epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Рыбак

Родны парог

...Увесь той дзень і ноч, як іх з Лесікам забралі, Вольга жыла чаканнем бяды.

Перад гэтым, у глухую поўнач, калі за сценамі шалеў вецер, біў у шыбы сухімі жменямі снегу, а недзе ля лесу вылі ваўкі — была якраз піліпаўка, — на хутар завітаў Іван. З ім прыйшлі яшчэ трое партызан.

Вольга больш чым месяц не бачыла мужа і вельмі ўзрадавалася, кінулася ў сенцы ўзяць што-кольвечы з кубельца і пакарміць мужчын. Хацела нават запаліць у грубцы, згатаваць чаго цёплага, каб людзі з двара, з гэтай снежнай стыласці каліва абагрэліся. Аднак Іван сказаў, што яны зараз вельмі спяшаюцца, што ў іх пільная справа і ён наведаецца, калі ўсё будзе добра, пасля, дзён праз колькі.

Перахапіўшы мёрзлага сала з цыбуляй і бульбай — хлеба не было, — партызаны закурылі і пачалі збірацца. Сцягнуўшы набрынялыя боты, якія адхадзілі сваё: падэшва правага была абвязана вяроўчынай, ды і левы ледзь-ледзь трываў, Іван абуў свае старыя, залатаныя, але яшчэ даволі цёплыя валёнкі і пайшоў у бакоўку, дзе ў калысцы ля грубкі спаў Лесік. Цмокнуўшы сына ў ружовенькую кнопку-носік, палюбаваўшыся, пацешыўшыся ім, ён прыхінуў на хвіліну і горача ў падатлівыя вусны пацалаваў і яе, сцішаную і паніклую...

Вольга хацела іх трохі правесці, але Іван далей за падворак яе не пусціў. Снегу было ўжо вышэй плота, там-сям навіслі брылі, амаль да каленяў накідала і на расчышчаную звечара дарожку да варотцаў за хлявом. Аднак мяцеліца і не думала сунімацца — сыпала і сыпала. Вольга стаяла, сцяўшыся, ля варотцаў, да болю ўваччу ўглядалася ў густую, што аўсяны кісель, шэрань, якая праглынула яе Івана.

Па абедзе прыбегла Адоля з суседняга хутара і сцішана, амаль шэптам, нібы іх мог тут хто пачуць, сказала, што ноччу на чыгунцы нехта падарваў цэлы фашысцкі эшалон з танкамі і гарматамі... І з самага ранку ў Чубаўку наехала поўна немцаў, паліцаяў. Што ім трэба, што яны ўдумалі рабіць, ніхто не ведае. Божачка, хоць бы якой бяды не ўтварылі!

Пабедаваўшы, павойкаўшы, Адоля, смешна грэбаючыся ў глыбокім снезе, патрусіла напрамкі дадому. Вольга, закусіўшы да крыві губу, збялелая, стаяла ля акна і не ведала, што рабіць. Вестка пра ўзарваны эшалон яе абрадавала, яна добра ведала, хто ноччу прыклаў да гэтага руку, аднак тое, што сказала Адоля пра немцаў у Чубаўцы, устрывожыла не на жарт. Дарэмна яны сюды не пасунуцца, не.

Ноччу Вольга не змружыла вачэй. Усё стаяла і стаяла ля акна на кухні, якое глядзелася ў той бок, дзе была Чубаўка, напружвала слых: здавалася, што недзе блізка гудзе машына... Тады яна бегла ў бакоўку, дзе соладка пасопваў Лесік, абарочвалася, засланяла сабою калыску, гатовая ўчапіцца ў горла любому, хто мусіць падысці да дзіцяці.

Толькі пад саменькую раніцу, зусім ужо знясіленая, яна кінулася апранутая на ложак і раптоўна заснула. Пабудзіў яе Лесік, які захацеў есці. Вольга накарміла яго, памяняла мокрыя пялёнкі і пайшла пад паветку па дровы.

Занятая работай — секла ў карыце буракі карове, — яна і не ўчула, як зайшлі ў хату двое немцаў і паліцай. Вольга як не абамлела. Але ўжо ў наступную хвіліну з секачом у руках яна кінулася ў бакоўку, адкуль пачуўся плач Лесіка.

Паліцай — Вольга трохі ведала яго ў твар, добры, казалі, быў гад — не рашыўся кінуцца за ёю следам, стаў на парозе і гучна, каб чуваць было, загадаў збіраць малога і самой апранацца: пойдуць у Чубаўку.

— Нікуды я з дзіцем грудным не пайду, — у адчаі закрычала Вольга. — Што рабіцьме там, у той Чубаўцы?

— Пойдзеш, як міленькая пойдзеш, — працадзіў скрозь зубы паліцай. — Хопіць, насядзелася ў сваім асіным гняздзе...

Астатняе, што было пасля, пакуль яе з Лесікам і іншымі кінулі ў тую восець, Вольга помніла зараз вельмі цьмяна, — усё засціла тады думка пра Івана: дзе ён, што з ім? Цьмяна, нібы мінула цэлая вечнасць, нагадалася дарога да Чубаўкі, глыбокі, вышэй каленяў, снег, тое, як паліцэйскі піхнуў яе, каб не плялася, бы нежывая, і яна з Лесікам, пад гыгыканне фашыстаў, гоцнулася ў снег. Добра, што было мякка, і Лесік, бадай, ці адчуў гэтае падзенне. Ва ўсялякім разе, не заплакаў. Затое яна, Вольга, набрала поўна снегу і ў рукавіцы, і ў валёнкі.

У восеці — будыніна гэтая паныла горбілася ля шляху, метраў якіх за дзвесце ад Чубаўкі, — калі сагналі жанчын з дзецьмі і таго-сяго з нямоглых, старых мужчын, толькі там са скупых размоў Вольга з жахам пераканалася ў сваёй нядаўняй згадцы: усе яны сем'і партызан.

Неўзабаве іх пагналі ў бок гарадка, дзе мясціўся нямецкі гарнізон. Акалелыя, знясіленыя ад усяго, што перажылі, людзі ледзь валаклі ногі. Тут, на шляху, было цвярдзей, чым на полі, але снегу ўсё роўна хапала. Паперадзе ехала, пакідаючы глыбокія каляіны-сляды, паўнюткая машына фашыстаў. Паліцаі — іх было таксама нямала — ішлі ззаду, таўхалі прыкладамі тых, хто адставаў, пакрыквалі і мацюкаліся.

Мінулі поле, дарога пайшла спачатку праз малады сасняк, які неўзабаве змяніўся высокімі гонкімі соснамі. Вецер тут так не круціў, не даймаў, і стала цяплей.

Калі ногі пры хадзе трохі адышлі, дык рук Вольга па-ранейшаму амаль не чула. Але зараз меней за ўсё думалася пра сябе, пра тое, дзе яна, што з ёю, куды разам з іншымі гоняць. Як магла, гарнула да сябе Лесіка, спрабавала злаўчыцца, каб адхінуць коўдрачку і заглянуць у ягоны тварык. Аднак каляныя рукі зусім не слухаліся, і Вольга кінула гэтую спробу, бязгучна, пасінелымі губамі прасіла яго, каб ён яшчэ патрываў... На што яна спадзявалася, Вольга не думала, была як у цяжкім, пакутлівым да забыцця сне, у нейкім незразумелым трызненні.

І толькі калі ўперадзе, метраў якіх за сто, грымнуў выбух, яна ўздрыгнула ўсім целам, няўцямна ўзняла галаву, быццам скінула здранцвенне. У адно імгненне згледзела, як невядомая магутная сіла падкінула высока ўгору дубовыя плашкі мосціка, як цяжкая машына, пад енк фашыстаў, задам гоцнула ў глыбокую канаву.

З-за кустоў, злева ад шашы, хтосьці амаль адначасова з выбухам штомоцы крыкнуў: «Бабы, лажыцеся!» Вольга, нарэшце ўсё ўцяміўшы, з радаснай надзеяй ацаніўшы, што гэта азначае, хуценька кінулася ўбок, разам з Лесікам на руках з'ехала па снезе з крутога схілу.

І амаль у тое ж імгненне паветра працялі кулямётныя і аўтаматныя чэргі...

Спачатку была радасць сустрэчы з Іванам, самым дарагім, самым любым чалавекам. Ужо глыбока ў лесе, калі мінула ўсялякая пагроза, яны, не саромячыся, пры ўсіх цалаваліся, і ён, і яна ажно плакалі, не хацелі хаваць сваіх слёз. Іван, пасадзіўшы яе ў сані, ахінуўшы цёплым кажухом, трымаў адной рукой скрутачак з Лесікам, другой, такой роднай, шурпатай і цёплай, гладзіў яе шчокі. У гэтай гарачцы прытупілася трывога за Лесіка: думалася, што ўсё самае страшнае скончана і для яе, і для сынка, вось зараз трапяць куды-небудзь у цёплае, і яны, маці і бацька, ужо не дадуць прапасці свайму маленькаму...

...Таго свайго дзікага, нечалавечага крыку, калі, пасля чатырох гадзін шалёнае гонкі па лесе, ужо ў лагеры, у партызанскай зямлянцы выявілася, што Лесік нежывы, яна ніколечкі не помніць. Пра гэта пазней, праз які месяц, расказаў Іван.

Спачатку, як хавалі Лесіка, хоць і прыглушыла, прыбіла яе гора, усё, здавалася, абыдзецца добра. Яна сама паказала непадалёк ад лагера месца для магілкі — невялікую круглую палянку, дзе густа раслі, цягнуліся ўгору бярозкі, а на самай сярэдзіне ўзвышаліся два пракаветныя дубы-волаты. Скрозь тоўстым белым пластам ляжаў снег. Але ўгадвалася, як ціха і зялёна будзе тут вясной, калі і бярозкі, і вось гэтыя дубы апрануцца ў новае ўбранне.

Лесіка паклалі не ў труну — не было якраз дошак, а ў глыбокія драўляныя начоўкі, якія пасля зверху забілі фанерай. Івана ўжо тады насцярожыў жончын выгляд, нейкі спустошана-абыякавы, тое, што ні аднае слязінкі нават не капнула з яе вачэй, быццам хавалі не іхняга сынка, а зусім чужое, невядомае дзіця...

Пасля яна злегла, не мела сіл болей стаяць на нагах. Шклянымі зрэнкамі зацята глядзела некуды далёка-далёка, не ела, не гаварыла і амаль нікога не пазнавала. Фельчар, што быў у атрадзе, стары, з бародкай чалавек, бяссільна разводзіў рукамі, не мог даць ніякае ні рады, ні парады. Яна схуднела, зжаўцела ў твары, засталіся скура ды косці. Іван дні і ночы праседжваў у зямлянцы ля яе палка. Камандзір атрада, шкадуючы Вольгу, пакуль што не даваў яму ніякіх заданняў.

...А праз год, акурат у такую ж пару, знаёмыя і незнаёмыя дарогі вялі яе дадому.

Балючым было расстанне з Іванам. У той, апошні іхні вечар, ён многа і горача гаварыў, як прыгожа зажывуць яны, хай толькі даб'юць усю немчуру, што вужакай палезла на нашу зямлю, во і зараз, хоць турнулі яе далёка, яшчэ крэпка ашчэрваецца, забівае, паліць, рабуе. Таму ён не можа, не мае права скласці зброю. А яна, Вольга, хай як-небудзь дабіраецца дадому, у вызвалены, ачышчаны ад фашысцкай погані родны кут, прыгледзіць хату, калі тая яшчэ цэлая, мо што-небудзь пасадзіць, пасее, пакуль ён вернецца. Трэба ж дбаць ужо і пра заўтра... З яе ж досыць, наваявалася, хапянула ўсяго пад завязку. І так, во, цэлы год разам рызыкавала жыццём, хадзіла на заданні, вырывалася з блакады, разам, зацкаваныя аўчаркамі, па горла сядзелі ў балоце. Усё было. Але, дзякаваць богу, неяк ацалелі. Цяпер што!.. Самае страшнае — ззаду, у мінулым...

Іван усё ж папярэджваў, каб асцерагалася, ішла люднымі мясцінамі, абы-дзе не начавала, бо ці мала можна напароцца на якую брыдоту: недабітага фрыца, бобіка, а то і зграю згаладалых ваўкоў — развялося ж іх за вайну процьма...

Надвечар, калі пашарэла, а густое, адліжнае паветра працяў лёгкі, нанач, марозік, як часта бывае такое пад канец сакавіка, яна набліжалася да свайго хутара. Елкі і сосны паабапал гравійкі, набрынялыя за дзень вільгаццю, стаялі маўкліва і задуменна, ажно вусцішна рабілася ад гэтае іх маўклівасці.

Ветру зусім не чулася.

Восеці, куды іх з Лесікам кінулі летась фашысты, ужо не было. На тым месцы горбіліся над зямлёю кучы асмолкаў. Прайшоўшы яшчэ трохі, Вольга як не самлела, ногі, што і так ажно гулі ад нялёгкай, трое сутак амаль запар, хады, падагнуліся, і яна толькі велізарным намаганнем волі прымусіла сябе ўтрымацца, не ўпасці на дарогу. Вачам, хоць на дварэ і пацямнела, адкрылася жахлівае: Чубаўкі болей не было, не засталося ні аднае цэлае хаты. На іх месцы чарнелі комінамі-шкілетамі паўразбураныя печы. Недзе, ці не адчуўшы чалавека, нема, па-дзіцячы заенчыў здзічэлы кот. Дзе ж усе людзі, што зрабілі яны, фашысты, з людзьмі? Няўжо нікога няма жывога? Вольга адчула, што ёй не хапае паветра, вось-вось задыхнецца. Не помнячы нічога, яна нагнулася, хапіла жменю снегу, прыклала да твару, мокрую, ахаладзелую руку сунула за пазуху, бліжэй да сэрца. Каліва адлягло. Але ногі, каб ісці далей, не слухаліся. Яна зняла з плячэй свой хатуль, куды з Іванам паклалі ўсё, што ў іх было, — паўкулідкі хлеба, некалькі звараных неабіраных бульбін, два кавалкі мыла, трохі ў торбачцы солі, карабок запалак, яшчэ тое-сёе з драбязы, — і села на гэтае дабро, якое за дарогу, хоць і важыла няшмат, намуляла, адабрала ёй плечы.

Куды ж цяпер ісці, да каго падацца? Калі знішчылі, не пакінулі нічога ад такога селішча, як Чубаўка, дзе былі і школа-сямігодка, і сельсавет, у якім яны з Іванам распісваліся, і крама, то, пэўна ж, ад хутара іхняга і попелу не засталося.

Пасядзеўшы яшчэ трохі, яна з цяжкасцю, нібы налітая свінцом, паднялася, так-сяк злаўчыўшыся, ускінула на плечы хатуль. Чамусьці не схацелася ісці праз Чубаўку, ці, лепш сказаць, праз тое, што ад яе ўжо асталося, і Вольга, мінуту павагаўшыся, рашуча звярнула набок, ступіла ў аселы, але глыбокі яшчэ снег...

Стала ўжо цёмна, але яна не баялася, пайшоўшы напрасткі праз поле, што заблудзіцца. З заплюшчанымі вачыма магла б трапіць адсюль на свой падворак. Кожны пагорачак ці лагчынку, кожны камень-валун, кожны кусцік, хоць і расплываліся, гублялі зараз свае абрысы, Вольга ўсё ж пазнавала па вядомых толькі ёй адной прыкметах.

Пацягнула дымком, і ў яе ў шчымлівай надзеі ёкнула сэрца: няўжо абышла іх бяда, няўжо ногі ступяць на родны парог?

Вось зачарнеўся ўсімі будовамі Тамашоў хутар. Над комінам віецца, нават поцемку відно, белаваты дымок. Пэўна, Адоля майструе на вячэру свайму бязногаму Тамашу яго заўсёдныя клёцкі. А вунь і яе хата!.. Толькі што ж гэта?.. Чаму з кухні цэдзіцца ў цемнату, у ноч, кволае, як бы чым прыглушанае, святло? Хто мог пасяліцца там?

Нарупіла думка — зайсці спачатку да Адолі. Карцела хутчэй даведацца пра Чубаўку, што і як там сталася, што з людзьмі, заадно Адоля раскажа і пра ўсе іншыя навіны. Пра тое, хто і па якому праву ўбіўся ў яе хату — найперш, вядома...

Адоля кешкалася на кухні, у шчарбатай кадцы, нагнуўшыся, мыла і накладвала ў пузаты гаршчок дробненькую, што арэшкі, бульбу. На Вольгу, калі тая, не пастукаўшыся — ніколі па-суседску яны гэтага не рабілі, — пераступіла парог, нават і не зірнула. Вольга хацела гучна павітацца, але Адоля, не падымаючы галавы, усё гэтак жа занятая работай, апярэдзіла, буркліва кінула:

— Трасца цябе недзе ўвесь вечар ганяе! І дроў на заўтра нават палена не прыцёг. Выстранчы тут адна...

Вольга кашлянула, і ў Адолі як спружынай выпрастала спіну. Не даўшы Вользе апамятацца, яна загаласіла:

— Во-о-о-лечка, ты?! Жывая?!. А я думала, то цюхцяй мой... Яшчэ завідна пайшоў да Гораша запалак пазычыць і во — усё няма і няма. Што можна гэтулькі рабіць? — Яна, разгублена-радасная, абняла Вольгу, мокрым ад слёз носам тыцнулася ёй у шчаку. — Мала ўжо надзеялася, што зноў пабачымся... Ведала, праўда, што вас тады, бедных, ля мастка партызаны ўратавалі. Але ж гэтулькі часу... Гэткі год жахлівы быў...

Яны, сеўшы на ўслон, зараз абедзве плакалі. Трохі, збольшага, Вольга расказала пра сябе, пра смерць Лесіка, пра тое, што было пасля. Адоля смаркалася ў падол рудога, бруднага фартуха, ім жа выцірала і слёзы.

— Чубаўка... Як гэта... ўсё? — выдыхнула нарэшце Вольга. Яна баялася такога пытання, знарок цягнула, ведала, што, хочаш ці не, усё роўна давядзецца спытаць.

Адоля стаілася, бы здранцвела, твар спалатнеў, рукі, якія яна паклала на калені, дробна трымцелі.

— Ну, кажы, што ж ты, — як не крыкнула, не пазнаўшы свайго голасу, Вольга. — Ты ж, пэўна, бачыла, ішла тудэю... Не так даўно... усё гэта... Два месяцы назад... Наехала іх у чорным, што гругання якога. Ды ці першы раз? Але гэтыя... Чулі, гады, свой скон. Усё дапытваліся, хто старасту прыкончыў. Хто ж мог тое бачыць?.. Але сабаку сабачая смерць... — Адоля памаўчала, у вачах у яе адбіліся і страх, і гідлівасць, затым, памыляўшы губамі, працягвала далей: — Ага, яшчэ ж пры табе адшукалі яны сабе паслугача — таго, большага з сыноў Боўтача, Харытона, п'яніцу і распусніка. Колькі папіў ён людской крывіцы, колькі маладых дзяўчат загубіў, злыдзень, са сваімі хаўруснікамі. Хай яму і на тым свеце мулка будзе!.. Але і сам у сваёй крыві захлынуўся: нехта позна вечарам упільнаваў яго, тапаром расквасіў галаву. Вось пасля таго і наехала іх у чорных мундзірах. Сагналі ўсіх чубаўскіх у восець і падпалілі. Жыўцом. І дзяцей, і старых. І вёску спалілі. Не з-за Боўтача толькі, не. Усё прыпомнілі людзям: і што партызанам памагалі, і воўкам глядзелі на іх новую ўласць, і што амаль усе мужчыны, хлопцы былі ў лесе ці ў войску, білі, нішчылі іх, душагубаў...

Вольга сядзела скамянелая, у невідушчых вачах яе адбілася гэтулькі гора, пакут і адчаю, што Адоля ажно спалохалася. Яна раптам спахапілася, пляснула рукамі:

— Што ж гэта я не прывеціла цябе па-людску, распрануцца нат не сказала?.. Адно ўсё страхоцце на языку... То распраніся, Волечка, у мяне ж цёпла, слава богу, а зараз мо і Тамаш надыдзе, павячэраем заадно. Клёцкі там, у грубцы, даварваюцца.

— Трэба ж ісці... — схамянулася Вольга, і Адоля ўчула ў яе голасе: суседка калі не ўсё ведае, то здагадваецца і зараз да канца хоча яснасці, што і як з хатай.

Нібы вінавацячыся, Адоля ўсхліпнула, зноў засмаркалася ў падол:

— Паліцаіха... там... з дзіцёнкам. Знекуль далёка самі. З немцамі беглі, ад кары ўцякалі. Я ж ім казала, што прыйдзеце вы, вернецеся. Ён сам, паліцай, чуць мяне не забіў, калі заікнулася. Бегаў усё, пісталетам размахваў, гразіўся як з чубаўскімі ўчыніць. А сам калаціўся ад страху: пяткі падмазваць пара, нашы ж напіраюць, продыху ім, гадам, не даюць. А тут жонка ягоная... Хвароба нейкая ўбілася, з ног зваліла. А яшчэ цяжарная. Ён і кінуў яе адну з дзіцёнкам, хлопчыкам. Скуру сваю ратаваць жа трэба.

Вольгу як токам трасянула:

— У маёй хаце... паліцаіха?!

Яна мала помніла, як выбегла ад Адолі, калі ўхапіла хатуль. Не чула ні стомы, ні гуду ў нагах. Цяжкімі, рашучымі крокамі, амаль подбегам, там-сям па калена яшчэ ўвальваючыся ў снег, яна пакіравалася да свайго двара. Адна думка, адно жаданне агнём паліла ўсё нутро: хутчэй у хату, хутчэй хапіць мэтлахі няпрошанай кватаранткі і выкінуць, к чортавай матары шпурлянуць усё на вуліцу, каб нічым і не смярдзела, паказаць на дзверы і самой чужаніцы — ідзі, скуль прыйшла, бяжы, даганяй свайго бобіка-дружка, мо яшчэ і дагоніш... Іч ты, аблюбавала сабе цёпленькі куток! І ад людскога вока далей... На ўсё гатовенькае спакусілася? А скулу не хацелі, вырадкі! Хопіць, нашыкаваліся...

Сенцы былі на засаўцы, і Вольга штомоцы загрукала ў дзверы, укладваючы ў гэты грукат невядома адкуль узятую сілу. Праз хвіліну з кухні данёсся знаёмы рып, кволы жаночы голас насцярожана спытаў:

— Хто там?

— Адчыняй! — Вольга зноў, ужо нагой, нецярпліва саўганула ў дзверы, ажно гулка затрымцела ў акне шыбіна.

Там, усярэдзіне, як бы стаіліся, анямелі... Але вось па падлозе мітусліва затупацелі, зашоргалі ў нейкіх атопках ногі, той жа, праўда, добра ўжо напалоханы, разгублены голас выдыхнуў зноў:

— Я зараз, зараз... Ой, што ж гэта?..

За дзвярыма, чуваць было, хтосьці ўпоцемку нервова залапаў, зашнарыў рукой, шукаючы засаўку. «Што, не патрапіш? — гняўліва падумала Вольга. — А сюды, у чужую хату, дык патрапіла?»

Засаўка, нарэшце, азвалася ўвушшу цяжкім жалезным скрыгатам. Вольга трохі счакала, затым піхнула дзверы і, пакінуўшы за сабою ўсё наросхрыст, амаль услед за жанчынай ступіла на кухню.

Вока адразу выхапіла няяркую, з укручаным кнотам лямпу на стале, у блеклым яе святле збялелую, без аднае крывінкі ў твары, невысокую маладзіцу з пакутліва-застылымі вачыма. Прыхінуўшыся да сцяны і як бы баронячыся ад каго, яна растапырыла, выставіла наперад рукі, за якімі ўгадваўся вялікі жывот... Побач, учапіўшыся за спадніцу, басанож на голай падлозе стаяў, ціха румзаў русявы хлапчук гадоў пяці-шасці.

Вольга, нічога не кажучы, паклала на зэдлік хатуль, распранула і павесіла на цвік ля парога кажушок, заглянула ў пярэдні пакой, нібы правяраючы, ці ўсё, што было ў хаце год назад, зараз на сваім месцы, ці не прапала часам што. У цемнаце нічога не пабачыла. Зноў вярнулася на кухню. Адчуўшы, як з двара цягне холадам, пайшла і зачыніла ўсе дзверы. Нешта трэба было сказаць, кінуць у твар гэтай чужаніцы выспелыя словы, якія толькі што агнём пяклі, вярэдзілі душу, прымушалі да хрусту, да болю ў пальцах сціскаць кулакі. Але, надзіва, чамусьці захраслі на губах тыя жорсткія, але справядлівыя словы. Яна зноў змерала позіркам нерухомую, зараз з грымасай болю на ўсё гэткім жа збялелым твары, постаць маладзіцы, русявага хлапчука і адчула, як тая, нядаўна ўплеценая ў нервы, напятая да звону струна рэзка абарвалася. І мо больш ужо для прыліку — толькі б не раскіснуць і не маўчаць — Вольга нахмурыла бровы, працадзіла скрозь зубы:

— Ну, дык што рабіцьмем?!

— Мы зараз, зараз... пойдзем куды... — хуценька залепятала маладзіца і, выйшаўшы са свайго здранцвення, замітусілася, зашастала па ўсіх кутках.

Яна хапала і кідала ў адну кучу пасярод кухні апратку, сваю і хлапчукову, тое-сёе, што пад руку трапляла, з іншых рэчаў. Аднекуль выцягнула стракатую даматканую посцілку, нагнулася, каб звязаць усё ў клунак, і... дзіўна неяк войкнуўшы, асела на падлогу.

Вольга не на жарт спалохалася. Увесь выгляд маладзіцы — тое, як да крыві закусіла губу, як цяжка лавіла ротам паветра, курчылася, лапала за ніз жывата — гаварыў, што ёй нядобра, што вось-вось могуць пачацца, калі не пачаліся ўжо, роды. Трэба нешта рабіць, не стаяць вось так, разгублена апусціўшы рукі. Што б там ні было, а ўсё ж чалавек, жанчына, зараз ёй мо як ніколі ў жыцці блага і без нечае дапамогі ніяк не абыдзецца. А тут яшчэ нема закрычаў, кінуўся да маці хлапчук. Размазваючы кулачком па твары слёзы, ён ажно надрываўся:

— Мамачка... ставай! Мамачка, мне стлашна... Ставай, мамачка!..

Вольга ўзяла за руку хлопчыка, шурпатай даланёю правяла па мяккіх русявых валасах і адчула, як нейкі даўкі камяк здрадліва падкаціўся да горла. «Божачка, што ж гэта дзеецца на свеце?»

Хлапчука яна пасадзіла на лаве ў покуці, наказаўшы яму не злазіць і не румзаць, пабольшыла язычок агню ў лямпе і нахінулася да маладзіцы. Той, бачна было адразу, рабілася ўсё горай і горай. Вольга падклала пад голаў маладзіцы першае, што трапіла пад руку, — невядома з якога пляча картовы пінжачок, затым вырашыла, не бавячыся ні хвіліны, бегчы да Адолі. Удзвюх мо як і падсобяць, аблегчаць жанчыне пакуты. Тым болей Вольга ведала, Адоля не навічок у гэтай бабскай справе.

Адоля, на шчасце, яшчэ не спала, якраз з Тамашом вячэралі. Убачыўшы суседку на парозе сваёй хаты, без кажушка і нават без хусткі, яна першая занепакоена спытала:

— Што, што там у цябе?

Вольга, нягледзячы на разгубленасць, не забылася паздароўкацца з Тамашом. Мельгам адзначыла ў думках, як ён за год згорбіўся, асунуўся, павэдлу з Адоляй пастарэў і пасівеў. Яна паклікала Адолю бліжэй да сябе, шапнула як не ў вуха:

— Гэтая... кватарантка... кепска ёй.

— Яшчэ ж зарана, — адразу здагадалася Адоля і, болей не пытаючыся, выцягнула з печы гаршчок цёплай вады — балазе стаяў і не астыў з раніцы, — наліла вялікі гліняны гладыш, выняла з куфэрка чысты ні то ручнік, ні то якую анучу. Завіхаючыся, апранулася і разам з Вольгай падалася на двор.

...Апоўначы, выбіўшыся з сіл, зрабіўшы ўсё, што толькі можна, яны апусцілі рукі, зразумелі: маладзіцу ім не ўратаваць. Кровацячэнне пасля родаў ніяк не спынялася. Адоля два разы яшчэ бегала дадому, грэла ў грубцы на вуголлі ваду, бо ў Вольчынай хаце чамусьці было няпалена, запарвала нейкія зёлкі і бясконца клала прымочкі.

Вольга, прыняўшы дзіця, таксама хлопчыка — адразу кінулася ў вочы, што ён неданошаны, — чым магла памагала Адолі. Улучыўшы хвіліну, схадзіла да хлява, упоцемку пашукала дроў, але не знайшла ні палена і ні з чым вярнулася ў досыць настылую ўжо хату. А тут яшчэ плакаў, не перастаючы, большанькі, і колькі ні ўгаворвала яго Вольга, не схацеў ісці спаць у залу, дзе яму была паслана пасцель.

Маладзіца ж сцякала крывёю. Яна амаль увесь час трызніла, парывалася некуды бегчы.

Пад раніцу, калі Адоля скрыпнула дзвярыма, зноў, стомленая і спустошаная, паплялася дадому, каб узяць кроплю якую газы, бо ў лямпе ўжо канчалася, а без святла ім ніяк нельга, маладзіца трохі ачуняла. Глыбока запалымі вачыма, у якіх раптам бліснулі слёзы, яна дала знак Вользе нахінуцца бліжэй, ціха і як бы вінавата папрасіла паказаць дзіця. Даведаўшыся, што гэта хлопчык, пабачыўшы яго жывым і здаровенькім, маладзіца раптам затрэслася ў плачы, істэрычна забілася галавой аб падлогу. Каб Вольга не ўспела падкласці ватоўку, невядома, як магло б скончыцца. Зноў губляючы памяць, мыляючы сухімі, асмяглымі губамі, яна ўсё ж знайшла яшчэ сілы спытаць:

— Дзеці ж не вінаватыя?.. Не? Дзецям жа не будуць помсціць?..

...Злезшы з ложка, Вольга ўпоцемку намацала на шкапчыку запалкі і пасвяціла на ходзікі, што гулка ў начной цішыні цікалі на сцяне. Не было яшчэ і чатырох гадзін. Яна падышла да калыскі, нахінулася, прыслухалася. Дзіця спала, дыхала спакойна і роўна.

Заўчора ўвечары Вольга думала, што ўжо ўсё, яно не выжыве, жыць яму адмерана не дні, а гадзіны. Цельца невядома ад чаго пасінела, дробненькі, з кулачок, тварык, які і да гэтага быў зморшчаны, нібы спечаны яблык, зараз зусім зблажэў, не выяўляў, здэцца, ніякіх прыкмет жыцця. Нешта тады ў Вользе здрыганулася, нейкая жаласная нітачка тарганулася ўсярэдзіне. Адвечны інстынкт жанчыны як бы спытаў: што ж гэта ты, што ты глядзіш, апусціўшы рукі? Перад табой жа дзіця, зусім бездапаможная, безабаронная істота, якая патрабуе ўвагі, сэрца, рук. Хто ж, як не ты, возьме на сябе клопат пра новае жыццё, не дасць на глум, на згубу сляпой хваробе, уратуе ад немачы?

Яна зноў, пажаваўшы мякіша, загарнула яго ў шматок чыстай марлі, макнула ў падсалоджаную ваду і асцярожна ўсунула самаробную суслу дзіцяці ў роцік. Але яно і не думала смактаць. Нават ні адна рыска не варухнулася на ягоным тварыку. Вольга зусім разгубілася. Пасядзеўшы хвілін колькі, яна рашыла схадзіць да Адолі: мо тая што падкажа, дасць якую раду.

Адоля таксама не ведала, што рабіць. Памеркавалі былі разам, каб як паказаць урачу. Але дзе ж возьмеш зараз урача, дзе адшукаеш? Раней, да вайны, было проста — бальніца ў Чубаўцы ратавала іх ад многіх няшчасцяў. Цяпер жа і ад Чубаўкі і ад бальніцы засталіся адны галавешкі. А везці дзіця ў раён... Па-першае, дарогу зусім расквэсіла, з гразі, балота не вылезеш, а па-другое, каб і вылез, то хіба ж давязеш да таго райцэнтра, за дваццаць кіламетраў, такое хілае немаўля. Не, трэба шукаць нейкае іншае выйсце.

Павагаўшыся, Адоля прапанавала добра памыць, папарыць дзіця ў цёплай вадзе, а яна тым часам заварыць зёлак і паспрабуе сілком, з лыжачкі, трохі папаіць хлопчыка настоем тых зёлак. А што ж іншае могуць яны прыдумаць?

Увечары Вольга добра напаліла печ, каб было цёпла, падрыхтавала начоўкі, чысты абрус, пагрэла коўдрачку. Адоля мудравала над лекамі.

Калі зрабілі ўсё так, як хацелі, і Адоля пайшла дадому, Вольга з радасцю заўважыла, што дзіця і сапраўды паружавела, у сне нават раз-другі перасмыкнула губкамі, як бы просячы есці. Вольга зноў усунула яму ў роцік падсалоджаны ў марлечцы мякіш, а сама пайшла на кухню, каб_ разбавіць кіпячонай вадой малака. Гэты раз дзіця зноў не стала нічога есці. Але ўжо наранку — няўжо памаглі тыя зёлкі? — яно выпіла мала не паўшклянкі малака. Увесь той дзень Вольга чатыры ці пяць разоў карміла яго з лыжачкі, бо не было соскі.

Болей яна ўжо не лягла. Выйшла на двор. Неба густа ўслалі нізкія цяжкія хмары, з якіх церушыў дождж уперамешку са снегам. І толькі на ўсходзе, за Горашавым хутарам, свінцова-змрочнае неба прачэрчвала вузкая, у палец, светлая палоска, нібыта хто наклеіў там шматок чыстай паперы. Гэты шматок і даваў нейкую надзею, што мо выпагадзіцца, выгляне сонца, вясна, нарэшце, возьме сваё, бо ўжо няма ніякіх сіл чакаць таго цяпла.

З вясной, цяплом Вольга звязвала асаблівыя надзеі. Найперш думалася, вядома, пра Івана. Як жа зараз не хапае яго тут, дома! Не хапае яго ласкі, пяшчоты, яго спакойнай разважлівасці. Не хапае яго мужчынскага вока: гаспадарка ж, во, за той час, пакуль яна, Вольга, не была дома, растрэсена, расцягнута невядома кім і калі, усё прыйшло ў поўны заняпад, не ведаеш, як і з чаго пачынаць, за што найперш зачапіцца...

Пастаяўшы трохі на дварэ, Вольга вярнулася ў хату. Газоўкі не стала паліць. Намацаўшы ў куце заржавелую, там-сям з вышчарбленым лязом сякеру, яна пашчапала сухое палена, пачала падпальваць у печы. Трэба ж нешта зварыць, нешта і самой паесці, бо і так ногі ледзьве цягае. Добра, што хоць старэйшага хлопчыка Тамаш завёз учора ў райцэнтр, уладкаваў у дзіцячы дом.

Вольга старалася гнаць ад сябе благія думкі, нейкія незразумелыя, цяжкія прадчуванні. Аднак нішто не памагала. Цэлы дзень яна сноўдалася, як сонная, толькі к вечару, пакарміўшы і прыспаўшы малое, яна пайшла да Гораша, каб папрасіць малака для дзіцяці.

Пачынала сутонець. Сонца села ўжо, і ў тым баку, над лесам, неяк нязвыкла барвовела, як бы крывавілася неба. Падумалася спачатку: мо гарыць якая вёска? Але ж адкуль узяцца зараз тому пажару? Ды і дым быў бы... Колькі ні ўглядалася, ажно перад вачмі кругі пайшлі, аднак нічога не заўважыла такога, што казала б пра пажар.

Дарога, калі яна вярталася дадому, трохі падшэрхла, і ступалася зараз лацвей — ногі не слізгацелі.

Абышоўшы кручу, дзе, схаваны ад сонца, яшчэ вылежваўся, памалу сыходзіў слязьмі лапік учарнелага наздраватага снегу, а ніжэй, у ямах, у якіх звычайна капалі гліну, было поўна вады, Вольга паднялася на апошні ўзлобак. Адсюль да хаты рукою падаць. Яна зірнула на знаёмыя, прыцененыя ўжо прысады і як не абмерла. Ля частаколу, там, дзе варотцы, стаяў запрэжаны ў брычку худы, ажно здаля бачны пад цёмна-рыжай поўсцю рабрыны, жарабец. Прывязаны да шула лейчыной, ён нецярпліва смакаваў цуглі. «Хто ж гэта можа быць? — Вольга подбегам кінулася да свайго двара. — Няўжо?!»

З хаты выйшаў ссутулены, змардаваны ў твары вайсковец, і ў Вольгі адразу сшэрхлі, падкасіліся ногі, ёкнула сэрца. Вайсковец быў у новым шынялі, на пагонах жаўцела па зорачцы. «Маёр, — мелькам адзначыла пра сябе Вольга. — І пусты рукаў заткнуты за рэмень. Няўжо адтуль, з фронту?! Але ж гэты конь, брычка...»

Вайсковец, калі жанчына падышла бліжэй, сказаў:

— Я з ваенкамата. Вы Лагацкая?

— Я. А што? — Вольга зноў адчула, як нядобра тахкае ў грудзях сэрца, як закрадваецца, страшным холадам ледзяніць душу падазрэнне. Праз мінуту, ужо ў хаце, пустымі, змярцвелымі, без адной пакуль слязінкі вачыма яна глядзела на паперку-«пахаронку», якую выняў з палявой сумкі і паклаў на стол маёр.

— Нічым, як і другіх, я вас не ўцешу, — акурат з-пад зямлі чуе яна словы вайскоўца. — Мацуйцеся. Калі што трэба будзе, звяртайцеся да нас, у ваенкамат.

Стараючыся не грукаць ботамі, маёр нячутна выходзіць, пакідае яе адну. Скамянелая, Вольга бачыць праз шыбку акна, як адвязвае ён каня, папраўляе нешта ў брычцы, пасля садзіцца і рашуча тузае лейцы.

...А недзе праз месяц Вольга, калі трохі акрыяла, калі на дварэ па-сапраўднаму ўжо раскашавала вясна, паволі ішла ў Садкі. На руках, загорнутага ў лёгкую байкавую коўдрачку, несла хлопчыка, Малышка, як паспела яна назваць дзіця, калі ў голаў не прыходзіла яшчэ ніякае імя. Сельсавет, які мясціўся ў адной з палавін чыёйсьці хаты, куды Вольга скіравала, быў, на шчасце, незамкнёны.

Старшыня сельсавета, маладжавы, у ваеннай гімнасцёрцы, у дыяганалевым галіфэ, пасадзіў Вольгу ў крэсла ля стала, пакалупаўся ў сваіх паперках, пасля, адклаўшы, адпіхнуўшы ўсё ўбок, спытаў:

— Вы хацелі чаго?

— Ага, — Вольга рашуча глянула яму ў вочы. — Хлопчыка, во, запісаць трэба. Сына... Усё некалі было...

— Гэта можна, — як абрадаваўся старшыня. — Тут прасцей за ўсё. А то думаў — прасіць што. Кожны дзень людзі ідуць і ідуць. А чым, чым я магу зараз памагчы? Хіба лесу выпісаць. А іншага нічога няма — ні насення, ні мукі, ні цвікоў, нічога болей... — Ён зморана адкінуўся на спінку крэсла, паклаў на стол рукі, і Вольга цяпер толькі згледзела, што на правай руцэ ў чалавека замест пальцаў засталіся адны абрубкі. «Божа, як жа ён піша?» — жахнула думка.

Аднак старшыня, неяк вельмі лёгка і спрытна паціснуўшы між тых абрубкаў драўляную ручку з пяром «рандо», макнуў яго ў чарнільніцу.

— Прозвішча як? — спытаў глухім, хрыпотным голасам.

— Лагацкая.

— Ды не, хлопчыка, пытаю, як прозвішча... Лагацкі? Значыць, Лагацкі. Так і запішам. А імя?

— Не ведаю яшчэ. Не надумалася. Мо?..

— Ды што тут асабліва мудраваць. Мне вось падабаецца, скажам, імя Дзіма. Харошае імя. То як?

— Во-во, — згадзілася Вольга. — Хай будзе Дзіма, Дзімачка. Я згодная.

— Ну, а па бацьку?

Вольга, каб не даць старшыні апамятацца, нешта яшчэ спытаць, хуценька адказала:

— Іванавіч...

Выйшаўшы на вуліцу, яна з палёгкай, бы скінула з плячэй вялікі-вялікі цяжар, уздыхнула і яшчэ мацней прытуліла да грудзей сына, цяпер ужо яе сына...

А яшчэ праз колькі часу з дапамогай ваенкамата, усё таго ж маёра Вольга назаўсёды пакінула свой хутар. Са слязьмі на вачах развіталася з Адоляй і Тамашом, пераехала ў іншую, далёкую адсюль вёску, дзе і яна, і яе ніхто не ведаў.

 

1982


1981-1982?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая