epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Жук

Ісці доўга...

Старшына звыштэрміновай службы Юра Спіцын ведаў, што не скора выберацца дадому з гэтага скрозь прамоклага, адсырэлага лесу, беднага, разбрынялага ад вільгаці суглінкавага поля, удоўж і ўпоперак парэзанага глыбокімі каляінамі.

І вясна зацягнулася, хоць пачыналася ранне і цёпла: скора сышоў з поля снег, наплылі вільготныя цёплыя туманы, млявая, добрая прыцішанасць ахіляла зямлю, і яна запахла моцна, хоць і не зусім адпусцілася. Холад не саступіў свайго — задажджыла, потым лёг ненадоўга мокры снег, і «коцікі» на вябре, якія намякнуліся паказацца на свет, прытаіліся, чакалі цяпла, дасюль такога ласкавага і шчодрага сонца. Тады густа дыміўся ў яловым гушчары злеглы, пачарнелы снег, і здавалася, што заплыў туды і застаўся назаўсёды густы восеньскі туман. Пакрысе, неўпрыкмет выгарнуліся «коцікі», і да вербалозу пацягнулі раннія пчолы...

Старшына ўжо шостую вясну запар сустракаў на палігоне, а ў войску семнаццаты год; пабыў і камандзірам гаспадарчага ўзвода, і старшыной роты, і загадчыкам склада, але нідзе па столькі год не затрымліваўся на адным месцы і нідзе так не ляжала да сэрца работа, як гэтая, на бранядроме, начальнікам якога ён быў прызначаны. Ці то пастарэў і не хацелася лішне турбавацца, ці з гадамі прачнулася балючая памяць сэрца — ніколі не забывае яно той дол, па якім упершыню ступілі твае ногі! А тут гэтакі ж малады сасоннічак, дробны беразняк, невялічкая дуброва і бедная лесавая зямля, пасыпаная ігліцаю, пакрытая невялічкім, сухім, нібы лішайнік, мохам, пад якім у дажджлівую восень хаваюцца жаўтавата-зялёныя, як кветкі, зялёнкі.

І не толькі работа трымала Спіцына неадлучна на палігоне: можна вырвацца дадому на дзень, на суткі, толькі захацець трэба, але якраз і не было гэтага хацення.

А ехаць ёсць куды: сын, жонка, кватэра. Гэта не прыватныя пакойчыкі з пажаўцелымі шпалерамі, керагазамі на кухні, сабачым холадам узімку, калі сынаў ложак акрываў кажухом. Не было тады ні рэчаў, ні гарнітураў, ні вялікага акладу... і доўгіх камандзіровак, і не любіў ездзіць далёка, надоўга.

Пасля абеду зацерусіўся ласкавы дождж, і здавалася — убачыш, як на галінках бяроз расхінуцца пупышкі, засвеціцца маладая зеляніна, а раніцою, калі ад дажджу застанецца толькі вільготная смуга, падыме насустрач сонцу цяжкую галоўку сон баравы.

З-за дажджу не ішла работа на бранядроме. Цішыня ў каманднай вежы, дзе на першым паверсе ў двух вучэбных класах спала, радая перадышцы, палігонная каманда.

Трэці клас заняты пад лабаранцкую. Стол, старая тахта, невядома адкуль узятая Юравым папярэднікам, паўз сцены на падлозе бухты электрычнага кабелю, скрынкі з цвікамі, інструментамі, бляшанкі з фарбаю...

Юра прылёг на тахту, выключыў старэнькі «АРЗ», заплюшчыў вочы.

...Ціха і адзінока, як у старым доме, дзе ніхто даўно не жыў. І дом прывык да цішыні, прапах вільгаццю, пылам... Ды і Юра не вайсковец, а брыгадзір электрыкаў, якія вядуць лінію па лесе, ставяць чыстыя смаловыя слупы, цягнуць дрот, жывуць у закінутай сярод лесу хаціне. Скончыліся крукі і ізалятары, хлопцы пайшлі ў вёску, за восем кіламетраў, а ён застаўся адзін, бо трэба будзе прыняць гэтыя крукі і ізалятары, хоць невядома, калі іх прывязуць... І ён зайздросціць хлопцам, быццам пайшлі яны па шчасце...

Тады ён не думаў, што застанецца ў войску, толькі пачыналася жыццё, і ў сэрцы жыла светлая і трывожная радасць. А цяпер спакойна, роўна сплываюць у небыццё дні, нібы сагнаў даўно смагу, а ўсё цягнеш сцюдзёную да ламаты ў зубах крынічную ваду.

Некалі гэтак, як лабаранцкая, пах стары драўляны дом, дзе яны жылі перад тым як атрымаць кватэру. Ля самага парога старыя яблыні і вішні, пад якімі ніхто не ўскопваў зямлю на грады, сад зарос ніколі не кошанаю травою, у якой густа ўзяўся дзьмухавец, цвіў цэлае лета сонечнымі кветкамі, потым бялеўся круглымі лёгкімі галоўкамі. Сярожа, малы зусім, нязграбны, як мядзведзік, тупаў ад бацькі: адзеты ў беленькі касцюмчык, ён здаваўся гэткім жа чыстым і лёгкім на зялёнай зямлі, як дзьмухавец. Сыну было шчасліва ад неспазнанага свету травы і дрэў, бацьку — ад блізкіх і чыстых вачэй сына, у якія не заплылі і не застылі ценем ні крыўда, ні здзек, ні жорсткасць. І ў Юры балела сэрца за гэту чыстую душу, на якую столькі нарыхтавана ў жыцці, і яму здавалася, што, калі не будзе яго побач, нешта страшнае здарыцца з сынам — і ніхто, акрамя яго, не дапаможа малому!..

Юра ўстаў з тахты, накінуў на плечы шынель. Не зашпіліўся, закурыў; быццам са злосці, штурхнуў і моцна зачыніў за сабою дзверы, холадна сутуліўся, гулка стукаючы ботамі па зваранай з арматурных прутоў лесвіцы; падняўся на другі паверх, пастаяў на тэрасе, паглядзеў на флагшток, дзе трэба замяніць лямпачку ў чырвоным ліхтары. Азірнуўся навокал — знаёмы сасоннік, засмучаны і вільготны за дажджом і туманам, поле... На «змейцы» не гараць сігнальныя ліхтары, але ж не пойдзеш у дождж капаць, шукаць, дзе той разрыў.

Паволі, нібы лічыў прыступкі, сышоў уніз; у лабаранцкай агледзеўся навокал, спатыкнуўся позіркам на акуратна пагабляваных рэечках — з іх трэба было зрабіць шаблоны рознай даўжыні: на тры, пяць, на сем метраў. І нібы была гэта самая неадкладная работа, і ніхто, акрамя яго самога, не мог зрабіць бы яе, выцягнуў рэйкі на сярэдзіну пакойчыка, няспешна размячаў алоўкам, а калі скончыў — адчыніў бляшанку з чырвонаю фарбаю, размяшаў яе, выстругаў нажом трэсачку і акуратна выводзіў на рэйках лічбы. За гэтаю спакойнаю, няспешнаю работаю ішоў час, заціхла трывога...

— Можна, таварыш старшына?

Кухар, высокі, худы салдат у пачарнелай ад дажджу фуфаечцы, якая, мабыць, наскрозь прамокла, пакуль хадзіў ад вежы да паднавесніка з паходнаю кухняю, стаяў на парозе з пустою каструляй у руцэ.

— Вада скончылася, таварыш старшына.

— Ты што? А людзей чым карміць будзеш?

— Не, на вячэру хопіць, я заліў у катлы. На раніцу трэба.

— На раніцу не бяда. Скажы Мустафаеву, хай заводзіць машыну.

І ўжо спяшаўся, быццам Мустафаеў мог паехаць без яго; радаваўся і думаў, што добра якраз падышло, можна заехаць дадому, пабыць з сынам, застацца...

Выклікаў сержанта і загадаў прыняць камандаванне да заўтра, да ранку.

Дарогаю ўсміхаўся сам сабе, і не з таго, што Мустафаеў, калі машына ледзь узбіралася на пагоркі, прыцмокваў, падштурхваў рукамі ў баранку, нібы падбадзёрваў каня...

Яшчэ пабыў ля качагаркі, пакуль Мустафаеў наліў палову цыстэрны — поўную не давезці,— памог зачыніць люкі і пайшоў скора; прыпыніўся толькі ля дзвярэй кватэры, аддыхаўся, пазваніў, і па тым, як лёгка пратупалі да дзвярэй, здагадаўся, што дома толькі сын.

— Татка!

Юра падняў малога на рукі і настылаю шурпатаю шчакою адчуў, якая цёплая сынава шчака і які ён увесь кволы. Сын заварушыўся, каб вызваліцца, і Юра апусціў яго долу.

— Ты мне што прынёс?

Сын глядзеў у вочы сур’ёзна, нібы гэта самае важнае.

— А колькі двоек зарабіў?

— Не!

— Кулямётную стужку.

— Праўда?

— Праўда.

І сын працягнуў руку, чакаў, пакуль Юра даставаў стужку з кішэні, і са стужкаю адразу знік у пакоі — прымераць перад люстэркам, як будзе ляжаць яна на грудзях крыж-накрыж, нібы ў маракоў.

— А дзе мама, Сярожа?

— У іх педсавет сёння... А калі ты мне веласіпед паправіш?

— Сёння і папраўлю. Зараз.

Тая радасць, якая пачалася на палігоне, калі кухар сказаў, што трэба ехаць па ваду, свяцілася ў душы, і ўсё на свеце было проста і лёгка.

— Я вазьму ліхтарык, пасвячу.

— А мы сюды прынясём, у хату.

— У хату? А мама... Дыван жа...

— Пакуль я прынясу, ты на дыван газет насцялі. Давай.

Юра схадзіў у падвал, узяў сынаў веласіпед, спіцы, якія яшчэ зімою купіў і дасюль не сабраўся пераспіцаваць кола.

Старыя спіцы ён перакусваў пласкагубцамі, устаўляў новыя, нацягваў па першаму разу слабей, а калі замяніў усе, прайшоўся яшчэ раз, падцягнуў так, як павінна быць,— рука ў яго трэніраваная на такую работу, і пасля не трэба «выганяць васьмёрку». Ён спяшаўся скончыць работу, пакуль вернецца Валя, каб потым памыцца і глядзець тэлевізар, пасля разам вячэраць, згодна і спакойна, каб не прапала радасць у душы, пра якую чамусьці з гадамі забываюцца людзі і гавораць, што сталі сур’ёзныя, дарослыя...

Сын засяроджана пасопваў побач, набіваў непаслухмяныя гільзы ў стужку, час ад часу адкідваў з ілба даўгаваты чубок.

— Тата, а ў цябе наган ёсць?

— Ёсць.

— А чаму ты яго не бярэш дадому?

— Ён мне не трэба.

— А я, як вырасту, буду насіць наган.

— Нашто?

— Страляць зайцоў.

Сярожа падперазаўся стужкаю, перакінуў канцы на плечы, каб стужка перакрыжоўвалася на грудзях. Для поўнага шчасця яму не хапала толькі сапраўднага нагана.

— Раненыя зайцы, сын, плачуць, як дзеці.

— Плачуць?

Сінія сынавы вочы глядзелі недаверліва, чуць таргануліся вусны, як і некалі, даўно, калі ў тры гадкі запомніў сын, што ходзіць коця па балоце, што памарозіў ён лапкі. Тады малому да слёз шкада было свайго рыжага ката, які не начуе ў хаце, а ходзіць па балоце...

— Я ўсё роўна буду насіць наган.

Сын нахіліў галаву і глянуў на бацьку спадылба.

Юра нічога не сказаў, падпілоўваў напілкам канцы спіц, якія тырчалі вышэй гаечак, і не пачуў, калі ўвайшла Валя, разувалася.

— Што вы нарабілі!

Яна стаяла на парозе ў зялёным шарсцяным гарнітуры, хударлявая, маладая, са свежым ад халоднага ветру тварам. Юра паглядзеў на яе знізу ўверх, і яна не адчула ягонага позірку, ківала галавою: веласіпед, пакрышка, камера, іржа.

— Нічога, маці, перажывём.

Юра абняў жонку за ногі.

— Тут жа табе не палігон...

Валя вызвалілася, адышла да парога.

— Канчайце і самі прыбірайце.

Яна чуць усміхнулася вуснамі — калі ўсмешка была шчырая, на шчоках азначаліся ямачкі.

Сярожа, пакуль маці гаварыла з бацькам, насцярожана прыціх ля трумо, скруціў стужку і засунуў за канапу, абтрос на грудзях рубашачку.

— Тата, пайшлі, у падвале кончым. Я пасвячу.

— Усё, сын, зараз гатова.

— І надумаліся вы гразь дзе трэсці...— дабрадушна буркнула Валя, зайшла зноў у пакой, на хаду зашпільваючы халацік.

— А ты гэта чыстую рубашачку так выквацаў!

Сярожа не паспеў адступіцца, і тонкія пальцы моцна трымалі за чуб.

— Не мог другую надзець? Колькі разоў табе гаварыць! А заўтра пойдзеш, каб мяне людзі абгаворвалі? Я ж за табою не настаю, не намыюся!

Сярожа раптам ірвануўся так, што, мабыць, на вачах ад болю выступілі слёзы. Валя памкнулася следам, спатыкнулася на пакрышку.

— Панакідаў тут!..

Ляпнулі дзверы, і ўніз па лесвіцы лёгенька затупалі.

— От дзіцянё праціўнае! Куртку на тубарэтку кладзе, каб уцячы.

Юра прамаўчаў, толькі тоненькі гарачы струменьчык закрывавіў у грудзях, як тады, калі сыну было два гадкі, ён гуляў вакол бацькі, кружыўся. Юра толькі падумаў, што сын упадзе, стукнецца аб стол,— і не паспеў ступіць крок, як малы ўпаў. У Юры апала сэрца, калі ён падхапіў яго на рукі, жывога, сцятага ад болю і крыку, які ніяк не мог вырвацца з грудзей. З тонкай, глыбока рассечанай ранкі амаль ля самага віска пацякла кроў. У Юры тады калаціліся рукі, пакуль абмазваў ранку ёдам, прысыпаў стрэптацыдам, прыклейваў пластыр, каб стуліць ранку і каб потым не засталося рубца. І пасля, калі ён думаў, што нейкага паўсантыметра б... Нават цяпер Юра выцер рукою лоб, нібы на ім выступіў халодны пот.

Валя грукала на кухні посудам, яшчэ гразіла на сына.

Юра паспешна зманціраваў кола, сабраў ключы, узяў раму і пайшоў на двор.

Сын чакаў яго ў пад’ездзе. У расшпіленай балоневай куртачцы, без шапкі, чуць ссутуліўшыся, паглядзеў на бацьку вінавата і скоса, быццам няёмка адчуваў сябе за ўсё, што было ў хаце.

— Ты не мерзні, ідзі дадому...

— Не, мне не холадна. Я пасвячу.

— Вы без мяне так часта ваюеце?

— Не... Мама скора забудзе.

І зноў у сынавым голасе — здалося —былі засмучэнне і няёмкасць.

Сын свяціў, пакуль Юра ставіў кола ў раму, нацягваў ланцуг, і ў скупым святле Сярожаў твар здаваўся яшчэ худзейшы, тоненькія пальцы стылі на ліхтарыку.

Юра не вытрываў, узяў сынаву руку — скура ля пазногцяў пазадзіралася, а на вялікім пальцы пачырванела.

— Скура пазадзіралася, нарываць яшчэ будзе.

— Не, так было ўжо.

— Халоднаю вадою трэба прыкласці. Худы ты, сын, як верабей зімою.

Юра пагладзіў сына па галаве.

Калі яны вярнуліся ў кватэру, Валя яшчэ марудзіла на кухні, не выйшла, нічога не сказала на Сярожу. І яны ўдвух мыліся ў ваннай. Потым уключылі тэлевізар; Юра лязом ад брытвы зрэзваў на сынавых пальцах скуру, якая пазадзіралася. Сын сядзеў побач, сцішаны і цёплы, як кацянё, і забыўся на тую нядаўнюю крыўду, а бацьку было добра ад сынавай даверлівасці...

— Стужку я схаваю ў падвале...

— Забылася маці на тваю стужку...

— Не-е. Выкіне, як угледзіць. Ты мне дай свой ключ ад падвала.

— Дома ж ёсць.

— Мне свой трэба.

— Каб браць веласіпед, калі захочацца?

Сын не адказаў, толькі ўздыхнуў і не стаў прасіць больш ключа — усё роўна бацька здагадаўся нашто і не дасць.

— Дам табе ключ. Толькі позна не гуляй і слухай маці.

Сярожа недаверліва паглядзеў на бацьку — ведаў, што ключа не будзе, толькі адгаворка.

— Хваціць вам там шушукацца, есці ідзіце.

— На кухні будзем?

— Ты ж, можа, дадому прыехаў, а не ў госці. На дыван наляпаеце.

За невялікім кухонным столікам, які стаяў у кутку, з аднаго боку прымасціліся Юра з Сярожам. Валя жартам пагразіла:

— Прысебрыўся ўжэ? Будзеш вытвараць абы-што, то дам!

Малы толькі ўсміхнуўся.

Не ўстаючы з табурэткі-трыножкі, Валя дастала з буфета адкаркаваную бутэльку віна, чаркі.

На невялікім далікатным твары толькі крыху болей стала маршчынак, а вочы гэтакія ж, як і ў дзяўчыны некалі, чыстыя, сінія, і глядзелі роўна і спакойна і на Юру, і на талерку з кілбасою...

— Знаеш, бацька, сустрэла сёння я Лену.

Юра не абазваўся: калі «бацька», то нешта трэба будзе даставаць, купляць. А Лену, з якой некалі яшчэ на прыватнай кватэры жылі па суседству, ён недалюбліваў — высокая і худая, як выжла, яна, здавалася, не глядзіць, а нешта выглядае, вывіжоўвае.

— Яна трохпакаёвую адхапіла ў горадзе. Разадзетая, хоць і худэрбіна, як і была.

— Ад скнарасці ўсохла,— абазваўся Юра.

Ён глядзеў, як сын спяшаўся есці, і падумаў, што пасля снедання малы, мабыць, так нічым і не пажывіўся — прабегаў з хлопцамі, рабіў урокі, каб не папала ад маці. І ў Юры зноў зашчымела ў грудзях ад беззваротнасці тых дзён, у якія ён не бачыць сына...

Сярожка ўстаў з-за стала, стоячы выпіў кампот.

— Тата, я на тваім ложку лягу.

— Лажыся.

— Слухай жа: у яе знаёмыя ў магазіне. Дыван можа запраста дастаць. У аўторак трэба пад’ехаць.

— Чай ёсць?

— На пліце. Налі сам.

— Нашто нам дыван, адзін ёсць.

— Есці ж не просіць. А дзе ты, як трэба, дастанеш? Лянуешся паварушыцца? Каб сама паехала! Не мужчына, а...

Сінія вочы глядзелі холадна, і, каб быць добрым, трэба ехаць па дыван...

Юра не дапіў чай, выйшаў на лесвічную пляцоўку, закурыў, падышоў да акна, працёр запацелае шкло, быццам нешта можна ўбачыць у густой чарнаце...

Калі вярнуўся ў кватэру, сын заснуў ужо на яго ложку, прыадкрыў рот, нібы ўсміхаўся, і сон быў моцны і шчаслівы. Коўдра спаўзла долу, худзенькія плечы агаліліся. Сын часта раскрываецца спрасонку і, мабыць, мерзне начамі — Валя спіць моцна.

Юра прынёс два крэслы, прыставіў да ложка, паправіў коўдру, нахіліўся, пацалаваў сына ў шчаку, выйшаў у пярэдні пакой і адчуў, што больш яму няма чаго рабіць дома: падумаў, што Валя зноў будзе настырыцца, каб ехаў па дыван, трэба будзе нешта выдумляць, адгаворвацца, і яна пачне сварыцца...

Юра ўссунуў на ногі боты, апрануў кіцель.

Валя выглянула з кухні. Адзін канец ручніка перакінуты цераз плячо, другім выцірала талерку.

— Ты хіба не астаешся?

Юра заўважыў, як на нейкае імгненне на яе твары горка сышліся маршчынкі да куточкаў губ, разгублена і бездапаможна глянулі вочы, і ён паволі зашпільваў шынель, чакаў, што яна скажа, каб аставаўся, і ён астанецца...

— Табе палявыя хоць заплоцяць, ці так сядзіш?

— Заплоцяць. Ну, я пайшоў.

Валя вярнулася на кухню, а ён успомніў недаверлівыя вочы сына, асцярожна паклаў у кішэню балоневай куртачкі ключ ад падвала.

У пад’ездзе пастаяў, закурыў. І адчуў, што стаміўся, і цела не лёгкае і маладое, і на душы даўняя адзінота, да якое пара прывыкнуць, змірыцца, і тады менш будзе гэтых крыўд, як і сонца ў асенні кароткі дзень...

Уздыхнуў, паглядзеў у цемру і падумаў, што ісці трэба многа і доўга.

 

1973


1973