epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Жук

Туман

І калі ён думаў, што ў Доме культуры танцы, што там многа святла, дзяўчат, такіх вясёлых, маладых, блізкіх, тады ненавідзеў сябе, стомленага, прапахлага дымам, які зацягвала з выхлапное трубы ў кабіну, ненавідзеў старую дабітую машыну, на якой амаль усю ноч блукае па лясных дарогах і прасеках і не можа выбіцца на гравейку, хоць ведае, што яна недалёка наперадзе.

Васілюк праклінаў сябе, што надумаў ехаць яшчэ раз правяраць рунь на азімых палетках, быццам не ведаў, што на ўзгорках, дзе ўсю зіму было гола ад снегу, пасевы вымерзлі, а ўвогуле па калгасе, як гаворыцца, зімоўка прайшла здавальняюча. Здавальняюча — гэта значыць, вялікага ўраджаю не чакай...

Ён ужо шкадаваў, што паслухаў шафёра і не паехаў назад па старой дарозе, дзе яны буксавалі амаль у кожнай лагчыне, але ўсё ж ехалі, хоць назад наўрад ці прайшла б машына па прарэзанай коламі каляіне. Толькі і да гравейкі ніяк не дабрацца. Святло фар абмацвае за туманам ваду, гразь на лесавой дарозе — і машына доўга і цяжка адпаўзае назад, разварочваецца, потым зноў сунецца наперад па другой дарозе або прасецы.

Васілюк толькі стараўся трымаць у памяці, у якім баку дарога, па якой заехалі ў лес, каб зусім не заблудзіцца сярод гэтых мокрых халодных дрэў, захутаных у цяжкі глухі туман.

Ён дастаў з кішэні пачку «Арбіты», працягнуў цыгарэту шафёру, прыкурыў сам і перадаў запалку — і пакуль шафёр прыкурваў, бачыў у кароткім няяркім святле, што ў таго стаў шэры ад бяссоння твар, пачырванелі, падпухлі павекі. Падумалася, што Баранаў стаміўся горш за яго: шчупленькі, невысокі ростам, Баранаў, каб лепш бачыць дарогу, кладзе на сядзенне старую куфайку. І браць яго на работу не хацелі — толькі кончыў дасаафаўскую школу, чакае, пакуль забяруць у войска, будзе ездзіць, не глядзець машыну. Усё ж узялі, пасадзілі на старога дабітага «ЗІЛа», а ў веснавую бездараж гэта, аказваецца, адзіная машына, якая можа ехаць па любой дарозе. І каб цяпер з Васілюком быў стары вопытны шафёр, то ён бы даўно выехаў з лесу, і не было б гэтае начное непатрэбнае язды. Хоць Баранаў таксама, мабыць, думаў пра клуб, пра дзяўчат і злаваў на Васілюка.

Машына роўна, паволі паўзла наперад па вузкай прасецы, яловыя лапы мякка шасталі па лабавым шкле, і хацелася нахіліць галаву або прыкрыць твар рукою.

Васілюк крышку апусціў бакавое шкло, і твар асвяжыла густая вільгаць. Вясновы пах моху, счарнелага лісту, ігліцы і свежы водар яловых лап, асінавага голля — ва ўсім гэтым нешта неспакойнае, маладое. І зноў заныла душа: Васілюк быццам перад сабою ўбачыў і густыя каштанавыя валасы, якія вольна падалі на плечы, і акруглыя плечукі пад тоненькім белым світарком, блізкія далікатныя вусны. Яна адчула яго позірк, усміхнулася, адкрыта і спакойна паглядзела ў вочы — здагадалася, што падабаецца яму. У яго сталі непаслухмянымі, чужымі ногі, быццам ён зусім хлапчук і зрабіў нешта страшнае, недаравальнае і яго злавілі... Ён не чуў больш музыкі, нічога не бачыў навокал, толькі адчуваў, якія цёплыя пакорлівыя яе пальчыкі, што трымалі яго за руку вышэй локця...

І гэты неадступны боль, што мінае вясна, не даваў яму спакою, не пакідаў нідзе, нават тут, у глухім лесе. Нібы гэта апошняя яго вясна, адна на вяку дадзеная, і больш ніколі яна не паўторыцца! А тут яшчэ ўбіў у голаў, што за год — сама многа за два — павядзе ўсё паляводства ў калгасе толькі па-навуковаму, як патрабуе агранамія. Зарадаваўся, што старшыня даў волю — рабі, аграноме. А людзі не вераць, што не кіне ён калгас праз два гады, як адробіць, колькі трэба пасля размеркавання...

Васілюк зняў шапку, пальцамі разгарнуў скудлачаныя валасы.

— Што затармазіў, Баранаў? Зноў назад паедзем?

Шафёр нічога не адказаў. Выключыў перадачу, прачыніў дзверцы, выкінуў недакурак.

— Назад позна. Бензіну мала асталося.

— У цябе ж запасны бак.

— Запаска цячэ.

— Якога ж чорта возіш?

— Даезджу. Мяне ў войска, машына на звалку.

— Баранаў, мне трэба к васьмі ў кантору, а ў дзевяць быць у райкоме.

— Выедзем на гравейку, а там ні шум баравы.

— Вады з лужыны зальеш і паедзем?

— Да калгаса дацягнем.

Баранаў адкінуўся да спінкі сядзення, сядзеў з заплюшчанымі вачыма. Яму не хацелася не толькі варушыцца, а нават і гаварыць.

Васілюк выйшаў з кабіны. У святле фар вільгаць плыла, нібы пыл у сонечным промні.

Зямля мякка асядала пад ботамі. За метраў пятнаццаць наперадзе холадна шарэла вада.

Васілюк зябка ссутуліўся, вярнуўся ў кабіну, ляпнуў дзверцамі.

Баранаў, каб ачнуцца ад дрымоты, пакруціў галавою, паглядзеў на агранома.

— Зноў вада.

— Паглядзім.

Васілюк бачыў, як шафёр паволі ўвайшоў у ваду, тупаў, абмацваў нагамі дно, рашуча вярнуўся назад.

Васілюк надзеў шапку. Ён зразумеў Баранава.

— Будзем пробаваць, Баранаў. Давай.

Гэта ўжо быў не той чалавек, што зусім нядаўна ленавата лаяўся на шафёра. Другі, той дзікаваты аграном, з якога пасмейваліся калгаснікі, але паважалі і пабойваліся. Баранаў не адважыўся нават запытацца, што будзе, калі машына не пройдзе.

— Уключай паніжаную, пярэдні мост — і асцярожненька, лішне не газуй.

Паволі, тонка выючы маторам, машына ўвайшла ў ваду і пасунулася наперад цяжка і роўна. Увосень па дарозе не ездзілі, зямля ўтравянела.

Баранаў не варухнуўся, насцярожана, нібы чакаў нечага неспадзяванага, падаўся наперад, усё роўна як хацеў убачыць дно скрозь шэрую каламутную ваду, па якой роўным паўкругам бегла перад машынаю невысокая хваля.

Васілюк маўчаў: ён ведаў, што не патрэбны яго каманды, што нельга замінаць Баранаву.

І ўжо на самым выхадзе з вады напружана завыў матор, закалаціла машыну. Баранаў некалькі разоў «выхопліваў» і рыўком адпускаў шчапленне, запахла прыпаленымі дыскамі, моцна і непрыемна.

— Хопіць,— стомлена выдыхнуў Васілюк. Шафёр не пачуў яго, але выключыў перадачу, скінуў газ.

— Яздок! Цяпер у калгас па трактар пабяжыш!

Баранаў нічога не адказаў, адчыніў дзверцы, па прыступцы, потым па крыле дайшоў да буфера, саскочыў на зямлю.

Васілюк ужо ведаў, што на выхадзе з вады крутая выбоіна, пярэднія колы загрузлі, а заднія слізгаюць па лёдзе, які застаўся пад вадою. Цяпер машыну трэба браць на буксір.

Баранаў стаяў у вадзе, нешта мацаў на буферы.

Васілюк глядзеў на яго худзенькую постаць, і няёмка было, што не стрымаўся і дарэмна лаяўся.

Баранаў па крыле вярнуўся ў кабіну, запаліў святло, зняў сядзенне, перагрэбаў балты, гайкі, пакуль не знайшоў цвік-двухсотку, узяў малаток і зноў падаўся з кабіны, пастукаў нешта ля лябёдкі, вярнуўся ў кабіну, адкінуў гуму на падлозе кабіны.

— Ты ж гаварыў, што лябёдка зламаная.

— Думаў — зламаная. Шпілька толькі была зрэзана.

Васілюк пакруціў галавою — ну і ну! Шафёр усміхнуўся, узяў працягнутую цыгарэту. Васілюк запаліў запалку, даў прыкурыць Баранаву, прыкурыў сам і гэтак жа, як і шафёр — па крыле, па буферы,— вылез з кабіны на зямлю, адчапіў трос з крука і паволі, пакуль разматвалася лябёдка, адступаў назад, трымаў трос унацяжку, закруціў за камель яліны і махнуў рукою Баранаву.

Машына на лябёдцы пайшла лёгка.

Сыпанка, на якую выехалі, была разбіта машынамі — дзе парэзаны каляіны, а дзе чыстыя невялічкія папярочныя ямачкі, на якіх машыну калаціла. Баранаў уключыў другую перадачу, адкінуўся да спінкі сядзення, ленавата, абыякава прытрымліваў рукамі баранку. Васілюк не прыспешваў яго: у густым кужэльна-белым тумане нават пры дальнім святле фар відно было толькі на метраў дзесяць перад машынаю.

— За гадзіну будзем дома,— сказаў Баранаў, нібы адчуў, пра што думае аграном.

Васілюк прамаўчаў. Праехалі Апчак, скора паварот на шашу, а па ёй за гадзіну можна даехаць да пасёлка. Ён ведаў, што на шашы няма такога туману — яна вышэй паднята, і лес далёка.

...Васілюк ці не задрамаў, бо яго хіснула наперад так, што дастаў брылём шапкі да лабавога шкла.

Чалавек стаяў пасярод дарогі ў плашчы і берэце, адна рука ў кішэні, другая слаба паднята ўверх. Ён крыху сутуліўся ад холаду і вільгаці, невысокі, хударлявы і ад таго сіратлівы ў гэтай прамоклай халоднай ночы, на расхлябанай гразкай дарозе. Ён асцярожна пераскочыў цераз каляіну, прачыніў дзверцы.

— Куды вам? — запытаўся Васілюк і пасунуўся да Баранава.

— Недалёчка тут... на шашы... Машына наша ўгразла, цэлую ноч седзімо.

Мужчына не спяшаўся садзіцца, паставіў адну нагу на прыступку і чакаў, што скажа Васілюк. Чаравік і калашына, запраўленая ў шкарпэтку, заляпаны граззю і мокрыя.

— Тут зусім побач, якіх дзесяць хвілінак... У вас жа «ЗІЛ», ён як трактар ходзіць...

— Бензіну мала. Самі не даедзем,— няўпэўнена адказаў Васілюк і паглядзеў на Баранава — што той скажа.

— Можа, і хопіць.

Васілюку, закалыханаму на калдобінах, упэўненаму, што ўвесь клопат скончыўся, не хацелася больш нікуды зварочваць, а хутчэй прыехаць, памыцца, пагаліць твар...

Ён яшчэ раз зірнуў на мужчыну, на мокрыя яго чаравікі і коратка сказаў:

— Сядай.

Мужчына ўціснуўся бокам на сядзенне да Васілюка, зачыніў дзверцы. Маўчаў, нібы прывыкаў да цяпла. Васілюк толькі ў кабіне разгледзеў, што пасажыр — малады хлопец, можа, равеснік... Твар у хлопца дробны, чуць кірпаты нос, рэдкія несалідныя вусікі, нясмелая ўсмешка.

— От тут направа. Пару кіламетраў.

Ехаць па шашы трэба было ў другі ад дому бок. Калі хлопец спыніў машыну і гаварыў, Васілюк нават і не падумаў пра гэта. Цяпер позна было высаджваць чалавека.

— Мы з начальнікам да яго знаёмых рашылі рвануць... Ён там, у машыне... Во мужык! Пяць год, як інстытут кончыў, а ўжо намеснік галоўнага інжынера. Кватэрка, машына...

Хлопец заварушыўся, як верабей, які з марозу адагрэўся ў цяпле. Ён не заўважыў, што Васілюку не па душы ехаць у другі бок.

— Мяне былі размеркавалі ў Мазыр. Ён мяне на работу запраста ўзяў. Жыць ён...

— Ты таксама інжынер?

— Ага.

— Куды ж гэты ішоў?

— Тут недзе машынная станцыя. Думаў, папрашу трактарыста. Цэлую ноч хаджу, а ў плашчыку дубарна яшчэ, гэта не ў горадзе. Па праўдзе сказаць, мы з шэфам рашылі да баб закінуцца...

Хлопец махнуў рукою, даверліва зірнуў на Васілюка, нібы чакаў, пра што той запытае яшчэ.

Васілюк нічога не запытаў, толькі ўсміхнуўся, як старэйшы з глупства маладзейшага. Яму не хацелася гаварыць. З нейкім жалем падумаў, што даўно не быў у горадзе і не ведае, якая там вясна; дажыўся, што аднолькавыя і выхадныя і буднія дні.

Хлопец прыгрэўся, прымоўк, і на твары яго засталася блазнаватая і шчаслівая ўсмешка, як у малога, якога прынялі ў кампанію старэйшыя.

Днела. Неўпрыкмет шэра засвятлелася там, дзе павінна ўзысці сонца; неба стала колеру пралесак, якія толькі-толькі выгарнулі пялёсткі.

Туману над шашою не было, і толькі ў лагчынах дзе-нідзе цягнуліся цераз дарогу доўгія белыя пасмы.

З узгоркаў Баранаў пускаў машыну накатам, і Васілюк здагадаўся, што бензіну зусім мала.

— Во тут, на гэтым павароціку.

Хлопец нібы прахапіўся ад сну, паказаў пальцам направа ад дарогі.

«Жыгулі» стаялі на палявой дарозе, за прыдарожнымі прысадамі — роўнаю, густою сцяною абстрыжанага ельніку,— не ў такой і вялікай гразі. Затое наперадзе віднелася залітая вадою лагчына.

Баранаў спыніўся на абочыне.

Ад легкавіка, пераскокваючы цераз лужыны, да іх ішоў невысокі шыракаплечы мужчына ў расшпіленай карычневай куртачцы на футравай падкладцы, з капюшончыкам, канцы пояса засунуты ў кішэні. Сам без шапкі, коратка пастрыжаны, з вусікамі, твар спакойны і насмешлівы.

— Салют, старына!

Ён падняў руку, нібы аддаваў чэсць, павітаўся з Васілюком. Прыжмуранымі вачыма паглядзеў на хлопца, на мокрыя чаравікі і на калашыны, запраўленыя ў шкарпэткі.

— Эх, галава ядрона! Што ты, як дзіця? Ну, адышоўся б на гадзінку якую... Цэлую ноч прахадзіў. Мне ж і на жонку трэба сілы пакінуць.

Мужчына адным вокам па-свойску падміргнуў Васілюку, ляпнуў хлопца па плячы — нічога, пасталее, паразумнее,— і той усміхнуўся пакорліва і рахмана. І нічога не сказаў.

Мужчына прыкурыў цыгарэту ад запальнічкі.

— Давай, Эдзь, зачапі трос, ты ўсё роўна заляпаны. Каб не забыць: скажаш маёй Лідзе, што я цябе да бацькоў вазіў,— упэўнена і лёгка, нібы прасіў, загадаў мужчына і цераз лужыны паскакаў да машыны.

Хлопец разматваў лябёдку.

Калі машына стаяла ўжо на абочыне, мужчына вылез з бутэлькаю шампанскага, на рыльца якой угару дном была надзета шклянка.

— А цяпер за вызваленне, Саша!

Дзверцы адчыніліся, і тоненькая дзяўчынка ў туфельках, белым плашчыку і чырвонай газавай касыначцы на шыі выйшла з машыны, сцепанула плячыма з холаду, падышла да мужчыны, чуць нахіліла галаву — павіталася з Васілюком. Ён здзівіўся, які маладзенькі, чысты яе твар, тоненькія вусны, стомленыя і абыякавыя вочы, яркія, рыжыя, толькі злёгку расчасаныя валасы.

Яна адчула залішне пільны позірк, вусны чуць перасмыкнуліся, усміхнулася пагардліва — на сябе лепш прыгледзься. І Васілюк адчуў, які неўваротны, недарэчны і непатрэбны ён з пастарэлым ад бяссоння няголеным тварам, у старой шэрай каракулевай шапцы, у прамоклых ботах і вайсковым галіфэ. І яму трэба было скрозь зямлю праваліцца са сваёю работаю — гразь, зямля, гной, ні выхаднога, ні прахаднога. Усё гэта так нічога не было варта!

— Трымай, старына, шампанскае.

Мужчына падаў шклянку з віном.

— Дзякуй. Не п’ю.

Адказ прагучаў суха і злосна.

Дзяўчына зноў перасмыкнула вуснамі, перахапіла шклянку. Піла настырна, высока падняўшы галаву. Шыя пад касыначкаю тоненькая, як у дзіцяці. Не адвярнулася, стаяла перад Васілюком, і той бачыў, як пацякла, капнула на плашчык кропелька віна. Шклянку страсянула, пайшла да машыны, не глянула больш на Васілюка, стомленага і непатрэбнага, не вартага яе разам з усёю там работаю, клопатам. І ў гэтай яе злосці, пагардлівасці было нешта бездапаможнае, жаласлівае.

Па тым, як яна ішла, Васілюк зразумеў, што дзяўчына піла да гэтага.

— Эдзь, табе яшчэ шклянка. Старына не хоча.

Хлопец ужо вымыў рукі, узяў шклянку.

Мужчына глядзеў на яго скрозь цыгарэтны дым — цыгарэту не выпускаў з губ,— нібы падбадзёрваў на нешта такое, з чаго можна пасмяяцца, як з гэтых запраўленых у шкарпэткі калашын...

Васілюк толькі цяпер зразумеў, што мужчына ведаў: хлопец будзе цэлую ноч шукаць машыну, каб выцягнуць легкавічок, а таму і адправіў...

Баранаў стаяў, прысланіўшыся да радыятара, і ўсё бачыў і разумеў, не толькі пра гэтых, але і пра Васілюка, і пра тую дзяўчыну.

Васілюку здалося, што ён пачырванеў у твары. Вярнуўся да машыны, злосна загадаў:

— Паехалі!

Ужо ў кабіне шафёр нясмела напомніў:

— Можа, бензіну ўзяць у іх?

— Пайшлі яны!..

Легкавічок тым часам круцянуўся на шашы перад машынаю, і Васілюк заўважыў, як усміхалася дзяўчына, як за імі выцягнуў шыю хлопец...

Праз кіламетр матор зачмыхаў, і Баранаў скіраваў на абочыну.

— Усё, няма бензіну. Вы пачакайце, машыны ўжо ідуць.

Васілюк чуў, як Баранаў браў у кузаве каністру.

Машына стаяла ў бярозавым гаі, вільготным, прапахлым старою мокраю травою, бяростаю, веццем, на якім ледзь вызубілася лісце. І ўсё затулена ў вільготны лёгкі і цёплы пыл, і ў ім нябачна шчасліва звінелі птушкі.

Васілюк выйшаў з машыны, сеў на абочыне, прытуліўшыся плячыма да старое вербалозіны, стомлена расслабіўся ўвесь і не памятаў, колькі сядзеў, толькі рэальна адчуваў пранізаны пяшчотаю і трывожлівасцю бярозавы гай і самога сябе, і вялікую справядлівасць, і шчасце, што ёсць гэта ўсё на свеце і неаддзельна ад яго, чалавека. І ці не таму ў душы зноў варухнулася вострае да шчымлівага болю адчуванне значнасці, незвычайнасці і непаўторнасці гэтае вясны, якую трэба пражыць, як удыхнуць назаўсёды!.. А ўсё астатняе, нерэальнае, прыдуманае — як туман, які сплывае, сплывае...

Васілюк пачуў, як вярнуўся Баранаў, усміхнуўся, кіўнуў яму галавою...

 

1973


1973