epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Рыбак

У той позні вечар

Вечар, як і ўвесь той дзень, быў слотны: гнала дождж са снегам, і вецер ажно рваў на купале Свярдлоўскай залы асветлены пражэктарам сцяг.

На Краснай плошчы як ніколі было малалюдна. Куранты вось-вось павінны адбіць поўнач. З-за Спаскіх варот праз хвіліну-другую пакажацца ганаровая варта.

Мне заўсёды карцела пабачыць змену вартавых: вось дык выпраўка, вось дык крок! І не раз думалася: а ты, брат, чаго варты? Размяняў толькі чацвёрты дзесятак, а ўжо разнюніўся, крэкчаш, нібы той дзед, баішся адзін прыпынак прайсці пешкі. А на зарадку дык і зусім махнуў рукою.

...Каравул адбіў, адмераў крокі і змяніўся пры амаль бязлюднай плошчы. Ля дзвярэй у Маўзалей застылі з карабінамі, з бліскучымі і вострымі штыкамі на іх, вартавыя. Яны будуць вось так, не маргнуўшы нават вокам, стаяць у самай ганаровай варце, якая выпала на іх долю і якую даверыла ім Радзіма.

Я хацеў ужо ісці да метро, як маю ўвагу запыніла адно, трошкі дзіўнае тут, на Краснай плошчы, відовішча.

Збоку, справа ад Маўзалея, схіліўшыся ў нізкім паклоне, стаяла старэнькая бабуля. На ёй была вязаная з воўны хустка, насунутая нізка на лоб, старэнькі, але, відаць, вельмі цёплы яшчэ кажушок, на нагах валёнкі з галёшамі. Каля ног яе ляжалі невялікі дарожны хатулёк і палка-крывулька.

Бабуля нешта бязгучна шаптала.

Каля яе ўжо стоўпілася рэдкая купка цікаўных. Нехта нават раз-другі шчоўкнуў затворам фотаапарата.

Але вось наперад высунуўся шыракаплечы, даўно няголены дзяцюк і, зарагатаўшы, сказаў:

— Ці не заблудзілася ты, бабуся? Гэта ж табе Маўзалей, а не святы дом...

Бабуля лёгка выпрасталася, у адну руку ўзяла хатулёк, другою абхапіла палку-крывульку і, гняўліва зіркнуўшы на дзецюка, адрэзала:

— Гэта для цябе, анціхрыст, нічога святога няма.

У купцы прарваўся голас адабрэння, а «анціхрыст» пастаяў, палыпаў вачыма і ледзь не бегма падаўся ў другі бок.

Бабуля ж скіравала ў даўжэзны падземны пераход. Пратэпала яго, гулка стукаючы палкай аб цэментавую падлогу, у самым канцы, секунду-другую патаптаўшыся, нібы нешта ўспамінаючы, спусцілася па прыступках уніз, туды, дзе метро. Аднекуль з кажушка, спадыспаду, выняла пятак і, перш чым кінуць у шчыліну аўтамата, падышла да кантралёркі:

— Скажы мне, галубка, ці ж даеду я хаця да Казанскага вакзала? — Бабуля відавочна непакоілася.— Гэта ж выбралася, нарэшце-ткі, у сталіцу-матухну нашу. А то ўжо думала, што памру і ніколі не пабачу. Усе гады нешта не выпадала. Ды і дарога — няблізкі свет: адно да станцыі нашай нешта чатырыста кіламетраў, не іначай. А яшчэ адтуль дваццаць з гакам будзе. Восека і лічы... А поезд адыходзіць у дзве ночы. Хаця ж бы паспець...

— Даедзеце, бабуся, даедзеце. Ды і часу ў вас яшчэ шмат,— кантралёрка, усміхаючыся, узяла старую пад локаць, правяла да эскалатара, памагла ступіць на рухомую лесвіцу. І ўжо тады, калі тая паехала ўніз, крыкнула двум хлопцам, каб яны памаглі ёй сысці.

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Рыбак А. Апошняя камандзіроўка: Аповесць, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 266-267
Крыніца: скан