epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Жаўрук

«Ты не глядзі, што рана скроні...»

Ты не глядзі, што рана скроні

Заткала інеем зіма.

Падай мне цёплыя далоні

І ціха поруч сядзь сама.

 

Яшчэ далёка золь і восень

І свежы весніх сіл прыбой,

І гэта толькі так здалося,

Што пастарэлі мы з табой.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Так нетаропкая развага

Ад бестурботнасці заве,

І так, забыўшы Афенбаха,

Душа Бетховенам жыве.

 

Над чуйным сном клавіятуры

Двух белых лебедзяў палёт

Даўно мне мроіцца. У хмурым

Вячэрнім змроку гукаў буру

Абудзіць ён і так, без нот.

 

Няхай Бетховен уварвецца

У гэты ціхі дом, сюды,

Як бура ў сонныя сады,

Няхай матыў ракоча, льецца

І разам плача і смяецца,

Жывы і вечна малады.

 

І ўвесь пакойчык вечаровы

Напоўніць шолахам далін,

Жалейкай гучнай раніцовай,

Святлом вясёлкі каляровай,

Празрыстай свежасцю дубровы

І звонам горных ручаін,

 

Каханнем, смуткам палыновым,

Трывогай, болем, сном благім,

Тугой, бядой - усім, усім,

Што ў свеце ёсць,

І - шчасцем новым.

 

1939

 


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая