epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Рыбак

Аднойчы ўвосень

Восень была позняя.

Дрэвы ў Тайніцкім садзе, у верхнім скверы Крамля,— ліпы, яблыні, вішні,— былі ўжо зусім голыя, бязлістыя. Набрынялыя, пачарнелыя ад частых халодных дажджоў, яны выглядалі неяк вельмі самотна, тужліва. І толькі бярозкі — ажно хацелася зажмурыцца, гледзячы на іх,— радавалі вока сваімі белымі станамі. Сыры вецер забіраўся пад крыссе пінжака, студзіў спіну, бэрсаў валасы.

Быў якраз абед, і Вадзім, паленаваўшыся накінуць плашч (моцна ўкаранёная яшчэ з гадоў студэнцтва звычка), выйшаў на колькі хвілін у сквер. Ён любіў вось такія кароткія прагулкі тут, у саменькім цэнтры Масквы, дзе кожная пядзя зямлі, кожны камень, кожнае дрэва многае маглі расказаць і нагадаць. Ён часта прыходзіў сюды і раніцай, за якія паўгадзіны да працы, калі тут было яшчэ амаль бязлюдна, не было таго гаманліва-цікаўнага нашэсця экскурсантаў і турыстаў з фотаапаратамі, траскучымі кінакамерамі, без якога цяжка ўявіць сабе Крэмль.

Той раз, пакружыўшыся разоў колькі па дарожках-алеях, якія вясной і ўлетку ператвараюцца у суцэльны зялёны тунель, Вадзім па завядзёнцы падышоў да помніка Леніну. Заўсёды, калі ён глядзеў на гэты твор скульптара, яго не пакідала адчуванне, нібы бачыць жывога Ільіча, які пасля цяжкай, без хвіліны пярэдыху работы выйшаў-ткі з кабінета і, задаволены зробленым, прысеў адпачыць, сабрацца з думкамі на новы, заўтрашні дзень.

Вадзім, гуляючы, адчуў, як холад добра бярэ ўжо за спіну. Не ў прыклад яму дзяўчынка, гадкоў гэтак пяці-шасці, у цёпленькай з пастаўленым каўнерыкам карычневай цыгейцы, у карычневых скураных боціках, мякка тэпала па гладкім бліскучым мармуры ля помніка, мяркуючы, куды лепш пакласці невялікі, загорнуты ў цэлафан букецік гваздзікоў. Дзяўчынка раз-пораз аглядалася на маці, маладжавую жанчыну з кідкай прыгажосцю чарнявага твару. Тая стаяла трохі воддаль, на асфальтавай дарожцы, пяшчотна глядзела на дачку і кіўком галавы моўчкі паказвала, дзе пакінуць кветкі.

Вось тут, зусім нечакана для сябе, Вадзім пачуў:

— Малады чалавек, хіба ж можна так рызыкаваць здароўем?

Вадзім азірнуўся, хацеў што-небудзь сказаць і... не змог. Не змог ад хвалявання, ад няёмкасці, што зрабіў яму заўвагу чалавек, які ведаў цану свайму слову, чалавек з песні яго дзяцінства...

Гэтая кароценькая, не такая, можа, значная для каго іншага, толькі не для яго, Вадзіма, сустрэча ўзрушыла, многае нагадала.

...Далёкая адсюль, ад Масквы, закінутая сярод лясоў і палёў беларуская вёсачка. Ціхі асенні надвячорак, які наскрозь прапах гарбузамі, антонаўкамі, важкімі і сонечна-жоўтымі, як не празрыстымі, адно толькі ледзь крані чым вострым — і пырсне, запеніцца чысты, нібыта сляза, сок.

Ля стала стаіць кошык трэсак, ладны чыгунок абабранай на вячэру картоплі. Камінок яшчэ не паліцца, бо маці з бацькам і старэйшым сынам Жэнікам занятыя — носяць у склеп дакапаную ў агародзе бульбу. Маці радуецца, аж свеціцца ад радасці: яшчэ ніколі гэтулькі не накопвалі. З такой нагоды яна нават і качку зарэзала і сёння будзе смажыць: хай мужчыны ўсмак павячэраюць пасля цяжкай працы.

Вадзім з брацікам Лёвам, якому стукнула толькі два гадкі, таксама радуюцца: Вадзім — таму што сёння, пасучы на лузе свіней, знайшоў сапраўдны, з касцянымі тронкамі складанчык. Маленькаму Лёву хораша, відаць, таму што ён не адзін у калысцы, што Вадзім («Дзін», як ён называе Вадзіма) сядзіць насупраць і разгушквае калыску так, што і мама ніколі гэтак не разгушквала. І з Вадзімавых грудзей ажно просіцца, ажно рвецца песня:

 

И если враг нагрянет с новой силой —

Из ножен шашки снова вырвем вон!

Веди нас в бой, товарищ

                        Ворошилов,

Донецкий слесарь — боевой нарком!

 

 

Ён, Вадзім, кожны дзень спявае гэтую песню, бо яна надта ж хораша пасуе таму пачуццю, якое цепліцца ў ягонай душы. Ён кожны дзень таксама гойсае на вараным кані, размахвае налева і направа шабляй, і галовы ворагаў адна за адной коцяцца долу. І хай ягоны конь звычайная пакуль што палка, а шабля — адколаты і востра пагабляваны кавалак гонты,— хай усё гэта яшчэ не сапраўднае, але ён вырасце, абавязкова вырасце і будзе таксама калі-небудзь насіць шлем, а на ім жаданую чырвоную зорку...

Хіба ведаў тады малы Вадзім, што паветра было ўжо наскрозь прапахлае порахам, а на сонца, ад якога ён так радасна жмурыўся, калі раніцай, ледзь працёршы кулачком вочы, праз кухню, дзе маці пякла такія пахкія блінцы, бег басанож, у адной доўгай кашульцы на двор, што на гэтае добрае яго сонца насоўваецца з захаду чорная-чорная хмара? Нічога яшчэ не ведаў тады Вадзім. Не ведаў ні яго старэйшы брат Жэнік, не ведала мама, не ведаў нават і бацька, хоць вочы яго, як помніцца Вадзіму, рабіліся ўсё больш строгімі і трывожнымі, калі ён прыціскаўся вухам да сапсаванай радыёталеркі, што вісела на сцяне, прагна лавіў кожнае слова апошніх навін.

...Пасля была цёмная зямлянка на агародзе, пранізліва-жудасны посвіст снарадаў, халоднае дзынканне куль, атрутны дым пажараў, слёзы, смерць. Усё пераблыталася, усё звілося ў нейкі жахлівы клубок...

Вадзім убачыў ворагаў трошкі раней, чым думалася: не было ў яго яшчэ сапраўдных ні шаблі, ні шлема з чырвонай зоркай, ні патрэбных гадоў і ні сілы, каб касіць галовы чужынцаў. За Вадзіма гэта рабілі бацька і бацькі ягоных сяброў, іхнія старэйшыя браты. Крыўдна, вельмі крыўдна было сямігадоваму Вадзіму, што ён такі бездапаможны. Затое, хоць і цыкала на яго маці, каб цішэй спяваў — пачуюць фашысты, ён спяваў сваю любімую песню пра палкаводцаў, што праз рэкі і долы вядуць на ворагаў незлічонае войска. І ў гэтым незлічоным войску Вадзім бачыў і свайго бацьку, гордага, мужнага, упэўненага.

Не думаў тады яшчэ Вадзім, што жорсткая вайна назаўсёды адбярэ ў яго і бацьку, і маці, і браціка Лёву, як адбярэ яна самых родных людзей у многіх-многіх яго аднавяскоўцаў. І хоць яшчэ моцна балела хлапчукова сэрца па страчаных бацьках, востра шчымела ў ім незагойная рана, але ён незвычайна радаваўся разам з усімі вялікай Перамозе, і ўвесь час у ягонай душы гучала мелодыя той песні, якую некалі ўрачыста спяваў свайму маленькаму брату... Не пакідала мелодыя дзяцінства яго і потым...

Усё гэта праз многа-многа гадоў нагадалася Вадзіму — пры выпадковай сустрэчы з чалавекам, які раз і назаўсёды ўвайшоў у яго жыццё, стаў яго песняй, з якой ён рос, пазнаваў самога сябе, пазнаваў жывую гісторыю і героіку сваёй краіны.

...Там, ля помніка вялікаму правадыру, Вадзіму пашчасціла сустрэць Клімента Яфрэмавіча Варашылава.

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Рыбак А. Апошняя камандзіроўка: Аповесць, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 290-293
Крыніца: скан