epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Жук

Не забывай мяне

І
ІІ
III
IV
V
VI
VII
VIII
ІХ
Х
ХІ


І

Дзяўчына стаяла, падняўшы руку, на абочыне дарогі. Невысокага росту, у белай кофтачцы з кароткімі рукавамі, у чорнай спаднічцы.

Загацкі зняў нагу з акселератара, паклаў руку на зробленую з арганічнага шкла галоўку рычага пераключэння хуткасці, паказаў правы паварот, перайшоў з другога рада ў першы. Ён усміхнуўся, што на дарогу будзе маладая спадарожніца, адхіліўся, замкнуў з сярэдзіны заднія дзверцы, прытармазіў якраз ля дзяўчыны.

— Калі ласка!

Нават не спытаўся, куды дзяўчыне ехаць.

— Да Слуцка? — запыталася дзяўчына.

Загацкі моўчкі кіўнуў галавою.

Краем вока Загацкі згледзеў, што да машыны падалася і цётка, якую ён спачатку не заўважыў. Яна падхапіла карзіну, накрытую вылінялаю клятчастаю хусткаю. Загацкі ведаў, як будзе сядзець цётка ў яго за плячыма, цікавасць і на яго, і на дзяўчыну, а потым пачне трэсці і лічыць медзякі, каб разлічыцца з ім.

Загацкі рэзка адпусціў счапленне, і машына ўзяла з месца рыўком. Ледзь не заглух матор.

Спадарожніца ад нечаканасці адкінулася да спінкі сядзення, азірнулася, угледзела цётку, якая засталася стаяць на ўзбочыне дарогі, ківала галавою і нешта гаварыла. Дзяўчына зірнула на Загацкага і ўсміхнулася.

Загацкі не падаў выгляду, што бачыў цётку і што разумее ўсмешку дзяўчыны. Ён засяроджана абагнаў некалькі машын. Злосна думаў пра цётку. Сапсаваўся настрой, добры і лагодны, з якім выязджаў з дому. Пуцёўку яму на поўдзень не дасталі, але перад саслужыўцамі Загацкі не падаў выгляду, што гэта зрабілася не па яго волі, успомніў пра свайго аднакурсніка, які жыў і рабіў у раённым горадзе, пра ягонае запрашэнне пагасціць. А той якраз выязджаў у адпачынак, у госці да сваіх бацькоў. І вось едзе, як сказаў жонцы, адпачыць у вясковай цішыні і адзіноце. Хаця сам не ведаў, навошта яму гэтая адзінота. Але не саступаў са свайго — што стаміўся, што яму трэба спакой і цішыня. У адпачынак Загацкія ездзілі па аднаму. Загацкі нават любіў і пахваліцца гэтаю сямейнаю дэмакратыяй. Ён браў сабе ў заслугу, што ў сям’і жыццё ідзе ладам, нават на зайздрасць знаёмым. Некалі ён гэтаксама, як і многія ў маладосці, хацеў нечага незвычайнага і ў рабоце, і ў сямейным шчасці, якога — цяпер верыў — рэдка каму ўдаецца спазнаць. Але ён бачыў, што ягоная абранніца пакрысе ператварылася ў даволі растлусцелую квактуху, якая цвёрда ведала, што Загацкі павінен кахаць яе, наогул, ведала ўсё, што ён павінен, і з халаднаватаю ўпартасцю сцвярджала гэтыя ісціны. Спачатку з гэтакім жыццём Загацкі не мог мірыцца, выпіваў, бунтаваў, уталкоўваў жонцы, што жыццё адно ў іх, што ім трэба навучыцца жыць хораша, шчасліва. Жонка цярпліва слухала і не пярэчыла, бо ведала, што «пад мухаю» Загацкі бывае задзіракавы. Назаўтра ён праспіцца, працвярэзіцца, і ёй можна будзе зноў рабіць усё, што яна задумала.

Нарэшце Загацкі і сам зразумеў, што голас яго ў пустыні галосіць. Нават разгубіўся ад гэтага адкрыцця. Убачыў, што і ў канструктарскім бюро далёка да свае сапраўднае канструктарскае работы, што і праўда можна праседзець усё жыццё на ста дваццаці рублях затурканым ітээраўцам.

Пасля гэтага свайго адкрыцця Загацкі быў ціха і моцна занудзіў, думаў пра развод, завербавацца і паехаць куды. Кончылася ягоная нуда тым, што нажыў бяссонніцу, неўрастэнію. Жонка ўстурбавалася толькі тады, калі муж не змог, як гаворыцца, выконваць свае мужчынскія абавязкі, паперла яго да доктара. Невядома, што дапамагло: ці тыя доктаравы парашкі, ці ягоныя парады, гімнастыка і халодны душ кожнае раніцы, ці дастатная медсястрычка з паліклінікі, да якое Загацкі потым завітваў у госці...

Як бы там ні было, а вылечыўся Загацкі душою і целам, наладзіў свае сямейныя справы, ужо не шукаў нечага незвычайнага ў жыцці, а на асновах даўно правераных да яго людзьмі: па знаёмству ўладкаваўся на работу ў міністэрстве на грашовую, няпыльную работу, напусціў на сябе важны выгляд занятага адказнаю работаю чалавека, не надта звяртаў увагу на тое, чым займаецца і што робіць жонка. А знаходзіць жаночую ласку і ўцеху дапамог вопыт, прыдбаны з медсястрою,— многа на свеце і жанчын, і дзяўчат, якім холадна і адзінока на свеце, і з якімі лёгка і добра...

Жонка тым часам пачала пахвальвацца мужам перад сяброўкамі і суседкамі.

І хоць цяпер і сам Загацкі пасміхоўваўся з тых сваіх сямейных бунтаў, але калі пра іх успамінала жонка, як пра грахі маладосці, абсякаў яе. Бо ад гэтых успамінаў, часам, уставала ў душы нейкая глухая, нядобрая незадаволенасць... Яна мінала, Загацкі суцяшаўся тым, што ён малады, што яшчэ не позна будзе знайсці сваё шчасце, як падрастуць дзеці.

Вось гэтакі чарговы прыступ незадаволенасці сабою падняўся ў душы ў Загацкага з-за няўладкі з пуцёўкаю — гэта неяк прыніжала ягоную рэспектабельнасць у жыцці.

І з-за гэтай цёткі ён мусіў быў уцякаць, як хлапчук.

Краем вока Загацкі пазіраў на дзяўчыну. Бачыў, як яна ганарліва патушыла ўсмешку, пачала засяроджана глядзець на дарогу. Старалася паказаць, што ёй усё роўна. З нейкаю помслівасцю Загацкі заўважыў, што спадарожніца і не такая маладзенькая, што ўжо ў тым узросце, калі даводзіцца даганяці леты маладыя, знарок адзяваць вось такія юнацкія кофтачкі і спаднічкі, хоць на твары ля вачэй дробненька пачалі збірацца маршчынкі. Ёй, мабыць, надакучыла хадзіць на танцпляцоўкі, какетнічаць з хлопцамі і мужчынамі, пахіхікваць, як дзяўчынцы. Яна, мабыць, гатова прамяняць сваю і волю, і стройную постаць на тое, каб мець дзяцей, сям’ю. І, мабыць, моцна нудзіць чыста бабскаю тугою па дзецях і па сям’і.

Загацкі ведаў, што спадарожніца адчувае на сабе ягоны позірк, як гэта ўмеюць адчуваць толькі жанчыны, але ўпарта нахіліла галаву і прымушала сябе нават і скоса не глянуць на суседа.

Праехалі міліцэйскі пост, невялікую сінюю будачку з чырвонымі шалёўкамі, нібы кантамі, па вуглах.

Маўчаць амаль сотню кіламетраў не было як. Загацкі нібыта і не заўважыў, ехаў проста на кавалак дошкі, які ляжаў на дарозе, і перад самым ім рэзка вільнуў, аб’ехаў гэтак, што машына гайданулася і жанчына прытулілася плячом да Загацкага, збянтэжана зірнула на яго. Той як мог стрымана, шчыра і добра ўсміхнуўся ў адказ на яе неразборлівае: «Прабачце!» Жанчына нібыта не ведала, што рабіць, памятала, як ён не заўважыў яе першае ўсмешкі, і ўсё ж усміхнулася, крыху завярнулася да Загацкага. Той адкрыта акінуў позіркам і яе калені, і грудзі ў разрэзе блузкі, блазнавата заплюшчыў вочы і пакруціў галавою — аслепнуць можна. Жанчына на імгненне насцярожана замерла, чакала нейкага падману, насмешкі, зачырванелася, але як убачыла, што Загацкі не спрабуе нічога гаварыць, а засяроджана выводзіць машыну на паласу сустрэчнага руху, на абгон малакавоза, усміхнулася, ямчэй села на сядзенні.

— Прыгожыя жанчыны, што сонца: глядзець на іх хочацца, хоць і вочы баляць,— сказаў Загацкі, калі закончыў абгон.

Гэтыя банальныя словы, як ні дзіўна, падабаліся жанчынам. І не наіўным і недалёкім прастушкам, як тая медсястра з паліклінікі, а нават і жанчынам, якія, здавалася, даволі інтэлектуальныя, сучасныя.

Загацкаму крыху не па душы прыйшліся пакорлівыя ўсмешкі жанчыны, заведамая гатоўнасць прымаць заляцанні. Загацкі лічыў, што ён вышэй таго, каб «дружыць» з жанчынамі толькі дзеля ночы ў адным ложку, ён мусіў сыходзіцца з другімі, каб мець нейкі душэўны кантакт, якога не меў у сямейным жыцці. І гэта, здавалася, апраўдвала ягоныя сувязі.

— А жонкі не баіцеся? — не вытрывала, папытала спадарожніца.

— Жонкі баяцца, на чужых жанчын не глядзець!

— А вы думаеце, што ім гэтак трэба, каб вы глядзелі?

— Што вы! Я ж ведаю, які я прыгажун. Я пра сапраўдных мужчын кажу.

— А вы яшчэ і сама сціпласць. Добра, калі на жанчын глядзяць, як на сонца, а не як рэнтгенам...

— Што зробіш. Прыходзіць час, што і гэтакае крыўды жанчыне ад мужчын не заслужыць.

— Дзякую за камплімент.

— Я думаю, вам не цяжка, калі я вамі любавацца буду?

— А за рулём можна? — жанчына зноў крыху завярнулася да Загацкага, глянула прыжмуранымі вачыма.

Загацкі здагадаўся, што гэтая жаночая вольнасць і ў словах, і ў рухах нарочная, што ёй не па душы ягоныя кампліменты і ягоная балбатня.

— Нават патрэбна, каб не стамляцца і не драмаць за рулём. Можа, вас не пакрыўдзіць, што я хачу ведаць, як вас завуць? Мяне завуць Міша.

Цяпер трэба было зрабіць так, каб ранейшая размова здавалася жартам, несур’ёзным нечым, чаму не трэба надаваць і ўвагі.

— Валя. І да Слуцка я не еду. Выйду ў Шышчыцах.

— Мне вельмі прыемна пазнаёміцца. На жаль, я не магу падвезці вас, куды трэба... Я гляджу на вас і на вашы рукі. У вас не паўднёвы загар, у вас вясковы, палявы загар. Але не магу дадумацца, хто вы.

— Не дадумаецеся.— Валя ўважліва паглядзела на Загацкага: як зразумець гэтую перамену ў гаворцы, гэту ягоную даверлівую стомленасць пасля нядаўнае блазнаватасці.— Я раблю начальнікам участка ў меліярацыйным упраўленні. Канчала політэхнічны інстытут.

— Ясна. Я таксама політэхнічны кончыў. Аўтамабіліст, канструктар. Цяпер у міністэрстве. Майце на ўвазе — магу прыгадзіцца...

— Ці ў памяць вам будзе нейкая пасажырка...

— Як сказаць.

Загацкі памаўчаў, адчуў, што жанчына ўважліва глядзіць на яго. Ён нібыта задумаўся пра нешта сваё, нялёгкае. Яму трэба было чакаць, пакуль жанчына загаворыць сама. Цяпер нельга навязвацца, калі зроблена галоўнае — жанчына адчула, што запала ў вока.

— А цяпер вы к нам едзеце ў раён? Камандзіроўка?

— Не, рашыў адпачыць, пабываць на сваёй радзіме, як кажуць. Я родам з гэтага раёна. Праўда, даўным-даўно не быў тут. Але лічу радзімаю. А вы слуцкая?

— Жыву ў Слуцку. А родам з Магілёўшчыны.

— Але ж вас у Слуцку не застанеш? На рабоце і на рабоце.

— Чаму? Можна пазваніць ва ўпраўленне. Валошына маё прозвішча.

— А чаму вы да горада не едзеце?

— Каб заўтра не выбірацца на ўчастак, заеду сёння.

— Я з радасцю правёз бы вас заўтра па ўсіх вашых участках. І паглядзеў бы на цяперашнюю Случчыну.

— Дзякую. Нават каб і хацела, то не магу з-за падначаленых даць сабе гэтакую раскошу.

— Прабачце, я не падумаў пра гэта.

Машына выскачыла з лесу, крыху страсянулася, пераязджаючы невялікі мосцік цераз канаву. Уперадзе абапал шашы пачыналася вёска. На перакрыжаванні віднелася дыспетчарская будка, стаялі на ўзбочынах міжгароднія аўтобусы. Далей відзён быў двухпавярховы з белае цэглы будынак.

— Вось тут мае канавы.

— Спыніцца?

— Калі ласка.

Загацкі спакойна скіраваў на абочыну, плаўна спыніў машыну.

Валя адчыніла дзверцы, узяла сумку. Загацкі нібы і не звяртаў увагі на яе, заўважыў, што Валя марудзіць, затрымалася, не зачыніла дзверцы.

— Дык, можа, падвезці вас? — нібыта спахапіўся Загацкі.

— Не. Дзякуй вам! — Валя ўскінула папругу сумачкі на плячо.

— Калі вам лепш званіць? Удзень?

— Зранку. Да дзесяці я заўсёды ва ўпраўленні.

— Я пазваню. Усяго добрага.

— Усяго добрага.

Загацкі бачыў, што Валя не пайшла адразу, глядзела ўслед машыне і знарок, каб бачыла яна, некалькі разоў высунуў голаў з акна і азірнуўся назад.

Потым ён ямчэй усеўся, прыпёрся плячыма да спінкі сядзення, прыбавіў газу, заспяваў сам сабе, падладжваючыся пад чутае: «Пайшла, ніколі ўжо не вернешся...»

Валі званіць ён не збіраўся. Падумаў, што яму сапраўды неабходна пабыць аднаму, у цішыні, адпачыць на прыродзе без усялякіх там амурных прыгодаў, без кампаній і без знаёмстваў. Каб пабыць з якою прыяцелькай, то можна сесці ў машыну, узяць палатку, паехаць да Нарачы.

Мабыць, старэць пачаў, ці што, бо і раней не-не ды і праклёўвалася стомленасць — і ад сяброўскіх кампаній, і ад знаёмстваў, і раманаў, не ставала часам пачуцця, каб і сапраўды захапляцца, і кахаць шчыра, хоць і ненадоўга.

«Старэю. Старэю»,— падумаў Загацкі, крыху прытармазіў, з ходу выкіраваў машыну з шашы на цэнтральную вуліцу горада. Але падумалася весела, упэўнена, як не пра сябе, а пра старонняга некага.

Абапал дарогі пайшлі акуратныя хаты і дамкі, патанулыя ў садах. На туташняй багатай спрадвеку зямлі любяць расці сады, увесну цвітуць раскошна ружоваю, белаю квеценню, мятуць ёю на вуліцы гэтак, што на пялёстках можна паслізнуцца, і пялёсткі змятаюць і зграбаюць у кучкі, як зімою снег. Цяпер сады стаялі ў густой крыху запыленай зеляніне спелага лета, скрозь якую цяжка віднелася густая чырвань чарэшань і вішань.

Наогул, восенню трэба будзе не ленавацца, прыязджаць сюды на базар па яблыкі. Тут не тое што ў Мінску. А калі паехаць проста ў вёску і наабіраць самому... Ды каб паехаў у сваю вёску, то і купляць не трэба было б.

Але ехаць у вёску, Загацкі ведаў, не было чаго — радня засталася там далёкая, аднагодкі, мабыць, у Мінску, Слуцку, Салігорску... А на базар сюды прыязджаць варта.

Загацкі прыглядаўся да новых пяціпавярховых камяніц, якія стаялі ў цэнтры гарадка, падумаў, што тут можна не толькі адпачыць на ўскраіне ў вясковай адзіноце, а і павесяліцца па-гарадскому, хай сабе і з папраўкаю на раённыя маштабы.

 

ІІ

За два дні жыццё Загацкага быццам увайшло ў каляю. Хата была падобна на многія драўляныя хаты Слуцка, пабудаваныя пасля вайны, не цяперашняе архітэктуры, дзе самае адметнае — вялікія вокны, гладкі вугал, высокія падмуркі, раскошныя веранды. Хата акуратная, ашаляваная, накрытая шыферам, з верандаю, хай і не гэтакаю раскошнаю, як у новых хатах, але і не маленькаю. Стаяла хата ўздоўж вуліцы, кароткае, шыракаватае, падсыпанае некалі гравіем, але ўжо раз’езджанай. Плот нядаўна пастаўлены стандартны, са штакетных шчытоў, брама таксама шырпатрэбаўская, металічная. І плот і брама пафарбаваны ў зялёны колер.

За брамаю невялікі дворык, на якім мясцілася машына і заставаўся праход. Справа, пад вокнамі хаты, велікаваты агародчык: ля платоў кусты агрэсту і парэчак, пад самымі вокнамі кусты вяргінь, гладыёлусы, астры, на градах клубніка, толькі ля самага плота вузенькая града цыбулі, там жа два радочкі часнаку і высокія парасоны ўкропу над ім.

Клубнічнік на градах здрасаваны, мабыць, як паехалі гаспадары, тут патапталіся хлапчукі. Абгародкі вакол агрэставых і парэчкавых кустоў паабломваліся, і галлё ляжала на зямлі. За хатаю прысядзібны надзел засаджаны бульбаю. Нават у цяні пад яблынямі і пад грушамі бульба. Сад, хоць і невялікі, але дагледжаны. Антонаўка, папяроўка, з якое апалі на зямлю першыя яблыкі, штрыфель, дзве грушы. Галлё прарэджана, ствалы акуратна пабелены. Паўз плот стаяла некалькі закаржанелых вішань, якім, мабыць, не па нутру прыйшлася туташняя вільготная і тлустая зямля. Але і на вішнях крыху ўрадзіла — хоць рэдкія ягады, затое буйныя. Уздоўж плота невялікі хлевушок — на дровы і торф. З аднаго боку хлевушка стаяла, як і ў вёсках, «шпакоўня», а з другога прыкладна гэтакая ж самая пабудова, толькі з чорнаю бочкаю-двухсотлітроўкаю наверсе — летні душ. Адно што невясковае было ў гэтым садзе-агародзе — сцяжынкі, выкладзеныя з бетонных плітак ад ганка да ўсіх гаспадарчых пабудоў і нават у канец пляца, да варотцаў, за якімі віднеўся чырванаватымі мяцёлкамі шчаўевых цырбуноў паплоўчык.

Усё было гэтак жа, як расказваў Загацкаму гаспадар — райскі куток, каб адпачыць ад турботы зямное і душою і целам. Загацкі адразу ж заспяшаў на паплоўчык, за якім цякла рака і дзе чакала яго лодка, якую гэтаксама абяцаў гаспадар.

Паплоўчык быў добра выкачаны. Мабыць, гаспадары загаралі на ім. Але бліжэй да вады роўна і густа стаяў казялец, цвіў пяшчотна-бэзавымі шышачкамі вужоўнік. Паўз ніз расла кароценькая, натапыраная і вострая, як асака, травіца. За паплоўчыкам распарана хіліўся да вады светла-зялёны пакорлівы плюшнік. Між яго і вызірала карма затопленае лодкі, у бруднай, з бліскучымі балотнымі падцёкамі вадзе. Загацкі згарача, не зважаючы, што вада набіраецца ў басаножкі, пашыбаваў да лодкі, мацюкнуўся, потым засмяяўся — карма ды верхнія дошкі абодвух бартоў, вось і ўсё, што засталося ад лодкі. Ды і рэчкі тае, змялелае і вузенькае, было, што і не развярнуцца і не праплыць на лодцы.

«От баламут!» — смяяўся Загацкі, успамінаючы, як сябра хваліўся ў кампаніі і расказваў, што, лічы, катэр стаіць у яго на агародзе.

У верандзе месціўся невялікі кухонны столік, стаяла канапа. З веранды дзверы вялі ў невялікі прыхожы пакойчык, направа ад яго кухня з газаваю плітою, польскаю кухоннаю мэбляю і звычайнаю сялянскаю печчу, у якую ўмураваны кацёл на паравое абаграванне. Дзверы ў кухню адчынены, направа дзверы ў невялікі дзіцячы пакой, напрамую ў прасторную залу з тэлевізарам, з фікусам, з дзвюма канапамі — цяпер, мабыць, зала служыла бацькам і спальняю.

Побач з дзвярыма ў залу, злева ад іх, яшчэ адны дзверы.

Загацкі спачатку здзівіўся і стаяў у парозе, прыглядаючыся да незвычайнага пакоя. А незвычайнасць была не ў тым, што вузкім і даўгаватым ён выдаваў, непадобным ні на дзіцячы, ні на залу, дзе панавала чысціня і святочная прасторнасць. У гэтым пакоі панаваў паўзмрок. Ля акна, якое выходзіла ў сад, стаяў стары пісьмовы стол, у куце стары тэлевізар. Уздоўж аднае сцяны паліцы з кнігамі, ля другое канапа. Пры канапе невялічкі газетны столік з попельніцаю і тэлефонным апаратам, у куце, у вялікай глінянай вазе засохлыя «кіяшы». На падлозе ляжаў стары, з вытаптанымі пляшынамі, дыван.

«Ты бачыш, чорт Чорны!» — здзівіўся Загацкі. Чорным аднакурсніка празвалі ў інстытуце — за смуглы твар, чорныя валасы і гарачыя цыганскія вочы. Загацкаму ўспомнілася, што сам ён, як вучыўся на апошнім курсе, меў перакананне — на сваіх інжынерскіх грашах нажыве неблагую бібліятэку, застанецца дасведчаным ва ўсіх тэхнічных навінах.

У Загацкага была бібліятэка. Праўда, ён не пайшоў следам за модаю, як рабілі іншыя, не купляў кніжных паліц. Але ў зале ў яго стаяла блок-секцыя, дзе можна і трэба паставіць кнігі. Каб заставіць палічкі, хапіла праграмных кніг класікаў, якія патрэбны дзецям па школьнай праграме. Там стаяла некалькі даведнікаў. Вялікае цягі чытаць кнігі Загацкі не надта меў, ведаў, што ў жыцці ёсць клопаты важнейшыя для дарослых людзей.

А жонка наогул лічыла, што найлепш глядзіцца на палічках за шклом прыгожы посуд.

Загацкі ўважліва разглядаў кнігі, большасцю па аўтамабілях, даведнікі, падручнікі. Але нямала стаяла і свае, беларускае класікі, рускае, чатырохтомнік Хемінгуэя.

Выходзячы з пакоя, Загацкі прыпыніўся. Ён не мог яшчэ растлумачыць, чым прывабіў яго сябраў кабінет. Можа, тым, што тут кнігі ўладарылі і вітаў даўно забыты дух студэнцтва, маладосці.

Загацкі ведаў, што застанецца жыць у кабінеце, будзе запоем чытаць і перачытваць кнігі, як і марылася яму.

У шафе ў зале Загацкі знайшоў чыстую бялізну, прынёс з залы, паставіў яшчэ адну настольную лямпу на газетны столік, каб не запальваць верхняе святло. А і праўда — цікава пажыць з паўмесяца гэтакім пустэльнікам. Гэта мела сваю радасць і сваю заманлівасць, пра гэта можна будзе некалі расказаць. Загацкі лёгка ўявіў сябе ў новай ролі. І адразу ж у думках развіў план свайго гасцявання ў доме сябра: будзе ўставаць кожнае раніцы, бегаць, рабіць гімнастыку, менш есці, таму што пачаў ужо таўсцець.

Адвячоркам Загацкі схадзіў пад душ, паглядзеў, лежачы ў пасцелі, праграму «Час», завёў на сем гадзін будзільнік. Але спалася неспакойна, як і заўсёды на новым месцы. Прачнуўся Загацкі да званка будзільніка ад моцнага пасмоктвання ў жываце — хацелася есці.

Ён зрабіў на двары гімнастыку, але мыцца пад душам не адважыўся, пастаяў ля варот, гледзячы на людзей, якія спяшаліся на работу, на ранішнія сонечныя промні, што цёпла лажыліся на лісце ў садзе. Ды і вуліца пасля ночы гэтаксама пахла сухім пяском, пылам, прывялаю ад гарачыні травою, якая густа расла пры самых платах.

Загацкі паставіў на пліту чайнік, паснедаў: з’еў усе прывезеныя бутэрброды, вярнуўся ў кабінет, не вытрымаў, прылёг паляжаць і заснуў сапраўды моцна і спакойна, праспаў да дзесяці гадзін. Устаў з цяжкаватаю галавою, як гэта бывае пасля лішняга сну, яшчэ раз зрабіў гімнастыку, схадзіў пад душ — на дварэ ўжо запанавала душнаватая жнівеньская спякота, якая бывае ў нізкіх мясцінах, куды не дастае вецер. Яшчэ раз паснедаў — і з кнігаю і старою байкаваю коўдраю падаўся за агарод, на паплоўчык, як ён сам з сябе жартаваў — плаваць на лодцы пайшоў.

Першы дзень мінуў хутка. Ды і той Хемінгуэй, пра якога дасюль Загацкі многа чуў, пісаў цікава. Можа, кніга ўпадобалася тым, што стары амерыканскі палкоўнік гэтаксама як і ён, Загацкі, нешчаслівы быў у жыцці, але не паддаваўся няшчасцю, умеў трымаць сябе, умеў нават кахаць, гледзячы ў твар смерці, і жыць прыгожа, падпарадкуючы сабе жыццё, і Загацкаму нават бачылася падабенства паміж сабою і тым палкоўнікам...

На вечар Загацкі накапаў маладое, яшчэ драбнаватае бульбы, наварыў, нарабіў халадніку, як некалі рабілі ў вёсцы: схадзіў у прадуктовы магазінчык, які быў у пачатку вуліцы, і купіў кефіру, накрышыў цыбульнага пер’я, перацёр яго з соллю, потым заліў кефірам. Але смак халадніку, мабыць, быў не той, што са свойскага кіслага малака некалі, у дзяцінстве. Давялося пасля кефіру з’есці кавалачак сала, якое ўзяў з халадзільніка.

Вечарам Загацкі глядзеў тэлевізар, зноў на раніцу завёў будзільнік. На ноч паставіў сабе на столік кубачак кефіру.

Загацкі заснуў з радасным адчуваннем, што цела, увесь ён напаўняецца здароўем і лагодлівасцю.

 

III

Раніцою трэцяга дня Загацкі адчуў сябе не зусім утульна. Нешта рупіла, не давала спакою. Можа, што не ўбярогся ўсё ж, крыху прыпёкся на сонцы, і скуру лёгенька пашчыпвала, а таму парушаўся задуманы распарадак — нельга ісці загараць. Ды і другая перамена выйшла — павярнуліся думкі да самога сябе, бо як ты ні хочаш, а калі чытаеш кнігі, міжволі пачынаеш параўноўваць сваё жыццё з тым чужым, пра якое напісана, прыгожым, смелым. Параўноўваць было нявыгадна, хоць ён даўно вырашыў, што ўсе кнігі — гэта «сон залаты», а рэальнае жыццё намнога прасцей і грубей.

Але... Вось на адзіноце заварушыліся неспакоем думкі.

Пасля абеду Загацкі схадзіў у магазін, купіў сёе-тое з прадуктаў, узяў бутэльку каньяку, хаця ніколі вялікае цягі да выпіўкі не меў,— няхай стаіць на ўсякі выпадак. Потым узяўся аглядаць машыну і такім чынам забавіўся на цэлы дзень. Вечарам, стомлены, але задаволены сабою, заснуў рана і лёгка.

Прачнуўся апоўначы, нават не прачнуўся, а прахапіўся са сну. На першым часе не мог уразумець, дзе гэта ён, прыглядаўся да сцен і да мэблі, і не пазнаў нічога, і ад гэтага аж затрымцела ў душы ўсё. І тады прачнуўся зусім, успомніў, дзе ён, і зразумеў, што гэта не старонні шум пабудзіў яго, а нешта ў самім ім азвалася трывогаю. Загацкі прыслухоўваўся, стараўся зразумець, адкуль тая трывога, але прычына яе прапала разам са сном. Толькі засталося нейкае цьмянае адчуванне, што ўсё гэта ўжо некалі здаралася з ім, што гэта быццам успамін. А было яно ў бацькавай хаце, дзе цяпер жывуць чужыя людзі. У той хаце — над печчу на пацямнелай столі Загацкі памятаў кожны сучок. Столь, мабыць, цяпер пафарбавалі белаю фарбаю і зафарбавалі тыя сукі. Не трэба было намагацца, каб успомніць усё дазвання, хоць як нешта жывое, прадметнае, убачылася і тая прорва часу, якая аддзяліла пачатак жыцця Загацкага ад гэтае месячнае ночы, праглынула беззваротна і гэтулькі маладое сілы, і гэтулькі шчасця, якое, калі не збылося, то і не збудзецца.

Ночы стаяла поўня. Малочнае яе святло вузкаю паласою між няшчыльна завешаных штораў рассякала напал цемру ў пакоі, напаўняла яго шэрым моракам. Маці некалі гаварыла, што Загацкі з дзяцінства не мог спаць пры месяцавым святле, і яна мусіла посцілкаю завешваць акно. Загацкі гэтага не памятаў, але памятаў, што маці была пераканана: не трэба, каб на чалавека, які спіць, клалася месяцава святло.

Загацкі ўстаў, прайшоў па пакоі, пастаяў ля акна, прытуліўшыся лбом да шкла. Спаць не хацелася. Плыла над зямлёю месячная, душнаватая ноч. Стомленыя гэтаю духатою, млява стаялі дрэвы ў садзе, у засені лістоты хаваючы жывую вільготнасць і халаднаватасць.

Ад гэтага роўнага белага святла чамусьці маленькім здавалася ўсё на зямлі, нібы сам падняўся высока, і глядзіш здалёку зверху на яе спагадлівым і добрым, засмучаным позіркам, і бачыш адзінокага чалавека, які не спіць і думае нешта сваё, гэтакае вялікае для яго, гэтакае значнае — і гэтакае маленькае пад белаю бясконцаю вышынёю, у вечнай мудрай цішыні на зямлі. Але страшна зірнуць з белае вышыні на незасмутную зямлю, праплысці над ёю, убачыць усё і не ўгледзець нідзе чалавека.

Загацкаму здалося, што гэта ён сам неяк недарэчна падняўся над зямлёю і глядзіць на самога сябе, і бачыць горка і бязлітасна, што таго спадзявання на шчасце, на незвычайнасць не спраўдзіў лёс. Ён нібы пражыў палавіну нечага чужога, не свайго жыцця.

Загацкі зайшоў на кухню, выпіў каньяку. І пачаў п’янець адразу, лёгка, і чым больш думаў пра сябе, тым больш шкадаваў, і ў рэшце рэшт вырашыў, што цяпер пачне ўсё спачатку, кіне сваю канцылярскую работу, пераменіць усё жыццё, з заўтрашняга дня, збярэцца і паедзе адсюль, з гэтае непатрэбнае яму цішыні і адзіноты... Што яму да таго, як пасля загавораць пра яго?

Ён і заснуў незаўважна, шчаслівы і супакоены.

Прачнуўся Загацкі рана, з непрыемнаю цяжкаватасцю ў галаве, са смагаю, ад якое было непрыемна ў роце. Успомніў ноч, як піў сам-насам... Якраз як некалі, калі спрабаваў, бунтаваўся з жонкаю, і ўчора, акажыся яна пад рукою, узяўся б за старое.

Загацкі аж крахтануў ад прыкрасці, зайшоў на кухню, не ведаў, за што зашчаміць рукі, угледзеў эмаліраваны малочнік, і яму захацелася малака, свежага салодкага малака.

Ён памыўся, бадзёра і ўпэўнена пакіраваў вуліцаю да базара.

Вуліца, па якой ішоў Загацкі, была падобна на вясковую цяперашнюю: падсыпана гравіем, але даўно не раўняная грэйдарам, з травою, густымі цырбунамі цыкорыю, які цвіў светлым валошкавым цветам, нечакана пяшчотным на кастлявых сцяблінах. Цераз платы звісала голле сліў і вішань, крыху пацягвала гаркавым дымком з коміна. Гэты гаркавы пах адразу напамінаў вёску, яе ранішнюю ціхую вуліцу.

Загацкі ўдыхаў на поўныя грудзі паветра, думаў, што толькі як выедзеш з вялікага горада, зможаш адчуць гэтую асалоду дыхаць свежым паветрам. А наогул, яму трэба ўжо берагчы сябе, не есці шмат мяснога, прывучыцца да малочных прадуктаў, якіх ён пакуль што не прызнаваў.

Загацкі перайшоў вуліцу і звярнуў на базар. Адразу пры ўваходзе абапал дарогі, якая вяла да мосціка, стаялі магазіны, новыя, з белае сілікатнае цэглы, старыя, з вузкімі дзвярыма, маленькія, як катушкі, у якіх не павярнуцца. За магазінамі пачыналіся новыя базарныя рады, а лявей іх — выбрукаваны пляц, дзе збіраюцца машыны, падводы,— тут у базарныя дні прадаецца жывёла. Ды і наогул раніцаю небазарнага дня базар здаваўся бязлюдным, некалькі жанчын і бабулек з малаком, з яйкамі, адна са слоікамі мёду.

Старая, якая прадавала малако, непадобная крыху была на астатніх гандлярак. Яна была ў чыстай сацінавай рубашцы, у старамоднай шырокай у зборкі спадніцы, у чорных скураных тапачках. Белая хусцінка ў дробную, як мак, крапінку, белы хвартух з фальбонамі рабілі старую нейкаю святочнаю.

Яна павіталася з Загацкім, усміхнулася яму, адкрыта паглядзела на яго чыстымі блакітнымі вачыма, як умеюць глядзець старыя людзі, і позірк якіх не бянтэжыць, і не цяжкі. Рукі ў яе спрацаваныя, з цёмнымі венамі, касцістыя, але ўсё роўна ласкавыя — яна, нібы жывое, пагладжвала загорнутую ў капусны ліст грудку масла.

— Я вот гляджу на вас... Вы ж, мабыць, начальнік, а саўсім па-нашаму гаворыце хораша!

Загацкі збянтэжыўся: ён і сам не ведаў, чаму загаварыў са старою па-свойму, сам дзівіўся, што гаворыцца лёгка, як у дзяцінстве. Не, у яго не было думкі, што гэтак ён хутчэй і лепш дамовіцца са старою. Неяк само сабою загаварылася.

— А чаму вы пытаецеся?

— Вы ж і на хворага не выдаяце з твару. Гэта хворы які ўжо калі вернецца, то па-свойму кажа... А так усе: «счас», «кірасін», «спічкі», «маць»...— Старая ціха засмяялася і растлумачыла: — Гэта, як я дзеўкаю яшчэ была, аднолетак мой, Змітрусь, у Мінск папаў... Мо Лейбу памагаў свіней збываць. Колькі там пабыў, вярнуўся дадому. Чуем, Змітрусь вярнуўся і толькі па-гарадскому ўжэ гаворыць. Дык тады на вячорках поўная хата назбіралася, упрошваюць таго Змітруся, а ён ні ў якую. Адале ўпрасілі, устаў і кажа ён гэтыя самыя счас, кірасін, спічкі, маць... Каб яно спрахла! Да смерці яму ўспаміналі гэтыя шчас, маць, кірасін, спічкі... Ці мо вы вялікае навукі? Тыя людзі гэтаксама па-нашаму хораша гавораць. Я, бывае, сяду, радзіва слухаю... Хораша гавораць, я ўжэ не кажу, як песню нашу заспяваюць.

— А як вы тут у горадзе карову дзяржыце? — запытаўся ў старое Загацкі, каб перавесці гаворку на іншае: ён не ведаў, што гаварыць і адказваць ёй. І, мабыць, добра ўгадаў, пра што трэба запытацца.

— Падгараджанка я. Цяпер нам з калгаса пенсіі падавалі. Дзеці параслі. Пры дзецях я жыву. Вот і важу малако на базар. Шкода яго свінням выліваць. Сын трактарыст у мяне. Сварыцца, кажа, брыдка мне ад людзей, бытта гэта ён мяне на базар выпраўляе. Я ж не толькі з-за тых грошай. Сама дзяцей гадавала, без каровы жыла. Калі тады хто прынясе кроплю малака... Лепш за мёд яно было. А і ў горадзе яно ж, з-пад свае каровы, малако патрэбна: то дзіцяці малому, то старому ці хвораму чалавеку.

Старая акуратна наліла яму ў малочнік малака, дастала з кішэні жоўтую дробязь і да капейкі адлічыла рэшту, неяк здзіўлена, з неразуменнем глянула на Загацкага, калі той заікнуўся, што не трэба рэшту даваць.

Толькі цяпер Загацкі прыгледзеўся, што яна старэнькая ўжо зусім.

— От прыходзьце да мяне кожнае раніцы. Малако харошае, як смятана, густое... Хоць і гавораць, што па малаку і ног не павалаку,— старая ўсміхнулася, шчыра, весела.

Загацкі падзякаваў, развітаўся.

І дома, пакуль снедаў, усё ўспамінаў старую, адчуваў той светлы настрой, якім яна асвятліла яго.

Не думалася пра сваё пражытае, пра ўдачы-няўдачы: як гэта здорава — проста жыць і радавацца жыццю. Якое гэта вялікае ўменне! І шчасце — пражыць многа і пабачыць усякага жыцця.

Хацелася нешта рабіць, прывычнае, у чым упэўнены.

Да абеду Загацкі прахадзіў па горадзе, які ўжо не цешыў яго ні вясковаю ўтульнасцю ўскраінных вуліц, ні новымі белакаменнымі раёнамі, дзе гэтак жа, як і ў сталічным горадзе, стаялі аднатыпныя дамы і душната ад нагрэтага за дзень асфальту. Адзенне прыліпала да цела. На вуліцах нават і на асфальце пылела ўслед за машынамі. Горад, які ў свой час панаваў над наваколлем, горад, які гандляваў, ваяваў, меў вакол сябе ўзброеныя пасяленні, слава якога засталася ў гісторыі, цяпер зноў набіраў моц, але ўжо горада індустрыйнага, горада заводаў і камбінатаў. І як кожны гэтакі горад, стараўся выглядаць больш па-сталічнаму, незасцянкова, а таму нават назвы магазінаў і кінатэатраў стараўся мець сталічныя — «Чаравічкі», «Цэнтральны», што якраз і патыхала крыху правінцыйнасцю. Загацкі агледзеў рэстаран, дзе няблага паабедаў, павесялеў, успомніў пра сваю спадарожніцу Валю, вырашыў на ўсякі выпадак пазваніць ёй пасля абеду, запрасіць павячэраць.

Стомлены блуканнем па горадзе, гарачынёю, Загацкі вярнуўся дадому, у прыемны халадок драўлянага будынка, раздзеўся, памыўся пад душам, узяў чытаць кнігу, але так і не адолеў і староначкі, заснуў, накрыўшыся адною прасціною.

Прачнуўся Загацкі надвячоркам. Галава была свежая, ясная, а не цяжкая, як звычайна пасля дзённага доўгага сну. Ён старанна пагаліўся, схадзіў яшчэ раз пад душ, надзеў светлыя льняныя штаны, таксама льняную рубашку. Гэты светлы касцюм, увабраная ў штаны рубашка, шырокая папруга маладзілі Загацкага. З дому ён пазваніў Валі на работу. Там ніхто не падняў трубку — позна. Але гэта не засмуціла Загацкага і не сапсавала настрою — ён ужо ведаў, што і як трэба рабіць.

Знаёміцца з жанчынамі ён умеў.

 

IV

Паволі, гуляючы, Загацкі прыйшоў у цэнтр, да пошты, зайшоў, пастаяў перад міжгароднім тэлефонам-аўтаматам, але званіць дадому не стаў — не было чаго гаварыць.

З невялікай цэнтральнае плошчы перад будынкам гарсавета ўжо раз’ехаліся начальніцкія машыны. Дзверы райвыканкома былі адчынены насцеж. Ля ўвахода ў будынак стаялі мужчына і жанчына. Мужчына, нягледзячы на гарачыню, у касцюме, раз-пораз расхіляў пінжак, скідаў з плечукоў. Штаны на каленях у яго віселі пухірамі ад доўгай сядні ў машыне. Побач з ім, таўставатым, потным, жанчына ў джынсах і жоўтай кофтачцы, якая па цяперашняй модзе шчыльна аблягала постаць, здавалася зусім маладзенькаю. Загацкі прыпыніўся і любаваўся жанчынаю, яе нечакана імклівымі і, разам з тым, прываблівымі рухамі. Яна была з тых жанчын, якіх не мінае мужчынскі позірк, ведала пра гэта, мабыць, адчула позірк Загацкага, толькі коратка зірнула ў яго бок, не пераставала гаварыць, правяла мужчыну да самага ягонага «козліка» з пабялелым ад пылу брызентавым верхам, развіталася, пайшла да свайго, гэтакага ж запыленага, пасівелага.

На паўдарозе яна спынілася, рэзка азірнулася, сур’ёзна паглядзела на Загацкага, быццам не магла ўспомніць, хто ён і чаго ад яе хоча. У кожным яе руху жыла яшчэ дзелавая заклапочанасць, але Загацкі быў перакананы, што яго позірк не застаўся незаўважаным, яна, жанчына, не магла не заўважыць, што мужчына любуецца ёю. Гэта не якая-небудзь квактуха... Нарэшце жанчына ўсміхнулася, слаба, бытта сказала сама сабе — во, адурылася баба, села ў машыну, завяла матор, крута, што аж завішчала гума па асфальце, завярнулася.

Загацкі рушыў далей.

Ён пачуў, як машына затармазіла і жаночы голас няўпэўнена, але з начальніцкаю цвёрдасцю ні то запытаўся, ні то паклікаў:

— Загацкі?!

Ён азірнуўся, здзіўлены, што яго тут нехта мог паклікаць. Жанчына прыадчыніла дзверцы машыны, ступіла адною нагою на зямлю, таксама няўпэўненая, што не памылілася.

Загацкі пайшоў да жанчыны паволі — не пазнаваў яе, але ўзяў сябе ў рукі, прыветна ўсміхнуўся. У яго было ўжо, што не пазнаваў сваіх ранейшых знаёмых, і навучыўся не губляцца ў такіх выпадках.

— Ну, Міша, багаты будзеш! Такі мацёры мужчына! Госпадзі, у мяне аж сэрца здрыганулася, як паглядзеў на мяне. Я хіба гэтак пастарэла, што не пазнаеш?

Жанчына не адводзіла ад Загацкага позірку, назірала за ім і не пераставала ўсміхацца, паволі, абедзвюма рукамі асцярожна, з жаноцкаю пяшчотнасцю, правяла рукою па валасах, папраўляючы кароткую, акуратна ўкладзеную прычоску.

Загацкі адчуў, што кроў прыліла да твару і ад гэтага яе руху, і ад таго, што гэтак уважліва, насмешліва, нібыта з выклікам глядзіць на яго жанчына. Ён пазнаў яе, бо ўспомніў адразу і тое маладое жыта, сярод якога ішла палявая сцяжынка, і той светлы дзень, і маладое яшчэ неба. Яны ішлі са школы. Дурэлі, бо яны тады былі таго ўзросту, калі хлопцам хацелася зачапіць дзяўчыну, ды і дзяўчатам, хоць яны і быццам крыўдавалі і сварыліся, падабаліся хлапцоўскія паскубанні і абдымкі. Ён тады пагнаўся па маладым жыце за Марыяй Зажэўскаю, старэйшаю за яго гадоў на два дзяўчынаю, якую ўжо праводзілі з вечарынак кавалеры і якіх старая Зажэўская праганяла, бо лічыла, што дачцэ яшчэ не пара любіцца з хлопцамі. Яна смяялася, уцякаючы ад яго, не перастала смяяцца, калі ён схапіў і закружыў яе на месцы. Яна вырвалася з ягоных рук, памкнулася бегчы далей, але смяяцца перастала, нібы не адважвалася ступіць з вытаптанага жыта, спынілася, завярнулася да Загацкага. Яна яшчэ ўсміхалася, бездапаможна неяк, са страхам і чаканнем, чамусьці абедзвюма рукамі падгарнула, паправіла растрапаныя валасы, пакуль ён, таксама няўпэўнена, з сэрцам, якое соладка зайшлося ў грудзях, ішоў да яе, не ведаючы навошта. Яны пакорліва прыпалі адно да аднаго, адчувалі, здаецца, як хвалюецца ў чужым целе кожная крывінка...

Не памятна, колькі яны стаялі гэтак, адны не толькі ў полі, на ўсім свеце адны. Як сустрэліся іхнія вусны, памятае Загацкі толькі яе туманныя вочы. Яны яшчэ не маглі разлучыцца, як усё роўна кожны прыслухоўваўся — што з ім гэтакае было? А са сцяжынкі Марыю клікала сяброўка. Марыя асцярожна вызвалілася з ягоных рук, адступіла крок назад, зноў паволі паправіла валасы і бы адышла ад сну — звонка засмяялася, кінулася назад да сцяжынкі, ён следам, гэтаксама смеючыся, але не даганяючы яе...

Пасля таго выпадку яны не сустракаліся з Марыяй блізка, саромеліся адно аднаго. У яе былі свае «кавалеры», у яго свае «паненкі». Але на вечарынках, калі летам збіраліся на лавачках, каб патанцаваць або проста паабдымаць, паціскаць дзяўчат, што па тым часе ў іхнім узросце сведчыла пра «кавалерскую» сталасць, Загацкі не адважваўся зачапіць Марыю, дакрануцца да яе.

— Марыя! Забі мяне — не пазнаў!

— Сур’ёзна?

— Каб некалі мне цяперашні розум...

— І што было б?

— Ажаніўся б з табою!

— Ясна. Дажыўся да таго, што не супроць другую жонку займець?

— А што, не змагу ўжэ?

— Госпадзі, пра што ты гаворыш?

— Значыць, дагавор — варочаемся ў маладосць? — запытаўся Загацкі, адчуў, што Марыя неадважна падтрымлівае нечакана гуллівую і смелую размову.

— Ну цябе! Яшчэ ў чырвань увядзеш,— Марыя збянтэжылася ад напаміну, і Загацкі здагадаўся, што яна таксама памятае тое.

— Ты ў камандзіроўцы ў нас, міністр?

Яна ведала, што Загацкі працуе ў міністэрстве, а таму і абазвала «міністрам».

— А ты шафёрам?

— Я? А-а! Ну цябе! — Марыя махнула рукою, гэтак засмяялася шчырым вясёлым дзявочым смехам, што Загацкі здзіўлена паглядзеў на яе. Як убачыла ягоную збянтэжанасць, Марыя засмяялася яшчэ весялей, гэтак шчыра, што і Загацкі не вытрымаў, засмяяўся ўслед за ёю і ўжо тады здагадаўся, што з шафёрствам даў, мабыць, маху.

Гэты смех зняў тую скаванасць, што часта бывае між людзьмі, якія даўно не бачыліся, у якіх даўно няма нічога агульнага, а таму няма пра што і распытвацца, і гаварыць. Бывала такое і з Загацкім, хоць ён меў у запасе і анекдоты, і ўмеў весці пуставатую, але лёгкую гаворку.

— А я думаў табе халтуру падкінуць.

— Магу да сталіцы. За чырвонец, па знаёмству,— у лад яму адказала Марыя.

— Даю два чырвонцы.

— Не хачу ні чырвонцаў, ні халтуры. Пад душ бы ці ў ваду. Жніво пачынаецца, ні дня ні ночы не будзе. Аграномша я ў нашым калгасе.

— Магу прапанаваць душ.

— У чамадане возіш? Я чытала пра такую лазню, у чамадане.

— Душ. Дзвесце літраў вады на душу. У мяне яшчэ свой асабняк у вашым раённым раі. Катэр за агародамі, каб прагулкі рабіць.

— Ну-ну!

— Не верыш? Паехалі.

— А жонка на мне верхам з твайго асабняка не выедзе? Я баюся чужых жонак.

— Ты ж сама сказала, што ў маім узросце пара мяняць жонку. Якраз гэтым заняты. А таму мне спецыяльна далі камандзіроўку сюды — уладзіць асабістыя справы. Сур’ёзна, паехалі да мяне на кватэру. Ёсць душ і чарка за сустрэчу,— прапанаваў Загацкі.

Марыя зірнула на гадзіннік, на Загацкага, махнула рукою — так і быць! Загацкі заўважыў, што рухі ў яе чалавека, які прывык сам рашаць, камандаваць і не надта пытаць парады. І машынаю Марыя кіравала гэтак жа ўпэўнена, не па-жаноцку.

Гледзячы на Марыю, Загацкі сказаў:

— Я, будзь тваім мужам, адабраў бы ў цябе машыну і спаліў бы твой дыплом, а не пусціў бы гойсаць...

Марыя востра зірнула на Загацкага і адказала нечакана суха і рэзка:

— У мяне быў такі... Таму цяпер і жыву ўдавою саламянаю.

Яна скінула газ, прытармазіла на выбоіне.

Загацкі адчуў, што пра яе сямейнае жыццё не трэба нічога ні гаварыць, ні распытвацца. Каб неяк змякчыць сваю неасцярожнасць, сказаў:

— Я таксама даўно жыву сам з сабою. Хаця і не ўдавец.

І сам здзівіўся, што сказалася журботна, як пажаліўся.

Марыя зноў коратка зірнула на Загацкага, нібыта правярала — ці праўду ён сказаў. Твар яе быў засяроджаны і адчужана строгі. Ён падумаў, што яе, мабыць, пабойваюцца ў калгасе і недалюбліваюць, як і часта строгіх жанчын-начальніц.

— Дзе зварочваць? — запыталася Марыя.

— Яшчэ квартал — і налева.

Трэба было неяк выводзіць з тупіка гаворку.

— Значыць, ты багатая нявеста...

— А і ты жаніх не бедны. На твае чырвоненькія «Жыгулі» і семнаццатка клюне,— падтрымала жарт Марыя, спынілася ля варот.

Загацкі адчыніў дзверцы, ступіў на зямлю. Марыя неяк напружана, нерухома сядзела за рулём. Не глушыла матор, і Загацкаму трэба было сказаць, каб заходзіла Марыя ў хату ў госці, але не ставала тае звычайнае лёгкасці, з якою ўмеў Загацкі гаварыць з жанчынамі. Марыя ўважліва паглядзела на Загацкага, зірнула на гадзіннік, але нічога не сказала, нібыта гэтым давала зразумець, што часу ў яе няма, што трэба ехаць. Рука легла на рычаг пераключэння хуткасцяў.

— Калі ласка! Я тут гасцюю ў свайго аднакурсніка... Душ, праўда, ёсць,— нарэшце загаварыў Загацкі, сам чуў з прыкрасцю, які ў яго драўляны непаслухмяны голас.

— А я думала, ты выдумляеш,— адказала Марыя і не варушылася, не ўставала.

— Давай, глушы свой керагаз. Ці ты за рулём і начуеш? — Загацкі заспяшаў гаварыць, стараўся зноў узяць той жартаўлівы, нявінны лад размовы, за якою няма ніякага сур’ёзнага намеру. Ён абышоў спераду машыну, усё роўна як баяўся, што Марыя можа ўцячы, адчыніў дзверцы, тэатральна пакланіўся: —Прашу вас, пані!

Марыя рэзка працягнула руку, павярнула ключ запальвання, не выняла з замка, усміхнулася чужою ўсмешкаю:

— Што ж, пагляджу твой маёнтак. А гаспадыня твая не супраць таго, што ты да яе гасцей водзіш?

Яна сама адчула, што жарту не атрымліваецца, раззлавана і рашуча вылезла з машыны, моцна грукнула дзверцамі, абцягнула кофтачку і першая пайшла да варотцаў, прыпынілася толькі ля ганка, рэзка завярнула галаву, ва ўпор зірнула на Загацкага. Ён вытрымаў яе позірк. Марыя абедзвюма рукамі, тым самым, памятным Загацкаму рухам, паправіла валасы, крыху вінавата і стомлена ўсміхнулася, папрасіла:

— Дай мне вады напіцца і пакажы, дзе твой душ.

Загацкі хуценька адамкнуў хату, адчыніў кран, зліў цёплую ваду. Подбегам знайшоў у гаспадаровай шафе махровае палаценца і толькі тады спахапіўся, што мітусіцца, як лёкай, спаважна выйшаў да Марыі. Яна стомлена сядзела на ганку. Ваду піла прагна, але прыгожа, маленькімі глыткамі, выліла астаткі з кубка і стомлена падзякавала, устала.

— Ты адразу пад душ ці спачатку зробім прагулку на кацеры па слаўнай рэчцы Случы? — запытаўся Загацкі. Яму раптам здалося, што Марыя падзякуе за ваду і пачне развітвацца, і ён заспяшаўся апярэдзіць яе.

— Не, на кацеры ты паедзеш адзін... Ого, і шампунь нават прынёс! Дзякую,— Марыя пільна паглядзела на Загацкага.

Загацкі вярнуўся ў хату, на кухню, нетаропка пачаў рыхтаваць на стол. Перамыў клубнікі, парэзаў свежага сыру, сала, каўбасы. Усё акуратненька расклаў на сподачкі. Зайшоў у залу. Не, зала не спадабалася яму залішняю прасторнасцю і халоднаю акуратнасцю, якая панавала ў ёй. Зайшоў у свой кабінет, паправіў і так акуратна засланую пасцель, акінуў пакой вокам. Тут, за столікам, будзе ўтульна. Падышоў да акна, адчыніў яго, каб праветрыць пакой.

Цёпла і жаўтлява за горадам заходзіла сонца — ляжаў на небе душнаваты, запылены водсвет. Пахла ўгрэтымі за дзень платамі, сценамі, травою і лісцем. Стаяла спелае лета. І не толькі святочнасцю дагаралі ягоныя вечары, як у маі ці з пачатку чэрвеня, а слабенькаю журботнасцю і трывожлівым непакоем. Густа цягнула ад рэчкі пахам цёплае застоенае вады, аеру.

Загацкі ўдыхнуў вечаровы пах на поўныя грудзі, адышоў ад акна, прыпыніўся пасярод пакоя, нібыта не мог успомніць, што тут трэба яму. Потым схадзіў прынёс сурвэтку, заслаў столік, паставіў ежу, бутэльку з каньяком і маленькія кілішкі-напарсткі, завесіў шторы, уключыў на пісьмовым стале лямпу — даўнюю, з зялёным шкляным абажурам. Мяккае, свежае святло заліло пакой.

Ён быў памкнуўся выйсці насустрач Марыі, але спыніўся, вырашыў пачакаць, каб яна сама ўвайшла ў хату, схадзіў яшчэ раз у залу, знайшоў у шафе гаспадынін цёплы зімовы шарф, занёс яго ў кабінет, пастаяў, прыслухаўся, як ішла Марыя па бетаніраванай сцяжынцы, як нерашуча пастаяла перад парогам, даўгавата, потым адчыніла дзверы ў веранду, бы чалавек, які заходзіць першы раз у чужы дом і няўпэўнены, што хто-небудзь ёсць дома.

Загацкі ўсміхнуўся, слухаючы яе асцярожныя крокі, і, як толькі Марыя павярнула ручку дзвярэй у прыхожую, ступіў наперад, нібыта спяшаўся сустрэць яе.

— Заходзь. Будзь як дома.

— Пастараюся. Толькі мы абое не дома.

— А мы маем такое права — дапусціць, што гэта наш дом...

— Хіба толькі. Як пагуляць на чужым вяселлі. Дзякуй за душ. Я ажыла і памаладзела, як другі раз на свет нарадзілася.

— Прашу к нашаму шалашу!

Загацкі далікатна ўзяў Марыя пад локаць, правёў у адчыненыя дзверы кабінета. Яе мокрыя валасы пахлі свежым рачным водарам. І гэты пах, і дотык да яе рукі хваляваў Загацкага, як некалі даўно, у юнацтве. І сам ён адчуваў сябе лёгкім і вольным юнаком.

— Госпадзі, Міша! Ты і праўда не раўня другой гаспадыні! Адкуль ты ведаў, што я хачу есці?

Загацкі заўважыў, што Марыя збянтэжылася, але ёй прыемна ягоная ўвага. Нават здалося, яна крышку пачырванела ад задавальнення, асцярожна прысела ў крэсла. І рухі яе сталі мяккімі, жаноцкімі, не тымі рэзкімі, начальніцкімі, якія былі раней,— яна міжволі імкнулася падабацца і не заўважала сама гэтага імкнення.

— А дзе ж гаспадары? — запыталася Марыя і хітравата ўсміхнулася, каб і ён бачыў гэтую яе ўсмешку і адчуў, што яна і не спадзявалася застаць тут гаспадыню.

— Калі мы маем на стале вячэру, то цяпер ці трэба тыя гаспадары?

Загацкі ўліў каньяку і запрасіў:

— Калі ласка. За цябе, за маю госцю...

— І за цябе, за нашу сустрэчу.

Марыя выпіла, вінавата нахіліла галаву, як гэта ўмеюць рабіць жанчыны, нібы прасіла прабачэння — бач якая?

— Ой! Мне ж не можна! Я ж за рулём,— спахапілася яна, але ў голасе не чулася сапраўднае спалоханасці.

— Цябе тут уся раённая міліцыя ведае. Хто цябе спыняць будзе і правяраць,— супакоіў яе Загацкі.— Я ж не магу цябе адпусціць не пачаставаўшы. Ды і не ведаю, хто пасмеў бы адпусціць такую жанчыну.

Марыя не падтрымала яго жартаўлівую гаворку, а можа, і не пачула сказанага, пра нешта задумалася.

— Табе не холадна? Ахіліся на ўсякі выпадак,— ён падаў Марыі шаль, знарок не ўстаў, не ахіліў сам, нават быццам бы і не заўважыў, як засвяціліся яе вочы, як асцярожна ахілялася яна шалем.— Хто дома з нашых аднагодкаў астаўся? Як яны жывуць? Я нікога амаль не сустракаю. Сталіца вялікаю стала.

— Нікога не асталося. Аж не верыцца — ні аднаго чалавека. Маладзейшыя ёсць троха. Мы ж тады неяк і папаступалі многія вучыцца ў інстытуты, тэхнікумы, у вучылішчы, на заводы пайшлі... Мая маці паўгода галасіла, як першы раз я не паступіла і ў брыгаду хадзіла. Горшае бяды не было, чым не паступіць ці не пайсці ў людзі,— Марыя холадна павяла плячыма.— І праўда, нудна адной... Самадзейнасць нейкая, танцы. Цяпер з дзесяцігодкі ў Борках васьмігодка стала. У нас у вёсцы... Ты помніш старэнькую пачатковую школу? Яна ж пасля вайны і за клуб нам служыла... Няма яе даўно. Пабудавалі з сілікатнае цэглы новую, цёплую. А дзяцей няма. Закрываць трэба. Ты ні разу не быў у вёсцы? Многіх хат няма... Аж страшна бывае лічыць — засталіся старыя, адны пансіянеры. З нашага ўзросту ніводзін чалавек не забудаваўся. Ні адзін. Мы калгасны пасёлак паставілі, домікі са ўсімі выгодамі... Прыязджаюць да нас здалёку, з Палесся, застаюцца рабіць, жыць. Усякія людзі. Ёсць і добрыя, есць і навалач...

— А ты чаму вярнулася ў вёску?

— Я? Не, я не адразу вярнулася... Потым замуж выйшла, па-другому падумалася. Валька Пятрова з табою разам вучылася?

— Са мною. Якая яна цяпер?

— Тоўстая, урасла мясам, што і шыі не заверне, трэба самой укруга паварочвацца. Сам ведаеш, як яна вучылася. Выпхнулі яе са школы... Адным словам, яна цяпер у сталіцы, у паліклініцы ў рэгістратуры. Каторы год сядзіць, капейкі зарабляе, кватэры не мае. Добра, што бацькі яшчэ ліпяць, можа, і пенсію сваю ёй аддаюць. Сустрэла мяне нядаўна. Штаны крымпленавыя ўсперла... Госпадзі! І ты паверыш, мне спачувала, што прападаю я! Госпадзі! — Марыя шчыра і ціха засмяялася.— Сказала я ёй па-добраму: аставайся ты дома, і зарабляць будзеш, і на сваім месцы сядзеш, замуж мо выйдзеш. Пакрыўдзілася яна на мяне. Цяпер, як сустрэнемся, голаў у другі бок адварочвае, нібыта і не бачыць...

Марыя сядзела, цёпла ўтуліўшыся ў крэсла. І нават у зялёным святле было заўважна, як крыху заружавеліся шчокі, разгладзіліся суровыя валявыя маршчыны, што збягалі да вугалкоў губ, мякка, задумліва глядзелі вочы, нібыта зараз бачыла тое, пра што расказвала, ішло яно ў яе перад вачыма, і ўвесь твар яе асвятляўся нейкаю сумнаю, пяшчотнаю ласкавасцю.

Загацкі любаваўся ёю, стараўся, каб не адчула Марыя ягонага ўважлівага позірку. Але яна, мабыць, выключылася з успамінаў, вінавата зірнула на Загацкага і сказала, нібы прасіла прабачэння:

— Якое гэта шчасце — пасядзець хоць часіну вось гэтак цёпла... Госпадзі, заўсёды пачынаеш даражыць тым, чаго не вернеш.

Вусны яе ледзь прыкметна таргануліся, як ад болю, кароткага, але вострага.

— Можа, тэлевізар уключыць? — запытаўся Загацкі.

— Нашто. Добра і так. Ехаць мне трэба, а я падняцца не магу, прысаладзіў ты мяне.

Яна не ўсміхнулася, а неяк дакорліва паківала галавою.

Загацкі нічога не адказаў, падышоў да акна, зачыніў. Не хацелася, каб ехала Марыя, заставацца аднаму. Ён ведаў, што тут не прыдатны тыя вядомыя яму захады і закіды, якія ён умеў рабіць да жанчын. З Марыяй гэтак нельга было... Але што і як рабіць, ён не ведаў, разгубіўся, бы хлапчук.

Загацкі знарок затрымаўся ля акна, ды гэтак нічога і не прыдумаў, пайшоў да Марыі, адчуваў, што зробіць зараз нешта не тое і не так, як трэба.

Марыя, мабыць, заўважыла перамену, якая зрабілася з Загацкім, запыталася:

— Ты нешта сказаць хацеў?

— Дай ключ ад машыны. Яна не замыкаецца, нельга пакідаць яе на вуліцы.

— Я паеду.

— Ведаю,— Загацкі працягнуў руку.

Марыя паволі ўстала, глядзела ў вочы Загацкаму ўважліва, пільна. Ён зразумеў, што ўсё скончана, гатоў быў праваліцца скрозь зямлю!

Але нічога не здарылася. Марыя паволі, як у сне, падала яму ключы на бліскучым тоненькім ланцужку.

Загацкі не ўзяў ключы, а ўсю Марыіну руку, якая трымала іх, лёгенька пацягнуў яе да сябе. Яна паслухмяна падалася насустрач, задыхнулася ў ягоных абдымках працяглым і ціхім, як стогн, «Госпадзі!», горача, прагна прыпала да яго...

 

V

Верхняя палавіна дзверак была знята на лета, Марыю ў адной кофтачцы даймала холадам. За горадам яна спыніла машыну, знайшла за заднім сядзеннем балоневую куртку, але перш чым сесці, прыпынілася перад люстэркам, прыгледзелася да свайго твару, дастала расчоску, памаду, акуратна расчасала валасы, падфарбавала вусны, што рабіла рэдка, звычайна, калі пачыналі сівераць, яшчэ раз паправіла валасы. «Дурань!» — вылаяла шафёра, які прамчаў па дарозе і коратка насмешліва пасігналіў ёй.

Толькі пачалася раніца, нарад не скора. Ехала паволі, роўна, крыху стомленая і сонная — ніяк не магла прывучыць сябе ўставаць рана. Як дзіцяці, хацелася спаць раніцою.

Усміхнулася: як светла, з усмешкаю на твары спаў Загацкі, прыадкрыўшы рот. Успомніла з лёгкаю пяшчотаю і прыкрасцю. Не магла прывыкнуць да чужых мужчын. Хаця яна і ведала, што, маладая, удава, не робіць нічога брыдкага, калі сустракаецца з мужчынамі, якія падабаліся ёй. І сустрэўшы Загацкага, яна перш-наперш здзівілася, які прыгожы мужчына вырас з таго белатварага падлетка, якога памятала. Ён спадабаўся ёй і гаворкаю, і тою стрыманаю ўвагаю, якую ўмеў паказаць ненавязліва — быў прыемным мужчынам, як умеюць быць прыемнымі выхаваныя і вышкаленыя гараджане. Адбіваць яго ў жонкі Марыя не збіралася, пачынаць раман не было калі — жніво на носе. Таму ўстала рана і паехала, пакуль ён спіць, не пакінула нават запіскі. Але нешта яшчэ не супакоілася глыбока ў яе душы.

Марыя прыбавіла хуткасці. Яна навучылася ездзіць, як самавіты шафёр, мела асалоду разагнаць машыну так, каб тоненька, востра заспявалі па асфальце шыны, загудзеў вецер у кабіне, каб пярэднія колы толькі крыху адчувалі дарогу — і ехаць гэтак на той грані, дзе можа раптоўна кончыцца шафёрская ўлада над машынаю, дзе ўсё майстэрства ў тым, каб не разгубіцца з-за якое нечаканасці, не памыліцца. Гэтакая язда супакойвала, бо адганяла ўсе думкі. Марыя называла яе «вентыляцыяй мазгоў».

І цяпер яна гнала машыну па сухой шашы насустрач вёсачкам, са зласліваю радасцю, што людзі яшчэ спяць і ніхто не думае і не здагадваецца, як ляціць яна ў не падуладнай ёй прасторы, бы па напятай нітачцы паміж жыццём і смерцю. І толькі калі паказаўся паварот, выключыла хуткасць, трымала руль адною рукою, пакуль машына ішла накатам, збаўляла хуткасць.

Ад шашы да калгаса вяла гравійка, на якой машыну калаціла, падкідала, і даводзілася сунуцца на другой перадачы, зрэдку ўключаць трэцюю. Праз які кіламетр Марыя стамілася пераключаць перадачы, прытарможваць, уключыла другую перадачу, хуткасць рэгулявала газам, пакорліва пагойдваючыся ўсім целам у лад дарозе, пакуль не пайшла раўнейшая і можна было ехаць нармальна.

Як даехала да палёў свайго калгаса, скіравала на палявую дарогу, якая ішла ўздоўж поля, парослая цыкорыяй, мятлюком, высокім, з пабялелымі сцяблінкамі і жаўтлявымі мяцёлачкамі, валошкай паўз самы ячмень. Ячмень ад дарогі рос меншы, але з вялікім коласам, а далей, у поле, пасеў ішоў густы, як шчэць, яшчэ слаба пабялелы вусамі, і шамяткі ўжо.

Марыя ехала да пшанічнага поля, не самага ўрадлівага, якое раскінулася на ўзгорку. І толькі таму, што добра ўрабілі зямлю, навазілі кампосту, угнаенняў, далі і ўраджай — можна мірыцца. Марыя выйшла з машыны. Расы не было. Мякка туліліся да ног «коцікі». Марыя сарвала колас, расцерла, перасыпала з рукі на руку зерне, правеяла яго, роўненька расклала на далоні, нібыта збіралася лічыць, але не лічыла, узяла зерне на зуб, прыжмурылася ўдалечыню, усміхнулася, рашуча вярнулася да машыны, дарогаю заехала на жытнёвы палетак і адтуль паўз калгасны сад выехала да канторы, яшчэ замкнёнае, ад канторы да гаража, дзе павінны быць камбайнеры: заставалася два дні да пробнага выезду, а работы на камбайнах хапала. Ля майстэрань нікога не было. Марыя зірнула на гадзіннік: ішла сёмая гадзіна. Яна выйшла з машыны. З-за гаража паказаўся каваль і пачаў адмыкаць майстэрню.

— Добрай раніцы, Паўлавіч! — павіталася Марыя, падыходзячы да яго.— Ранавата вы сёння...

— Ранавата не ранавата, а першы за ўсіх.

— Бачу, што першы.

— А што, Ігнатаўна? Хочаце, праверце, я яшчэ ўчора ўсе заказы парабіў. Хай камбайнеры прыходзяць, за мною задзержкі не было і не будзе.

Каваль пачаў апраўдвацца, пажылы, негаваркі мужчына з густым рабаціннем на твары, у пабялелай на плячах і пачарнелай спераду ад мазуту спяцоўцы, нарэшце пачырванеў і стараўся не глядзець аграному ў вочы.

Марыя ўсміхнулася. Яна прывыкла, што намнога старэйшыя за яе людзі не адважваліся доўга спрачацца з ёю, падпарадкоўваліся яе волі. І цяпер, уласна, не яе справа, як выконваецца загад старшыні пачынаць рамонт з шасці гадзін раніцы. На гэта ёсць у калгасе механік. Але людзі прывыклі, што аграномцы да ўсяго трэба дапасці, і былі ўпэўнены, што праз два гады, як старшыня пойдзе на пенсію, яна зойме яго месца. Больш падхадзяшчага чалавека і не было.

— А, генеральша, з гуляў звалілася! Нацешылася!..

Марыя сцяла плечы. Яна ведала гэты голас і гэтыя словы, гэтую крыху гугнявую лаянку. Не завярнула галавы да чалавека, старога, сагнутага, у доўгім, да самае зямлі плашчы, з вялікаю кудлатаю галавою, пад маленькаю шапкаю-васьміклінкаю.

— Нагандлявалася?.. Можа, здаволілася ўжэ?

Ён смакаваў словы. Яму хацелася, каб яна абазвалася. Тады ён пачаў бы крычаць, пакуль не давёў бы сябе да істэрыкі.

Марыя завярнулася і паволі пайшла да машыны. Яна даўно ўжо шкадавала, што не дала свёкру адразу паварот ад варот. Муж некалі не надта любіў гаварыць пра бацьку: што піў ён многа, біў дзяцей, здзекаваўся з жонкі. Потым, як узраслі абодва сыны і не далі маці ў крыўду, сышоў з дому, бадзяўся па свеце. Пасля смерці жонкі вярнуўся ў пустую хату, пакрысе прапіваў усё, што можна было прадаць. Ён не быў ні на вяселлі, ні на пахаванні сына. Можа, праз месяц з’явіўся абшарпаны, старэнькі, няшчасны, прыгнечаны смерцю сына. Плакаў, што гэта яму пакаранне за грахі, што век сабе не даруе. Скардзіўся, што цяпер няма дзе і жыццё дажыць, бо хата згарэла, спалілі дзеці, забаўляючыся з запалкамі.

Яна дала старому грошай на першым часе, дапамагла застацца вартаўніком на цэнтральнай сядзібе. Праз месяц-два стары аслухаўся, пачаў прапіваць вартаўніцкія грошы, разоў колькі прасіў, а потым патрабаваў у Марыі. Калі ж адчуў, што яна больш нічога не дасць, пачаў пужаць яе судом, бы гэта яна знарок давяла мужа да смерці. Нікуды жаліцца ён не жаліўся, але вырашыў, што яму нічога яна не зробіць, пачаў брахаць.

Заехала ў кантору, зайшла ў свой кабінецік, цесную баковачку, дзе ўмяшчаўся стол, шафа з паперамі і даведнікамі.

Падумалася, што цяга да гарэлкі ў мужа была, мабыць, спадчынная. Гавораць, што дзяцей алкаголікаў таксама цягне на гарэлку. Каб не быў п’яны, не разбіўся б тады на матацыкле. Не, здароваму чалавеку не хапіла б розуму разагнацца і тараніць бетонны электраслуп. Самае страшнае і самае першае, што яна тады ўгледзела, як прыляцела да месца аварыі, яго нагу ў шкарпэтцы і далёка збоку чаравік, а потым, пакуль страціла прытомнасць, яшчэ мільганула ўваччу нешта страшнае, незнаёмае ёй...

Марыя страсянула галавою. Пасля сустрэч з былым свёкрам ёй успаміналася заўсёды тое.

Яна пачула, як ля канторы спыніўся старшынёўскі «козлік». Машыны мелі толькі яны ўдваіх, старшыня і аграном. Выйшла з пакойчыка, сустрэла старшыню ў калідоры. Старшыня не здзівіўся, што яна чакае яго. Стары чалавек, ён навучыўся не гаварыць лішне, а больш маўчаў, прыслухоўваўся, бо пачаў недачуваць, і стараўся не падаваць выгляду, што недачувае. Пра Марыю ён аднойчы пажартаваў: «Каб раніцаю перадалі паведамленне, што яна ў космасе лётае, то я не здзівіўся б. Успее і туды».

— Пятровіч, дакуль гэты.. свёкар мой будзе п’янствуваць? Пакуль п’яны не спаліць гараж? Ці вы нічога не ведаеце?

— Дакладвалі мне, што выпівае.

Старшыня змоўк. І нельга было зразумець, што ён думае.

— Можа, мне з-за гэтага п’яніцы і на цэнтральную не заязджаць? Ці вы думаеце, ён праўду пра мяне гаворыць? Я вам гавару, што нага мая не ступіць на цэнтральную, пакуль ён тут!

— Добра. Адправім яго. Толькі я не разабраўся: ты просіш ці камандуеш мне?

— Прашу. А як жа.

Марыя збянтэжылася. Яна не ўмела гаварыць са старшынёй так, каб браць верх у гаворцы, і гэта злавала яе і бянтэжыла.

— А я ўжо не прашу, а камандую! Цераз тры дні ў нас пробны выезд. Ты гэта ведаеш. Будзе прадстаўнік з раёна. А ў панядзелак мы павінны пачаць жніво і к канцу дня даць зводку, колькі зжалі і колькі намалацілі.

— Усяго толькі? У мяне не пясочкі, у мяне чарназём! На пясочках даўно жаць можна. Я пачну жніво, калі ў мяне зерне гатовым будзе! Я не вінавата, што некаму там хочацца мець прыгожы парадны пачатак, каб паказаць добрую арганізаванасць і падрыхтаванасць да жніва. Мне трэба сабраць ураджай...

— Да, Марыя, у мяне няма пясочку. Таму ў цябе і трэбую поля і на пробны выезд, і на зажынкі. Усё. А ты чаго зранку ўзварушылася? Чаго не спіш з гэтае пары?

— Гэта толькі мой былы свёкар ведае,— нявесела пажартавала Марыя.

— Да, дзеўка, адна ты асталася. Я табе ў бацькі гаджуся... Паслухай, пакуль я яшчэ не на пенсіі, плюнь на ўсё, не разваліцца калгасная работа — знайдзі мужчыну талковага, выйдзі замуж, нарадзі дзіця. Ты ж баба, дзіця табе трэба. А то ўжэ і я прывыкаю, і людзі прывыкаюць, як з мужчынам, з табою гаварыць. Я жыццё пражыў, мілая, хлеб рабіў людзям... Добрая работа, а як пражывеш і агледзішся, то каб не выгадаваў дзяцей, брыдка перад людзьмі было б.

Марыя хацела адказаць жартаўліва-грубавата, але нешта перавярнулася ў душы ад старшынёвых слоў, не магла яна нічога сказаць, бачыла, як і сам старшыня збянтэжыўся ўсё ж, кашлянуў, кіўнуў галавою і пераступіў з нагі на нагу, адчыніў дзверы свайго кабінета.

Марыя зірнула на гадзіннік: да нарада заставалася больш паўгадзіны, выйшла з канторы і паехала дадому. Жыла яна ў новым калгасным пасёлачку, займала асобны з сілікатнае цэглы домік. Як прыехалі сюды з Віцем, пажылі ў бацькавай хаце, пакуль дачакаліся кватэры. Колькі ні перарабляй старую хату, а такой утульнасці, як у сучасным доме, не зробіш. Тут, у новым доме, ужо сам Віця паклаў на падлогу драўляна-валакністыя пліты, пафарбаваў іх, і цяпер падлога блішчала, як люстраная. Ды і агароджа вакол доміка, і асфальтаваныя сцяжынкі, і выкладзеная пліткаю ванная — усё Віцева работа. Кватэра зроблена як лялечка. Толькі збоч хлеўчука зарос быльнікам падмурак на гараж, які цяпер ніколі не будзе пабудаваны...

Марыя зайшла на кухню, запаліла калонку, памылася пад душам, адзелася ў спартыўны трыкатажны касцюм, заварыла чаю, спякла на патэльні яйка, паставіла на паднос, прысела ў зале, утульна прытулілася на крэсле. Уключыла транзістар. Амаль чатыры гады прайшло, як няма Віці, а нішто не перамянілася, не пастарэла ў кватэры, нібы чакала нечага шчаслівага і вясёлага, якое дзесьці затрымалася.

Цяпер, здаецца, і няпраўда, што ім з Віцем зайздросцілі, іх маладосці, дастатку, іхняму каханню. Яна не шкадавала, што пакінула горад, што перамагла Віцю, прывезла яго сюды, што знайшлася і работа яму — брыгадзірам будаўнічае брыгады, і што ён сам пераканаўся, лепш быць тут добрым работнікам, чым спадзявацца, што стане вялікім архітэктарам. Тое, што хвалілі яго дыпломны праект, нічога не значыла яшчэ, можна было ўсё жыццё згубіць, каб выбіцца ў тыя вядомыя... Ён кахаў яе, і яна ведала, што ён не пакіне яе, зробіць гэтак, як яна хоча... І нічога не сталася з задуманага, ні шчаслівае сям’і, ні дзяцей. Апошні час перад смерцю ён піў, многа, без просыпу, і яна не любіла, ненавідзела яго п’янага, не падпускала да сябе. І ён пачаў раўнаваць яе, п’яны ездзіў следам на матацыкле, урываўся ў кабінет да старшыні, калі яна затрымлівалася вечарам у канторы. Яго знарок падводзілі, і ён верыў пачутаму. І ўжо як наступалі цвярозыя дні, не лашчыўся да яе, стараніўся нават дома, і чэркаў алоўкам па паперы эскізы нейкіх сваіх будынкаў, стараўся, каб яна не ўгледзела іх, ірваў. Яна бачыла, як трымціць у ягоных руках аловак.

У яе ж тады ўсё ішло як найлепш, яе прызналі і пачалі паважаць, а таму і спачувалі і шкадавалі. І яна ўжо крычала на мужа, што з-за яго ёй брыдка перад людзьмі. І ён пакорліва маўчаў, толькі глядзеў на яе журботна, як нешта хацеў зразумець ці сказаць.

Цяпер яна часта ўспамінала гэты яго позірк і думала, што трэба было, каб сказаў ён пра тое, што невыказна было ў яго вачах. Тады ёй не прыходзіла ў голаў запытацца.

І забіўся ён не ў час чарговага запою, а пасля таго, як яны памірыліся і ён зноў хадзіў чысты і прыгожы, і яна кахала яго і лашчыла. Але вочы, вочы яго!..

Экспертыза дала заключэнне, што ён піў перад смерцю. Яна ж ведала іншае: ён за яе каханне адплаціў тым, што забіўся, зламаў ёй жыццё... Яна збіралася з’ехаць адсюль у свет, але старшыня не пусціў.

І пакрысе работа заняла галоўнае месца ў яе душы, дала тую радасць, якая ёсць, калі ты ведаеш, што патрэбны людзям.

Цяпер, калі яна ўспамінала той Віцеў позірк, здавалася, вось-вось зразумее, што ён хацеў сказаць, і смутна адчувала, што нечым вінавата перад ім.

Але ішоў год за годам... Можна было даўно выйсці замуж за добрага чалавека, ды нешта нібы застыла ў душы. Ці то быў страх, каб не паўтарылася яшчэ раз сямейнае няшчасце, ці не сустрэла такога чалавека, якому б паверыла? А можа, адчула сябе занадта начальніцаю, якой не ставала часу на сямейныя клопаты?

І нават старшыня не вытрываў, сказаў, што трэба ёй дзеці, сям’я. Абы сказаць ён не мог, меў на гэта прычыну.

Марыя міжволі ўмасцілася на крэсле гэтак, як сядзела ў Загацкага, успомніла тое цяпло шаля, які ён падаў ахінуцца, тую сямейную ўтульнасць у пакойчыку. І тую яго разгубленасць, нейкую безабаронную, калі ён хацеў утрымаць і не адпусціць яе. Бытта адчуў ён яе адзіноту, пашкадаваў і не хацеў, каб яна адчула гэтае ягонае шкадаванне гэтак жа і як яго адзіноту, што хавалася за ўпэўненасцю і спакойнасцю шчаслівага чалавека, які любіць надурыць голаў прыгожай жанчыне. І ў ім жыла тая невыказная туга па шчасцю, якая азвалася і ў ёй...

Мабыць, гэта і прымусіла яе ўстаць і ўцячы раніцаю. Ён жанаты чалавек. Ёй не замахвацца на яго сям’ю. А грэх за гэту ноч яна возьме на сябе.

Марыя рашуча і цвёрда ўстала, прайшла па пакоі, прыбрала на кухні посуд, адзелася, выйшла па двор, села ў машыну, завяла матор.

Яна не спазнілася на нарад, які праводзілі ўлетку ля канторы ў альтанцы, цвёрда і хутка ўвайшла, прывіталася і села побач са старшынёй.

 

VI

Загацкі прачнуўся, але не расплюшчваў вачэй, адчуваў, што ўжо раніца і светла ў пакоі, цёплую Марыіну шчаку ля свайго плечука і баяўся нават глыбока ўздыхнуць, каб не пабудзіць яе.

Чыста і спакойна, як не жыў яшчэ і не зведаў нічога ў жыцці, чакаў толькі і верыў у шчасце, у доўгі светлы шлях па ім, радавалася душа. І быў далёка недзе, у дзяцінстве, і там лашчыла яго шчасцем раніца.

Загацкі асцярожна павярнуўся, каб пацалаваць Марыю і падхапіўся на ложку, правёў рукою па прасціне, якая не захавала і цяпла Марыінага цела. На падушку клаўся вузкі цёплы сонечны прамень.

Ён падхапіўся, выбег на веранду, закружыўся па пакоях, потым вярнуўся ў кабінет, шукаў вачыма запіску. Нічога не засталося. На спінцы крэсла вісеў шаль, стаяла вячэра. Як і не было нікога тут.

Загацкі ўсміхнуўся, сеў на ложак, пагладзіў рукою цёплую сонечную палоску. Недарэчна падумалася, што ніколі так у яго не здаралася. Быццам жанчына сама спакусіла яго, распарадзілася сама. Паволі ўстаў, доўга мыўся халоднаю вадою з-пад крана.

Потым паволі прыбіраў у пакоі, снедаў. Успомнілася, як расказваў Марыі ноччу пра сваё жыццё, бязлітасна, горка, усё, што сабралася на душы, як песціла і суцяшала яна яго ласкаю рук, пацалункамі, як малога, пакрыўджанага... Нібыта жалем да сябе вымольваў яе ласку. Загацкі з прыкрасцю кінуў відэлец на стол, устаў, прайшоў па кухні. Успомніў, што Марыя амаль нічога не сказала пра сябе. А ён!.. З першага вечара!.. Успомніў, як запрашаў яе да сябе, свае кампліменты... І яшчэ распрануўся душою, паплакаў...

Загацкі так адчуў прыкрасць, нібы выйшаў голы на людзі. А ўрэшце, дзяцей ім не хрысціць і не сустракацца кожнага дня, ды і наогул не сустрэцца больш у жыцці. Што было б, каб кожную сустрэчу браць гэтак да сэрца? Ваўкоў баяцца— у лес не хадзіць.

Знарок бадзёра схадзіў на базар, потым пазваніў у даведачную службу, узяў тэлефон і пазваніў у меліярацыйнае ўпраўленне, запытаў Валошыну.

— А яна на аб’екце. А хто звоніць? Што ёй перадаць? — з клапатліваю цікаўнасцю запытаўся жаночы голас.

— Белы мядзведзь.

— Адкуль? — разгублена азвалася трубка.

— З Палярнага круга. Дзякуй.

— Як?..— не зразумела субяседніца.

Загацкі паклаў трубку, узяў кнігу і пайшоў загараць.

Аднак Марыя не выходзіла з галавы. Не, нешта не гэтак выйшла, як звычайна. Не гэтак... Не прытворная была яе ласка. Ды і сам ён не прытвараўся. Загацкі аж схамянуўся, ясна і дакладна зразумеў, што ўпершыню з чужою жанчынаю не прытвараўся. Але як яна магла вось гэтак узяць і паехаць? Як магла? І ўжо гэтае адно пытанне не выходзіла з галавы, і чым больш думаў пра яго Загацкі, усё больш і больш адчуваў сябе незаслужана пакрыўджаным, і жаданне даказаць, што з ім нельга так, што ён не проста жалем выпрошваў у Марыі ласку, што ён не такі! І яна павінна ведаць гэта. Павінна ведаць!

Яму трэба сустрэцца з Марыяю. Узяць і паехаць да яе. Думка гэтая спачатку здалася нерэальнаю, але чым больш Загацкі думаў пра сустрэчу, верыў, што інакш нельга. Не паедзе ж яна зноў да яго сама, і не будзе ён дзяжурыць днямі ля райвыканкома. І ён ужо думаў, як знойдзе яе, як^прыедзе. У вёсцы не ў горадзе, там людзі на віду. А яго старыя могуць і пазнаць...

І Загацкі ўжо чакаў вечара.

Выехаў Загацкі з дому крыху раней, чым збіраўся,— нецярпелася. Суцяшаў сябе, што лепей прыехаць загадзя, каб агледзецца, не блудзіць у поцемках.

Дарогу Загацкі памятаў добра. Да раёна па гэтай дарозе ён не адзін раз ездзіў яшчэ на возе, а потым і на веласіпедзе, самым модным тады транспарце.

Ехаў паволі, прыглядаўся навокал. Што-нішто перамянілася. У першай ад горада вёсцы паклалі асфальт, ды і сама вёска злілася з горадам, можна лічыць яе гарадскою вуліцаю, каб не маляўнічы шчыт на ўездзе, які гаварыў, што пачынаецца тэрыторыя калгаса, і каб не стандартны дарожны знак з назваю вёскі. За вёскаю ішла памятная Загацкаму гравійка, пры ёй, перад наступнаю вёскаю, высокая старая таполя. Загацкі памятаў яшчэ і другую таполю, якая расла побач і якую разбіла маланка. Ад тае таполі не засталося і следу, ды і гэтая пачала ўсыхаць, толькі самая верхавіна кучаравілася зялёным дробным лісцем. Пад гэтымі таполямі калісьці стаялі лавачка і абгароджаны плоцікам крыж — «святое» месца.

Бацьку Загацкага ўвесь час рупіла перабрацца са Случчыны да сябе на Лагойшчыну. Там у вёсцы ў яго былі два браты. Мацерынае блізкае радні тут не засталося. Бацька яшчэ гаварыў, што ніяк не можа прывыкнуць да гэтага роўнага, як стол, поля.

Ужо на новым месцы, на Лагойшчыне, Загацкі скончыў школу, паступіў у інстытут. Атрымалася так, што і на ранейшую радзіму не вяртаўся, і на новым месцы, у новай вёсцы, амаль не бываў: служыў у войску, потым пасяліўся ў горадзе. Пры бацьку застаўся ў калгасе маладзейшы брат, дапамога бацьку не патрэбна была. У госці прыязджаў. А наогул, лічыў сябе каранным гараджанінам, мог, стоячы ў чарзе, калі якая цётка некуды спяшала і лезла без чаргі, спадзеючыся, што яе, вясковае бабы, чапаць не будуць, а калі і скажа хто што-небудзь, то з яе карона не спадзе, а час сэканоміць,— Загацкі мог пры такой нагодзе і пажартаваць: «Расступіся, народ! Дзярэўня ў горад прыехала!» Народ расступаўся і без ягоных жартаў...

Спыніўся Загацкі, не даехаўшы свае былое вёскі, на беразе колішняе рэчкі, ля колішняга маладзенькага хвойніку, які цяпер выцягнуўся і стаў светлым гонкастволым борам з высокімі ад зямлі шапкамі-вершалінамі. Цераз былую рэчку, а цяпер магістральную асушальную канаву зроблены бетонны высокі мост. Загацкі кінуў вокам па шырокай даліне, якая ляжала па абодва бакі канавы, шукаў астраўкі аеру — дзе заставаліся глыбокія старыцы. Але да самых канаў ляжала роўнае ўробленае трактарамі бурачнае поле. І ад лагчыны не павявала вільготным водарам, а цёплаю роўнаю палявою сушшу. На тым беразе, на пагорку між пасеянае цімафееўкі, які называўся Палянкаю, роўна браўся ў рост кудлаты хвойнік, гэтакі ж, як быў у памяці на месцы гэтага меднастволага бору, у цяні якога цяпер стаяла машына Загацкага.

Ад моста адна дарога, добра ўезджаная трактарамі і машынамі, з глыбокім чорным пылам, вяла ўздоўж берага канавы на поплаў, а другая, зарослая травою, вакол бурачнага поля, паўз жыта — да вясковае вуліцы.

Загацкі ўехаў у вёску з нейкім страхам, быццам ён у нечым вінаваты, яго спыняць, пачнуць распытваць.

Але па вуліцы ехаў нават паволі, лёгка і адразу пазнаваў старыя хаты. Толькі вуліца здавалася вузенькаю. А ўспаміналася шырокаю, і хаты вялікімі і прасторнымі.

Дарэмна Загацкі баяўся, што на яго будуць прыглядацца, пазнаваць. Нікога на вуліцы не было, ніхто цяпер на машыну ў вёсцы не прыглядаецца, да іх прывыклі, як і некалі да трактароў.

У сярэдзіне вёскі Загацкі прыцішыў ход: ён пазнаў новую пачатковую школу, пра якую гаварыла Марыя, стандартны тыпавы будыначак, а далей, за школаю, з таго ж самага боку была і хата, дзе ён нарадзіўся. Рос малады каштан. За каштанам, воддаль ад вуліцы, стаяла новая хата з серабрыста пафарбаваным дахам, сіняю ашалёўкаю, вялікаю верандаю і вясёлымі вокнамі. Хата стаяла раскошна, прасторна, і толькі збоч, пад вокнамі хаты Загацкі пазнаў грушу. Яна пабольшала, пастарэла, але ён пазнаў яе...

І машына пакацілася з узгорка, некалі высокага, з якога яны дзецьмі ездзілі на санках, а цяпер палогага, маленькага. Нібыта час зраўняў, прыгладзіў яго.

Загацкі з палёгкаю расслабіўся ўсім целам, калі машына выехала ў канец, скінуў газ, паглядзеў направа, туды, куды яму трэба было ехаць, дзе за кіламетр віднеўся пасёлак суседняе вёскі і пры ім белыя цагляныя домікі, дзе і жыла Марыя. Сонца ўжо прысела на кароткую часіну на самым крайку далягляду, але святло яго, яшчэ яркае і высокае, стаяла над зямлёю, і Загацкі не адважваўся ехаць адразу да пасёлка, кінуў вокам налева, пад узгорак у поле — можна ехаць да пасёлка і кругавою дарогаю, палямі, заехаць з другога боку, з чужых вёсак.

І рукі адразу ж павярнулі руль улева, але машына ўжо страціла набраны разгон, тарганулася і заглухла. Загацкі хуценька, не выключаў нават перадачу, націснуў на счапленне, завёў матор і з перагазоўкаю крануўся з месца, набіраў хуткасць пад гору.

На гэтым месцы, за яго памяць, ляжала шырокая, утравянелая сценка. Цяпер яе зааралі з двух бакоў, зрабілі звычайную палявую дарогу. З аднаго боку стаяў жытнёвы палетак, а з другога — бульбянае поле. Загацкі з палёгкаю разганяў машыну на поўную хуткасць, з радасцю, што можа вось гэтак імкліва ўрэзацца ў нізкую палявую прастору, на якую пачала апускацца слабенькая вечаровая смуга.

У лабавое шкло, як цалялі Загацкаму ў лоб, хлупка білі буйныя, звешаныя над дарогаю каласы, і Загацкі міжволі ўгінаў галаву.

За палеткам пачаўся невялікі лясок. Паўз яго Загацкі праехаў да лагчыны, не зважаў, што дарога ўтравянела, толькі калі адчуў, што колы мякка садзяцца ў зямлю, пераключыўся на ніжэйшую перадачу, хуткасці не скідаў, прабіваўся ўперад з разгону. Але так і не прабіўся, машына села. Загацкі не вылез з машыны, пагазаваў, паспрабаваў паехаць назад, па старых сваіх слядах.

«Не хапала толькі гэтага!» — Загацкі падумаў пра свой вымушаны палон насмешліва. Ён ведаў гэтае поле. У такую суш адкуль магла тут узяцца гразь?

Загацкі адчыніў дзверцы, ступіў на зямлю. Пад чаравікам мякка чмякнула. Загацкі аж прысвіснуў: направа, далей у лагчыне, роўна ляжала вада, а яшчэ далей, пасярод вады, узвышаўся над возерам востраў.

Не хапала небыту — хадзіць шукаць трактар.

Загацкі ўжо не зважаў на гразь, дастаў з багажніка рыдлёўку, пачаў падкопваць пад коламі. У падкапаныя раўчукі адразу ж набягала вада. Машына крыху набрала раскачку, але і села амаль на жывот. Загацкі разгублена абышоў вакол машыны. Нагнуўся, зірнуў пад ніз: яшчэ крыху сядзе машына — і без буксіра не вылезці, азірнуўся на поле, на лес, за якім чырвона схавалася сонца, лёг ад лесу ў лагчыну доўгі цень. Пахла свежасцю, цёплаю балотнаю вадою, збажыною і хвояй.

Загацкі са злосці даў ногца ў задняе кола, з нейкаю лютаю ўпартасцю падумаў, што выберацца сам і знойдзе Марыю. Знойдзе, хай яна што хоча думае, знойдзе!

Загацкі ўзяў сякеру і пайшоў да лесу, да вербалозавых кустоў, якія раслі з ускрайку. Выбіраў і ссекаў таўшчэйшыя стваліны, галлё, насіў ламачча да машыны, вымошчваў пад коламі.

Потым уключыў хуткасць, прыціснуў ламачынаю педаль газу, вылез з машыны і пачаў папіхаць машыну, разгойдваць яе, пакуль яна, нарэшце, не пайшла, не ўсхапілася на галлё. Тады хуценька ўскочыў у кабіну і, стараючыся, каб не зляцець са старога следа, пачаў даваць назад і з разгону вылецеў на сухое.

Тым часам добра ўмеркла, Загацкі разуўся, схадзіў да лужыны, збольшага абмыўся, сеў у машыну і пагнуў назад, да вёскі, старою дарогаю, не даехаў пасёлка, завярнуў на цэнтральную сядзібу ў спадзяванні ўгледзець там Марыю.

Там ужо было бязлюдна, у канторы свяцілася адно акно, але ён не мог зайсці і папытацца пра Марыю. Заляпаны па калені граззю чалавек ні з таго ні з сяго раптам шукае агранома...

Па дарозе да канторы Загацкі ўбачыў чалавечую постаць у доўгай адзежыне, паволі паехаў насустрач, прытармазіў.

— Дзядзька! А дзядзька! — паклікаў Загацкі, бо чалавек не спыніўся пасля першага воклічу.

Чалавек паволі падышоў да машыны.

— Дзядзька, дзе ваш аграном жыве?

— А вы хіба начальнік які, што на легкавіку? — запытаўся чалавек, адною рукою абапёрся на машыну.

— Начальнік,— коратка адказаў Загацкі. Ён ведаў, што начальнікаў, хоць і невядома якіх, дзядзькі прывучаны паважаць, а таму і гэты раскажа дарогу.

— А вы знаеце, хто я такі? Я свёкар яе. Вы ж нічога пра яе не ведаеце! Яна ж майго сына да смерці давяла! Круціла-круціла светам, што ён на сябе рукі наклаў! Разагнаўся на матацыкле — і ў слуп. Насмерць. Мне нават яна не напісала, як хавалі! Без бацькі пахавалі! Я б яе да суда падвёў! А цяпер я адзін астаўся, без дапамогі, без сына... А яна мне ні грама памагаць не хоча. Я мяшаю ёй зноў, спадніцу задраўшы, перад мужчынамі задам круціць! Ёй нічога не трэба, абы толькі перад мужчынамі круціць...

Чалавек, калі гаварыў пра сына, плаксіва шморгаў носам, спыняўся, каб пачуць ад Загацкага спачуванне. І пад канец гаворкі голас яго аж зазвінеў ад злосці.

— А яна ж парцейная! Хіба месца такім у парціі! Хіба такія могуць людзьмі камандаваць? Я вам пра гэта ўсё напішу ў раён!

Чалавек усё ніжэй нагінаўся да Загацкага, стараўся зазірнуць яму ў твар, каб лепш разгледзець. Загацкі ўбачыў яго зарослы твар, пачуў густы смуродны дух, як ад даўно нямытага апуснога чалавека, і пах гарэлачнага перагару.

— У яе трэці домік налева, як уедзеце ў пасёлак... А вы мо не начальнік над ёю, а падгледзець яе прыехалі? — зноў запытаўся мужчына са смакам, бо заўважыў, што Загацкі адхіліўся назад, каб не можна было ўгледзець яго.— То яна вам целевізар да раніцы пакажа...

Дзядзька дробненька захіхікаў, аж нешта заекатала ў яго ўсярэдзіне.

Загацкі адпусціў счапленне, газануў, машына рыўком узяла з месца, і дзядзька не насмяяўся, пайшоў вінтом і, як здалося Загацкаму, ткнуўся тварам у дарожны пыл.

Да домікаў ехаў паволі, быццам яшчэ думаў завярнуць назад. У Марыі тут, аказваецца, і свёкар жыве. І, можа, ёсць чалавек, з якім сустракаецца яна. Што б ён сам рабіў, каб да яго дадому раптам з’явілася якая-небудзь знаёмая? Але ўсё ж паехаў, спыніўся ля трэцяга доміка, глядзеў на шчыльна завешанае асветленае акно. Здрадліва варухнулася думка, што вось зараз убачыць там цень двух постацяў — і ўсё само сабою стане на свае месцы.

Потым вылез з машыны, доўга не мог трапіць ключыкам у замок, прыпыніўся ў варотцах, пайшоў да ганка, перавёў дыханне і не пастукаў у дзверы, папхнуў іх. Дзверы нечакана лёгка і шырока адчыніліся, што Загацкі ледзьве паспеў злавіць і спыніць іх, каб не грукнулі ў сцяну. Асцярожна адчыніў наступныя і ўвайшоў у невялічкі калідор. У куце гарэў таршэр. Марыя сядзела ля журнальнага століка, побач з якім на крэсле ляжаў разгорнуты план калгаснае зямлі. Марыя нешта запісвала ў блакноцік, час ад часу пазірала ў тэлевізар.

Яна не пачула, калі ўвайшоў Загацкі. Твар яе ў халодным святле таршэра здаваўся суровым, стомлена-начальніцкім, рухі рэзкія, па-мужчынску ўпэўненыя, і рукавы спартыўнае трыкатажнае рубашкі гэтаксама па-мужчынску закасаны вышэй локцяў. За сталом сядзела другая жанчына, зусім не падобная на тую, што была з ім учора. Загацкаму здалося, што ён памыліўся, зайшоў не ў тую, што трэба, хату.

Марыя крута завярнулася, паглядзела на Загацкага, гэтаксама, нібы не пазнавала яго. І Загацкаму здалося, што яна зараз скажа кароткае: «Вон!», так і не пазнае яго.

— Ты?! — ні то здзівілася, ні то запыталася Марыя, але на твары не заўважылася ні здзіўлення, ні разгубленасці, заставалася тая ж самая начальніцкая ўпэўненасць і незадаволенасць, што ёй перашкодзілі. Яна паволі ўстала, маленькая і зусім не грозная ў кароценькай дзявочай спаднічцы, у шлёпанцах на босую нагу, як школьніца-падлетак.

— Што зрабілася? — запыталася, ступіла насустрач і раптам нібы спалохалася, перамянілася з твару, як штосьці ўспамінаючы, зноў абедзвюма рукамі прыгладзіла валасы.

Загацкі нічога не адказаў. Адчуў, што няма чаго гаварыць. Ён стомлена ўсміхнуўся і паволі зачыніў за сабою дзверы.

— А ты думала, ад мяне гэтак проста ўцячы? — Загацкі збіраўся пажартаваць, прынамсі, сказаць хоць тым жартаўлівым лёгкім складам, як умеў гаварыць, але не пазнаў свой нізкі глухі голас.

— Ну і што? Мы не дзеці з табою.— Голас яе стараўся набраць звыклую камандзірскую ўпэўненасць.— Нам з табою трэба ведаць, што ад дабра дабра не шукаюць...

— Марыя!

Загацкі крыкнуў на яе. Ён адчуваў, што далей яна можа сказаць нешта такое, што паміж імі ўсё скончыцца. Яна аж здрыганулася ад яго крыку, расслабілася, як знясілела, неяк роспачна выдыхнула:

— Госпадзі! Нашто гэта ўсё? — і ступіла насустрач.

 

Загацкі чуў, як пяшчотна, бы мяккім крылом, гладзіла Марыя яго па галаве, дакраналася пальцамі да твару, да шыі, нібыта старалася запомніць. Ён трымаў яе за другую руку, чуў пад пальцам, як часта пульсуе кроў, і не хацеў прачынацца, успамінаў, як плакала Марыя, як расказвала пра сябе, нібы ў гарачцы шаптала сваё «госпадзі, госпадзі!», уся ягоная, безабаронная. І ён усміхнуўся спагадліва, стомлена.

Прачнуўся ад кароткага пацалунка. Спрасонку здалося, што ў сваёй кватэры, у сваім ложку, і аж сцяўся душою ад гэтага нечаканага пацалунка.

— Мне пара, Міша. На нарад трэба.

Ён пачуў голас Марыі, не расплюшчваў вочы, працягнуў насустрач рукі, пачуў, што яна адступіла.

Загацкі расплюшчыў вочы. Марыя ўжо адзелася, сабралася, і на твары ў яе засталіся і нейкая змучанасць, і радасць, і няўпэўненасць, усё роўна як цяпер, пры ранішнім святле, саромелася ўсяго, што было ў іх.

— Марыя!

— Не. Позна. І ты доўга не будзь. Людзі ж...— яна не дагаварыла і як збаялася, што падумае, быццам праганяе яго, паабяцала: — Я лепш сама прыеду...

Адступіла да парога, махнула рукою, потым прыпынілася, знаёма ўпэўнена азірнулася на Загацкага, нібы хацела нешта ўспомніць, і выйшла. Загацкі заплюшчыў вочы, паляжаў нерухома, лёгкі і ўпэўнены, потым устаў, заслаў ложак, памыўся пад душам, выпіў на кухні прыгатаваны яму чай з бутэрбродам.

Адзенне яго, вычышчанае і адпрасаванае, акуратна вісела на спінцы крэсла, і ён быццам і не здзівіўся гэтаму.

Загацкі замкнуў дзверы на французскі замок, лёгка і ўпэўнена выйшаў да машыны, адамкнуў яе, завярнуўся, выехаў за пасёлак, успомніў пра вартаўніка, вылаяўся, не паехаў паўз цэнтральную сядзібу, а завярнуў налева, на новую дарогу, пра якую гаварыла Марыя.

Як вярнуўся дадому, Загацкі яшчэ праехаў да рэчкі, старанна вымыў машыну, каб не засталося на ёй і звання гліны ці гразі, нават памыў гумавыя падсцілкі пад нагамі, пачакаў, пакуль машына крыху абсохла, прыехаў, паставіў яе на двор, сабраўся і пайшоў на базар — да бабулькі купіць свежага малака і яшчэ сяго-таго з правіянту, каб да вечара ўжо больш нікуды не выходзіць з дому.

 

VII

Вільготны, туга намыты мылец капусна пахрумстваў пад нагамі, маленькая хваля ласкава і цёпла даставала да ног, і хацелася ісці па ёй бясконца. Сонца паднялося над лесам і прыгравала ў плечы. Марыя адышла ад вады, села ў мяккі і цёплы пясок, выцягнула ногі, акінула сябе позіркам і ціха засмяялася: успомніла, як прыраўнаваў яе Загацкі да іхняга суседа, маладога хлопца! Марыя зірнула на чырвоную палатку суседзяў, якая прытаілася за ядлоўцам. Насупраць палаткі ля берага стаяла раскладная лодка. Міша не пусціў яе паплаваць учора па возеры з суседам. Марыя засмяялася ціхенька сама сабе: навошта яна гэтаму хлопцу, які прыехаў сюды з нявестаю. Ёй хацелася і сёння крыху пакакетнічаць з суседам — каб бачыць, як хмурыцца, хоць прытвараецца і не падае выгляду, што раўнуе, Загацкі.

Марыя спачатку адмаўлялася ехаць — як гэта ў жніво пакідаць калгас? Каб даведалася, што хто з калгасных начальнікаў зрабіў такое, не дала б спуску... Але паехала. За гэты тыдзень, калі яна кожнага вечара прыязджала да Загацкага, жыла, як у нейкім дурмане: рабіла ўсю сваю работу і міжволі чакала, каб хутчэй скончыўся дзень... Быццам у сне нейкім прыйшло да яе тое шчасце, пра якое марыла, прыйшло яшчэ прыгажэйшае, яшчэ нечаканейшае. І пра гэта нельга было нікому сказаць, гэта трэба было аберагаць ад людзей, як нешта несправядліва прысвоенае, чым нельга ўсё ж не тое што пахваліцца, але і падзяліцца. Гэтае шчасце ў нечым непрымірыма разыходзілася з усім тым, чым яна жыла... Але прызнацца ў гэтым, як ачнуцца ад сну.

Загацкі падрыхтаваў палатку і ўсё начынне, мабыць, таму, што памятаў, як яна расказвала пра сваё жыццё і пра тое, як марылася некалі рабіць такія паездкі сям’ёю.

Ды і сапраўды работа ў калгасе не стане, калі агранома і не будзе які дзень.

На возера прыехалі вечарам, але Адамам і Еваю пабыць не давялося. На тым месцы, якое ведаў Загацкі, стаяла палатка — дапала да гэтага ляснога возера пара маладых масквічоў, Валодзя і Валерыя.

Валодзя дружна ўзяўся дапамагаць Загацкаму ставіць палатку, а Валерыя з Марыяю гатаваць вячэру — масквічы ўжо тыдзень праседзелі на возеры і радаваліся суседзям.

Аб’ядналі за сталом не толькі закусь, але і выпіўку, жартавалі і блазнавалі доўга, Валодзя спакушаў Марыю паплаваць з ім на лодцы, станавіўся на калена і цалаваў руку. Загацкі Валерыі аддаваў за адзін пацалунак свае «Жыгулі». П’янаватыя, адурэлыя ад весялосці, палезлі ў лодку і перакулілі яе ля самага берага, вымаклі і толькі тады разышліся спаць, нават не прыбралі вячэру.

Раніцаю Валерыя пабудзіла Марыю, сказала, што яны з Валодзем даўно хочуць на базар з’ездзіць у райцэнтр і рады, што ёсць на каго пакінуць палатку.

Марыя не будзіла Загацкага, устала, прыбрала астаткі ўчарашняга балявання, і ўжо не хацела ісці ў палатку, любавалася возерам і раніцаю і са шкадаваннем думала — як даўно не была вось гэтак спакойна пры вадзе, на сонцы.

Зірнула на палатку, дзе спаў Загацкі, і думкі яе быццам спатыкнуліся,— а што ж далей? Яны абое, як згаварыліся, знарок маўчалі пра будучае, нібы баяліся неасцярожным словам ці намёкам парушыць тое, што мелі, як бытта цяперашняе само сабою прадоўжыцца ў вечнае. І калі часам сядзелі моўчкі, Марыі здавалася, што Загацкі гэтак жа, як і яна, думае пра тое, што будзе, і гэтак жа, як і яна, не можа сказаць нічога канкрэтнага. І, магчыма, уяўляе яе ў горадзе, гэтак жа, як яна яго ў калгасе. Ім трэба інжынер...

Марыя ўстала і пайшла да палаткі, у якой ужо стала душнавата, легла на свой надуўны матрасік, прыціснулася да Загацкага, пацалавала, пачакала, каб прачнуўся, абняла яшчэ мацней...

— А дзе Валодзя і Валера? — запытаўся Загацкі.

— На базар паехалі.

— Так і жывем: к нам людзі з Масквы едуць, а мы на поўдзень. Не знаем, што самі маем.

— А я ўсё роўна хачу на поўдзень. Сесці ў машыну, заехаць на бераг мора. Мабыць, некалі ў кіно нагледзелася, як ён і яна едуць да мора. А табе чаго сама-сама больш хацелася?

— Не помню. Нечага такога... Некалі хацеў геолагам быць. Далёка было ехаць у тэхнікум, у Кіраўскі, пабаяўся, не паехаў. Як вучыўся, думаў, што новую машыну прыдумаю, што і па дарозе ездзіць будзе, і па вадзе плаваць, і лятаць... Хацеў знайсці жанчыну, якую буду кахаць, як ніхто не кахаў яшчэ на зямлі і якая мяне гэтак жа сама будзе любіць...

— Ну а яшчэ?

— Яшчэ? Нікуды не паехаў, машыну не прыдумаў. Цяпер у міністэрстве, з паперамі, ведаю сваю работу, нават перспектыўны малады кіраўнік... У жыцці ўсё намнога прасцей і прымітыўней. І кожны чалавек павінен ведаць сваё месца і на гэтым месцы зрабіць сабе шчасце. Вось і сустрэў цябе...

— Ведаеш, старшыня, стары наш, ён любіць мяне. Гаворыць мне: пакуль я не на пенсіі, замуж выходзь, нарадзі дзіця, а тады ўжо і калгасам за мяне астанешся камандаваць, а то не будзе калі за работаю мужа знайсці. Госпадзі, а я і праўда хачу нарадзіць дзіця! Каб хто пачуў гэта з маіх калгаснікаў! Усе думаюць, што я, акрамя старшынёўскае пасады, нічога не хачу...

— Пакуль дачка меншая была ў мяне, я думаў, што ёсць, нарэшце, адзіная жывая душа, якая мяне любіць, якая не можа без мяне. І гэта шчасце... А цяпер пачала падрастаць, і, аказваецца, сваё жыццё і ў яе...

— Ты не хочаш, каб я нарадзіла дзіця?

— Адкуль ты ўзяла? І што табе ўзбрыло ў голаў? Я ж не доктар. Пара ўставаць, а то няёмка, як прыедуць нашы суседзі, а мы з табою ўсё яшчэ ў палатцы сядзім.— Загацкі сеў, пацягнуўся, што аж хрумснулі суставы.

Марыя глянула на яго, і гаворка пра дзіця здалася зусім недарэчы. Невядома, што пацягнула яе за язык. Загацкі заўважыў гэты яе позірк.

— Пад’ём, пад’ём! — Загацкі схапіў яе за плечы, выпхнуў з палаткі, не пераставаў слакатаць, павёў перад сабою да вады.

— Ой, ненармальны. Пусці! Ой, ну што ты робіш! Баюся! — Марыя круцілася, каб вырвацца. Загацкі знарок упаў на пясок, паваліў Марыю, прытуліў да сябе, пачаў цалаваць, пакуль яна не змаглася і не сцішылася, ляжала, прытуліўшыся да яго, паклаўшы сваю галаву яму на руку. Цёпла і ласкава грэла сонца. Яна слухала, як лёгенька і асцярожна, нібыта хлапчук, які першы раз застаўся адзін на адзін з дзяўчынаю, Загацкі гладзіў яе руку — яна любіла гэтую яго ласку.

— Сёння лашчышся, а ўчора пацалаваць Валерыю — як на мёд,— Марыя лёгенька адапхнула Загацкага.

— Вось угавару і пацалую!

— Я табе пацалую!

— А я цябе пакупаю!

Загацкі ўскочыў на ногі, падхапіў Марыю і панёс да вады.

— Пусці, ой! Купальнік вымачу! Госпадзі! — Марыя заматляла нагамі, старалася вырвацца з рук, засмяялася весела на ўсё возера, як дзяўчынка — звонка і шчасліва.

Загацкі паставіў яе на ногі ля самае вады, не адпусціў, пацалаваў і запытаўся:

— Думаеш, гэтая маладая ўмее гэтак засмяяцца. Я за адзін твой смех не прамяняю цябе ні на кога!

— Знаем, знаем мы вас!

— Думаеш, лепш, чым мы вас? — Загацкі пырснуў на Марыю вады.

— Ой! А вось і табе!

Марыя нагнулася і плюхнула на Загацкага прыгаршчамі.

— Купаць яе! — крыкнуў Загацкі, схапіў Марыю, пацягнуў ад берага. Яна стукала кулакамі яго па плячах, смяялася і крычала, пакуль Загацкі не спатыкнуўся, і яны абое не шухнулі ў ваду.

Марыя адразу ж ускочыла на ногі, каб зноў не схапіў яе Загацкі, кінулася на ваду і паплыла, чула, што Загацкі даганяе яе, але не спяшалася, завярнула і паплыла да берага. Яна не азіралася назад, адчувала, што Загацкі побач, чакала, пакуль ён параўняецца. Вада туга абмывала цела, супакойвала і сваёю жывою халаднаватасцю, і мяккасцю, нібыта закалыхвала. І да другога берага здавалася, далёка, а прад імі ляжала бясконцая вадзяная гладзь, якая паблісквала на сонцы, што цёпла грэла ў твар. І калі заплюшчыць вочы, то можна адчуць, як мякка дакранаецца да павекаў ягоная цеплыня.

Загацкі параўняўся, паплыў побач на баку, і Марыя павярнулася тварам да яго. Яны нічога не гаварылі, толькі стараліся, каб плысці суладна, і плылося лёгка, нібыта вада была жывою істотаю, якая злучала іх.

Марыя то заплюшчвала вочы, каб адчуць, як дакранаецца да павек сонечная цеплыня, то расплюшчвала, бачыла, як пяшчотна глядзіць на яе Загацкі і ўсміхалася яму. Яны сплываліся ўсё бліжэй і бліжэй, стараліся, каб не зрабіць лішняе хвалі і не запырскаць адно аднаго.

Марыя толькі ціха і здзіўлена ўскрыкнула, калі Загацкі пацалаваў яе, адчула на сваіх вуснах смак азёрнае вады. І далей зноў паплылі асцярожна, з асалодаю, не заўважылі, што даўно завярнулі ад берага і пераплылі возера, падхапіліся на ногі, калі дакрануліся рукамі да зямлі, спахапіліся. Тая блакітная прастора, якая здавалася бясконцаю, пакуль плылі, цяпер на сонцы здавалася шэраватаю, як і заўсёды робіцца вада ўдзень, пад высокім спякотным летнім сонцам.

Валерыя і Валодзя стаялі на тым беразе і глядзелі на іх. Яны даўно глядзелі і ціха перагаворваліся, Валерыя ківала галавою. Марыі непрыемна стала, што яны глядзелі і гаварылі пра іх, маладыя, сур’ёзныя. Нібы іхнімі вачыма з іхняе маладосці глянула на сябе і на Загацкага.

Валодзя бадзёра махнуў рукою — давайце хутчэй сюды. І Валерыя павольна паўтарыла ягоны жэст.

— Пайшлі. Пераадзецца трэба.

Ім не хацелася ісці на той бераг, з якога яны адплылі.

Шпарка, моўчкі яны вярнуліся да свае палаткі, пераадзеліся ў сухое і пайшлі да суседзяў. Там ужо ля палаткі ляжала разасланая каляровая поліэтыленавая цырата, святочная, яркімі кулястымі кветкамі. Стаялі ружовыя пластмасавыя шклянкі з малаком, вялікая чырвоная міска, поўная буйнае клубнікі, якая туга паблісквала на сонцы. На чыстым белым лісточку ляжаў парэзаны свежы клінковы сыр, на сподачку масла, нарэзаны акуратнымі лустачкамі батон.

Марыя глядзела на Валерыю, даўганогую, доўгавалосую, на яе мяккія, як у вадзе, павольныя рухі, адчувала нейкую сваю паблякласць побач з ёй, з яе маладосцю. Яны з Загацкім здаваліся нейкім далёкім ценем Валодзі і Валерыі, якім, мабыць, смешна было глядзець, як дурэлі яны і цалаваліся ў вадзе.

— Калі ласка, Марыя Іванаўна, я ваш кавалер.

— А я Валерыі сёння падару «Жыгулі»!

Валерыя ветліва ўсміхнулася.

— Міхаіл Міхайлавіч, наліце Валерыі,— перадаў Загацкаму бутэльку Валодзя.

Учора вечарам яны былі проста Марыя і Міша. Марыя падумала, што цяпер, пры сонцы, нельга не зваць іх па бацьку.

— Ну што ж, вып’ем за гэтае слаўнае, неабтоптанае цывілізацыяй лясное возера, за вашу слаўную зямлю, за ваш слаўны народ, за наша знаёмства,— падняў тост Валодзя.

— Марыя Іванаўна, вам бутэрброд, калі ласка.— Валодзя гаварыў жартаўліва. І Марыі здавалася, што яму крыху няёмка сёння, учора яны абое дурэлі, як маладыя, як дзеці.

— Дзякуй, Валодзя.

— Міхаіл Міхайлавіч, вы ж мяне абкорміце. Прападзе мая талія... Вы на батон мне тыднёвую норму масла намазалі.

— Маслам Валерку не сапсуеш,— пажартаваў у адказ Загацкі. Ад гэтага яе Міхаіла Міхайлавіча ён не адчуваў сябе старэйшым, прывык, каб так гаварылі да яго. Марыя зразумела гэта.

— У вас тут цудоўныя людзі. Мы першы год сюды прыехалі, паглядзелі... Народ, які сапраўды многа пакутаваў. Многа...

— Валодзя, ты раскажы ім пра бабку з базара,— Валерыя далікатна перавяла гаворку на другое, узяла ў два пальцы са свайго сподачка буйную ягадку.

— Ну, гэта класічна! Класічна! — Валодзя ўсміхнуўся, стрэльнуў вачыма.— Падыходзім мы да бабкі... Гэтакая старэнькая, у белым фартушку — ну адуванчык божы. Масла, дзетачкі, купляйце, свежае...

Валодзя загаварыў нараспеў і танчэйшым голасам. Але ён не ведаў беларускае мовы і падладзіцца пад яе не выходзіла.

— Дзе ж ваша масла, бабка, кажу. Паказвае. А яно... поўны дзіцячы гаршочак накладзена. Пытаюся, ці купляў хто ў яе. Не куплялі. Гавару, бабка, ніхто і не купіць, бо ў гэтую пасудзіну не масла кладуць, а дзяцей на яе садзяць...

Валодзя ціха засмяяўся, далікатным і кароткім смехам яго падтрымала Валерыя.

— Пакрыўдзілася на мяне бабка. Абы-што гаворыш. Паглядзі, якая чыстая, эмаліраваная пасуда. Ці ж я дурная, каб дзіця на яе садзіць. Ведзер старых колькі хочаш... Класічна!

Засмяяліся Марыя і Загацкі разам з маладымі з тое бабулькі...

— Вы доўга тут будзеце? — запыталася Марыя першае, што прыйшло ў голаў, бо адчувала, што не выходзіць сёння гаворка за сталом.

— Тыдзень засталося. Яна ў мяне таваравед, на работу трэба,— кіўнуў Валодзя на жонку і дадаў: — У мастацкім салоне... Так што вы правядзеце нас.

— Не, мы сёння пасля абеду паедзем,— адказала Марыя, перахапіла здзіўлены позірк Загацкага: яны меліся пераначаваць яшчэ ноч, але цяпер яна ведала, што свята скончылася і трэба ехаць.

— А, вы на выхадны,— здагадалася Валерыя.

Трэцюю чарку Валодзя падняў за здароўе сям’і Загацкіх, і Марыя і Загацкі хуценька падзякавалі. Іхнюю збянтэжанасць заўважыла Валерыя, дакорліва глянула на мужа, які ўжо не надта заўважаў, але Загацкага называў Міхаіл Міхалычам. Потым яны адышлі да Валодзевага «Масквіча», Загацкі нешта расказваў яму.

Марыя памагла Валерыі памыць посуд. Цяпер ёй здавалася, што яна і сапраўды быццам бачыла Валерыю дзе-небудзь у сувенірным аддзеле якога ГУМа.

Стомленыя гарачынёю і выпіўкаю, пакупаліся і палезлі ў палаткі спаць.

Марыя адчувала, што Загацкі пакрыўдзіўся на яе, хоць і не падаваў выгляду. Падумала, што ўсё ж не трэба было ехаць ім сюды.

Раптам кальнула думка, што таго маладога шчасця, якое было ў яе з Віцем, не паўторыцца, бо з гадамі адышло самае светлае цяпло душы, што шчасце ёсць кожнага дня ў жыцці новае, сваё...

 

Выехалі з возераў пасля абеду. Сама прыпякала сонца, і паветра аж мроілася, пабялела, выліняла неба. Па полі збоч дарогі ішоў камбайн, вёў за сабою слабенькі белы след пылу, і не верылася, што на ім, гэтакім гарачым, як патэльня, можа сядзець чалавек.

Марыя ведала, што гэта толькі з машыны здаецца, быццам няма ветру. У полі ён ёсць. Яна скоса зірнула на Загацкага, які засяроджана глядзеў на дарогу.

Ёй трэба было загаварыць да яго, не маўчаць. Але думалася не пра тое, што сказаць, а пра той нейкі гаркавы асадак на душы, які пакінула гэтая паездка, бытта яна нечым прыгняла Марыю, нейкаю фальшывасцю. І Марыя амаль адчувала ўсёю істотаю гэта — як з халаднаватае, тугое вады заплыла ў меленькую, ілістую...

Яна прытулілася плячыма ў куточак між спінкаю сядзення і дзверцамі, каб не гэтак даставала сонца, нібы драмала, толькі зрэдку паглядала на Загацкага, які апусціў сонцаадбіўны шчыток, крыху нахіліў галаву, і цень ад шчытка закрываў вочы і дзяліў твар на чорную і белую палавіны. Ехаў ён хутка, але ўпэўнена, чыста, нідзе не выходзіў адчайна на абгон, ні на паварот.

— Ты многа ездзіш на машыне? — запытала Марыя.

— Не, не вельмі.

— Прафесійна едзеш.

— Я ўсё ж аўтамабіліст. З дыпломам.

— Нам таксама інжынер патрэбен.— Марыя падумала, каб у калгасе быў талковы інжынер, і старшыні, і ёй намнога б менш работы заставалася.

Загацкі не завярнуў галавы да Марыі, глядзеў на дарогу, над якою трымцела, цякло паветра, усё роўна як нябачным полымем гарэў і дыміўся асфальт. Ён злаваў на Марыю, здавалася, не за тое, што сарвала яго з возера, а за тое, што зрабіла гэтак, каб не было яму як запярэчыць. Так рабіла заўсёды Загацкага жонка, калі хацела зрабіць па-свойму і ведала, што яму гэта не па душы, але не хацела зважаць на яго. Пачынаць сварку з Марыяю, як з жонкаю, ён не мог.

— Слухай, а што гэта за стары ў вас на цэнтральнай? — запытаўся Загацкі, каб не маўчаць.

— Адкуль ты яго знаеш?

— Я ў яго пытаў дарогу тады...

— І што ён гаварыў? — Марыя выпрасталася.

— Чым ты яму дапякла?

— Няма яго ўжо ў нас.

— Правільна. З такою мордаю толькі пад мостам сядзець.

Марыя паглядзела на Загацкага, як хацела здагадацца, ці ўсё сказаў ён, пачутае ад старога? Але Загацкі прыжмурана глядзеў на дарогу. Ён цяпер падумаў, што стары, мабыць, нешта ведаў... На такую жанчыну ахвотнікі заўсёды знойдуцца. Ён стараўся заглушыць у сабе жаданне запытаць, ці былі ў яе мужчыны да яго, ведаў, што, калі і былі, гэта нічога не азначае, не ведала ж яна пра яго, пра Загацкага... А можа, і чакала такога, каб аблапушыць, нарадзіць дзяцей і камандаваць, рабіць па-свойму, як зрабіла сёння?

Загацкі зірнуў на Марыю, нібы спалохаўся, што яна пачула яго думкі, але яна сядзела з заплюшчанымі вачыма, як драмала ўсё роўна, і здалася Загацкаму худзенькаю, стомленаю, і ён пашкадаваў яе: сам ён стаміўся, мужчына, а што казаць пра яе, жанчыну, якая з цямна да цямна на рабоце.

Як прыедуць, ён прымусіць яе легчы спаць, і з гэтаю цёплаю спагадаю да Марыі ўехаў у гарадок.

У гарадку было зусім душна, і пакуль даехалі да хаты, рубашка на плячах у Загацкага стала мокраю, хоць выкручвай.

Покуль Загацкі заганяў на двор машыну, Марыя адамкнула хату, і калі ён увайшоў, гаварыла па тэлефоне. Загацкі не стаў слухаць, выйшаў на двор, спаласнуў твар вадою з рукамыйніка, цёплаю, як з лужыны, выцерся прыполам рубашкі.

— Міша, мне трэба ў калгас!

— Перавярнуўся ён такі ўверх нагамі без цябе!

Марыя не заўважыла здзеклівасці ў ягоным голасе.

— Старшыня захварэў.

— Ну-ну...

— І трэба мне было якраз з’ехаць! Паехалі, Мішачка!

Яна пайшла адчыняць вароты.

Загацкі замкнуў хату, цераз плячо бачыў, што не сядзелася ў машыне Марыі.

Да вёскі Загацкі гнаў машыну, Марыя расказвала пра старшыню, пра тое, колькі работы, што не хапае нейкіх там запасных частак да камбайнаў... Ён ківаў галавою, спыніўся ля пасёлка. Марыя нахілілася, пацалавала ў вусны скорым пацалункам.

— Я пазваню табе і прыеду, як разбяруся крыху...

Загацкі крута завярнуў машыну назад, у люстэрку бачыў, што Марыя не азірнулася на яго — спяшала да работы.

Да горада Загацкі ехаў спакойна, пакрыўджаны, думаў, што ўсе жанкі роўныя,— абы выйсці замуж. Нават зялёненькае дзяўчо, падлетак, і тая какетнічае і, хоць падсвядома, але хоча, каб прысвоіць таго, хто спадабаўся, выйсці замуж...

Нага аж сама сабою адпусціла акселератар, і машына ледзь не заглохла: Марыя даволі ясна сказала і пра дзіця, і пра інжынера ў іхнім калгасе! Загацкі газануў, машына моцна затузалася, пакуль набрала хуткасць, толькі тады ён прысвіснуў — уявіў сябе бацькам, у якога сын гадуецца на раёне, і пра гэта даведаліся на рабоце... «Кось, кось, пакуль не ў аглоблі!» — зласнавата падумаў пра Марыю.— «Толькі не хватала пасвіць калгасных трактарыстаў».

Але пакуль даехаў да горада, крыху супакоіўся, адступіла злосць на Марыю. Ён адчуваў, што каб засталася яна ў яго, усё было б добра, ніякае крыўды. Ды і не выдавала яна на шантажыстку, не тая натура, гэта са злосці ён гатовы быў выдумляць альбы-што.

Загацкі не паехаў адразу дадому, завярнуў у бакавую вулачку да атэлье пракату, выгрузіў з машыны ўсё турысцкае начынне.

— Ужо і назад? — здзівіўся тоўсты, нізкага росту, з адышкаю мужчына, адзеты ў вайсковы кіцель і рубашку пад гальштукам, вузялок якога быў дачарна зашмальцаваны падбароддзем. На стале, за якім ён сядзеў, пад шклом ляжала парыжэлая ад пылу і сонца старонка раённае газеты з фотаздымкам мужчыны.

— Ці мо не выйшла паездка? — стараючыся спачуваць, запытаўся мужчына і прыглядаўся да надуўных матрасікаў, бы хацеў нешта ўгледзець на іх.

— Выйшла, выйшла! — Коратка кіўнуў Загацкі. Гаварыць яму з мужчынам не хацелася, а таму, мабыць, карцела выпытаць: хто ён, Загацкі, дзе працуе?

Машына нагрэлася на сонцы, усярэдзіне душна пахла нагрэтымі сядзеннямі.

Загацкаму хацелася ў душ, у хатні халадок, падумаў пра Марыю, якая цэлы дзень будзе пыліцца па калгасе ў гэтую гарачыню, калі і праўда захварэў старшыня, цягнуць усю работу...

Але чаму яна сказала пра дзіця і пра тое, што ім патрэбен інжынер? Проста так... Але чаму?..

 

VIII

Загацкі спачатку не звярнуў увагі на шэрую «Пабеду», якая стаяла на вуліцы. І толькі калі пад’ехаў да самае свае хаты, убачыў, што машына стаіць якраз перад варотамі на яго двор. Цяпер ён і машыну пазнаў: гэтая «Пабеда» была ў яго саслужыўца Дворніка, чалавека пажылога, лысаватага. Каб замаскіраваць лысіну, валасы ён зачэсваў на яе ззаду, але іх засталося гэтак мала і гэтакія яны былі лёгенькія, што вечна пушыліся. Дворнік многа гадоў працаваў у аддзеле, чалавек не дурны, ведаў справу. Але яго недалюблівалі. Меў ён прывычку ўткнуцца ўсюды, каб усё ведаць. І гэта рабіла часта Дворніку шкоду, бо ён не мог, каб змоўчаць пра тое, што ведаў. Мабыць, з-за свайго доўгага языка ён не пайшоў угору па службе, засеў у радавых супрацоўніках, пакрысе абламаўся, абцёрся, змірыўся з роляю няўдачніка, стаў надакучлівым і не крыўдзіўся, калі яго ў адкрытую «адшывалі» ад кампаніі, быццам бы раўнадушна адыходзіў убок. Худы, як аполак, ён пастаянна жаваў з кулака, і гаварылі, што ў сумцы ў яго заўсёды ляжыць паўбатона. Акрамя ўсяго, Дворнік апошнім часам стаў чалавекам, які найбольш шанаваў сваё начальства. Уголас і дзе трэба і не трэба расхвальваў яго, да таго, што ўрэшце і само начальства старалася абыходзіць Дворніка, але калі трэба было даведацца, што робіцца ў аддзеле, то начальства выклікала да сябе Дворніка. І ён падрабязна даваў інфармацыю. Калі начальніка паніжалі або звальнялі, Дворнік гэтак жа, як некалі пра дабрачыннасць, пахіхікваў і расказваў і пра грахі, і пра грашкі былога начальніка, пахвальваў новага...

У Загацкага зрушылася з месца сэрца — проста так Дворнік сюды не мог прыехаць. А калі ўгледзеў жонку, якая важна і паволі патупвала па двары, зразумеў — дайшло ўсё ж да горада, нехта паспеў данесці, і Дворнік не прамінуў, каб не дапамагчы жонцы і заадно не паглядзець усю камедыю. Гэтак памагаць ён любіць і ўмее.

Загацкі адчуў, што на лбе выступіў халодны пот: каб раней за нейкую гадзіну Дворнік прыехаў, Загацкі быў бы тут з Марыяй!

Паволі, як не сваімі нагамі, Загацкі выйшаў з машыны, зачыніў дзверцы і невядома чаму пачаў замыкаць іх.

— О, Міхайлавіч! — радасна згледзеў яго Дворнік.

«Каб ты за ноч па пяць раз кукарэкаў!» — вылаяўся Загацкі і пайшоў на двор.

— А як гэта цябе, Дворнік, сюды прыперла нялёгкая?

— А мне што, Міхайлавіч? Ці каго пастаронняга везці, ці вашу жонку...

Дворнік у выхадныя дні падзарабляў грошы, ездзіў за таксі і не ўтойваў гэтага на рабоце. На старую яго «Пабеду» не надта звярталі ўвагу — па цяперашнім часе прамышляюць больш на «Жыгулях», «Волгах» ці на новых «Масквічах». Хто будзе садзіцца ў старую чарапаху. Цяпер, калі ехаць, то са свістам. Але ж на старой «Пабедзе» стаяў магутны «волгаўскі» матор.

— Ой, як ты, Міша загарэў! — жонка ступіла насустрач, усміхнулася, пацалавала Загацкага, склаўшы трубачкаю і выгнуўшы губы.

Кожнага разу Загацкі баяўся, што яго скалане ад гэтага прытворнага, халоднага пацалунка, і добра, што яны здараліся рэдка. Але, тым не менш, гэта абазначала, што сваркі не будзе, наадварот, жонка задаволена Загацкім, што здаралася, напрыклад, калі ён вяртаўся дадому ў дзень палучкі... І яшчэ былі не традыцыйныя прычыны, калі яна лічыла, што павінна ашчаслівіць свайго мужа пацалункам...

— Стараюся загараць.

— А дзе ж той катэр стаіць? Ты ж гаварыў,— запыталася жонка. Загацкі хацеў павесці жонку і Дворніка, паказаць, але ўспомніў, што жонка жартаў не разумее. Ну а Дворнік... няхай разнясе па знаёмых, што Загацкі сапраўды і катэр меў.

— Гэта далёка адсюль. Там гараж на вадзе.

— Вера Антонаўна, вы ж не цягнеце, вы самае галоўнае скажэце,— Дворнік жаваў шчаўе, жменьку якога трымаў у руцэ, шаноўна стаяў збоку.

— Праўда, Міша! Цябе назначаюць загадчыкам аддзела!

— Ды ну! А Каляду куды?

— Каляда наш вышэй пайшоў...

— Адкуль ты ведаеш гэта?

— Што вы, Міхаіл Міхайлавіч? У нас ужэ ўсе пра гэта ведаюць! Засталася толькі фармальнасць... Ну а хто ж у нас яшчэ? Гаварушка? Ён спецыяліст неблагі, але ж ад прыроды чалавек тупы...

Дворнік збіраўся даць зараз атэстацыю ўсяму аддзелу, каб даказаць, што ніводзін з іх не варты Загацкага.

— Ладна!..— Загацкі незадаволена махнуў рукою, і Дворнік адразу ж і пакорліва сціх.

Загацкі, па праўдзе кажучы, і сам ведаў, што яго кандыдатура як найлепш падыходзіць на пост начальніка, і нічога дзіўнага, што яго назначаць... Але цяпер, пасля перапалоху, які яшчэ, як халодная ільдзінка, раставаў у грудзях, хацелася сарваць на некім злосць, а не радавацца.

— А ты, Вера, як надумалася ехаць сюды? — запытаўся Загацкі ў жонкі.

— А ты што, не рады? То я і назад паеду.

Крыўдзіцца яна ўмела і адварочвацца задам.

— Я не кажу... Напісаць ці пазваніць магла. У мяне і хлеба няма...

— Я сама тут разбяруся. Дзе ў вас магазін? Дай мне якую сетку. Валера Якаўлевіч паможа мне.

Жонка сёння не збіралася гневацца ці абурацца.

— Вядома, Вера Антоўна. Можам і на машыне пад’ехаць да базара.

— О, праўда!

Загацкі адамкнуў дзверы, даў поліэтыленавую белую карзінку. Ён пастаяў на парозе, пакуль жонка ўлазіла ў Дворнікаву машыну. Калі меркаваць па тым, што Дворнік возіць ягоную жонку, Загацкі і сапраўды атрымаў павышэнне па службе.

Ён стомлена, з палёгкаю выдыхнуў, пакруціў галавою, хуткім крокам увайшоў у хату, зірнуў на кухню, потым у кабінет. Там, на канапе, ляжалі дзве падушкі. Загацкі падхапіў падушку, занёс у залу, прайшоў, уважліва прыглядаўся, ці не засталося яшчэ чаго Марыінага ў хаце. І толькі пасля выйшаў, загнаў на двор машыну, схадзіў пад душ.

Цераз паўгадзіны жонка вярнулася з Дворнікам з базару, знайшла на кухні гаспадынін фартух, падперазалася ім. Загацкаму і Дворніку загадала абарваць клубніку на градзе, а то ўсё роўна прападзе, асыплецца, пакуль вернуцца гаспадары.

На кухні варылася трохлітровая каструля шчаўя, на патэльні пякліся катлеты, адначасна на талеркі наразаліся і каўбаса і бекон, нібыта збіралася на цэлую бяседу ці карміць брыгаду касцоў.

Загацкі ведаў, што ўсяго яны не сумеюць, каб і хацелі з’есці, паставіў на стол каструльку, поўную клубнікі.

— Можа, пайсці каго з суседзяў пазваць?

— Нашто?

— Ну, каб памаглі нам з’есці ўсё гэтае дабро.

— З’ясі і сам. Баюся, каб ты тут не пахудзеў.

Жонка сёння была сама ласкавасць. Яна падалася насустрач Загацкаму. Той адступіўся назад, нібыта што пільнае патрэбна было рабіць на дварэ. Ён ведаў гэтыя яе прыцісканні, па-мужчынску грубаватыя і зразумелыя. Цяпер, пасля сустрэч з Марыяю, ён маліў бога, каб жонка не лезла да яго, не ціскалася.

Загацкі прыпыніўся на парозе, паглядзеў, як Дворнік абрываў клубніку. Рабіў ён хутка, абедзвюма рукамі, нібыта даіў карову. Адну ягаду кідаў у рот, другую ў кошык. І не памыляўся, як машына: адну ў кошык, другую ў рот, адну ў кошык, другую ў рот. І пакуль не абарве ўсю клубніку, не разагнецца. Гэта ж табе не купляць, а бяры і дзякуй няма каму гаварыць.

— Дворнік! — паклікаў Загацкі спакойным голасам.

Дворнік адразу ж выпрастаўся, пакінуў карзінку і ступіў крок да Загацкага.

— Ладна, пасля,— Загацкі так і не знайшоўся што сказаць, і невядома, навошта было клікаць Дворніка, але ён усміхнуўся сам сабе, прайшоў па двары.

Дворнік завіхаўся, абіраў клубніку.

Добра, што Марыя паехала. Каб на нейкае паўгадзіны. Яна як чула душою... Вось тады было б яму павышэнне! І цяпер думалася пра Марыю з пяшчотаю, забылася ўсякая крыўда і падазрэнні.

Загацкі з палёгкаю ўздыхнуў. Не, у ягоным узросце ўсё не так проста. Не так проста, як гэта здаецца. «Калі атрымоўваеш уладу, то траціш сваю незалежнасць»,— успомніў Загацкі нядаўна вычытанае, прымерваў гэта на сябе: цяпер сапраўды яму трэба глядзець, не забываць, што чалавек ён навідавоку.

— Дворнік,— зноў паклікаў Загацкі.— А вы даўно прыехалі сюды?

— Не, Міхаіл Міхайлавіч. От толькі пасядзелі на дварэ.

Дворнік аблізаў чырвоныя ад клубнічнага соку губы.

— А як гэта ты надумаўся ехаць сюды?

— Я сюды часта прыязджаю. Тут жончын брат жыве. А базар намнога дзяшоўшы. Не палянуйся, паедзь па вёсках, як вішні спеюць ці яблыкі,— за бясцэнак набярэш. Людзям няма дзе дзяваць, як тут гаворыцца, свінні яблык не з’ядаюць. Дзе тая старая палезе на вішню, абіраць яе будзе? Лезь, абірай, а то шпакі атаўкуць, нічога не астанецца... Гэтаксама і бульбы тут можна лепшае купіць, і грыбоў сушаных... Я ў Мінску на Камароўку цяпер рэдка калі і заязджаю. Абдзіраюць там цябе, як ліпку. А на машыне праехаць да райцэнтра — культурны адпачынак. Жончын брат тут жыве. Ён на базе робіць... Дык і касцюм які ці што дастаць — люба-міла. Зойдзеш, выбераш. Я вас пазнаёмлю некалі. Во мужык! Ён так жыве, як міністр які.

— Ты пра гэта Веры гаварыў?

— Гаварыў. Ды і сам думаю заеду, парадую вас.

— Ясна.

Цяпер прычына жончынага прыезду пачынала праясняцца: калі Дворнік сказаў ёй, што ёсць у яго добрае знаёмства на базе, то гэтакага варыянта яна не магла прапусціць — трэба было, як гаварыла яна, нешта купіць. Дворнік рады быў служыць жонцы будучага начальніка...

— Давай, абрывай ягады, пакуль жонка за стол не заве. Ты калі думаеш на работу назад ехаць?

— Заўтра ж на работу...— адказаў Дворнік.

— Нічога, зранку можна падняцца і запраста даехаць.

— Яшчэ здаравей будзе, чым удзень па гарачынішчы пячыся,— ахвотна падхваціў Дворнік.— І Вера Антоўна гаварыла, што заўтра лепш будзе раніцаю. Ёй жа таксама на работу.

Дворнік не хаваў свае ліслівасці, ён усё роўна як незнарок паказваў яе — вось, маўляў, я падлізваюся да цябе і не саромеюся.

Загацкі завярнуўся і пайшоў у хату.

Там ужо на кухні, пры адкрытым акне, жонка ставіла на стол. Яна лічыла, што сваёй кампаніяй можна і на кухні гасцявацца, бо ў залу толькі лішняя работа насіць пасуду.

— Міша, ты вазьмі бакалы і чаркі спаласні пад вадою,— скамандавала яна, бо ўбачыла, што Загацкі ўзяўся за бакалы і збіраўся памыць іх.

Загацкі прамаўчаў. Яна ведала, што ён не любіць гэтага камандавання пад руку.

Сёння яму не хацелася сварыцца. Тое, што жонка прыехала не правяраць яго і што нічога не мянялася ў іхнім жыцці, супакоіла, не настройвала агрэсіўна ні супраць яе, ні супраць Дворніка.

Вячэралі шчодра. Не порцыя стаяла перад кожным, а гара катлет на талерцы. Вера цвёрда ведала, што калі ў цябе за сталом чатыры чалавекі, то трэба, каб пададзена было сама меней на шэсць, па прынцыпу, хай лепш застанецца, чым мала будзе.

Першы тост Дворнік падняў за Загацкага, пажадаў яму поспехаў. Ён, мабыць, не прывычны быў да спіртнога, бо пасля другое чаркі пачаў п’янець, старанна еў, а пасля памкнуўся расказваць анекдоты, пачынаў два, але толькі як даходзіў самага цікавага, да павароту, забываўся, бяссільна стараўся ўспомніць. Вера смяялася не з анекдотаў, а з таго, як Дворнік расказвае іх. Загацкі таксама пасмейваўся, падліваў у чаркі. Вера падміргвала яму, каб сам лішне не піў. Загацкі адчуваў сябе весела, выпіўка не брала яго, не туманіла галаву.

Пасля чацвёртае чаркі Дворнік раптоўна ацяжэў увесь, жывыя яго вочы ўпарта спыніліся, нібыта цяжка стала варочаць бялкамі, твар пачырванеў, і, здалося, пакруглеў, распух.

— Ну, раскажы, Дворнік, нам анекдот,— папрасіў яго Загацкі і падміргнуў жонцы. Тая ўсміхнулася, уявіла, як будзе цяпер, калі ледзьве паварочваецца язык, расказваць Дворнік.

— Анекдо-о-от? — перапытаўся Дворнік, паварочваючыся да Загацкага ўсім тулавам, бытта перастала ў яго паварочвацца шыя.

Вочы ў яго пачырванелі. Ён глядзеў на Загацкага, але, мабыць, не бачыў яго.

— Барахло!.. Усё барахло! Я жызню пражыў, усяго пабачыў і ўсё ведаю! Думаеце вы, Дворнік дурань! Думайце... Сядзіце, цярпліва праседжваеце штаны, чакаеце, каб вам, харошанькім, яшчэ адну пасаду падарылі. У-у! Бездар! Я некалі чэснаю службаю ў начальнікі выслужыўся... А вам усё пахадзя даецца! Дворніка вы ненавідзіце? А без Дворніка вы ні адзін не абыдзецеся... Ні адзін, як ні грэбуеце ім!.. Дворнікі вечна будуць жыць, пакуль вы будзеце. Барахло!

Дворнік хіснуўся да Загацкага, паківаў пальцам, але не ўдзержаўся, хіснуўся і тварам ледзь не сунуўся ў сваю талерку.

Загацкі падхапіў яго. Вера весела зарагатала, прыгаворваючы:

— Ой, умора гэты Дворнік! Ой, хто б падумаў!..

— Пасмейся, пасмейся з Дворніка! Я ўсё некалі сабяру! — мармытаў Дворнік.

— Ладна, давай на бакавую!

Загацкі выцягнуў Дворніка ў веранду, паклаў на канапу. Той доўга і ўпарта мармытаў нешта, паспрабаваў устаць.

— Ляжы ты!.. А то як пакладу!..— прыгразіў Загацкі і ціскануў Дворніка да кушэткі. Той больш не спрабаваў падымацца, нешта яшчэ мармытаў сам сабе пад нос, гразіў на некага.

Загацкі не пайшоў у хату. Яго здзівіла, што Дворнік можа напівацца, і яшчэ больш тое, што хавалася за ягонаю бяскрыўднасцю.

Загацкі жорстка падумаў, што ад Дворніка ён збавіцца.

Вера выйшла следам, спынілася на парозе:

— Давай сёння спаць раней ляжам. Заўтра нам рана ўставаць. Я буду прыбіраць са стала?

— Прыбірай. І на будучае пастарайся больш не звязвацца з Дворнікам. Што табе ад яго трэба?

— Я ж даўно прасіла цябе дастаць жакарду...

— Ясна.

— От табе і ясна! Я ж не за так у яго... Я купляю за свае грошы.

— Ладна. Каб больш ты з Дворнікам не раскатвалася ў машыне. І няма чаго яму...

— Папа, ты раўнуеш? — шчасліва засмяялася Вера.

Загацкі стрымаўся, змаўчаў, завярнуў і пайшоў за хату, быццам яму прыспічыла.

Вярнуўся, наліў яшчэ чарку каньяку, раздзеўся і лёг, адчуў, як лёгка і прыемна засынае. Ачнуўся ад таго, што побач варочалася з боку на бок і цяжка, пакрыўджана ўздыхала жонка...

 

ІХ

Загацкі чуў, як прачнулася жонка, як ставіла на пліту чайнік. Дворнік таксама прачнуўся, мабыць, самы першы ў хаце. Чутно было, як ён заводзіў, правяраў матор. Загацкі ўсміхнуўся — якая сёння будзе ў Дворніка морда пасля ўчарашняга. Уставаць не хацелася, крыху цяжкавата было пасля выпіўкі.

— Ты не будзеш уставаць, Міша? — жонка ўжо адзелася і падфарбавалася. Яна ўсміхнулася мужу.

— Устану, а як жа.

— Як хочаш, мы і самі збяромся.

Загацкі ўстаў, адзеўся, спаласнуў твар пад кранам на кухні, выйшаў на ганак.

— І вы ўсталі, Міхайлавіч? Добрае раніцы.

Дворнік весела ўсміхнуўся. Ні збянтэжанасці, ні разгубленасці, ні нават падпухласці на твары і мутнаватасці ў вачах не было.

— А мы ўжо сабраліся з Вераю Антонаўнай. Я казаў, каб і не будзіла вас.

Ён прыязна ўсміхнуўся, як нічога і не здарылася. Загацкі нават падумаў, што ён не п’яны быў учора зусім, а прытварыўся, каб знарок выкрапіць усё, што набалела на душы. А можа, нічога не памятае, такі быў?

— Ну як пасля ўчарашняга? Не баішся інспекцыі?

— Учарашняе было ўчора, а сённяшняе сёння.— Дворнік адкрыта глядзеў у вочы Загацкаму.

— Цікавы ты, Дворнік, чалавек.

— Як сказаць, Міхайлавіч.

Дворнік тым часам адкрыў багажнік і ладкаваў там карзіну з клубнікаю, абкладаў яе з усіх бакоў анучамі, кавалкамі старых дываноў, якія невядома чаго вазіў у багажніку.

Загацкі вярнуўся ў хату.

— Табе чаю наліваць?

— Не, я пазней паснедаю. А ты з гэтым Дворнікам каб першы і апошні раз звязвалася.

— А што ён табе, мяшае? Ты ж мне нічога не дастанеш...

Сёння жонка не надта прыслухоўвалася да яго слоў, незалежна завярнулася і пайшла клікаць яго снедаць.

Загацкі аж здрыгануўся ад кароткага тэлефоннага званка. Ён нават не падумаў пра тэлефон, званіць магла толькі Марыя. Здавалася, што званок чуцён аж на дварэ. Загацкі схапіў трубку, каб спыніць званок, паказалася, што грукнулі дзверы веранды — жонка вярталася ў хату.

— Алё! Алё! Хто там? Алё! Якога чорта! — моцна гукнуў Загацкі, і гэтак жа моцна, каб чула, як увойдзе, Вера: — Вы не туды папалі! — І толькі пасля гэтага спахапіўся, што не чуў у трубцы нічыйго голасу.— Алё! Хто гэта? Алё!

Трубка маўчала, нібы голас не мог прарвацца на правадах, і даходзіла толькі ягонае ціхае шалясценне, а потым гэтак жа здалёку пачуліся кароткія гудкі. Загацкі паглядзеў на трубку — яму цяпер здалося, што ён чуў не маўчанне, а дыханне Марыі.

— Ты куды сабраўся званіць? — запыталася жонка, і Загацкі хуценька паклаў трубку, якая ўсё папісквала, коратка і прызыўна.

— Думаў пазваніць, колькі часу.

— Надумаўся ў райцэнтры! Дворнік сёння-заўтра ўсё яшчэ раз выведае, і мы прыедзем. Ці да цябе на аўтобусе мне ехаць? — з прыціскам на слове «аўтобус» запыталася Вера.

— Як хочаш,— Загацкі падумаў, што ад Дворніка яму не адкараскацца цяпер. Ён прыслухоўваўся да тэлефона, глядзеў на яго, як на ненавіснага чалавека, якога не заб’еш і не прымусіш маўчаць.— Вы не спозніцеся на работу?

— Не спознімся.

Марыя заўсёды званіла яму гэтаю парою.

Загацкі з палёгкаю, нарэшце, выйшаў за жонкаю з хаты, зачыніў за ёй дзверцы «Пабеды». Сёння зранку жонка не збіралася цалавацца...

Загацкі пастаяў у варотах, правёў вачыма машыну: у галаве ў яго цяжка шумела, і ён не ведаў, ці гэта з учарашняе выпіўкі, ці ад усяго, што здарылася за мінулы дзень і ноч. Пра павышэнне на службе ён ведаў, бо інакш і быць не магло: і па стажу, і па тым, што не меў ні вымоў, ні спагнанняў, ніколі не ішоў супраць начальства... Кальнулі Дворнікавы словы — выседзеў, даждаўся, задніцаю, а не галавою пасаду дастаў. Ну я табе прыпомню задніцу!

Загацкі не ведаў, як прыпомніць. Раптам уявіў, нібы ўбачыў, як падвязе Дворнік жонку, калі ў яго будзе Марыя!.. А яны ж прыедуць!

 

Х

Марыя адчувала, што Загацкі пакрыўдзіўся, хоць і не падаваў выгляду. Сталы чалавек, ён павінен ведаць, якая работа ў гэту пару ў агранома. Не могуць жа яны век сядзець у схованцы і мілавацца. Ды яна і не збіралася патакаць яго хаценню.

Марыя ішла на ўсю ногу, старалася хутчэй дадому. Няёмка было, што яе маглі сустрэць адзетую, як у госці.

Яна мала не дайшла, каб завярнуць да хаты, як пачула тарахканне шасі, якое ехала насустрач. Марыя прыпынілася, здзіўленая, што шасі нагружана збажыною.

Трактарыст, белабрысы, кірпаносы малады мужчына ў ссунутай на лоб замасленай кепачцы, руляваў па дарозе, абмінаў выбоіны, але не збаўляў газу.

Марыю ён не пазнаў, кінуў толькі вокам і руляваў. Не да жанчын яму.

Марыя выйшла на дарогу.

Толькі тады трактарыст пазнаў яе. Марыя бачыла, як пабялеў ён спачатку, потым пачырванеў і нарэшце саўладаў з сабою, нахабна змераў яе з ног да галавы — непрывычна бачыць аграномшу ў кароткай спаднічцы, падмазанаю і прычапуранаю. Ён спыніў шасі і блазнавата, каб даць зразумець, што ён прызнае права Марыі не толькі камандаваць у калгасе, падміргнуў.

— Добры дзень, Пратасевіч! — Марыя не заўважала ягонага позірку.— Ты адкуль возіш пшаніцу?

— З-пад Камароўкі.

— Ну і што табе тут трэба? Чаму не разгрузіўся?

— Там збоішча машын. Думаю, паабедаю...

— Паабедаеш? А гэта не па-другому называецца?

— Што вы, Марыя Ігнатаўна! Хіба ж я... Пасярод белага дня... Што я дурны, ці што!

— Ну, а калі ты разумны, чаго дурнейшага за сябе шукаеш? Ты што, пасяўную на дарозе ўстроіў? Чаму перагрузіўся і сееш па ўсёй дарозе? Спяшаеш?

— Марыя Ігнатаўна...

— Заварачвайся назад! Пачакай, пачакай! — Марыя цяпер толькі заўважыла не зусім упэўненыя рухі трактарыста.— А ну, злазь з машыны! Зараз жа!

Пратасевіч пакорліва, мацюкаючыся сам сабе, злез з машыны.

— П’яны! Марш, каб вочы мае не бачылі!

— Марыя Ігнатаўна, што вы... Як жа! А што, самі за руль сядзеце? Хто вам будзе абараначак круціць усю ўборачную? — паспрабаваў агрызацца Пратасевіч.

— Марш, а то вызаву ўчастковага, і без правоў астанешся!

Апошняе даняло Пратасевіча. Было ўжо такое ў механізатараў з аграномкаю, што сядзелі па году на рабоце ў брыгадзе.

— Прасцеце, Марыя Ігнатаўна... Конь і той.

— Коні зранку не п’юць, гэта праўда. Заўтра прыйдзеш на нарад. Там разбяромся!

— Марыя Ігнатаўна...

— Усё!

Марыя рашуча стала на падножку.

— Кофтачку нейлонавую пагнюсіце,— ухмыльнуўся трактарыст.

Марыя нічога не адказала, уключыла хуткасць, акуратна завярнула шасі назад, паехала да цэнтральнае сядзібы. На зернетоку ніякае чаргі і збою машын не было. Марыя разгрузіла шасі, адагнала яго за сушылку, заглушыла, з зернетоку пайшла да гаража.

Яна ведала, што жанкі на таку абгаворвалі яе. Яны зайздросцілі яе маладосці і прыгажосці. Ды як не пагаварыць і не паабгаворваць маладую ўдаву, на якую мужчыны вылупліваюць вочы і могуць вільнуць за аграномшаю. Ды і хто не знойдзе сказаць што-небудзь калючае пра свайго начальніка?

Ля гаража, у кузні, Марыя знайшла механіка, які дапамагаў кавалю замяраць нейкую дэталь, прывіталася:

— Аляксандравіч, добры дзень. Ты што, сам у слесары падаўся?

— А чорт, не вытрымлівае нагрузкі... Які дурань разлічваў...

— Я зняла Пратасевіча з шасі. П’яны. Дадому пёрся са збажыною. Знайдзі чалавека і пасадзі на шасі. За сушылкаю стаіць.

— Нараджу я чалавека!..

— Барані бог, каб камбайны стаялі з-за таго, што няма на чым адвозіць!

— Дык што, мне самому на тое шасі садзіцца? — ужо пакорлівым голасам запытаўся механік.

— Твая забота, каб камбайны не стаялі, а не баранку круціць?

— А як Пятровіч?

— Не была яшчэ ў яго.

Марыя завярнулася і пайшла. Чорт яе пагнаў на тое возера! І трэба, каб якраз захварэў старшыня. Марыя бачыла нейкую і сваю віну ў гэтай ягонай хваробе: каб яна была не месцы, яму б менш давялося круціцца па калгасе.

Яна завяла машыну, паехала да канторы. У свой кабінет не зайшла.

Дзверы ў пакой сакратара партарганізацыі былі зачынены.

— Дзе Сыцька? — запыталася Марыя ў бухгалтаркі пра парторга.

— На ферму збіраўся пайсці.

— Вернецца, скажаце, што я хацела бачыць яго. Хай пабудзе ў канторы, я пазваню.

«Яшчэ ж і ферма, і план па надоях»,— падумала Марыя. Толькі цяпер успомніла, што калгас, гэта не толькі ўборка і не толькі палявыя работы. Сёння, калі там парторг, можна туды не заварочваць.

Марыя выйшла з канторы, села ў машыну. Трэба было паехаць, пераадзецца, але цяпер ужо ўсё роўна, кофтачку вымазала.

Завяла машыну і паехала да вёскі. Да хаты дырэктара школы.

Дырэктарава хата стаяла ўздоўж вуліцы, амаль пры самым плоце. Марыя бачыла, што ўгледзелі яе, як толькі спыніла машыну — махнулася фіранка на акне.

Дырэктар абедаў. Сядзеў на кухні за сталом. Перад ім стаяла міска з халадніком, талерка з нарэзаным салам, збанок з малаком і міска з накроеным хлебам і батонам.

— О, хто к нам у госці заехаў! Волька, ты бачыш! Такое разоў тры на год бывае. У жніво ці сена як косім, і восенню! — дырэктар ні то жартаваў, ні то дакараў, выйшаў з-за стала, ступіў насустрач.

Ён яшчэ не стары чалавек быў, але ссутулены, хударлявы, хоць і быстры ў рухах. Нешта і недырэктарскае было ў ягонай высушанай, як у старога селяніна, постаці.

— Садзіся, палуднаваць будзем.

— Іван Іванавіч...

— Я і так ведаю, што ты да мяне не абедаць прыехала. Садзіся. Я палуднаваць хачу, і ты не палуднавала яшчэ сёння. Волька, падай там яшчэ нам на стол! — загадаў ён жонцы.

Скора на стале стаяла яшчэ міска з халадніком, адчынена і выкінута на талерку рыбная кансерва, нарэзана свойскае кілбасы. І бутэлька з чаркамі таксама.

— Сядай і ты, Волька, да нас.

Іван Іванавіч наліў у чаркі. Сабе поўную, жанчынам пакрысе. Марыя паспрабавала адмовіцца, але ён аперадзіў яе:

— Гэта капля на дэзінфекцыю. Пі, не бойся, не чутно ад цябе будзе. Я вот Вольцы даўно гавару, што добрая ты дзеўка, аграном талковы. Але лепш, каб ты хлопцам была. От хоць можна было сесці ды не спяшаючы чарку выпіць, ды пра жыццё пагаварыць. А то от жа з табою, з бабаю, не надта ўсё і скажаш... А то б хоць маладосць можна было ўспомніць.

— От у цябе язык, каб ты праваліўся!

Іван Іванавіч хітравата падморгнуў Марыі, выпіў.

— А што ты думаеш, Волька? Я цяпер не ведаю, кім больш ганарыцца: ці тым палкоўнікам, якога я некалі вучыў, ці гэтым во калгасным аграномам, які заязджае да мяне ў госці. Што мне гонару ад таго палкоўніка і ад тых атамных падлодак? Калі я скажу тут каму, што вучыў Марыю, то кожны ведае, пра каго я гавару і чым хвалюся. І той палкоўнік да мяне наўрад ці ў госці калі заедзе, а яна, хоць і па патрэбе, але ж заверне...

— Перастань ты, каб на цябе халера. То маўчыць цэлы дзень, то не суняць яго — малоціць і малоціць. Каб к жорнам твой язык прывязаць...

Жонка ўсміхалася, пазірала на мужа.

— Ну, давай, гавары, што табе трэба. Мо зноў настаўнікаў на работу? Цяпер жа мода такая, на сельгасработы ўсіх так званых дармаедаў. Каб прыблізіць інтэлігенцыю к рабочаму народу...

— Вам няма чаго на нас крыўдаваць...

— А медсёстры ж па тыдні адбывалі...

— У іх жа школьнікаў няма, як у вашых настаўнікаў,— адпарыравала Марыя.— За вас вучні адробяць.

— Во, во! Але настаўнікаў я вам не дам. У мяне ў самога капітальны рамонт ідзе. Работнічкі робяць! Каб я менш пажыў і гэтулькі не нагледзеўся за свой век, то разрыў бы сэрца зарабіў. Душа чуе, што, каб да першага ўспець, прыйдзецца маім настаўнікам і старшакласнікам малярамі станавіцца. Ну гавары, гавары, што ты ад мяне хочаш? Пратасевіча сабралася судзіць?

— Пратасевіча?!

— Не ведае нічога яна! От толькі да мяне прыходзіў, плакаў, прасіў, каб я заступіўся як дэпутат, каб пад суд яго не аддавалі. П’яны ж, як бот з левае нагі!

— Хто яго судзіць будзе... З шасі зняць прыйдзецца, каб другім навука была. Мне вашы школьнікі трэба.

— Школьнікі мае, ты ведаеш, у вас на рабоце і так.

— Не, мне не работу рабіць. Хачу паставіць піянерскія патрулі на дарогах, ля тока. Хай глядзяць, каб зерне не рассыпалася, як сёння ў Пратасевіча.

— Волька, ты бач, як за жабры бярэ? Во вучаніца. Я адмовіцца тут ніяк не магу. Права не маю. Вучу на сваю голаў... А хто за мяне рамонт у школе рабіць будзе?

— Не, я вас не хачу адрываць, Іван Іванавіч. У вас жа камсамольскі сакратар ёсць.

— Мілая ты мая, або ж без мяне абыдзецца? Сакратар мой у вас з бацькам на камбайне жне. Не здымеш яго, га? Добра, я піянерважатую падключу. Заўтра арганізуем. А як Пятровіч?

— Не ведаю. Не была ў яго...

— Заедзь. Ён, Марыйка, на два гады старшы за мяне. Разам мы раслі. Усё мае свой пачатак і канец. Старасць не радасць, горб не карысць ды і смерць не ўцеха. Я заўтра табе выстаўлю гэтых патрулёў... А ты не гарачыся і не бяры спачатку крута. Ты жанчына, маладая яшчэ. У Пятровіча вунь якая і сіла была, і вопыт, а ўтупала работка. Гэта не жарт цяперашнім калгасам круціць. А з патрулямі я сам разбяруся. Заязджай да мяне часцей... Хоць ты і не хлопец, але і пры табе чарку-другую вып’ю — прычына ёсць.

— Або на тваю язву чарка патрэбна? Гэта ж трэба — на язву язва ўбілася,— незласліва пажартавала Волька.

— Мілая ты мая, куды гэтуй медыцынскуй язве да цябе! — аднёс пірагі Іван Іванавіч і падміргнуў Марыі.

Ён правёў яе да машыны.

Ад дырэктара да канторы яна ехала паволі. Сакратар партарганізацыі яшчэ не вярнуўся з фермы, і яна завярнула ў поле, дзе была галоўная старшынёўская работа. І сапраўды, спяшаць і гарачыцца не варта...

Прыцемкамі Марыя вярталася дадому. Заехала да заправачнае, заправіла поўныя бакі: машыну пакідала пры доме. Пратасевіча з шасі здымалі. На яго месца садзіўся за руль старшынёўскі шафёр. Назаўтра прыходзілі дзве машыны з аўтакалоны.

Жніво набірала сілу.

Марыя паволі пад’ехала да старшынёўскага дома, заглушыла матор.

Ля веранды яе сустрэла старшынёва жонка, бледная з твару, быццам састарэлася за адзін дзень на многа гадоў. А можа, гэта здалося Марыі пры цьмянаватым святле ў сенцах ды таму, што старшыніха была не падмалявана і не падфарбавана, як заўсёды.

— Заснуў ён толькі. Не трэба будзіць яго. Тут і медсястра дзяжурыць... Іван Іванавіч прыходзіў, сказаў, што ты ўжэ ў калгасе. Ён і супакоіўся, заснуў.

— Добра, я заўтра заеду да яго.

— Заязджай, Марыя. Чакаць ён будзе.

Марыя ведала, што старшыня будзе чакаць яе. Гэтак жа, як і пастаянна адчувала і яго добрую ўвагу да сябе і тое, што ён знарок трымаў яе бліжэй да сябе і рыхтаваў сабе ўзамен. Гэта заўважылі і іншыя, яна стала другім чалавекам у калгасе. Марыя прывыкла да гэтага, гэтак жа як прывыклі падначаленыя і падпарадкаваліся ёй, нават механік, заатэхнік.

Дадому Марыя ехаць не спяшала, кіравала адною рукою. Машыну загнала на двор, падышла да ганка, не адмыкала дзвярэй, прысела на цэментовых прыступках.

Цямнела. Высока свяцілася жаўтлявым выпаленым водсветам неба над заходнім небакраем. Прысмак пылу і нагрэтае травы стаяў у паветры. І яшчэ пахла саломаю, нават не саломаю, а тым пылам, які плыве ўслед за камбайнам — жніўным пылам. З першых дзён жніва наваколле напаўнялася гэтым пахам. Яго, мабыць, пакідалі машыны на палявых дарогах, развозілі да зернетакоў, нават у райцэнтр прывозілі, і пахла жнівам вакол элеватара і ва ўсім гарадку. Збожжам, саломаю, сонцам пахлі і яе запыленыя рукі. Яна сядзела ў цішыні на парозе свае прасторнае, дагледжанае хаты — адна і са сваёй стомленасцю, і са сваімі думкамі перад кароткаю, як дрымота, летняю ноччу. І ёй здалося, што яна адна на ўсім свеце, і нават адчула, які вялікі і высокі гэты свет і якая сама яна маленькая, бы пылінка на ягоным глыбокім дне, над якім сіне, блакітна, цёмна плыве глыбіня часу і прасторы. І наплываў жаль да самое сябе, захацелася быць маленькаю, у якое ёсць маці...

— Ой, перастань, ненармальны!..— зусім блізка пачуўся на вуліцы радасна-здзіўлены і шчаслівы дзявочы голас, смех і маладыя галасы.

Марыя здрыганулася, скоранька ўстала, зайшла ў хату, запаліла ў пакоі святло, пастаяла, прыслухоўваючыся да самое сябе — маладое, у якой горача ходзіць і звініць кроў, нібыта зварухнулася, ажыла тая яе дзявочая, наіўная і прагная шчасцю душа.

Марыя падышла да акна, адчыніла яго, каб пачуць тыя маладыя галасы, і не магла пачуць. Здрыганулася ад лёгкіх нечых крокаў на вуліцы, спалохана, быццам хтосьці мог неасцярожным словам ці рухам, ці нават позіркам спалохаць тое маленькае кволае, як птушаня, абуджанае пачуццё ў яе душы...

Спала яна лёгкім здаровым сном, прачнулася на досвітку, села за руль і праехала па калгасе, па полі, на ферму, і там не здзівіліся яе візіту, бо так кожнае раніцы рабіў старшыня.

І ніхто не заўважыў ніякіх перамен у Марыі.

Да нараду прыехала дадому паснедаць і не вытрымала, набрала нумар Загацкага, хоць і не ведала, чаго звоніць і што скажа. Усміхнулася, пачуўшы ўсхваляваны, нават злосны голас: «Алё! Алё! Хто там? Алё!..», паклала трубку.

І, едучы да канторы, усё яшчэ ласкава ўсміхалася.

 

ХІ

Загацкі прайшоў па двары, вярнуўся на кухню, дзе жонка пакінула яму правізіі на добры тыдзень. Нават непачатая бутэлька каньяку засталася. Як пачула, што начальнікам стане, большымі грашыма запахла,— ласкавая стала... І Марыя таксама прымерылася на яго: пра дзіця загаварыла, пра інжынерскае месца. Кось-кось, адале і ў аглоблі! Загацкі нібы староннім вокам убачыў, як хочуць акруціць, улыгаць яго. Не, дудкі! Ён ужо навучаны, ён умее паберагчы сябе! Цяпер, калі яму даюць харошае, спакойнае месца на рабоце і добрыя грошы, яму толькі і пара пайсці інжынерам у калгас... Недарэчна і несур’ёзна ўсё гэта. Не такі ён маладзенькі і дурны, каб абвесці яго кругом пальца.

Загацкі аж устаў з табурэткі — уявіў, што Дворнік стаў начальнікам, а ён пайшоў паднімаць калгас. Незаменных людзей няма. Слава богу, ён некалі разабраўся, што да чаго, не стаў у баразну, каб век ісці па ёй...

А Марыя, бадай, і не ведае, як можна жыць без свайго калгаса.

Загацкі раптам успомніў, як яна паволі, стомлена, нібы зямля пагойдвалася пад нагамі, ішла да яго па двары і як свяціліся яму яе вочы... Нешта здрадліва варухнулася ў грудзях у Загацкага і ўміг рассыпаліся ўсе ягоныя лагічныя вывады пра тое, як Марыя хоча абмануць яго... На самай справе ўсё не так. Але ж і яму не кінуць-рынуць усё і пайсці за ёю! У яго гады не ўсё проста, не кінешся вось так без аглядкі ў новае жыццё...

Ён пасля прыедзе да Марыі... А цяпер трэба паехаць у горад, пакуль які Дворнік не паднаціснуў на знаёмага, не апярэдзіў. Разбярэцца на рабоце, прыедзе... Не, лепш напіша, а потым прыедзе. Цяпер у Марыі сама работа, і лепш будзе, калі ён не замінацьме...

Загацкі не заўважаў, што ходзіць па хаце, прыбірае рэчы, наводзіць парадак, і спахапіўся толькі тады, калі зусім даказаў сам сабе, што не паехаць у горад яму ніяк нельга, што гэта патрэбна не толькі яму, а найбольш Марыі... І спахапіўся з-за гэтае недарэчнае думкі, здзіўлена агледзеў прыбраную хату. Канечне, Марыі не хацелася б, каб ён ехаў... Але ж нельга інакш, нейкі інстынкт гнаў яго. І яна павінна яго зразумець. Загацкі ўгаворваў самога сябе, хоць не ўяўляў, як скажа Марыі пра свой ад’езд. Лепш, калі Марыя прачытае пра ўсё ў пісьме...

 

З нейкаю палёгкаю Загацкі ўздыхнуў, калі выехаў за горад, на шашу, толькі тады прывычна кінуў вокам на прыборны шчыток: бензіну заставалася малавата, і завярнуў налева, на заправачную.

Запраўляцца не спяшаў, супакоены, упэўнены ў самім сабе — і гарадок, і тое, што было там, быццам засталося недзе далёка. Анучкаю ён акуратна выціраў бензін, якім крыху абліў машыну, прыпыніўся пры адчыненых дзверцах, удыхнуў густы палявы водар, які наплываў з палетка і якога не мог перабіць востры бензінавы пах. Ён ужо нагнуўся, каб сесці, як у люстэрку задняга абзору ўбачыў Марыю. Яна выйшла са свайго «козліка» і знімала накрыўку з гарлавіны бака.

Чамусьці асцярожна, як крадучыся, Загацкі паволі сеў на сядзенне, узяўся за ключ запальвання, паволі крануўся з месца і баяўся нават зірнуць у люстэрка — здавалася, што яго вось-вось гукнуць, і толькі за заправачнаю набраў хуткасць, паспрабаваў засвістаць бесклапотна-вясёлую мелодыю «Чобаты, чобаты вы мае...», але свісту не выйшла.

Калі павярнуў на шашу, кінуў вокам на дзяўчыну, якая падняла руку, нават і не падумаў спыніцца. Ехаў яшчэ кіламетраў з дваццаць з адчуваннем, што за ім нехта едзе следам, і толькі як пачаўся лес, спыніўся.

Выйшаў, пастаяў на абочыне, пайшоў па сасонніку ў глыб лесу, але нечакана выйшаў на прагал, да пясчанага кар’ера, глыбока выкапанага, з дарогаю там, унізе.

Пясок, сухі, здавалася, белы, нібыта незаўважна цёк з абрываў — мроілася паветра. І ціха было там, унізе, толькі, бытта час, з роўным ціхім шорханнем цёк пясок. Непрыгожа бруднае, пакручастае вісела над абрывам карэнне дрэў з тонкімі і доўгімі махрамі...

Загацкі сарваў сцябліну метлючку, узяў у рот, прыжмурана глядзеў на белы пясок, чуў, як туга, напорыста звінелі на асфальце машыны.

Пра Марыю стараўся думаць спакойна, як пра тое, што было, было, як і многае ў жыцці, і, урэшце, не вернецца і не нашкодзіць яму. Хацелася неяк прыглушыць і сорам, і тое гадзенькае адчуванне, якое было ў душы, неяк апраўдацца самому перад сабою, даказаць, што ён харошы, толькі варта захацець прыгледзецца, зразумець яго — і ўбачыць гэта. Ён не вінаваты, што ні ў кога не стае ні часу, ні жадання. І чым больш думалася пра сябе, мацнела старое, слабенькае, але ўпартае адчуванне, бы ўсё жыццё ён апраўдваецца перад самім сабою, доўга ўжо, як брыдзе па росным жыце з узгорка ў лагчыну, усё больш і больш аброшваецца і цяжэе... А ці не сам ён вінаваты, што не выйшла ў яго ні вялікага жыцця, ні вялікага шчасця? Ці ў той бок ён пакіраваў сваё жыццё? І расстанне з Марыяй як пашлавата кончылася — бы ўцёкі з выпадковае начоўкі...

Загацкі аж скалануўся ад кароткага раптоўнага шоргату побач, глядзеў на хваіну, якая лёгка кіўнула вершалінаю, нахілілася, выламала крыгу зямлі. Лопнула, як сухажылле, карэнне, і дрэва разам з травою і верасам паплыло ўніз. Следам за ім доўга яшчэ цёк пясок, свежа бялелася абарванае непрыгожа разлапістае карэнне.

Загацкі міжволі адступіў, заспяшаў да машыны, і скора яго не стала відаць і не пазнаць у цеснай, мітуслівай плыні бліскучых пры яркім сонцы легкавічкоў.

 

1976


1976