epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Савіцкі

Белы гарлачык

Васіліна ляжала на ложку, гартала кніжку ў чырвонай вокладцы - толькі што скончыла чытаць - і думала, і думкі былі там, у тым свеце, дзе жыла другая Васіліна, смелая і настойлівая дзяўчына, якую вяскоўцы звалі цёпла і паэтычна - Вяснянка. Той свет быў далёкі і, у той жа час, вельмі блізкі, хвалююча-дзівосны. Колькі разоў чытала гэтую кніжку, а ўсё вабіць, і заўжды, калі робіцца тужліва, перагорнеш старонкі і знойдзеш нешта такое, што імпануе настрою: нібыта пра яе напісана, Васіліну Хацько, якая працуе тынкоўшчыцай і жыве ў адным пакоі з Адэляй. Ды Адэлі што! Адзіны клопат у яе - прыхарошваецца!

- Дык ты пойдзеш з намі ці не? - зноў запытала Адэля, усё яшчэ стоячы ля люстэрка. - Такое сонейка, а яна - ляжыць. Пад ляжачы камень, сама ведаеш...

- Часам і пад ляжачы цячэ!

- Прыдумляеш! А як губы? Фарбы ці не замнога?

- Фарбу дык шкадуе. А туфлікі? Ты ж іх пашкрабаеш у лесе.

- Адчапіся! - Адэля махнула рукою. - Хлопцы на ножку ой як глядзяць. Ім да спадобы, калі блішчыць. Ну, бягу!..

Васіліна засталася адна. Людскі тлум у калідорах будтрэстаўскага інтэрната сцішыўся. Скрозь фіранкі прабівалася сонечнае святло, клалася ўзорыстай мярэжкаю да дыванка, і ад яе зіхацеў краёк люстэрка. Вецер гайдаў галіны старога ясакара, што рос за акном, і мярэжка на падлозе варушылася, амаль няўлоўна для зроку мяняла абрысы: вось быццам белыя хвалі пакаціліся, нечакана спыніліся, павярнулі ў другі бок, зрабіліся падобныя на вялікія і няроўныя плямы - гэтак застывае тынкоўка, калі яе пакінуць на ноч у скрыні. Аднойчы такое зрабіла і Васіліна ў першыя дні свае працы на будоўлі. Брыгадзір сварыўся тады на маладых тынкоўшчыц, і болей за ўсіх дасталося Васіліне, хоць была яна вінаватай меней чым хто.

Вецер дзьмуў парывамі; галіны ясакара выгіналіся. Лапаткі сухі пошум лісцін абуджаў тугу. Нешта ж дужа непаблажлівы твой лёс, Васіліна! Праўда, асабліва няма чаго і крыўдаваць. Зрабілася яна добрай тынкоўшчыцай, амаль перад кожным святам атрымлівае прэмію. Але навошта ёй тыя прэміі? Адэля вось і без іх жыве ў сто разоў весялей, не сумуе, хоць і не вісіць яе партрэт на Дошцы гонару. Сабралася і пакаціла ў лес. І амаль усе дзяўчаты з інтэрната пакацілі туды. Вядома, там і хлопцы, і весялосць, і песні... Адэля казала, што сёння знарок будзе ласкава ўсміхацца толькі Міколу, каб Сцяпан дужа нос не задзіраў і не задаваўся. Шанцуе ёй, гэтай Адэлі! А ўсё - прыгажосць! Адэля прыгожая, дык хлопцы ля яе і ўвіваюцца. А Васіліну ніхто з хлопцаў ніколі не запрашаў на гулянкі, не прызначаў спатканняў ля Дзвіны і, відаць, прызначаць не будзе... Гэтулькі дзяўчат нарасло! Маладыя, прыгожыя - вось каго кахаць. А ў яе і вучоба даўно скончана, і працуе Васіліна даўно. Яе ніхто не пакахаў. Што ж застаецца цяпер? Чакаць? Але чаго? Каго? І дакуль? Да трыццаці гадоў?..

На столі мітусіліся светлыя плямкі, потым сцішыліся, варушыліся марудна і спаважна, нібы крыгі плылі па Дзвіне ў вясновую паводку. Васіліна заплюшчыла вочы і выразна, як бы ў сапраўднасці, убачыла і раку, і зіхатлівыя крыгі, што наплывалі адна на адну, пенячы вакол ваду, і тонкія чырвоныя вербалозы. Трошкі кружылася галава, салодка і прыемна замірала сэрца. А во каб на такой крызе ды апынуўся маленькі хлопчык. Тады Васіліна смела б кінулася ў раку, выратавала б яго. Можна пасля і захварэць. І памерці нават. Усе збяруцца тады вакол яе труны, будуць хваліць яе мужны ўчынак, шкадаваць, што не заўважылі раней такой мужнай, шчырай і смелай дзяўчыны, нават заплачуць некаторыя. І няхай! Няхай паплачуць, а яна не адгукнецца, бо будзе ляжаць нежывая. І няхай паплача і той кранаўшчык з шостага. У яе сэрцы яго слёзы не абудзяць спагадлівасці. Няхай! Няхай яе вязуць на могілкі, і не трэба ніякіх помнікаў - просты шэры камень няхай пакладуць на магілу...

Туга зрабілася зусім невыноснай ад гэтых думак, і Васіліна паднялася з ложка, спынілася ля люстэрка, але не зірнула ў яго, адвярнулася. Няма чым любавацца: валасы чорныя і прамыя, як пруткі, а вочы, як вугольчыкі, - калючыя і злосныя, на схуднелым твары - непамерна вялікі, ды яшчэ з гарбінкаю, нос. Тут глядзі не глядзі - прыгажэйшай не зробішся!

Васіліна зноў разгарнула кніжку, але не чытала ўжо, растрывожаная і збянтэжаная. Як жа гэта? Яна, Васіліна, увесь час намагалася быць падобная на тую дзяўчыну, Вяснянку, і не разумела, што тая Васіліна, з кніжкі, ніколі не адчайвалася, ніколі не губляла мужнасці! І ад таго, што гэта было менавіта так, а не інакш, ёй раптам зрабілася крыўдна, роспачна, трывожна. Хлопцам не падабаюцца яе вочы? Пляваць ёй на тых хлопцаў! І не будзе яна з-за гэтага класціся пад той камень, і не будзе сядзець адна тут, і не будзе сумаваць! Хутчэй туды, за Адэляй! Там - вецер! Там - сонца! Там - людзі! Яна - не горшая за іх!

Васіліна падбегла да шафы, усміхаючыся, перабрала сукенкі. Пераапранулася хутка, нават не зірнуўшы ў люстэрка. Спакавала ў сумачку рэчы, якія маглі спатрэбіцца на рацэ, узяла два яблыкі і зверху паклала на іх кніжку пра цудоўную дзяўчыну Вяснянку.

У лесе яна доўга шукала сваіх сябровак - дзяўчаты і Адэля быццам скрозь зямлю праваліліся. Зусім страціўшы надзею знайсці іх у вялікім, па-святочнаму стракатым натоўпе, Васіліна зноў выкіравалася на гасцінец. З горада несупынна імчалі аўтобусы і легкавыя машыны. Смеючыся, размахваючы клункамі, выскаквалі з іх пасажыры. Не, не апошняю прыехала яна на лясное свята!

За гасцінцам млелі размораныя спякотаю сосны, аддавала ад іх цяплом і моцна ўгрэтай жывіцай - гай цягнуўся да самай ракі. Бераг Дзвіны ў гэтых месцах круты і высокі, апавіты вузлаватым, пад колер чырвонай гліны, карэннем. Ля вады, як і ў лесе, - можа, нават гусцей яшчэ, - стракацелі хусткі дзяўчат, на чоўне іграў баян. Хіба знойдзеш у гэтым людскім моры Адэлю? Ды і навошта? Лепей адпачыць.

Васіліна ляжала на гарачым і зіхатлівым ад сонца пяску. Побач гулялі ў валейбол дзяўчаты, а ля самага берагу, у вадзе, завіхаліся вакол вялізнага гарбатага валуна хлопцы - намагаліся вывернуць яго. Урэшце яны адолелі камень, выкацілі з вады, і адразу ж на ім апынуўся хлопец у круглай белай шапачцы, зробленай з насоўкі. Смешна падскакваючы, ён заспяваў:

 

- Шэры камень, шэры камень -

Дзевяноста сем пудоў!

Шэры камень так не давіць,

Як праклятая любоў!..

 

Бухнула ў камень хваля, што пакінуў за сабою катэр, пырскі абдалі хлопца, і ён, віскатнуўшы падробленым голасам, заспяваў яшчэ грамчэй. Васіліна адвярнулася, каб не глядзець на хлопца, - смяялася. Смяялася з гэтай песні, смяялася з нядаўніх думак пра камень, які наважвалася ўскласці сабе на магілу. Ну і дурніца ж яна! Знайшла сабе клопат. Вось жа яно, жыццё! Што лепшае прыдумаеш?

З блакітнай высі падаў мяч - нехта, ударыўшы недакладна, выбіў яго за вызначаную мяжу. Васіліна павярнулася, хутка і лёгка, нібы вавёрка, скочыла ўслед за ім і, падаючы на пясок, кароткім ударам перахапіла мяч ля самай зямлі, і ён зноў высока ўзляцеў у паветра. Дзяўчаты адразу расступіліся, прымаючы Васіліну ў сваё кола.

Хлопец на камені ў захапленні кінуў:

- У-уу! Спрытна. Прыма ўдар! Родненькія, навучыце і нас! Хлопцы, трэба ўлівацца!

Гульня, як толькі хлопцы да яе далучыліся, пайшла яшчэ весялей, з жартамі і смехам. Хлопец у белай шапачцы стаяў насупраць Васіліны і пасаваў увесь час на яе. Яна спачатку хвалявалася, быццам на якім экзамене, але гэтае пачуццё хутка знікла: ранейшы спрыт у яе руках - і яна гуляла надзвычай удала, беручы такія цяжкія мячы, што сама дзівілася.

- Вы добра гуляеце, - адзначыў хлопец у белай шапачцы, калі гульня скончылася і кола рассыпалася. - Мабыць, маеце спартыўны разрад?

- Што вы! Ніякага разраду ў мяне няма. Пасля школы і на пляцоўцы рэдка была.

- Тым больш зайздросна. Здорава, адным словам. Прыма!..

Васіліна не адразу зразумела, жартуе ён ці гаворыць сур'ёзна. Наважылася была апрануцца, але хлопец загарадзіў ёй дарогу да сумачкі. Вялікія сінія вочы - на загарэлым твары яны выдавалі незвычайна светлымі - глядзелі на яе шчыра і добразычліва.

- Знаёмімся? Віцька. Гэтак мяне і трэба зваць, бо я прывык, і мае сябры іншага імя за мной не прызнаюць.

Хлопец усміхаўся; зубы ў яго былі надта белыя; бялявыя былі і бровы. У словах была шчырасць, і рука была працягнута так настойліва, што яе нельга было не паціснуць.

Хлопец паўтарыў імя Васіліны пачціва, нават пахваліў:

- Прыгожае... Толькі - даруйце, я шчыра прызнаюся - крыху не сучаснае. Вось Віцька - гэта гучыць!

Цяпер у яго словах адчулася ненатуральнасць, глыбока схаваная кпіна. Зрабілася ніякавата ад таго, што стаіць у купальніку перад хлопцам, якога ніколі раней не бачыла і зусім не ведае. Калі гулялі ў валейбол і вакол гаманілі дзяўчаты і хлопцы, гэтае непамыснасці не ўзнікала, але цяпер Васіліна адчула яе і, калі Віцька адвярнуўся, хуценька накінула плацце. Ён заўважыў гэту паспешлівасць, але нічога не сказаў, нават не пажартаваў, а толькі ледзьве ўлоўна ўсміхнуўся, даючы ёй магчымасць апрануцца як след.

У горад яны варочаліся разам. Час быў ранні яшчэ, і Васіліна ахвотна пагадзілася не ехаць на аўтобусе, і ганарылася сваёй смеласцю, і была ўдзячна Віцьку за яго прапанову. Няхай берагам удвая далей, але затое як хораша ісці басанож па пясчанай, цвёрдай і халоднай, як асфальт, палосцы ля самай вады, захапляцца сонечным бляскам, свежым ветрам, сінечай чыстага неба. Па рацэ праносіліся маторкі; буркатлівыя хвалі з шумам накатваліся на бераг, казыталі ногі, і трэба было ўцякаць ад першых, самых вялікіх; Васіліна, гуляючы з хвалямі, смяялася, а потым стаяла, чакаючы, пакуль накоціць і бухне па нагах хваля - мяккая, ласкавая і цёплая.

У маленькім заліўчыку, сярод багавіння, гайдалася на плыні белая кветка. Гарлачык? Так, ён. Белы гарлачык!

- Дастаць? - дзелавіта спытаў Віцька.

- Не трэба. Там глыбока.

- Нам гэтая глыбіня па калена. Наперад, сябры!

Віцька кінуў на траву Васілініну сумачку і свой маленькі рукзачок і храбра рынуўся ў раку. Там сапраўды было глыбока, але ён дастаў гарлачык; хацеў сарваць яшчэ і светла-зялёны, падобны на сліву, гарлачыкавы пухірок, але яна забараніла. Не расцвіў жа гарлачык. Віця згадзіўся і, шумна разганяючы ваду нагамі, выбраўся на бераг і падаў гарлачык Васіліне.

- На шчасце. Іх на рацэ рэдка стрэнеш.

- Я іх увогуле на Дзвіне не бачыла.

- Летась мы знайшлі іх за мостам. А на азяро ездзілі - ажна белая вада ад гэтых гарлачыкаў. Ды бярыце ж!

Яна ўдзячна ўсміхнулася Віцьку і ўзяла кветку. Белыя пялёсткі, запакаваныя ў зялёныя крышачкі, яшчэ раздвінуліся слаба, сярэдзіна гарлачыка была закрыта, і буйныя кроплі вады на ёй зіхацелі смарагдавым бляскам. Здалося: у руках цудоўная, казачнай прыгажосці скрыначка, якую забаронена адчыняць - адчыніш, а яна знікне зусім.

Яны рушылі далей, але цяпер ішлі не ля самай вады, а крыху вышэй, па вузкай сцежцы; ногі грузлі ў гарачым сыпучым пяску. Сцежка ўзбіралася ўсё вышэй і вышэй, пад самы ўзвал, і ўрэшце ля другога ручая, што стрэўся на іх шляху, згубілася ў густым спляценні вербалозаў і чаромхі.

- Мо адпачнем? - спытаў Віцька і адразу ж дадаў, як бы сцвярджаючы неабходнасць свае прапановы: - Пасядзім у засені. У мяне тут у рукзачку і перакус знойдзецца. А?

- Не, не!

Васіліна пайшла наперадзе і ішла хутка, у трывожным чаканні чагосьці страшнага і незвычайнага. Сумачку яна ўзяла ў Віцькі і болей не аддавала, і, калі ён раптоўна кашлянуў, яшчэ больш паскорыла хаду, і ўвесь час прыслухоўвалася да блізкіх крокаў за спіною. З жалобным чаканнем мільгалі над вадою стрыжы, і ад іх кароткіх высвістаў у сэрцы то знікала, то зноў паяўлялася падазроная недаверлівасць да Віцькі. Хіба вядома, які ён чалавек?..

Яна так і не паспела даўмецца, што рабіць у выпадку Віцькавага нападу: гушчар лазнякоў скончыўся, і наперадзе, за рэдкімі бярозамі, што шнурам цягнуліся па ўзвалу, у дрыготкай туманна-белай сінечы ўзніклі гарадскія гмахі. Па рацэ плылі чоўны. Васіліна ўздыхнула з палёгкай і вінавата зірнула на Віцьку - зрабілася сорамна за свае благія думкі аб ім.

- Вось і дайшлі. Мне тут блізенька, праз замчышча.

- А чым гэта пахне? - Віцька, зморшчыўшыся, круціў галавою.

- Палын. Разагрэўся на сонцы. Таму...

Палын рос на ўзвалу густа, і пах яго быў гаркаваты, змешаны з пылам, а таму яшчэ больш рэзкі і густы, чым звычайна; вецер гайдаў нізкія сцябліны, лісце паварочвалася то адным, то другім бокам, і ад гэтага палыновыя купкі хутка мянялі колер - то рабіліся бледна-зялёныя, то сівелі, быццам пасыпаныя попелам.

- А мо падсілкуемся? - зноў прапанаваў Віцька. - Гладка ж я прыбіўся. Ды і не цягнуць жа дамоў перакус гэты...

Вейкі ў Васіліны таргануліся, і яна ўзялася церці вока - зрабіла выгляд, што нешта трапіла туды. Нечаканая прапанова ўзрадавала, але Васіліна наважылася было, як гэта вучыла яе Адэля, пагадзіцца не адразу, і тут жа напалохалася, што Віцька можа пакрыўдзіцца, змяніла свой намер. Чаго ёй баяцца? Горад вунь жа, побач зусім! Да яе зноў прыйшла ўпэўненасць, бесклапотная ціхая радасць, адчуванне свае прывабнасці, жаданне слухаць Віцьку, смяяцца разам з ім, падабацца яму і адчуваць гэта. Яна зноў, як у гульні ў валейбол, была роўная з ім, не саромелася, нічога не баялася і адчула сябе вольна і незалежна.

Бярозкі на ўзвале былі нізенькія, але шырокія - галіны з гэтым лісцем пачыналіся ад самае зямлі. Раслі і дзве ялінкі, кучаравыя, з доўгімі і густымі лапкамі.

- Ой! Ялінкі-сястрынкі! - зарадавалася Васіліна і пабегла.

Віцька мернай хадою наблізіўся да ялінак, па-гаспадарску агледзеўся вакол; прывабіла яго бярозка, што расла побач; ён паўглядаўся і нечакана падскочыў уверх, схапіў і прыгнуў дрэўца.

- Навошта ты ламаеш? - абурылася Васіліна. Было трывожна і радасна ад таго, што яна асмелілася сказаць яму «ты». - Такая бярозка прыгожая...

- Шкада табе? Ха-ха! На наш век іх хопіць. Затое па-а-сядзім. А пах ад бярэзніку - любата!

Смеючыся, ён круціў-ламаў вецце, і хутка наскідаў пухлую грудку, заслаў яе пінжаком і шмякнуўся на гэтую пасцель.

- У-ух! Слаўна! Мой рукзачок нам ай-яй як спатрэбіцца. А ты чаго стаіш? Сядай!..

Маленькі рукзачок быў умяшчальны. Віцька выцягнуў адтуль гуркі, каўбасу, сыр, нарэзаны тонкімі лустачкамі, два вялізныя памідоры і нават вузкую і плоскую, як дошчачка, пляшку з віном. Васіліне адразу захацелася есці і зрабілася ніякавата, што давядзецца браць Віцькаў пачастунак. А яна можа і не есці. Яблыкі ёсць!

Яна выцягнула іх з сумачкі, і Віцька вітаў гэта. Яблыкі? Цудоўна! Калі яна не хоча браць яго пачастунак, дык можа абмяняць на яблык усё, што ёй захочацца, нават віно. Праўда, у яго няма кілішкаў, але ён зробіць іх з гурка, гэта вельмі проста: разрэзаў, сярэдзіну выскраб і - налівай.

Васіліна прысела, але рашуча запярэчыла: віно піць не будзе! Навошта ёй піць віно? Але ў душы была ўзрадавана і гэтымі імправізаванымі кілішкамі, што стаялі ўжо на газеціне, і тым, што Віцька прапанаваў памяняць яблыкі на свой пачастунак, і нават тым, што дужа хочацца есці. Яна пагадзілася - гэтак ужо ён прасіў! - выпіць адзін кілішак, даўшы сабе строгае абяцанне, што ні кропелькі болей не возьме. Але Віцька ўвесь час даводзіў, што кілішак зусім маленькі - дзве чайныя лыжкі, не больш. Васіліна прыдзірліва агледзела разрэзаны гурок, убачыла Віцькаву праўду і дала згоду на яшчэ адзін кілішак, але патрабавала, каб Віцька выпіў два, бо ён жа мужчына і сорамна піць віно аднолькава з ёй. Віцька не пярэчыў.

Пляшка зусім незаўважна апусцела. Але затое цяпер Васіліна ведала - гэтак ёй, прынамсі, здавалася - пра Віцьку літаральна ўсё: і тое, што ён нарадзіўся ў Расонах, і тое, што скончыў тэхнікум і цяпер працуе на электрастанцыі. Ён мала гаварыў пра сваю работу і яшчэ меней распытваў Васіліну пра будоўлю, і яна была ўдзячна яму за гэта: ці ж цікава будзе такому вясёламу хлопцу слухаць пра тое, як тынкуюць сцены!

Віцька быў дужа ласкавы і ўважны, і яна пачынала верыць кожнаму яго слову. Смешнымі і нерэальнымі здаваліся ёй нядаўнія падазронасць і жах. Во каб на яе цяпер паглядзела Адэля! Наўрад ці пахваліла б яна Васіліну за такія паводзіны. Але што ёй Адэля!

Весялосць у душы мацнела; смех выклікаў кожны жарт Віцькі, кожнае яго слова, і Васіліна заўважыла, што ўсё вакол яе - і неба, і ялінкі, і лістота бярозак - смяецца і вагаецца. Напоўлежачы на Віцькавым пінжаку, яна закінула галаву і гучна засмяялася - галава зрабілася нейкай дужа цяжкай і сама апусцілася долу, і салодкая млявасць была ва ўсім целе. На твар навісала тонкае голле ялінкі. Васіліна заплюшчыла адно вока, і сінявае неба стала падобным на мора, шыпулькі склаліся ў абрысы нейкага карабельчыка, і ён, крыху пагойдаўшыся, паплыў, паплыў гэтым морам; а насустрач паўзла чорная калматая хмара, набліжалася, шырэла, і карабельчык знік у ёй, бы хмара праглынула яго. Васіліна паўглядалася яшчэ і войкнула ад жаху.

- Ай! Жук! Во ён, во, па шыпульках паўзе! Які страшэнны!

Віцька даў жуку пстрычку; жук знік невядома куды і раптам падаў аб сабе знак з густой лістоты бярэзніку, гудзеў там, сцішаўся і зноў пачынаў гудзець, пакрыўджана і незадаволена. Васіліне стала шкада жука, і яна лёгка, сама здзіўляючыся з свае смеласці, кранула Віцькаву руку.

- Навошта? Ён жа нічо...

Яна не дагаварыла, адчуўшы на сваіх губах гарачыя Віцькавы губы, спалохалася, заплюшчыла вочы і ляжала нерухома, прыслухоўваючыся да нязнанага раней гарачага тлуму ў галаве: здалося, што нехта дужы ўзняў яе і нясе да вялікага вогнішча, ад якога патыхае гарачынёю; і гэтая гарачыня адразу высушыла рот, але ад яе не было нясцерпна горача, а неяк утульна, мякка, і толькі дыхаць было цяжка.

Віцька цалаваў Васілініны шчокі, бровы, шыю; яго рукі паспешліва гладзілі яе валасы, расшпільвалі гузікі сукенкі... Дотык халодных рук да грудзей быў падобны на кароткі ўдар: Васіліна замерла, стаілася на міг, потым вокамгненна расплюшчыла вочы, адштурхнула Віцьку.

- Не трэба! Не трэба! Ах, ну што ж гэта!..

Ён цягнуў яе да сябе, гладзіў калені, маліў сесці. Васіліна баранілася ад яго рук і паўтарала, быццам просячы прабачэння:

- Навошта гэта? Не трэба! Ах, ну кажу ж: не трэба!

Нечакана Віцька прыўзняўся, злосна тузануў Васіліну за руку, і яна ледзьве ўстояла на нагах.

- І-і-і! І прыкідваецца яшчэ, недатыка! Чаго брыкаешся?..

Яна паглядзела на яго, разгублена міргаючы. Нічога цяпер не вагалася ў яе вачах, толькі тонка, нудна звінела ў галаве, ціўкала, быццам недзе далёка хвастаў хто бляху. У адзін міг пранеслася ў яе думках усё тое, што здарылася сёння. Ясакар за акном. Размова з Адэляй. Пярэстая мярэжка на дыванку ля ложка. Жартоўная песня Віцькі і гульня ў валейбол. Берагавая паласа і хвалі ад катэра. Белы гарлачык і, падобны на сліву, пухірок сярод рачнога багавіння. І яшчэ пах палыну...

Віцькаў твар увачавідкі змяняўся: усе такія дабрадушныя, сціплыя абрысы раставалі, расплываліся і знікалі зусім, і пад імі, як на фотапаперы, кранутай моцным праявіцелем, нараджаліся зусім іншыя, нязнаныя раней. Не, гэта ўжо не Віцька, а нейкі іншы чалавек. Недзе бачыла яна такі твар... Але дзе? Дзе ж яна бачыла яго?.. Цяжка прыгадаць... І гэтыя рукі, што цягнуцца да яе, таксама чужыя, невядомыя...

Васіліна адштурхнула іх.

- Адчапіцеся вы! Брыдка!

Штуршок быў не так што і моцны, але Віцька не чакаў яго і паваліўся пад ялінку.

Васіліна кінулася бегчы. Крыўда, як сухая скарынка, асела ў горле, яна штурхала Васіліну ў плечы, прымушала бегчы не спыняючыся. Але ў гэтай крыўдзе была дваістасць: крыўдавала не на тое, што Віцька цалаваў яе, а на абразлівыя словы, што сарваліся з яго губ і за якімі быў нехта чужы і страшэнны, крыўдавала на сябе, на сваю слепату. Як жа гэта яна раней не заўважала, што за жартамі, за ласкавымі словамі Віцькі хаваецца зусім іншы чалавек, які можа і жартаваць, і гаварыць ласкавыя словы, і гаварыць гэтак нядобра!..

Сцежка, па якой бегла Васіліна, скончылася раптоўна; за лазнякамі пачынаўся чысты зялёны мурог; стужкаю ляжала Дзвіна, выдавала зусім не блакітнай, а крышку зеленаватай, пад колер лісця; на паваротку рака была шырокая, у буйным зіхатлівым рабацінні, што клінам рассякала Дзвіну - адзін канец гэтага рабаціння - вастрэйшы - упіраўся ў роўны мурог, а другі ішоў да крутога супрацьлеглага берагу. Сляпучае сонца пыхнула ў твар. Васіліна азірнулася. Густыя, дымна-шэрыя лазнякі захінулі ўзвал, дзе раслі ялінкі і дзе застаўся Віцька. Ён не бег за ёю, але яна шпарка, не аглядаючыся болей, пабегла ў бок горада...

Васіліна нічога не сказала Адэлі пра тое, што адбылося з ёю на Дзвіне, нават не прызналася, што ездзіла на маёўку. Але думкі пра тое штохвілінна круціліся ў галаве, жылі ў душы, і Васіліна не магла адагнаць іх, і часта заўважала, што не асабліва пакрыўджана іх прысутнасцю: думкі тыя трывожылі, калі-нікалі абуджалі непамыснасць, але з імі не было самотнай адзіноты. Прыгадвалася сіняе неба, маладыя ялінкі, прагныя Віцькавы пацалункі; трывожная гарачыня адразу біла ў шчокі, Васіліна ўсміхалася і шукала апраўдання паводзінам Віцькі. Калі яна, здаралася, ужо зусім наважвалася ўсё дараваць яму, у памяці ўсплывалі словы абразы. Дараваць такое?.. Дзеля чаго?!

Цяжка было памірыцца і з гэтымі думкамі, і з успамінамі: яны ўсё часцей выклікалі боль, перашкаджалі жыць і працаваць. Брыгадзір у панядзелак двойчы пасварыўся на Васіліну за дрэнна зробленую тынкоўку. Адэля спагадліва маўчала, пра нешта здагадваючыся, відаць, але ні пра што не распытвала, толькі зрабілася надта клапатлівая.

У аўторак Адэля ўсё-ткі не вытрымала, заўважыла жартам, што Васіліна ноччу гаворыць праз сон.

Васіліна насцярожылася:

- А што я такое гаварыла?

- Віценька нейкі, відаць, сніцца. Усё тое ж: Віцька! Віцька! Прызнайся, хто такі? Я іх навылёт бачу. І Віцькаў, і Міцькаў - усіх. Параю, калі што якое!

Васіліна ўздыхнула, нічога не адказала.

- Толькі прашу цябе: не бяры блізка да сэрца. Нічога, - спагадліва параіла Адэля. - Не паддавайся слабасці. Ніколі! Разумееш?

Лёгка ёй раіць! Раіць увогуле лёгка, кожны здатны, калі яно цябе не тычыцца!..

У сераду - хоць дзень і не дужа спякотны быў - Васіліна стамілася незвычайна. Думкі пра Віцьку, пра тое, што адбылося тады на Дзвіне, не давалі спакою, і працы навалілася - хоць ты каго прасі на дапамогу. Дом праз два дні павінна была прымаць камісія, і прараб з брыгадзірам лёталі як апантаныя: тое - прыбяры, гэтае - падраўнуй... Дасталося, адным словам. У дадатак да ўсяго - чарга ў сталоўцы, амаль гадзіна ляснула, пакуль адстаяла ды паела.

Вярталася ў інтэрнат, схіліўшы галаву, адчуваючы ў руках і плячах цяжасць і нейкі тлум быў галаве. Хацелася спаць. Але адпачыць, вядома, не адразу давядзецца: яе чарга прыбіраць пакой. Трэба памыць падлогу, а потым пайсці на Дзвіну, прынесці вады. А мо не хадзіць? Не, трэба: рачная вада на тое, каб даліваць шклянку, дзе стаіць белы гарлачык, што дастаў тады Віцька на рацэ, - ён ляжаў у сумачцы, і Васіліна прынесла яго дамоў. Гарлачык, праўда, ужо цвіў слаба, пялёсткі пакрысе засыхалі. Але сэрца не хацела пагадзіцца з гэтым, у ім жыло абуджанае чаканне нечага вялікага, харошага. Васіліна штодня мяняла ваду, хоць і ведала, што гэта не жывіць кветку. Няхай! Але на дзень які болей пастаіць!..

Увайшла ў пакой - дзверы былі незамкнёныя - і спынілася, уражаная: шклянка з гарлачыкам знікла. На тумбачцы, там, дзе яна стаяла раніцаю і дзе стаяла ўсе гэтыя дні, палымнела агняна-чырвоная ваза з трыма вялізнымі белымі гарлачыкамі.

Глуха затахкала сэрца.

Рыпнулі дзверы. Васіліна хутка павярнулася. Адэля?

- Ты чаго стаіш? Пераапранайся! - загадала Адэля. Яна была вельмі ўзбуджана. - Зараз жа ён вернецца. Сказаў, што праз гадзіну...

- Хто?

- О-о-ох, хітрая! - Адэля пагразіла пальцам Васіліне. - Яна не ведае. Віцька твой прыходзіў!

- Што яму тут спатрэбілася?

- А я ведаю? Пасядзеў, кніжку пагартаў.

- Якую кніжку?

- Тую вунь... Вяснянку тваю... Цяпер я разумею, чаго ты ад мяне таілася. Такога хлопца і я б нікому не паказвала, пакуль не абкруціла як след!..

Васіліна цяжка села на крэсла. Адэліны словы гучалі цяпер як бы зводдалі, прыглушаныя і незразумелыя, і яна ўсё глядзела на вазу з кветкамі. Віцька!.. Гэта ж ён прыцягнуў гарлачыкі! І цяпер толькі яна, Васіліна, можа вызначыць іх лёс: яна можа прыняць іх, можа выкінуць, і ніхто і нічога не забароніць ёй!

І ад таго, што такая ўлада была ў яе, што яна магла вырашаць лёс гэтых кветак, магла дазволіць Віцьку ўвайсці ў гэты пакой і магла забараніць, магла прагнаць яго і ніводнага слова не сказаць увогуле, Васіліна адразу паспакайнела і ўсё глядзела на белыя гарлачыкі. Якія слаўныя! Іх жа болей і не было там, адзіны пухірок і застаўся. Адшукаў жа недзе!

Гарлачыкі, відаць, расцвілі нядаўна, мо нават і сёння. На белых пукатых пялёстках дрыжаў агністы водбліск барвова-чырвонага шкла; і гэтакі ж водсвет, толькі крыху слабейшы, ружавеў і на вокладцы кніжкі, што ляжала на століку ля вазы; вада ў вазе здавалася барвовай, і ў ёй, у глыбі, на самым дне, цвілі белыя гарлачыкі.

 

1957 г.


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая