epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Шашкоў

У дарозе

Познім непагодлівым вечарам вяртаўся я з калгаса «Чырвоны партызан». Быў канец верасня, надвор'е стаяла халоднае. Вось ужо каторую гадзіну не пераставаў дождж, злаваўся вецер, біў па твары, як мокрай анучай, працінаў да касцей. Мокры, стомлены і галодны, я ішоў, спатыкаючыся і праклінаючы ўсё на свеце, - разбітую дарогу, цемру, рэдактара, якому прыспела выпхнуць мяне ў такое надвор'е чорт ведае куды, сваю неспакойную, непаседлівую прафесію. «Не, хопіць! Паўгода з рэдакцыі не вылезу», - бурчаў я і тут жа смяяўся з сябе: каторы раз за шмат год журналісцкай работы гаворыш ты гэтае ж самае?! А пройдзе тыдзень, запіхнеш у кішэню чысты блакнот і - зноў у дарогу, зноў забярэшся ў яшчэ не вядомы табе куточак роднай зямлі, да незнаёмых людзей...

Зноў будзеш мокнуць пад дажджом, трэсціся ў кузавах спадарожных машын, дрыжаць ад начнога холаду, засынаючы дзе-небудзь у полі, на абярэмку саломы, якую толькі што адкінулі ад малатарні...

Спяшаўся. Тэрмін камандзіроўкі канчаўся, а я, уласна кажучы, яшчэ нічога не зрабіў. Блакнот быў пусты, тры дні патрачаны дарэмна. Нічога цікавага, нічога новага, вартага сур'ёзнай размовы, я не знайшоў у «Чырвоным партызане». Калгас вельмі адставаў, яго можна было крытыкаваць. Але ў тым, што ён адставаў «з прычыны дрэннага кіраўніцтва з боку праўлення калгаса», не было нічога ні новага, ні арыгінальнага.

Было блізка адзінаццаці гадзін начы, калі я апынуўся на скрыжаванні дарог. Спыніўся. Я быў у гэтых мясцінах першы раз, і ўсё тут было для мяне новае і незнаёмае. У які бок ісці? Ніводнага населенага пункта, ніводнай хаткі нідзе нельга было ўбачыць. Аставацца ж на перакрыжаванні сярод поля і чакаць, пакуль хто натрапіцца і пакажа дарогу, гэта значыла астацца начаваць пад дажджом (каму ўзбрыдзе ў галаву швэндацца па дарогах у такое надвор'е?).

«Што рабіць?» - думаў я, прыхіліўшыся спіной да мокрага слупа. І толькі я так падумаў, як дзесьці далёка ззаду пачулася ляскатанне колаў. Прыслухаўся, і тут да маіх вушэй даляцеў зычны голас:

- Но-о-о, ваўкарэзіна!

Колы адразу ж заляскаталі драбней, і цяпер ужо не магло быць ніякага сумнення: нехта ехаў на кані.

Нарэшце паказалася фурманка. У ёй, накрыўшыся з галавой плашчом, сядзеў, мяркуючы па голасе, мужчына.

- Таварыш, адну хвілінку! - крыкнуў я, выходзячы на дарогу. Але чалавек не адазваўся, мабыць, не пачуў маіх слоў. Я пайшоў шпарчэй і, амаль параўняўшыся з лёгкай каламажкай, запытаўся:

- Таварыш, скажыце, калі ласка, якой дарогай можна дабрацца да райцэнтра?

Чалавек нацягнуў лейцы і, скінуўшы з галавы капюшон плашча, павярнуўся да мяне. Я моўчкі чакаў. Маўчаў і ён. Нарэшце цяжка прыўзняўся, адсунуўся на край сядзення. Я не зразумеў гэтага жэсту.

- Ну, чаго там топчашся? - спытаў незнаёмы злосным голасам. - Садзіся, падвязу.

Пакуль я садзіўся, чалавек моўчкі выцягнуў з-пад сядзення нейкі рызман і кінуў мне на калені.

Ухутаўшы гэтым рызманом ногі, я наставіў каўнер і заціх. Адразу стала як быццам цяплей. Павекі пачалі зліпацца.

- Адкуль гэта ў такі час? - раптам запытаўся чалавек.

Я ўздрыгнуў, адказаў:

- У калгас ездзіў...

- А-а-а... Значыць, у разгляды хадзіў? Та-ак. Сам захацеў ці паслалі?

- Паслалі, - адказаў я, не разумеючы, пра што ідзе гаворка.

- Цяпер многа новенькіх панаехала. Але-е...

Чалавек тузануў лейцы. Конь перайшоў на шырокую рысь і, прабегшы метраў сто, зноў паплёўся нага за нагу. Сядак, мусіць, не заўважаў гэтага. Ледзь нахіліўшыся ўперад, ён напружана ўглядаўся ў цемру, нібы намагаўся нешта адшукаць там, дзесьці за дарогай.

- Але-е-е! - зноў паўтарыў ён праз нейкі час і, шумна ўздыхнуўшы, палез у кішэню. Успыхнула запалка. Трапяткое жоўтае святло на нейкі момант вырысавала твар майго суседа. Я ўбачыў вялікі нос, высокі маршчыністы лоб, чыста паголеную шчаку і густа зацярушаную сівізною скроню. Чалавеку можна было даць гадоў пяцьдзесят. «Хто-небудзь з упаўнаважаных», - чамусьці вырашыў я, зноў нацягваючы на галаву каўнер паліто і збіраючыся задрамаць.

- Што, не курыш? - спытаў у гэты момант чалавек.

- Не, дзякую.

Чалавек зноў уздыхнуў, пыхнуў папяросай і рашуча павярнуўся да мяне.

- Цябе вось паслалі, можа, нават не спытаўшы, хочаш ты гэтага ці не, - сказаў ён глухім голасам. - А я два гады назад сам пайшоў у калгас, па сваёй ахвоце. Пра гэта і ў абласной газеце пісалі, мой партрэт змясцілі. Не памятаеш? Уладзімір Матарыкін маё прозвішча. Дырэктарам райканторы «Заготлён» працаваў я тады. Ты ж пра мяне і пісаў. Забыўся? А я цябе пазнаў адразу, па голасе...

Падумаўшы, я сапраўды ўспомніў яго твар. Той жа нос, тыя ж калматыя, нібы выразаныя з густой чорнай аўчыны, бровы. Толькі сівізны ў брывах і на скронях прыбавілася.

- Як цяпер ідуць справы ў вашым калгасе, як працуеце? - спытаў я, раптам зразумеўшы, што ў жыцці гэтага чалавека здарылася нешта непрыемнае і яму хочацца падзяліцца сваімі думкамі з кім-небудзь, няхай сабе нават незнаёмым.

Расцёршы ў пальцах недакураную папяросу, Матарыкін злосна кінуў яе недзе ў цемру.

- Пра-ацуеце! - здзекліва працягнуў ён. - Скажы лепш - працавалася! Так будзе больш правільна. Адпрацаваўся. Калі не горш за гэта...

- Што, дрэнна ідуць справы? Ды яно, вядома, і цяжка за якія год - два паставіць на ногі адсталую гаспадарку. Асабліва калі мала вопыту, - загаварыў я, каб падбадзёрыць свайго субяседніка.

- Цяжка!.. Не, малады чалавек, калі захочаш паставіць - паставіш. Калгас, якім я кірую, за два гады мільянерам стаў. Два гады назад у людзей грошай на газу неставала, а цяпер у кожным доме радыё, сала і хлеб круглы год на стале.

- Дык аб чым жа размова?! - здзівіўся я. - Другі старшыня на вашым месцы ганарыўся б!..

Матарыкін, як мне здалося, недаўменна паглядзеў на мяне, адвярнуўся і надоўга змоўк.

Чакаючы, калі ён загаворыць зноў, я бязмэтна ўзіраўся ў цемру, сілячыся хоць што-небудзь распазнаць. Але не відаць было нават каня. Зямля, лес, хаты, неба - усё гэта нібы расплавілася, растала, ператварылася ў халодную, ліпкую мешаніну. Куды ні глянь - чорная пустата. І толькі пад табою, як хісткі масток, - кавалак дарогі. Здаецца, што зараз зробіць конь неасцярожны крок убок ці рванецца наперад, і каламажка праваліцца ў чорную бездань.

- Аб чым, пытаеш, размова? - загаварыў Матарыкін зноў, падсоўваючыся бліжэй да мяне... - Ты яшчэ малады, табе карысна павучыцца на памылках старэйшых. Слухай, такое не часта пачуеш...

...Па адукацыі я - аграном. Гадоў дваццаць назад скончыў сельскагаспадарчую акадэмію. Скончыў яе як лепш не трэба. Прафесары, якія вучылі мяне, прарочылі мне вялікую будучыню. І вось, калі я апынуўся за дзвярыма акадэміі і ўбачыў перад сабою некалькі дарог, задумаўся: на якой з іх хутчэй злаўлю гэтую вялікую будучыню? Можна было паехаць у МТС, у раён. Але тады мне чамусьці здавалася, што там мне не месца, што там я зачэзну, засушу свой талент. І я пайшоў працаваць выкладчыкам у сельскагаспадарчы тэхнікум. Гадоў пяць чытаў студэнтам лекцыі, вучыў іх сеяць бульбу, лён, жыта, хоць сам не пасеяў ніводнай соткі, не нажаў ніводнага снапа.

Нарэшце мне надакучыла гэтая праца. Чагосьці не хапала. «Дзе ж яна, мая вялікая будучыня?» - часта задумваўся я.

У Наркамземе тады працавалі людзі, якія мяне добра ведалі: з аднымі я вучыўся, другіх сам вучыў, некаторыя ж вучылі мяне. З'ездзіў туды, папрасіў. Паспрыялі. Праз нейкі час я быў ужо аграномам аднаго з упраўленняў Наркамзема...

Рэзкі парыў ветру наляцеў аднекуль з цемры, прынёс з сабою едкі пах гары. Дзесьці далёка, справа ад дарогі, успыхнула светла-ружовая зорка, за ёй другая, трэцяя, і вось іх ужо безліч. Жвавыя, імклівыя, яны закружыліся, то сплятаючыся ў цудоўныя залатыя карункі, то агністым дажджом рассыпаючыся па чорнай тканіне начы.

- Зірніце, як прыгожа! - не вытрываў я.

- Прыгожа!.. - пагардліва паўтарыў Матарыкін. - Што ж тут прыгожага? Запалілі тарфяное балота і цешацца! З золата глумецеся, сотні тысяч тон угнаенняў па ветры з дымам пускаеце, а бульбу садзіце ў пустую зямлю. Га-ас-падары!..

Матарыкін злосна плюнуў і зноў палез у кішэню па папяросы. Ён доўга курыў моўчкі, гледзячы ў той бок, дзе ўсё яшчэ кружыла залатая мяцеліца.

- І доўга вы працавалі ў Наркамземе? - спытаў я, каб працягнуць перарваную гаворку.

- Пакуль не выгналі! - суха і коратка адказаў Матарыкін.

- Ну, як жа так, ні з таго, ні з сяго!

- Чаму ні з таго, ні з сяго? За трынаццаць год я паспеў засохнуць, зрабіцца тым, каго ваш брат, журналіст, звычайна называе папяровым пацуком. Пісаў паперкі, насіў іх на машынку, размнажаў, рассылаў і зноў браўся за пяро...

Праўда, спачатку захапіўся быў ідэяй абараніць дысертацыю, стаць вучоным. Але тут атрымаў добрую кватэру, ажаніўся і махнуў на ўсё рукою... Так і дахадзіў у аграномах аж да 1953 года. А ў пяцьдзесят трэцім скарачэнне штатаў пачалося. Памацалі мяне з усіх бакоў, пакруцілі і так і гэтак, і - фюць з міністэрства. Я і апынуўся ў гэтым раёне, у крэсле дырэктара канторы «Заготлён». Жонка, вядома, са мною не паехала. Яна і цяпер у Менску... Хочаш закурыць?

Я моўчкі ўзяў з рук Матарыкіна папяросу, прыкурыў і, стрымліваючы кашаль, спытаў:

- А далей?

- Раскажу і далей... У гэтым крэсле я доўга не засядзеўся. Якраз у гэты час у раёне пачалі падбіраць людзей на пасады старшынь калгасаў. Дайшла чарга і да мяне. Выклікалі ў райком. Гаворыць мне нешта сакратар райкома, а я слухаю і думаю пра сваё. На трох дарогах паспрабаваў шукаць некалі абяцаную мне вялікую будучыню і не знайшоў. Ці не ляжыць яна на гэтай, на чацвёртай? Хіба мала старшынь калгасаў зрабіліся вядомымі ў краіне людзьмі? Сярод іх ёсць і мае колішнія знаёмыя. «Добра, - кажу. - Еду ў калгас. У які? У які скажаце». Падзякаваў сакратар за такія словы і параіў «Камінтэрн».

Я ведаў гэту гаспадарку. Ні хлява добрага, ні свірна. І старшыню гэтага калгаса, Ціхона Беленькага, ведаў. Чэзлы такі мужычок, усё здавалася, што ад ветру паваліцца. Яго маім намеснікам пакінулі.

Прыняў я гаспадарку і задумаўся: а што далей? Грошай на рахунку - ні капейкі. Больш таго - арыштаваны гэты самы рахунак! Пятнаццаць тысяч рублёў запазычанасці. Сена - да сакавіка ці хопіць, насення - нестае, адзін хамут на дзесяць коней. Думай, старшыня! Сунуўся ў банк па пазыку, а там мне дулю паказалі. Разлічыся, кажуць, за старыя пазыкі, а тады і прасі. Пра тое, што я і не пазычаў, і слухаць не хочуць!..

Трэба было нешта прыдумаць, неяк выкручвацца. І прыдумаў!

Абыходзіў аднойчы калгасны двор, гумны і выявіў шмаг льнотрасты. Тут была і сёлетняя, і леташняя, ды, мусіць, яшчэ і залеташняя. Памчаў у МТС, выпрасіў мяльны агрэгат і пачаў церці. Нарэшце здалі, падлічылі прыбыткі і ледзь у скокі не пайшлі - трыццаць пяць тысяч рублёў! Павесялеў я, ды і не толькі я... Людзі пра лён загаварылі, загаварылі сур'ёзна, намерыліся сеяць яго ў наступным годзе не дзесяць гектараў, як некалі, а сто! У мяне, ну, нібы крылы выраслі...

Матарыкін чыркнуў запалку, паднёс яе да папяросы, якая патухла ўжо.

Я зноў на момант убачыў яго твар. Ён быў усё яшчэ хмуры, але ў вачах, асветленых трапяткім полымем запалкі, ужо не было таго ледзянога холаду.

- Пра тое, як здабывалі насенне, як наладжвалі працоўную дысцыпліну, не буду расказваць. Папрацуеш у калгасе, сам даведаешся! Скажу карацей: увосень на сваім рахунку мы мелі паўтара мільёна рублёў. Паўтара! Разумееш? Іх лён нам прынёс, лён і каноплі. Ну, тут мы распачалі будаўніцтва. Дамовіліся з сельэлектрам у кожную брыгаду электрычнасць правесці. Радыёвузел купілі, дзве аўтамашыны, пачалі будаваць жывёлагадоўчы гарадок, па паўтара кілаграма збожжа і пяць рублёў грашыма на працадзень выдалі. Арганізавалі штомесячнае авансаванне. Дысцыпліна зараз у калгасе - не надзівіцца. Нібы век не было ў нас гультаёў.

Калгас наш стаў вядомы не толькі ў раёне. Нават да жонкі чуткі дайшлі, віншавальную тэлеграму прыслала... Хоць я і засох у міністэрскіх кабінетах, але ў душы ўсё ж нешта асталося ад агранома. Калгасныя справы, клопаты аб гаспадарцы, першыя поспехі абудзілі гэтае «нешта». Задумаўся над далейшымі шляхамі развіцця арцелі. Я разумеў, што аддаваць усю ўвагу толькі льну - гэта проста недарэчнасць. Распрацавалі план уздыму ўсіх галін. Добры атрымаўся план, ды...

Расказчык уздыхнуў і раптам горача прамовіў:

- Памятай: нішто так не губіць чалавека, як скараспелая слава! Павер мне! Як толькі пра мяне загаварылі - закружылася галава. А галава закружылася - перасталі слухацца ногі. І не заўважыў, як зноў збочыў не на тую дарогу... Мне раптам здалося, што я схапіў за хвост сваю «вялікую будучыню». Як жа! Пра мяне пісалі, мяне хвалілі, мяне ставілі ў прыклад! Нават начальнік упраўлення міністэрства, які тры гады назад «скараціў» мяне, цяпер называў «сваім выхаванцам»...

Праўду людзі кажуць: калі добра, хочацца яшчэ лепш. Мне таксама захацелася нечага большага. Чаго? Падказаў сябар, мой намеснік.

Неяк раз, астаўшыся адзін на адзін, ён сказаў:

- Памылку робіш, Уладзімір Сяргеевіч. Я на тваім месцы не так рабіў бы. Ну і чаго ты хапаешся адразу за ўсё? За кукурузу, за пшаніцу, за адкорм свіней?

- Мы цяпер можам цягнуць уверх усю гаспадарку, - запярэчыў я.

- Глядзі, падарвешся.

- Што ж ты раіш?

Беленькі прыжмурыўся, падумаў і адказаў:

- Калі б я намацаў гэты самы лён гады два-тры назад, ціснуў бы на яго да таго часу, пакуль не атрымаў Залатой Зоркі. А там было б відаць.

Я засмяяўся:

- Гэтая мара за высокімі гарамі!

- Цераз любыя горы перавалы ёсць.

- Я яго не разумеў. Беленькі гэта бачыў і пайшоў напрасткі. І водаеце, што ён прапанаваў мне? Пасеяць на папар замест лубіну сорак гектараў ільну, пасеяць і ні ў якія дакументы не ўключаць. Увосень гэты ўраджай абагульніць з тым ураджаем ільну, які будзе сабраны з запланаванай плошчы. І сярэдні ўраджай, нават калі год выдасца неспрыяльны, будзе высокі. Узнагароды забяспечаны, і на выстаўку ў Маскву верныя кандыдаты.

Шмат ільну цяжка дагледзець? Ён і тут прыдумаў. Скараціць пасевы кукурузы, а людзей, якія спатрабіліся б на догляд гэтай культуры, перакінуць на лён. Усе ўгнаенні, прызначаныя пад кукурузу, вывезці пад лён.

Спачатку гэта прапанова раззлавала мяне. Я выгнаў Беленькага з кабінета, каля тыдня не гаварыў з ім, а потым... згадзіўся. Але, але, згадзіўся!

Вы скажаце, што слава да мяне прыйшла б усё роўна? Я ведаў гэта. Праз тры-чатыры гады мой калгас быў бы адным з лепшым у раёне, у вобласці, а мо і ў рэспубліцы. Толькі... тры гады здаліся мне занадта вялікімі.

Спачатку я ішоў на гэты ўчынак асцярожна, азіраючыся. Мучыла сумненне, часам хацелася адступіцца, збочыць на тую дарогу, якой ішоў год назад. Але зазнайства ўзяло верх.

Пасеяў дваццаць гектараў на папарах - здалося мала. Пасеяў яшчэ дваццаць. Не хапіла ўгнаенняў - перакінулі тыя пяцьдзесят цэнтнераў аміячнай салетры, што пакідалі на падкормку пшаніцы. Вядома, усю гэтую плошчу, сорак гектараў, у зводку не ўключылі.

Я з трывогай і надзеяй чакаў восені. Нарэшце лён быў выцераблены і абмалочаны. Аб'ядналі ўраджай з двух участкаў. «Планавы» гектар даў дванаццаць цэнтнераў валакна і столькі ж семя! У тым, што высокія ўзнагароды забяспечаны, цяпер не было ніякага сумнення. І на выстаўку нас зацвердзілі, шырокім паказам. Залаты медаль, Залатая Зорка - усё гэта было блізка, працягні руку, і яны твае...

- Ну і...

- Еду на бюро райкома, - глуха адказаў Матарыкін. - Заўтра разбіраецца мая персанальная справа.

Матарыкін змоўк. Наш конь ішоў шырокім, спорным крокам. Наперадзе, за шэрай сеткай дажджу, мроіліся агні даволі вялікага горада. Мы пад'язджалі да раённага цэнтра.

Калі калёсы загрукацелі па забрукаванай плошчы, Матарыкін раптам блізка падсунуўся да мяне і горача, з хваляваннем і надзеяй у голасе, нібы яго лёс цяпер цалкам залежаў ад мяне, прашаптаў:

- Скажы, адбяруць партыйны білет?

«Адбяруць» - хацеў сказаць я, але, невядома чаму, прамаўчаў. Але ж Матарыкін зразумеў мой маўклівы адказ. Ён увесь неяк панік, ссутуліўся. Потым узняў на мяне вочы, поўныя глыбокай журбы, і папрасіў:

- Давайце размесцімся ў адным нумары гасцініцы. Вельмі ж не хочацца аставацца аднаму!..

 

1956 г.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая