epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Рылько

Стуканок у аблавушцы

Хто-хто, а Піліп Стуканок умее жыць. Той-сёй дык і пазайздросціць яму можа. Шанцуе Піліпу ў жыцці таму, што ў яго пад шапкай-аблавушкай розуму многа. Столькі многа, што сабе хапае і нават іншы раз свайму хаўрусніку можа пазычыць на разжытак. Па сакрэту, вядома, - каб лішняе вока не бачыла. Людзі ж ведаеце якія? Убачаць тваё старанне і - балам-балам! - разнясуць па ўсім свеце. Лепш рабі ўсё ціхенька, крадком. Не кідайся людзям у вочы, бо ты ж не якая-небудзь дзеўка-круцёлка, якая робіць усё напаказ, каб хутчэй прываражыць «самага выгаднага» жаніха.

Стуканок і з выгляду непрыкметны. Невялікага росту, з твару дробненькі, абтырканы рудой шчацінай. Заўсёды носіць шапку-аблавушку, якая мае толькі адну латку. Не, ён не бедны. Гаспадарка ў яго спраўная, і грошы ёсць «на чорны дзень». Жонка Малання прагаварылася суседзям, што добры жмут новенькіх сторублёвак схаваў некуды. А латка на аблавушцы Піліпа з'явілася пасля таго, як з горада прыязджалі паляўнічыя. Нічога не напаляваўшы, яны ўвечары выпілі, закусілі, а потым папрасілі Стуканка падкінуць угору шапку. Той не вельмі вагаўся, бо, як праваднік, разам закусваў з паляўнічымі, і ў чарку, вядома, заглядваў разам з імі. Таму ў яго на тую хвіліну і рызыкі было занадта - шпурнуў угору шапку. Стральцы як смальнулі з пяці ствалоў!.. Ці паверыце, пацэлілі! У шапцы такая дзюрка атрымалася, што праз яе добры сабака праскочыў бы. Засталіся толькі адны вушы аблавушкі. Паляўнічыя далі Стуканку за страту дваццаць рублёў і паехалі дамоў. А ён падабраў ашмоцце, дома залатаў і носіць. Шкадаваў трохі, казаў:

- Мала ўзяў. Стралялі ж упяцярых, - трэба было з кожнага па дзесятцы спагнаць.

Стуканок у калгасе не працуе. Ён - вартаўнік сельпо, і яшчэ каня там даглядае. Яго жонка Малання, якая славіцца сваім языком-брытвай, так сказаць, напалавіну калгасніца: мінімум працадзён вырабіць, а астатні час куёўшыцца ў сваёй немаленькай гаспадарцы. Вольнага часу ў яе зусім няма: языком безупынна менціць, дома нахапок усё робіць, а яшчэ прыбіральшчыцай у сельпо... Таму Стуканок не без падставы іншы раз і кажа: «Мая сям'я служачых! Жонка ў мяне інцілігентка. На свінаферму, зарэж яе, працаваць не пойдзе! Не ідуць жа даяркамі, свінаркамі настаўніцы, урачы ці там наша бухгалтарша з сельпо? А каб я сваёй Маланні купіў капялюш са стужкамі, дык яна была б як пава сярод курэй!»

Такія праўдзівыя словы Піліп Стуканок кажа толькі тады, як здарыцца яму дзе-небудзь пачаставацца чужой гарэлкай. Тады ў яго рызыкі значна больш, і ён «рэжа людзям праўду ў вочы».

Ачухаўшыся, дакарае сябе: «І трэба ж было мне спавядацца! Сядзі, як мыш пад венікам, - лепш будзе. Сядзі ціха - не будзеш ведаць ліха».

А калгас Піліпу і яго Маланні вельмі патрэбен. Калодзеж артэзіянскі прасвідравалі, дык і Стуканок там ваду бярэ. Нядаўна электрыку ў хату праводзілі, потым радыё. «Сельпоўскіх інцілігентаў» таксама не прамінулі. Калгасны манцёр сказаў:

- Хоць бы гэты Заморыш зусім не здзічэў... - і падключыў яму і радыё, і святло.

Стуканок за клічку «Заморыш» зусім не крыўдзіўся, маўляў заві мяне хоць гаршком, толькі ў печ не стаўляй...

Асабліва Стуканку патрэбен калгас вось чаму: карову ж сваю на печы не прывяжаш, ды і на зіму накасіць ёй сена трэба. А калгас вялікі, пашы ў яго многа, лугоў таксама хапае. Так што і Стуканок уварве сабе там патрэбны клок, напамінаючы на гэты раз аб тым, што жонка ў яго - калгасніца...

Хоць Стуканок і скардзіцца на нейкую хворасць, але гэта ад благога вока, каб не сурочылі, а, больш таго, каб не пазайздросцілі... Здароўя ў яго, гэтак як і розуму, на дваіх хопіць. Неяк зімой учадзела Малання ў лазні, дык ён яе на саначках за цэлы кіламетр дамоў прывёз. Прытым, заўважце, жанчына - сама сабой: на саначках можа змясціцца толькі наслаўшы дошак.

Малання ўпадабала такую «хуткую дапамогу» і з таго разу часта ездзіць з лазні на сваім мужу. Нізкарослы Піліп спрабаваў бунтаваць супраць такога глуму, але ў жонкі дужа рука балючая, - не інакш удавой будзе (ёсць такая прыкмета)... Хаця, з другога боку, паколькі Малання «інцілігентка», то і пашана адпаведная ёй патрэбна. Каб яна ў горадзе жыла, дык там - аўтобусы, траала такую «хутк а аўтобусы, траала такую «хуткую дапамогу» і з таго разу часта ездзіць з лазні на сваім мужу. Нізкарослы Піліп спрабаваў бунтаваць супраць такога глуму, але ў жонкі дужа рука балючая, - не інакш удавой будзе (ёсць такая прыкмета)... Хаця, з другога боку, паколькі Малання «інгцілігентка», то і пашана адпаведная ёй патрэбна. Каб яна ў горадзе жыла, дык там - аўтобусы, трамваі, а ў вёсцы - хочаш не хочаш, а даводзіцца ездзіць на ўласным мужу. А яшчэ, падумаць, за аўтобус, трамвай у горадзе плаціць трэба, а тут дармовая язда, ніякіх выдаткаў у гаспадарцы.

Сёлета ў мясцовым калгасе новы старшыня. Прыгледзеўся да яго Стуканок адзін раз, другі і - сэрца закалацілася, нібы авечы хвосцік. Спалохаўся! Бо старшыня дужа сур'ёзны чалавек. Невядома, калі спіць, і на вяселлі, хрэсьбіны нікуды не ходзіць. А былі ж старшыні, што нават на хаўтурах «Шумеў камыш» спявалі. Тых было латвей заблытаць. А да гэтага не прыступіцца. Усё парадкі ў калгасе наводзіць. І ўдаецца яму. Навошта ўжо Малання з норавам, але здолеў-такі ўлагодніць яе, кожны дзень пачала хадзіць на працу ў калгас. Аж, бедная, схуднела. (Тое, што жонка страціла ў вазе, Стуканок не шкадаваў, наадварот, радаваўся: «Калі і давядзецца ў наступную зіму вазіць з лазні, дык не надарвуся», - думаў ён).

Новы старшыня быў узяўся аберуч і за самога Піліпа, сказаў яму не туляцца ад калгаснай працы. Апошні расплакаўся, заенчыў, паабяцаў, падлячыўшыся, горы варочаць, не тое што. А пра сябе думаў: «Ператрэцца, перамелецца і ўсё забудзецца. Яшчэ не нарадзіўся той, хто б мяне абдурыў».

І Стуканок трымаўся свайго жыццёвага правіла: наперад кінеш - ззаду возьмеш.

Гэта ў тым сэнсе, што не скупіся перад «патрэбным чалавекам». Узяўшы прыцэл на будучыню, падмаслі яго адзін раз, другі, а прыйдзе час - і ён табе аддзячыць. Стуканок жа мае чым «падмасліць». Ён - рыбак. Як толькі крыгаход міне - з восцямі сігае каля затокаў, а лета прыйдзе - на чаўне ў рэчцы боўтаецца. Ды такіх шчупакоў цягае! А ліны! Гладкія, нібы парасяты!

Налавіўшы рыбы, Стуканок заўсёды вяртаецца дамоў праз суседнюю вёску, дзе жыве старшыня. На выгане яго заўсёды чакае белагаловы хлапчук, «сынок старшыні»...

Аднойчы ранняй вясной, угледзеўшы малога, Стуканок шапнуў яму:

- Вазьмі, Сярожа, шчупачка і бяжы наўпрасткі па агародах дамоў. Каб ніхто не бачыў рыбіну...

Белагаловы хлапчук хацеў было запратэставаць, што ён ніякі не Сярожа, а Паўліхін Міцька. Але шчупак быў дужа ладны, і малы ад захаплення не мог слова прамовіць. Схапіў рыбіну і пацягнуў яе дамоў.

Дома Міцька расказаў маці, адкуль у яго такая здабыча. Тая дала яму добрага трапкача, прагнала з хаты, сказаўшы:

- Няруш чужое! Аднясі старшыні! Гэта для яго Стуканок стараецца.

Міцька пацягнуў рыбіну да старшыні.

Старшыня якраз быў дома. Даведаўшыся, у чым справа, ён рагатаў так, што аж за стол хапаўся. Нарэшце сказаў:

- А ты, Міцька, і будзь Сярожам. Разумееш? Пакуль мой Сярожа ў бабулі ў гасцях, дык у цябе свежай рыбы кожны дзень будзе.

Хоць такая прапанова і была спакуслівай, але Міцька адмоўна закруціў галавой... «З гэтым жартаваць нельга, - думаў ён. - Дома ля печы заўсёды трапкач вісіць...»

Тады старшыня ўзяў малога за руку і павёў яго дамоў. Удачлівы рыбалоў зноў нёс рыбіну. Старшыня сказаў Паўлісе:

- Бярыце рыбу Стуканка. Я ж ведаю, ён некалі ваша нарыхтаванае ў лесе бярвенне пакраў. Дык няхай незнарок хоць трохі з вамі разлічыцца...

Удава Паўліха надта адмаўлялася, а як пачула пра бярвенне, згадзілася:

- Няхай так і будзе! Хоць трохі гэтаму Заморышу насалю.

І з таго часу Сярожа-Міцька спраўна насіў дамоў рыбу. Аб гэтым ведала амаль уся вёска. Не ведаў толькі Стуканок, каго ён частуе свежанькімі шчупачкамі, лінамі, язямі, плоткамі... Ой, каб ведаў! Ад злосці, напэўна, дастаў бы ўкусіць сябе за локаць.

Стуканок думаў: «Не падмажаш - не паедзеш», і ледзь не кожны дзень падносіў «Сярожу» гасцінца. О, у яго пад шапкай-аблавушкай розуму хоць адбаўляй! Ён яшчэ прытрымліваецца і такой мудрасці, што «ласкавае цялятка дзвюх матак ссе...» Дык чаму ж яму, Піліпу, ды не быць ласкавым? Выгода вялікая з гэтага!

Блізіўся час касьбы, і Стуканок вырашыў асабіста сам наведацца з рыбкай у хату старшыні. На памяць ведаў, што да гэтага «ўмасліў» «патрэбнаму чалавеку» васемнаццаць шчупакоў, дзесяць ліноў і яшчэ там рознай дробязі накшталт язёў на смачную юшку.

На гэты раз Стуканок нёс цэлую торбу адборнай рыбкі... «Э, маё не прападзе, - думаў хітры дзядзька. - Старшыня паціхеньку дасць з гектарчык лугу... Так што і сваёй кароўцы накашу, і яшчэ возікі са два прадам сенца».

Для большай пачцівасці Стуканок пакінуў сваю аблавушку на ганку, а торбу з рыбай папёр у хату.

Старшыня быў дома. Госць ветліва прывітаў яго, дробненька засмяяўся:

- Дзень добры ў хату! Хе-хе, іду сабе і думаю сабе, хе-хе, зайду да старшынькі. Гэта ж рыбкі злавіў, дык думаю сабе: чаму не паклапаціцца аб старшыні? Ён жа аб нас заўсёды клапоціцца...

Старшыня чамусьці быў не ў гуморы, сказаў, што рыбу ў яго сям'і ніхто не есць, хіба толькі кот, і адмовіўся ад гасцінца.

Стуканок падумаў: «Але ж дагэтуль не разарвала цябе ад маёй рыбкі... Ці не набіваеш ты сабе цану? Можа хочаш, каб я табе што-небудзь іншае падсунуў?»

У хату зайшоў чарнявы хлопчык.

- Сярожа, - сказаў яму бацька, - вазьмі, сынок, анучу і пратры матацыкл.

Чарнявы хлопчык пайшоў, і тады Стуканок, у прадчуванні нечага нядобрага, палахліва разяўляючы рот, запытаў у гаспадара:

- Дык а што ж гэта ў вас: два сыны і абодва Сяргейчыкі? Адзін чарнявы, а другі... бялявы?

- Адзін сын у мяне, - адказаў старшыня, - чарнявы, як вы кажаце. Месяцы са два гасцяваў у бабулі, толькі пазаўчора вярнуўся.

Стуканок пабялеў з твару... А старшыня дабіў яго канчаткова:

- Можа вы, дзядзька Піліп, маеце на ўвазе Міцьку, сына Паўліхі? Вунь таго самага, што па плоце лазіць? - і паказаў праз акно.

Стуканок убачыў на двары Паўліхі накольніка Міцьку, які да гэтага часу так падатліва называўся Сярожам, і абамлеў. Заікаючыся, запытаў:

- Д-дык й-йак жа гэта?!

- А вось так! - і старшыня пачаў рагатаць. - Ці не думаў ты, дзядзька, на рыбку вымяняць сена? - і зноў рагоча.

Бачыць Стуканок, што нелады, атрымалася асечка, і, схапіўшы торбу з рыбай, лататы з хаты! На ганку грэбнуў сваю аблавушку і - кулём са двара!

Бег дамоў, праклінаючы ўвесь белы свет!

На нейкую хвіліну ўляглася злосць толькі тады, як выпіў у кааператыве гарэлкі. Цэлую шклянку.

А дома, седзячы каля сабачай будкі, зусім расчуліўся. Частаваў з торбы свежанькай рыбай Бобіка і скардзіўся яму:

- Думаеш, я скупы? Еш! Не столькі прапала... Думаеш, мне лёгка жыць? Усё жыццё галавой кручу! Аж у вачах цёмна становіцца. Не тое, што табе. Пад'еў, гаўкнуў і ўсё добра ў цябе. Ого, каб мяне хто карміў дармовай рыбай, дык я не горш за цябе брахаў бы. Ага, брахаў бы. А ты, цюлень, толькі ад мух хаваешся, ніколі твайго голасу не пачуеш! - і ў Стуканка пачала падымацца на сабаку чорная злосць. - Дык ты ясі рыбку і думаеш, што я для цябе яе налавіў? А-а, воўчае мяса! - і выцяў нагою сабаку. - Выеш, не падабаецца?! Можа і ты інцілігент? Дужа ўпадабаў свежанькую рыбку? От жа табе! От яшчэ! - і пачаў біць сабаку.

Бобік ірваўся з ланцуга, екатаў, хрыпеў. Потым азвярэў і ў момант аблажыў свайго гаспадара...

Прытрымліваючы разлупленыя порткі, Стуканок бег ад сабакі. Аглянуўся, - той ірваў на дробненькія мэтлухі яго аблавушку, тую самую, на якой гаспадар некалі ў стральцоў зарабіў аж дваццаць рублёў.

У брамцы Стуканок нечакана сутыкнуўся са сваёй жонкай Маланняй. Абшкрабаны, збялелы, калоціцца як асінавы ліст. Уставіўся на яе мутнымі вачыма і пытае хрыплым голасам:

- Што, інцілігентка?! Можа цябе на саначках пакатаць?!

- Угэй, ратуйце! - затрубіла да смерці перапалоханая жонка і кінулася ўцякаць. Заблыталася ў спадніцы і чмякнулася ў дарожны пыл...

Неўзабаве Стуканок супакоіўся. А праз колькі дзён ён пайшоў у калгас касіць. Разумееце, такая ўжо нявыкрутка ў чалавека атрымалася. Прыкінуўшы так і гэтак, вырашыў:

«Цяпер ужо такі час настаў, што цяжка дурней сябе каго-небудзь знайсці... Мінуліся леташнія дразды...»

 

1958 г.


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая