epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Жук

Свята Перамогі

Вузкакрылы, косы, крыжасты цень пралятаў па невялічкіх і рэдзенькіх кусціках лазы, па вострай беднай балотнай асацэ і чорнай густой вадзе між куп’я. Здавалася, не цяжкі маторны гул і свіст нізкага самалёта ўціскаў людзей у балота, а гэты востры, як брытва, косы крыж, які быццам рэзаў на ляту ўсё жывое.

Непадалёку ад Кізілы, пад густаватым, разложыстым кусцікам лазы ляжала стараватая жанчына ў суконным, у клеткі, андараку і ў мужчынскай вылінялай да белага рубашцы. Па гэтай рубашцы Хведар і пазнаў жанчыну — яна найбольш абмывала і абшывала разведчыкаў... Як толькі самалёт зноў заходзіў над балотам, і косы яго цень пралятаў па ім, ад чаго, здавалася, варушылася, шапацела лісце на лазняку, бялявая і бледненькая з твару дзяўчынка, якую жанчына захіляла сабою, крычала немым голасам:

— Мамачка-а-а! Які ён лупаты і на мяне глядзіць!

— Ціха! Не крычы гэтак моцна! Нельга крычаць! — цішыла яе жанчына.

Дзяўчынка ляжала пад кустом на куп’і, засланым хусткаю-канаплянкаю, якую жанчына, мабыць, зняла з галавы. Валасы ў жанчыны былі гэтакія ж белыя ад сівізны, як і вылінялая рубашка. Дзяўчынка насцярожана заціхла, прыслухоўваючыся да самалётнага гулу. Кізіла нібыта адчуваў, як сцялася ўсё яе маленькае цела і як дрыжыць у ім кволенькая, бы пялёстак, душа ад жаху, бо гэтак хочацца жыць. Каб толькі не вярнуўся самалёт і лётчык зноў не ўглядаўся ў гэтае парослае каржакаватым бярэзнічкам балота...

Кізілу цяжка было ляжаць падняўшы галаву — ад раненага бока разыходзілася гарачыня па ўсім целе. Нават цёплая балотная вада здавалася халоднаю, студзіла — і білі дрыжыкі. Кізіла, паклаўшы галаву лбом на рукі, сцінаўся, напружваўся ўсім целам, каб суняць дрыжыкі. У твар ішоў цяжкі балотны дух вады, твані, мёртвы і цёплы, як з таго свету.

Кізіла прыслухоўваўся, і яму здавалася, што ён чуе, як цяжка ўздрыгвае зямля,— зусім недалёка фронт. Можа, яму гэта здавалася, бо ведаў, што амаль на трэць выбітыя ў баях з рэгулярнымі вайсковымі падраздзяленнямі партызанскія брыгады і атрады і так цудам трымаліся яшчэ, вялі бой.

І параненыя, і жанкі, і дзеці прыслухоўваліся да блізкага водгулля партызанскага бою — усе ведалі, што пакуль ідзе гэты бой, яны тут у бяспецы. Партызаны трымаюць абарону на апошнім рубяжы, за ракою, на гэтым беразе...

— Сынок, а сынок! У цябе мо вада ў біклазе?

Кізіла падняў галаву і паглядзеў на жанчыну. У галаве ў яго шумела, як у бярозавым гаі пад жнівеньскім ветрам.

Кізіла ўзяў біклажку, якая ляжала пад купінаю ў вадзе і падкінуў да старое. Вады ён узяў з сабою, бо ведаў, што яго будзе мучыць смага, і балотнаю вадою яе не здаволіш. Ён бярог ваду, браў яе толькі па дватры глыткі, калі ўжо нельга было трываць.

— Ціф жа ў яе. Згарае як свечка. На вачах згарае...

Жанчына быццам тлумачыла, чаму адважылася папрасіць у яго, параненага, вады.

Дзяўчынка ляжала на купіне нерухома, уся звялая, з прыадкрытым, як у птушаняці, ратком і ўжо нават не зважала на гул і на самалёт, які паказваўся над балотам...

У гарачцы, ад жалю да дзіцяці, з лютасцю ад бяссілля хоць што змяніць, Кізіла схапіў карабін, каб усадзіць кулю проста ў лоб ачкастаму нямецкаму лётчыку, круцянуўся павярнуцца на спіну і адчуў яшчэ, як сыходзіцца над ім, зрабіўшыся раптам гарачаю, як кіпень, балотная вада...

Хведар глядзеў у столь і ўсё ніяк не мог удыхнуць паветра, быццам грудзі забіла тая балотная вада. Ён выцер рукой твар, ліпкі і цёплы.

Столь была пафарбаваная ў белае. Як ён папаў у бальніцу і чаму нічога не памятае? Хведар скінуў з сябе коўдру, усхапіўся на ногі, бы хацеў праверыць, ці можа падняцца, потым сеў на ложак і з палёгкаю ўздыхнуў: ён быў дома, на сваім ложку. А прыцемак і цішыня ў хаце таму, што яшчэ толькі досвітак на дварэ.

Хведар насцеж адчыніў акно. Веснавая цёплая імгла абдала прыпарыстым пахам зямлі, маладога лісця і маладое травы — трывожлівым, маладым, чыстым водарам, у якім перамешаны пах і жыцця і тлену.

Добрая была цяпер вясна, шчодрая і на цяпло, і на зелень. Ды і зіма — не як ранейшая з дажджамі, без снегу — раскашавала і мяцеліцамі, і марозамі. На багаты ўраджай, на багаты год паказвала і зіма, і вясна, якая сабрала гэтага года вады ў лагчынах і нават павадак пусціла па былой рацэ, цяпер меліярацыйнай магістральнай канаве, павыкідала была на паплавы вялікія белыя крыгі, якія чарнелі і доўга раставалі на берагах, як паламаныя, павыкіданыя на бераг незвычайныя лодкі-караблі.

Некалі людзі гаварылі, што калі прырода паказвае на добры ўраджай, то гэта, няйначай, на вайну. Кізіла не верыў гэтай прыкмеце, не любіў яе, называў дурною. Але лавіў сябе на тым, што думае: мабыць, апошняя гэтая яго і зіма, і вясна, таму гэтакая шчодрая і харошая, таму гэтак радуецца ёй душа.

Гэтае вясны Хведару пераснілася ўся партызанка, ад першага да апошняга дня. Сніліся людзі, якіх Хведар пазабываў даўно. Усё роўна як пераклічку рабіла памяць. Сніцца пачало Хведару недзе ад піліпаўкі, ад тых самых доўгіх і нудных снежаньскіх начэй, калі Хведар адчуў боль у сэрцы, быццам нешта сцяла яго і не адпускае, нават пакрысе ўсё сціскае, як тая карная блакада партызанскі раён, і каб вырвацца з яе — трэба разарваць мёртвае акружэнне.

Першы раз саснілася сёння тыфозная дзяўчынка, якая памірала ў мокрым балоце, на самым краёчку вайны. Хведар памятаў пра яе, але ніколі не сніў. І здавалася, як усё роўна ён у балоце і недарабіў нешта... Не стрэліў у таго лётчыка? Смешна. Гэта тады ён толькі ў гарачцы мог страляць з карабіна па самалёце.

З таго часу прайшло больш за трыццаць гадоў, цэлае жыццё прайшло. Летам, калі на цэнтральную сядзібу калгаса пераносілі астанкі загінуўшых у час вайны, з усяго калгаса сабралася толькі сем чалавек іх, партызан. Усе, хто застаўся жыць яшчэ, не адсыпаўся.

Хведар доўга ляжаў на ложку, роўна і спакойна дыхаў, нібыта супакойваўся, вяртаўся з таго далёкага часу назад, і потым толькі ўспомніў, чаго гэтак рана ўстурбаваўся — Дзень Перамогі быў сёння...

 

— Куды ж гэта ты ні свет ні зара? — Жонка абаперлася на локаць. Яна даўно прачнулася ад таго, што ён цяжка стагнаў і гаварыў нешта ў сне. Усё роўна як балела яму што. Яна баялася за Хведара. Ведала, што здароўе ў яго дастала яшчэ вайна, а гэтулькі работы перарабіў і пасля вайны. Старая не ведала, што ж будзе, як памрэ ён. Дзе тыя дзеці ў тым горадзе! А як пакідаць тут ці збываць усю гаспадарку? Усё жыццё рабілі, каб нажыць і хату, і дабро, адале — узяць і спусціць чорту лысаму на рукі?

Цяпер, калі старая ўбачыла, што Хведар устае жыў-здароў, другое падазрэнне варухнулася ў яе:

— Мо ўжэ дзе прыхаваў учора дак смакануць збіраешся? А пасля паміраць будзеш!

Хведар не заўважыў калі, ці не з таго часу, як параспраўлялі дзяцей, засталіся адныя ў хаце, яны са старою і гаварылі як бы сварачыся. У Хведара сёння не было ні гарэлкі прыхаванае, ні нават думкі пра яе, і другім разам ён даў бы старой здачы. Але сёння не хацелася пачынаць звягню ў хаце. Дзень не такі.

Толькі як выйшаў Хведар з хаты, старая ўгледзела на вешалцы з аленевых рагоў, што вісела пры парозе, выхадны Хведараў пінжак з медалямі, успомніла, які дзень і куды збірацца стары. Ён моцна перамяніўся за апошнія гады два: высакаваты, худы, лёгкі на ногі, вечна нечым заняты, ахвочы пагаварыць, пажартаваць, Хведар ні з таго ні з сяго раптам замаўкаў, прыціхаў, быццам аднекуль здалёку вяртаўся і не пазнаваў нічога навокал, прыглядаўся і дзівіўся. І не стаў трываць яе сваркі: ане цыкаў гэтак, што і язык да паднябення прысыхаў, а то часцей, як і сёння, сыходзіў з воч. І старая, здаецца, адчувала, як паціху адыходзіць і адыходзіць некуды стары, туды, куды яна не можа пайсці...

З дому Хведар пайшоў, як толькі пачалася вайна. Спачатку партызаніў у сваім лесе, а потым далёка ад дому, хадзіў у рэйды, а яна адна кідалася з дзецьмі і ратавала іх у блакады. Яна не паехала за Хведарам пасля вайны, калі ён у Заходняй Беларусі арганізоўваў калгасы і дзе хапала яшчэ бандытаў і банд... Тады ў яе падраслі дзеці і яна не баялася, што прападзе адна. Ён мог прапасці ці скруціць голаў, усё роўна, як толькі адзін ён гэтакі, на ўвесь свет, партыец быў. Спакойна прыняла яго, калі вярнуўся з Заходняе паранены, ледзьве душа ў целе. Цяпер, пад старасць, калі страшна было застацца адной у пустой хаце, яна пільнавала старога. А пасля таго як яму далі рэспубліканскую пенсію, захацелася больш ведаць пра тое ягонае жыццё, пра якое раней і чуць не хацела... Калі не было дома старога, яна перабірала ягоныя фотакарткі, якіх было нямнога і якія разам з партызанскімі даведкамі ляжалі ў вокладках, перавязаных шпагатам. Вочы яе слаба свяцілі ўжо, а картачкі старыя, пажаўцелыя, таму старая доўга прыглядалася да іх. Амаль на ўсіх муж быў пры зброі, пры кані, з чырвонаю стужкаю на шапцы — і неяк не верылася, што гэта той самы Хведар, на якога яна гэтулькі гадоў ужо сварыцца... І тое, невядомае ёй жыццё Хведарава самым важным было, з-за яго ён меў павагу і ад людзей, і ад дзяржавы, і ад дзяцей.

Цяпер, як пасялілася ў душы гэтае неадступнае адчуванне трывогі за мужа, хацелася распытацца ў яго самога пра ўсё. Але яна ведала, што позна, што нічога ён не будзе ёй расказваць ды не ўсё і зразумее яна.

Старая толькі цярпліва пільнавала старога, як пільнуюць малое дзіця, нібыта можна было ўвагаю і доглядам забегчы наперад няшчасцю, апярэдзіць яго.

Старая ўстала, зайшла на кухню, глянула ў акно: стары стаяў ля ганка, шырока, моцна расставіўшы ногі. У ботах, у салдацкіх штанах — усе гады ён насіў боты і салдацкую адзежу.

Злосці на жонку Хведар не меў. Ён ведаў, што яна не разумее яго. А калі не было ў яе дасюль тае простае жаночае дабраты, з якою шчаслівыя і самі жанчыны, і тыя, з кім сышліся яны жыць, то і не будзе. Пра гэта не раскажаш, гэтаму не навучыш, і гэтага не выпатрабуеш. Пакуль ён ваяваў, аднаўляў, яна зберагла, выгадавала дзяцей, і за гэта ён павінен быць удзячны ёй. Хведар заўважаў цяперашнюю жончыну разгубленасць, нясмелую і няўмелую познюю спагаду, з якою старая якраз патрапляла не ў пару. Ён не мог здзержаць сябе, злаваў.

Хведар прагна, на поўныя грудзі, удыхаў веснавую раніцу маладое травы і свежа ўзаранае раллі. Гэтае маладое паветра будзіла кроў, і яна пачынала не толькі роўна пульсаваць па целе, а здавалася, святочна хвалявалася. І ад гэтага хвалявання шчасліва пачынала трымцець душа, водгукам таго далёкага маладога трымцення, якое бывае ў самую маладосць на самым досвітку жыцця і якое быццам атухае, заціхае з году ў год, але так і не можа патухнуць і заціхнуць, бо да самае апошняе часіны жыве ў чалавека светлая надзея і радасць жыццю, жыве і памірае толькі з ім. І цяпер Хведару здавалася, што пражытае яго жыццё толькі маленькая частачка, пылінка, а самае яшчэ важнае павінна быць... Але Хведар ведаў, што нічога не будзе. Ён пражыў сваё: як стаў камуністам, рабіў старшынёй у сельсавеце, прайшоў усю партызанку, блакады і рэйды аж да самае Белавежы, ад радавога партызана да камандзіра разведкі... А пасля яшчэ калектывізацыя ў заходніх раёнах, банды...

А смерць — гэтакая блакада вакол жыцця, што з яе як ні вырывайся, як ні цеш сябе надзеяю, а наткнешся яшчэ на адзін, самы апошні яе круг. І Хведар усё ішоў і ішоў скрозь гэтыя кругі, ведучы за сабою памяць пра тых, хто загінуў.

Нібыта мацаючы нагамі зямлю, Хведар ступіў некалькі крокаў, прыпыніўся і заглядзеўся на шпака, які сеў на галінцы пры шпакоўні і гэтак спяваў, падняўшы ўгору белую дзюбку і растапырыўшы на горлачку пер’е, нібыта рабіў самую важную, самую патрэбную работу на зямлі.

Хведар выйшаў у сад, дзе пад яблынямі ўжо ўзялася расці маладая ласкавая трава. Сад пасляваенны, пасаджаны самім ім. Дарослы. І паветра ў ім жыватворнае і густаватае, як вада, якая абмывала, студзіла і маладзіла і цела і душу.

Хведар спачатку не зразумеў, адкуль наплыў востры смурод, пачуў, як стукнула аб вядро восілка і павярнуўся да суседавага саду.

Вецік паставіў вядро з разведзеным калам, цярнуў аб старыя лапленыя штаны рукі, усміхнуўся. Ступіў два крокі насустрач Хведару — ногі ў каленях у яго чуць сагнутыя, і калені растапыраны ўбакі. Ён і хадзіў крыху апусціўшы азадак і раскарэчыўшыся. Казаў, што гэтак яго скалечыў радыкуліт...

— Добры дзень, Хведаровіч,— прывітаўся ён.

Хведар толькі нагнуў голаў, што нельга зразумець было, ці то кіўнуў галавою ў адказ, ці набычыўся.

З-пад ілба ён глядзеў на Вецікаву работу: маладыя прышчэпкі былі акуратна паабкопваны навокал, і Вецік падкормліваў іх.

Вецік пераступіў з нагі на нагу, усміхнуўся, нешта мыльнуў губамі.

Пасля таго як вярнуўся, адбыўшы свой тэрмін, ён Хведара называў толькі па бацьку і вітаўся з ім па некалькі разоў на дзень, на першым часе спрабаваў, каб пераняць дзе і загаварыць. Але Хведар абыходзіў яго, каб і не гаварыць і не слухаць.

Вецік спачатку пахадзіў паплаўнічым у калгасе, а пасля падвозіў харч на свінарнік, нават узбіўся быў на загадчыка свінафермы, але парабіў там нядоўга. Ён паставіў большую, лепшую, чым у Хведара, хату, хваліўся, што і дачцэ даваў грошай на кааператыўную кватэру. Хлопец яго кончыў тэхнікум, застаўся рабіць на нейкай будоўлі, потым пачаў прыязджаць дадому на белых «Жыгулях».

Да гэтага часу Вецік асвойтаўся з людзьмі, навучыўся нават прыкрыкнуць, калі яму спрабавалі ўспомніць пра ваеннае, пра тое... Ён нават даказваў, што судзіць яго не было і за што. На Хведара пры людзях не зважаў, перадавалі, нават пасмейваўся за вочы, але калі сустракаўся адзін на адзін, то разгублена вітаўся, крывіўся дробненькаю ўсмешкаю, глядзеў усё на свае ногі. І нельга было заўважыць вачэй з-пад кашлатых пабітых сівізною чорных брывей. А Хведару хацелася зблізку паглядзець яму ў вочы.

— Твой яшчэ не прыехаў? Ён жа неяк кожнага года едзе...— пачаў Вецік.

Хведараў Павел кожнага года прыязджаў на Дзевятага мая. Цяпер яго не будзе — якраз паслалі ў камандзіроўку. Але Хведару здалося, што Вецік знарок напомніў пра Паўла, таму, што яго хлопец прыедзе. І ў душы ўсё затрымцела, сціснулася, як тады, калі ціха перадавалася па засадзе каманда: «Падрыхтавацца!» Ведае ж і памятае, які дзень, а выйшаў рабіць такую работу! Хведар адчуваў, як пачынае туманіцца ўваччу, і ён нагнуў яшчэ ніжэй галаву, прыжмурыў вочы, нібыта глядзеў на Веціка скрозь прыцэл...

— Хведар! А Хведар! Дзе ты там? — старая стаяла ў варотцах у сад.

Апошнім часам яна ўспявала, як хто вёў яе за руку, не давала Хведару ступіць лішняга кроку.

— Чаго ты ўсё на яго як вожык нашатыраны? Нашто ён табе, жывучы ў суседстве? Ён цябе ні ачарніў, ні абяліў, а ты ўсё на яго рубам у рубам. Ведаеш жа, што сілком яго ў той батальён пагналі. Дваццаць год за гэта адседзеў. Думаеш, здароўе ў яго тое, калі ходзіць, як жаба, растапырыўшыся? — пачала яшчэ з парога старая, як толькі ўвайшлі ў хату.

— А чаму ён у Бор ні разу не пакажацца? — Хведар звярнуўся да старое.

— Ну што Бор, што Бор? Самі бараўцы гавораць, што не паліў ён, толькі стаяў там у акружэнні.

— Бач, стаяў. Паказаўся б ён у Бор, яго б там галавою паставілі ў балота, у прорву. Туды не паказваецца. А тут ужэ, калі хочаш, і як пастрадаўшы выступае, што залішне адседзеў... Ён ужэ супакоіцца хоча, добрым быць. Яму на тым свеце спакою не будзе! Зямля тут да Амерыкі кроўю нашаю партызанскаю прамочана!

— То не крычы. Хай сабе, хай... Садзіся паснедай, а то і яда ў рот не палезе. Ды і збірацца трэба, машына стаіць ля Петрыка.

Старая падала на стол снеданне, наліла кілішак гарэлкі. Хведар не чакаў гэтага, збянтэжыўся і моўчкі, нібыта і праўда спяшаўся, каб не спазніцца на машыну, снедаў.

Тое, што гаварыла старая пра Веціка, ён і сам ведаў: той не сам пайшоў служыць, пагналі яго сілаю. Але ж, каб не было віны, то і не судзілі б. І чаму гэта ён мог сядзець спакойна, гнаць самагонку і прадаваць, пакуль людзі ў лясах у блакадах паміралі, дзеці ваявалі, паміралі?.. А ён хітрэйшы за ўсіх быў. Хай бы ж хапіла хітрасці не пайці і ў батальён... І не гэта, мабыць, не давала адступіцца нянавісці, а нейкае адчуванне таго, што Вецік так і не зразумеў і не прыняў да душы свае віны, толькі мусіў затаіцца і скарыцца, не можа зразумець яе ці не хоча. Можа, таму гэтак паволі і панура, з кожным годам сунецца наперад, у такія, як усе, бо вайна чаго толькі не рабіла з людзьмі, і на яе можна ўсё зваліць. А ён, Хведар, не мог змоўчваць, як гэта гаварыла яму старая. Ён ведаў другую, сваю праўду, праўду тых, хто даўно застаўся ў балотах і пад зямлёю на партызанскіх могілках і пры лесавых дарогах, ляжыць там з вераю не толькі ў тое, што пасля вайны будзе ўволю і пад’есці, і пагуляць, а і ў тое высокае, светлае жыццё, дзе не будзе ні злосці, ні жорсткасці, ні подласці, дзе не толькі жываты будуць поўныя, а і душы чалавечыя светлыя і родныя адна адной.

Пасля снедання Хведар дастаў мел і анучку і пачаў чысціць медалі. Пасля вайны яны доўга пралежалі ў прыскрынку куфра, пакуль не аказалася, што саўсім мала асталося іх, партызан і былых франтавікоў, і калі ўжо неяк і нельга было не надзець медалі.

Пакуль чысціў медалі і збіраўся, Хведар крыху супакоіўся, настроіўся на другое — на самую маёўку, на сустрэчу з мужчынамі, на доўгія ўспаміны і гаворку, дзе, здавалася, можна нагаварыцца, наўспамінацца на цэлы год, бо там цябе кожны разумее і не трэба нічога нікому тлумачыць.

 

У касцюме, у чаравіках, блакітнай рубашцы, пры гальштуку, з белымі ад сівізны густаватымі валасамі Хведар паходжваў па двары, чакаючы машыну. І, можа, з-за гэтае сівізны, хударлявае стройнасці і касцюма больш выдаваў на вясковага настаўніка, чым на простага дзядзьку.

Было чутна, як недзе на другім канцы вёскі сігналіла машына — збірала людзей.

Хведар больш за ўсё любіў гэтае свята, свята Перамогі, і таму, што нападала яно на самыя ласкавыя і харошыя вясновыя дні і што гэтае свята як ні адно, здавалася, мела да яго гэтакае блізкае дачыненне.

Машына праехала крыху далей па вуліцы, за Хведараву хату, напеўна, як легкавічок, пасігналіла. Кузаў машыны паабтыканы маем, у ім было ўжо людзей, большасцю, праўда, маладых, але відны і жанкі, і мужчыны.

Хведар махнуў ім рукою і амаль не подбегам заспяшаў да машыны. Ён гатовы быў, як хлапчук, ускочыць у кузаў, з ходу, ухапіўшыся рукамі за задні борт,— ад машыны, ад зялёнага маю і нават ад вострага паху дымка з выхлапное трубы павеяла маладосцю. Ён усміхаўся, бо і з машыны таксама ўсміхаліся яму. Два падлеткі ў белых рубашках з закасанымі рукавамі, падалі рукі, каб падхапіць Хведара...

— Саскоч хто, падапхні гэтага старога...— гукнуў з машыны Ванька Капцэвічаў, каб пачуў Хведар.

— Дзе ты там, самаходка на тараканавым хаду? Марш давай! — у тон яму адказаў Хведар. У кузаве зноў зарагаталі.

Але гэты смех перапыніў гармонік — Ванька расцягнуў, як некалі, з тою даваеннаю зухаватасцю і форсам сваю «шуйку», што аж выгнуліся мяхі, прыклаўся да яе вухам і зайграў «Развітанне славянкі». І Хведар па-вайсковаму цвёрда ўзяў крок у такт музыцы.

Але нешта раптам перамянілася ў настроі: некуды далей за Хведара глядзелі хлопцы, прыціх смех, нешта загаварылі ў кузаве, толькі бадзёра і заліхвацкі «палівала» Ванькава «шуя», а потым, як спатыкнулася, заціхла і яна.

Хведар крута завярнуўся — Вецік у велікаватым, як спадніца, галіфэ, у хромавых ботах і чорным, мабыць, сынавым пінжаку раскарэчыста ішоў да машыны.

Хведар адчуў, як усё ў яго ўсярэдзіне сцялася ў тугі камячок, які ўвабраў у сябе гэтулькі сілы, што яна ўсё можа здолець і нічым яе нельга спыніць.

Хведар ведаў: мінулага года — той год Хведар якраз ляжаў у бальніцы — Вецік сабраўся і паехаў на маёўку. Тады ён ішоў не адзін, а са сваім чырванатварым Генікам, які знарок, каб чутно іншым было, гаварыў: «Ты гэтакі самы грамадзянін, як і ўсе. Ты сваё і так нізашто адбыў, цяпер роўнае права...»

Тады, як вярнуўся з бальніцы, Хведар пасварыўся з Ванькам Капацэвічам — як той мог дапусціць, каб Вецік ехаў разам з ім на адной машыне.

Вецік, які спачатку знарок упэўнена гробся да машыны, прыпыніўся, угледзеўся, што Хведар стаў, а потым пайшоў, але не гэтак ужо ўпэўнена і паспешна.

Хведар глядзеў на яго, як спрактыкаваны вайсковец мерае вокам, на колькі можна падпусціць да сябе ворага, вызначае тую, нікому нябачную мяжу, цераз якую таму нельга пераступіць.

Вецік ступаў усё павальней і павальней, на твары ў яго расплывалася слабая ўсмешка. Але і яна раптам прапала, і на імгненне шырока акругліліся яго вочы — ён убачыў, як Хведарава рука міжвольным, дакладным рухам вайскоўца пагладзіла знізу ўгору сцягно — рука шукала кабуру. І потым зноў Вецік усміхнуўся, успомніўшы, што цяпер не тыя часы, што не будзе на папрузе кабуры, усміхнуўся і неяк скора пакіраваў цераз вуліцу да суседавага двара, быццам ён і не думаў ісці да машыны, а ваксаваў боты і адзяваўся, каб пайсці да рэчкі. Нават не павітаўся з людзьмі.

Хведар завярнуўся да машыны, хлопцы падхапілі яго за рукі, і ён уляцеў у кузаў, прытупнуў нагамі.

Шафёр адпусціў счапленне, людзі ў кузаве гайдануліся, весела запішчалі дзяўчаты...

 

Тут, на палявой Случчыне, ад лесу засталіся толькі назвы палеткам ды яшчэ ляскі — сям-там на ўзгорках, на неўрадлівай зямлі ацалелі яны, каб было дзе прыткнуцца зайцу ці якой лісіцы, бо ваўкоў і большага звера тут не засталося, ды большы звер і любіць вялікія лясы.

Лясок гэты стаяў і да вайны. Але пад час яе высеклі яго на дровы. З аднаго краю ляска, дзе калісьці бралі гліну, немцы расстрэльвалі людзей. На тым месцы нішто і не ўзялося расці, толькі некалькі пакручастых чорных хвоек-каржакоў з кароценькаю ігліцаю ды кусты ядлоўцу.

А з другога канца ляска рос хвойнік — злева ад дарогі, якая дзяліла лясок напал, а справа — бярэзнік. Ён некалі браўся расці кустамі, у якіх бушавалі каровы, бо была ў бярэзніку травіца, і туды ганялі пасвіць. Потым бярэзнік узяў сілу, даў ценю. Трава пад ім прапала, парос верас, а самі бярозы павыцягваліся ў дрэвы, і той некалі кудлаты зараснік зрабіўся роўным, белым, як часнок, бярозавым гаем.

Свята рабілася кожнага года на адным месцы, на вялікай прагаліне. Тут ставілі адну ля аднае дзве машыны з адчыненымі бартамі, заместа сцэны, з якое выступалі ветэраны з успамінамі, а потым быў канцэрт. Яшчэ далей былі пароблены валейбольныя пляцоўкі, і тут мераліся сіламі вясковыя каманды — чыя вёска пераможа.

Абапал дарогі стаялі ларочкі, дзе прадавалася і закусь, і чарка.

Калі машына стала на стаянку, Хведар паспяшаў злезці першы і адысціся ўбок, кругам пайшоў па бярэзніку.

Мабыць, нідзе гэтак молада не адчуваецца вясна, як у бярозавых гаях, калі лісце светлае і, здаецца, цёплае сваім зялёным цяплом. Хведар выйшаў на дарогу, далей, за буфеты, за людскую гаману. Перайшоў дарогу і ўвайшоў у хвойнік — гонкі, падцярэблены, роўны. Ужо дарослыя пасляваенныя хвойкі, як тыя, партызанскія, якія не давалі далятаць да партызанскага лагера снарадам і мінам, бялеліся тады абломкамі і ранамі...

Хведар прыпыніўся, памацаў рукой тугі, тонкі, зацёклы смалою пісяг на ствале хваіны — усё роўна як ад кулі ці ад асколка.

Хведар паволі вярнуўся борам назад да людское гаманы, да музыкі. Нейкі круг канчаўся ў ягоным жыцці, ён быццам бы зводзіў канцы. Хведар спыніўся, уражаны, што гэтак падумалася яму. Як жывую, пачуў пад нагамі пакрытую слабенькім мохам і ігліцаю зямлю, дзівячыся з самога сябе, што гэтак чыста і свежа, як у маладосці, абноўлена чуе жыццё і радуецца яму. І зноў пайшоў, памятаючы, што нібыта зводзіць адзін да аднаго два канцы круга.

Калі выйшаў на прагаліну, завярнуў да сцэны, на якой два доўгавалосыя хлопцы спявалі пад гітары пра Сярожку з Малое Броннае і Віцьку з Махавое, людзі азіраліся на Хведара, на слабае пазвоньванне медалёў, і давалі яму дарогу.

 

Хведар забавіўся пасля канцэрта — паглядзеў на танцы. Танцы былі не тыя, што, здаецца, зусім нядаўна танцавалі і яны, старыя, і іхнія дзеці. Новыя танцы бытта і весялейшыя, чым раней, і музыка іншая, ансамбль, як гавораць цяпер, з гітарамі, саксафонамі, незвычайная, цікавая музыка, але яму самаю лепшаю здавалася духавая музыка. Некалі, пасля вайны, мода была на духавую музыку. Ды і музык тых было ў вёсках. Нават у іхнім калгасе свая была, хоць і не гэтакая слаўная, як шалавіцкая ці свідзіцкая. І цяпер яшчэ ёсць — Хведар усміхнуўся, успомніўшы, што і сапраўды яшчэ маюць трубы музыканты іхняга калгаса. Чалавек шасцёх іх засталося. Ездзяць яны на пахарункі. Папоў няма, а аркестр гэты, з гітарамі, на пахарункі не пазавеш. «Адным словам, будзе яшчэ на твой век музыкі!» — усміхнуўся сам сабе Хведар, зірнуў на гадзіннік і пайшоў да палянкі.

У гэтым лесе была свая мясціна ў іхняе вёскі, дзе кожнага года збіраліся гуртам абедаць, узяць чарку і пагаварыць. Мабыць, ва ўсіх кампаній меліся свае мясціны, бо пасля абеду амаль па ўсім лесе пачуліся песні, найбольш мужчынскімі галасамі ды жаночымі — моладзь танцавала.

На палянцы ўжо стаяла на газетах (першыя гады бралі і засцілалі на траве абрусы) закусь і выпіўка. Мужчыны ўжо ўзялі чарку. Хведар прыпыніўся, зводдаль аглядаючы і палянку, і людзей: невялічкая лапінка між хвойніку, цяпер гэтакага высокага, што сонца даставала на траву і на твары людзей толькі вясёлымі неспакойнымі плямінамі. Людзей на палянцы было не многа. Каб да сённяшняга дня папытаць у Хведара, то ён бы сказаў, што на палянцы амаль уся іхняя вёска збіраецца ў дзень свята. Рэй за газетным сталом вёў брыгадзір, стрыжаны «вожыкам», крутаплечы, загарэлы малады мужчына і побач з ім далікатненькая з твару, як лялечка, ягоная жонка з малым на руках. Бацькі брыгадзіравага, Алёшы, ужо няма. А то ён вёў застолле. Далей сядзеў Пракопаў Віця, нешта гаварыў брыгадзіру і з-за гаворкі так і не выпіў налітае ў шклянку. Побач з ім сядзеў, згорбіўшыся, задумённа закусваў Пятрок. Твар у яго быў сіні ад тых кропінак, што засталіся пасля кантузіі. Цяпер ён амаль аглух, нічога не чуў, што і зараз гаварылі мужчыны, але таму, хто не ведаў пра гэта, магло здацца, што чалавек і прыслухоўваецца да гаворкі, і думае нешта сваё. За Пятром сядзеў Ванька, прытуліўшыся плячыма да бярозы, з «шуяй» у руках, магло б здацца, што заснуў ён, паклаўшы галаву на гармонік, каб рукі не варушылі мяхі і не хадзілі пальцы на гузіках. Ванька, як выпіваў, спачатку гаманіў і мітусіўся, потым упадаў у меланхолію, іграў сам сабе невядома што, мабыць, на хаду прыдуманае, доўгае і тужлівае.

Астатнія ўсе былі маладыя, пасляваенныя мужчыны. Па дзецях Хведар успамінаў іхніх бацькоў, якія яшчэ нядаўна сядзелі на гэтай палянцы. Многіх ужо не было на гэтым свеце, многім стала дарога толькі ад печы да парога. Спакойна думалася пра гэта. Усё гэта нібыта аднекуль зверху бачыў Хведар, нібыта падняўся ён над жыццём, адкаснуўся ад яго і таму глядзеў староннім вокам, сумна, але без шкадавання, прымаў да сэрца тое, што ёсць,— бо і гэта як шчасце адпушчана...

— Дзе вы прапалі, дзядзька Хведар? Стаіць ваша чарка, чакае! — брыгадзір першы ўгледзеў Хведара.

Пятрок падняў галаву, паглядзеў на брыгадзіра, але не пачуў, толькі ўгледзеў Хведара, усміхнуўся — зразумеў, пра што гаварыў брыгадзір.

— Ай, Паўлуша... Але ж дзякуй, што не забыў,— Хведару хацелася сказаць, што ўспомніў яго бацьку, і не сказаў.

— Штрафную дзядзьку! — падпіта гукнуў нехта з маладых.

Хведар апусціўся на калені:

— За вас, хлопцы. Каб ні вам, ні вашым дзецям не давялося перажыць і з макавае зерне таго, што мы перажылі! За вашых бацькоў, за наш сённяшні дзень!

Пасля загаманілі. Пятрок таксама ажывіўся, расказваў, махаючы ўгору рукою, не чуючы, вядома, жартаў і не зважаючы, што з яго пасмейваюцца:

— Значыць, ядрытваю такую, пруць яны, як на парадзе. Ну, думаю, ядзяць цябе мухі, прапаў Пятро і з кухняю, і з галавою тваею дурною. Але, думаю, не аддам вам нашу яду. Значыць, ядрытваю такую, да кулямёта я! Як улупіў, аж пар з кожуха пайшоў. Ядзяць твае мухі!.. Вызывае мяне к сабе генерал і пытае: ну скажы, Пятрок, як ты атаку адбіў адзін. А я яму і расказваю, як тое было. Значыць, гавару, як даў ім, як даў, а тады яшчэ наўздагон і па с...ках, і па с...ках!

Смяяліся дружна, і не з Пятра. Ён служыў у гаспадарчым узводзе, пры кухні. І калі б і праўда здарылася з ім, не далі б веры. Смешна было ўявіць, як Пятрок дакладваў генералу, па чым лупіў адступаўшых немцаў.

Пасля вясёлае гаворкі, калі прытаміліся ёю, Пракопаў Васіль заспяваў. Голас у яго быў, як і ў бацькі, ласкавы, густы, і песню заспяваў бацькаву: пра забітага партызана, які ляжыць пад дубам, быццам спіць...

Спявалі ўсе, нямоцна, не выпінаючыся адзін перад адным, як гэта бывае ў п’янаватых кампаніях дзе за бяседным сталом.

Ванька так і не падняў галавы ад гармоніка, але ціха падыгрываў песні. І як скончылі спяваць, прыціхлі, як бытта павеяла тым ветрам, што гладзіў забітага партызана па валасах.

З лесу таксама чуліся песні, вясёлыя — «Распрагайце, хлопцы, коні» і далёкая партызанская:

 

Ні сястра, ні жана

Нас не жджэ ля акна,

Маці родная стол не накрые...

 

Некалі цясней было ў лесе ад песень. І пра гэта падумалася Хведару неяк спакойна — усё з тае дзіўнае вышыні і аддаленасці свае.

Як зайграў аркестр, пачаўся новы танец, песень амаль і зусім не чутно стала.

— Прывет, землячкі! Весялімся?

Хведар азірнуўся, угледзеў Вецікавага Геніка і ўстаў.

— Здароў. Садзіся і ты з намі павесяліся,— запрасіў Геніка брыгадзір.

— Не, я за рулём. Мне з ім пагаварыць трэба,— толькі чуць кіўнуў галавою на Хведара Вецікаў Генік.

Хведар нават не здзівіўся, нібыта і ведаў, што Генік павінен быў прыйсці сюды.

Рослы, таўставаты, як камель, па-жаночаму круглы ў плячах, з залысінамі, з даўгаватымі валасамі ў белай тэнісцы-сетачцы, у шыракаватых карычневых штанах, ён неяк быццам лена завярнуўся да Хведара.

— Слухай, мілы, ты калі перастанеш да бацькі чапляцца, га? А то я цябе некалі,— ён як нехаця, паволі працягнуў руку і ўзяў Хведара за лацкан пінжака. Толькі слабенька звонкнулі медалі.

Хведар усміхнуўся — проста, ясна было ўсё. Ён ведаў, што і як трэба рабіць, і як тады, некалі на вайне, чуў і лёгкую звонкую сілу ў целе, чуць павярнуўся, каб ударыць... і лёгка паляцеў потырч на зямлю. Здзіўлена ўбачыў перад самым вокам купінку травы вострай, здавалася, доўгай, як тая, на балоце, у тую апошнюю блакаду. Генік не ўдарыў, ён пхнуў яго ўбок і павярнуўся, каб ісці, споўніўшы пагрозу і папярэдзіўшы, паказаўшы сваю сілу і што ён не пужае.

Уставаць Хведару было цяжка, і ён не ўспеў яшчэ падняцца, як убачыў, што Ванька адкінуў гармонік, лёгка, кульгава падхваціўся на ногі:

— Ах ты, морда!..— крыкнуў і хвасянуў Геніка крывулькаю па галаве.

Той толькі на імгненне хваціўся за галаву і з пачырванелым ад злосці тварам рынуўся на Ваньку, які неяк здзіўлена і быццам спалохана глядзеў на гэтага мужчынішчу, што ішоў, як мядзведзь, на яго.

І зноў Хведару стала лёгка і ясна. Пакуль успелі падхваціцца на ногі мужчыны, Хведар завучана, з размаху ўдарыў нагою Геніка, па галёнцы, а другою рубануў рабром далоні па шыі, і Генік гамашна і цяжка рухнуў на зямлю.

Уставаў ён паволі, не паварочваючыся да людзей, дастаў з кішэні хусцінку, прыклаў да галавы, потым паглядзеў на яе. Белая тэніска яго была ў маладой зелені ад травы.

— Ах ты, Курашчуп! — успомніў ягоную вулічную мянушку Пракопаў Вася, але Хведар прытрымаў яго за руку, Генік паволі завярнуўся і пайшоў.

— Ладна, хлопцы, бог з ім. На ўсіх дурняў кулакоў не набярэшся.— Хведар ведаў, што свята парушылася, што цяжка будзе ўжо супакоіцца і пасядзець яшчэ, спакойна паспяваць і пагаварыць.

— Захацеў зарабіць — улез,— спакойна і з гонарам заявіў Ванька, і ў Хведара нешта цёпла варухнулася ў сэрцы ад успаміну, як няўклюдна, як курапатка пад ногі паляўнічаму, кінуўся ён да Геніка.

Песню заспяваць не ўспелі — паказаўся Генік з міліцыянерам. Міліцыянер быў незнаёмы, не ўчастковы, сержант, мабыць, з райаддзела. Побач, трымаючыся за лоб, ішоў Генік.

— Што, таварышы, нарушаем? П’янствуем? — запытаўся міліцыянер, малады, мабыць, толькі нядаўна з войска.

— Святкуем, таварыш сержант.— Брыгадзір устаў яму насустрач.— І вы давайце з намі!

Сержант збянтэжыўся.

— На службе.— І звярнуўся да Геніка.

Той не абазваўся, толькі паказаў на Хведара і на Ваньку.

— Прашу, таварыш, прайсці!

— Вы разбярэцеся спачатку! Ён жа першы да чалавека палез з рукамі! — усхвацілася да міліцыянера брыгадзірава жонка.

— Пастой, сержант! Ты разбярыся,— Пракопаў Вася махнуў рукою на жанчыну, каб сунялася.— Ён першы пачаў, а цябе сюды прывёў. Хай Курашчуп гэты моліцца богу, што я яго не страсянуў, а інвалід толькі кастылём агрэў! А можа, і трэба было страсянуць, каб да вечара тут праляжаў, пакуль адышоў!

— Гэта яшчэ паглядзелі б, хто ляжаў бы! — агрызнуўся Генік.

— Пакінь нас, сержант, не чапай. Табе і без нас работы хопіць. А яго з сабою забяры. Так лепш будзе,— падвёў гаворку пад канец брыгадзір.

— Ціха! — крыкнуў сержант. Ён аж пачырванеў ад хвалявання.— Мне прыказана даставіць. А будзеце мяшаць, вызаву нарад.— Сержант дакрануўся да мікрафона радыёстанцыі, які шумеў на раменьчыку на грудзях.

— Ну і вызывай свой нарад!

— Ціха, хлопцы! Чалавек на рабоце. Мы пойдзем з Ванькам, разбяромся. А вы пасядзіце, пачакайце нас.— Хведар ведаў, што мужчыны не жартуюць, не аддадуць іх.— Павел, я старэйшы, калі гавару — ведаю.

— Праўда, хлопцы, праўда,— падтрымаў Хведара і Ванька.

Ён здагадаўся, што хоча Хведар.

Ішлі паволі. Хведар поруч з Ванькам, які адною рукою прытрымліваў гармонік, а другою апіраўся на крывульку. Сержант прыадстаў і таксама пайшоў поруч з імі.

Генік ішоў наперадзе.

Ля жоўтае машыны з дынамікам наверсе і гербам на дзверцах сержант коратка далажыў маёру:

— Таварыш маёр, загад выкананы. Дазвольце ісці?

— Ідзіце.

Маёр таксама быў малады, гадоў трыццаці пяці, у форме, з белаю рубашкаю і чорным гальштукам. Твар у дробныя дачасныя маршчынкі, і вочы глядзелі стомлена, як у многа старэйшага чалавека.

— Яны? — запытаўся маёр у Геніка, зірнуў у паперку, якую трымаў у руках.

— Так точна. Я магу і спраўку пра пабоі ўзяць, і ў суд падаць!

Маёр затрымаў вочы на паперцы, нібыта і не пачуў апошніх Генікавых слоў, потым коратка зірнуў на яго:

— Вы свабодны, грамадзянін. Можаце ісці:

— Але, таварыш маёр...

— Вы ўсё напісалі?

— Усё.

— Ідзіце, не перашкаджайце.

І калі Генік пайшоў, маёр паглядзеў то на Хведара, то на Ваньку, спытаў у таго:

— Гэта вы яго палкаю?

— Каб знаў, што такая сволач, то і яшчэ трэба было раз лупянуць. Ён жа не напісаў, што першы Хведара на зямлю грабянуў? — задзірыста пачаў Ванька.

— Не напісаў,— спакойна адказаў маёр і зноў роўна глянуў на іх, як умеюць глядзець міліцыянеры на ўсіх тых, хто «парушае».

— А за што? За тое, што яго бацьку, батальёнца, не пусціў на машыну сюды ехаць!

Маёр зірнуў на Хведара, і ў вачах у яго на імгненне ўспыхнула цікавасць, ён нібыта чакаў, што скажа Хведар. Але Хведар ведаў, што гаварыць яму трэба доўга, ды і ці раскажа ён усё, каб было зразумела гэтаму міліцэйскаму маёру.

— А што будзе, як кожны пачне сёння кулакі распускаць? Што загадаеце рабіць? — запытаўся ён у Хведара.— Старыя заслужаныя людзі, ветэраны...

Маёр акуратна, учатыры, склаў лісцік паперы.

Хведар горка ўсміхнуўся — маёр і не чакаў, каб яму тлумачылі. Яму было і так усё ясна...

— А што нам, маўчаць, як з кулакамі лезуць? — усё яшчэ храбрыўся Ванька, збянтэжаны маўкліваю ўпэўненасцю маёра.

— Паўлаў, вазьміце машыну і завязіце таварышаў дадому,— загадаў ён пажылому, таўставатаму сержанту.— Толькі раз-два — і тут.

— Ёсць. Прашу! — сержант блазнавата падміргнуў мужчынам чорнымі вачыма і адчыніў дзверцы машыны.

— Дзякуем, таварыш маёр,— разгублена падзякаваў Ванька. Маёр толькі кіўнуў галавою і не ўсміхнуўся. Хведар таксама падзякаваў маёру лёгкім кіўком галавы.

Калі машына хутка ўзяла з месца, Хведар азірнуўся на маёра: той разарваў паперку, якую трымаў у руцэ і кінуў абрыўкі пад куст.

— Куды кіраваць, гавары, паны ветэраны? — запатрабаваў шафёр.

— Направа, браток! Наша дзела правае! — ахвотна абазваўся Ванька і на роспыты вясёлага міліцыянера ахвотна расказваў, як і ён ваяваў з Генікам, і міліцыянер весела смяяўся і перапытваў:

— Гаворыш, як твая Мар’я па табе чапляёю, так ты яму крывулькаю?

Развяселены Ванька перад самаю вёскаю пачаў угаворваць шафёра, каб той уключыў сірэну, хай усе ведаюць, як іх вязуць з гонарам, а сам збіраўся ўрэзаць марша. Хведар не даў яму зрабіць гэтага, вылез ля дома, развітаўся з міліцыянерам і, калі зайшоў на свой двор, пачуў, як Ванька ўсё ж урэзаў марша, выглянуў за вароты і ўбачыў, як паміргвала над міліцэйскаю машынаю вясёлае сіняе святло трывожнага маячка.

Хведар пастаяў на дварэ, падняўшы голаў, падстаўляючы твар да негарачага, ласкавага сонечнага святла, паслабіў гальштук, расшпіліў рубашку на грудзях, паглядзеў на сад, які рыхтаваўся зацвісці, толькі цяпер адчуў, як здрыганулася сэрца — дасюль яно быццам бы акамянелае было і не адчувала болю.

Паволі, ужо не адчуваючы ні вясновых пахаў, ні сонца, толькі боль у сэрцы, Хведар асцярожна пайшоў у хату, паволі лёг на ложак ля адчыненага акна, усміхнуўся — раптам падумалася, што і на свята, на палянку, ён прыехаў адтуль, дзе ляжаць яго сябры-мужчыны, прыйшоў і пагасціў, і нават паваяваў. Недарэчная гэта думка развесяліла яго, і не гэтакім моцным здаўся боль. Падумалася, што яшчэ ён выжыве, пажыве...

 

Старая, калі вярнулася ў хату, угледзела гаспадара, які прыехаў не ў пару дадому і ляжаў на ложку адзеты, зжахнулася, не магла закрычаць — заняло мову, але ўбачыла, што Хведар расплюшчыў вочы, з палёгкаю загаварыла:

— Ды гэта мо і ты насцёбаўся, як Ванька, што на міліцэйскай машыне дадому прывезлі?..— і асеклася, убачыўшы, як ад болю скрывіўся гаспадароў твар, зашамала на кухню накапаць кропель ад сэрца...

 

1977


1977