epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Рыбак

Кветкі Пушкіну

Яны тут заўсёды — свежыя, жывыя, акуратна пакладзеныя на гладкі бліскучы мармур, да саменькіх яго ног. Кветкі за тое, што ён быў, хадзіў па гэтай зямлі, за тыя радасць і ўзнёсласць, якія ён выпеставаў у тваёй душы.

 

И долго буду тем любезен я народу,

Что чувства добрые я лирой пробуждал...

 

І ўдзячная чалавечая памяць мо як ніколі раней цягнецца сёння да паэта. А ён стаіць, натхнёны і горды за сваіх нашчадкаў.

Кветкі ля помніка. Пад сонцам і ў слоту, у зімовую сцюжу і ў нярэдкую ліпеньскую задуху, калі і асфальт, здаецца, вось-вось расплавіцца...

Мяне заўсёды здзіўляла, што я ні разу не напаткаў таго, хто першы паспяваў пабываць тут, ля помніка. Аднак кожнае раніцы, ідучы на работу праз Пушкінскую плошчу, я прыкмячаў ужо новы букет ці букецік, на якім, здаецца, яшчэ не высахла раса. Пасля ўжо на тыя першыя кветкі клаліся новыя, і так было заўсёды.

Я чамусьці вельмі хацеў на свае вочы ўбачыць таго, каму ўдавалася апярэдзіць усіх, хто ішоў, выпадкова ці знарок, да свайго паэта. Тады я прыязджаў сюды, на Пушкінскую, на гадзіну ці дзве раней, як толькі дазваляў гарадскі транспарт. Але... заўсёды спазняўся. Кветкі ўжо ляжалі і, здаецца, яшчэ хавалі цяпло чалавечых рук.

Я садзіўся на ярка афарбаваную лаўку, якая прыгожа, паўкругам упісвалася ў дэкаратыўныя кусцікі, падстаўляў сонцу твар. Гэтая гадзіна бяздумнай ленасці давала энергіі, нават натхнення на цэлы дзень працы. Вось яшчэ чаму, думаў я, так многа людзей тут, на плошчы Пушкіна. І яшчэ заўсёды ўспаміналася мне адна сустрэча.

Было тое ў Літаратурным інстытуце, недалёка адсюль, на Цвярскім бульвары.

Буяла вясна. Дрэвы і кусты на бульвары, у інстытуцкім двары ахінуліся маладым, ліпкім яшчэ лісцем. Студэнты мо лепш чым хто ведаюць, як нялёгка ў такую пару ўседзець у аўдыторыі. Так і вабяць, клічуць да сябе трава, вось гэтыя дрэвы, сонца, якое не скупіцца на ласку і ўсмешку. А тут табе сюрпрыз: у такі дзень, ды яшчэ пасля заняткаў, проша, васпане, у залу, на сустрэчу — з Арнольдам Ільічом Гесенам. І зусім зразумела, што многія не вельмі хацелі туды ісці. Тым больш што мала хто знаў яго асабіста. Адно вядома было — ён стары чалавек, пушкініст.

Арнольд Ільіч прыйшоў не адзін — з жонкай. Невысокага росту, з жывымі вачыма — яна неяк адразу ўнесла ў аўдыторыю вясновы настрой.

Гледзячы на іх і слухаючы іх — Арнольда Ільіча і яго жонку, верную ягоную спадарожніцу і памочніцу, ніколечкі нават не верылася, што за плячыма ў абоіх доўгае жыццё. Вяселлі — сярэбранае і залатое — даўно асталіся ва ўспамінах. Кожнаму з іх было на той час пад дзевяноста. Міжволі думалася: з якой жыватворнай крыніцы чэрпаюць гэтыя людзі сілу, жаданне працаваць не пакладаючы рук і дамагацца свайго, скуль бяруць яны і праносяць праз доўгія-доўгія гады свае той цудадзейны бальзам, які жывіць і падтрымлівае іх нязгасную любасць адно да аднаго? Бо без яе, без сардэчнай прыхільнасці, чалавек, пэўна, згубіў бы крылы, счэзнуў.

Ну, пэўна ж: гэтая жыватворная крыніца і цудадзейны бальзам — паэзія чалавека, каму без астатку прысвяцілі яны сваё жыццё, сталі глыбокімі і тонкімі даследчыкамі.

Кветкі Пушкіну... Сціплы пучок далікатных падснежнікаў ці букет строгіх гладыёлусаў, гліняны гаршчочак пяшчотных гартэнзій ці галінка духмянай чаромхі — усё гэта ад сэрца, ад самых патаемных куточкаў душы. І ці не таму так цяжка застаць ля помніка таго, вельмі ранняга ці занадта позняга прахожага, хто нясе і давярае паэту сам-насам і свае глыбока прытоеныя боль і смутак, і нясмелае яшчэ, але салодка-трывожнае пачуццё першага кахання, і ўзнёслую споведзь грамадзянскіх пачуццяў. Ну і, вядома, кветкі — зусім каб някідка, без ценю паказной урачыстасці, таксама сам-насам.

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Рыбак А. Апошняя камандзіроўка: Аповесць, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 289-290
Крыніца: скан