epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Жаўрук

«Ружа»

А ці міг, ці век - не знаў ніхто там,

Колькі моўчкі праляжалі мы

На краі сыпучага сумёта

Пасярод марознае зімы.

 

Толькі раптам лютаўская сцюжа

Адступіла быццам, адлягла.

Чую і не веру сам я - «Ружа»:

«Ой, расцвіла ружа, расцвіла...»

 

Азірнуўся: ціха ў задуменні

Сам сабе спявае зампаліт.

Слухаем. І нікне поўнач ценем,

Іншыя ўстаюць хлапцам палі.

 

Случчына каму, каму у песні

Амсціслаўшчына яго ўстае,

Мне ж - рачэнскі край, маё Палессе,

Вербы, вочы ясныя твае.

 

І узбек, сусед мой, вочы мружыць

(Што ён прыгадаў у той цішы?),

Слухаў, слухаў і ўсміхнуўся: «Ружа.

Ружа, - зноў ён паўтарыў, - якшы».

 

І да самае атакі потым

Больш не думалі аб сцюжы мы

На краі сыпучага сумёта

Пасярод марознае зімы.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

1942, Мажайск

 


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая