epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Рыбак

Святлана

Святлана стаіць ля шырачэзнага, як люстраная вітрына, рэстараннага акна і любуецца горадам. На шыбу нячутна садзяцца і таюць пульхныя сняжынкі. Трапляючы ў паласу святла, яны ззяюць маленькімі халоднымі бліскаўкамі.

На дварэ ўсхадзіўся вецер, відаць, зноў на змену надвор’я. І хоць Святлане не чуваць, як ён скуголіць у вяршалінах старых дрэў, яна здагадваецца па тым, як нізка, у пояс, раз-пораз кланяецца долу малады клёнік, што расце пад самым акном, як шалёна трапечацца не знятае яшчэ пасля свята палотнішча сцяга на рагу суседняга дома. Ёй неяк шкада малога дрэўца — такое яно кволае, безабароннае. А снег усё ідзе і ідзе, ды, відаць, і мароз вышчарыўся нанач. Святлане чамусьці хочацца кінуць тут усё і пабегчы дамоў, да маці, што засталася там зусім адна. Што яна цяпер робіць, мама, у такі стылы цёмны вечар?

Перад вачамі паўстае яе маленькая вёсачка, хат мо так у трыццаць, далёка, ой як далёка адсюль, на Палессі. Хата іх ад краю, у густым вішняку, а пад вішняком лаўка, дзе так любіла яна калісьці сядзець адвячоркам, глядзець, як хораша дагарае зара, і ціха марыць.

...Усё было ў іхняй сям’і як у людзей. Святлана ўжо хадзіла ў старэйшыя класы. Школа далёка знаходзілася, за рэчкай, і трэба было рана ўставаць, каб не спазніцца на першы ўрок. Але звыклася. Вучылася амаль што на адны пяцёркі. Хвалілі настаўнікі, не магла нарадавацца маці. Жыццё наогул цякло роўна, звыкла і зразумела. Праўда, хапала і цяжкасцей, былі і горкія дні, але гэта сагравалася надзеяй на лепшае, будучыня ўяўлялася прывабнай, шматабяцаючай.

І раптам, калі яна была ўжо ў дзесятым класе, усё зрушылася, стала старчма, як крыга на крыгу ў паводку. А праз каго пайшло тое? Усё праз яго, праз бацьку!

Сцяпана Баравіцкага раней паважалі ў калгасе. Ведалі яго як адважнага партызана, а пасля вайны — разумнага, руплівага гаспадара. Бацька вярнуўся з лесу без рукі, з пустым рукавом, калі яна, Святлана, сама яшчэ і на ўслон узлезці не ўмела. Часта, прымасціўшыся на бацькавых каленях, яна кранала сваімі маленькімі хударлявымі ручкамі парожні рукаў яго гімнасцёркі і лепятала:

— А ты ў ладачкі-ладачкі не ўмееш, ага! — і пры гэтым заўзята пляскала ў ладкі.

Бацька стомлена, але шчасліва ўсміхаўся, абветранымі, сухімі вуснамі цалаваў Святлану ў шыю, а пасля неяк раптоўна сур’ёзнеў, моўчкі, задуменна глядзеў перад сабой...

Пра гэта Святлане расказвала маці пазней, калі дзяўчынка падрасла, хадзіла ў школу, ужо была памочніцай у хаце. Святлана любіла бацьку, ганарылася ім. Колькі гадоў адразу пасля вайны ён быў старшынёю калгаса. Клопату і турбот тады хапала, і ён цэлыя дні не стыкаўся дома. Маленькая Святлана не магла дачакацца вечара і, хоць зліпаліся вочкі, усё не клалася спаць. А бацька, галодны і стомлены, прыходзіў позна, але, як заўсёды, вясёлы і добры. Ён вымаў з кішэні шыняля салодкі пернік ці цукерку, частаваў Святлану і спяшаўся за стол вячэраць.

Таго года, калі Святлана хадзіла ўжо ў сёмы клас, іхні калгас аб’ядналі з суседнім, больш моцным. Старшынёй стаў другі чалавек, а бацька застаўся за брыгадзіра ў сваёй вёсцы. «Тут я нарадзіўся, тут і памру,— сказаў ён, прыйшоўшы з перавыбарчага сходу.— У другое сяло не пайду». Так і застаўся. Але ў тую ж восень, калі падуправіліся з палявымі работамі, нечакана перайшоў працаваць у краму суседняй вёскі Падлесак.

З таго часу і пайшло, як той казаў, не кавацца, а пляскацца. Святлане помніцца ўсё да драбніц. Не было таго вечара, каб бацька не прыходзіў дадому п’яны. У хаце ўсчыналіся сваркі, скора дайшло і да валтузні, а то і боек. Маці неяк змізарнела, сцішылася. Толькі часта плакала. Святлана як магла суцяшала яе, прасіла пагаварыць з бацькам па-добраму, можа, ён як-небудзь кіне сваю «лёгкую» работу, а кіне тую работу — кіне і піць. Аднак на парады дачкі маці, уздыхаючы, адказвала:

— Ой, дачушка, усё перапробавала, нічога не памагае. Чуе маё сэрца, што прападзе ён, абармот... Я ўжо не раз думала — за што і за якое ён п’е? Гэта ж падумаць — дзень пры дні без прачыхання.

Скажа так і заплача, не выціраючы слёз. Святлана таксама плакала. Плакала ўпотайкі ад маці, употайкі ад сябровак. Хоць яна даўно ўжо не мела ад бацькі ласкі, але ўсё ж не пераставала любіць яго. У школе сяброўкі нічога не ведалі, але настаўнікі занепакоіліся. Святлана не па гадах стала замкнёнай, прыгнечанай, пачала горай вучыцца. Надаралася, што дзяўчынка прыйдзе ў школу без кніжак і сшыткаў, сядзе за парту і сядзіць ціхенька, акурат нямая. Сяброўкі распытваюць: «Што з табой, Света?» А яна ім нехаця: «Ат, нічога. Галава баліць».

А без бяды такі не абышлося. Яшчэ і цяпер, калі ўспамінае Святлана той дзень, у яе халадзее на сэрцы, а да горла падступае даўкі і горкі камяк.

У той вечар бацька вярнуўся рана. І самае дзіўнае — не п’яны. Святлана адразу гэта прыкмеціла. Не распрануўся, нічога нікому не сказаў, увайшоў у хату і сеў на зэдлік у кухні. Сядзеў і маўчаў. Маці не было дома, і Святлана не ведала, як ёй быць: самой загаварыць, спытаць што-кольвечы ці гэтак жа маўчаць, як і ён. Нарэшце бацька падняў галаву і азваўся:

— Вось і ўсё, дочка. Прабач мне, дурню... Загубіла бацьку гарэлка... Не думалася неяк... Сёння закончылі рэвізію. Недалік... Чатыры тысячы. Амба!..

Страх, сорам, жальба да роднага, блізкага чалавека, крыўда, горыч і боль — раптоўны шквал самых розных пачуццяў адразу абрынуўся на дзяўчыну. Святлана ніколечкі не была падрыхтавана да такіх выпрабаванняў, да такой жахлівай нечаканасці. Яна схапілася аберуч за галаву, пабегла ў пакой і кінулася на ложак, тварам у падушку.

...Неўзабаве бацьку судзілі. Доўгі час дзяўчына не магла апамятацца, зірнуць у вочы сябрам па школе, настаўнікам. Ёй здавалася, што ва ўсім вінавата яна, што ўсе глядзяць на яе з пагардай, асуджаючы. «Усё кончана,— думалася ёй.— Усё маё жыццё, усе надзеі навек загублены».

Толькі ў канцы навучальнага года дзяўчына крыху акрыяла. Яна старалася як магла — не жартачкі ж, колькі прапусціла ўрокаў, колькі недавучыла!

Дзесяцігодку Святлана ў той год скончыла, але ў інстытут не паступіла — недабрала балаў, каб прайсці па конкурсу. Праўда, многія з такімі ж баламі, як і ў яе, былі прыняты. Святлане здавалася, што і тут, у інстытуце, усе незнаёмыя ёй людзі, якім яна здавала экзамены, ведаюць аб ёй усё і хоць не гавораць уголас, але ў думках упікаюць яе, упікаюць за тое, што ў яе такі бацька і што яна не напісала аб гэтым у сваёй аўтабіяграфіі.

Забрала назад дакументы, але дадому не паехала. Нібы ў тумане, цэлы дзень хадзіла па горадзе, хоць нішто яе не цікавіла, ні пра што добрае не думалася. З некім гаварыла, пераходзіла нейкія вуліцы, па якіх ліхаманкава імчаліся машыны, нехта ўшчуваў яе за неасцярожнасць.

Начавала Святлана на вакзале, а на другі дзень, адшукаўшы рэстаран, дзе працавала ўжо другі год яе аднавяскоўка Лена, зайшла з той да дырэктара і папрасілася на работу. Хоць на якую: пасуду мыць — будзе мыць пасуду, прыбіраць — дык прыбіраць. «Дамоў, да людзей, дзе ўсе ўсё пра цябе ведаюць — не паеду нізашто».

Лена прыняла на кватэру. Неяк змагла прапісаць, і Святлана засталася.

...Памятаецца, і тады, калі яна першы раз прыйшла ў рэстаран, на дварэ было ветрана, як і цяпер...

— Ну, летуценніца, па кім зажурылася?

Падышла Лена, як заўсёды, вясёлая, какетлівая, ружовенькая, быццам цукерка.

— Ні па кім! Гэта табе ўсё кавалеры ў галаве. А я ўспомніла маму. Як яна там?..— Святлана адвярнулася ад акна і глянула на Лену.— Можа, што трэба на кухні памагчы?

— Пакуль нічога. Сёння нешта мала наведвальнікаў. Кухарка Ільінічна кажа, што паўдня гатавала і смажыла, а адпускаць няма каму.

Бразнулі дзверы, і Лена тузанула Святлану за рукаў блузкі:

— Зірні, зноў той самы, бялявы. І, відаць, «пад чубком». І сёння не ў гуморы...

Святлана гэтага наведвальніка ўжо ведала. Ён прыходзіў не часта. Разоў пяць-шэсць бачыла яго дзяўчына ў рэстаране. Але ён запомніўся. Гэты чалавек заўсёды садзіўся за адзін і той жа стол, якраз у тым радзе, які абслугоўвала Святлана, нейкі час сядзеў, абхапіўшы аберуч галаву. Пасля спакойна, нібы нехаця, акідваў залу стомленым позіркам, браў меню, клікаў Святлану і заказваў адно і тое ж: сто грамаў каньяку і бутэльку мінеральнай вады; закусі не браў ніякай. Каньяк ён выпіваў зарáз, смакаваў ваду і, нервуючыся, нечага чакаў. Пасля прыходзілі і падсаджваліся да яго двое — мужчына ў вузкім фрэнчы мышынага колеру з гладка зачасанымі валасамі і нізенькая, па плячо свайму кампаньёну, жанчына з вялікімі, зусім не да твару ёй, завушніцамі. Мужчына заказваў яшчэ бутэльку белай, мясную салату, разліваў пароўну ў шклянкі гарэлку і прапаноўваў выпіць. Бялявы адмоўна круціў галавой, твар яго неяк перасмыкаўся, але, пасля настойлівых дамаганняў, гэтак жа, як і раней, адным глытком выпіваў усё да дна. Выпіўшы, яны яшчэ доўга сядзелі і аб чымсьці спрачаліся напаўголасу. Вылучаліся два супрацьлеглыя бакі. З аднаго боку — чалавек у фрэнчы мышынага колеру і камлюкаватая жанчына ў недарэчных, як кольцы на конскай збруі, завушніцах, з другога — бялявы мужчына з сумнымі вачамі. Першы бок нешта то шэптам, то напаўголасу заўзята даказваў другому. Бялявы больш маўчаў, сядзеў нерухома і толькі зрэдку, нібы адмахваючыся ад куслівага авадня, рабіў рэзкі рух правай рукой. Глядзець збоку — ідзе нейкі торг між людзьмі, як на рынку. І так, можа, з паўгадзіны — тарокаюцца, аднекваюцца, а потым — мір і згода: паціскаюць ужо адзін другому рукі і ўсе ўтраіх падымаюцца і ідуць да выхаду. Жанчына трымае бялявага пад руку і трусіць амаль подбегам, дробна перабіраючы кароткімі ножкамі і неяк ненатуральна ўсміхаючыся...

Святлана адчувала: нешта цяжкім каменем ляжыць на душы ў чалавека. І той у фрэнчы мышынага колеру і яго напарніца з завушніцамі не ўпадабаліся Святлане. Аднак яна не магла б проста сказаць — чаму? У яе была нейкая свая, адменная мерка. Дзяўчыне як бы што падказвала, што гэта нядобрыя людзі, што няма нічога шчырага ні ў іх усмешках, ні ў той увазе, з якой яны надакучліва абходжваюць бялявага...

А сёння бялявы быў у асаблівым настроі. Ён не браў меню, не клікаў Святлану, каб зрабіць заказ. Толькі смаліў папяросу за папяросай.

Але вось, не распрануўшыся ў гардэробе, у залу заглянула мілавідная бледнатварая маладая жанчына. Ці не хворая яна? Але ж не можа быць, каб хворая ішла ў рэстаран ды яшчэ і з дзіцем. А жанчына трымае за руку хлапчука гадоў чатырох-пяці. У малога аж пасінеў ад сіверу тварык. Вось дык мароз узяўся на дварэ!.. Ага, вунь жанчына спынілася, абводзіць вачамі сталы.

— Тата, татачка! — гэта закрычаў той хлапчук і памкнуўся быў бегчы да стала, дзе сядзеў бялявы. А той аж скалануўся ўвесь.

У паліто, як была са двара, жанчына прыткнулася на край стула, прыгарнула да сябе і суняла хлапчука. Нейкую мінуту сядзела нерухома, як акамянелая. Пасля нешта горача і таропка зашаптала яму, некалькі разоў падымалася, хапала мужчыну за руку, але той не ўставаў, і яна зноў прысаджвалася на самы край стула.

Бялявы маўчаў, не падымаў галавы. Штосьці сваё лепятаў яму і хлапчук, але Святлане не было чуваць. Што ён сабе думае, гэты чалавек? Гэта ж, пэўна, жонка прыйшла да яго з хлопчыкам! І плача: відаць, не соладка жывецца небарацы.

Святлана не магла не прыкмеціць, як жанчына ражком насоўкі выцірае слёзы. Плачучы і пабегла з рэстарана, ухапіўшы за ручанё хлапчука:

— Пойдзем, сыночак, пойдзем...

Глуха і цяжка бумкнулі дубовыя дзверы, і на каменных сходках у вестыбюлі аддаліся крокі: цяжкія і таропкія — матчыны і лёгенькія — шлэп-шлэп — сынавы.

Хоць зусім і не ведала Святлана ні гэтых людзей, ні таго, што лягло між імі, але штосьці цяжкае і пякучае падступіла да яе грудзей, апаліла ўсё нутро. Яна выйшла з рэстарана, спусцілася ў вестыбюль, але там нікога не было. Ціха і, павэдлу з залай рэстарана, халаднавата. Толькі чуваць, як шастае заледзянелае голле дрэў, як завывае вецер. Дрэмле швейцар ля батарэй. На Святланіны крокі прыўзняў галаву, сонна спытаў: «Ну што, каза, чаго тут шукаеш?» Дзяўчына нічога не сказала, пастаяла колькі хвілін і падалася наверх.

Бялявы сядзеў гэтак жа ўнурыўшыся. Згледзеўшы Святлану, ён паклікаў яе да сябе:

— Дзвесце грамаў і вады!

Ягоны заказ прагучаў, як рэзкі ўдар бізуна. Святлана хацела нешта сказаць, запратэставаць, але не знайшлося слоў. Бывае ж часам такое з чалавекам: у душы пратэстуе, абураецца, а загадаюць — робіць усё як міленькі. Як нам падчас не хапае праматы і смеласці!

Яна папрасіла буфетчыцу адмераць дзвесце грамаў каньяку і без падноса, з адной шклянкай у руцэ пайшла да століка, дзе сядзеў бялявы. Ногі яе зрабіліся нейкія цяжкія, непаслухмяныя, быццам не свае, а рука, што сціскала шклянку з рудаватай вадкасцю, дробна дрыжала. Перад вачамі ўсё яшчэ стаяў хлапчук з пасінелым тварыкам, а ў вушах звінелі словы: «Тата, татачка».

Ужо ля самага стала, дзе сядзеў, апусціўшы галаву, бялявы, Святлана неасцярожна ступіла, зачапілася за стул і выпусціла шклянку. Дзынкнула шкло аб паркет, халодныя кроплі пырснулі на ногі. «Сапсавала капрон...— мільганула думка.— Ну і чорт з ім, з капронам!»

Яна села за столік побач з бялявым, уткнулася тварам у далоні і заплакала. Калацілася наколка, нервова ўздрыгвалі вострыя плечукі. «Не, годзе цярпець! Выкажу яму ўсё зараз!» Глытаючы слёзы, Святлана нешта гаварыла, гаварыла блытана, бязладна. Усё, што накіпела ўнутры за доўгі час, знайшло выйсце і прарвалася, як паводка. Яна гаварыла пра свайго бацьку, як яго моцна любіла і як ёй цяжка на душы ад адной толькі думкі, што ў яе бацькі больш няма — такога, які жыў у яе ўяўленні, у яе марах, летуценнях...

А бялявы сядзеў, не падымаючы вачэй ад стала, і — як ні дзіўна — слухаў, што гаварыла скрозь слёзы гэтая нейкая незвычайная дзяўчына. Зноў закурыў папяросу, прагна зацягнуўся і, прысунуўшыся бліжэй, моцнай далонню крануўся яе рукі... Нават штосьці сказаў у суцяшэнне, штосьці спагадлівае, цёплае... Затым рашуча ўстаў і імкліва рушыў да дзвярэй...

Святлана ўсхліпвала, узлакоціўшыся на столік, а калі супакоілася, бачыць — на ражку стала грошы. Гэта ён пакінуў за разліты каньяк.

Падышла Лена:

— Ой, гора ты маё... Каб большай і бяды не было. Разбіла фужэр — цьфу! Спішуць — і ўсё, а грамы Галка ў буфеце за вечар сэканоміць.

— Нічога ты не разумееш, Лена,— суха, як ніколі, адказала Святлана і пайшла да акна, у кут залы. Ёй хацелася хоць хвіліну пабыць адной.

У рэстаране па-ранейшаму было амаль пуста. Толькі ў другім канцы залы, каля самай эстрады, гаманіла кампанія маладых людзей, відаць, спартсменаў. Іх вясёлы шумок час ад часу заглушаўся бадзёрай музыкай.

...Снег ужо не ішоў. І на ахаладалых шыбах мароз пачынаў распаўзацца сваімі кунатымі лапамі. Святлана прадыхала марозны ўзор на шкло і зноў убачыла, як змагаецца з ветрам малады, гонкі клёнік і трапечацца палотнішча сцяга на рагу суседняга дома.

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Рыбак А. Апошняя камандзіроўка: Аповесць, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 268-274
Крыніца: скан