epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Рыбак

Дакор

Чаму ўжо колькі гадоў не даюць мне спакою тыя дзве адзінокія жаночыя постаці?

Часта, вельмі часта, нават і ноччу, толькі заплюшчу вочы, прыходзяць яны мне на памяць. Тады я доўга кідаюся ў ложку, ніяк не магу заснуць. Хваравітая ўражлівасць? Непатрэбная сентыментальнасць? Не, бадай, гэта нямы дакор самому сабе, свайму сумленню, хоць, здэцца, і віны маёй ніякай няма. А можа, гэта нешта большае, чым віна? Хто ведае...

Нехта казаў: ты, чалавек дваццатага веку, можаш усё — злётаць на месяц і зоркі, заглянуць у таямніцы жыцця і смерці, нырнуць у вечны змрок акіянскіх глыбіняў. І яшчэ многае-многае ты можаш. А вось ці ўмееш ты, мінаючы стрэчнага чалавека, не таўхануць знячэўку яго, ці ўмееш прачытаць, што напісана на ягоным твары: боль, радасць, смутак, гора?

...У парны ліпеньскі надвячорак са сталічнага порта «Паўднёвы» адплыў наш невялікі, але прыгожы і ўтульны цеплаход «Сяргей Ясенін». Добра было, пасля неспакойнага рабочага дня, пасля гарадской мітусні, тлуму моўчкі стаяць на палубе, дыхаць не надыхацца свежым пругкім ветрам, любавацца вадой, што пенілася за кармою, заміраць ад захаплення ўсім тым, што адкрывалася воку. І адчуваць, што ты на некалькі дзён вольны як птушка: можаш спаць колькі спіцца, чытаць, гуляць у шахматы, бавіць час у рэстаране, быць донжуанам.

Але мне нічога гэтага не хацелася. Я аблюбаваў ціхі, найменей людны куточак на верхняй палубе і глядзеў. Вось з-за павароткі марудна выплыла, з саборамі і цэрквамі на высокім пясчаным касагоры, вялікае сяло. Сонца ўжо схавалася за шчотачку далёкага, на схіле зямлі і неба, лесу, але промні яго яшчэ плавілі золата купалаў і крыжоў.

Адразу за сялом напярэймы цеплаходу невядома адкуль вынырнулі дзве лодкі. У мяккім вечаровым сутонні добра відаць былі загарэлыя мускулістыя плечы і рукі, якія з усяе сілы налягалі на вёслы, пашлавата-разудалыя ўхмылкі на ўвесь твар.

— Гэй, ты, тармазі,— склаўшы рупарам далоні і стаўшы на ўвесь рост, выгукнуў даўгалыгі «пірат» з першай лодкі.— Хіба не бачыш, што мы плывём.

Другі дзяцюк, ажно заглушаючы аднастайны шум вінтоў, задаволена і смачна рагатнуў на ўсё наваколле.

І цеплаход затармазіў, прыпыніў свой плаўны і мяккі бег, прапускаючы амаль перад самым сваім носам зламыснікаў на лодках. Яны, аддаляючыся, яшчэ доўга пацяшаліся і гігікалі.

Вось злева па борце выплыла ў неба поўня, і таямніча-трывожнае святло яе зіхатлівымі пырскамі разлілося на вадзе. Наперадзе, над лясістым абрывам, мільганула вогнішча кастра. Нехта, удвух ці ўтрох, мітусіўся каля яго, можа, завіхаўся з вячэрай, можа, проста падкладваў дровы.

А цеплаход наш бег і бег наперад, скрозь густую парнасць ночы, скрозь ружовасць туманоў у нізінах, колькі разоў праціскаўся праз вузкія каменныя сцены шлюзаў, спяшаючыся хутчэй выйсці з Масквы-ракі на большы прастор, на паўнаводную чараўніцу Аку.

Я вельмі шкадую, што праспаў гэты момант. Недаравальна праспаў. Амаль цалюткую ноч бадзяўся па палубе, усё баяўся ўпусціць што-небудзь цікавае. Пасля спусціўся да сябе ў каюту, сеў на ляжанцы каля акна перадыхнуць каліва і... прахапіўся, калі было ўжо відна. Там, дзе павінна ўзысці сонца, неба гарэла ціхім вясёлкавым полымем. Спачатку я здзівіўся, не ўбачыўшы звычных абрысаў берага. Пасля, нібы апантаны, кінуўся на палубу, на маё ўчарашняе месца, і сэрца захлынулася ад радасці: якая веліч, якая водная роўнядзь! Ну, вядома ж: гэта яна, Ака, калыска дзяцінства чалавека, на радзіму якога спяшаецца вось гэты цеплаход.

Было яшчэ вельмі рана, усе спалі ў душных сваіх каютах-каморках, і мне трошкі шкада было тых, хто не бачыць усяго гэтага прыгоства. Ветру, нават пяшчотна-трапяткога яго дотыку, не адчувалася зусім, і вада наперадзе, перад цеплаходам, была люстраная, таксама як бы сонная. Там-сям моўчкі сядзелі ў лодках адзінокія рыбакі. Відаць, уранні добра клявала, бо яны нават і галавы не падымалі, каб стрэць-праводзіць наш цеплаход. Унізе, чуць злева, нешта моцна плюхнулася ў ваду, і я ажно здрыгануўся. Ці не шчупак часам або сом? Але праз секунду якую ўжо смяяўся: нехта зверху, мне не было відаць, спусціў на вяроўцы апаласнуць анучу, якою цёр палубу.

Да Канстанцінава мы падышлі ў самую макаўку дня. Маленькі дашчаны прычал, да якога бокам, нібы крадучыся, падплываў наш цеплаход, быў пусты. Толькі дзве старэнькія жанчыны сцішана стаялі на крайку гэтага прычала і неяк даверліва-радасна глядзелі, як мы, турысты, з гіканнем скакалі на бераг і, ледзь не збіваючы з ног і іх і саміх сябе, наперагонкі беглі ўгору, туды, дзе прасторна разляглося сяло.

Вось яна, тая хата, адкуль надвечар, стомленая жыццём і клопатамі дня, выходзіла за сяло ў старэнькім шушуне жанчына, што падарыла свету вялікага паэта. Яна з надзеяй углядалася ў дарогу: а можа, сёння шчасце абняць сына сагрэе яе сэрца? Дзе ён, па якіх сцежках-пуцявінах ходзіць? Хоць бы быў жывы і здаровы...

Вось тая цэркаўка, ля якой у цяні шапаткіх бяроз сядзеў ён, глядзеў у засмужана-сінія заокскія далячыні, марыў, шаптаў радкі сваіх бессмяротных вершаў:

 

Несказанное, синее, нежное...

Тих мой край после бурь, после гроз,

И душа моя — поле безбрежное —

Дышит запахом меда и роз.

 

У цёмных сенцах вунь тая каса, з якой Сяргей Ясенін на пароме перапраўляўся ў духмяна-хмельнае бязмежжа лугоў...

Кожная рэч — дарагі напамінак і памяць.

...Назад, да ракі, на цеплаход, які чакаў нас, мы ўжо не беглі так бесклапотна, так дурасліва, як некалькі гадзін назад. Нешта новае, няўлоўна-сумнае, спакойна-разважнае можна было прачытаць на тварах турыстаў. Надта ж мала было адведзена нам часу, каб уволю набыцца і наглядзецца на ўсё. Кожнага, бадай, непакоіла думка, як хутка давядзецца (і ці давядзецца?) зноў пабыць тут, у Канстанцінаве. Мы моўчкі стаялі на палубе і, хоць нас ніхто не праводзіў, доўга махалі рукамі, пакуль і дашчаны прычал, і царква там, на гары, у сяле, зусім не зніклі з вачэй.

Калі ззаду засталося ўжо нямала кіламетраў, я зусім выпадкова пачуў, як адзін з матросаў, што, закурваючы, прыпыніліся побач, нібы між іншым кінуў:

— А старушэнцыі не прыйшлі сёння праводзіць. У абед, калі падплылі, то стаялі на прычале...

— Ты пра каго? — спытаў, заняты нечым сваім, шыракагруды, ажно трашчала напятая ад мускулаў паласатая майка, ягоны напарнік.

— Пра каго ж яшчэ? Пра сясцёр Ясеніна...

Я болей не слухаў. Я быў аглушаны тым, што пачуў. Неяк адразу знік той добры настрой, якім жыў апошнія суткі. Крыўдна стала да болю ў сэрцы. Колькі чытаў пра іх, колькі марыў пабачыць на свае вочы іх, самых родных і блізкіх паэта, можа, нават пагутарыць з імі, і калі надарыўся такі выпадак — я, нібы той сарвігалава, пранёсся міма, гатовы збіць, зваліць іх з нядужых ног. Дзікун, самы сапраўдны дзікун...

Я паспрабаваў апраўдаць сябе, што не пазнаў іх, бо ніколі з імі не бачыўся, што ва ўсім вінаваты арганізатары нашае паездкі. Але на сэрцы ўсё роўна лягчэй не стала.

Амаль усю дарогу назад, ці стаяў я на палубе, абедаў у рэстаране, ці чытаў тое-сёе ў цеснай каюце, бачыліся мне гэтыя прыгнутыя цяжарам гадоў і перажытым дзве адзінокія жанчыны на спякотным прычале. Я ўяўляў, як раненька-рана, калі яшчэ да ўзыходу было нямала часу, а там, дзе павінна паказацца сонца, у небе шырыліся, гусцелі барвы, яны — Кацярына Аляксандраўна і Аляксандра Аляксандраўна — былі ўжо на нагах, рыхтаваліся да сустрэчы з братам-цеплаходам. Я нібы наяве бачыў, як спускаліся яны з высокай гары, асцярожна, каб, крый божа, не спатыкнуцца, мацалі нагамі добра ўбітую сцежку-пятляпку. Тую самую сцежку, на якой многа гадоў назад яны, маладыя, узнёсла-акрыленыя, імкліва збягалі да ракі і, шпурнуўшы на прысак-пясок паркалёвыя сарафаны, з ходу кідаліся ў пяшчотную плынь.

Сёння ж, прыклаўшы казырком далонь да вачэй, каб не сляпіла сонца і каб бачыць трошкі далей, яны ўглядаліся наперад. Там, з засмужанага воднага прастору, вось-вось пакажуцца знаёмыя рысы цеплахода, які стаў дарагім і як бы ўжо родным для іх. Яны з радасцю чакалі і мяне, і ўсіх-усіх, хто быў на гэтым цеплаходзе. Чакалі, як жаданых гасцей, і як госці мы сталі ім блізкімі і дарагімі.

І вось як я аддзячыў за ўсё гэта, як уважыў іх клопат, неспакой іхні і сівізну!

1970


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Рыбак А. Апошняя камандзіроўка: Аповесць, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 225-229
Крыніца: скан