epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Рыбак

Паездка ў Свяячыцы

Вадзім атрымаў ліст ад Косці Лошчына ў пачатку чэрвеня.

У тую раніцу ён прачнуўся пазней, чым меўся. Звечара шыхнула яму схадзіць у кіно на апошні сеанс, і дадому ён прыйшоў недзе а другой гадзіне. Таму і праспаў. А хацеў жа раней трохі ўстаць і на свежую галаву папрацаваць.

Гадзіннік паказваў палову дзесятай. Трэба было паціху збірацца на работу.

Спускаючыся з лесвіцы, ён па завядзёнцы адамкнуў паштовую скрынку. Газеты на гэты раз чамусьці яшчэ не было. Затое выпаў на падлогу, пад самыя ногі, блеклы, трохі пакамечаны канверт.

Вадзім адразу пазнаў Косцеву руку, хоць і не перапісваліся яны больш як паўгода. Тут жа, на лесвіцы, надарваў канверт. Прачытаўшы ліст, Вадзім сунуў яго ў кішэню пінжака і выйшаў на вуліцу.

Адразу разанула такое яркае святло, што аж стала балюча вачам. І абдало спёкай, нібы перад ім толькі што адчынілі засланку добра напаленай бярозавымі плашкамі печы.

Вадзім наважыўся быў вярнуцца назад і пакінуць дома пінжак, ісці на работу ў адной кашулі. Але перадумаў. Няёмка неяк. Усё ж ён ужо не блазен які, не зялёны студэнцік, а супрацоўнік саліднай рэдакцыі, намеснік загадчыка аддзела.

Вузкая, дрэнна замошчаная вулачка вяла на шырокі шматлюдны праспект. Звычайна Вадзім садзіўся тут у тралейбус і даязджаў ужо да самай рэдакцыі. Але неаднойчы ў добрае надвор’е, калі не вельмі было горача і не цадзіў дождж, гэтую адлегласць ён мераў нагамі.

Сёння ж, у такую задуху, ісці не было вялікай ахвоты. Аднак, пастаяўшы трохі на супынку, нагледзеўшыся, як з перапоўненых тралейбусаў выкульваюцца распараныя пасажыры, ён махнуў рукой і пайшоў пешкі.

Сонца сляпіла вочы і прыпякала так, што Вадзім змушаны быў скінуць пінжак, узяць яго на руку. Адразу палягчэла. А пасля ён успомніў, што ў яго ёсць цёмныя акуляры. Гэта ж учора купіў, і яны недзе ў пінжаку. Калі надзеў іх, то і зусім стала добра ісці.

Па дарозе сустрэў таго-сяго са знаёмых, якія, гэтак жа як і ён, асталіся пасля інстытута працаваць у горадзе. Вадзім доўга не запыняўся, асабліва ні пра што не распытваў. Ён ведаў, што яшчэ неаднойчы вось так стрэне іх. Ведаў і другое: кожны з іх, нават і не пытаючыся пра тое, скажа, што ён задаволены сваім лёсам, задаволены ўжо толькі таму, што ходзіць вось па гэтым праспекце...

А што мог сказаць пра сваё жыццё ён, Вадзім?

Яму яшчэ з чацвёртага курса зайздросцілі многія, гаварылі, што дарогу сваю ён ужо знайшоў, што цяпер ён можа быць спакойны і не думаць пра размеркаванне.

Вадзім толькі пасмейваўся тады і казаў, што ніколі ў жыцці не астанецца ў горадзе, што хоць тут, у рэдакцыі, яму і прапануюць месца, але яго гэтая перспектыва ніколькі не вабіць.

Эх, Косця, Косця!.. Колькі ж вады сплыло з таго часу? Вадзіму да драбніц нагадалася тая непрыемная размова з Косцем, самая непрыемная за ўсю іхнюю дружбу, і нейкае шчымлівае пачуццё віны перад сябрам запаланіла яго сэрца. Тады, вясной, ужо на пятым курсе, калі стала канчаткова вядома, што дарогі іх разыходзяцца, што ён, Вадзім, усё ж наважыў астацца ў рэдакцыі, і адбылася гэтая іх размова. Пад гарачую руку Косця назваў Вадзіма прыстасаванцам, здраднікам, хамелеонам і яшчэ не адным дзесяткам самых абразлівых слоў. І Вадзім ні ў чым не мог запярэчыць. Ён добра ведаў, што робіцца на душы ў сябра. Але і Вадзімава сэрца нібы кроіў хто на кавалкі. Ён ведаў, што вінаваты ў здрадзе іх агульнай мары — паехаць настаўнічаць у самую глухую палескую вёску, жыць пад адным дахам з палешукамі, вывучаць іх побыт і, што будзе па сіле, рабіць, каб яны жылі прыгажэй. Ён здрадзіў іх агульнаму жаданню... Як жа тады яны мала ведалі жыццё і самі сябе!..

Усхваляваны ад успамінаў, Вадзім і не прыкмеціў, як адмераў усю дарогу да работы і ўзышоў на рэдакцыйны ганак. У вестыбюлі было нават прахладна. Павітаўшыся з Іванам Кузьмічом, швейцарам, Вадзім накіраваўся ў аддзел. На стале ўжо ляжала кіпа свежых газет. Вадзім паглядзеў на гадзіннік і нават усміхнуўся. Ён ведаў, што ў рэдакцыі яшчэ нікога няма. А сакратарка Верачка, бач, ужо і пошту прынесла яму на стол...

Чытаць, аднак, Вадзіму не схацелася. Нешта не давала яму па-сапраўднаму ўзяцца за работу. І цэлы дзень ён быў сам не свой. Некалькі разоў садзіўся за стол, каб дапісаць артыкул, які меўся даць у наступны нумар. Але думкі зусім не лезлі ў галаву. Тады ён ішоў у калідор, закурваў, доўга і засяроджана вывучаў дошку аб’яў. Але каб у яго хто спытаў, што ён вычытаў на той дошцы, то не сказаў бы, мусіць, і слова.

Вечарам, перад адыходам дадому, Вадзім меў размову з загадчыкам свайго аддзела і рэдактарам. Папрасіўся, каб яго адпусцілі дні на тры-чатыры — наведаць колішняга сябра. Яны не пярэчылі: з Вадзімам у рэдакцыі лічыліся і паважалі яго. Прапанавалі нават аформіць камандзіроўку, але хлопец адмовіўся.

А ноччу поезд вёз яго ўжо да Гомеля. Мякка гойдала вагон, колы выстуквалі нейкую няхітрую мелодыю. Па-начному цьмяна гарэлі на праходзе лямпачкі, і амаль усе пасажыры спалі. Толькі ў самым канцы вагона плакала дзіцё, і жанчына сцішана і стомлена напявала нейкую песеньку, спрабавала прыспаць малое.

Вадзім хоць і адчуваў, як натаміўся, набегаўся за дзень, але спаць не хацеў. Сядзеў ля акна і глядзеў у ноч, на поўню, якая ўсё бегла, не адставала ад поезда і палівала кусты, лугі, дарогі блекла-таямнічым святлом...

Нешта шчымліва-радаснае і разам з тым маркотнае агарнула Вадзіма. Ён глядзеў на гэтую прыгажосць і з зайздрасцю думаў пра тых людзей, каму выпадае кожны дзень хадзіць па вясковых дарогах, дыхаць свежым паветрам. Ці думаў, ці гадаў ён, што так адарвецца ад усяго таго, з чым яшчэ ў дзяцінстве парадніўся і палюбіў навекі.

Чамусьці нагадалася, як яны з Косцем наважылі ў часе летніх вакацый (тады яны заканчвалі трэці курс) прайсціся сцежкамі Якуба Коласа, пабыць на яго радзіме, пешкі дайсці да таго месца, дзе бярэ пачатак Нёман.

Колькі вось ужо мінула гадоў, а гэтае іх падарожжа помніцца да самых маленькіх драбніц: палатка ля саменькай ракі, сярэбраная месячная дарожка на вадзе і цішыня, ад якой аж звініць увушшу. Толькі зрэдку плюхне ля берага рыба ды спрасонку падасць голас якая-небудзь птушка. Здаецца, бясконца сядзеў бы вось так, зачараваны гэтым хараством, адурманены водарам, які ідзе адусюль: і ад свежай атавы, якой выслана палатка, і ад кустоў, і ад кветак...

Вадзім прылёг прыкархнуць, калі пачынала брацца на раніцу. І хоць паспаў ён усяго гадзіны дзве ці тры, але, калі поезд падыходзіў да Гомеля і ў вагоне ўшчалася мітусня, бадзёра ўсхапіўся, згарнуў пасцель, выцягнуў з-пад падушкі свой невялікі партфель-сакваяж. Учарашняй стомленасці як і не было зусім.

У прывакзальным буфеце ён узяў тое-сёе падсілкавацца, выпіў шклянку гарачай кавы і падаўся пешкі да аўтавакзала. Праўда, можна было трохі пад’ехаць на тралейбусе, але Вадзім не схацеў. Раніца выдалася свежая, ядраная, сонца пакуль што не данімала. І хораша было прайсціся па чужым, яшчэ не шматлюдным горадзе, па шырокай, чыстай, з прыгожымі новымі камяніцамі вуліцы. У вокнах гулялі сонечныя блікі, сляпілі вочы. Але і гэтая гарэзлівая гульня зайчыкаў, і свежы ранак, і думка пра хуткую сустрэчу з Косцем незвычайна бадзёрылі Вадзіма.

Білет ён купіў адразу, нават не стаяў і ў чарзе. Праўда, часу яшчэ было зашмат — аўтобус адыходзіў аж праз паўтары гадзіны. Каб трохі прабавіць час, Вадзім наважыўся схадзіць на рынак. Купляць нічога не меўся, а вось прыцаніцца, прыгледзецца да людзей — гэта Вадзіма больш за ўсё і вабіла на рынку. Ён з ахвотаю хадзіў ад прылаўка да прылаўка, спыняўся, нібы хацеў што купіць, каля жанок, якія прыехалі сюды з раёна.

Аўтобус, які ішоў на Свяячыцы, быў маленькі, няўтульны, скрозь прапылены. Ды і пасажыраў набілася, як селядцоў у бочцы. Але Вадзім усеўся добра, каля прыадчыненага акна. Усё ж дарога няблізкая, нешта, помніцца, чатыры ці мо і ўсе пяць гадзін трэба трэсціся.

Ужо ў дарозе нагадалася, як ён першы раз, праз год пасля заканчэння універсітэта, наведаўся ў Свяячыцы, дзе настаўнічаў Косця.

Гэта было якраз у ліпені. Тады таксама стаяла гарачыня, што ажно дыхаць было цяжка. А яшчэ, як на тое ліха, недзе на паўдарозе сапсаваўся аўтобус. Вакол поле, ні аднаго кусціка. А сонца навісла проста над галавой. Пакуль дабраўся да Косці, дык было хоць кашулю выкручвай. Затое якой радаснай была сустрэча з сябрам і яго маладой жонкай!

Прызнацца, Вадзім трошкі зараўнаваў тады, калі ўбачыў Косцю з ягонай Анюткай (так ласкава ён называў яе). І зараўнаваў не таму, што ў сябрука такая прыгожая жонка, а ён пасля аднакурсніцы Валі, якая, помніцца, адхіліла і Косцікава і ягонае прызнанне, так па-сапраўднаму нікога і не пакахаў. Не, зараўнаваў ён зусім па-другому. Як толькі ўбачыў Анютку, то адразу зразумеў, што ён ужо не першы ў Косці чалавек, якому можна даверыцца, раскрыцца ў самым патаемным, з кім можна падзяліць і гора, і радасць. Што яму цяпер да колішняга сябрука!

Спамянулася Вадзіму, як Косця саромеўся слова — «гаспадар». Вадзім нават злёгку пакепліваў з яго, і Косця чырванеў, нібы той школьнік, што напракуднічаў і не хоча прызнацца. А Вадзіму было радасна за сябра, што нарэшце, не ў прыклад яму, ён знайшоў добрую і надзейную прыстань. Яны ніколі нічога не мелі свайго, апроч канспектаў і такой-сякой апраткі. І, вядома, пра сваё жытло нават ніколі не гаварылі. Яны, тады яшчэ студэнты, лічылі гэта калі не мяшчанствам, то ва ўсякім разе не вартым таго, каб надаваць якое-небудзь значэнне. І вось Косця гаспадар і гэтай хаты, і двух вулляў і, самае галоўнае, гаспадар гэтага чароўнага куточка за хатай, дзе яны ляжалі.

Так, гэта быў сапраўды райскі куточак! Як толькі Вадзім першы раз прыехаў да Косці, ды яшчэ ў такую задуху, то ледзь не ашалеў ад радасці. Ён гатовы быў маліцца на таго, хто пасадзіў, вырасціў гэтыя бярозы.

На невялікім пятаку, мо так сотак у дзесяць, ён налічыў аж сто дзве беластволыя прыгажуні. Яны раслі купкамі, па тры-чатыры ў адным гняздзе. Вадзіму, калі ён любаваўся імі, часам здавалася, што гэта нават не бярозы, а танклявыя прыгажуні дзяўчаты ў вясельных сукенках пабраліся за рукі і, адкінуўшыся трошкі назад, імкліва закружыліся ў карагодзе.

І вось ён, Вадзім, зноў хутка ўбачыць Косцю, і паляжыць у цяньку пад бярозамі, і забудзецца на ўсе клопаты, на ўсю тую мітусню, чым ён жыў гэтыя свае гады. І як, пэўна, здзівіцца Косця яго прыезду! Гэта ж, глядзі, ажно тры гады не бачыліся...

За думкамі, успамінамі Вадзім і не агледзеўся, як даехалі да Свяячыц. Сяла ён адразу не пазнаў, а таму, калі аўтобус спыніўся на невялікай плошчы, каля чайнай, Вадзім астаўся сядзець на сваім месцы, як і сядзеў.

— Таварыш, прыехалі,— лена кінуў яму вадзіцель, малады, з кучаравым агніста-рыжым чубам хлапец.

— Як? Куды? — спахапіўся, як бы спалохаўся, Вадзім.

— А куды вам трэба?

— У Свяячыцы.

«Рыжы чуб» расплыўся ў шырокай усмешцы:

— Яны самыя і ёсць, Свяячыцы.

Вадзім ухапіў свой партфель-сакваяж і выйшаў на плошчу. Пастаяўшы трохі на месцы і больш уважліва агледзеўшыся, ён нарэшце пазнаў, куды трэба ісці.

Свяячыцы — вялікае, на шэсцьсот ці семсот двароў сяло. Вуліц і вулачак тут нямала, што і ў райцэнтры якім. Але цяпер Вадзім ужо і з заплюшчанымі вачыма мог бы трапіць да Косці.

Дарога ішла паўз школу-дзесяцігодку — дзве прысадзістыя, размешчаныя літарай «т», драўляныя будыніны. У двары чуліся гамана, смех. Збоку, ля агароджы, група да пояса распранутых хлопцаў з чорнымі ад загару спінамі рэзаліся ў валейбол. «Мо зайсці спачатку ў школу? Косця можа быць цяпер там...»

Ён ступіў на невысокі ганак.

— Вадзім?! — пачуўся ззаду знаёмы голас.

— Косця, ты?! А я так і падумаў, што ты, чорт гэтакі палескі, і днюеш і начуеш тут...

Яны стаялі адзін наўпроці аднаго — Вадзім радасна-ўзбуджаны, Косця нібы трошкі збянтэжаны нечаканым з’яўленнем сябра. Пасля, ужо ў школе, яны моцна ціснулі адзін аднаму рукі і, што заўсёды бывае на першых мінутах сустрэчы блізкіх людзей, якія доўга не бачыліся, бязладна гаварылі, перабіваючы адзін аднаго. Абышлі разам усе калідоры. Косця паказаў, у якіх класах ён вучыць.

У школе было пуста і гулка. Яны заглянулі ў настаўніцкую. Там таксама нікога не было. Косця забраў з шырачэзнага, засланага зялёным сукном, там-сям ужо заляпанага чарнілам стала сваю папку. Толькі нядаўна ён адпусціў вучняў, з якімі праводзіў кансультацыю перад заўтрашнім экзаменам.

— Ну, а цяпер пашкандыбаем проста да мяне.

Яны выйшлі на двор. Быў самы полудзень, і таму вуліца, па якой яны ішлі, нібы вымерла. Толькі ў пяску, пасярэдзіне дарогі, там-сям грэбаліся куры.

— Як яно, браце, жывецца, хлеб палескі жуецца? Хваліся.— Вадзім узяў Косцю пад локаць.

— Ды так, нішто сабе. Пабачыш, у мяне тут усё на віду...

На ганку сустрэлі Анюту. У простым, даволі заношаным доўгім халаце, босая, заспетая знячэўку, яна ажно пачырванела, калі падавала Вадзіму руку.

— Косця, свінчо ты гэткае, што ж не папярэдзіў мяне? — накінулася яна на мужа.

— Прабачце, гэта мая віна, што так неспадзеўкі зваліўся на вашы галовы,— паспрабаваў змякчыць няёмкасць Вадзім.— І, далібог жа, усё так добра...

Косця павёў Вадзіма ў хату, у пярэдні пакой, які трыма вокнамі выходзіў на вуліцу.

— Вось знімі пінжак і аддыхайся, пакуль мы трохі ўходзімся па гаспадарцы.

Вадзім астаўся адзін. Ён здзівіўся, як у Косці было хораша, як багата быў абстаўлены пакой. Зіхацелі гладка адпаліраваныя, хоць глядзіся, два пастаўленыя ўпрытык ложкі, кідалася ў вочы трохстворкавая бліскучая шафа, два мяккія, што ажно патануць можна, крэслы, новая, на шэсць лямпачак, люстра пад столлю, два дываны, адзін на сцяне, другі на падлозе, пасярэдзіне пакоя. Нямала было і іншых рэчаў. На невялікім камодзіку пакрытая вышыванай сурвэткай высілася радыёла. Трохі збоку, ля глухой сцяны, стаяў зашклёны сервант з талеркамі, чаркамі, сподачкамі на паліцах.

Вадзім успомніў, што ў той яго прыезд тут, на месцы серванта, была плеценая з лазы этажэрка, скрозь забітая кнігамі...

У пакой зайшла пераапранутая, з высока ўзбітай прычоскай Анюта. «Бог ты мой, як хутка жанчыны могуць перайначвацца!» Анюта была, як і тады, тры гады назад, такая ж прыгожая і зграбная. Толькі, бадай, трохі папаўнела.

— Вам не сумна аднаму? Косця зараз прыйдзе... Відаць, здарожыліся?

Прыветная, гарэзліва-здаволеная, яна неўпрыкмет акінула вокам увесь пакой, зноў спыніла позірк на Вадзіму, нібы молячы, каб ён хутчэй сказаў тое, што яна болей за ўсё прагнула пачуць. Вадзім як не рассмяяўся ад гэтай мілай жаночай непасрэднасці.

— Ну што вы? Я так рады, што зноў бачу вас і што вы так добра, нават шыкоўна жывяце. Пабыў вось у вашым церамку хвілінку, і як рукой усю стому зняло.

— Ну, то пасядзіце яшчэ трохі адзін,— шчасліва заўсміхалася Анюта.— Хутка паабедаем.

Яна падалася ў кухню. Вадзім пахадзіў узад-уперад па пакоі, а пасля таксама выйшаў на кухню. Там, аднак, нікога не было. Вадзім падышоў да эмаліраванага вядра, якое стаяла на табурэце, пад фанернай накрыўкай. Напіўшыся (вада была цеплаватая), ён наважыў выйсці на двор, трохі агледзецца. Але ў куце, каля стала, заўважыў этажэрку, тую, якую бачыў тады, і, па старой звычцы, пацягнуўся да кніг. Яны былі амаль усе знаёмыя, тыя, якія Косця купляў яшчэ студэнтам.

Вадзіму стала неяк няёмка, што без дазволу зайшоў вось сюды і корпаецца ў чужым. Ён, пакуль хто не засціг, заспяшаўся на двор.

На ганку, на прымацаванай да стоек лаўцы, весела шыпеў прымус. Анюта, седзячы на зэдліку і схіліўшы набок галаву, ад чаго фігура яе падалася Вадзіму яшчэ болей зграбнай і жаноцкай, абірала бульбу.

— Зачакаліся? — весела зіркнула яна.— Нешта Косця бавіцца. Відаць, чарга ў сельмагу.

— Прынёс я вам турботаў. Не трэба было нікуды бегчы,— сказаў, каб толькі нешта сказаць, Вадзім.

Яму, праўда, было радасна, што так завіхаюцца дзеля яго. Але да гэтага пачуцця прыбавілася нешта новае, што назойліва лезла ў галаву, блытала думкі. Ён усё яшчэ знаходзіўся пад уражаннем сустрэчы з блізкім, дарагім сябрам і таму стараўся адагнаць прэч гэтае нечаканае адчуванне.

Спусціўшыся з ганка, Вадзім пахадзіў па двары, пастаяў каля загарадкі, палюбаваўся маленькімі рабымі парасятамі, якія ўсё бегалі за свіннёй, смешна тыцкалі сваімі пыскамі-пятачкамі пад жывот маці і нецярпліва вішчалі. Пасля ён успомніў пра бярозы і, не марудзячы, выйшаў праз брамку ў агарод, скіраваў за вугал хаты. Ён адчуў, як нецярпліва-радасна затахкала сэрца. «Як жа вы жывяце, беластволыя прыгажуні? Ці выраслі хоць, ці падужэлі? Вядома, выраслі і падужэлі — гэта ж тры гады мінула. Хутчэй жа туды, на лужок за хатай, у бярозавы гай...»

Але што гэта?.. Вадзім спыніўся, нібы аб што спатыкнуўся. Адчуў толькі, як цяжка прыраслі да зямлі ногі. Бяроз, акрамя тых некалькіх штук, што сіратліва мясціліся на вузкім паўзмежку, не было.

Вадзім спачатку не паверыў сваім вачам. Мо ён не туды трапіў?

Па добра вытаптанай баразне абышоў хату з другога боку. Не, усё правільна, ён не памыліўся. Няма болей і лужка. Цяпер тут (ужо дзе-нідзе нават выпусціла белыя кветкі-бутоны) дбайна ўходжаная, з роўнымі, пад шнурок, радкамі расла бульба. На душы стала сумна і пуста, нібы ён кагосьці страціў. І Вадзіму раптам захацелася назад, у горад, далей ад непрыемнай размовы, якая абавязкова адбудзецца. Але толькі не цяпер...

— Ну, вось табе і маеш,— разгублена мітусіўся Косця, заглядваючы Вадзіму ў вочы.— Пабыў якую гадзіну і ўжо заспяшаўся. І чаркі віна не паспеў як след прыгубіць... Нідзе не падзелася б твая гэтая работа.

— Не, Косця, выбач ужо, і вы, Анюта. Мне сёння ж трэба зрабіць рэпартаж аб адным калгасе пад Гомелем і вечарам выехаць у Мінск. Баявое заданне. Газета, ведаеце, патрабуе аператыўнасці!

І праз якую гадзіну Вадзім выязджаў са Свяячыц. Косця, сумны, засяроджаны, памахаў яму ўслед і, нібы трохі згорбіўшыся пад нябачнай ношай, марудна пацягнуўся ўздоўж вуліцы да сваёй хаты, дзе яго чакала Анюта.

Вадзім жа цэлую дарогу да горада безуважна глядзеў у акно, ніяк не мог ачомацца, сабрацца з думкамі. На сэрцы было як ніколі прыкра. Пасля, адно за адным, пачало нагадвацца ўсё тое, што ён сёння бачыў і перажыў. Уваччу стаяў Косця, сумны, разгублены... «Што ж здарылася, дружа? — з болем думаў Вадзім.— Якая сіла прыгнула, прынізіла цябе? Мо тваё вялікае каханне да Анюты трошкі асляпіла цябе? А мо за гады нашай дружбы я не разгадаў усе куточкі тваёй душы? Ці, можа, я сам не разабраўся ў тваім сённяшнім жыцці, Косця?»

Думкі, думкі... Ажно кружыцца галава. Вадзім даў сабе зарок, што яшчэ прыедзе да Косці. Хай гэта будзе праз тыдзень, праз месяц ці праз год, летам ці зімою. Але прыедзе. Абавязкова. І размова ў іх яшчэ ўся наперадзе...

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Рыбак А. Апошняя камандзіроўка: Аповесць, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 234-242
Крыніца: скан