epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Жук

Чыгун

Яшчэ не пачаліся зацяжныя дажджы, суха пылілі вуліцы і дарогі. З бяроз на ўзмежках і з клёнаў і вязаў у агародчык ад вуліцы ападала свежае жывое лісце, і было чутна, як яно шоргае па галінках, быццам хоча ўтрымацца. А надвячоркам пачынала халадаць, ярка і суха ў стылай зеленаватай вышыні выступалі зоркі. У такія часіны далёка разносіцца па наваколлі, аддаецца рэхам у лесе ляскатанне колаў на ўсохлай палявой дарозе. Конь ахвотна і быстра бяжыць наперад, туды, дзе цёпла свеціцца агеньчыкамі вёска, дзе яго чакае канюшня і свежае пахучае сена ў яслях.

У такую пару полуднем цёпла, нават горача высвечвае сонца. Ігнат выходзіць на вуліцу, садзіцца ля плота на пляскаты цёплы камень. Следам за гаспадаром высоўвае з-за плота голаў Босы — вялікі худы сабака з пасівелаю ад старасці пысаю, падыходзіць і кладзецца ля ног гаспадара, выцягнуўшы ўперад лапы і паклаўшы на іх голаў, толькі зрэдку спрасонку варушыць абадраным вухам, да якога ліпне куслівая настырная восеньская муха.

Ігнат неахвотна і скоса пазірае на сабаку, на свае старыя з укасцянелымі перадамі кірзавыя боты. На ім старыя картовыя штаны і зашмальцаваная да бляску на грудзях і ля кішэняў куфайка. Ходзіць Ігнат без шапкі да самых халадоў. На дзіва густыя, сівыя, коратка астрыжаныя валасы пабліскваюць на сонцы. Таксама сівую густую бараду ён зрэдку падроўнівае вялікімі ржавымі ножанкамі, якімі некалі стрыглі авечак. У руках Ігната выцерты рукамі да бляску ядлоўцавы кіёчак, лёгкі і моцны, які цьмяна пабліскваў на сонцы, як і выцвілыя блакітныя вочкі над гарбатым велікаватым носам.

Сядзіць Ігнат прытуліўшыся плячыма да старога пазелянелага плота з асінавых калоў. За плотам густы зялёны зараснік бэзу, пад якім улетку любяць хавацца ад спёкі суседскія куры і панагрэблі мяккага, як попел, пылу. Над бэзам толькі ледзь відаць зялёная ад моху страха, і цяжка здагадацца, хто не ведае, што гэта хата, бо тут, на Случчыне, хату так ніхто не крые, крыюць так толькі гумны — саломаю з усіх чатырох бакоў, без зашчытка. Ды гэта і не хата, хутчэй варывенька з крыху вышэйшымі, чым звычайна, сценамі, з нятоўстых круглякоў і двума падслепаватымі акенцамі. Падабенства да хаты надаюць прыступкі перад дзярыма ў сенцы, зробленыя з дошак, ды яшчэ развалены пачарнелы комін пад страхою. Крыху воддаль ад хаты — маленькі, як будка, таксама дашчаны, хляўчук, накрыты чарапіцаю, старою і ўзелянелаю, як і страха на хатцы. Хляўчук абкладзены паўз сцены гноем аж да самае страхі, каб не было холадна зімою. Гной за лета высах, выпетраў і шарэў саломаю.

Акрамя таго, што ад вуліцы, на сядзібе больш нідзе не было агароджы. Вакол старых груш ні за адзін год густа ўкараніліся дзяды, высокая, з белым, як у канапель, насеннем крапіва, а паўз сцены суседскае хаты, ад якое на гэтым дзікім садзе толькі ў самы поўдзень не было ценю, узяўся маліннік, на якім ніколі не было ягад.

І калі хто прыезджы ідзе вуліцаю, даволі шырокаю, з дарогаю пасярэдзіне і роўнаю густою муравою паўз платы, на якой бела ўецца вытаптаная сцяжынка, гэтае ўрослае пусткавым зеллем котлішча здаецца даўно пакінутым; невядома толькі, чаму стаіць на ім хатка, як варывенька, побач з пасляваеннымі хатамі на высокім падмурку і з вялікімі вокнамі. Ад гэтае хаткі застаецца нешта цяжкае на душы, як ад нядобрага мінулага, якое ўсё чэпіцца да цяперашняга, не дае забыць пра сябе.

Ігнат не ходзіць далёка, толькі ў магазін узяць хлеба. А магазін праз два дамы ад ягонай хаты, і то ідзе ён, апусціўшы галаву, быццам цяжка глядзець навокал, і ні на кога не падыме воч, не павітаецца. Сабака, які бяжыць следам, і той з большаю цікавасцю круціць у бакі галавою.

Грэцца на сонцы да каменя Ігнат выходзіць, калі людзі на рабоце ў полі і пуста на вуліцы. Сядзіць, прыплюшчыўшы вочы, і можна падумаць, што спіць чалавек, калі б не жывы бляск вачэй скрозь прыжмураныя павекі і кіёк лёганька і паслухмяна не варушыўся б у руках, пабліскваючы на сонцы. Кіёк малюе на зямлі домік, незамыславаты, з вокнамі-крэсцікамі, толькі без густога дыму над комінам, як малююць дзеці. А скрозь прыплюшчаныя павекі бачыць Ігнат цынкавы дах, ашаляваныя і пафарбаваныя сцены, белыя шырокія вокны і залаціста-жоўтага пеўніка на каньку; двор прасторны, парослы травою з нізенькім плоцікам уздоўж сцяны, за якім пасеяны кветкі; а ў агародчыку ад вуліцы грады з клубнікаю, паўз плот кусты агрэсту, парэчак. Насупраць дзвярэй з сянец, цераз двор, вымураваны ў зямлі пограб, а хлеў воддаль ад хаты, упоперак пляцу, з цаглянымі шуламі... Плот ад вуліцы таксама на цэментавых шулках, з дошак, шчыльны, зверху дзве столкі калючага дроту — каб не сунулі зверху галовы да кустоў коні і каровы. У яго самога карова сытая, аж ляўціць, дзве свінаматкі, бо на свіннях ніколі не прагадаеш...

І ад гэтых думак робіцца цёпла і сцішана на душы. Ігнат нібы засынае, адчувае, як наплывае хваля радасці і шчасця. Ён бачыць, як людзі зайздросна паглядаюць на яго хату, і на твары абазначаецца зласлівая, пагардлівая да ўсіх усмешка. Яна не сыходзіць з твару, мёртва застывае, пакуль Ігнат услухоўваецца ў далёкі лёскат колаў — едуць з поля на абед калгаснікі і школьнікі. Нага прывычна сцірае малюнак. Расплюшчаныя вочы бачаць цераз вуліцу і шчыльна пафарбаваны плот на цэментавых шулках, і светлую веранду, і цынкавы дах, і залатога пеўніка,— на тым месцы, дзе некалі стаяла Стахванава хата, збудаваўся ягоны сын, калгасны трактарыст Павел. Там і хлеў з мураванымі шуламі, і сытая карова...

Ігнат штурхае ў худыя рабрыны сабаку, і той неахвотна, бяскрыўдна ўстае і ідзе на двор за згорбленым, як кручок, гаспадаром, садзіцца на сцяжынцы, глядзіць, як той ставіць ля парога кіёк, ідзе да хлеўчука, адчыняе варотцы, здымае з ланцуга рашку і нясе ў хату, не зачыняючы за сабою ні сенечных, ні хатніх дзвярэй. Сабака ведае, што рашку Ігнат ставіць пад прыпечкам, ля цэбрыка, у якім ссечана параная бульба, у старой алюмініевай місачцы прыносіць з сянец муку, з печы дастае чыгунок з варанымі буракамі, палівае замешанае. Босы ідзе ў хату, кладзецца пад сталом і чакае, пакуль гаспадар уходжваецца. Некалі ён хадзіў за гаспадаром туды-сюды, а цяпер нават цяжка варушыцца, хочацца толькі ляжаць і драмаць.

Калі Ігнат вяртаўся ў хату, Босы адным вокам з-пад стала глядзеў, як той распранаўся, бразгаў лыжкаю, наліваючы буракі ў вялікую эмалірованую міску, адкалупліваў кавалак мяккага варанага сала. Потым даставаў з печы чыгунок з бульбаю, ставіў на стол. Перш чым есці набіраў бульбы ў прыгаршчы, кідаў сабаку. Хлеб рэзаў на тоўстыя лусты, потым ламаў на кавалкі і кідаў у міску са страваю,— куплены ў запас хлеб быў, як камень. Еў буракі Ігнат з бульбаю, ловячы лыжкаю па кавалку размяклага хлеба. Потым жаваў з бульбаю сала. Апошнія гады ён еў многа, як не ў сябе, хоць і адчуваў, што сілы не прыбывала, але есці хацелася, быццам нейкая прорва найшла, а таму трымаў штогод кармляка. Аддаваў соткі засаджваць бульбаю Паўлу, браў сабе толькі каб хапіла карміць падсвінка. Павел даваў яму крыху капусты на зіму, сякой-такой гародніны яшчэ, мукі таксама перападала ад Паўла. Цукру Ігнат не купляў, цэлы год варыў узвар з груш.

Пасля полудню Ігнат зграбаў са стала крошкі, кідаў сабаку яшчэ кавалак хлеба і ішоў на палок. Ложка не было і некуды было яго ставіць — ад сцяны да печы насланы дошкі, на іх засланы посцілкай сяннік.

Удзень яму не спалася. Ляжаў апрануты, у ботах на сваёй пасцелі, глядзеў на сабаку, які паволі жаваў акраец, прыціскаючы яго лапамі да зямлі, і не зважаў на гаспадара. Нават яму, сабаку, усё надакучыла, ён на памяць ведаў кожны рух Ігната, кожны пах і меў права занудзіць цяжкаю сабачаю нудою, ад якое сышоў бы дзе далёка ад людскога вока паміраць, каб была сіла, але замест сілы — толькі старасць...

* * *

Тая Ігнатава хата стаяла не з краю вёскі, але ў месцы даволі прытачным: побач з прагонам, пасярод якога ішла выезджаная коламі і выбітая конскімі капытамі палявая дарога ў тры неразлучныя сцяжынкі — дзве ад колаў, адна ад капытоў. Дарога выходзіла аж да брукаванкі, якая цягнула да Мінска. І хто б ні ехаў у вёску, быў відзён з вокан; у Ігната пыталіся, дзе кантора, начавалі ўпаўнаважаныя, страхагент. Ігнат баяўся, каб хто не пераманіў яго да сябе — агент у аддзяку за гасціннасць не надта драў страхоўку. Ад прагону было многа выгад: можна выпусціць курэй, і яны не баяліся пайсці далёка ад дому, аж на калгасны палетак; у снапавозку можна было перакінуць у агарод сноп-другі збажыны, спусціць на дарогу добрую латку сена, якую ў момант падбярэ жонка і не пакіне нават парушынкі. Гэта акрамя таго, што ад прагону прыараў ён да свайго пляцу сотак дзесяць лішняе зямлі і штогод прыхватваў па баразне.

Стахван, які быў брыгадзірам, і Тодар-рахункавод добра цягнулі з калгаса. Пра гэта многія здагадваліся. Ігнат сам быў раз прыгледзеў ля малатарні пад амецямі ладную кучу збажыны, не вытрываў, ноччу пайшоў і нагроб у мяшок, але ў вішняку яго так агрэлі па галаве, што не памятае, колькі і пралежаў пад тым мяшком; раніцаю знарок першы прыйшоў да малатарні на работу — ад кучы і следу не засталося. А збожжа было — не аднаму чалавеку панесці... Зайздрасць зайздрасцю, а свая галава даражэй, больш не прыкмячаў і не лез у крадзёж: краў не адзін чалавек, і каб здагадаліся, што высачыў, жывога не пусцілі б.

І тады Ігнат з глухім болем успомніў, што каб гэта некалі, калі былі яны, Чыгуны, у самай сіле, ніхто не адважыўся б падняць руку. А цяпер ад былое славы засталася ў Ігната толькі мянушка Чыгун і так сабе гаспадарка, каб жыць паціху.

Пайшоў іхні род ад дзеда Данілы, чалавека прышлага, смаглага з твару, шыракаплечага, танклявага ў поясе, гарбаносага, з гарачымі, чуць на выкаце, карычневымі вачыма. Ён застаўся на работу на смалакурні, скора стаў праваю рукою гаспадара, збіраў грошы, а потым ажаніўся з маладою ўдавою Махорціхай, якой адышла ўся мужава зямля. Гаварылі, што Даніла быццам сябраваў з Мохартам і быццам апошні раз бачылі іх разам на паляванні... Мохарт прапаў, Данілу дапытвалі, але не арыштавалі, а праз год ён сышоўся з Ганнаю, выгадаваў двух хлопцаў, Апанаса і Хведара, рослых і здаровых, як і бацька.

Пасля раздзелу Даніла застаўся жыць пры старэйшым, пры Апанасе. Пад старасць нахабства і прагнасці ў яго не стала менш. Выводзіў ноччу коней на суседскую канюшыну, хадзіў красці снапы з чужых мэндлікаў. Яго і лавілі, але чапаць баяліся: памяталі людзі, як ён краў з сынамі і збываў цыганам коней, выпускаў з засекаў у свірне праз дзірку ў падлозе ўсю пашню, выносіў з каморак кублы з салам, і клёпкі ад іх знаходзілі на полі толькі вясною, калі сыходзіў снег. Калі хто адважваўся пайсці насупраць Чыгуноў, лавілі вечарам ці ноччу і білі чуць не да смерці. Страх доўга яшчэ жыў сярод людзей.

Зайздрасці канца няма. Састарэлы Даніла здзяцінеў, тупаў па завуголлю нібы здань, удзень і ўночы, усё, што трапляла пад руку, валок дадому. Аднойчы ўпотайкі ад сына запрог каня і паехаў нанач на Баслаўскі палетак, дзе ля самага ляска стаялі мэндлікі: зручна з кустоў было цягаць снапы да воза. Назаўтра яго і знайшлі там, павешанага на аглоблі, якую падвязалі за аглабліну ўгору, каб далёка было відаць. Віноўнага так і не знайшлі.

З таго і пайшло на скон Чыгуноўскае кодла, быццам хто смыкнуў за хвост клубочка. Хведар зацяўся на Апанаса, быццам гэта ён павесіў бацьку, бо высачыў, дзе той хаваў золата, забраў сабе і Хведараву долю. Кончылася тым, што браты аднойчы шчапіліся біцца каламі. Здароўшы Апанас скрывавіў брата, таго ледзь жывога адабралі. Хведар не дараваў, падпаліў Апанаса. Хведара засудзілі, жонка і дочкі не маглі саўладаць з гаспадаркаю, пакрысе распрадалі зямлю. Старая памерла, дзяўчаты пайшлі па свеце.

Апанас спрабаваў не паддацца, пачаў адбудоўвацца, але не выцягнуў, падарваўся, зачах.

Ігнат і памятае бацьку бледнага, сагнутага, яго расказ пра былую моц, пра тое, што за вёскай ён паставіць на ўзгорку млын і запануе над усім наваколлем. Пасля доўгае гаворкі бацька кашляў з крывёю, твар у яго станавіўся аж жоўты. Перад смерцю і ён мусіў прадаваць зямлю.

Ігнату засталася занядбаная гаспадарка, крыху зямлі, не меней, чым у іншых, але пра тое, каб запанаваць над наваколлем, не было чаго і думаць, а з калгасамі і зусім недасяжнаю стала бацькава задума, толькі часам у душы варушылася глыбока затоеная крыўда і нейкае помслівае спадзяванне, што прыйдзе яшчэ час, яшчэ ўсе ўведаюць пра Чыгуноў...

...Ігнат не надта радаваўся, што стаіць яго хата пры дарозе. І не да млына было, бо і той узгорак раскапалі, калі насыпалі вузкакалейку. Цяпер лепей бы было далей ад дарогі, ад людскіх вачэй — і жыць ціха, каб і не чуваць было пра цябе, бо пачалася вайна.

А да яго першага зайшлі чырвонаармейцы. Адзін маленькі, худы, з доўгаю тонкаю шыяй, басанож, з парэзанымі да крыві нагамі. Другі — большага росту, у новым, але парваным і выквацаным адзенні. Салдаты прасілі цывільнай вопраткі, на пытанні адказвалі, што нашы не адступаюць, што гэта перадыслакацыя, хоць і самі не ведалі, дзе тыя нашы, не ведалі, куды ісці, не выпускалі з рук зброю, быццам толькі яна магла ўратаваць іх. Мар’я накарміла, дала ежы на дарогу, аддала і старую Ігнатаву вопратку. Але ці мала што могуць пасля сказаць людзі, хоць вопратка салдацкая моцная, добра будзе насіцца, не адзін год. Заходзілі да яго яшчэ салдаты, ён пераапранаў іх, карміў, пасмялеў: бачыў, што і да людзей таксама заходзяць, не толькі да яго.

А начамі не мог спаць, усё здавалася, што нешта здарыцца нядобрае. Неспакой хіба быў ад таго, што трывожна і цяжка гудзела недалёкая брукаванка, ад выбухаў далёка ўздрыгвала зямля. А то з цемені раптам вырываліся і нізка над вёскаю ішлі самалёты. Вось возьмуць і пусцяць па саламяных стрэхах чаргу — і пойдзе ўсё полымем і дымам. Гэтае страшнае, немагчымае раней, да вайны, было цяпер проста, цяпер усё было можна...

Ночы ж стаялі цёплыя, ласкавыя, напоўненыя пахам роснае травы, жытнёвых палеткаў, на якія насоўвалася вайна, і каласы, быццам галовы, цяжка падалі долу. І не верылася, што і раней не было ўночы нязвыклых, страшных гукаў, быццам тыя ціхія ночы былі даўным-даўно. А цяпер ночы жылі сваім трывожным жыццём. Жудасна пакалыхвалася над Слуцкам светлае неба, часінаю выблісквала і полымя — горад гарэў.

Ігнат з запечку прынёс торбачку з накрышаным сасуюць неба маланкі, калі не абыходзіцца без пажару. Ён ведаў, што не спала ў хаце і Мар’я, шкадаваў, што награзіў на яе, калі збіралася ісці на двор разам з ім. Было б з кім перакінуцца словам. Але і без яе «госпадзі, што з намі будзе?» было на душы, як перад канцом свету.

Ён спыніўся, закруціў з самасаду цыгарку, прыкурыў і так і ўслупянеў з непатушанаю запалкаю ў руцэ — за хлявамі, за ліпамі на ўзгорку трапятаў зыркі агеньчык. Там, дзе калгасная кантора. «Няўжо гарыць?» — не паверыў сам сабе Ігнат. Яшчэ надвячоркам яны з мужчынамі гаварылі пра калгас, і ніхто не адважыўся сказаць, што трэба дзяліць дабро, пакуль немец не забраў усё агулам, а пра гэта думаў амаль кожны. Цяпер вось гарэла кантора.

Ігнат не адразу адчуў, як прыпякла пальцы запалка. І толькі тады памкнуўся на вуліцу падымаць крыкам людзей, але за веснічкамі спыніўся, уражаны глухою цішынёю. Агонь увайшоў у сілу, ад яго пасвятлела ноч над вёскаю, затрапяталі на вокнах водсветы, але на вёсцы было ціха, быццам ніхто і не бачыў пажару.

Ігнат вярнуўся на двор і, прыгнуўшыся, разоркаю між бульбоўніку пашыбаваў да канторы. І каб хто папытаўся ў яго, што яму там трэба, ён нічога не сказаў бы, бо і сам не ведаў.

Пакуль дабег, полымя вырвалася з-пад страхі, шугала праз вокны, шырокімі вольнымі языкамі абмывала сухое смаловае бярвенне. Пажар пачаўся з сярэдзіны.

Кантора была ў Змітрычкавай хаце. Змітрычка пры калектывізацыі раскулачылі, выслалі, пашкадавалі толькі яго старую незамужнюю сястру, якая пражыла пры брату служанкаю. Пакінулі ў пакойчыку, даручылі прыбіраць кантору.

Ігнат аж скалануўся ад слабага крыку: «Ратуйце!» Нібы клікалі побач, з-пад зямлі. Ён нават адступіўся з таго месца, дзе стаяў; толькі тады жахнуўся, што гарыць жывы чалавек, бездапаможна азірнуўся наўкруга і заўважыў, што яго добра відаць у святле ад пажару, скажуць, што падпаліў. Непадалёку ў вішняку зашумела галлё. Ігнат зусім блізка ўбачыў, як холадна ўспыхнулі два чырвоныя агеньчыкі. У яго аж падагнуліся ногі: «А божа, што за насланнё сёння!» Халодныя мурашкі пабеглі па плячах, быццам за каўнер высыпалі жменю жалезных апілак. Ігнат прысеў, бы яго стукнулі зверху па галаве, не прыслухоўваўся да крыку. І было ўжо не да пажару, ламануў прэч, блытаўся нагамі ў бульбоўніку; толькі на двары аддыхаўся, прытуліўшыся плячыма да дзвярэй хлява, апамятаўся, стала мулка ад таго, што так перапалохаў. І толькі тады адчуў, што смыліць далонь,— у кулаку так і трымаў расціснутую цыгарку.

Плюнуў ад злосці, сыпануў на зямлю тытунь — бегаў туды-сюды, як заяц, каб хто паглядзеў збоку. Паволі пайшоў да веснічак, выглянуў на вуліцу: нікагусенькі, толькі нехта варушыўся на двары ў суседа, таксама ля варотцаў. Ігнат пазнаў Стахвана і паклікаў:

— Стахван!

Той пастаяў цішком, быццам думаў, ці аказвацца, потым рыпнулі завесы.

— Не спіш і ты, суседзе? — запытаўся ён, не даходзячы.

— Заснеш у такую ноч!

Ігнат моўчкі працягнуў суседу капшук з тытунём, нават у начным прыцемку бачыў, як дрыжаць у таго рукі, пакуль загортваў цыгарку.

— Бач, Ігнат, што пачалося, кадук на яго?

— Не дай бог, прападзём.

— Але ж, але... што ты казаў?

— Што ніхто і тушыць не рухнуў, усе баяцца.

— Наводшыбе стаіць, нічыё не зоймецца. Каб чалавечая хата, а то кантора, кадук на яго. Усё, па калгасу.

— А як жа будзе?

Стахван памаўчаў, быццам думаў, што сказаць:

— А так яно, суседзе, і будзе. Немец чалавек гаспадарлівы, парадак любіць, гаспадара талковага, каб ад яго карысць была...

— Чорта немец калгасы пакіне.

— Жылі некалі людзі... А цяпер ніякага і дакуманту не засталося, кадук на яго!

Стахван супакоіўся, і вугельчык цыгаркі не трымцеў у руцэ.

— Абы было ў самога здароўе ды зямля, на якой можна рабіць, чалавек ніколі з голаду не памрэ, а ў каго на плячах галава, а не качан капусты, то той яшчэ як жыць будзе.

— Але ж ніхто не адважыцца дзяліць калгас. Невядома яшчэ, што надалей будзе? — усумніўся Ігнат. Такія думкі не прыходзілі яму ў голаў.

Стахван нічога не адказаў, быццам не пачуў, пра што гаварыў Ігнат, толькі ўсміхаўся сам сабе, ці гэта здавалася Ігнату ў начной цемені пры нядоўгім чырвоным святле ад цыгаркі, калі Стахван зацягваўся.

— Жыць застанецца той, хто збоку будзе, запануе. А цяпер можна ні ў кога не пытаючыся ўзяць, што табе трэба: і каня, і гавяду. Немцу і таму не засталося ніякіх папер. Цяпер толькі і часіна, пакуль ніякае ўлады.

Стахван гаварыў спакойна, быццам пра нешта даўно вырашанае, пра што загадзя не раз думаў, нібыта чакаў ён такога часу і цяпер радуецца. І гэта ж ён падпаліў кантору, ён бег з агародаў! Нечаканая гэта здагадка ўразіла і спалохала Ігната. Але потым варухнулася ў грудзях злосць: як у калгасе, то Стахван хадзіў брыгадзірам, а цяпер бач як пакіраваў. Ігнат згарача і не падумаў, што лепш яму памаўчаць, сказаў:

— Як гэта ты на такое адважыўся? Брыгадзірам быў, а цяпер падпаліў усё. Чалавек жа там згарэў.

— Ты што? Пра што ты? Рэхнуўся, чалавеча? Што ты вярзеш?

Стахван разгублена адступіўся, быццам аглушаны, потым падаўся да Ігната:

— Удаць мяне хочаш? Сам жа туды бегаў, сам і падпаліў. Вам, Чыгунам, не новасць гэта рабіць! Бач, надумаўся!..

У голасе Стахвана не было разгубленасці, і гаварыў ён так спакойна, што ў Ігната пахаладзела пад сэрцам: «Спаліць і мяне, калі што якое!»

— І пажартаваць нельга...— нібы здалёку пачуў Ігнат чужы, не свой голас.

— Ты штукуй ды меру ведай, кадук на цябе. Нам жыць у суседстве трэба, адзін да аднаго не ў крыўдзе. Калі хто знарок падпальваў, то трэба было хоць старую як вывесці. Каменная душа ў некага, кадук на яго, а ты на мяне!

Стахван крыху супакоіўся, дакурваў цыгарку, пакуль недакурак не прыпёк губы. Тады плюнуў яго на зямлю, развітаўся:

— Дабранач, суседзе!

Ігнат яшчэ стаяў, глядзеў, як ішоў ён цераз вуліцу, высокі, худы, быццам угледзеў нейкага другога чалавека. Успомнілася, што і жыў ён не бядней за Змітрычка, а яго ніхто не раскулачваў, сам ён дапамагаў калгас арганізоўваць, брыгадзірам стаў. Змітрычак мо дзе і косці ў зямлі спарыў, а ён тут пануе, жыве багацей за ўсіх, толькі што на людзях не лішне казырыцца дабром сваім. А цяпер волю пачуў. Вось табе і «кадук на яго», так увесь век мудруе, што і не дагадаешся, сваё задумаў — і гне, не адступаецца. А ён, Ігнат, на нешта спадзяецца, быццам з неба яму скінуць і багацце, і сам святы дух млын паставіць. Цяпер Ігнат чуўся, як хлапчук, яго высарамацілі, і недзе ў душы варухнулася слабае адчуванне зайздрасці Стахвану і непрыязні.

Ігнат сеў на парозе ў сенцы, скруціў цыгарку, курыў спакойна, не спяшаўся. Думкі неяк самі пакіравалі ў другі бок, хоць і не было яшчэ на сэрцы спакою пасля пажару, але і вайна быццам прайшла недзе збоку, і ўсе яе жахі, і нічога страшнага не здарылася, а што будзе — невядома. Успомніў, як крычала старая, крактануў ад прыкрасці — не хапала яшчэ мучыць з-за яе сваю душу.

У хаце спакойна сказаў Мар’і, што невядома ад чаго згарэла кантора, і прамаўчаў пра старую.

Заснуў нечакана скора і моцна, упершыню за ўсе ночы, як пачалася вайна.

* * *

Зімою Ігнат на людзі не паказваўся, даглядаў гаспадарку, карміў і свіней, і карову, і авечак, паіў рыжага таўсматага бычка. Ігнат ведаў, што на лета, калі прыйдзе пара падводзіць кароў, у яго адзін бычок ва ўсім наваколлі. Плаціць будуць не калгасу, а яму, Ігнату, а плату сам ён выбера, якую захоча. Бычка карміць трэба, а есць ён нямала...

На аднаго работы многа, і трэба ўсё рабіць не абыяк, а па-гаспадарску. Калі была паблізу Мар’я, ён бурчаў, што гэта работа выцягне з яго ўсе жылы. Ён прытвараўся, што работа не па душы яму, і жонка разумела гэта, маўчала. Хоць і праўда ён за зіму пахудзеў, быццам пабольшалі блакітныя на выкаце вочы, і хадзіць перастаў уперавалачку, а ўсё трушком, як бы подбегам, быццам баіцца, што яго апярэдзяць... Акрамя ўсяго, узяўся сталярнічаць. Стругаў аглабіны, клёпкі на цабры і бочкі...

Жонка, якая спачатку бубніла, што не трэба ўсё гэта дабро, што толькі бяды набярэшся ад яго, што задушышся работаю, цяпер маўчала, не хацела злаваць Ігната, ды, можа, і сама раздумалася. Немцы калі і не занялі Маскву, то дзе тая Масква, тут свой парадак.

Вечарам выходзіў Ігнат на двор пакурыць. Уставаў ён першы, клаўся апошні, як і належыць гаспадару, як і рабіў некалі яго бацька. Перш чым закурыць, ішоў паўз хлявы, мацаў, ці замкнёны замкі, хоць сам надвячоркам вешаў іх на дзверы. Канчаў агляд у веснічках ад вуліцы, удыхаў вясновае марознае паветра, якое не студзіць да болю ў грудзях, а цячэ ў нутро халаднаватае, настоенае на водары прыадталага ўдзень снегу, які цёмна ўледзянеў на сцяжынках. У такія вечары хочацца думаць пра жыццё, радавацца, што ёсць ты, чалавек, на зямлі, і ў цябе наперадзе доўгія гады радасці гэтаму жыццю, у якім ты сам сабе гаспадар, табе могуць зайздросціць і цяпер, а потым будуць яшчэ больш зайздросціць, калі сам станеш распараджацца радасцю і адпускаць яе людзям. Ён не ведаў яшчэ, як будзе выдзяляць іншым радасць, усё гэта наперадзе, але пра тое канкрэтнае, што дасць яму сілу, уладу, павагу ад людзей, ён ведаў — гэта багацце, а яно з першага года пайшло яму ў рукі, і ён не выпусціць сваю ўдачу.

Ігнат прыглядаўся да Стахвана і стараўся рабіць так, як і той: не надта паказваўся на людзі, не высоўваўся наперад, нават бараду адгадаваў, і не лез людзям у вочы са сваім багаццем. У Стахвана больш усяго, і то ён цішэй вады ніжэй травы, хоць з калгаса ўзяў і двое коней, і дзве каровы, ды і будынкі не раўня Ігнатавым. Выбудаваўся яшчэ пры калгасе. Хлеў, як гумно, быццам ведаў, што аднаасобна будзе жыць.

Вясна радавала Ігната прадчуваннем упрэлае зямлі, якую ён узарэ, не нейкія там соткі, а гектары, пасее і нажне жыта, навозіць снапоў! Толькі шкода, што няма гумна, давядзецца сена ў стог скідаць. Лепш бы замкнуць, схаваць усё. На ўсё свой час! Вайна ж пакуль што на свеце.

Ігнат прыпыняўся яшчэ ля парога, вобмацкам заходзіў у хату, распранаўся. Жонка ціха стагнала спрасонку — балелі ад работы рукі.

Пагрукалі ў акно ціха, потым яшчэ раз, мацней і настойлівей. Ігнат устаў, прыслухаўся, уссунуў басанож гумы, але не ішоў, стаяў ля прыпечка, пакуль у акно так пагрукаталі, што забрынчалі шыбы. Трэба было ісці адчыняць, пакуль не пабілі шкло. Адшчапіў хатнія дзверы, выйшаў у сенцы. На двары пачулі, што ён выйшаў.

— Адчыні! — запатрабавалі настойліва і стукнулі ботам у дзверы.

Ігнат чуў, што і паліцыя па начах абірае людзей, быццам партызан шукае, выпорвае ўсё дабро і забірае. Зледзянелаю ад страху рукою ён не адчуваў холаду крука, за які была закладзена завала, і калі зноў стукнулі ботам у дзверы, узяў яе ў рукі, быццам дубінку.

Цераз парог пераступілі тры чалавекі, зачынілі за сабою дзверы, і толькі тады адзін з іх пстрыкнуў запальнічкаю, і яна засвяціла бледным чырвоным агеньчыкам.

Усе ўтрох пры зброі, маладыя. З бездапаможнаю злосцю мільганула думка — малакасосы, смаркачы! Але страх не адпусціў.

— Пастаў, дзядзька, завалу! — загадаў адзін з прышлых. Голас быў мужчынскі, густы.

— Цябе Чыгун завуць?

— Але, я. Я...

— Поп як хрысціў?

— Ігнатам.

— Вядзі ў хату, Ігнат.

Ігнат пайшоў спераду, халадзеючы ад думкі, што яны аднекуль ведаюць пра яго і прыйшлі знарок. Каб толькі дзяцей не пабудзіць, не палохаць.

— Завесь, дзядзька, вокны,— зноў загадаў мужчынскі голас, Ігнат зашлёпаў гумамі, зайшоў за занавеску, пачуў, як Мар’я слаба шапнула: «Што ж будзе! » — цыкнуў — нішкні, ляжы каменем, забраў посцілкі, завесіў вокны.

Зноў чыркнула запальнічка, адзін з мужчын сам запаліў газнічку на камінку, якую раніцаю Мар’я ставіла на прыпечак, пакуль падпальвала ў печы.

— Курыва маеш, гаспадар?

Ігнат з запечку прынёс торбачку з накрышаным самасадам:

— Бярэце, хлопцы, я многа насадзіў!

— Забяром,— спакойна запэўніў яго старшы, у афіцэрскай круглай фуражцы з доўгім казырком. Ад яго роўнага голасу Ігнат ссутуліўся.

— Ідзі, барада, штаны хоць нацягні, а то матляеш тут перад намі...

Хлопцы засмяяліся, а Ігнат за занавескаю доўга мацаў па білу, пакуль здагадаўся, што штаны ўпалі на зямлю, ніяк не мог патрапіць у калашыну, і раптам здагадаўся, што страляць яго не будуць, калі загадалі адзявацца.

— Сядай, барада, паталкуем.

Старшы прыжмурана глядзеў на Ігната з-пад абшарпанага казырка, паволі, густа пускаў праз нос дым. Быццам адпачываў і не надта хацелася гаварыць з Ігнатам.

— Самагонкі нагнаў? Паліцаяў поіш?

— Таварыш начальнік, я іх...— Ігнат падхапіўся.

— Сядзі, барада. Пан начальнік не навучыўся яшчэ гаварыць? Даўно яны тут былі?

— Даўно... Чорт іх ведае, я з імі ніякага кантрагенту не вяду, я...

Ігнат азірнуўся на спадарожнікаў старэйшага, але ім быццам не было і справы да гаворкі, якую вядзе начальнік. Адзін сядзеў, заплюшчыўшы вочы, быццам драмаў, другі падцягваў папругу вінтоўкі. Зноў стала страшна ад іх упэўненасці і спакою, сілы, якую яны адчувалі за сабою. «Вось выведуць, застрэляць — і ніхто ім не перашкодзіць! Застрэляць жа такі!»

— Ты, барада, ні іх, ні нас не хочаш ведаць. Пра іх як хочаш, а пра нас не забывай. Мы пра цябе помнім. А сёння нам калгаснага бычка аддасі.

— Таварыш начальнік...

— З хлява выведзеш сам. Цераз вуліцу ад цябе Андрэйшын жыве?

— Андрэйшын, Андрэйшын...

Мужчына больш не слухаў, устаў, кіўнуў, каб Ігнат ішоў паперадзе. Ігнат ішоў не сваімі нагамі. Сэрца адарвалася і мёртва ляжала ў грудзях. «Раскопваюць. Усё ведаюць! Добра, што я не лез першы і не хватаў лішне».

Адамкнуў дзверы, увайшоў у хлеў. Вароты нават не рыпнулі, зняў кавалак вяроўкі з шулкі, вобмацкам, ступаючы па гнаі паўз сцяну, дзе сушэй, падышоў да бычка, завязаў вяроўку на шыі. Жывёліна паслухмяна торкалася пысаю ў руку. Ігнат пагладзіў па сытай спіне бычка. Паднялася ў грудзях злосць і крыўда, і адразу ж прапала, як толькі пачуў цвёрдыя крокі ля варот у хлеў.

— Ідзі, ідзі, быська,— пацягнуў ён за вяроўку.

На двары адзін з мужчын узяў з Ігнатавых рук повад, а старшы ціха загадаў:

— Ідзі, дзядзька, у хату. І не зарывайся лішне.

— Таварыш начальнік...

— Помні, барада, што я табе сказаў. А то ў нас будзе пра што з табою пагаварыць,— яшчэ раз папярэдзіў ён Ігната, і ад гэтага папярэджання ў Ігната зноў адарвалася, упала сэрца: «Ведаюць, усё ведаюць! Нехта даказаў!»

Ігнат яшчэ пастаяў на двары, чуў, як цішэлі крокі мужчын, як недалёка пырхануў конь, потым стукнулі веснічкі на двор да Стахвана. Ігнат аж сцяўся ад гэтага стуку, ускочыў у сенцы, шахнуў засаўкай, заклаў за крукі завалу, толькі тады адчуў, што ўвесь мокры ад халоднага поту, быццам з вады вылез ці цэлы дзень хадзіў за плугам. Яшчэ стаяў, чакаў стрэлаў на двары ў Стахвана, але было ціха.

— А што яны з табою зрабілі! — запрычытала насустрач Мар’я, як толькі пераступіў парог у хату.

— Ціха, не енчы! Бычка забралі, каб ён ім бокам выйшаў!

Жонка з палёгкаю ўздыхнула.

— Чаго ты радуешся? Так і ўсё з хаты павыносяць, не толькі з хлява павыводзяць! — напусціўся ён на жонку. Страх прайшоў.— Каб яно калом вам у горле стала, тое мяса!

— А я табе казала, не чапай калгаснага, не хлыніся за дабром! Думаеш, людзі дурныя, не бачаць, што Андрэйшын, Завадскі і ты больш за ўсіх нахваталі? Думаеш, маўчаць будуць? Дадуць вам спакойна панаваць на чужым горы? Хай толькі чырвоныя вернуцца....

— Маўчы! Я калгас не дзяліў, я ўзяў, што мне далі!

— Не шукай дурнейшага за сябе! Думаеш нахватацца навек? Задушыш мяне і сам задушышся за работаю! А не і голаў адкруцяць!

— Не каркай! І без цябе моташна. Укладзіся і ляжы каменем.

— Тут і нежывы не ўлежыць.

Жонка заціхла. Прыслухаўся і Ігнат.

Ноч стаяла цёмная, ціхая. Ні агеньчыка, ні гуку. Доўга прыслухоўваўся Ігнат, але нішто не парушала цішыню, толькі ў брусе быў чуваць шашаль — патрэскваў, патрэскваў. Праз акно ў халаднаватай вышыні ярка стылі зоркі.

Прыдрамаў Ігнат адну часінку, дасвеццем быў на нагах, пахадзіў па двары, выглянуў на вуліцу. І следу не засталося ад тых людзей, што былі тут ноччу, толькі пустая пярэгарадка ў хляве, камячок гною, што адваліўся ад капыціка бычка ля веснічак, ды яшчэ неспакой, страх і няўпэўненасць на будучае, быццам была пахіснулася пад нагамі зямля. Цяпер гадай, калі яна зноў пахіснецца, каб не ўпасці, утрымацца.

Над Стахванаваю хатаю, як і звычайна, віўся дымок. Ігнат супакоіўся — абышлося.

Ігнат узяў вёдры і пайшоў па ваду. Амаль роўна са зрубам намёрзла лёду, але адсякаць не збіраліся, пакідалі веснавому сонцу. Аглянуўся Ігнат толькі тады, калі бразнулі восілкі пастаўленых на зямлю вёдзер.

— Добрай раніцы,— прывітаўся Стахван.— Ён нібы паменшаў за ноч, сагнуўся, асунуўся.— Ты ж мо чуў, кадук на яго, што ночы рабілася?

— Чуць нічога не было...— Ігнат не ведаў, казаць праўду, ці маўчаць.

— Нічога, кадук на яго! А чаго яны ад цябе да мяне пайшлі?

Стахван спадылба зыркнуў на Ігната. Прытварацца не было чаго.

— Падказаў ім нехта на нас. У мяне бычка забралі.

— Забралі?

— І што я Чыгун — ведалі, і што ты цераз вуліцу ад мяне жывеш, і што калгас ты дзяліў.

— А ты што пра мяне казаў?

— Нічога не казаў. Яны і не пыталіся. Самі ўсё ведалі.

— Кадук на іх!..

Стахван патаптаўся на месцы, азірнуўся навокал, намякнуўся пайсці да хаты.

— А вады чаго не браў?

— І то ж, кадук на яго...

Ён узяў з Ігнатавых рук гладкае, выцертае рукамі пругло, на якім цяжка пагойдвалася акаванае замшэлае вядро. Усё мыляў губамі, быццам хацеў нешта сказаць і не адважваўся.

— А ў цябе, Стахван, нічога не ўзялі?

— Адкуль я ведаю... Што ты гаворыш?

— Пытаюся, у цябе нічога не ўзялі?

— Не, нічога. Павячэралі толькі, кадук на іх. Антося Маніхватава хацелі застрэліць. Стараста, кажуць, і ўсё. Ледзьве Волька вымаліла, што ад старасці скора і сам па сабе рассыплецца... Стараста — і ўсё...

Стахван мо з тыдзень не паказваўся на вуліцы. Ігнату таксама мулка спалася, ні з таго ні з сяго прачынаўся сярод ночы, прыслухоўваўся — здавалася, зноў стукаюць у акно. Маўчаў, нікому не гаварыў пра бычка, пра Стахвана, і людзі гаварылі толькі пра старасту.

А потым прыйшла пара вазіць гной, засяваць надзелы. Пакуль ухадзіліся з работаю, страх забыўся, і здавалася, што даўным-даўно былі партызаны. Ігнат толькі кляў іх зрэдку за бычка, пакрысе вярнулася ўпэўненасць. Даходзілі чуткі, што партызаны спусцілі з рэек цягнік, зрабілі засаду, але гэта было далёка, там, дзе за палявою Случчынаю пачынаўся лес. Перад касьбою, калі сама абрабілася і было крыху вольнага часу, нечакана знік з вёскі Стахван. Тэкля гаварыла, што паехаў мяняць сала на соль, але ніхто не паверыў, што не было ў Стахвана ў запасе солі, ды ішоў час, а ён не вяртаўся.

Ігнат-то не вельмі паверыў, думаў, што знарок Стахван пусціў такую пагалоску, а сам прытаіўся дома, але колькі ні цікаваў, нічога падазронага не заўважыў. І Ігнат зразумеў, што Стахван сышоў з дому, што баяўся, каб не зайшлі да яго ноччу другі раз. І недзе там, дзе яго не ведаюць, не сядзіць ціха, дабывае дабро.

Надвячоркам Ігнат узяў сякеру і пайшоў на аселіцу — паправіць загарад. Карова, мабыць, чухаючыся, зламала кол, калючы дрот абвіс, і нядоўга было жывёле ўлезці, стаптаць грады. Новы кол ён высек у алешніку, завастрыў і пачаў прабіваць дзірку ў дзёрне: з размаху ўганяў кол у зямлю, раскіўваў, потым зноў заганяў у гэтае ж самае месца. Потым убіваў сякераю. Біў з-за пляча, па-малатабойску; кол мякка, напорыста ішоў у поплаў, пакуль суха не трэснуў і не раскалоўся зверху.

— Памагай бог! — пачуў Ігнат за плячыма і аж сцепануўся ад нечаканасці.

— Цьфу ты! Перапужаў толькі.

— Нейкі ты вельмі пужлівы стаў.

Тодар, які да вайны сядзеў рахункаводам у калгасе і якога апошнім часам нідзе не было відаць, нядобра ўсміхаўся сінімі бяскроўнымі вуснамі, гледзячы на Ігната праз круглыя акуляры. Быў ён па даўняй сваёй звычцы без шапкі; бледны, высокі яго лоб бялеўся ў прыцемках. Дубчык, які Тодар трымаў у руках, няспешна пагладжваў траву ля старых, сшытых белымі суравымі ніткамі галошаў.

Бацька яго яшчэ за царом трымаў карчму, сына адправіў вучыцца ў Мінск, і Тодар там, гаварылі, меў сваю лаўку, гандляваў, чым і як — ніхто толкам не ведаў. Пасля рэвалюцыі, пасля палякаў Тодар вярнуўся дадому, да бацькі, які не вёў ніякага гандлю; лаўка згарэла, калі адступалі палякі. Людзі пагаворвалі, што стары знарок спаліў будыніну і што там нічога не было. Тым не менш, старога ніхто не чапаў, лічыўся бедным.

Тодар з’явіўся нечакана, у абшарпаным чырвонаармейскім адзенні, худы, з абстрыжанаю галавою. Гаварыў, што ваяваў у Будзённага і ледзь не памёр ад тыфу. Дакументаў у яго ніякіх не было, ды ніхто і не пытаўся іх. Застаўся жыць пры бацьку, потым нібы дапамагаў арганізоўваць калгас; як чалавек вучоны, былы чырвонаармеец, стаў рахункаводам у калгасе. Ажаніўся ён пасля смерці бацькі з дачкою местачковага шорніка Федзькі, добрага майстра і п’яніцы. На работу жонка не хадзіла ў калгас, даглядала гаспадарку, нават сама калола дровы. Тодара баялася, як агню,— біў ён яе чым папала і па чым папала часта, невядома за што. Тодар меў знаёмых у сельсавеце, у раёне, нікога з вяскоўцаў і не крыўдзіў быццам, але ў вёсцы яго недалюблівалі.

«Прынеслі яго сюды пранцы!» —злосна падумаў Ігнат. Тодар усё глядзеў на яго, усміхаўся.

— А ты што тут робіш? — не вытрымаў, запытаўся Ігнат.

— Мне што рабіць? Мая работа кончылася з калгасам. Гэта ў некаторых яна сама пачалася. А я гаспадаркі не маю, сабе не нацягаў калгаснага дабра...

— Хіба не даваў хто?

— За больш увішнымі не ўспеў. Яны цяпер мо і не рады, назад аддалі б.

Дубчык жорстка сцебануў па зямлі.

— Ты пра каго гэта, Тодар?

— Ды от ні пра кога... Пра суседа свайго нічога не чуў?

— Я суседа не пільную.

— Мо і гэтак яно.

Тодар зноў усміхнуўся і хвасянуў дубчыкам па траве:

— Табе, Ігнат, і на руку, што сядзіба побач запустуе. Тэкля адна з работаю не ўправіцца, зямлю не ўробіць. Забярэш. За гэта можна было і падказаць, хто калгаснае дабро дзяліў, калгас распускаў.

Ігнат на крок адступіўся, паважыў у руцэ сякеру, быццам прымерваўся ўдарыць ёю, зазлаваў:

— Ты што гэта? Сам рахункавод, сам і даў Стахвану спісы. Цяпер хочаш хвастом накрыцца?

Тодар ухмыльнуўся, павярнуўся ісці сваёю дарогаю — і ў вечаровым нізкім сонцы халоднымі чырвонымі агеньчыкамі ўспыхнулі шкельцы акуляраў.

Ігнат аж выпусціў з рук сякеру. Тодар гэтага не заўважыў, не аглянуўся, спакойна ішоў разоркаю. У грудзях у Ігната нешта трымцела, як і тады, ад крыку старое, якая гарэла жыўцом.

* * *

Лета прайшло спакойна. Стахван так і не вярнуўся. Тэкля сама парадкавалася, касіла. Аднаго каня мусіла прадаць Ігнату, а на больш гаспадарку не зменшыла, ды і не варта было, пакрысе прыбрала з поля ўсю збажыну, на зіму корму будзе.

Не аказваліся больш у вёску і партызаны.

Спакойна, мірна ішла ў прыродзе восень, асыпалася лісцем на вузкія каляіны парослых травою дарог, засцілала жаўталістам лужы ў лесе. Калі-нікалі абкладвала неба, па тры-чатыры дні шумеў спорны дробны дождж, прыліпала да падэшваў лісце, пахла прывялаю мокраю травою.

У такія дні Ігнат часцей пазіраў на два стажкі сена, на складзены пад страхою паўз сцены хлява бульбоўнік. Шкода было, што многа прападзе і сена, і бульбоўніку. Трэба было гумно. Сасоннікаў-круглякоў навазіў з Лошы, з ваеннага гарадка. Ды і ток прасторны трэба быў на малацьбу. Думкі пра гумно кружылі ў галаве, як некалі ў бацькі пра млын. Цяпер ёсць за што людзей наняць, лес ёсць... Сама будавацца, пакуль лесу ніхто не пільнуе... А надалей можна будзе і пра млын падумаць, там прыбытак верны, гэта не ад бычка. Хай троха астоіцца ўсё на свеце, супакоіцца.

Ігнату было чаго радавацца. Цяпер, калі пайшоў Стахван, у вёсцы ніхто больш за яго не мае дабра, напомніць ён людзям, хто такі Чыгун.

Запаў Ігнату ў вочы і не даваў спакою дубняк за Бранавіцкімі, у невялічкім ляску сярод поля за кіламетраў шэсць ад вёскі. Дубкі яшчэ не старыя, танкаватыя, але ёсць некалькі высокіх, сама раз на сохі, і на шулы можна назбіраць. Па тоўсты дуб трэба ў вялікі лес ехаць, за Вераб’ёва, наймаць людзей, а хто захоча такім ліхім часам ехаць туды, дзе немцы паляць вёскі разам з людзьмі? За Бранавіцкімі ён і адзін управіцца пассякаць, усцягне на воз канём.

Цяпер, пакуль не ўзяліся выбіраць бульбу, сама час паехаць у лес. Думка гэтая так засела ў галаве, што пад вечар Ігнат інакш і не мысліў, быць таго не магло, каб не паехаць заўтра па дуб.

Надвячоркам падмазаў калёсы, паклаў у перадок бярэмя канюшыны, трэцяга ўкосу, дробненькае і зялёнае. Зайшоў у падпаветку, узяў пілу, паспрабаваў на палец, ці вострыя зубы, раздумаўся: аднаму няма чаго рабіць пілою, дастаў з-пад варштата сякеру — кавальскае работы, на доўгія з бярозы-чачоціны тапарышчы, якое знарок рабілася на работу ў лесе. Можна замахнуцца, ударыць. Там жа, пад варштатам, у дробных габлюшках абмацаў кавалак тачыла.

Тачыла і сякеру пакінуў на парозе, пазамыкаў хлявы, паслухаў, як за сцяною карова роўна жавала жвайку, зачыніў варотцы ў агародчык і толькі тады зайшоў у хату, насварыўся на Мар’ю, якая ў мыцельніку перастаўляла посуд:

— Зноў варотцы ў агародчык расхлябестаны. Рукі лянуешся за сабою завярнуць!

— А чорцяга ўспее за такою плоймаю ўсё ўпільнаваць! За дзень ні рук ні ног не чую. Мо дзеці лазілі.

— Прывыкла на дзяцей спіхаць. Можа, хочаш, каб я яшчэ і за дзецьмі даглядаў, а не ты? Лямпу запалі.

Дзяцей-то ён не бачыў і не глядзеў за імі і раней, і цяпер. Але Мар’я не аскірзнулася, узяла з каміна запалкі. Кнот не ўкруціла ўсярэдзіну, і лямпа свяціла бледна, як газоўка.

— Будзеш вячэраць, Ігнат?

— А Зіна з Аняю дзе?

— Пападалі спаць. Набегаліся за дзень.

— Не буду вячэраць. Малака троха з’ем. Пайдзі ў кубел, прынясі сала ўзяць на заўтра ў торбачку. Цыбулі, агурка якога. Малака налі ў пляшку. Паеду заўтра за Бранавіцкія па дубы.

— Адзін паедзеш? Хоць бы я памагла.

— Упраўлюся адзін. Дом жа не пакінеш на цэлы дзень.

— То малака я заўтра налью, свежага.

— Але, буду я цябе чакаць. Досвета паеду.

— Задушышся адзін. На чорта табе так хватаць! Такая калатнеча на зямлі...

— Не тваё дзела!

Мар’я патупала ў каморку, было чуваць, як стукнула вечкам кубла. Прынесла ў хату ўвесь кавалак сала — мокрага ад расолу, пад’ялчалага, з адстаўшаю шкуркаю, зняла з цвіка дошчачку і наважылася абрэзаць самае зжаўцелае паўз край кавалка.

— Нашто ты рэжаш?

— Не ўясі мо, соль адна.

— Уем. Не вялікі пан.

Мар’я адрэзала кавалак, аскрэбла соль, прынесла маласольных агуркоў, наліла ў бутэльку малака, заткнула коркам з газеты, усё паклала ў палатняную торбачку, з якой Аня хадзіла ў школу.

Ігнат закурыў, паклаў на лаву кавалак тачыла, папляваў на яго і зашоргаў сякераю.

— Мо агонь большы ў лямпе зрабіць?

— Нашто? Я і так бачу.

— Як хочаш.— Мар’я памаўчала.— Учора Смалярню спалілі разам з людзьмі...

— Ну і што? Яны, лесавікі, з партызанамі знаюцца.

— А хто цяпер у каго пытаецца? Бычка забралі, добра што самога жывога пакінулі...

— Адчапіся з бычком! Колькі ты ўспамінаць будзеш?

— От, божа літасцівы! Як азвярэў ты. Жылі некалі, як людзі. А цяпер — як на пусты канец...

Мар’я не дагаварыла, бо Ігнат быў перастаў шоргаць сякераю па тачыле, яшчэ нешта прашаптала сама сабе пад нос, зашамацела сенніком, уздыхнула.

Цыгарка дагарэла, пачала прыпякаць у губы. Ігнат, не ўстаючы, кінуў недакурак на прыпечак, зноў засяроджана зашоргаў сякераю.

Глухая, зацятая злосць на партызан не прайшла. Ён узненавідзеў іх, але маўчаў, баяўся, што зноў прыйдуць, калі хочаш, пазабіраюць і коней.

 

Выехаў Ігнат, як і збіраўся, досвіта. Ноччу легла густая, белая, як шэрань, раса, густы туман, і ад вільгаці стылі рукі. Ён нават пашкадаваў, што не ўзяў рукавіцы.

У тумане было глуха, як у мяшку, але Ігнат ведаў, што да абеду распагодзіцца, будзе сонечна, цёпла. Ветру няма, не будзе хмар і дажджу.

— Ну, Дэраш, варушыся, ваўкарэзіна!

Ігнат сцебануў каня, і той неахвотна затрухаў бягом.

За лагчынаю з такім густым туманам, што нават дугі не было відаць, дарога пайшла пад узгорак, між кустоў калючага барбарысу; калёсы застукалі па карэнні маладога сасонніку; за сасоннікам дарога пайшла ў лог, зарослы кустамі шызаватай лазы. Далей дарогу абступілі густалапыя, насупленыя яліны з урослымі ў мох ніжнімі лапамі.

Непрыкметна ельнік расступіўся, адышоў у туман; захрумсцеў пад коламі гравій. З аднаго боку ад дарогі пайшла нізкая маладая пасадка сасонніку з рэдкаю доўгаю травою, пажаўцелаю, па-восеньску пакамечанаю. З другога боку пачаўся кусцісты грабнік, малады дубняк. Ігнат закіраваў на вузенькую, ледзь прыкметную дарогу, да сваіх нагледжаных дубкоў... Каня распрог на невялічкім прагалку, прывязаў лейцамі за аглабіну, падкінуў канюшыны, навесіў торбачку з ядою на сук, узяў сякеру і пайшоў да першага дубка, кінуў вокам на парэпаную кару, абымшэлую ля самае зямлі. Камель моцна, разлапіста ўваходзіў у зямлю глыбокімі карэннямі, якія разлічаны надоўга, на стагоддзі, каб дрэва разраслося ў некалькі абхватаў, вынеслася ўверх над усім наваколлем, абымшэлае не толькі ў камлі, але і на вершаліне. Гэтага не будзе, наканавана яму толькі лёгенька здрыгануцца ад першага вострага ўдару...

Ігнат з размаху біў сякераю пад самы камель, чыстыя пругкія трэскі падалі на траву. Усё глыбей, паслухмяна ішла сякера ў вільготнае жывое дрэва. Ігнат не разагнуўся, пакуль дрэва цяжка не трэснула, незаўважна пахілілася ў падсечаны бок. Толькі тады некалькі хвілін пастаяў, аддыхаўся, слухаў, як па целе расцякаецца гарачая стомленасць. Спакойна, з адцяжкаю, секануў раз, другі, і дрэва, сваім цяжарам абрываючы моцныя валокны, нахілілася, пачало падаць, зашумела вершалінаю і цяжка вухнула вобземлю. Пасля ў мёртвай цішыні было чуваць, як выпростваюцца падкамечаныя цяжарам ствала галіны, нібы дрэва яшчэ варушылася.

Ігнат абсек галіны, адцягнуў іх ад дарогі, прыкідаў дубовы камель ламаччам, каб не так кідаўся ў вочы, і перайшоў да наступнага дрэва.

Ён падступаў ужо да трэцяга дубка. Даўно мінуў ранішні халадок, расплыўся туман. Свяціла, пачынала прыграваць сонца. Ігнат усё часцей прыпыняўся, выціраў рукою пот, як на сенакосе.

Ён спачатку не прыслухоўваўся да далёкае страляніны, махаў сякераю, і толькі тады, як моцна, глуха вухнула недалёка раз, а потым і другі, перастаў секчы, прыслухаўся: стралялі густа і зацята. На нейкую хвіліну страляніна заціхала, а потым зноў усхоплівалася з новаю сілаю. Ігнат быў узяўся за сякеру, але трывога закралася ў душу — стралялі ў тым баку, адкуль ён прыехаў. Страляніна нахапілася з новаю сілаю. Ігнат адрозніваў і аўтаматныя чэргі, і вінтовачныя стрэлы. Яшчэ раз моцна вухнула, раптоўна стала ціха, было чуваць, як гудуць маторы; потым гул пачаў аддаляцца, цішэць, а высока ў небе з’явілася лёгенькае светлае воблачка. Яго быццам падштурхнулі ў плечы, подбегам кінуўся да воза, сунуў пад траву сякеру, ліхаманкава ўзяўся запрагаць каня, потым ускочыў у воз, шлегануў каня па азадку лейцамі, і той ад нечаканасці з месца рвануў рыссю, а Ігнат усё круціў, круціў лейцамі над галавою, чуў, як лескацяць колы і амаль не дакранаюцца да зямлі.

Калі выехаў з лесу, сэрца абарвалася: гарэла яго вёска, пасярэдзіне, там, дзе яго хата. Дым над пажарам паменшаў, узялося ў сілу полымя, не давала людзям падступіцца і тушыць, ды і патушыць ужо было нельга. Ігнат толькі паўтараў сам сабе: «Барані божа, барані божа!»—лупіў і лупіў лейцамі ўзмакрэлага каня, колы ляцелі над зямлёю, выбіваючы з камення іскры. Даўно растрэслася канюшына на дарогу, выпала сякера, холадна бліснуўшы на сонцы сіняватым лязом.

На поўным кар’еры з-за вербаў уляцеў ён у вуліцу, амаль на самы натоўп вяскоўцаў. Конь сам спыніўся перад людзьмі, закіраваў да плота.

Перад Ігнатам расступіліся. Ён стаяў пасярод вуліцы, няўцямна глядзеў на тое, што засталося ад яго дамоўкі: на чорнае абсмаленае бярвенне, якое дыміла тоненькім шызым дымком. Крыху сцен успелі расцягнуць, залілі вадою. Чорныя асмалкі і печ з разбітым комінам — усё, што засталося ў яго.

Ігнат цяжка павярнуўся і ўздыхнуў, быццам яго трымалі за горла, і ён нарэшце вызваліўся. Не сказаў ні слова, пайшоў да воза, нечакана скоранька азірнуўся, быццам успомніў пра нешта патрэбнае, некага шукаў вачыма ў натоўпе. І не бачыў ні жонкі, ні дзяцей. Нехта, зразумеўшы, што ён хоча ўгледзець, толькі кіўнуў галавою ў бок пажарышча — там яны.

Ігнат усміхнуўся, быццам ашчэрыўся, закруціўся на месцы, кінуўся да каня, які ішоў, згрызаючы паўз плот зелле і траву. Следам за драбінамі цягнулася па зямлі торбачка з ежаю.

Ён быццам спатыкнуўся, стаяў некаторы час на адным месцы, глядзеў сабе пад ногі, на зямлю ля вялікага каменя, які некалі нарочна паклаў, каб не ездзілі блізка паўз плот і не ламалі калоў. Ля каменя ляжала нешта страшнае, што было чалавекам, і цераз гэта праходзіў танкавы след. Побач бездапаможна і недарэчна тырчаў угару сагнутым ствалом кулямёт, і ля яго ляжала афіцэрская фуражка з паламаным казырком, такая, тая ж самая, што была ў таго старшага, як забіралі бычка.

Людзі ўтрапёна глядзелі, як Ігнат вялікімі, нібы скачкі, крокамі дабег да падводы, выпрагаў каня, ускочыў верхам, ударыў пад бакі абцасамі. Натоўп шарахнуўся да платоў, даючы дарогу каню. Усе зразумелі, што Ігнат звар’яцеў.

— От і ўсё чалавеку. А жыць замахваўся, як на два вякі.

...Босы, мабыць, сасніў, што даганяе суседскага рыжага ката, якому за збродную натуру адсеклі хвост, сам прачнуўся ад брэху, насцярожана павёў вушамі, вінавата паглядзеў на гаспадара.

— Раздзяўкаўся, падла! — абазваўся да яго Ігнат, ачнуўся, успаміны зблыталіся. Нядобра паглядзеў на сабаку, які вінавата біў хвастом па зямлі і не падымаў пысу з лап. Старасць брала сваё, і яму, як Ігнату, падабалася ляжаць нерухома ў цяпле.

Пасля вайны гэта трэці сабака ў Ігната. Першага ён памятаў, а тых двух, што трымаў перад Босым, не мог успомніць, ды і яны былі падобныя на Босага, і з імі, як з Босым, ён хадзіў на вартаўніцтва, і гэты Босы з разарваным вухам будзе жыць і тады, як не стане гаспадара...

Ігнат аж падхапіўся з палка, быццам хацеў пераканацца, што ў яго ёсць яшчэ сіла, з палёгкаю ўздыхнуў. Пра смерць прыходзілі яму ў галаву думкі даўно, але думалася пра яе, як пра нешта далёкае, нерэальнае. Цяпер думка была пра смерць, як пра заўтрашні дзень. Ігнат разгублена сядзеў на палку, спалоханы і збянтэжаны, падумаў, што ў жыцці яго не было нічога, толькі гэтыя тры сабакі пасля вайны, ды і самога жыцця не было, гэта толькі здавалася, што жыў ён. А тыя людзі, тыя жанкі і дзеці, якія засталіся ў абрабаванай вёсцы і павінны былі згінуць, прапасці, не згінулі, яшчэ як зажылі і без яго дапамогі, выбудавалі вёску, а ён так і застаўся ў сваёй падслепаватай хатцы, у якой сабраўся перажыць усіх і радавацца, гледзячы, як мучацца людзі, і той самы Павел, сынок Стахванаў, які шморгаў за комінам носам, калі Тэкля намякала Ігнату застацца жыць з ёю, вырас і цяпер з жалю дапамагае яму, як кідаюць брадзячаму сабаку кавалак хлеба... Не патрэбна яму ні Ігнатава бульба, ні соткі.

Ігнат устаў, памкнуўся выйсці на вуліцу, дзе больш святла, паветра, але лёскат калёс на вуліцы спыніў яго. Ігнат пастаяў у парозе і вярнуўся назад. Людзей не хацелася бачыць.

Сеў на палок, потым лёг, заплюшчыў вочы.

...Ігнат не памятаў, колькі часу і куды ехаў. Вёскі абмінаў, хоць не думаў ні пра небяспеку, ні пра ратунак. У яго балела галава ад чаду тых галавешак на пажарышчы. І калі пад’язджаў да вёскі, думаў здзіўлена, чаму яна цэлая, чаму не куча асмалкаў. Усё на зямлі павінна было згарэць і застацца толькі пустка. А зямля трымала Ігната, паіла вадою, і толькі зялёнае надвячоркамі восеньскае неба пагардліва глядзела на чалавека.

Вярнула Ігната да розуму, да адчування рэальнасці простае, знаёмае ўсім жывым істотам адчуванне голаду. Яно аказалася мацней за ўсё. На гэты раз ён не аб’ехаў вёску, а з кустоў доўга цікаваў за чародкаю белых гусей, выламаў ладную папруцінку, і, калі гусі падышлі блізка, выляцеў на іх конна, па-драпежнаму дакладна ўдарыў гусь па галаве, схапіў яе, страсянуў яшчэ, трымаючы за голаў, і знік на кані за кустамі, чуў, як спалохана гергеталі гусі.

Гусь смажыў у лесе, на беразе ручая. Абмазаў глінаю, касцёр клаў невялічкі, каб не было многа дыму. Смаку не адчуваў, толькі слухаў, як напаўняецца страўнік. Ад гусі мала што засталося, яму не хацелася больш варушыцца, рухацца. Ён знайшоў на ўзлеску стажок сярод маладога бярэзніку, прывязаў каня за дрэва і заснуў мёртва, упершыню за ўсе дні блукання. Засынаючы, успомніў яшчэ таго чалавека ля каменя, які прыходзіў некалі да яго ноччу, зласліва падумаў: «Цяпер нічога не возьмеш, набраўся!» Прачнуўся толькі надвячоркам, паглядзеў на каня, які скуб траву, прыслухаўся да цішыні і зноў заснуў.

Ноччу сніўся яму кароткі сон. Сонечна, моцна пахне смалою, свежымі халаднаватымі трэскамі, якія яшчэ не насохлі, не пацямнелі на сонцы і не трашчалі пад ботамі. Яны ўдвух са Стахванам толькі што прыдралі верхняе бервяно, па яловых лагах цягнулі вяроўкамі ўгару, вось-вось усцягвалі, як неўспадзеўкі трэснулі лагі — і рассыпаўся ўвесь зруб, бярвенне пачарнела, прапаў некуды Стахван. І нікога навокал, каб паклікаць. Ён глядзеў, як дагарала бярвенне і нарэшце здагадаўся, што гэта ў яркім сонечным святле не відаць агню, толькі шыпенне і патрэскванне чуваць.

Ігнат прачнуўся і выразна пачуў крокі. Нехта краўся паўз стог, і было чуваць, як шоргае па адзенні сена. Ён не паварушыўся, толькі скасіў вока і перад самым тварам убачыў ногі і прыклад вінтоўкі, які ледзь не даставаў да зямлі. Не чакаючы больш, клубком кульнуўся пад ногі, ірвануў за вінтоўку. Чалавек упаў. Ігнат ляжачага з усяе сілы ўдарыў па твары, што аж забалела ў руку. Чалавек толькі ўсхліпнуў ротам і заціх.

Ігнат ухапіў вінтоўку, кінуўся да каня. Не было часу адвязваць лейцы, скінуў аброць, ускочыў верхам, ударыў вінтоўкаю па баку. Бабахнуў стрэл; перапалоханы, аглушаны конь так ірвануўся з месца, што Ігнат ледзь утрымаўся, не выпускаў з рукі грыву, не кіраваў канём, толькі трымаўся, нізка прыгнуўшыся да грывы, пакуль конь не спыніўся.

Вакол быў глухі лес. Конь стаяў на вузенькай сцяжынцы пад кашлатымі ялінамі. І чуваць толькі было, як сапе стомленая ад доўгага бегу жывёліна.

Ігнат кляцнуў затворам, перазарадзіў вінтоўку, пагнаў каня. Трэба было некуды ехаць.

Блукаў ён па лесе да світання, разумеў, што заехаў у вялікі лес і заблудзіўся. З вінтоўкаю адчуваў сябе смялей, не палохаўся — удзень некуды выедзе.

«Стой!» прагучала так блізка і нечакана, што ён не ўспеў і аглянуцца, здагадаўся скінуцца з каня, каб схавацца за ім, адбегчыся ў лес. Але з другога боку, з-за арэхавага куста, глядзела на яго чорнае вочка вінтоўкі.

— Кідай! Ну! — спакойна загадаў той жа голас, што крыкнуў «стой!».

Ігнат паслухмяна кінуў вінтоўку.

З-за куста выйшаў вайсковец, а з другога боку — падлетак гадоў пятнаццаці. Хлопец падняў Ігнатаву зброю, памкнуўся закінуць на плечы, але нечага пачаў разглядаць яе.

— Ты куды? Хто такі? — запытаўся вайсковец.

— Абы-куды.

— Чаго па лесе шастаеш?

— Дамоўку маю спалілі.

Вайсковец зірнуў на напарніка, які ўсё круціў у руках вінтоўку.

— За што цябе спалілі?

— Танка стрэліла. Вашага аднаго задушыла.

Вайсковец узяў на плячо вінтоўку.

— Ладна, разбяруцца з табою без нас. Валодзя...

— Гэта Зелкіндава вінтоўка, таварыш сержант.

— Ты што пляцеш? Адкуль?

— Зелкіндава. У атрадзе адна такая старая.

— Адкуль у цябе зброя?

Ігнат маўчаў. Невядома, што лепш: хлусіць ці гаварыць праўду.

— Што, зарвала? Шагай!

Вайсковец зноў узяў вінтоўку напагатове. Хлопец вёў за грыву паперадзе каня. Ігнат паклыпаў следам за канём. Зноў захацелася есці, і ён пашкадаваў, што не з’еў тады ўсё гусінае мяса. А яшчэ хацелася спаць, і на душы, і ў галаве было цёмна, як у самую глухую ноч піліпаўкі.

Але ён прыклыпаў у атрад, сеў на пень ля зямлянкі, і, калі з гурту партызан, да якіх падышоў хлопчык-канвойны, пабег да яго, накульгваючы, маленькі чалавек у вялікім галіфэ, якое звісала шырокім «крыллем» ніжэй калень, падумаў, што чалавек бяжыць да яго біцца; прыўстаў, таскануў чалавека ў грудзі, і той упаў, смешна сядзеў на зямлі, расставіўшы ногі, нешта крычаў тоненькім голасам. Маленькі, у рэдкім сівым шчацінні твар яго горка крывіўся, адна шчака падпухла.

Партызаны рагаталі, выціралі слёзы, якія набягалі на вочы ад смеху. А канвойны кінуў на зямлю побач з чалавекам вінтоўку, якую адабраў у Ігната. Чалавек забраў зброю, паволі ўстаў, пайшоў, яшчэ раз азірнуўся на Ігната.

Потым пажылы чалавек у парэпанай шкуранцы зноў і зноў перапытваў адно і тое ж самае: адкуль родам, што рабіў у лесе, нашто напаў на партызана... Ігнат нават не злаваў на чалавека ў шкуранцы за тое, што той чаўпе і чаўпе адно і тое ж самае. Ігнат стараўся толькі не заснуць, глядзеў на шапку следчага, на зорачку, у якой на адным ражку адшчамалася эмаль...

* * *

Яго пакінулі ў атрадзе. Зброі не далі. Прыкамандзіравалі да кухні, у дапамогу таму маленькаму чалавечку ў вялікім галіфэ, Зелкінду. І той перадаў на правах старшага Ігнату самую нявыгадную сваю работу: насіць ваду з калодзежа і запасіць дровы. Сабе Зелкінд пакінуў работу рангам вышэй: падручны ў Каці-кухаркі,— пасекчы мяса, накрышыць цыбулі, папільнаваць кацёл з варывам. Да таго часу падбіты Ігнатам твар Зелкінда загаіўся. Жыць давялося ў невялічкай зямлянцы, якую змайстраваў сам Зелкінд, да вайны нарыхтоўшчык. Жонку яго і двое дзяцей немцы застрэлілі на сваім двары, накрылі целы анучамі і запалілі. Зелкінд пайшоў быў якраз да суседа, чуў, як расстрэльвалі сям’ю, бачыў, як гарэла хата. Ігнат чуў, як Зелкінд плакаў не раз ноччу і дакараў сябе, што ўцёк з мястэчка.

Зелкінд Ігната пабойваўся, стараўся быць далей ад яго і загады перадаваў праз Кацю. Хаця і Кацю ён баяўся яшчэ горш, чым Ігната. Тае ночы ён вяртаўся ў атрад, натрапіў на нічыйнага каня і вырашыў прывесці каня ў атрад.

Каця-кухарка, высокая, худая, як жэрдка, жанчына, здавалася, толькі і ўмее, што крычаць, сварыцца. З пачатку вайны немцы расстралялі мужа, камуніста, а паўгода назад загінуў тут жа, у партызанах, яе сын. Пасля таго як абодва яе сыны пайшлі ў партызаны, паліцаі ехалі па яе. Яна ўцякла раненая. Знайшлі яе пасля на балоце аднавяскоўцы, потым пераправілі ў атрад. Зелкінд увесь дзень пакорліва слухаў Каціну сварку, цяжка ўздыхаў, а калі Каця дабіралася да Ігната, Зелкінд спалохана глядзеў на яе. Ігнат заўважыў раз, як Зелкінд пакруціў пальцамі ля скроні і паказаў Каці на Ігната, тая замахнулася на яго мокраю анучаю. Пайшоўшы па ваду, Ігнат паглядзеўся на сябе ў вядро — зарослы шчаціннем, худы, запалыя вочы. Вечарам папрасіў у Зелкінда кавалак люстэрка, падраўняў бараду. Быццам не чуў, што ў атрадзе яго завуць Мармолем, а калі хто думае, што звіхнуўся розумам, то хай думае, яму ад гэтага горш не стане.

На наступную зіму Ігнат справіў бравэрку і боты, яго пачалі браць з сабою нарыхтоўшчыкі, калі выязджалі па харч. Тады Ігнат запрагаў дзіўнай масці коніка — пярэстага, чорнае з белым — якога звалі Кароваю, кідаў у старыя драбіны з выламанымі лёсткамі жмак сена, каб мякчэй было сядзець. Карабін звычайна клаў пад сена. Бралі Ігната з сабою, калі нарыхтоўшчыкі меліся ехаць у далёкія ад лесу вёскі, а што-небудзь трэба было прывезці ў атрад з бліжніх, куды немцы не асмельваліся паказвацца.

Ігнату здавалася, што Каця неўзлюбіла яго за тое, што прыручыў сабаку, шчанюка, якога Зелкінд аднойчы падабраў на спаленым хутары. Шчанюк застаўся адзін між чорных галавешак і знямогла скуголіў. І ніхто не мог пачуць яго голасу: стаяў вялікі мароз, ад якога змерзлася ў празрыстую льдзіну паветра з белым маленькім бяльмом месяца высока ўгары. І сам шчанюк пачаў умярзаць у гэтую празрыстую льдзіну холаду і цішыні, і голас яго таксама ўмёрз тоненькаю белаю павуцінкаю.

Ён усю дарогу дрыжаў пад цёплаю палою кажушка, пакуль не сагрэўся і не заснуў, быццам дома на анучах пад прыпечкам ля цёплых чыгуноў з паранаю бульбаю.

Жыць застаўся шчанюк спачатку на кухні, у закутку, там жа і карміўся; таўсматы, з тоўстымі лапамі, ён браў ласункі, але, калі спрабавалі падурэць з ім, паваліць угару лапамі, вылузваўся з рук, адбягаў убок. Калі залішне надаядалі, падымаў дыбком на загрыўку шэрсць і ўжо не па-шчанячы паказваў маладыя белыя ў чорным роце зубы,— і ад яго адступіліся, ахрысцілі Ваўчком.

Ваўчок аднойчы зайшоў у зямлянку, уважліва паглядзеў на Ігната маленькімі чорнымі вочкамі, не спалохаўся, калі Ігнат паставіў перад ім кацялок з кашаю — свой абед. Не выняў з кацялка пысу і не перастаў есці, толькі выгнуў спіну пад рукою Ігната.

Больш Ігнат яго не чапаў, накідаў у куток пад нарамі рыззя. Ваўчок не пайшоў з зямлянкі. Вячэру Ігнат таксама аддаў сабаку.

Каця, якая была прывыкла да шчанюка, расказвала яму ўслых пра свае беды, цяпер бубніла:

— Сышліся два ваўкалакі! Бельмамі толькі адзін на аднаго зіркануць — і маўчаць!..

Ваўчок не адставаў ад Ігната ні на крок. І ніхто больш не чапаў яго, не трэба было шчэрыць зубы. Ігнат толькі зрэдку дапускаўся да пяшчоты, гладзіў па спіне, і Ваўчок тады паслухмяна выгінаўся пад рукою. Ён неяк скора падрос і паказваў на дарослага сабаку: пацямнела шэрсць на спіне, сталі моцныя і высокія лапы, вочы з-пад абвіслых вушэй глядзелі насцярожана і пільна. Нікому цяпер не хацелася падурэць з ім.

Кожны раз Ігнат з Ваўчком выязджаў у вёскі. Сабака садзіўся ў перадку ў драбінах і вартаваў воз, не злазіў нікуды і не адыходзіў, пакуль не вярталіся ў атрад. І гэтак жа, як Ігнат, назаўтра цэлы дзень не выходзіў з зямлянкі, спаў пад нарамі.

* * *

Пад весну Ігнат пачаў прыслухоўвацца да таго, што гаварылі пра фронт. Тое, што дасюль здавалася далёкім, нават і несапраўдным, пачынала адчувацца рэальна. А рэальнасць была ў тым, што не будзе партызанскага атрада і не будзе гэтага звыклага, неблагога для яго жыцця.

Акрамя ўсяго, партызанам не стала ні дня ні ночы. Выязджалі і выязджалі на заданні. Бралі з сабою і шаўцоў, і кавалёў з майстэрні, якія рамантавалі зброю. Зброі хапала трафейнай, тол скідалі на парашутах. Немцы баяліся паказвацца паблізу ад лесу малымі атрадамі.

Нават самым упартым і зацятым паліцаям дайшло, што лепш за ўсё сядзець у мястэчку, дзе моцны нямецкі гарнізон. У мястэчку сабраўся ўвесь здрадніцкі зброд, які ведаў, што літасці не будзе.

Мястэчка, якое спрабавалі ўзяць штурмам мінулую зіму і вымушаны былі адступіць з вялікімі стратамі, было як бяльмо на воку для партызан. І ўсе адчувалі, што рана ці позна давядзецца штурмаваць яго.

Ігнату з-за мястэчка адыходзіў малы клопат. Але неспадзявана аперацыя захапіла і яго. Усе, хто мог трымаць зброю, былі пастаўлены ў строй. Ігната прыкамандзіравалі да першага ўзвода другой роты.

Ноч знарок выбралі месячную, калі менш за ўсё ў мястэчку чакалі нападу. Атакаваць вырашылі перад світаннем. Спецыяльныя групы абрэзалі сувязь з суседнімі гарнізонамі, атрад, які дыслацыраваўся побач, перакрыў гравейку, па якой магла падысці да акружаных дапамога. Атакаваць было вырашана адначасова з двух бакоў, пасля таго, як у мястэчку заўважаць знішчальнікаў кулямётных гнёзд.

Перад штурмам Ігнат прыглядаўся, за кім бы прыстроіцца бегчы следам, каб быць заслоненым ад куль. Ён праклінаў таго, хто ўздумаў ставіць усіх пад ружжо. Ігнату яшчэ думалася, ці вернецца Ваўчок назад да Каці на кухню, калі заб’юць яго. Сабаку ён запёр у зямлянцы, каб не пайшоў следам.

Але, калі падняліся ўсе бегчы, Ігнат забыў хавацца. Бег, прыгнуўшыся, лёгка і адчуваў, што праскочыць між куль, і яны не закрануць яго.

Калі дабег да хат, трымаўся ў цяні ад будынкаў, не спяшаў бегчы наперад і страляць. Заўважыў на гарышчы кулямёт, які біў кароткімі злоснымі чэргамі, не страляў па ім, падкраўся з-за вугла і кінуў гранату, перабег і прысеў за дубоваю шулкаю плота, і, калі першы вораг выскачыў з хаты, стрэліў, але не трапіў. Чалавек з разгону пераскочыў плот і знік за ім. А па шулцы ўдарыла з гарышча чарга, Ігнат перабег назад за вугал. Другога ў шынялі ён заўважыў у варотцах і зноў паспяшыў, не пацэліў. Мацюкнуўся, згарача кінуўся следам цераз вуліцу, калі адтуль коратка пырснуў чырвоны агеньчык, з разгону паваліўся, адчуў, як апякло левы плячук. Лежачы, з аднае рукі спакойна стрэліў у чорную постаць, якая кінулася ад сцяны да дзвярэй у хату. І чалавек быццам пацягнуўся, падняў угору рукі, няўпэўнена, сутаргава пайшоў да парога, усё перагінаючыся назад. Ігнат даслаў тым часам другі патрон у ствол і зноў стрэліў, чуў, як куля ўдарыла па чалавечаму целу. Немец адкінуўся плячыма на зямлю.

Ігнат падняўся і зайшоў на двор. Тупа, горача ныла плячо, і стала мокра на грудзях.

На забітага не глядзеў, толькі кінуў вокам, быццам гэта не першы забіты чалавек, быццам усё жыццё рабіў такое, і, упёршы ствол карабіна ў бот, загнаў у патроннік патрон, адчуў, як горача слабее ўсё цела, быццам выходзіць з яго жыццё, застагнаў скрозь сціснутыя зубы, выстраліў у саламяную страху. Калі ўбачыў, як слабенька затрымцеў на саломе кволы агеньчык, бы лягчэй стала на душы, што пайшло прахам чалавечае жытло — і нічога не застанецца, так, як не засталося і ў яго. Ігнат ведаў, што за гэта, калі даведаюцца, расстраляюць яго. Але не мог стрымацца, зноў перазарадзіў карабін, рука не магла ўтрымаць зброю, цяжка гойдалася руля, і ён не мог зноў прыцэліцца ў тое месца на страсе, дзе лёгенька курыўся дымок.

— Стой! Сволач, стой!

Ігнат пазнаў голас ротнага, скасавурыў вока і ўхмыльнуўся, што не паспее ён дабегчы, толькі на хвіліну прыпыніўся палец на спуску. Страшная сіла тузанула з рук карабін, тоненька вісканула рыкашэтная куля. Галава, якая чамусьці горача гудзела, не магла зразумець — ад чаго гэта. Пасля страшнага ўдару ў сківіцу пацямнела ўваччу месячная ноч, закруцілася віхура снежных іскрынак... Ігнат застагнаў, сілячыся ўстаць, але другі ўдар нагою ў грудзі адкінуў яго на зямлю, і ў галаве нешта лопнула, расцёкся ў ёй кіпень, апёк. Трацячы прытомнасць, Ігнат яшчэ ўбачыў абпалены твар ротнага, наган у руцэ. Апошняе адчуванне было, што ротны выпусціць у яго ўсе патроны, якія былі ў барабане...

* * *

Ротны не застрэліў Ігната. Яго падабралі разам з раненымі і паклалі ў шпіталь — вялікую, чыстую зямлянку. Усіх раненых было толькі сем чалавек, цяжкапаранены адзін, малады яшчэ хлопец, ад якога не адыходзіла сястра, прыкладвала мокрую анучку да вуснаў. Хлопец не стагнаў, толькі ціхенька, бездапаможна прасіў піць. Піць яму не давалі, рана была ў жывот, і ён паміраў. Ігнат стараўся не глядзець на яго. У самога рана ў плячы няцяжкая, толькі што пачала гнаіцца. Куля не зачапіла за костку, прайшла навылёт. І гэта было на руку, даўжэй застацца ў шпіталі, ведаў, што чым скарэй паправіцца, тым скарэй возьмуцца за яго.

Але ніхто дапытваць Ігната не прыходзіў. Ваўчок перабраўся ў шпітальную зямлянку, пад Ігнатавы нары, зусім мала выходзіў на двор, нібы пільнаваў гаспадара. Ігнат апускаў руку, гладзіў сабаку і часам шкадаваў, што больш яму не выехаць з атрада, нават калі і даруюць яму. Без выездаў жыццё тут траціла ўсякі сэнс і цікавасць. Калоць толькі дровы і насіць ваду?

Ён пачаў ужо спадзявацца, што ніхто і не будзе чапаць яго.

Пралежаў Ігнат у шпіталі амаль месяц.

Лежачы ў шпіталі, Ігнат не мог бачыць, што многае незаўважна перамянілася ў прыродзе. Вышэйшае, маладое стала неба, вільготна, чыста запахла паветра. Снег пацямнеў, надвячоркам, у марозік, быў шорсткі, зярністы, як соль. У лесе ўладарыў тонкі жывы водар бярозавага і асінавага голля.

І з гэтымі непрыкметнымі, нязначнымі пераменамі ў прыродзе, у душы чалавека ачынаецца вострая, шчымлівая прага да жыцця, простага, прымітыўнага, як жыццё дрэў і травы, уся асалода яго ў тым, каб толькі адчуваць, бачыць, быць.

Ігнат зазірнуў у сваю зямлянку, аж зморшчыўся — Зелкінд, мабыць, ні разу не праветрываў яе. Ігнат адчыніў дзверы, сеў ля зямлянкі на кучу ламачча. Прыслухоўваўся да лесу, які ажываў і шумеў нават, ледзь чутна і весела, і разумеў, што ён тут не патрэбен, лішні.

Зелкінд прывітаўся з Ігнатам за руку, затаптаўся на месцы. Ігнат быццам здалёку, з невядомасці глядзеў на доўгія, вялікія Зелкіндавы штаны, адчуваў цёплы, смачны пах кухні, які ішоў ад яго адзення, падумаў, што зноў будзе спаць у адной зямлянцы з Зелкіндам.

Ківаў галавою Зелкінду, згаджаўся, хоць і не слухаў, што той гаворыць. А Зелкінд глядзеў на Ігната жаласліва, не вытрываў, нагнуўся і зашаптаў, сам аж уздрыгваў ад кожнага свайго слова,— начальнік асобага аддзела распытваўся, дзе, калі быў Ігнат.

Зелкінд спалохана азірнуўся на Ваўчка, быццам той мог пачуць і расказаць каму, сціх, спалоханы сваёй смеласці, шкадаваў, што не вытрымаў, прагаварыўся.

Ваўчок спакойнымі прыплюшчанымі вачыма глядзеў на мужчын. Ігнат падумаў, што рабіць тут больш няма чаго, устаў і пайшоў па зледзянелай цёмнай сцяжынцы, быццам гэтае разуменне давала ратунак, але пра ратунак не думалася, быццам усё гэта датычыла не яго самога, а іншага чалавека.

 

...Прачнуўся Ігнат адразу, быццам яго паклікалі, нават убачыў маленькую постаць у чорным кароценькім кажушку і галіфэ з кавалерыйскімі кантамі. Ігнат бачыў яго разы са два, але чуў пра начальніка асобага аддзела часта, быццам той нябачна ўспяваў усюды. Думкі ў галаве пайшлі ясна, выразна, як рэдкія воблакі на летнім небе. Ён цяпер ведаў, што начальнік выведаў усё, нават знайшоў гільзы на тым месцы, адкуль ён, будучы адзін на выездах, страляў па людскіх хатах запальнымі. І ад успаміну пра тое на імгненне ў душы ўспыхнула вострае адчуванне радасці, быццам наяву перажыў тую ўцеху, калі паволі даставаў з кішэні патроны з запальнымі кулямі і страляў, акуратна цэлячыся ў насохлую салому падстрэшка, у гумны ці хлявы, закладзеныя ка зіму сенам і саломаю. А потым, калі ўдавалася падпаліць, стаяў, цешыўся на агонь, быццам тое полымя людское бяды грэла яго. А аднаго разу яму пашанцавала так, што вецер перакінуў агонь на суседнія хаты...

А начальнік асабовага аддзела, бадай, знайшоў і яго патроны з запальнымі кулямі, схаваныя ў дупле старое алешыны. Падумалася быццам не сваім, а чужым староннім розумам — чаго ён яшчэ тут? Кулю ў лоб чакае? Або каб пасля на фронт па смерць пагналі?

Адзеўся асцярожна, каб не пачуў Зелкінд, дастаў у яго з кабуры наган. Зелкінд выменяў наган у навічка на сваю ржавую вінтоўку.

З лёгкаю душою ціхенька выйшаў з зямлянкі, з палёгкаю ўдыхнуў на поўныя грудзі стылае начное паветра, адчуў, як пацёрся аб нагу Ваўчок, адзіная жывая душа на свеце, якая шкадуе яго і любіць, хоць цяпер ён зноў нішто, не можа нікога ні пакараць, ні памілаваць — узяць пусціць або не пусціць з дымам і попелам па свеце. Але затое жыць застанецца, усіх перажыве!

Выхады ён з атрада ведаў, не патрэбен і пароль. Ваўчок, быццам разумеў усё, ішоў пры назе. Ігнат абмінуў пасты і выйшаў на сцежку не тоячыся, пакрочыў шпарчэй, каб далей адысціся, выйсці з лесу і згубіцца між людзей, як знікнуць у вечаровым мораку.

Ён аж спатыкнуўся, калі загадалі спыніцца. Невядома было, хто тут можа спыніць. Ён ведаў, што будзе, калі зловяць за пастамі свае. І калі паліцыя, то не памілуе. Ад страху аж засвярбела скура на ўсім целе. Ігнат зразумеў, што гэта смерць, што гэта яна дакранулася да рукі, а не халодная галінка. У яго аслабелі ногі. Нібыта ўсё зразумеў, ціха віскнуў пры назе сабака, і ён, яшчэ нічога і не падумаўшы, загадаў: «Кусі!»

Ваўчок гыркануў і кінуўся туды, адкуль паклікалі Ігната. Коратка пырскнула аўтаматная чарга — завішчаў сабака...

Згубіўшы шапку, аглушаны і аслеплены тымі кароткімі агеньчыкамі, Ігнат ляцеў па лесе, пакуль не ўпаў знясілены, амаль непрытомны.

Прыбіўся ён жыць далёка ад лесу, у спаленай палявой вёсачцы. У абшарпанай бравэрцы, з густымі сівымі валасамі і пустымі вачыма, ён коратка адказваў на пытанні, ноччу ўсё пасвістваў, клікаў сабаку, уставаў, выглядаў з пограба. Людзі жылі ў паграбах, але месца яму знайшлося, і кармілі... Вясною ён хадзіў ад хаты да хаты, дапамагаў ускопваць зямлю. З усяе вёскі не засталося ніводнага мужчыны, толькі некалькі падлеткаў і два нямоглыя дзяды.

Калі прыйшло вызваленне, ён, ні з кім не развітаўшыся і нікому нічога не сказаўшы, пайшоў.

* * *

З аселіцы Ігнат выйшаў на свой пляц. На сядзібе нехта гаспадарыў, засадзіў соткі бульбаю. І абгарэлае бярвенне было акуратна складзена пры варывеньцы, якая ацалела ад пажару. Ігнат здзівіўся і зарадаваўся, ён не памятаў, не бачыў, што варывенька ацалела, і ад гэтае варывенькі стала лягчэй на душы, утульней — усё-такі сваё засталося. Ігнат пастаяў, уздыхнуў з палёгкаю, сеў на камень, які некалі трымаў на сабе вугал ягонай хаты і вакол якога цяпер густымі тоўстымі цырбунамі вырасла лебяда. І гэтая лебяда была мілей за чужое жытло ў паграбах, дзе яму з літасці давалі кавалачак хлеба і вараную лебяду. Цяпер тут ён зможа сам сабе здабыць ежы, каб хапала, і жыць на злосць усім спакойна, сыта, хай пазайздросцяць яму... Пакуль перажыць гэту разруху, пакуль зноў нарабіць усяго патрэбнага чалавеку для жыцця, трэба не адзін год, трэба многа страціць сілы. А Ігнат тым часам будзе жыць, уставаць і бачыць сонца, чуць пах хлеба і травы і берагчы сілу, каб жыць, існаваць бясконца, а калі не бясконца, то даўжэй за сваіх аднагодкаў.

Цераз вуліцу ў кухонным акне Стахванавае хаты свяціўся слабы чырвоны агеньчык. Ігната аж кальнула пад сэрца: а ў суседа ўсё як было, жыве як і жыў, і будзе спачуваць Ігнату, уздыхаць і глядзець на чалавека, які даўно аджыў і невядома чаго з’явіўся з таго свету.

Ігнат аж подбегам шыбаваў цераз вуліцу, каб скарэй убачыць... Ён і сам не ведаў, што ўбачыць. Стахвана? Не, не!..

Веснічкі на двор былі адчынены, абвіслі на завесах да зямлі і не зачыняліся. І ў Ігната крыху палягчала на душы, ён спыніўся, аддыхаўся. Каб быў Стахван дома, варотцы зачыніў бы, паправіў бы. Ужо спакойна пайшоў Ігнат да дзвярэй, пагрукаў, чуў, як адчыніліся хатнія дзверы, аж сцяўся ўвесь:

— Хто там? — запытала Тэкля. Ігнат уздыхнуў на ўсе грудзі.

— Я, Ігнат.

Тэкля шаснула засаўкаю, Ігнат сам адчыніў дзверы, пайшоў следам за ёю на кухню.

На прыпечку стаяла газоўка — бутэлечка з кудзельным кнотам. Ля прыпечка чыгуны з бульбаю і бурачнікам, налітыя з берагамі, каб не прыгаралі. На Тэклі, як і некалі, заляпаная цестам спадніца, скарэлая і нямытая, што, здавалася, яе можна паставіць і яна будзе стаяць.

— Няўжо ж гэта ты?! Усе думалі, што і следу твайго даўно не стала. Хто б падумаў!

Толькі ў кухні здагадалася здзівіцца Тэкля, разводзіла ў бакі рукамі, але глядзела на Ігната спакойна і насцярожана.

— Садзіся ж да стала, чаго стаіш у парозе. Гэта ж трэба думаць!..

Яна не дагаварыла, запынілася ў одуме, патапталася на месцы, дастала з печы чыгунок, наліла варыва ў вялікую міску.

— Гэта ж трэба думаць! Ніхто веры не даваў, што ты жыў будзеш.

Ігнат не садзіўся, стаяў у парозе, запытаўся нечакана моцна, нібы крыкнуў:

— А Стахван дзе?

Ён ужо здагадаўся, што Стахвана няма. І па абвіслых веснічках, і па худой, змучанай ад работы, Тэклі, і па тым, што не было ў хаце густога тытунёвага паху.

— Чорцяга ведае. Пайшоў як да часу, перачакаць... Людзі бытта пад Клецкам бачылі ў паліцыі, дабро ў людзей адбіраў. Калі праўда, то партызаны застрэлілі ці чырвоныя, як прыйшлі. Вярнуўся б дадому.

Ігнат зразумеў адно: Стахвана даўно няма жывога, Тэкля звыклася з гэтым, а што і як — не хоча гаварыць. Ён не дапытваўся, ён думаў, што ўсё-такі шчаслівейшы за Стахвана, бо галава засталася на карку.

Тэкля тым часам паставіла на стол міску, дастала з паліцы дзве шклянкі з сіняга тоўстага шкла, бутэльку. Выпіла нараўне з Ігнатам, не закусвала, запрасіла:

— Еш. Ты здарожыўся, галодны.

Сама толькі ўкінула ў рот кавалачак хлеба.

Самагонка была прыгарэлая, Ігнат не дапіў да канца.

Тэкля толькі скрывілася, але нічога не сказала, успомніла, што ў яе ёсць работа, паклала бокам табурэтку і села абіраць бульбу.

Ігнат разумеў, што ёй хочацца гаварыць, распытваць, ухмыляўся і еў наварыстыя затоўчаныя здорам буракі, потым адрэзаў дабраватую скварку ад кавалка сала, што ляжаў побач з хлебам. Гаворкаю ён сыты не будзе. Ды і настрой палепшаў, думаў пра Тэклю — з хлапчуком не доўга пацягне такую гаспадарку, пойдзе па свеце Стахванава дабро.

— Насаўсім прыйшоў? — не вытрымала, запыталася Тэкля, не глянула на Ігната, толькі рукі прыпыніліся, і белая стужачка лупіны перастала спаўзаць з нажа.

— Насаўсім.

Ігнат адсунуў міску, смачна ікнуў і прытуліўся плячыма да сцяны.

— Ведама ж, дзе чалавеку лепш будзе. Але...

Зноў з-пад нажа паплыла стружачка лупіны.

— А як, дзе жыць будзеш?

— Пражыву. У крапіву не запаўзу і ад голаду не здохну.

— Але ж, здаровы чалавек пражыве. Не ўсе хаты пагарэлі, можна дзе і жыць...

Тэкля толькі скоса, імгненна зірнула на Ігната, і той зразумеў яе нявыказаную думку, ухмыльнуўся, згроб са стала і ўсыпаў у рот крошкі, аблізаў губы. Не хапала яму толькі клопату гадаваць чужое дзіцё і пыніць чужую гаспадарку, не бачыць свету белага, каб некалі старога выкінулі за лапу на двор, як жабу.

— З варывенькі зраблю хатку. Колькі чалавеку трэба.

— Я ж пляц твой засеяла!

У Тэклі выпала з рукі ў кош напалову абабраная бульбіна.

— Што тваё, тое выбераш. Мне дасі насення на развод... Ну сяго-таго з гаспадарскага начыння пазычыш.

Тэкля з палёгкаю ўздыхнула, узяла бульбіну, павярнулася да Ігната плячыма і нязлосна буркнула:

— Ну пажыві, пажыві ў варывеньцы.

— Людзі і ў паграбах жывуць.

— Я ж кажу — пажыві.

У Тэклі адлягло ад сэрца, што Ігнат нічога не спаганяе, але не надта хацелася, каб ён хадзіў пазычаць.

А Ігнату хацелася гаварыць альбы-што, але гаварыць многа і весела, з упэўненасцю ў сваёй праваце. Аднекуль з’явілася яна, гэтая ўпэўненасць, калі пачуў, што няма Стахвана, быццам ён, Ігнат, абмануў суседа, перахітрыў і яшчэ многіх перахітруе.

Выходзячы, Ігнат узяў з прыпечка кавалак тачыла, аб які некалі тачыў сякеру, калі збіраўся ехаць секчы дубы.

Тэкля нічога не сказала, быццам не заўважыла, толькі перасмыкнула плячыма.

Пераначаваў Ігнат пад яблынькаю ў садзе, на кучы сухога зелля. Раніцаю распаліў невялічкі агеньчык, напёк у прысаку маладое і дробнае яшчэ бульбы, нашчыкаў на градзе цыбульнага пер’я.

Пад страхою ў варывеньцы знайшоў сякеру. Яшчэ да вайны была падаткнёна пад страхою, каб на патрэбу не ісці ў падпаветку. Сякера ядавітая, вострая, толькі што расколаны абушок.

Раскаціў абгарэлае бярвенне, выбраў цалейшае, абчысціў ад вуголля. На другі дзень акуратна раскрыў варывеньку. Салома была цэлая, моцная, з тоўстага, як чарот, жыта. Пасля абеду схадзіў у поле, на лужок, нарваў і паслаў, каб высах, мох.

А потым клаў вянец за вянцом, падымаў зруб варывенькі вышэй, выразаў дзверы і два акенцы.

На чацвёрты дзень ставіў кроквы, тыя самыя, што былі на варывеньцы. І на чацвёрты дзень зайшоў да яго калгасны старшыня, адзін на ўсю вёску «здаровы» мужчына Ясюткаў Паўлік, кульгавы пасля фронту.

Ігнат чакаў Паўліка яшчэ ўчора, калі той павінен быў вярнуцца са Слуцка, куды яго выклікалі. Да Паўліка ў Ігната пабылі ўсе аднавяскоўцы, жанкі быццам незнарок прыпыняліся на вуліцы, віталіся. Больш настырныя спрабавалі пачаць гаворку, распытваліся ў Ігната, дзе быў, што рабіў. Ігнат не пераставаў длубаць сякераю, адказваў коратка і нехаця: от партызаніў, ранены быў цяжка, а цяпер жыць вярнуўся, быццам не чуў пытання, нашто збіраецца жыць у варывеньцы, пажыў бы ў каго, пакуль пабудуецца.

Самыя змысныя жанчыны здагадваліся, што ў галаве ў Ігната не ўсё так як трэба.

— Здароў, дзядзька Ігнат! Пакуль я да начальства з’ездзіў і назад дабраўся, ты хату сабе зрабіў, ядры яго качалку. Аднаму хоць разарвіся. Ты ў партызанах быў? Руку там табе скалечыла? А мяне мінаю.

Шустры Паўлічак, якога Ігнат памятаў яшчэ хлапчуком, не мог спакойна стаяць на адным месцы, таптаўся, прысядаючы на адну нагу.

— Напрасна ты гэту будку робіш. Пажыў бы пакуль што ў каго, а потым і добрую хату справіў. Мы з табою цяпер будзем і начальствам, і рабочаю сілаю. Я старшыня, ты брыгадзірам будзеш. Мяне пра Тодара распытвалі. Стахван быў у паліцыі, яго злавілі, а ён і прызнаўся, што Тодар кантору падпаліў, і спіскі калгас дзяліць ён напісаў... Да вайны ён многа грошай накраў, а таму і спаліў кантору. От як яно, ядры яго...

Ігнат сядзеў, звесіўшы ногі, на сцяне, зверху глядзеў на Паўліка.

Той сапхнуў на патыліцу пілотку з цёмным пятнячком на тым месцы, дзе была зорка, весела глядзеў знізу ўгору, нібыта абяцаў нешта лёгкае і вясёлае.

— Не выхадзіўся я яшчэ,— нехаця сказаў Ігнат.— Здароўя ў мяне не засталося.

— У каго яно цяпер, тое здароўе? Але жыць трэба, рабіць.

— Я сваё адрабіў. На мой век многа не трэба. Сторажам пайду, а не — коней буду пасвіць.

— Як гэта?.. Ты што кажаш?

Павел замітусіўся, заштыльгаў туды-сюды.

— Разруха... Мы ж вайну канчаем, ядры яго, а ты...

— Канчайце. Жывеце. А я пагляджу.

Паўлік закруціўся на месцы, быццам яго зверху стукнулі па галаве. Бледны твар яго загарэўся яркаю чырванню:

— Цьфу! Я думаў, ты партызан, а ты... Чыгуніла ты! Ядры яго кабылу!

Паўлік хацеў яшчэ нешта сказаць, такое, каб Ігнат век памятаў.

Ігнат не чакаў, пакуль ён скажа, зацюкаў сякераю, і не чуў, калі Паўлік пайшоў...

* * *

Адыходзіла разам з цяплом восеньская прыгажосць лесу і поля. Халаднавата цягнула ўначы паўночным ветрам. На лужках у полі вялікімі чародамі начавалі шэрыя пералётныя качкі. Яны спяшаліся. За імі ішлі халодныя дажджы, якія вымачаць парыжэлыя бакі аселіц і лугоў, абарвуць апошняе лісце і кінуць яго ў халодную рэдзенькую гразь.

Ігнат не выходзіў сядзець на каменьчыку. Выпаўзаў з хаты, каб толькі пакарміць парсюка. Адзяваў ватнія штаны, калашыны якіх выпускаў паверх ботаў, на галаву — старую, пашытую з аўчыны, шапку.

За некалькі асенніх тыдняў ён асунуўся, ніжэй прыгнуўся да зямлі, і вочы ўсё нешта неспакойна шукалі. Не стала сілы, і цяжкія невясёлыя думкі прыйшлі ад таго, што не хацелася яму есці, не пайшла на душу ні капуста, ні сала, ні буракі, быццам нешта перасохла ўсярэдзіне. Толькі ўзвар піўся. Ігнат мусіў быў ісці да Паўла, прасіць, каб даваў пакрысе малака. Ігнат хацеў заплаціць грошы, але Павел адмовіўся, толькі зморшчыўся —не трэба мне ні твае грошы, ні той твой пляц. Ігнат толькі тады зразумеў, што і дапамагаў яму Павел не ад зайздрасці, а ад жалю, і яму надакучыла дапамагаць.

Сабака не кожны раз выходзіў за гаспадаром на двор, на холад і гразь; Ігнат, вяртаючыся ў хату, цадзіў скрозь зубы: «Падла!» Ён не мог спакойна глядзець на Босага. У грудзях уставала незразумелая глухая злосць, і Ігнату думалася, што сабака перахітрыў яго, перажыве. І ад таго, што перажыве, Ігнат не мог супакоіцца...

Яму не спалася, балела ад ляжні цела. І разам са слабасцю ў целе прыйшла саслабеласць душы, быццам счахла і яна без сала і капусты, на якой жыла дасюль.

Думкі вярталіся да перажытага, а яно аказалася кароткае, памятнае страшнымі выпадкамі: смерць бацькі, пажар, вось і ўсё памятнае, адметнае, а потым доўга-доўга два маленькія акенцы і гнілаваты сыры пах варывенькі, гэтакі ж, як і пах выкапанае на могілках ямы.

Аказалася, што не ён абмануў людзей, а яны яго. Выбудаваліся, жывуць і будуць жыць, бясконца. І не паглядзець на іх звысоку, не пацешыцца іх мукаю, наадварот, быццам ён сам недзе глыбока ўнізе, а над ім ідуць, ідуць...

Ён засынаў, прачынаўся і не ведаў — ці гэта думалася, ці снілася.

Сабака спачувальна глядзеў на Ігната, калі той стагнаў і варочаўся з боку на бок, жаласлівымі вачыма.

Ігнат пачуў, як бразнула клямка ў дзвярах, не ўстаючы запытаўся:

— Хто там?

— Я, дзядзька, малако прынёс.

Ігнат пазнаў Паўлава сына, які прыносіў яму малако.

— Мама казала, каб вы аддалі той збанок, што я ўчора вам малако прыносіў.

Хлапчук паставіў на стол збанок, накрыты лісцікам чыстае паперы.

— Гэта ж я забыўся.

Ігнат устаў, дастаў з шахаўкі збанок, баўтануў у яго з вядра вады — спаласнуў — укінуў акрайчык хлеба. Глядзеў на падлетка, танклявага, цыбатага, у пінжаку з прыкараткімі рукавамі — і постаць, і тварам ён быў якраз, як Стахван, толькі меншы, быццам гэта сам Стахван прыйшоў да яго ў абліччы свайго ўнука, абмануўшы Ігната зноў.

— Як баба твая, Тэкля як?

— Здаровая. Яшчэ і ў печы паліць. Камандуе,— засмяяўся хлапчук.

Ад яго смеху Босы дзяўкнуў спрасонку, Ігнат аж сцепануўся ад нечаканасці, і раптам думка праклюнулася ў галаве.

— Хочаш, я дам табе стрэльбу. Ляжыць у мяне недзе.

У хлапчука ад нечаканасці заняло дыханне.

— Аддам. Толькі сабаку мне застрэль, а то я сам не магу. А ён яшчэ ашалее ад старасці...

Коля забыўся пра збанок і гатоў быў бегчы дадому.

— Ты заўтра, пасля школы прыйдзі. Я пашукаю, дзе яна.

Калі хлапчук пайшоў, Ігнат запаліў лямпу, стаў на калені і пачаў перабіраць пад палком анучы, рыззё — старыя гумы, валёнкі, лямцы аўчыны, якая спарахнела і рассыпалася ў руках. Пад нізам абмацаў прыклад стрэльбы. Яна не заржавела зусім, некалі добра змазаная тавотам. Ігнат адчыніў замок, асцярожна, трымаючы за ствол, пастукаў прыкладам па зямлі. Стрэльба з тонкім віскам пераламалася. Ігнат на калена зачыніў стрэльбу, адняў цаўё, потым ствол, узяў з прыпечка кавалак цагліны, аб які вастрыў нож, пачаў адціраць іржу. Анучкаю выцер карычневы пыл, узяў з міскі кавалак варанага сала, змазаў стрэльбу, сабраў, злажыўся — рукі дрыжалі і не відна была мушка.

Ігнат стомлена выцер пот.

Сабака драмаў пад сталом, роўна падымаліся і апускаліся худыя бакі.

Ігнат не мыў рук, выцер аб штаны, даеў сала з міскі, выпіў за раз паўзбанка малака. Апетыт з’явіўся, быццам гэта і на самай справе сабака не даваў яму жыць, а цяпер адпусціць душу, калі яго не стане на зямлі. Ігнат кінуў яму пад стол кавалак сала, якім мазаў стрэльбу.

За ноч Ігнат ні разу не прачнуўся, спаў, як і некалі.

 

Ігнат ішоў наперадзе. Побач на повадзе са старога канаплянага пастронка ішоў Босы, час ад часу патрэсваў галавою: з самага маленства ён не насіў аброжкаў.

Следам за Ігнатам, трапляючы ў яго сляды, ішоў Коля ў тым жа кароценькім пінжачку з чарнільнымі плямамі на рукаве, з пачырванелымі ад холаду пальцамі трымаў стрэльбу.

Спыніўся Ігнат ля старое засохлае вішні на ўзмежку, прывязаў сабаку, аддыхаўся, адвярнуўся ад ветру, які сек дробненькім, як пыл, халодным дажджом. І гэтым халодным вільготным пылам працінала наскрозь, ад яго халадзела ўсё ўсярэдзіне.

Коля, ссутуліўшыся, цёр адна аб адну рукі і дыхаў на іх, каб крыху адагрэліся. Глядзеў на Ігната, на холадзе твар у якога пасінеў да чарнаты, а на сівай барадзе, як на звярынай пысе, бялелі дажджавыя кроплі.

Ігнат адышоў ад сабакі і махнуў рукою.

Стрэл прагучаў глуха, заслалася наперадзе дымам, і ў гэтым дыме завішчаў сабака.

Коля разгублена пазіраў на Ігната, быццам не разумеў, што здарылася, і чаму сабака круціцца на адным месцы, хапаючыся зубамі за бок, з якога тоненькім высокім струменьчыкам біла кроў.

— Бі! Бі! — азвярэла закрычаў Ігнат, адчуваючы, што сабака можа ўцячы, бо лопнула гнілая вяроўка, выхапіў у Колі стрэльбу і, трымаючы за ствол, ударыў, але не патрапіў па галаве, а па спіне, сабака рвануўся прэч, і другі раз прыклад плюхнуў у перамешаную з крывёю гразь, пырскі свіснулі на твар Ігнату, але ён не адчуў, анямела глядзеў, як уцякаў сабака, цягнучы за сабою кавалак мокрае вяроўкі.

Ігнат не бачыў, як у жаху адступіўся ад яго Коля, толькі цяпер па-чалавечаму зразумеўшы, што яго прымусілі зрабіць, як ён кінуўся прэч, прыгнуўшыся, быццам яму хацелі стрэліць у плечы...

Ігнат доўга ішоў дахаты, прыпыняўся, аддыхваўся, а ў хаце адразу ж упаў на палок, быццам у ім раптам не стала касцей і нельга было трымацца больш на нагах. Адчуваў вільготны холад, які працяў усё цела і не адпускаў тут, у хаце. Глядзеў на чорную, як у кузні, столь. І потым яму снілася гэтая густая чарната...

 

Ён не чуў, як з апоўначы ля дзвярэй тонка скуголіў Босы, залізваў раны ад качынага шроту, і зноў скуголіў, пакуль не прыйшоў ад магазіна аднавокі вартаўнік Антось, не зайшоў у хатку, доўга чыркаў запалкай, угледзеў мерцвяка, кінуў запалку, вобмацкам выйшаў на двор, узяў сабаку за вяроўку і павёў за сабою.

Пакінуў Босага ў сваёй старажоўскай будачцы з печкаю, зробленаю з парожняе бензінавае бочкі-двухсотлітроўкі, і пайшоў да паштальёнкі, каб сказала заўтра ў сельсавеце, што памёр Чыгун і каб далі загад пахаваць яго.

Загад назаўтра далі, брыгадзір напісаў мужчынам нарад выкапаць на могілках яму, зрабіць труну, папрасіў старых, каб абмылі і прыбралі цела.

Работу рабілі скора, і ні ў кога не было нават таго шкадавання, якім шкадуюць мёртвую звярыную душу, толькі жаданне скарэй скончыць непрыемную работу, нібыта пераносілі мёртвае цела з аднаго месца на другое.

Напрадвесні загадалі Паўлу раскідаць на дровы хатку і хляўчук, а потым бульдозерам, які ішоў падсыпаць дарогу, зраўнялі ўсё так, што не засталося і следу, толькі чатыры цяжкія камяні на зямлі, ссунутыя ў адно месца.

 

1973


1973