epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Рыбак

Чалавек пад капюшонам

Ён зноў карміў чаек. Трымаў у левай руцэ ладную лусту шэрага хлеба, тонкімі жаўтлявымі пальцамі правай ламаў крышанок за крышанком і кідаў угору, трохі воддаль ад сябе. Чайкі стрымгалоў кідаліся і на ляту лавілі жаданы ласунак. Такі-сякі кавалачак падаў на зямлю, і ён ужо станавіўся здабычай тлустых, меней паваротлівых галубоў. Чаек было болей, чым галубоў.

Я ўпершыню бачыў гэтулькі чаек. Яны нерухома, як бы застылыя, стаялі ля вады і рэзка, журботна крычалі.

Усе дні бераг быў амаль бязлюдны. Нудна імжыў дождж, халодны сыры вецер біў з мора. Рэдка хто з тых, што прыехалі сюды, на Балтыку, у такую познюю восень, выходзіў на пляж.

Мне ж падабалася такая пустэльнасць. Я любіў асеннюю слату, мог цэлымі днямі блукаць па лесе ці парку, абы нагам было суха. А тут, ля мора, па ўтрамбаванай дажджамі і хваляй пясчанай палосе, хадзіць было асабліва прыемна.

Гэтага чалавека я заўсёды бачыў у адным і тым жа месцы — на невялікай, акружанай скрозь неглыбокай вадой выспачцы, якая, калі не было хваль, вабіла да сябе белым зярністым пяском. Мужчына быў адзеты зручна: у гумовых ботах, у доўгім, ніжэй каленяў, брызентавым балахоне з капюшонам на галаве. Пад балахонам, адчувалася, была цёплая паддзёўка.

Чалавек, скарміўшы хлеб, доўга яшчэ стаяў на выспачцы, мыляў нечага бляклымі губамі, доўга глядзеў у бок мора. Пасля, схамянуўшыся, выходзіў на аблізаны хваляй бераг. Падэшвы яго літых ботаў пакідалі на вільготным пяску цяжкі, няўстойлівы, улукаткі след. Прайшоўшы так ля саменькага краю вады, можа, з паўкіламетра, чалавек збочваў у нешырокі прагал між шчыльных курортных забудоў, па дашчаных сходках падымаўся некуды наверх, дзе мясціўся гарадок.

Надвечар ён зноў з’яўляўся на выспачцы, зноў карміў чаек. І так кожны дзень, уранні і ўвечары.

Я пазнаў яго не адразу — гэтак чалавек змяніўся за гады. Пазнаў жа па адметнай звычцы мыляць губамі, ад чаго твар яго неяк выцягваўся, брыдчэў, на ім набухалі цяпер ужо не такія тугія скулы. Пазнаў, лепей прыгледзеўшыся, па вачах, у якіх не было ўжо ранейшай здаволенасці, той учэпістай сілы, што тады так трымала нас у палоне.

 

Яго чамусьці не любілі ў школе, хоць фізіку, якую ён вёў, вучылі, можа, болей старанна, чым які іншы прадмет. За вочы яго не называлі, як усіх настаўнікаў, па імені і па бацьку. Ён меў трывалую мянушку — Ампер. Бог ведае хто і з якой нагоды пачапіў чалавеку гэтую мянушку.

Аўдзей Іванавіч — Ампер — вылучаў мяне сярод астатніх. Ён ва ўсім ставіў мяне ў прыклад, хоць я не адчуваў за сабой ніякіх асаблівых заслуг, і мне было няёмка перад маім новым класам. Праўда, фізіку я ведаў няблага, асабліва добра рашаў задачы. Гэта быў мой любімы канёк, на якім я тады-сяды апярэджваў нават выдатніка Толю Бокуця. Аднак калі мяне Аўдзей Іванавіч хваліў, то на Толю, хоць і не шкадаваў яму высокай адзнакі, глядзеў неяк паблажліва, насмешліва, як бы што хочучы сказаць на яго конт. Толя невядома чаго ніякавеў і, хутчэй сеўшы за парту, стараўся схавацца за чыю-небудзь спіну.

І зусім ужо нясоладка было таму, хто па фізіцы хранічна «кульгаў» альбо па той ці іншай прычыне не выканаў задання. Тады Аўдзей Іванавіч, паставіўшы ў журнал тлустую двойку ці нават «кол», хвілін колькі з асалодай пацяшаўся над сваёй ахвярай. Не, ён не крычаў, нічога грубага, рэзкага не казаў. Ён падчапляў няўзнак, як бы спадыспаду, лоўка манеўраваў, падбіраўся, крадучыся, пад саменькую дыхавіцу, але не біў напавал, не. Ён, як ні адзін настаўнік, многа ведаў пра нас, пра ўсе нашы грахі, і для яго было вялікай асалодай хоць трошкі пашчыкатаць нам нервы, асабліва хто правініўся, таму ўсе яго і баяліся болей, чым самога дырэктара.

А што да грахоў, то грашыць мы, дзесяцікласнікі, ужо ўмелі. У тым гарадку, дзе я вучыўся раней, па дзевяты ўключна, хлопцы былі нейкія не такія — больш дробныя, як бы зацюканыя, шыліся па сваіх кутках, многія жылі ў далёкіх вёсках і кожны дзень, у замець ці дождж, мералі дарогу да школы і ад школы назад, дадому.

Тут жа было вялікае мястэчка, двароў, можа, на шэсцьсот — семсот, па-над плыткай, спакойнай ракой, у падкове вясёлых сасновых бароў, узлескаў. Людзі славіліся як дбайныя гаспадары, рыбаловы, сплаўшчыкі лесу. І дзеці, змалку прывучаныя да працы на паветры, былі шырэйшыя ў касці, вышэйшыя, выдавалі сталейшымі. Дзяўчаты таксама — дзябёлыя, спраўныя — выгадна розніліся ад маіх ранейшых аднакласніц.

Мяне, навічка, які прыехаў чортведама скуль, хлопцы, насуперак маёй боязі, прынялі як раўню, аддана і шчыра пачалі далучаць да ўсіх спакус даросласці. Яны дзівіліся, што я не ўмею ні гарэлкі піць, ні курыць, ні мацюкнуцца па-мужчынску нават.

— Можа, і дзеўкі ні адной яшчэ не пацалаваў? — неяк спытаў у мяне, калі мы гурмою стаялі на мосце, узваліўшыся на балясы, Валодзя Родзік, першы наш завадатар вечарынак, выпівак, іншых забаў.

Я нешта ў апраўданне прамямліў, густа наліўшыся бураковай чырванню. Хлопцы рагаталі, ажно жываты надрывалі, пацяшаючыся з мяне, але я не злаваў на іх, не. Мне было добра і надзейна з імі...

Зараз, з вышыні пражытага, аглядваючыся ў мінулае, я трошкі ніякавею ад згадкі, які я сапраўды быў недарэка ў параўнанні з новымі маімі сябрамі. Не з-за сарамяжлівасці сваёй, не таму, што я да многага не дайшоў быў яшчэ, не спазнаў тое, што спазналі яны, мае равеснікі. Недарэчна я выглядаў у сваіх спробах раўняцца з імі, прынараўлівацца да звычак, густаў таго ж Валодзі Родзіка, Яські Шакурнага...

Помніцца мне хата Колі Горчака, дзе мы выпівалі, перш чым пайсці на танцы на суседнюю, бліжэйшую ад ракі, на высокім пясчаным узлобку, вуліцу. Там у лесніка Барухі, які аддаваў сваю адзіную дачку замуж, другі дзень гуло вяселле, казалі, што музыку прывезлі недзе ажно з-пад Баранавічаў.

Была нядзеля. Хіліўся на вечар, набрыньваў шэрасцю кароткі асенні дзень. Пад акном, ля самай шыбы, на галінцы голага бэзу цілікаў распэтланы ветрам верабей. У хаце шэрасць была спарнейшая, гусцейшая. Яна паўзла з печы, завешанай кужэльнай даматканай дзяружкай, з куткоў, спрэс застаўленых шыракалістымі фікусамі ў квадратных драўляных кадках на пафарбаванай у карычневае падлозе.

За сталом нас сядзела чацвёра, разам з Колем. Валодзя Родзік і Яська Шакурны выпілі ўжо па поўнай, як вока, гранёнай шклянцы нейкай сівухі і цяпер смачна хрумсталі салёныя гуркі, нарэзаныя ў адзін сподак з салам. Шклянак было дзве, і Яська да краёў наліў мне і Колю.

Коля не змусіў доўга чакаць. Ён стукнуў донцам аб маю шклянку і без пярэдыху выліў у рот, ажно ні капелькі не скрывіўшыся, усю гарэлку.

Чарга была мая. Я вельмі хацеў есці, ад голаду і слабасці ў мяне кружылася галава. Я ніколі не расказваў, не прызнаваўся хлопцам, як жыву і жыў дасюль. Яны ведалі, бадай, толькі тое, што я з зарэчча, з вёскі Лукашкі, гэта за пяць кіламетраў адсюль, што там замужам старэйшая мая сястра, якая пасля смерці маткі ўзяла мяне да сябе, пакуль не скончу школу. Вось і ўсё, што яны ведалі. Я ж нікому больш нічога пра сябе не расказваў. Навошта? Каму цікава ведаць пра тое, што сястра будуецца, будуецца цяжка, з апошняй натугай і лічыць кожную капейчыну, што яна прадала ўжо ўсё, што можна і няможна было прадаць. І таму мы сядзім на нішчымніцы. Швагер мой, заняты ад цямна да цямна чорнай работай, уступіў мне хадзіць у школу вось гэты адзіны цэлы свой пінжак, шыты з крамнага сукна яшчэ да вайны.

...Неяк зусім нядаўна, перабіраючы старыя паперы, я натрапіў у адной з папак на падлінялую, з адарваным унізе, справа, ражком, фотакартку, на адвароце якой хімічным алоўкам было накрэмзана (няўжо тады такі брыдкі быў мой почырк?): «Ліст. 1952 г.». На фотакартцы я пазнаў самога сябе тае пары ў кампаніі Валодзі Родзіка, Колі Горчака, Сані Клыпы, які сядзеў на адной парце, ля акна, з Яськам Шакурным. Яські з намі не было. Помніцца, ён моцна параніў, ездзячы з братам у лес па дровы, нагу і тыдняў колькі ляжаў у бальніцы, на першым часе нават без прытомнасці.

Здымаліся мы на высокім ганку нашае школы, у перамену. Як цяпер помніцца, я зарадзіў тады новую плёнку, крокамі змераў адлегласць, навёў што трэба — вытрымку, дыяфрагму — на сваім лядашчым, бацькава яшчэ памяць, фотаапараце і папрасіў, не помню ўжо каго, стаць акурат на адмеранае і пстрыкнуць затворам.

Фота выйшла трохі касабокае, але хлопцы былі і такому рады, бо на той час зняцца ў вёсцы была ого якая раскоша. І вось, гледзячы цяпер, вачамі сталага ўжо чалавека, на гэты здымак, я не мог стрымаць усмешкі са свае няўклюднасці, несамавітасці ў параўнанні з высокім, наглядным і ў твары, і ў апратцы Валодзем Родзікам, першым сэрцаедам сярод нашых дзяўчат, з набычаным, з густой і жорсткай, як шчотка, шавялюрай шыракаплечым Колем Горчакам, сіле якога мы ўсе зайздросцілі, бо ён клаў на лапаткі амаль кожнага, хто лез з ім барукацца.

Добра глядзеўся на фота і Саня Клыпа, гультаяваты, але разумны і дабрадушны наш «артыст», як усе называлі яго за ўменне смяшыць і навыдумляць табе хоць «сорак бочак арыштантаў».

І якім жа занядбалым, нягеглым у гэтай кампаніі выглядаў я, апрануты, на сённяшні толк, ну нібы курам на смех: стаптаныя з брызентавым верхам чаравікі, шырокія ў калашыне, сама жыта туды насыпаць, штаны з малескіну і вось той шваграў суконны пінжак, якім я нават ганарыўся — спераду, на грудзях, дзве кішэнькі з гузікамі, мешкаватыя плечы, доўгае, амаль што не да каленяў, крыссе. І да ўсяго гэтага мой востры, з запалымі шчокамі, твар, задуменна-стомлены позірк, скіраваны невядома куды і на што...

Так я выглядаў у тую трудную і адначасна шчаслівую пару свайго жыцця, новых змен, новага сяброўства. І можна зразумець, чаму я ўсё стараўся рабіць, як хлопцы, прынароўліваўся да іх: мне карцела хутчэй быць сталым, дужым, самастойным.

А вось чарку не хацелася браць. Аднак у той дзень, у хаце Колі Горчака, я мусіў не аднеквацца болей ад выпіўкі. Хопіць з мяне пацвельвацца! Што я — горшы за ўсіх? Ці ўжо апошні слімак?

Я знарок дачакаўся, каб выпіў спярша Коля, а тады ўжо, хай бачаць усе, я таксама пакажу, што на нешта-ткі здатны.

Аднак хлопцы на мяне нібы і забыліся. Яны апетытна пераціралі зубамі цвердаватае, прыхопленае спорным ужо марозікам, сала і, разгарачаныя, спрачаліся з-за нейкай драбязы. На мяне нават ніхто і не глянуў, нібы я не ў адной з імі кампаніі, нібы і не стаіць нечапанай мая шклянка... Не, сябры мае бабры, не дам я вам болей выскаляцца! Годзе, павыскаляліся ўжо...

Нядбайна, як робячы што вельмі будзённае, звыклае, я падняў свой посуд з сівухай у выцягнутай руцэ, нібы любуючыся, колькі секунд патрымаў яго перад вачамі.

— Ну, то будзьма,— я зухавата паднёс шклянку да губ і, не дыхаючы, пачаў піць. Гарэлка апякла, сутаргава сцяла горла, нібы хто сунуў туды распалены прэнт. Слёзы густа сыпнулі з вачэй.

— Ура! — зароў, невядома чаго ўзрадаваны, Коля Горчак і моцна ляпнуў мяне па плячы.— Маладзец, Вадзім! Урэшце і ў табе мужчына праклюнуўся...

Падахвочаны хлопцамі, я так-сяк пракаўтнуў самагонку. Яська Шакурны хуценька падаў мне кольца гурка. Закусіўшы, я адразу пачуў жывы гарачы ток ва ўсім целе. Мяне ажно распірала радасць, што я выпіў сам, без прынукі, і выпіў нароўні з другімі.

Цяпер з поўным правам я мог жаваць і сала. Яно здалося мне смачнейшым за ўсё, што я еў дасюль. Хлеб таксама быў круты, пахкі, на кляновым лісці. Жывуць жа людзі! Я даўно не еў ні сала, ні такога вось пахкага хлеба...

Мне наогул стала хораша, як ніколі раней. Добра, што ў мяне ёсць шчырыя сябры! Я гатовы з імі хоць у ваду, хоць у агонь... Я ўсё для вас зраблю, хлопцы, што ні папросіце. Далібог, зраблю! Можна, заўтра я вазьму свой фотаапарат у школу і наздымаю вас дзе хочаце і колькі хочаце. Можна, га, хлопцы? Вы смеяцеся, не верыце... Ну, то пабачыце, у мяне ёсць яшчэ цэлая плёнка, я спецыяльна пакідаў яе для вас. А можа, што іншае скажаце зрабіць? Я ўсё зраблю. Далібог, зраблю! Мне так хочацца ўсіх вас пацалаваць. Га, хлопцы? Не верыце, што я так вас люблю? Калі сёння на танцах пачнецца якая бойка, можаце на мяне смела разлічваць, хлопцы... Вы рагочаце... Ну, як мне даказаць сваю адданасць? Як, скажыце? Ага, вы не верыце мне, вы ўсё рагочаце...

Як было далей, я дрэнна помніў ужо...

 

На другі дзень мяне наведаў пасля школы Валодзя Родзік. Убачыўшы яго на парозе старой нашае хаты, якая мала не па вокны асела ў грунт, уся спарахнела, я зніякавеў, гатовы быў яшчэ болей ушыцца, уціснуцца ўсім целам у рыпучы, праляжалы да дзірак, з настаўбучанымі голымі спружынамі, матрац. Ад згадкі пра ўчарашняе, ад брыдкасці за зробленае ў мяне — я добра ведаў сваю слабасць — пабраўся плямамі твар. Лепей бы праваліцца скрозь зямлю, лепей памерці!..

Я схаваў далей, пад коўдру, туга забінтаваную левую руку, якая ажно смылела агнём.

— Ого, дык у цябе, відаць, жар, факт,— не ўтрываў нарэшце Валодзя, калі сястра са шваграм пайшлі да суседзяў парэзаць карове сечкі. Ён пасунуў табурэтку бліжэй да ложка, на якім я ляжаў, памацаў мой лоб.— А рука як?.. Як гэта ты напароўся на той нож?

Я насцярожана лавіў позіркам кожную рыску на Валодзевым твары і, не адчуўшы ніякай насмешкі, акрамя дабраты і спагадлівасці, трохі расслабіўся, паспакайнеў. Зноў, перасільваючы боль, выцягнуў левую руку наверх коўдры.

— Ат, зажыве. Сястра рабіла нейкую прымочку, казала, што будзе спачатку пячы, а потым загоіцца... Так па-дурному ўсё атрымалася... Нельга мне было піць.

— Мабыць, нельга,— пагадзіўся Валодзя, і мяне ўкалола, балюча кранула лёгкае Валодзева прызнанне, што я гэткі бездапаможны, непаўнацэнны.

Валодзя адразу адчуў (дзякуй табе, дружа) гэтую ўва мне непамыснасць, рашыў змякчыць долю маёй віны:

— Самагонка, ліха на яе, не зусім людская. Факт. Сам ледзьве вычухаўся. Вырашылі з хлопцамі болей і кроплі ў рот не браць. І нож быў... ой які ж люты. Мы пасля пробавалі. Стары Горчак мала не паўдня правіў, тачыў лязо... Кабана меўся смаліць і скрэбці.

— Ну дык і што? — перабіў я, зразумеўшы, куды ён хіліць.

— Як што?! — не здаваўся, даводзіў сваё Валодзя.— Такім нажом, факт, па неасцярозе можна не тое што парэзаць руку, але і ўсю адхапіць...

Я болей не пярэчыў Валодзю, не перапыняў яго далікатнай гаворкі. Але, надзіва, мне і рана нібы не стала так пячы, і ў касабокай нашай хатцы як усё роўна пацяплела, хоць вецер шавяліў на акне марлевыя фіранкі, а ў куце дык і зусім заінела, і язык мой трохі развязаўся.

— Дзеўчыну хвацкую стрэў,— даверліва шапнуў Валодзя, азірнуўшыся, ці хаця б хто не чуў. Але па-ранейшаму мы былі ўдвох, акрамя хіба сестрынога галапуза, які зараз соладка пасопваў у мудрагелістай — шваграва старанне — калысцы-гушкалцы.— У вашых Лукашках, у сямігодцы, вучыцелькаю яна. Прыгожая...

— Ватрушка?

— Якая ватрушка? — Валодзя валавока ўталопіўся на мяне, і я зноў пазайздросціў ягонай зграбнасці, пагляднасці.

— Галіна Паўлаўна Ватрушка. Прозвішча яе такое,— нарэшце заўсміхаўся я, бо гаворка набывала інтымны і цікавы накірунак.— Малодшыя класы вучыць. Летам аднекуль прыехала.

— Ага, Галя яе завуць,— пацвердзіў Валодзя.— Скуль ты яе ведаеш?

— Сватацца хадзіў,— зусім ужо развесяліўся я.

— Не, дапраўды?

— З-за яе брыгадзір наш ажно чэзне. Гаспадарку да ручкі давёў, запіў, небарака. А яна на яго нуль увагі. Можа, злых языкоў баіцца — муж жа ў арміі, другі год служыць.

— То і няхай служыць,— белазуба зарагатаў Валодзя і самаздаволена пацягнуўся.

Ён зноў выскаліў свае белыя, як долькі часнаку, зубы.

І праўда, Валодзя з Галінай Ватрушка пачалі сустракацца, і я нехаця стаў даверанай асобай абаіх. Каму-каму, Валодзю я не мог адмовіць у паслузе. А яна, гэтая паслуга, заключалася ў тым, што кожнае суботы, адмераўшы ад школы да Лукашак свае пяць кіламетраў, я заглядваў, балазе было па дарозе, у прысадзісты, нядаўна перакрыты свежай гонтай, будынак, дзе мясцілася хата-чытальня. І не толькі хата-чытальня. Большую палавіну будынка з асобнымі сенцамі займала крама, даўно, праўда, зачыненая на сем замкоў, бо лысы, адкормлены, як вяпрук, крамнік Боўцік нарэшце-ткі, добра пагрэўшы рукі на чужым, быў выкрыты нечаканай рэвізіяй і цяпер сядзеў пад следствам.

Чытальня ж працавала больш-менш спраўна. Загадчыца яе, дабрадушная кульгавая Волька Календа (выдумлялі, што нехта сурочыў яе, і ў дзяўчыны пачала сохнуць нага) пасля смерці бацькоў засталася адна, мела ў Лукашках ці не самы лепшы, з высокім зашклёным ганкам, пад бляшаным дахам, пяцісценак, такую-сякую гаспадарку. У гэтай Волькі і жыла з мужам, маладым калгасным заатэхнікам, пакуль таго не забралі ў армію, Галіна Ватрушка. Праз Вольку, барані бог каб ніхто не бачыў, я штотыдзень, а то і часцей насіў ад Валодзі пісулькі яе кватарантцы. Што ў тых паперках, я не ведаў, бо яны былі старанна заклеены. Часам праз тую ж Вольку перадавала адказы і Галіна, але яна не хавала напісанага. У вырваным з сшытка і складзеным на салдацкі манер трохкутніку часцей за ўсё было некалькі слоў, кароткіх і незразумелых, як рэбус, хоць рэбус, пры старанні, мог бы адгадаць кожны, а вось што мела наўме Ватрушка, ведаў адзін толькі Валодзя. Таму ён так таямніча-загадкава пасміхаўся, калі мы часам, падагрэтыя гэтай загадкавасцю, распытвалі пра яго, як ён сам любіў казаць, шуры-муры. Аднак Родзік пакуль што нічога не казаў, па-ранейшаму скаліў зубы, а пасля і зусім згубіў галаву, адбіўся ад нашае кампаніі.

Не ведаю як хто, а я нямала-ткі зайздросціў Родзіку і ў сардэчных справах, хоць саромеўся самому сабе прызнацца ў гэтым. Не свяціла мне ў той час сонца і ў каханні, ой як не свяціла. Хлопцы нездарма пацвельваліся, што, пэўна, не пацалаваў дасюль ні аднае дзяўчыны.

Дык вось: грашыць, хто на што здатны, мы, дзесяцікласнікі, былі майстры не апошняга гатунку. І Валодзя Родзік, і Коля Горчак, і Яська Шакурны, і многія іншыя, з кім я вучыўся, з кім сябраваў, і блізка не цягнулі на тое, каб хоць калі-нікалі адзначыў іх добрым словам Ампер. Хлопцы здорава ламалі галаву, якім чынам кожны іхні крок, кожнае маладое іх свавольства, як дбайна ні хавалася ўсё ад непажаданага вуха і вока, станавіліся вядомымі Аўдзею Іванавічу. Тым болей здзіўляла, што настаўнік фізікі жыў ад школы няблізка — на дарогу ішло, мы ведалі, траха не цэлая гадзіна ў адзін бок. Хто і калі віжаваў за намі і нагаворваў Амперу, заставалася загадкай.

Пасля ўрокаў Аўдзей Іванавіч звычайна не бавіўся ў школе — спяшаўся дадому, на хутар. Іншыя ўсе настаўнікі былі прыезджыя і жылі на месцы. Адны, займеўшы сям’ю і цвёрда разлічваючы на сталую, заўсёдную тут працу, купілі ці агоралі сваімі сіламі хату; другія —■ такіх было болей — наймалі чысты пакой і сталаваліся ў гаспадароў.

Ампер жа нікуды не выязджаў і ніскуль не прыязджаў: ён лічыўся тутэйшым, хоць і не з гэтага, дзе школа-дзесяцігодка, мястэчка.

Пляткарылі чортведама што пра яго. Нібыта ён наадрэз адмовіўся ссяляцца са свайго хутара і ў яго з мясцовым начальствам канфлікт; яшчэ нібы тры яго ваўкадавы, невядома кім спушчаныя з ланцугоў, траха не да смерці пагрызлі ўпаўнаважанага з раёна, які прыязджаў падпісваць на новую пазыку. Ад непрыемнасці Ампера, маўляў, выбавіла толькі золата, якога ў яго процьма закопана недзе ў зямлі. Казалі яшчэ, што ў доўгія зімовыя ночы Аўдзей Іванавіч палюе на ваўкоў і з гэтага занятку мае багаты кус у дадатак да свайго золата і свае палучкі.

Праўда, усур’ёз гэткіх размоў пра яго ніхто не прымаў. Мы цвёрда ведалі толькі тое, што пра нас Ампер начуўся болей, чым мы ўсе разам пра яго аднаго. Таму яго так і баяліся, таму ў такой пакоры і трымаў ён кожнага, хто меўся вучыцца ў школе і сядзеў на ягоных уроках.

Я ўжо казаў, што да мяне, навічка, Аўдзей Іванавіч ставіўся па-асабліваму, і яно, такое стаўленне, нямала бянтэжыла. Я любіў фізіку, а любіць прадмет і неяк стараніцца, не заўважаць таго, хто вядзе, выкладае гэты прадмет,— хіба ж можна так?! Я баяўся, нямала баяўся і адначасна нават хацеў, каб Ампер тады-сяды і мяне падчапіў, укалоў, занёс у свой чорны спіс, тым самым ураўнаваўшы з астатнімі. Праўда, я ведаў, што падазраваць мяне ў якой-небудзь змове, хаўрусе з ім ніхто ў класе і не падумаў бы, бо яшчэ да майго прыходу ў гэтую школу Аўдзея Іванавіча лічылі ніколечкі не лепшым і не горшым. Але ўсё роўна я адчуваў сябе ніякавата.

Няпэўнасці між намі першы рашыў пакласці канец сам Аўдзей Іванавіч. А было гэта так.

У той дзень выбраўся я з мястэчка пазнавата. Адразу пасля ўрокаў нас паклікалі на камсамольскі сход, на якім, акурат перад выхадным днём, многім намыльвалі шыі, многіх добра-ткі распякалі і за двойкі, і за спазненні, і за іншыя большыя ці меншыя правіннасці.

На дварэ мяло. Снегу і дасюль было ўжо багата, а ён усё сыпаў і сыпаў, і ў гэтай мяцелічнай каламуці ледзь-ледзь віднеліся слупы. Усцяж іх, трохі лявей, я і кіраваўся ў свае Лукашкі. Па слупах я толькі і ўгадваў дарогу, ці, лепш сказаць, накірунак дадому, бо ніякай дарогі не намацваў. Там-сям я ўвальваўся ажно па калені, і ў калошы, хоць абвязаў іх ля шчыкалатак прыхопленымі для гэтага матузкамі, а таксама ў лядашчыя мае чаравікі, якія яшчэ ад ранку так і не высахлі, набіваўся сухі снежны пыл. Неяк таямніча-вусцішна гулі правады. Але я любіў гэты іхні гуд. Я спрабаваў зразумець, адгадаць таямнічы сэнс іх гаворкі. Здавалася, што з нейкай далёкай далечы, дзе я ніколі яшчэ не быў, яны нясуць мне добрыя весткі, некуды зманліва клічуць і вабяць. Мне ўяўляліся вялікія сонечныя гарады, якія я ўбачу, абавязкова ўбачу, вось толькі хай закончу школу. Мо буду вучыцца і працаваць пасля ў такім горадзе, памагу нават сястры падняцца на ногі, бо ёй жывецца зараз ой як нясоладка.

Ад радасных, узнёслых думак ці, можа, ад ветру, які разам са снегам біў у твар, у мяне нагарнуліся на вочы слёзы. Але чамусьці мне было ад іх і лепей, і цяплей нават, і не так хацелася есці.

Абярнуўшыся назад, каб паправіць на шыі шалік, я праз замець згледзеў невыразную, як бы размазаную постаць, што ўслед за мною мерала мае сляды. Падумаў адразу ж пра Юзіка Квашу з яшчэ далейшай, чым мая, вёскі Падзярыны. Так далёка з гэтага, зарэчанскага, боку штодзень зімою хадзілі ў старэйшыя класы адно я ды Юзік. Юзік, праўда, вучыўся ў дзевятым. Яго фотакартка на школьнай дошцы красавалася сярод фота іншых выдатнікаў. Нярэдка, калі аднолькава канчаліся ўрокі і я нідзе не затрымліваўся, мы ішлі з ім дадому разам. Юзіка цікава было слухаць. Ён складаў вершы, яны змяшчаліся ў школьнай насценгазеце, неяк адзін верш надрукавала і эмтээсаўская газета. Але больш ён пісаў заметкі пра наш калгас, бо іхнія Падзярыны нядаўна далучылі да нашае «Перамогі».

Спакойны, трохі нават флегматычны, Юзік проста на вачах мяняўся, калі ўсчынаў гаворку пра кнігі, якіх прачытаў, дзе толькі мог прыдбаць, безліч. Асабліва ён любіў дэкламаваць вершы Някрасава, Коласа. Тады ён рабіўся смешна рухавы для свае куртатай фігуры, размахваў рукамі, часта расшпільваў і зашпільваў гузікі светлай, у пасачку, кашулі, у якой звычайна хадзіў у школу. Часам жа ён быў сумны, задуменны, і з яго цяжка было выціснуць слова.

Я любіў Юзіка і ціха зайздросціў яму, бо ён быў не толькі больш за мяне начытаны, але і смялейшы ў справах дарослых. Неяк, расказвалі, ён здорава выступіў на калгасным сходзе, дзе было высокае раённае начальства. Пасля гэтага, можа, праз месяцы два, у нас змянілі старшыню калгаса. Сястра неаднойчы дома казала, што новы старшыня — чалавек з галавой. Калі ўсё пойдзе так, як ён павёў зараз, то восенню людзі будуць ужо нешта мець на працадні. Юзіка паважалі, а той-сёй і баяўся.

Упэўнены, што гэта Юзік таксама цярэбіцца пасля школы дадому, я прыпыніўся, пачакаў. Калі чалавек параўняўся, я пазнаў у ім... Аўдзея Іванавіча. Гэтая нечаканасць мяне нямала збянтэжыла. Я нават не адразу адказаў на яго вітанне, бо сёння ў нас не было ўрока фізікі, і ў школе я не бачыў Аўдзея Іванавіча.

Аўдзей Іванавіч убачыў маю збянтэжанасць і, ідучы ўжо поруч, робячы новы след, растлумачыў:

— Даводзіцца кругаля даваць, дзе дзенешся. Уранні напрасткі, праз лес і поплаў, думаў, і не дайду... Гэтулькі і не помню, каб калі намятала. А сюдой, хаця і даўжэй на якое паўгадзіны... Усё ж якая ні ёсць сабе, а дарога...

Ампер збоку пільна, уедліва паглядзеў на мяне з-пад заячай шапкі, якая была нацягнута на саменькія вочы, невядома чаго дробненька засмяяўся. Мяне ад гэтага смеху ажно перасмыкнула. Падумаў, што ён смяецца і з маіх чаравікаў, і з падвязаных унізе штаноў, і наогул з усіх маіх, не для пабочнага, тым болей настаўніцкага, вока, выцягнутых на свет белы прыстасаванняў, каб бараніцца ад холаду, снегу, ветру. Я радаваўся, што хоць нам нядоўга разам ісці. Вунь там, ля пагорка, дарога развілоўваецца: мая — угору і прама, яго, вузейшая, санная, збочвае ўздоўж слупоў налева. Я нават наддаў ходу, каб хутчэй дапясці да таго пагорка. Аўдзей Іванавіч, як бы ўлавіўшы мой настрой, крыўдліва сказаў:

— Што ты за хлопец, не разумею цябе. Бяжыш, цураешся некага... А я табе дабра хачу, больш нічога. Папомніш маё слова. Не казаў бы так, каб не бачыў твае выгады ў блізкім часе. Ты ж, са сваімі здольнасцямі, смела можаш на фізмат ісці, у інстытут. І паступіш... Яны ж ніколечкі, вот, не раўня табе, дружкі твае новыя, якія збіваюць, я ведаю, цябе з тропу...

— Ніскуль ніхто мяне не збівае,— выціснуў я нарэшце першае, што прыйшло ў галаву, каб толькі не маўчаць, нешта адказаць Амперу.

— Ведаю, усё ведаю,— зноў дробненька засмяяўся Аўдзей Іванавіч, і я сапраўды падумаў, што ён усё ведае: і пра Валодзю Родзіка, нават пра гэтую новую пісульку, якую я нясу, грэю ў сваёй кішэні, каб вечарам праз кульгавую Вольку перадаць яе Галіне Ватрушка, і пра маё недарэчнае выпіванне ў Колі Горчака.

Я хацеў зноў нешта сказаць Амперу, агрызнуцца нават, бо пачуваў сябе як пабіты. Але, на шчасце, у рэшце рэшт мы дабрылі да яго павароткі. Можна было ўжо смела кінуць «дабранач» і тэпаць сабе аднаму. Я гэтак і зрабіў, аднак Аўдзей Іванавіч прытрымаў мяне за рукаў.

— Пачакай,— неспадзявана прапанаваў ён.— Вось што — прыходзь заўтра да мяне дамоў. З вашых Лукашак якраз паўз наш хутар возяць торф. Папытаеш — і кожны возчык пакажа.

— Я?.. А што рабіць?..— заспеты такой нечаканасцю, пралепятаў я, не ўзяўшы ў толк, што хочуць ад мяне.

— Прыхапі свой фотаапарат. Паздымаем, пасля будзем карткі рабіць. У мяне недзе ёсць праявіцель, і фіксаж, і ўсё астатняе. Галоўнае — сфатаграфаваць... У цябе ж уга як добра атрымліваецца,— пахваліў ён, і я падзівіўся, скуль яму вядома, што я фатаграфую. Здэцца ж, нідзе асабліва не выстаўляўся, не свяціўся.

 

Нядзельная раніца выдалася ціхая, ядраная. Пасля снежнай, дзён колькі амаль запар, каламуці хораша было бачыць чыстае неба, вясёлкавае, пад нізкім сонцам, ззянне снегу, яго сакаўное хрустанне пад нагамі.

Хутар Аўдзея Іванавіча сапраўды быў ад Лукашак не так ужо і далёка, бліжэй, чым мне нават да мястэчка. І санная дарога — пасля завеі возчыкі прабівалі яе нанава — віхляла вужакай, ледзь прыкметна выдзяляючыся на белым, яшчэ не зацярушаным торфам, полі, зусім побач, метраў якіх за сто ад агароджанага густым высокім частаколам пляца. На ім густа стаялі старыя яблыні, грушы, іншыя дрэвы, цяпер усе маўкліва затоеныя, сцішаныя ў сваёй таемнасці.

Адсюль, дзе ссадзіў мяне са скрыні-саней дзядзька Панас, следу на хутар не было. Я і не стаў яго шукаць, папраставаў як ёсць — па нерушы. Каля нізкіх варотцаў, на цвёрдым, спыніўся, збольшага атрапаў рукавіцаю снег. Начуўшыся гэтулькі рознага пра Ампера, я баяўся ступіць на падворак. Узяў нават страх: а што, калі мяне чакае нейкая пастка, хітра пастаўленая для такога дурня, як я, які папёрся самому чорту на рогі... Вось зараз выскачаць ваўкадавы — дзе ж, як не тут, у бязлюддзі, каля лесу, ім быць — і ад мяне толькі костачкі застануцца...

Сапраўды, забрахаў нейкі сабака і кляцнуў ланцугом. Я, ні жывы ні мёртвы, адзервянела стаяў, не адважваючыся адчыніць варотцы, не ведаючы, што мне далей рабіць.

Аднак доўга чакаць не давялося. На крыты саломай ганак, ахінутая вялікай, як посцілка, рабой хусткай, выбегла жанчына. Пагнаўшы сабаку ў будку, сказала, каб я смела заходзіў. Яна не папытала, хто я такі і да каго. Відаць, Аўдзей Іванавіч бачыў мяне праз акно і паслаў сустрэць.

Мне ніколі раней не даводзілася быць у хутарской хаце. У той старане, дзе жыў я дасюль, пакуль не памерла маці, хутароў наогул не было. Ва ўсякім разе, калі і каровы пасвіў, і ў грыбы далёка бегаў, я нідзе не страчаў, каб вось так, як тут, зусім адасобленыя ад усіх, жылі людзі. Калі сёння вырашыў ісці да Ампера, мне, акрамя ўсяго іншага, карцела паглядзець зблізку, на свае вочы, і ягоную хату, і парадкі ў ёй, і ўсё іншае.

Аказалася многа прасцей і больш звычна, чым я маляваў у сваёй галаве. І хата як хата, не горшая, але і не лепшая ад большасці вясковых, і ўсярэдзіне можна было б, як для настаўніка, што-кольвечы зграбнейшае мець.

Аўдзей Іванавіч, з закасанымі за локаць рукавамі, поркаўся нечага ў прыёмніку на батарэйках. Ля яго, на чыстай анучцы, ляжала цэлая кучка шурупчыкаў, шасцяронак, іншых прыгожых штуковін. Я стаў побач.

— Хацелася б гэтую скрынку наладзіць,— сказаў, не гледзячы на мяне, Аўдзей Іванавіч.— Нядрэнна паслухаць...

— Давайце памагу мо,— падахвоціўся я і асекся, прыкусіў язык, бо Ампер памыляў губамі, іранічна-насмешліва зіркнуў на мяне, адразу паставіў на месца, астудзіў маю запальчывасць. «Вот жа чалавек,— падумаў пра яго.— З ім так і пільнуйся, каб не апёк ці самому не апячыся».

Пакуль гаспадар валаводзіўся з нейкім правадком, я пачаў разглядаць фотакарткі, якімі, у зашклёных рамках і без іх, было занята амаль паўсцяны. На многіх з гэтых фота я пазнаваў Аўдзея Іванавіча ў самых розных месцах, розных позах, з нязменнымі толькі скуламі на хударлявым твары, усё тымі ж іранічна-прыжмуранымі вачамі. Карткі не вызначаліся — я ўжо няблага разбіраўся ў гэтым — высокай якасцю. Больш было цьмяных, нібы мурзатых, нават як след не паглянцаваных. Адразу кідалася, што рабіў іх няўмека.

Аўдзей Іванавіч, так і не саўладаўшы з прыёмнікам, сярдзіта плюнуў, накрыў яго абрусам і падаўся ў кут, дзе стаялі вёдры,— спаласнуць рукі. Яму бегма кінулася паліць з конаўкі тая самая кабета, якая мяне стрэла, відаць, жонка. Яна была паглядная з твару, яшчэ досыць маладжавая. На фотакартках, рэдка дзе адна, а часцей з Аўдзеем Іванавічам, яна выглядала не такой зграбнай.

— То як — рушым на двор? — Аўдзей Іванавіч, ззуўшы галёшы, насунуў на ногі валёнкі, апрануў кажух. Я, пакуль ён шукаў на печы рукавіцы,— там нехта ціха кхекаў, курыў самасад,— стаяў ужо ў парозе. Уся мая апратка была на мне, толькі шапку, разам з фотаапаратам, трымаў у руках.

Мне не вельмі хацелася куды ісці. Аднак і ў хаце адчуваў сябе скована. Я зноў вінаваціў сябе, што так легкадумна падрадзіўся прыперціся сюды, на гэты вось хутар, як быццам мяне тут чакалі не дачакаліся, нібыта дома няма што рабіць... Вось толькі пстрыкну разоў колькі, пакуль стае чыстай плёнкі. Хіба ж ад яго, Ампера, адчэпішся, калі ён гэткі, па ўсім бачна, аматар здымацца?

На падворку Аўдзей Іванавіч доўга не затрымаўся. Сфатаграфаваўшыся на ганку, пасля каля сцяны, між двух вокан, нават каля будкі, у пары з сабакам, які ўсё ж не цягнуў на ваўкадава, хоць і стараўся, ажно захліпаўся ў злым брэху, Ампер накіраваўся да лесу. Мне няёмка было сказаць, што ў мяне парадкам ужо акалелі ногі. Абуты ўсё ў тыя ж самыя лёгкія лядашчыя чаравікі, я, як ні цэліў патрапіць у шырокія, ад валёнак, сляды Аўдзея Іванавіча, усё ж не-не дый чэрпаў усярэдзіну марозны сыпучы снег, яшчэ больш студзіў пяткі.

Вярнуліся мы назад, калі скончылася ўся плёнка, і я ўжо, як гусіны пуп, ссінеў, ажно і слова не мог па-людску сказаць. У хаце было цёпла, пахла тытунём, нейкімі сухімі травамі. Але ўсе гэтыя пахі перабіваў адзін, ад якога густа пачыналі цячы слінкі,— пах разапрэлай у печы капусты. Чуваць, са здорам ці, можа, і з мясам. І калі Аўдзей Іванавіч сказаў, што хутка пачнём праяўляць плёнку,— завёўшы мяне ў бакоўку, ён перш-наперш завесіў тоўстай коўдрай акно, затым пачаў рыхтаваць хімікаты,— я ўжо рады быў, што не трэба нікуды спяшацца, што тут, можа, і падсілкуюся. Гэта ж якраз вось полудзень, нават трохі ўжо і пераваліла. Пэўна ж, зараз яны сядуць абедаць. А настаўнік, як ні кажы, на тое ён і настаўнік — есці абы-што не стане. Тым болей што сёння якраз нядзеля. Калі ж, як не ў нядзелю, пацешыць сябе чым-небудзь смачным?..

Я нават абрадаваўся, калі, даручыўшы мне аднаму праявіць плёнку, Аўдзей Іванавіч на жончын покліч хуценька падаўся на кухню. З бакоўкі добра было чутно, як хораша, меладычным звонам дзвыгнула засланка, зашастала нешта ў чалесніку, як з бадзёрым шорганнем аб под выцягваліся на прыпек чыгункі.

— Можа, і ты ўсё ж скараскаўся б? — гучна, разлічваючы, відаць, на тугое вуха, пакрычала некаму гаспадыня. З печы той нехта забухаў, як у пустую бочку, зайшоўся ў кашлі. Пачулася бурчанне, якое, як я ні напінаўся, нельга было разабраць. «А дзе ж іхнія дзеці? — чамусьці падумалася такое.— Хіба ж няма ў іх дзяцей?»

Плёнку, патрымаўшы яе пэўны час у праявіцелі і пасля збольшага даўшы сцячы вадзе, я павесіў на нітачцы сушыцца. Рабіць больш не было чаго, і я зноў прыслухаўся, што адбываецца на кухні.

А там прыглушана гаманілі, як бы спрачаліся. Праз хвіліну-другую сцішанасці да майго слыху дайшло, што гаспадары ўжо ядуць, бразгаюць аб посуд лыжкамі... Ага, так і ёсць — абедаюць смачна і сытна. І ніхто, я зразумеў гэта канчаткова, мяне не запросіць, не пакліча за стол. Ну і пэўна ж! Хто я ім? Брат, сват, іншы важны госць? Такіх гасцей у іх — уга! — лічыць не пералічыць. Хіба ж кожнаму дагодзіш, кожнага начастуешся?..

...Візіт мой на хутар помніўся доўга, вельмі доўга. Нешта як бы зрушылася ўва мне, я пачаў, незразумела чаму, недалюбліваць урокі фізікі, тады-сяды нават прапускаць іх. Мне цяпер як ніколі хацелася, каб Аўдзей Іванавіч перайначыўся да мяне, быў як з іншымі хлопцамі, і таму знарок часта не рыхтаваў заданняў. Аднак Ампер, нібы адчуўшы такі мой настрой, не выклікаў мяне ні да дошкі, ні адказваць вусна. Ён зноў колькі разоў, пераняўшы мяне аднаго на калідоры ці на дварэ, спрабаваў першы загаварыць, зноў агітаваў, каб я добра такі падумаў пра свой будучы лёс.

Лёс гэты, гэтае маё будучае шчасце ён звязваў, абавязкова звязваў з маім паступленнем на фізмат. Як довад, казаў пра мае здольнасці па гэтым прадмеце, пра тое, што з мяне спакойна мог бы праз колькі гадоў атрымацца не горшы, чым ён сам, настаўнік, а можа, калі пашанцуе, і які вучоны-фізік.

Але мне ўжо чамусьці не хацелася, каб шанцавала. Хоць я цвёрда і не вырашыў яшчэ, куды падамся пасля сканчэння школы, аднак і фізіка больш не вабіла.

На той час кожны ў класе шмат гаварыў пра свае планы. Гэтага вымагала пара. Шчыравала ўжо вясна, дружная, напорыстая, з шырокім, ледзь акінуць вокам, разлівам ракі. Я на тыдзень-другі, пакуль не спадзе вада, папрасіўся ў хату да Валодзі Родзіка. Сястра дала харчоў, а Валодзева маці падрадзілася гатаваць і для мяне.

Жыццё ў мястэчку мне падабалася. Падабалася самастойнасць, незалежнасць, тое, што нікуды не трэба спяшацца пасля заняткаў. Пад’еў, зрабіў што трэба на заўтра — і воля вольная. Хочаш — блукай без дай прычыны па вуліцах, а то бяжы на школьны двор, які пад сонцам цалкам ачысціўся ад снегу, каб згуляць у валейбол,— старэйшыя школьнікі, а то і проста местачковыя хлопцы дацямна не вылазілі адтуль, кідалі праз сетку мяч. Аднак больш цягнула на мост, месца нашых заўсёдных зборышчаў.

Цяпер, у паводку, на мосце было асабліва цікава. За сваё жыццё я ніколі не бачыў гэткага мора вады. Перабрацца на сухое можна было толькі на лодцы, ды і то плысці не меней як гадзіну. Гэтымі перавозкамі, па вельмі пільнай каму патрэбе і, вядома, за немалыя грошы, займаўся местачковец Фанька Дзюба, нізенькі хударлявы, але дужы і ўвішны мужчынка з даўно няголенай рыжай бародкай, за што хлапчукі на мосце часта дражнілі яго «казлом». Фанька, смешна выкідваючы наперад кароткія свае ногі, спрытна ганяўся з шастом за якім-небудзь шалапутам, але, ці не хацеў, ці, можа, не ўдавалася, ніколі нікога не даганяў.

У тыя ж дні, недзе акурат надвечар, Валодзя Родзік заманіў мяне зайсці разам да нашае хімічкі Раісы Васільеўны, якая толькі першы год тут настаўнічала і кватаравала непадалёку ад яго хаты. Я трохі ўжо ведаў трагедыю Раісы Васільеўны. Ведаў, што яна ўсю вайну была партызанкай, мае ордэн, што муж яе, партызанскі камандзір, загінуў за які тыдзень да вызвалення іхняй мясцовасці ад ворага. Загінуў пры смелым, раптоўным нападзе на буйны фашысцкі гарнізон... Пасля яна жыла ў свякрухі, настаўнічала там, гадавала сваю крывінку, свайго сынка Віціка, які і кроплі пабраў ад бацькі, рос такі ж няўрымслівы, такі ж сарвігалава. Гэта і загубіла дзіця.

Хлапчукі яго ўзросту натрапілі недзе ў лесе, ускрай балотца, на не прыбраныя яшчэ нямецкія міны, пачалі, далей ад вушэй і вачэй дарослых, узрываць іх. Адна з мін, хоць і касцёр шугаў што трэба, і была кінута ў саменькі жар, ніяк не ўзрывалася. У хлапчукоў лопнула ўсякае цярпенне чакаць, хавацца, угнуўшы голаў, за пагоркам. Упэўніўшыся, што касцёр перагарэў і патух, яны вырашылі выкінуць сапсаваную міну, пакласці другую. Але ў апошні момант камандзірства над усімі ўзяў Віцік. Загадаўшы гэткай жа, як і сам, малечы ляжаць і не варушыцца, ён адзін рушыў з тоўстым кіем да вогнішча...

Праз хвіліну паветра страсянуў выбух...

Таму Раіса Васільеўна і напрасілася ў наш раён, у нашу школу, толькі каб як мага далей ад таго жахлівага месца смерці сынка.

Раіса Васільеўна, калі, пастукаўшыся, мы зайшлі ў яе пакой, трохі засаромелася, нават зачырванелася. Акрыўшыся зверху паліто, яна ляжала на кушэтцы з высокай, у рост чалавека, спінкай, на якой сіметрычна, злева і справа, былі пароблены палічкі. З палічак акуратна звешваліся вышываныя сурвэткі.

— Вой, а я думала, што гаспадыня,— завойкала, замітусілася Раіса Васільеўна, прымаючы паліто, папраўляючы покрыўку на кушэтцы.— Праходзьце, хлопчыкі, праходзьце. А ў мяне сёння нешта галава тлумная, дык я, лежабока, і кінулася трохі на кушэтку...

Яна схавалася на хвілін колькі за шафу і адтуль ужо выйшла ў вязанай ваўнянай кофце, з высока ўзбітай прычоскай. І кофта і прычоска адразу памянялі яе, зрабілі нейкай надта ж маладой, вабнай, не такой, якой мы бачылі яе ў школе. Я нямала яшчэ падзівіўся, як хутка могуць перайначвацца жанчыны. Гэта ж трэба такое! Мне было прыемна глядзець на яе, слухаць яе мяккі сакаўны голас.

— Давайце, хлопчыкі, калі не спяшаецеся, будзем піць чай. Я хутка згатую на прымусе, вось пабачыце.— Раіса Васільеўна, не даўшы нам апамятацца, выбегла недзе на кухню.

Чай быў з цукрам у вялікіх, паколатых нажом кусках, з пячэннем. Пасля чаю Раіса Васільеўна завяла ручкай патэфон, паставіла пласцінку — паланез Агінскага. Музыка пяшчотна і трывожна брала ў палон, будзіла і хвалявала думкі, цэлы рой самых розных, самых нечаканых думак. Пласцінка, відаць, вельмі падабалася і Раісе Васільеўне, бо яна таксама сядзела сцішаная, задуменная, з бліскучымі вільготнымі вачамі.

Калі скончылася гранне, Раіса Васільеўна пачала расказваць пра вайну, пра яе жахі, пра блізкіх сяброў, з якімі змагалася, многіх з якіх, на вялікі жаль, няма ўжо на свеце... Пра сябе яна нічога не расказвала, і мы з Валодзем ні пра што не пыталіся, ведаючы яе свежы боль, яе незагойную рану.

Пайшлі мы дадому позна.

З тае пары я і адзін, і з хлопцамі часта пачаў бываць у Раісы Васільеўны. Заглядвалі сюды і дзяўчаты. Неяк само сабой атрымалася, што ўсе нашы самыя гарачыя спрэчкі, размовы пра жыццё, пра сяброўства, каханне, планы на далейшае перанесліся ў гэты вось пакойчык — да Раісы Васільеўны. Мы гэтак жа пілі чай, слухалі любімыя пласцінкі, абмяркоўвалі прачытаныя кнігі. Я ўжо і ўявіць не мог, што можна было жыць неяк іначай. Крыўдаваў нават, што многія, у тым ліку Валодзя, і раней, яшчэ напачатку зімы, падахвоціліся хадзіць да новай настаўніцы хіміі і не маглі мне падказаць, далучыць да сваёй кампаніі. Ну і што з таго, што я далёка жыву? Не ўвярэдзіўся б, бегаў бы, хоць раз на тыдні, і зімою...

Пасля экзаменаў за дзесяты я ўжо дакладна вызначыў, куды падам дакументы. Хачу быць таксама хімікам! Тым больш у газеце вычытаў, што ў Мінску спецыяльны і факультэт ёсць такі, што туды прымаюць усіх, хто жадае, хто мае схільнасці да гэтай навукі. Я цвёрда вырашыў не адступацца ад задуманага. Праўда, Раіса Васільеўна, калі я падзяліўся з ёю гэтай сваёй задумкай, параіла мне яшчэ і яшчэ раз добра ўсё ўзважыць, прыкінуць, ці правільна раблю, каб пасля не каяцца, не шкадаваць. Аднак я не адступіўся.

У канцы жніўня, пасля здачы ўступных экзаменаў, мне прыйшла з Мінска паперка, што я прыняты і з першага верасня магу пачынаць сваё новае, ужо студэнцкае жыццё. Разам са мною на хімфак паступілі Галя Кілбас, наш школьны камсорг, дачка галоўнага ўрача местачковай бальніцы, і Саня Клыпа. Не пашанцавала Валодзю Родзіку. Ён недабраў аднаго бала і змушаны быў забраць назад дакументы. Коля Горчак здаў экзамены ў фізкультурны. У іншыя інстытуты паступілі яшчэ пяць нашых выпускнікоў. Ніхто толькі, у тым ліку і выдатнік Толя Бокуць, не схацеў падавацца на фізмат.

Аўдзей Іванавіч, расказвалі пасля ўжо хлопцы, ажно ўчарнеў ад злосці, што ніводзін чалавек, нават самыя мацнейшыя па фізіцы, не паслухалі яго парад, не пайшлі па ягонай сцежцы...

Вядома, цяпер, з гадамі, калі за плячамі ёсць пэўны жыццёвы вопыт і нейкая мудрасць, добра разумееш, што тая наша няўвага да фізікі была неразумным сродкам помсты настаўніку, які вёў гэты прадмет. Калі правільней сказаць, нейкая дурнота сядзела ў нашых галовах. Хіба ж не маглі мы неяк інакш выказаць свае адносіны да Аўдзея Іванавіча, да яго вечных кепікаў, хітрасці, злосных прыдзірак?!

Што тычыцца мяне, то ўжо праз якога паўгода зразумеў: усё ж я пагарачыўся. Аўдзей Іванавіч меў-такі рацыю, вызначаючы мне будучую прафесію. Не прыкарэла ў мяне душа да хіміі, хоць і ведаў яе таксама няблага. Не бяруся меркаваць, як яно было б далей, можа, я і пакаяўся б, папрасіўся, пакуль не позна, памяняць факультэт, перавесціся на фізічны, калі б мяне не аглушыла, не агламошыла вестка з мястэчка, з нашае школы.

Гэтую вестку прынёс мне ў інтэрнат, дзе я цяпер жыў, Коля Горчак. Я сама наважыўся павячэраць. На патэльні падсмажыў лівернай каўбасы, нацадзіў з тытана, што стаяў у бакоўцы на другім паверсе, поўны чайнік вару. У нашым пакойчыку на чатырох было зараз ціха (хлопцы пайшлі ў суседні інтэрнат, дзе пасяліліся дзяўчаты, на танцы), і я збіраўся, падсілкаваўшыся, спакойна парыхтавацца да заўтрашніх практычных заняткаў.

Коля быў са зграбным фанерным, пафарбаваным у карычневае, сундучком, з наладаванай нечым паўнюткай авоськай.

— Ці не на спаборніцтвы зноў? — спытаў я, бо ведаў, што Коля ўжо некалькі разоў ездзіў у розныя гарады мерацца сілай з такімі ж, як сам, здаравякамі.

— Ды не, толькі што з поезда,— па голасу, па настрою Колі я здагадаўся, што нешта здарылася.— Бацька цяжка хварэе. То я адпрасіўся з інстытута і некалькі дзён пабыў дома, памог маці з дровамі на зіму.

За кубкам вару (знайшлося трохі і яблычнага павідла) Коля расказаў, што месяц таму назад асудзілі Валодзю Родзіка. Ён моцна абразіў, пераняўшы на мосце, Аўдзея Іванавіча. Помсціў за плётку, якую Ампер распусціў па ўсёй школе, па ўсім мястэчку пра Раісу Васільеўну.

— Плётку пра Раісу Васільеўну? — пабялеўшы ад хвалявання, перапыніў я Колю.

— Ага, і пра Раісу Васільеўну, і пра цябе вось, і пра Валодзю. Нібыта вы... Ну, як табе лепш сказаць? Нібыта вы з Валодзем усю вясну і лета і днявалі і начавалі ў Раісы Васільеўны...

— Як толькі ён гэта мог? — не пытанне, а глухі крык вырваўся з маіх грудзей.— Як ён гэта мог?! Заўтра ж напішу Раісе Васільеўне пісьмо.

Коля мяне яшчэ болей дабіў:

— Не трэба нічога пісаць. Раіса Васільеўна звольнілася і паехала ў нейкі іншы раён. Адразу ж пасля таго, на другі ці трэці дзень, як адбыўся суд і не ўдалося абараніць Валодзю.

 

...Тую і многа яшчэ начэй запар я не мог спакойна спаць. Ныла, балела сэрца, лезлі ў голаў розныя думкі. Вельмі шкада было Родзіка. У тым, што так няўдала ўсё пачалося ў яго, нейкую віну я ўскладаў і на сябе. Чаму занядбаў свайго сябра, першы не напісаў яму? Чаму ні разу не наведаўся ў мястэчка? Быў жа не так даўно ў сястры — на Кастрычніцкія святы. То хіба ж цяжка было прабегчыся, адведаць і Валодзю, і Раісу Васільеўну, і таго-сяго яшчэ?.. Думаў, што паспеецца, вось толькі агледжуся, асталююся як след на новым месцы, увайду ў нейкі рытм. А ці ёсць ён, гэты рытм? Ці будзе? Жыццё ж, аказваецца, падносіць такія сюрпрызы, выкідвае такія штучкі, што адно мацней трымай свае нервы, шырэй расстаўляй ногі, каб не ўпасці ад якой-небудзь неспадзеўкі...

Вось і ўсё, што нагадалася мне з далёкіх ужо маіх дзён пры выпадковай сустрэчы з чалавекам у брызентавым балахоне пад капюшонам, у літых гумовых ботах. Чалавекам, якога я некалі добра ведаў. Ніколі не думаў, што сустрэну яго. Ды дзе? Вось тут, ля мора?! Што яму тут трэба?

Пасля я ўспомніў: нехта неяк казаў, што Аўдзей Іванавіч, застаўшыся зусім адзін пасля смерці жонкі, прадаў новую хату і напрасіўся дажываць свой век да гэткай жа адзінокай сястры, якая яшчэ перад вайной асталявалася ў адным з гарадкоў на беразе Балтыкі і мела там кватэру.

Увесь той час, пакуль цягнуўся мой адпачынак, мяне не пакідала гнятлівае адчуванне, нібы я дакрануўся да нечага забароненага, балючага, таго, што неяк само сабою з гадамі забылася, развеялася ў жыццёвых буднях, клопатах, стаілася на самым сподзе душы.

Чамусьці адразу страцілася тая заўсёдная цікавасць мая да мора, да новых мясцін, прытупілася, прыглухла прага некуды ісці, спасцігаць штосьці новае. Дні, шэрыя і змрочныя дасюль, сталі яшчэ болей «ціснуць» на псіхіку, і я пачуваў сябе бы затраўлены звер. Хацелася дадому, да сям’і, да звыклых, хоць і не заўсёды радасных сваіх абавязкаў...

У гэтым аморфным стане не-не дый згадвалася сустрэча з Аўдзеем Іванавічам, хвіліны, калі ён карміў чаек. Тады не выходзіла з галавы адно: як склалася ў яго далей, пасля таго як назаўсёды пакінулі мы парог школы і жыццё параскідала нас каго куды? Ці адбыўся які зрух у ягонай душы?

Я пытаўся ў самога сябе і не знаходзіў адказу.

А Балтыка па-ранейшаму накочвала на бераг свінцова-халодныя хвалі, па-ранейшаму неяк вельмі тужліва крычалі чайкі...

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Рыбак А. Апошняя камандзіроўка: Аповесць, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 296-316
Крыніца: скан