпотай,

Нясе жалеза.

 

31

 

Цэлае:

Але ў частках,

Цела:

Але ў асобах,

А сярод іх

Нехта - жалеза.

 

Шукаюць яго,

А знойдуць -

Хаваюць,

Але калі схаваюць -

Тады ён сам

Знаходзіць сябе

І выходзіць

Бязлітасна і няўхільна

 

Наперад усіх.

 

32

 

У кучу з усіх бакоў

Зносілі і скідалі

Жалеза.

 

Але калі вырастала

Упоравень з намі куча,

Адумваліся

І зноўку

Яе разбіралі на часткі

 

І на кавалкі.

 

33

 

Гром грукатаў усю ноч

І ўсцяж

Маланкі распорвалі неба:

Вось-вось -

Здавалася -

Нешта ўзнікне,

Што нас зразумее дарэшты

І нам самім дасць

Гэтае разуменне.

 

Уранку

З'явіўся на пляцы

Жалезны воўк:

Ён выў - і шугала

Полымя з пашчы.

 

І мы пачалі шукаць

Яму тлумачэнне.

 

34

 

Кожны знаходзіць

Сваё жалеза

І з ім

З цёмных радовішчаў зместу

Выходзіць на шчыт паверхні,

Спярэшчанай знакамі,

 

І ў заваёвы

Выпытвае, хто жалеза

Засвоіў найлепей

І зразумеў найглыбей.

 

35

 

Чакаем -

І доўгім чаканнем сваім

Займаем

І рэчку, і берагі.

 

Ды аднойчы

Засвеціцца зырка хвіліна

І вымкне

З  н і к у д ы

Жалезны човен

І зноў у  н і к у д ы

 

Памкне.

 

36

 

Выявы ўзышлі -

І ў сабе схавалі,

Што мусілі паказаць.

 

Кулакамі

Тру вочы.

 

Дзе тут анёл,

Дзе арол,

Дзе свіння,

Дзе сабака,

А дзе вужака,

А дзе чалавек?

 

«У людзях, -

Жалеза кажа. -

І ў людзях

Усе яны неўзабаве

Увойдуць у новы

 

Рай».

 

37

 

Гульня:

Спадкадаўцы і спадкаемцы.

 

У рукі

Нехта адважна возьме

Кавалак развогненага жалеза

І перадасць другому.

Той - трэцяму,

Той - наступнаму,

Аж пакуль

Яго не пярэйме апошні.

 

А, пераняўшы,

Апошні

Узважыць яго на далоні

І скажа разважліва:

«Тое,

Што абпякала маіх папярэднікаў,

Мяне грэе», -

І ўжо больш нікому

Не перадасць жалеза.

 

І гэтак

Скончыць гульню.

 

38

 

То зацьмімся,

То світаем,

І лічым свой час

То з пачатку ў канец,

То з канца ў пачатак.

 

«Вунь я малы,

Ну а вунь вялікі», -

Шточасу

Удакладняем сябе.

 

А жалеза

Шточасу аспрэчвае нас,

Што не ў гэтым змена,

Што змена наогул

З людзьмі

 

Не ідзе.

 

39

 

Ляжалі нявораныя

Палі,

Стаялі парушаныя

Сядзібы.

І то заміраў,

То спяшаўся надзвычай

Час.

 

А натоўпы

Дарогамі і бездарожжам

Ішлі адусюль

Да  м е ж а ў:

 

Там людзі

Ваююць жалезам,

Жалеза ваюе

 

Людзьмі.

 

40

 

Чакалі:

Што будзе?

Гадалі:

Хто прыйдзе?

І пільна ўзіраліся

У цьмяную глыб

 

Люстэрка.

 

Тое, што ўбачылі,

Не было

Ні з'яваю, ні асобай,

Але  я н о

Выступіла з люстэрка

І на аскепкі

Разбіла люстэрка.

 

41

 

Я не хацеў з ім

Хаўрусаваць,

Я не хацеў з ім

Варагаваць,

Я не хацеў аб ім

Думаць.

 

Але ўсё роўна

Ў мяне высвятляюць

Кожнаю справаздачай,

Распытваюць

Кожным жыццёпісам,

Дзе тады быў я,

Калі жалеза

Рушыла ў свой пераможны паход

На ўсход,

Што я тады рабіў,

Калі насаджала

Жалеза ў дзяржаве свой лад,

Што думаў,

Калі жалеза

Высноўвала неабходнасць

 

Вялікай перабудовы.

 

42

 

Зашамацела трава,

Заварушыўся хмызняк,

Захісталіся лозы...

 

- Ідзі паглядзі,

Жалеза,

Хто там і што...

 

Пайшло,

А вярнулася - дык сказала:

- Нідзе нікога няма.

 

Вазьму з сабою ліхтар

І пайду

Сам пагляджу, ці праўду

Жалеза кажа:

 

Была

Здратавана трава,

Былі пасечаны лозы

І быў пацяты хмызняк,

 

І ляжалі

На голай зямлі нерухома

Упокат чыесьці

 

Целы.

 

43

 

Пачатак нявечыцца

Ў спраўджаным.

 

І хоць змест

Меціць: тут - шчырасць,

Тут - цэласнасць,

Спеў

Ужо не жыве

Ў іхніх гнёздах.

 

Ці знойдзецца хто,

Каго б

Не зыначыў вынік

І не раздвоіла адлюстраванне?

 

Па-свойму

Людзі маўчаць,

І маўчыць

Жалеза па-свойму.

 

44

 

Н е ш т а  павабіла:

Ўладна -

Нібы яно

Ведала загадзя

Маю мэту.

 

Але калі

Я захацеў вярнуцца

Туды, дзе ўжо быў, -

 

Убачыў:

Высіцца ў наваколлі

Жалезны плот

І займае

Маё неад'емнае месца

 

Н е ш т а.

 

45

 

Побач,

Але не намі,

Дзейсніцца свет:

Небяспека

З захаду і з усходу.

 

Мы ўжо не можам

Дайсці да канца:

Затаптаны

Відушчыя сцежкі,

І месцы, дзе Бог

Дзяліўся сабою з людзьмі,

Не на месцы.

 

Мы кажам навобмацак,

А жалеза

Злучае са сказам

 

Сказ.

 

46

 

Паставілі каля брамы

На варце жалеза,

А самі

Замкнуліся, каб між сабою

Высветліць,

Што было,

Разважыць,

Што будзе.

 

Але нібыта

Хтось меўся прыйсці

І марудзіў,

Раз-пораз

Пыталіся ціха адно ў другога:

«Мо падало

Які знак жалеза?

Мо пераслала жалеза

Якую вестку?»

 

47

 

Глядзеў у зямлю,

А з зямлі

Усёю істотай сваёй на мяне

Пазірала жалеза.

 

Іржа яго ела,

Але яно

Не мела ні моцы, ні здольнасці

Паварушыцца.

 

І я нахіліўся

І ў рукі

Узяў яго -

 

І ажыло

Адразу жалеза,

І ажылі

З жалезам падзеі.

 

48

 

Магчымасць прыводзіла

Да перашкоды:

 

У ёй

Сляпое з'ядноўвалася

З відушчым,

Суцэльнае - са шматразовым...

 

Але калі

Перашкода адольвалася,

З таго боку

Усё выглядала наадварот:

Сляпое аказвалася

Відушчым,

Суцэльнае - шматразовым,

І там,

Дзе яснела і выдавала

Сваю няўступную цвёрдасць

Жалеза,

Падаў

У цёмную глыб

 

Прагал.

 

49

 

Быццам жывая істота,

За мною

Паўзе пустэча.

 

Каб не паўзла -

Жалезам

Скароджу яе,

Лупцую,

Рэжу,

Дратую,

Сяку...

 

А пустэча

Ўсё роўна паўзе

І ўсё роўна шэпча:

 

- Калі мы абое

Дойдзем да краю часу,

Не стане цябе,

А з мяне паўстануць

Жалезныя людзі,

Ўзбуяе

Жалезная збажына.

 

50

 

Бег чалавек па рацэ:

Адною

Нагою - у боце,

Другою - босы,

І аб ваду,

Як аб сушу, абапіраўся

Жалезным кіем.

 

Следам за ім

Беглі двое:

Адзін - у ботах

І босы - другі,

І абодва

Крычалі дружна:

«Кінь кія, а то патонеш!..

Кінь кія, а то патонеш!..»

 

І першы,

Урэшце, паслухаўся іх

І адкінуў

Свой кій ад сябе -

 

І адразу

Усе патанулі:

І той, хто бег першы,

І тыя, што беглі следам,

 

І кій.

 

51

 

Ловячы водгук,

Чуйна

Прыходзім і адыходзім,

І кажам словы,

Якія таксама -

Водгук.

 

Але калі

Займае паверхня ўвагу

І хібы

Урошчваюцца ў перашкоды -

 

У лядах

Селяцца прывіды

І насяляе

Жалеза лес.

 

52

 

Дагэтуль - шматлюдны,

Адгэтуль - бязлюдны,

Дагэтуль - у позірках,

Словах,

Рухах,

Адгэтуль - сам...

 

А жалеза

Ходзіць па полі

І кроіць межы:

 

Ці хопіць

Таго, што настала,

На тое, што настае?

 

53

 

Калі я ў здабытак

Узяў багацце -

Вышыні

Павысіліся

І паніжэлі нізіны;

 

Калі ўзяў славу -

Зацвіў

Камень і заспявала

Дрэва;

 

Але калі

Узяў у здабытак пакуту -

Ў жалезе

Паадмыкаліся сховы

І вочы

Расплюшчыліся

 

У сноў.

 

54

 

У моцы,

У велічы,

У прыгажосці

Сыходзяцца між сабою

Дружыны і ваяры,

А разыходзяцца...

 

Здзівавана

Пытаецца ў нежывых

І ў жывых Запамежжа:

Навошта ім трэба несці

Усюды з сабой жалеза

І ўсюды

Усталёўваць лад

 

Бяды?

 

55

 

Камечыцца мяккае,

І абрысы

Зліваюцца ў пляму

І расплываюцца ў пляму.

 

На крок,

Ці на два,

Ці на дзесяць:

З супастаўлення

Выводзіцца постаць,

Але - на адлегласць жалеза.

 

Тады

Само вымаўляецца слова,

І позірк

Тады бачыць сам.

 

56

 

Нас вызнаюць акалічнасці:

Кожны

Мае да іх свой доступ,

І калі нават

Хто адступаецца -

Усё роўна

Ён тут...

 

У вымогах

Дайсці да канца

І ў спробах

Пачаць спачатку

Мы асягаем сябе.

 

А жалеза

Упарта і аднастайна

Капае ямы

Ды насыпае капцы.

 

57

 

Настала -

І чалавек

Падаўся адначасова

У славу і ў ганьбу,

У моц і ў немач,

У неўміручасць і ў смерць...

 

Такія

Розныя постаці,

Але тое самае раздарожжа,

Такія розныя долі,

Але той самы

 

Дол.

 

58

 

У змове з нязведаным:

 

Адымае

Жалеза, што маю.

 

Мушу

Заняць свой пасад,

Займець

Сваё княства.

 

Але цяпер

Пярэдадзень,

І чалавек -

 

Жалеза і скура.

 

59

 

Круг накладаўся

На круг.

 

- Навошта

Тое, што ёсць,

Ёсць гэтакім, як яно ёсць?.. -

Пытаўся

У Некага той,

Хто пытаўся.

 

Гліна

Паказвала шлях ад краю

Да краю,

Камень

Маўчаў пра спрадвечнае.

 

А жалеза

Сябе аддзяліла ад месца

І павяло

Свет да апошняй

 

Мэты.

 

60

 

Адступіцца блізкае

І паўстане

Наводдалі постаццю

Прадчуваня.

 

Зноў мы ў пачатку,

І зноў

Свет не дасягнуты,

Ды жалеза

Уклалася ў здзейсненае

І цяпер

 

Ужо без ужытку.

 

61

 

Само дапаможацца:

 

Дзіда

Шпурляецца і ляціць -

Быццам вісіць на месцы.

 

Малое з вялікім,

Крывое з простым,

Нямоглае з дужым,

Нягеглае са знакамітым

Раўняе трыванне.

 

Даходзіць

Жалеза да сарцавіны,

Час - да канца.

 

62

 

Пытаецца чалавек

У жалеза:

Дзе чалавек?

А жалеза

Пытаецца: дзе жалеза? -

У чалавека.

 

То карацеюць

Між імі адлегласці,

То даўжэюць,

І то знаходзяць

Яны адно аднаго,

То трацяць:

 

Жалеза -

На скрыжаванні,

На роскрыжы -

Чалавек.

 

2000

 


1994; 1995; 1998; 2000

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая