epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Стаховіч

Неспакойны гарадок

Бясследнае знікненне двух фашысцкіх бургамістраў з гэтага невялікага, напалову разбуранага беларускага гарадка выклікала сярод жыхароў нямала гаворкі. Розныя чуткі хадзілі па хатах, але дакладна ніхто не ведаў, як гэта ўсё было.

Пра першага бургамістра, якога прывезлі аднекуль фашысты на другі дзень акупацыі, больш за ўсё гаварылі, што нібыта ён кожны дзень атрымліваў шмат пісем ад невядомых яму асоб. У гэтых пісьмах не ставіліся ніякія подпісы, але выразна пісалася: «Калі ты, падлюга, і далей будзеш служыць фашысцкай погані, - не хадзіць табе па зямлі нашай». Быццам з гэтае прычыны ён нават у сваім пакоі заўсёды трымцеў, як асінавы ліст. Уварвецца ў горад парывісты вецер, віхрам уздыме, закруціць снежныя слупы, пранясецца цераз руіны і папялішчы, шаргане па шкле, а бургамістр у момант ускаквае з крэсла, з кутка ў куток лётае па пакоі, прыглядаецца ў акно, прыслухоўваецца... І ў сумных посвістах ветру чуецца яму хаўтурная мелодыя. Пасля таго як атрымаў пісьмо ад партызанаў, ён цэлыя суткі не мог ні спаць, ні есці: кажуць, звёўся на нітачку і, нарэшце, у смяротным жаху перад народнымі мсціўцамі, цішком ад гітлераўскага камандавання кінуў сваю пасаду і ўцёк з горада ў невядомым кірунку.

Пра другога ж, усім вядомага прайдзісвета, сцвярджалі проста, што ён не мінуў рук мясцовых партызанаў. Быццам аднойчы ўвечары, калі горад быў спавіты шэрым туманам, будынак бургамістра акружыў атрад Купрыяна. Партызаны цішком знялі вартавых, забралі зброю, а самога бургамістра, пасля таго як ён падпісаў нейкі важны дакумент, запхнулі ў мех, завязалі вяроўкай, сцягнулі па сходцах на двор і павезлі з сабою. А потым дзесьці ў лесе правялі над ім суд народны.

Як бы там ні было, але фашысты пасля здарэння з другім бургамістрам не паказваліся ў горад каля трох тыдняў. Вось толькі гэтай раніцой маўклівую цішыню бязлюднай вуліцы прарэзаў прыкры сігнал машыны. Па заснежаным бруку хутка прамчаўся бранявік і спыніўся каля маленькага з абгарэлымі бярвеннямі доміка, у якім жыў вядомы ў горадзе доктар. З'яўленне гітлераўцаў на браневіку ля кватэры доктара вельмі занепакоіла жыхароў. Дзесяткі жаночых і дзіцячых твараў прыліплі да халодных шыбаў. Шырока раскрытымі вачыма глядзелі яны на доктараву хату, чакаючы, калі з кватэры выведуць Сямёна Ігнатыча і, наставіўшы на яго дулы аўтаматаў, павядуць па вуліцы.

А калі фашысты пасадзілі доктара ў бранявік, з вачэй у суседкі Хрысціны пасыпаліся слёзы. Яна падышла да загнету, чапялой выкаціла з попелу некалькі вугалькоў, дзьмухнула на іх, запаліла лампаду і, нібы па нябожчыку, пачала маліцца, прыгаварваючы:

- А даражэнькі ж ты наш, Сямён Ігнатыч!.. А вечная ж табе памяць! Акрамя ж дабра людзям, ты нічога не рабіў болей... А каб жа ім заняло дух, каб паздыхалі яны, акаянныя!..

Якое ж расчараванне апанавала жыхароў, калі на другі дзень па ўсім горадзе, на ўцалелых ад бомбаў і пажарышчаў дамак, былі расклеены аб'явы: «Аб'яўляю прыём на службу ў якасці паліцэйскіх і чыноўнікаў управы. Звяртацца з вуснымі і пісьмовымі заявамі асабіста да мяне з 11 гадзін раніцы да 6 гадзін вечара. Бургамістр горада С.І.Баравікоў».

- Няўжо гэта ён?

- Наш?

- Доктар?

- Не можа быць...

- Здрадзіў?

- Прадаўся!

- Ох, шкура. Нягоднік!..

І той, хто яшчэ некалькі гадзін таму назад насіў у сваім сэрцы смутак, хто аплакваў усімі паважанага чалавека, цяпер гарэў нянавісцю да яго.

- Я пайду! Я прабяруся!.. Няхай мяне скалечаць, заб'юць, але ж я плюну яму ў твар, не дам яму жыцця. Ён зняважыў нас, ён прадаў сваю шкуру!.. - кінуўшы вядро ля калодзежа, не сунімалася абураная Хрысціна.

Тым часам Сямён Ігнатавіч сядзеў у крэсле бургамістра. Перад ім, на вялікім стале, у сініх вокладках ляжаць акуратна падшытыя паперы. Ён перагортвае старонкі, уважліва перачытвае кожны радок, і яго твар то робіцца сумным, то з-пад кароткіх з рэдкай сівізной вусоў раптам успыхвае задаволеная ўсмешка. Вось ён зноў чытае адбітак апошняга данясення бургамістра і сам здзіўляецца, як гэта ўсё атрымалася, як гэта аперацыя ўдалася Купрыяну. А ў другім, так званым прыёмным пакоі ля дзвярэй бургамістравага кабінета, зняўшы шапкі, чакаюць дазволу на ўваход тры асобы. Яны стаяць моўчкі і нават з нейкай падазронасцю пазіраюць адзін на аднаго. Толькі той, што першым стаяў ля дзвярэй, часам бубніў сабе пад нос:

- Ну, хто б гэта мог падумаць, што Сямён Ігнатавіч наш чалавек?..

- Заходзьце! - пачуўся голас з кабінета.

Смуглявы чалавек ціхенька адчыніў дзверы і, нясмела прасунуўшы галаву, запытаў:

- Дазвольце, пан бургамістр?

- Ну, ну, заходзьце!

Чалавек прасунуў у дзверы сваё тулава, зачыніў дзверы і, пакланіўшыся, падаў заяву.

- Дык гэта вы Дубінін?

- Так, пан бургамістр, сам Дубінін, - матляючы галавой на танклявай, доўгай шыі, з годнасцю пацвердзіў увайшоўшы.

- Сядайце. Жадаеце працаваць у гарадской управе?

- Калі ваша ласка, з вялікай прыемнасцю!

- А чым жа вы можаце пахваліцца, каб пацвердзіць сваю адданасць фюрэру?

- О-о-о, пан бургамістр, пахваліцца мне ёсць чым! - і запалыя блудлівыя вочы Дубініна пачалі бегаць пад абвіслымі, рыжымі брывамі.

- Ну, ну? - зацікавіўся Сямён Ігнатыч.

- А памятаеце вы вялікі пажар на ільнозаводзе? Гэта ж я ноччу падкраўся да яго, абліў газаю і...

- Гэта вы спалілі завод?

- Што вы так глядзіце на мяне, пан бургамістр? Аж мне неяк дзіўна робіцца. Мабыць, не верыце?

- Не, не, мне проста цікава. А яшчэ што?

- Ды ці пералічыш усё? Вось справу з механікам, што тады з Менска прыехаў, вы, здаецца, добра ведаеце: калі не памыляюся, вы рабілі яму аперацыю? Дык гэта ж я падпільнаваў яго ля дубняку і ўсадзіў яму нож у плечы. Дарэчы, сястра Купрыяна таксама не мінула маіх рук...

- Сястра Купрыяна?.. - працяжна прамовіў Баравікоў, і яго рука непрыкметна для самога памкнулася да важкага мармуравага прэса, але, схамянуўшыся, ён адвёў руку і праз зубы працадзіў: - Залічваю вас на службу. - І памаўчаўшы, дадаў: - Будзеце ў мяне старшым паліцэйскім. Падшукаеце яшчэ некалькі асоб з вашых хаўруснікаў і падайце мне на зацвярджэнне.

- Добра.

- Заўтра ж раніцой, вось вам запіска, адправіцеся ў штаб гарнізона і прывезяце чатыры кулямёты, дзесяць аўтаматаў і тры скрынкі гранат, бо спакою тут нам, як відаць па ўсім, не будзе.

- Усё будзе зроблена, пан бургамістр, - падхапіўшыся з крэсла, сказаў Дубінін і, развітаўшыся, накіраваўся да выхада.

У кабінет увайшоў шчуплы, прыземісты чалавек з гладка прылізанымі чорнымі валасамі.

- Я сын Зарэмбы, - падаючы руку Баравікову, адрэкамендаваўся ён. - Вы, канечне, не ведаеце... Мой бацька да рэвалюцыі меў свой маёнтак на Палессі, а я вось некалькі год пымушаны быў картатэтчыкам капцець у райсаюзе...

- Та-а-ак... Ну што ж, раніцой прыходзьце на працу.

- Вельмі ўдзячны вам, пан бургамістр.

- Паклічце, калі ласка, хто там яшчэ?

- Адзін застаўся, болей нікога няма.

- Ну, заходзьце. А-а-а, Андрэй, і ты тут? Таксама з заявай?

- Ага.

Баравікоў добра ведаў Андрэя Гушчу. Калі працаваў у бальніцы, яму не раз даводзілася мець справу з гэтым хлопцам. То Андрэя дзесьці вывалакуць з канавы і ўсяго запэцканага ў гразь прывязуць беспрытомнага, каб выцверазіць; то сам часам прывалачэцца з шрамамі ды гузакамі на твары. Таму Сямён Ігнатавіч не лічыў патрэбным весці з ім доўгіх размоў і адразу залічыў яго ў штат гарадской управы.

Позна ўвечары сакратар пазваніў па тэлефоне.

- Да вас, пан бургамістр, просіцца зайсці нейкі стары. Ён кажа: вы яго самі выклікалі яшчэ апаўдні, але ён спазніўся.

- Прапусціць! - сказаў Сямён Ігнатыч.

У дзвярах бургамістравага кабінета з'явіўся шыракаплечы барадаты стары.

- Ну, як адчуваеш сябе, пан бургамістр? - зашчапіўшы дзверы, іранічна запытаў Купрыян і засмяяўся.

- Ану цябе, упхнуў ты мяне сюды...

- Выбачай, Сямён Ігнатавіч, калі я ў гэтым кабінеце прымушаў таго прайдзісвета падпісваць данясенне, я не ведаў яшчэ, ці прызначаць цябе фашысты бургамістрам. Там проста гаварылася, што ты найбольш прыязны і нямецкае камандаванне можа мець цябе на ўвазе.

- Яшчэ, чаго добрага, бабы падпільнуюць ноччу, і тады ўспамінай, як звалі... Вунь Хрысціна даўно ўжо рукавы закасвае: я, кажа, растрыбушу яго, усе вантробы павыварочваю акаяннаму... Табе смешна, а мне і за дзверы не выйсці.

- А ты, між іншым, не цягайся асабліва... - параіў Купрыян.

- Ну і барада ў цябе, каб ты скіс, ці не з конскай грывы?

- Гэта ж дзяўчаты нашы падабралі недзе ў клубе, з драмгуртка, кажуць.

- Сапраўдны стары. Ніякай фальшы. Ну, хто б мог сказаць, што табе 35 год, што гэта той самы сакратар заводскага парткама...

- Ты, браце, цішэй, а то яшчэ падслухае выжла, - перабіў Купрыян, азіраючыся на дзверы.

- І сапраўды! - схамянуўся Сямён Ігнатыч.

- Значыць, ты ўжо ўлічыў каго трэба?

- Я даручыў яшчэ Дубініну, можа ён яшчэ каго дасць. Праўда, іх нямнога, адзінкі, аднак павыпаўзалі... Аднаму я ўжо ледзь па чэрапе не стукнуў вось гэтым прэсам, да таго ж ён абурыў мяне, акаянны...

- Ты, браце, асцярожна, а то ўсю музыку сапсуеш. Як са зброяй?

- Заўтра будзе, паслаў ужо.

- Значыць, у панядзелак? Добра. Ну, дык пакуль, а то мне бавіцца нельга, там з разведкі павінны прыйсці.

- Бывай, Купрыян!

- Усяго добрага!

На трэці дзень сваёй дзейнасці на пасадзе бургамістра Сямён Ігнатыч назначыў нараду. Ён загадаў усім паліцэйскім і чыноўнікам управы з'явіцца ў яго кабінет. І яны сабраліся ў вызначаны час. Калі ж Баравікоў праверыў, па спіску не аказалася двух паліцэйскіх.

- Дзе яны? - запытаў ён у свайго намесніка.

- На пасту, пан бургамістр!

- Трэба запрасіць іх сюды, цяпер жа дзень...

Праз некалькі хвілін і астатнія паліцэйскія былі ў кабінеце. Баравікоў з тварам суровага начальніка, заклаўшы рукі за пояс, хадзіў ля стала. Ён паглядваў на стрэлку гадзінніка і доўга навучаў чыноўнікаў, як яны павінны працаваць ва ўправе. Ён папярэджваў аб залішняй бяспечнасці, між іншым напомніў, што справы як з першым так і з другім бургамістрам лішні раз сведчаць, што народ беларускі не дасць спакою. Калі ж гадзіннік адлічыў дванаццаць удараў, Сямён Ігнатавіч сказаў:

- А цяпер, мае шаноўныя паны, заходзьце ў гэты пакой і распранайцеся. Каб мелі вы належны выгляд, я паклапаціўся дастаць вам з гарнізона адпаведныя камплекты верхняга адзення. Бо ўсё ж такі вы з'яўляецеся сапраўднымі прадстаўнікамі нямецкіх улад у Беларусі, і мне, як вашаму начальніку, неяк непрыемна, калі вы не будзеце забяспечаны неабходным.

- Вельмі вам удзячны, пан бургамістр, за вашы клопаты...

Заахвочаныя служакі адзін за другім падаліся ў пакой і, складаючы зброю ў куточак, пачалі паспешна распранацца. Асабліва спяшаўся Андрэй Гушча. Ён, як відаць, непакоіўся, што можа не хапіць якога камплекта і тады ён зноў застанецца ў сваім забруджаным пінжаку.

Нечакана з другога боку адчыніліся дзверы, і Купрыян з групай узброеных аўтаматамі партызанаў уляцеў у пакой.

- Ні з месца, апоўзлікі! - крыкнуў начальнік партызанскага атрада.

- Га-а-а-ах! - пачулася ў пакоі.

Усе застылі ў нерухомасці. Узняўшы рукі ўгору, некаторыя паліцэйскія сканфужана стаялі ў адной бялізне, і толькі ногі ў каленях хадзілі хадуном.

А на вуліцы ўжо збіраліся, гаманілі людзі, і звонкі рогат дзяўчат калыхаў паветра.

Калі Хрысціна заўважыла Сямёна Ігнатыча, які, усміхаючыся, разам з Купрыянам з аўтаматамі за плячыма крочыў па вуліцы, яна падбегла да яго, абняла за шыю і моцна пацалавала.

- Выбачайце, Сямён Ігнатавіч, - сказала яна, - не ведала.

 

1945 г.


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая