Адгарадзіўся ад навакольля
плотам зь бярозаў і соснаў
і сам за німі стаіўся: лес.
* * *
Зьмяркаецца.
У парку крычаць вароны -
і крыкам намацваюцца, што яны ёсьць.
* * *
Такі прыгажун,
а зажураны: неба ня хоча
ужо ўсьміхацца табе, сланечнік?!.
* * *
Каменьне ў затоцы,
сярод каменьня шэрыя качкі:
восеньскі морак.
* * *
Лужына.
Захапіла жоўты кляновы ліст
і зашклілася лёдам: ейны!..
* * *
Вострыць і вострыць дзюбу
аб камень крумкач:
ну, ляці ўжо, досыць!..
* * *
Тулю да грудзей абярэмак
паленаў скалелых:
і ў нас будзе нарэшце сьвята!..
* * *
Цягнецца з коміна дым
па-над сьнежным бязьмежжам:
адна сьцяжына - і тая ў неба.
* * *
Падпіў - і трымаецца што ёсьць сілы
аберуч за бохан хлеба:
стары вясковец.
* * *
Пакінуты дом. Зазірае ў акно
галінка зялёнай вішні:
няўжо нікога?!..
* * *
Блукаю па Вільні.
На даўніх мурах
новыя назвы.
* * *
Схаваўся ў царкву ад дажджу:
знянацку
зірнулі знаўпроць сьвятыя.
* * *
Дзе - старасьць,
дзе - маладосьць?!.
Зацьвілі яблыні сёньня.
* * *
Зьбягаюць струмкі з капяжа:
у асфальце
ямачкі-чаравічкі.
* * *
І гэта адзеньне?!. -
зьдзіўляецца клён:
касьцёл у леташніх рыштаваньнях.
* * *
Сьпеў у нябёсах,
нябёсы ў сьпеве:
жаўрук.
* * *
Боязна, што заўважаць
і што не заўважаць - таксама...
Суніцы зачырванелі.
* * *
Сярод залатых дзьмухаўцоў
адзін серабрысты:
у німбе?!.
* * *
Якімі высокімі павырасталі
быльнік і лебяда:
схаваўся б!..
* * *
Вось ужо і скончыўся лівень!..
А ліст кляновы лісту
яшчэ ўсё перадае першыя кроплі.
* * *
Далёка ісьці...
Смакчу
нясьпелую сліву.
* * *
Вецьце спусьціла ў замерлы ставок
і сама замерла:
вярбіна ў сьпёку.
* * *
Вуліцу заняло
паважнае шэсьце:
ідуць з пашы каровы.
* * *
Хочаш са мной
паблукаць па сьвеце? -
Да рукава бадзяк прычапіўся.
* * *
Хаваецца дзень
У кожным
акне па сонцы.
* * *
У ржышчы жытнёвым
конік застракатаў:
яшчэ нешта не зжата?!.
* * *
Гронкі рабіны
зачырванелі:
ўгару горнецца позірк.
* * *
Стаяць на балоце стагі
з асьнежанымі вярхамі -
тутэйшыя горы.
* * *
Рэчка замерзла. Мост
зьдзіўляецца лёду:
адкуль ты ўзяўся?!.
* * *
На непарушным сьнезе
лёгкі заечы сьлед
і чалавечы - цяжкі.
* * *
Ялінка на сьметніку.
Вось і ўвесь новы год!..
Вось і ўсё навасельле!..
* * *
Зімовае сонца. Імкнуцца ўстаць
са снежнай пасьцелі
цені.
* * *
Зіхоткая поўня -
акно, зь якога
глядзіць у душу нябыт.
* * *
Парушаны мур:
чырванее жар -
цэгла ў бязмежжы сьцюжы.
* * *
Сьнежная горка.
Дзеці зьлётваюць долу -
ці, можа, увышыню?!.
* * *
Чакаем таксоўку ўначы:
чарга пасунулася на адно месца -
і то весялей.
* * *
Зімовыя прыцемкі:
снег настае,
растае навакольле.
* * *
Вісяць між пупышак
замерзлыя кроплі -
таксама вясны чакаюць?
* * *
Абудзіўся сярод суровых
зімовых палеткаў:
куды пацячэш, ручай?!.
* * *
Які пахмурлівы небакрай!..
Адтуль
вясна надыходзіць.
* * *
Чырвоны дом на гары -
уволю
я ў ім нагутарыўся б зь цішынёй.
* * *
Бягуць ручаіны
у полі - зьвівы
жвавай гаворкі.
* * *
Беляць у садзе вясновым
камлі - галіны
самі пабеляцца неўзабаве.
* * *
Вісіць і не падае
у паветры зялёны дождж:
ніцыя вербы зазелянелі.
* * *
Не бойся цячы, ручай,
у яры і ў ямы:
рака цябе не забудзе.
* * *
Вясновы самотны вечар.
Гуляе дзяўчынка
у хованкі з маладзіком.
* * *
Гром загрымеў - і адразу
аціхлі ўсе галасы:
нябёсы гавораць!
* * *
Першыя кроплі дажджу:
на плітах
азбука кропак.
* * *
Ладкуюць гнёзды гракі:
абламанае вецце
зноўку вяртаецца дрэвам.
* * *
Вішня наўскрай дарогі,
спяшайся першаю расцвісць -
у пчол абранніцай будзеш.