epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Рыбак

Незабыўнае

З шашы, трохі прыпыніўшыся, нібы ў роздуме, і кашлянуўшы сівым дымком, машына раптам збочыла на жвірыстую прасёлачную дарогу.

Ганна Пракопаўна ўсё глядзела і глядзела на віхрастыя чубы бяроз абапал дарогі, на шырокае, аж да самага лесу, поле, па якім каціліся адна за адной хвалі амаль ужо спелага жыта.

— Пачакай, Андрэйка, не гані так,— папрасіла яна.— Не на пажар спяшаемся.

Палі, пералескі, выганы... Зноў палі, засеяныя то жытам, то аўсом, то лубінам. Вёскі і вёсачкі, да болю родныя і знаёмыя, хоць і мінула больш як дваццаць гадоў. За гэты час хто нанава адбудаваўся, хто ашаляваў, паднавіў сваё жытло.

— Спыніся, Андрэй, вунь ля той апошняй хаты.

Пасля доўгай язды ногі здранцвелі, і Ганна Пракопаўна ледзь вылезла з машыны. Было ўжо нямала пасля абеду, але сонца стаяла яшчэ высока і пякло так, што хацелася пашукаць ценю.

Ля брамкі, на кучы свежага жвіру, сядзеў карапуз у насунутай на вочы белай панамцы і старанна ляпіў з пяску аладкі. Ён так заняўся гэтай патрэбнай для яго справай, што не зварухнуўся ні тады, калі ў дзесяці кроках ад яго спынілася машына, ні тады, калі Ганна Пракопаўна дакранулася да яго панамкі, каб паправіць яе.

— Як жа цябе зваць? — ласкава спытала яна, прысеўшы на кукішкі ля хлопчыка.

— Бора,— падняў ён галаву і глянуў даверлівымі круглячкамі-каштанамі.— А табе цаго?

— Ну і сур’ёзны ж ты, Бора, чалавек,— як не рассмяялася Ганна Пракопаўна.— А дзе твае мама ці тата? Мы хочам вады напіцца.

— А тата мой сафёр, вот, на масыне паехаў...

З хаты выглянула маладая ў квяцістым пярэдніку жанчына. Яна трымала ў руках драўляную лыжку, якой, відаць было, толькі што памешвала варэнне.

— Вам каго? — спытала, падышоўшы да брамкі, жанчына.

— Нам бы, калі ласка, вады.

— То зайдзіце ў хату.

Ганна Пракопаўна, а за ёю Андрэй ступілі на ганак новага, відаць, нядаўна зрубленага дома. З-за вугла нечакана, ажно пад самыя ногі, кінуўся, заляцкаўшы ланцугом, рыжы касматы сабака. Ганна Пракопаўна нават ускрыкнула.

— Валет, у будку! — тупнула нагой гаспадыня.— Выбачце, што не папярэдзіла. Ды і не дастане ён. Праходзьце ў хату, праходзьце,— запрасіла маладзіца.— А я тым часам набяру свежанькай вады.

Яна выйшла з вядром да студні — тут жа, у двары.

Ганна Пракопаўна агледзелася. Пакой, куды прывяла іх гаспадыня, быў невялікі, але ўтульны. Зграбная, пафарбаваная ў зялёнае, падлога, простыя, але прыгожыя і чыстыя палавікі, каля глухой сцяны, за кафельнай грубкай,— нікеляваны ложак з гарой падушак, ахінутых цюлевымі накідушкамі. У куце, між вокан, тэлевізар «Рэкорд», на сцяне, у рамцы, фатаграфіі.

І раптам нібы здранцвенне найшло на яе. Ганна Пракопаўна ўтрапёна глядзела, не мігаючы, на фотакартку пад шклом. То быў мужчына з вялікай скулянкай на шчацэ, каля вуха. «Няўжо ён? Адкуль? Як трапіў у гэтую хату?..» Думкі раіліся, ліхаманкава мітусіліся ў галаве, апякалі сэрца.

— Андрэйка! — ціха папрасіла Ганна Пракопаўна.— Пайшлі хутчэй адсюль...

Ён здзіўлена глядзеў на яе збялелы твар.

— Вам дрэнна, Ганна Пракопаўна?

У дзвярах ужо з конаўкай стаяла маладзіца. Андрэй выхапіў з яе рук конаўку і паднёс Ганне Пракопаўне. Яна глынула два разы чыстай халоднай вады і цяжка паплялася да дзвярэй. Ужо ля брамкі спытала ў маладзіцы:

— Гэты чалавек... са скулянкай... што на фатаграфіі?.. Дзе ён?

— Свёкар? — маладзіца пачырванела, адвяла трохі ўбок вочы.— Быў у Сібіры, на лесараспрацоўках... Нядаўна і памёр там.

Ганна Пракопаўна пагладзіла хлапчука па галаве, заглянула ў яго чыстыя вачаняты і падалася да машыны.

І зноў дарогі, лясы, пералескі, вёсачкі і вёскі...

— Што з вамі, Ганна Пракопаўна? — заўважыўшы незвычайную бледнасць, спытаў Андрэй.— Мо павернем назад?

— Ды не, Андрэйка, праедземся яшчэ трохі. Пройдзе...

І спамянулася ёй другая дарога, тое, даўнейшае, што аж дасюль не сцерлася з памяці.

...Кірыла Адамавіч, сакратар райкома, у ваенным яшчэ фрэнчы, з забінтаванай і падвешанай на павязцы рукой, цяжка падняўся з-за стала, запрасіў Ганну прысесці.

— Ганна Пракопаўна, зноў давядзецца вам збірацца ў дарогу. Цяпер яшчэ далей, аж у Мышкавіцкі сельсавет. Больш з райкома няма каму, самі ведаеце. З вамі паедуць Лявонаў з фінаддзела, ну і...— сакратар усміхнуўся, трохі прыжмурыўся,— Васіль Кузьміч Сёмуха. У той зоне трэба стварыць пяць калгасаў. Задача, сказаць шчыра, нялёгкая.

— Я гатова, Кірыла Адамавіч. Калі трэба ехаць?

— Сёння, зараз жа. Паедзеце на кані, у брычцы. Цяпер толькі на кані і праехаць. Ды і машына наша зусім стала на прыкол. Запчастак няма. Усё ідзе на фронт, самі ведаеце.

— Ці не агітуеце вы мяне? — Ганна Пракопаўна пільна паглядзела ў вочы сакратару.— Мы не такое перажылі...

І вось яны ўжо ў дарозе. Малады, рудой масці каняка бяжыць трушком, лёгка коцячы за сабою брычку з трыма ездакамі. Гэта па сухім, там, дзе вышэй. Але дарога часта гразкая, у калдобінах. Тады каню цяжка, ён напінаецца з усіх сіл, і мужчыны па чарзе злазяць з вазка і пасабляюць.

Уперадзе, з лейцамі — Лявонаў. Яны з Васілём — на заднім сядзенні. Лявонаў, хоць і гаворыць з імі, але не абарочваецца, пільна глядзіць наперад, нібы едзе не на кані па бязлюднай дарозе, а вядзе машыну па бойкай шашы.

Ганне Пракопаўне як ніколі дагэтуль хораша. Яна моцна прытулілася да Васіля, цяпер ужо яе Васіля, глядзіць у блакіт неба, дзе маленькімі кропкамі павіслі жаўрукі. Ёй ніяк не верыцца, што вось зусім нядаўна тут ішлі танкі, кіпеў бой, во нават яшчэ і траншэі там-сям гарбацяцца насыпамі на ўзлесках. Не верыцца, што недзе і цяпер грыміць вайна, льецца кроў, паміраюць людзі. А тут такая цішыня, і песня жаўрука над палеткам...

Першай высадзілі Ганну Пракопаўну — у Мазалях. Дамовіліся яшчэ загадзя, што Васіль астанецца ў Мышкавічах, а Лявонаў паедзе далей — у Пугачы.

— Ну, любая, жадаю поспеху. Не сумуй,— адышоўшыся трохі ад вазка, сказаў Васіль.— Заўтра я, відаць, прыбягу да цябе. Тут не болей пяці кіламетраў будзе...

Ганна, прыжмурыўшыся, гарэзліва паківала пальцам:

— Чакаю. Глядзі, на маладзіц не зіркай. Ведаю вашага брата, абы ад рук, то і галовы губляеце.

Васіль засмяяўся і пабег даганяць вазок, які ўжо быў трохі далекавата. Ганна нейкі час яшчэ стаяла на месцы і з замілаванасцю глядзела ўслед. Васіль — родны, дарагі ёй чалавек... Ніколі і нікому яна не аддасць яго. Хай першае замужжа было няўдалае — выскачыла, не ведаючы за каго, пяць гадоў жыцця змарнавала, лепшыя, можна сказаць, гады. І ўжо не спадзявалася, што знойдзе сваё шчасце, стрэне чалавека, які моцна і шчыра пакахае яе...

* * *

Сход у Мазалях наважылі сабраць у хаце Цімкі Булыкіна. Яна была не столькі большая ад усіх мазалёўскіх хат, як пустая і гулкая, бо Цімка жыў адзін і з мэблі толькі тое і меў, што палок ля печы ды доўгую, праз усю сцяну, лаву.

На сход пачалі прыходзіць, калі ўжо трохі сцямнела. Праз якія паўгадзіны набілася гэтулькі народу, што і пальца нельга было б праткнуць. Абляпілі нават палок і печ. Многія, хто бліжэй, папрыходзілі са сваімі табурэткамі і зэдлікамі.

Ганна Пракопаўна сядзела ў куце, за сталом, які быў вынесены сюды з кухні. Трошкі непакоілася. Яна глядзела на засяроджаныя, чамусьці надта ж сур’ёзныя твары і адчувала, што нешта сёння не тое, нешта не такі настрой у людзей, як было гэта ў Жухавічах, тыдзень таму назад. Там адразу ўсе прагаласавалі за калгас. Толькі і работы было, што акуратна запісаць усіх. А вось сёння не тое. Ці мо ёй толькі так здаецца? Гэта ж не на вяселле, а на сход, на сур’ёзную гамонку людзі прыйшлі. Так супакойвала сябе Ганна Пракопаўна і гнала прэч благія думкі. Нарэшце яна папрасіла цішыні.

— Вы ведаеце, чаго я прыехала да вас,— устала з-за стала Ганна Пракопаўна.— І агітаваць асабліва не буду. Пры Савецкай уладзе вы пажылі нядоўга — усяго якіх-небудзь гады два да вайны. Ну, вайны не будзем лічыць. Кожны ведае, што ў вайну ўсім цяжка было. І ў вас, у Мазалях, нямала такіх, хто аддаў сваё жыццё за сваю волю, за Савецкую ўладу. Цяпер жа жывым — жывое. Трэба думаць пра будучыню. Успомніце, як вы жылі да вайны. Нават маючы зямлю, вы жылі, як той казаў, адзін лапаць, адзін чунь. Увесь і ратунак для чалавека — калгас.

Яна гаварыла як мага прасцей, падавала прыклады. Калі скончыла, папрасіла, каб выступалі, хто хоча. Але, надзіва, ішла мінута за мінутай, а ніхто нават і з месца не крануўся. Ганна Пракопаўна намагалася заглянуць у вочы тых, каго яна ўжо трошкі ведала раней, на каго больш за ўсё спадзявалася. Аднак і тыя адмоўчваліся.

— Ну, калі ніхто не хоча выступаць, то і бяды такой,— рашыла выйсці з няёмкага становішча Ганна Пракопаўна.— Кажуць жа мудрыя людзі, што маўчанне — знак згоды.

Яна села за стол, дастала з папкі сшытак і хімічны аловак, нарыхтавалася запісваць. Мужчыны чадзілі самасадам, жанкі нервова шапталіся, але ніхто не падышоў да стала.

— А мо перапынак зробім? — счакаўшы яшчэ трохі, не губляючы надзеі высветліць, што здарылася, прапанавала Ганна Пракопаўна.— Мужчыны, хто курыць, хай выйдуць на двор. А то мы, жанкі, і задыхнёмся тут.

Яна і сама не згледзела, хто і як паклаў на стол паперку, складзеную ўдвая. Ганна Пракопаўна ўзяла яе і, паклаўшы ў сшытак, неўпрыкмет разгарнула, пачала чытаць. Пісаныя спехам, алоўкам, літары мітусіліся, бегалі туды-сюды, і спачатку да сэнсу цяжка было дабрацца. Ганна Пракопаўна прабегла вачыма яшчэ раз і адчула, як моцна і нервова закалацілася сэрца. «Таварыш упаўнаважаны,— гаварылася ў паперцы,— мала хто з нас не хоча ў калгас, але цяпер нічога не палучыцца. Нехта яшчэ да пачатку сходу пусціў пагалоску, што ў вёсцы заявіўся Чорны Лапаць са сваімі бандытамі. Наказаў, што калі хто першы запішацца ў калгас, таму пад страху пеўня пусцяць. Асцерагайцеся і вы. Начаваць (толькі, крый божа, каб ніхто не бачыў) прыходзьце да нас, на хутар да Ляшкевічаў».

Спамянулася ёй, як Кірыла Адамавіч неяк казаў, што ў суседнім раёне аб’явіўся былы нямецкі паслугач Вінька Мурадаў пад клічкай «Чорны Лапаць». Рабуе магазіны, запалохвае актывістаў. Няўжо і сюды дапяў?..

Ганна Пракопаўна ліхаманкава думала, як ёй быць далей. Пасмяяцца з гэтай пісулькі?.. А калі не пераканае людзей? Не, лепш ужо і выгляду не падаць, што ведае пра нешта. Лепш ужо сёння адпусціць людзей, сказаць, каб падумалі добра і заўтра прыходзілі запісвацца, бо позна ўжо, усе, відаць, стаміліся, а такую важную справу нельга рашаць, добра ўсё не абмазгаваўшы. Так яна і зрабіла.

У хаце ўжо амаль нікога не было, як на парозе нечакана з’явіўся Васіль.

— Васіль?! Што здарылася? — хоць і ўзрадавалася, але і занепакоілася Ганна.— Ты ж заўтра меўся... І ў цябе нічога не выйшла?

— Ты пра што? — у голасе Васіля чулася здзіўленне.

— Як? Хіба ты правёў ужо сход?

— Ды не, на заўтра назначыў,— Васіль няўцямна паглядзеў на Ганну.— Сёння я толькі прыглядаўся на месцы, прыкідваў, што і як трэба будзе зрабіць...

Ганна нутром адчувала, што Васіль недагаворвае, але спрабуе не паказаць выгляду. Ну і няхай...

Яна паказала паперку.

— Ого! — прачытаўшы, усклікнуў Васіль.— Няўжо і праўда — Лапаць з’явіўся?

Яны выйшлі на двор. Адразу, пасля святла, хоць і не вельмі ярка гарэла там лямпа, было як вока выкалі. Пастаялі колькі хвілін ля плота, каб трохі абвыкнуцца ў цемені. Людзей на вуліцы ўжо не было чуваць — паразбягаліся па хатах. Стаяла нязвыклая цішыня. Нават вецер нібы затаіўся за вуглом, чакае, калі міне гэтая ноч.

Ганна перасмыкнула плячыма і мацней прытулілася да Васіля.

— Холадна? — спытаў ён.

— Ды не. Так неяк... Якая глушэча! Ні аднаго агеньчыка. І як жывуць толькі людзі?

— Жывуць і будуць жыць. Паглядзіш вось, як яно будзе тут гадоў праз дзесяць-пятнаццаць. Многаму навучыла нас вайна...

На хутар трапілі праз якую гадзіну. Хоць Ганна Пракопаўна ведала, дзе жывуць старыя Ляшкевічы, трохі ўсё ж збілася з тропу. Але добра, што знайшла. Гэта ж, канечне, яго хата. Вунь і павець з аблупленай страхой, і пустая жалезная бочка на шасце. А гэта, во, і бярэзнік падыходзіць да саменькага плота.

Не вельмі гучна, але настойліва пастукала ў шыбіну. Там, у хаце, матлянулася фіранка, і праз хвіліну ў сенцах пачуўся прыглушаны шоргат засаўкі.

— Праходзьце, прашу! — Стары Ляшкевіч, наспех адзеты, стаяў на парозе.— А я думаў, што вас ужо не будзе. Гэта ж хто з вамі яшчэ?

— Муж мой...— Ганна пяшчотна паціснула Васілёву руку. І ўжо ў кухні дадала: — Сакратаром ён у выканкоме. Разам вось прыехалі. Толькі ён у Мышкавічы, а я да вас.

З печы ўпоцемках скараскалася старая Ляшкевічыха, завесіла коўдрай акно і тады ўжо чыркнула запалку. Чорнымі вузлаватымі пальцамі звыкла ацерабіла нагар з кнота газоўкі і запаліла. Блеклае хісткае святло выхапіла з цемры счарнелую печ, чыгун на падлозе з намытай бульбай, дашчаны, пад козлы, стол, на якім з краю ў куце ляжаў апетытны, з жаўтаватай скарынкай праснак. На сцяне, каля парога, вісела паляўнічая стрэльба...

— Маці, што ў цябе тамака ёсць? Падсілкуй трохі людзей,— азваўся стары Ляшкевіч.

Ганна дзеля прыліку сказала:

— Дзякуем, Іван Захаравіч, і вам, гаспадыня. Мы не вельмі што галодныя.

Але яны ўсё ж паелі праснака з малаком. Ганне здалося, што нічога смачнейшага яна даўно ўжо не брала ў рот.

Стары Ляшкевіч сядзеў на ўслоне ля печы, чамусьці накручваў анучкі на ногі. Ганне Пракопаўне карцела спытаць пра запіску, пра ўсё, што той чуў на сходзе. Мо гэта ўсё няпраўда, выдумка якога-небудзь зламысніка? Яна чакала, што зараз гаспадар сам пра ўсё раскажа. Але гаспадар больш маўчаў, засяроджана пра нешта думаў, а пасля махнуў рукою, як адрэзаў:

— Кладзіцеся спаць, заўтра пагаворым!

Было за поўнач. Толькі цяпер Ганна адчула, як натамілася за дзень. Спаць ім паслалі ў чыстай палавіне, за перагародкай. Тут было чыста і свежа — відаць, старыя Ляшкевічы мала хадзілі сюды і не спалі на ложку. Васіль распрануўся першы і кінуўся на цвердаваты, з саломы, сяннік.

Ганна пакуль што не клалася — сядзела побач і расплятала касу. Гэта ў яе стала ўжо звычкай: нанач, дзе б ні была, расплятаць касу. Каса ў яе доўгая, да пояса, і хапае клопату з ёй. Апошнім часам хацела ўжо пастрыгчыся, але Васіль не дазволіў, настаяў на сваім. Ён любіў, калі Ганна расчэсвала валасы.

Вось і цяпер, павярнуўшыся, ён глядзеў на яе твар, які ў паўзмроку падаўся яму яшчэ больш прывабным, на цёмны струмень, што мякка падаў на плечы. Васіль нават не стрываў, працягнуў руку, дакрануўся спачатку да валасоў, пасля абхапіў Ганну за шыю і моцна прытуліў да сябе, пацалаваў у цёплыя мяккія губы.

— Харошая ты ў мяне... Як добра, што мы разам!

Ганна лягла побач, пад нагрэтую ўжо коўдру, прыпала да Васіля. Шурпатай далоняй ён гладзіў ёй валасы, твар, глядзеў у вочы. Яна ажно задыхалася ад шчасця. Цёплая хваля пяшчоты і ўдзячнасці поўніла яе сэрца.

— Васіль, я хацела табе нешта сказаць...

— Скажы...

Ганна знайшла яго руку, паднесла да грудзей і, задыхаючыся, шапнула:

— У нас будзе дзіця. Я хачу хлопчыка...

Васіль моцна і хмельна цалаваў яе, адчуваючы гарачае, трапяткое цела любай...

* * *

...Яны караскаюцца ўсё вышэй і вышэй. Адной рукой Васіль памагае ёй, другой хапаецца за вострыя выступы скалы. Яна стараецца не глядзець уніз — баіцца, што як толькі гляне, то і загрыміць у бездань. Ногі ўжо ледзь слухаюцца, з цяжкасцю намацваюць апору. «Ну, трымайся, яшчэ трошкі, зусім-зусім трошкі»,— умольна глядзіць на яе Васіль. Але вось апошняе намаганне — і яны на роўнай каменнай пляцоўцы. Ганна глянула перад сабой, і ў яе заняло дыханне. Перад вачыма сіняя-сіняя бязмежная роўнядзь мора.

Яны стаяць, абняўшыся, ля саменькага абрыву. Вецер цярэбіць Васілёў чуб, мякка песціць твар. Пасля ён дае ёй фотаапарат, а сам ідзе да нейкага дрэва, каб прыхінуцца да яго і сфатаграфавацца. Ганна перакручвае плёнку, прымерваецца, глядзіць у вочка. І раптам... Раптам, у адно якое імгненне, з трэскам ляціць у бездань дрэва, а з ім Васіль.

— Ва-а-а-ся!

— Што, што такое? — аж прыўзняўся на пасцелі Васіль, няўцямна гледзячы на жонку.

Яна і сама ўжо прачнулася, уся ў халодным поце.

— Я крычала?

— Ага. Відаць, сніла нешта страшнае...

Яна маўчыць, толькі з радасцю кладзе галаву на Васілёву руку і зноў заплюшчвае вочы. Васіль таксама сцішваецца. Ганна яшчэ трохі чуе яго роўнае дыханне. Потым паволі правальваецца нібы ў якое забыццё.

Але што гэта?.. Чые гэта боты грукочуць па двары? Яна ўсхопліваецца, садзіцца на ложку, услухоўваецца. Цішыня. Мо падалося?.. Глядзіць у акно, у ноч. Божухна, калі гэта ўжо раніца будзе? Нешта зусім здаюць нервы... Што гэта з ёю?

Скрыпяць з кухні дзверы, гаспадар, пасля і сама гаспадыня, крадучыся, прыпадаюць да акна.

— Глядзі, Іван, ці не Ляхно гэта? Вунь, стаіўся ля шула,— устрывожаная, шэпча гаспадыня.— А вунь яшчэ трое, з вінтоўкамі...

— Ага, ён. Во гад печаны, вылюдак пракляты. Высачыў і прывёў...

І ўжо чуецца бразгат у дзверы.

— Уставайце, Ганна Пракопаўна, і вы, таварыш,— збялелая гаспадыня стаіць каля іх ложка.— Бандзюгі прыйшлі. Ляхно прывёў. Божачка, што ж гэта будзе?..

Дзверы ходзяць ходырам, гатовыя, здаецца, вось-вось рухнуць.

Васіль, спехам адзеўшыся, бяжыць у кухню, да стрэльбы.

— Патроны ёсць?

— Пяць штук,— стары дастае з запечка і дрыжачай рукой працягвае Васілю патроны.

— Мо сюдою? — гаспадыня спрабуе нячутна адчыніць кухоннае акно. Нарэшце фортка падаецца, і ў кухню ўрываецца свежая хваля паветра.

Васіль, не раздумваючы, мякка, нібы кошка, спружыніць на зямлю. Нейкі час яго не відаць. Але вось ён зноў паказваецца да пояса ў акне, махае Ганне. Яна кідаецца яму на рукі. І ў гэты ж час грымяць стрэлы — адзін, другі.

— Вунь яны! — чуецца з-за плота сіпаты голас.

Васіль, ускінуўшы ружжо, страляе, і нечае цела чмякаецца ў гразь.

— Бяжы! — ужо не шэпча, а крычыць Васіль.

— А як жа ты, Вася? Я не магу адна. Разам...

— Бяжы, кажу! — моцна штурхае яе Васіль.— Я цябе даганю.

Ганна, не помнячы куды і як, бяжыць. Па твары б’е мокрае голле, недзе збоку чуваць цяжкі тупат ботаў, стрэлы. Сэрца гатова вось-вось выскачыць з грудзей. Дзе ж Васіль, дзе? Мо ён прабег, чакае яе там, далей, у гушчэчы...

Яна бяжыць, падае, зноў устае і бяжыць. Адна думка паліць нутро: толькі б уцёк Васіль, толькі б яе не схапілі жывую... Яна чапляецца за нейкую патырчаку, пластам падае па зямлю. І раптам адчула, як нясцерпна запякло ў правым віску.

* * *

«Годзе, спыніце мяне!» — ужо які раз просіць яна.

А карусель усё круціцца і круціцца... Мільгаюць дрэвы, расплываюцца нечыя твары. Баліць, аж расколваецца галава. «Хопіць! Я больш не магу!» — крычыць, зноў надрываецца яна ў млявай немачы. Але вось нешта моцна яе тузанула, і карусель замарудзіла свой бег. Яшчэ секунда-другая, аціхае нудотны гул матора і...

Ганна цяжка расплюшчвае павекі, узнімае галаву, налітую нібы свінцом, няўцямна глядзіць перад сабой. Віднее. Пяюць, ажно заліваюцца птушкі. Проста перад вачыма — пляскаты камень, і на ім лужынка крыві. Ганна цягнецца рукой да віска, там, дзе тупы боль, мацае. Падносіць руку да вачэй. Ага, кроў... Свежая і запечаная...

Колькі ж гэта часу? Яна ўсхопліваецца, хістаючыся, становіцца на ногі. Што гэта? Кроў перад вачыма ці мо неба ў крыві там, адкуль яна бегла?

Страшная згадка апальвае нутро. Яна бяжыць туды, дзе крывавіцца неба. Да слыху даносяцца спачатку слабыя, як з-пад зямлі, пасля ўсё мацнейшыя галасы, крыкі людзей. Едкі дым ужо засціць вочы. На ўскрайку бярэзніку Ганна спыняецца. Вось адкуль і чырвань, і едкі, удушлівы дым — гэта ж гарыць, шугае полымем у паўнеба Ляшкевічава хата! Бегаюць, мітусяцца людзі, бяссільныя ўжо што-небудзь зрабіць. Галосяць над некім жанчыны.

Якоесьці чуццё гаворыць Ганне, што здарылася непапраўнае, страшнае...

Знясіленая, хістаючыся, яна ідзе да людзей...

 

...— Вось, Андрэйка, як яно часам бывае. Мо і не ўсё расказала, што нагадалася мне сёння, але хопіць і таго. А ты пытаешся, чаго мяне нячыстая пацягнула сюды. Цягнула заўсёды, але цяжка было вярэдзіць рану. Год ці два яшчэ пасля таго, як не стала Васіля і як дачасна нарадзіўся нежывы хлопчык, я спадзявалася, што гора маё забудзецца, што неяк абвыкнуся. Але не змагла асіліць сябе. І папрасілася на работу ў другі раён. А цяпер вось наважылася праехацца. Думала, што зажыла тая рана, але дзе там! Усё пасля мела я: спагаду майму гору, увагу людзей, любімую работу. Не год і не два — усе гэтыя гады, аж во пакуль не пайшла на пенсію. Я, праўда, і працавала, як апантаная. І мне давяралі людзі, партыя. Але каб хто знаў, колькі начэй я праплакала адна, ні з кім не перакінуўшыся і словам. А раніцай ішла на работу, нібы нічога і не было, нібы не мачыла слязьмі падушку... Зрэшты, Андрэйка, прабач: нешта надта раскісла я сёння. Старая, бач, ужо зусім. А яшчэ гэтая нечаканая стрэча...

— Вы пра што? — Андрэй пільна глядзіць на Ганну Пракопаўну.

— Ды ўсё пра таго Ляхно. Гэта ж яго фота я ўбачыла на сцяне, калі заходзілі вады напіцца. Гэта яго сына хата... А бацька так і не вярнуўся сюды... Ну, хоць бы, сказаць, меў гаспадарку вялікую тады, што так збаяўся калгаса і з бандзюгамі знюхаўся. А то ж во і дагэтуль не магу даўмецца: жыў голы, як бізун, ні кала свайго не меў, ні двара. А такім, бач, вылюдкам аказаўся. Праўда, гультаём і зайздроснікам ён і да гэтага вызначаўся сярод мазальчан. Тады, як злавілі і судзілі яго, не адзін чалавек хацеў плюнуць яму ў твар...

Ганна Пракопаўна аціхла, пра нешта задумаўшыся.

Яны ехалі ўжо назад.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Рыбак А. Апошняя камандзіроўка: Аповесць, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 278-288
Крыніца: скан