epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Рыбак

«Механізатар»

Неяк у сярэдзіне лета эшалон беларускіх камсамольцаў ехаў у далёкі Казахстан. Нас клікалі на помач — там спела, налівалася сонцам пшаніца, і нашы рукі, наша маладая сіла былі вельмі патрэбны.

Лета стаяла сухое і спякотнае. Мы ехалі доўга. Міналі сотні розных станцый, назваў якіх мы дагэтуль нават ніколі не чулі. Ужо тысячы кіламетраў аддзялялі нас ад роднага дома. Днём пад тахканне колаў мы ўсаджваліся кругам і спявалі пад гармонік нашага веселуна Толіка Белага, а вечарам марылі пра тое, як хораша будзе ўсім разам жыць сярод стэпу, у палатках.

На адным з прыпынкаў, ужо амаль на граніцы з Казахстанам, Толік выбег з вагона, каб набраць у кацялок свежай сцюдзёнай вады. Нас усіх мучыла смага, бо было вельмі горача. Але Толік чамусьці бавіўся. І калі паравоз даў гучны свісток, папярэджваючы, што ад’язджаем, мы пачалі не на жарты хвалявацца. Толіка, аднак, не было. Поезд крануўся з месца. І тады мы ўбачылі, як з-за вугла запыленага станцыйнага будынка выбег Толік і, асцярожна махаючы кацялком, з усіх ног пусціўся даганяць нас.

— Хутчэй, хутчэй,— крычалі, ажно надрываліся хлопцы.

Падхапілі мы Толіка адразу за абедзве рукі і на хаду ўцягнулі ў вагон. І тут кацялок выслізнуў з Толікавай рукі і пакаціўся. На падлозе расцяклася белая лужына.

— Малако, малако! — вымавіў Толік і, здаецца, гатовы быў вось-вось заплакаць.

Мы ж дружна засмяяліся. Кожны з нас ведаў, што Толік да малака не вельмі ахвочы. А тут раптам — на табе: малако замест сцюдзёнай вады. Відаць, вырашыў пажартаваць.

Але Толік не жартаваў. Ён выцягнуў з-за пазухі дробненькі пушысты камячок — самае звычайнае шчаня. Чорненькае, з белымі крапінкамі каля шыі і на нагах, яно пазірала на нас сваімі гарэзлівымі светлымі вачанятамі і, здаецца, ніколькі не шкадавала, што трапіла ў нашу вясёлую кампанію.

Толік, аддыхаўшыся і крыху ачуняўшы ад такой няўдачы з малаком, расказаў:

— Толькі набраў я вады з вадакачкі, як падыходзіць маленькая дзяўчынка з сабачкам на руках і са слязьмі просіць: «Дзядзечка, забярыце сабе сабачку. У нас асталося яшчэ двое, а гэтага мама хоча куды-небудзь знесці, бо і ў суседзяў у кожнага ёсць свае сабачкі. Забярыце, дзядзечка! І толькі любіце яго, ён харошы». Узяў я шчанятка і думаю: любіць мы яго будзем, а вось чым карміць? А дзяўчынка, нібы здагадаўшыся пра мой клопат, кажа: «А вы купіце яму малачка. Вунь цёця прадае».

Толік нарэшце сам засмяяўся і працягваў:

— Выліў я хуценька ваду з кацялка і пабег па малако. І вось бачыце, як недарэчна атрымалася. Чым мы цяпер карміць яго будзем?

— Як-небудзь пракормім! — весела, у адзін голас адказалі мы, і кожны палез у свой чамадан па які-небудзь ласунак.

Мы давалі сабачку ўсё, на што былі самі багатыя. Але наш новы пасажыр ні да чаго не дакранаўся. Панюхае толькі, пакруціць пыскаю, павіхляе хвосцікам — і не есць.

— Можа, яму нездаровіцца? — выказаў нехта сваю думку. Вельмі ж спадабалася нам шчанятка, і мы хацелі, каб і яму ў нас было добра. А яно, падзівіўшыся з нашай гасціннасці і крыху асвойтаўшыся, раптам кульнулася на спіну, пагрэбала ў паветры лапкамі, а пасля, нібы яго ўджаліла пчала, усхапілася і пачало так выбрыкваць, што ажно ад смеху можна было пакаціцца.

Нам усім адразу стала весела. На кожным прыпынку мы беглі з посудам у розныя бакі, каб знайсці для яго малака. І заўсёды хто-небудзь ды знаходзіў.

Так мы прыехалі ў цалінны саўгас.

Уборка яшчэ не пачалася, і нас пакуль размясцілі на цэнтральнай сядзібе. Тры разы на дзень, ідучы ў сталоўку, мы бралі з сабой сабачку. Паварыхі ўжо ведалі нашу завядзёнку, і таму рыхтавалі які-небудзь ласунак і для яго. Усе яго любілі, шчанё было адзінае ў новым, толькі нядаўна арганізаваным саўгасе.

Міналі дні. Пад гарачым сонцам даспявала, проста на вачах жаўцела пшаніца, якой тут, на цаліне, не было ні канца ні краю. Неяк перад жнівом нас адвезлі на самы далёкі палявы стан, за дваццаць кіламетраў ад цэнтральнай сядзібы. Мы нацягнулі адну на ўсіх палатку і пачалі ў ёй жыць.

З намі, вядома, быў сабачка. Больш чым да каго іншага ён быў прывязаны да Толіка. Толік карміў яго, клаў да сябе ў ногі, а калі ноччу было халаднавата, накрываў шчанятка коўдрай. І яно прывыкала да нашага суровага цаліннага жыцця.

Аднойчы здарылася вось што. Мы ўсёй групай былі на таку, прымалі першыя тоны пшаніцы. Недзе далёка ў полі працавалі камбайны, і адтуль адна за другой ішлі машыны з поўнымі кузавамі залацістага зерня. Сонца распаленым дабяла вялізным пятаком вісела над нашымі галовамі. Удалечыні, там, дзе злівалася неба з зямлёй, ціха струменілася цёплае марыва. Здаецца, нішто не прадракала пагрозы.

Але стэп — той жа акіян. Ціха, ціха, ды раптам налятае аднекуль шквал, і ты — нібы тая трэсачка ў гэтым шаленстве стыхіі.

Так атрымалася і цяпер. За работай мы і не прыкмецілі, як цяжка насунулася на край неба вялізная чорна-сіняя хмара. І праз мінуту рвануў такі вецер, што нельга было ўстаяць на нагах. Мы пахаваліся хто куды, каб у зацішку перачакаць навальніцу.

Не было з намі аднаго Толіка. Ён, як толькі ўшчалася гэтая заваруха, падаўся ў бок палявога стану, туды, дзе была наша палатка. Толік нібы чуў нядобрае. Вярнуўся ён увесь мокры і ўстрывожаны.

— Паваліла наша жыллё,— разгублена сказаў ён і дрыготкім голасам дадаў: — І сабачкі нідзе няма. Арол там кружыў...

Цэлы дзень мы былі як не свае. Няўжо загінуў наш агульны любімец? Пад вечар, калі ўсё ўляглося, хадзілі далёка ў стэп на пошукі, але сабачкі нібы і след прастыў. Змораныя работай і клопатамі дня, мы павінны былі спаць моцна, але нам не спалася. Ціха пасвістваў час ад часу за палаткай Толік. Дзесьці ў стэпе гулі трактары. Мы непрыкметна задрамалі...

Ачнуліся ад радаснага воклічу:

— Ёсць, ёсць! Знайшоўся...

Толікава радасць была і нашай радасцю. Мы падхапіліся. Стомленасць і сон як рукой зняло. Мы мацалі, гладзілі, песцілі нашага любімца, нібы не верылі, што ён сапраўды знайшоўся і цяпер зноў сярод нас. А Толік, шчасліва ўсміхаючыся, ужо які раз пачынаў свой расказ спачатку:

— Хацеў ужо ісці спаць, як раптам чую — нешта скавыча. Я хуценька пабег у той бок, адкуль несліся гэтыя гукі. І дзе б вы думалі ён хаваўся?..— Толік абвёў усіх нас гарэзлівым позіркам.

— Няйнакш як пад трактарам,— выказаў сваю думку Коля Сушкін, наш брыгадзір.

— Не пад трактарам, а ў самім трактары, вось дзе,— весела сказаў Толік.— І як ён здолеў туды забрацца? Гляджу, ляжыць сабе на сядзенні і час ад часу скавыча, бо, відаць, страшна, ды і холадна стала ноччу ў машыне. Вось дык хітрун! І трэба ж было так даўмецца!.. Відаць, нехта не зачыніў днём кабіны, вось ён па гусеніцы і забраўся туды. Калі ж ушчаўся вецер, дзверы і зачыніліся самі па сабе...

— Ідэя! — гукнуў Коля.— Давайце дадзім яму мянушку «Механізатар».

Усе адобрылі Колеву прапанову. Мы пачалі клікаць сабачку Механізатарам, часта бралі яго з сабой на ток, а Толік, які апошнім часам працаваў на трактары, узнімаў новыя пласты цаліны, саджаў Механізатара нанач да сябе ў кабіну. З ім, гаварыў Толік, было весялей і не так хацелася спаць.

Так неўпрыкмет мінула лета. Заканчвалася ўборка. Нам трэба было ад’язджаць. Нас чакалі дома. Мы доўга думалі, ламалі галовы, як быць з Механізатарам. Вельмі ж звыкліся з ім.

Усё, аднак, вырашылася нечакана. Адзін з нашых сяброў, Алёшка Познік, аказалася, ужо даўно дамовіўся з дырэктарам саўгаса, каб застацца назусім на цаліне. Перад нашым ад’ездам ён цвёрда заявіў:

— Усё, хлопцы, надумаўся, і кропка. Абяцалі даць кватэру, забяру сюды маму, і будзем жыць разам. І маме, ведаю, тут спадабаецца. Шырока, вольна. А за зіму вывучуся на трактарыста — вось будзе і спецыяльнасць.

...Пакідалі мы на цаліне двух добрых сяброў. Алёшка стаяў пасярод стэпу з ускудлачанымі ад ветру і выцвілымі на сонцы валасамі. Побач, ля яго ног, неспакойна круціўся, скавытаў Механізатар. Алёшка доўга-доўга махаў нам рукой, аж пакуль наша машына не знікла за сопкай.

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Рыбак А. Апошняя камандзіроўка: Аповесць, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 274-278
Крыніца: скан