epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Рыбак

Землякі

Я чакаў яго доўга.

Ужо амаль цэлую гадзіну тупаў у вакзале, некалькі разоў падыходзіў да аптэчнага латка, назубок вывучыў асартымент і кошт закусак у буфеце, пералічыў (а навошта, і сам не ўцямлю) усе жалезныя шафы — аўтаматычныя камеры захоўвання.

А яго ўсё не было і не было. Але я ж ведаў, што ён сёння паедзе. Бо ў яго і камандзіроўка скончылася. І білет ужо два дні ляжаў у кішэні якраз на сёння, на гэты блакітны экспрэс, які завязе яго ў горад майго юнацтва. Ды і на работу ён званіў мне ўчора, папярэджваў, каб я хаця ж абавязкова пад’ехаў на вакзал на нейкія паўтары-дзве гадзіны раней: там спакойна пагутарым, успомнім сваіх інстытуцкіх сяброў, пра сённяшняе жыццё-быццё раскажам адзін аднаму, а мо нават паспеем забегчы ў рэстаран.

Эх, Коля-Мікалай, што ж ты, браце, так падводзіш?

У зале чакання было душна, і я выйшаў у вестыбюль, каб трошкі ахаладацца.

З клункамі, з чамаданамі спяшаліся на платформу пасажыры.

Дыктарка мяккім грудным, праўда, трохі асіплым, голасам аб’яўляла аб пасадцы і аб адыходзе ўсё новых і новых далёкіх і бліжэйшых паяздоў.

Я нерваваўся не адзін. Тут жа, у глухім вестыбюлі, прыхінуўшыся плячыма да шырачэзнай, мо ў два абхваты, калоны-апоры, стаялі дзве жанчыны. Адной было нешта гадоў пад дваццаць пяць. Апранута яна была модна: ногі ў высокіх, ажно да кален, ярка-зялёных перламутравых боціках, на галаве махеравая шапачка. Трохі залішне раздабрэлую фігуру яе цесна аблягала дэмісезоннае паліто-джэрсі. Другая жанчына выглядала гадоў на пяць сталей. На ёй была новая плюшаўка, цёплая чорная хустка, ля ног, абутых у карычневыя чаравікі з грубымі абцасамі, стаялі хатулёк, гаспадарчая сумка на маланцы і вялізны, без ручкі, але туга апяразаны сырамятнай папругай выцвілы чамадан.

Я звярнуў на іх увагу таму, што старэйшая жанчына стаяла як на іголках, зіркаючы на дзверы, і ўсё пыталася:

— Колькі ж там, Манечка, ужо? Гэта ж, во, усе нервы перагараць з-за яго.

Маня адхінала рукаво, глядзела на вялікі, з пазалотай, пляскаты гадзіннік і казала час.

Жанчына ў плюшаўцы не сціхала:

— Ото ж чалавек, усе пячонкі ад’еў за дарогу. Як выехалі з Кустаная, як селі ў поезд, дык ніяк з нейкім сваім таварышам расстацца не можа. І цяпер, бач, сказаў, што толькі на хвілінку адлучыцца ў гастраном. А гэтая хвілінка цэлай гадзінай абярнулася.

— Нічога, можа, зараз падыдзе,— супакойвала Маня.— Сёння ж якраз пятніца, дык мужчыны — як усё роўна мак таўкуць там.

— Не кажы ты, сястрыца. Далібог, і тату і маме саромеюся паказацца. Ты ж ведаеш, як яны баяліся, каб я хаця не выскачыла за абы-каго. І на табе, падхапіла!

Яны трохі памаўчалі. Жанчына ў плюшаўцы цяпер усё часцей пыталася пра час, усё больш злавалася. Яна ўжо была памкнулася ўхапіць рэчы і бегма бегчы на пасадку, ды раптам спынілася як укапаная, толькі рукамі ўспляснула:

— А божачка, то ж і білеты ў яго! Нават і вагон не помню. Вот бог паслаў мне кару...

Неўзабаве на поўны мах расчыніліся дзверы з вуліцы, з плошчы, і ў гурбе гаманлівых жанок марудна, надзіва спакойна, дрыгаючыся на доўгіх нагах, у расхлістаным паліто, без шапкі, з кучаравай чупрынай увайшоў ён.

Жанчына ў плюшаўцы, якая дагэтуль гаварыла па-руску (ці то патрапляла ў топ сваёй малодшай сталічнай сястры, ці то падабалася ёй так), раптам, згубіўшы ўсялякую ўладу над сабою, закрычала ўжо гэтак па-беларуску, па-хатняму, бо па-чужому, здаецца, так і не насварышся: — Дзе ты швэндаешся, недавярак?!

Словы, нібы гарох на засланку, так і сыпаліся з яе языка. А ён спакойна-пакорна стаяў, па-добраму, праўда, трохі збянтэжана, усміхаўся, гледзячы то на жонку сваю, то на швагерку. Калі ж жонка нарэшце ўціхамірылася, ён лёгка, нібы пярынку, падхапіў велізарны чамадан у правую руку, сумку на маланцы у левую, неяк цёпла, без каліва гняўлівасці, як усё роўна нічога і не было, сказаў:

— Пайшлі, Вера. Яшчэ ж сем хвілін. Уга як паспеем, — і шырокімі спорнымі крокамі падаўся на платформу. Маня з Верай ледзьве паспявалі за ім нават трухам.

Я таксама выйшаў на платформу. Шыючыся між пасажыраў, я стараўся трымацца ўпоравень з жанчынамі. Не ведаю чаму, але нейкая хваля лёгкасці, бяздумнай радасці і гарэзлівасці несла мяне наперад. Тады-сяды неўпрыкмет я кідаў позірк на Веру. І быў здзіўлены, нават трохі збянтэжаны: куды знікла чорная хмара з яе твару, дзе дзеўся той злосны позірк яе вачэй? Уся Верына выраза казала: «Вось глядзіце, які асілак у мяне муж, якія шырокія ў яго плечы! А хіба ведае хто, акрамя мяне адной, як моцна ён можа прыгалубіць, прытуліць да сябе...»

...Праз колькі хвілін я зноў уваходзіў у трохі апусцелы, гулкі вестыбюль вакзала. Мне не хацелася шкадаваць сённяшні вечар. Як ні кажы, а ўсё ж землякоў я сустрэў.

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Рыбак А. Апошняя камандзіроўка: Аповесць, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 242-244
Крыніца: скан