epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Рыбак

Вернасць

Не ведаю як хто, а я вельмі люблю тую пару, калі на дрэвах пачынаюць набрыньваць пупышкі, калі ў канавах усцяж дарог стаіць вада, а ў крутаярах, сярод хмызу, не-не ды і прагляне лапік учарнелага снегу.

Тады мяне агортвае дух бадзяння. Часцей чым калі я прашу ў рэдактара камандзіроўку. Хочацца хутчэй за горад, у самы далёкі куток, далей ад бойкіх дарог, туды, дзе прырода захавала сваю першародную красу і маўклівасць...

Бывае, забярэшся ў глушэчу і не верыш, што недзе ёсць іншае, вірлівае жыццё з няспынным грукатам машын, з цалюткім морам электрычных агнёў гарады. Заўсёды пасля такіх вандраванняў я прыязджаю ў горад хоць і стомлены, але нібы памаладзелы.

Неяк лес закінуў мяне на Бягомльшчыну.

Стаяла ранняя вясна. Сонца хоць і ўгравала, але дарогі яшчэ раскісалі ад гразі, і на іх натужліва раўлі машыны, па карданны вал завальваючыся ў чорнае месіва. Тады шафёры секлі прыдарожны маладняк — альхоўнік, лазу, беразняк — і кідалі пад скаты, праклінаючы свой нялёгкі хлеб. Але калі машына ўзбівалася на сухое, гаспадар яе адразу весялеў, з асалодай зацягваўся цыгарэтай і, каб згладзіць няёмкасць, расказваў што-небудзь вясёлае, прызначанае толькі для мужчынскага вуха.

У калгас «Лясны» я дабраўся пад вечар, хоць з гарадка выехаў, калі яшчэ не было і адзінаццаці. Усяго якіх дваццаць кіламетраў мы прабіваліся, глядзі, як не шэсць гадзін. Пераначаваў у шафёра Пашкі, таго самага, з якім і прыехаў сюды па сваіх журналісцкіх справах. Раніцай падняўся з сонцам.

Вёска, скрозь атуленая лесам, пачынала свой клапотны дзень. Роўна і дружна віліся над комінамі сіняватыя дымкі. Недзе побач, за павароткай, рыпеў журавель, адтуль даносілася бразганне вёдраў, жаночая гаворка.

У двары канторы, на горцы валуноў, што ляжалі ля штыкецін бог ведае з якога часу, ужо сядзела некалькі мужчын у пацёртых, мурзатых ватоўках.

Увесь дзень я хадзіў па брыгадах, мясіў гразь, сёе-тое занатоўваў у блакнот, удыхаў лясны пах. Пад вечар, дабіраючыся на галоўную сялібу, дзе была кантора, я збочыў яшчэ ў адну невялічкую вёску, хат мо на трыццаць.

Вёска раскінулася на пагорку, ля саменькага лугу, які быў яшчэ сям-там заліты вадой. Хаты тут стаялі прасторна, у адзін рад. Пры кожнай — вялікі агарод і агародчык.

Зараз вёска як вымерла. Нідзе ні душы. Праўда, недалёка на лузе нешта шукала, раз-пораз нагінаючыся, дзяўчо ў вялікіх, не па назе, гумовых ботах, ды ля плота, прывязанае за жэрдку доўгай вяроўкай, паслося рабое цялё.

Я сеў на першую лаўку. Ногі мае прамоклі і пяклі як агнём. Не хацелася кранацца з месца. Прыемная млявасць дрымотна разлілася па целе...

Раптам застылую цішыню разарваў гук, быццам дзе побач затахкаў кулямёт. Я ажно падхапіўся з лаўкі, а пасля, смеючыся з сябе, сеў і задраў галаву. Проста нада мною, на зламанай верхавіне разгалістай стогадовай ліпы, у напалову разбураным гняздзе стаяў на адной назе бусел. Я здзівіўся. Яшчэ ні аднае вясны так рана я не бачыў буслоў. А гэты стаяў, аглядаў наваколле і гучна клекатаў. Праз якую хвіліну ён зашалопаў крыламі, цяжка, нібы нехаця, кінуўся з буслянкі і знік за стрэхамі.

Бразнула клямка, і з хаты, ля якой я сядзеў, выйшаў, моцна налягаючы на правую нагу, мужчына сярэдніх гадоў з няголеным, трохі заспаным тварам. Павіталіся.

Сымон, так назваў сябе гаспадар хаты, аказаўся гаваркім чалавекам. Відаць, ён любіў мужчынскую талаку і шкадаваў, што з-за сваёй інваліднасці не можа ўгнацца за здаровымі мужыкамі. Ён ахвотна сеў побач і першы ўшчаў гаворку. Я выняў з кішэні пачак цыгарэт з фільтрам, пачаставаў Сымона. Зацягнуўшыся некалькі разоў запар, Сымон раптам падняўся і гукнуў:

— Манька-а-а! Ідзі дадому, хо-опіць ужо...

Дзяўчо ў гумовых ботах выпрасталася, паглядзела ў наш бок, а пасля, падскокваючы, няўклюдна падалося да нас. Сымон растлумачыў:

— Швагер трусоў нядаўна падарыў, дык, ліха іх, корму таго не настрэньчыцца. Бручку ўсю ўжо схрумсталі. Добра, што хоць трава трохі пачала прабівацца...

Зноў пачуўся цяжкі ўзмах крылаў. Бусел праляцеў над нашымі галовамі, а пасля плаўна сеў на гняздо. У дзюбе ён трымаў ладнаватую галіну.

— Усё ладкуецца, усё на нешта спадзяецца. Дзіўны птах! — з нейкай пяшчотай сказаў Сымон, гледзячы на буслянку. А пасля ахвотна расказаў гісторыю, якая глыбока запала мне ў памяць.

...Той чэрвеньскі дзень таксама абяцаў быць гарачым. Сухая, млосная зямля прасіла хоць кроплю вільгаці. Але на дождж нішто не паказвала. Надвечар у празрыстым паветры лётала многа павуціны, у затоках, пры рацэ, гучна, ажно захліпаліся, крумкалі жабы. Раніцай жа, пры нізкім яшчэ сонцы, над вадою вісела густая, хоць кладзіся і гушкайся, пялёнка туману. Старыя казалі: усё паказвае на сухое, спякотнае лета.

Яшчэ не высахла і раса, а ў вёску, задыхаўшыся, прыбег з Загалля да свае цёткі Макарыхі яе пляменнік Косцік, сын вядомага яшчэ да вайны лесніка Рыгора Чыркова. Хапіўшы з гладыша колькі глыткоў кіслага малака і выцершы рукавом зрэбнай кашулі пацеркі поту на лбе, Косцік сказаў, каб усе беглі скарэй у лес і хаваліся далей дзе-небудзь на балоце...

Не ўсё яшчэ цямячы, але за гады вайны прызвычаеная да любой нечаканасці, цётка спярша спалатнела, а пасля, кінуўшы некалькі слоў, пабегла галосячы па вуліцы...

І амаль адразу ж недзе не так далёка ў лесе вусцішна рванула паветра адна міна, пасля — другая, глуха затахкаў кулямёт.

Пачыналася блакада гэтага вялікага ляснога краю, дзе мела прыпынак не адна партызанская брыгада.

Сымон той дзень быў дома адзін, ляжаў на сенніку ў кладоўцы, ужо не спаў, але ўсё яшчэ ніяк не мог ачомацца пасля начы. Дзед з маці, як толькі выгналі карову, пайшлі на Сямёнаў луг, гэта за пяць якіх кіламетраў, ухадзіцца з сенам: дакасіць свой участак і растрэсці, каб, пакуль тая пагода, яно хутчэй высахла. З хвіліны на хвіліну яны павінны былі прыйсці і, успароўшы Сымона, разам снедаць. Таму ён і не спяшаўся ўставаць.

У кладоўцы было добра. Сымон любіў тут спаць летам. У хаце, як толькі святлела, сляпіцаю лезлі мухі і джалілі ілбы тыя восы. Калі ж нацягнуць коўдру на галаву, усяму схавацца, то і гэта не сон: даймае задуха. А тут, у кладоўцы, заўсёды паўцемак і амаль не вялося мух, прыемна пахла воскам, сотамі: балазе яны стаялі каля саменькай галавы.

...Зусім нечакана ад выбуху хадуном пайшлі сцены хаты. Адразу ж Сымон пачуў, як з боку лесу заенчыў кулямёт...

Нічога не цямячы, у адной зрэбнай кашулі і сподніках, Сымон вываліўся на падворак. Каля самага ганка валяўся ладнаваты кавалак гонтавага даху, зрэзанага снарадам. Языкі полымя прагна лізалі кроквы. Густыя клубы дыму шугалі ў неба і ў іншых канцах вёскі.

Недалёка, за дзве ці тры хаты, нема галасіла жанчына.

Пераскочыўшы праз дашчаныя вароты, Сымон апынуўся ў агародзе. Тут, на градах, лапушыліся буракі (на агарод маці як не штовечар цягала не адзін дзесятак вёдзер вады), і там-сям блакітна-белымі кветкамі зацвітаў бульбоўнік.

Агарод збягаў амаль да самай ракі. За ёю пачыналася вялікае куп’істае балота, скрозь парослае лазой і нізкімі крываногімі бярозкамі з жорсткай, як тарка, карой.

Там быў нейкі паратунак ад карнікаў, і туды кіраваліся многія вяскоўцы.

Падаўся быў на балота і Сымон. Але не адбегся ён ад варот і на дваццаць крокаў, як нешта балюча, аж чырвоныя кругі замяльтэшыліся ўваччу, сцебанула па назе...

Ачуняў Сымон хутка. Ён ляжаў сярод густога бульбоўніку ў разоры, спрэс усланай макрыцай і малачаем. Правая калашына ягоных споднікаў густа набрыняла крывёю. Асцярожна, перасільваючы пякучы боль, Сымон падцягнуў нагу і закасаў калашыну.

Рана была страшная. Кроў цурком лілася на зямлю, у разору. Вытыркалася перабітая костка. Хацелася крыкнуць ад жаху і роспачы, але вусны нібы сцяла.

Нягнуткімі пальцамі Сымон пашматаў калашыну і сяк-так аблытаў рану. Нечакана ён страпянуўся: да яго данеслася чыясьці гаворка. Асцярожна, каб не выдаць сябе, выглянуў са сваёй не вельмі надзейнай хованкі. Першае, што ён убачыў і што яго скаланула да жаху — вялізнае, у паўнеба, полымя, якое ўз’ятрылася над іх хатай. Хлеў стаяў за якіх метраў трыццаць, ён яшчэ не ўспыхнуў. Там спалохана кудахталі куры, нема вішчалі свінні. Чуліся стрэлы. Праз колькі хвілін усё аціхла.

І вось тут вуха разануў надта ж знаёмы, блізкі Сымону, але адначасна трывожна-рэзкі гук, нібы хто, апамятаўшыся пасля нечаканай навалы, паласнуў з кулямёта...

З картафляніку Сымону добра была відаць буслянка на верхавіне ліпы і ў ёй двое маладых цыбатых буслоў, якія толькі летась асталяваліся на іх ліпе, пачалі разам жыццё. Цяпер яны, бачачы такую калатнечу і пажар, занепакоіліся, доўга і рэзка заклекаталі, нібы клікалі на дапамогу.

Каля ліпы спыніліся два матацыклісты з аўтаматамі. Адзін з іх падняў з зямлі кол і штомоцы шпурнуў уверх, у буслянку. Але кол, не праляцеўшы і паловы да гнязда, заблытаўся ў густым ліпавым галлі.

Адзін з фашыстаў нешта злоснае выкрыкнуў. Яго напарнік таксама пачаў кідаць каменне, палкі. Але птушкі і не падумалі пакінуць сваё седала. Яны яшчэ больш трывожна заклекаталі на ўсё наваколле.

Фашысты зусім ужо раз’юшыліся. Вось адзін з іх ускінуў уверх аўтамат і, амаль не цэлячыся, націснуў на курок. Секанула чарга і — цішыня. З буслянкі, няўклюдна падвярнуўшы галаву і не паспеўшы нават распластаць крылы, цяжка вываліўся белы птах. Другі ўзвіўся ў паветра і пачаў набіраць кругі...

Хуценька асядлаўшы матацыкл і шалёна газануўшы, карнікі зніклі ў воблаках густога едкага дыму...

Сымон скончыў свой расказ і зноў папрасіў закурыць. Каля нас прачмякала ў гумовых ботах дзяўчынка. У руцэ яна трымала невялікі лазовы кошык.

— Трохі нарвала? — запыніў яе Сымон.

— Мала яшчэ травы, татуся,— заклапочана прашчабятала Манька і падалася ў сенцы.

Пачынала шарэць. З комінаў сям-там пацягнуліся ўгору дымкі. Знекуль смачна запахла бульбай, смажанай цыбуляй. Усё вокал дыхала спакоем, ва ўсім адчувалася звычнае вясковае жыццё...

Сымонаў твар быў суровы і задуменны.

— Так і прылятае кожную вясну адзін, як толькі згоніць з палёў снег. Ладзіць сваё седала і чакае, усё нечага чакае... А колькі ўжо гадоў мінула...

Сымон яшчэ раз замілавана глянуў на буслянку. Пасля, схамянуўшыся, узняўся, бадзёра прапанаваў:

— Дык мо, чалавеча, і паначуеш у нас? Куды на ноч гледзячы падасіся? Хата, як бачыш, пяцісценак.

Я з удзячнасцю кіўнуў галавой.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Рыбак А. Апошняя камандзіроўка: Аповесць, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 229-233
Крыніца: скан