epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Жук

Вечар шчасця

Зіма так і не зладзілася. Пратрымаўся глыбокі і ранні снег толькі да Новага года, потым задажджыла, быццам на поўдні — то мокры снег, то дождж, і як рэдкае шчасце — снежныя, чыстыя і звонкія марозныя дні. І ўспамінаюцца яны, як успамінаецца чалавеку кароткае прамінулае шчасце: быццам недзе далёка-далёка водбліск цёплага сонечнага праменьчыка.

І так дзень за днём, з туманам, з пахмурым нізкім небам, неўпрыкмет, без вялікае вады і сонечных, вышастаных тугім цеплаватым ветрыкам дзён і прыйшла вясна.

А ў Задарожнага, акрамя свайго інжынерскага клопату пра рамонт трактароў і сеялак, знайшоўся яшчэ адзін, каб каму сказаць, то і смешны клопат: не прапусціць тую пару, калі пацягнуць вечарам над ляснымі прасекамі слонкі. Што да рамонту тэхнікі, да вечнага вясновага клопату пра дэталі, то ён, мабыць, прывык ужо за ўсе гады і ведаў, што тэхніка будзе адрамантавана. А вось гэтае жаданне не прапусціць вясновую цягу, убачыць, як нячутная і амаль нябачная ляціць птушка, і чуць, як хрыплавата, трывожна абзываецца, і ўсё навокал тады незвычайнае: зелянцава-празрыстае, як шкло, неба, быццам прасвечанае з самае запаветнае глыбіні, і вясновы, яшчэ халаднаваты, востры водар лесу!..

За ўсім гэтым пачыналася нейкая падсвядомая трывога, якая часам такою сумотаю брала за сэрца, што яно пачынала балець. І тады, быццам збоку, як старонні чалавек, глядзеў ён на самога сябе і на сваю работу, на дні, занятыя такім прадметным клопатам, з такімі рэальнымі праблемамі, якія ён умеў проста і скора вырашаць, а таму і меў аўтарытэт спецыяліста, вартага работніка і талковага чалавека. А вось у такія вясновыя дні пачынала думацца, што ўсё гэта не галоўнае, што самае важнае яго жыццё яшчэ наперадзе, і самая цікавая і патрэбная работа там, і што пара яму пачынаць гэта жыццё, бо праходзяць гады... Ды так міналася вясна, перабольвала сэрца, ішла зноў работа і пра тое непатрэбнае капанне ў сваёй душы нават і не хацелася, і сорамна крышку было ўспамінаць. Пакуль зноў не прыходзіла вясна... Цяпер вось захацелася яму пабачыць, як цягнуць слонкі. Паспрабуй, скажы каму, як дзяцініцца інжынер! І Задарожны маўчаў, сам ведаў, што вяртаюцца птушкі і пачынаюць свой лёт, калі заладзяць сваю «сімфонію» ў вадзе зялёныя жабы.

Добра такі, па-вясноваму ўмеркла, пацягнула халадком, моцным, нейкім спрадвечным, які прыходзіць увосень, узазімкі, і доўга трымаецца ў старым мокрым лесе.

Адразу за вёскаю збоч дарогі пачаліся нізкія, маладыя, з сухімі паламанымі ніжнімі галінамі вербы. Яны таму і не раслі высокія, што кожнага году ламалі ім голле, машынамі ці падводамі калечылі ствалы, а яны ўсё папраўляліся, раслі, нават красавалі зялёным лісцем, як і няшчасны чалавек, які мучыцца жывучы, і само жыццё здаецца яму няміла, а ён усё трымаецца за яго, і не толькі трымаецца, а часам і закрасуе наўздзіў усім. Штосьці журботнае і балючае ёсць у гэтай радасці, і дзівішся ёй, і зайздросціш.

Вербы былі ў прадчуванні радасці — дружна намякнуліся выкінуць да сонца мядова-залацістыя «коцікі», і здавалася, толькі і чакалі таго аднаго, апошняга, самага патрэбнага цёплага сонечнага дня.

За вёскай пачынаўся поплаў, кусты лазы, чым далей, то гушчэйшыя, да самае рэчкі. Пад імі доўга стаяла вясновая вада, і адтуль звінелі ў сваю пару жабіныя канцэрты.

Цяпер было ціха, і толькі ад рэчкі павявала вільгаццю. Задарожны стаяў тварам да ветру, быццам прытуліўся шчакою да яго пругкага халадку, адрозніваў і прынесены ветрам пах раллі на ўзлобках, і халаднаватага поплаву, і густы бярозавы настой узлеску, і гаркавы водар лазняку,— усміхнуўся сам сабе, шчаслівы ад таго, што разумее і ўмее адчуваць вецер. І быў Задарожны зноў тым самым вясёлым дружацкім хлопцам студэнцкіх год, які пасля выпуску па накіраванню паехаў у вёску, і застаўся там, і лёгка і проста ўзяўся за работу, і робіць яе каторы год, хоць даўно кончыўся абавязковы тэрмін, і можна шукаць лепшае месца; і думкі пра гэта, як пра нешта далёкае, нават пра крышку нерэальнае і неабавязковае. І яшчэ часам ён думае пра дзяўчыну, якую сустрэне, і якая пакахае яго, і народзіць яму сына, і яны будуць шчаслівыя... І думкі гэтыя былі светлыя, як прасвечаны летнім сонцам дзень над спелым жытнёвым палеткам, тым, што пачынаецца адразу за калгасным пасёлкам...

Падышоўшы да вёскі, Задарожны прыпыніўся, дакурыў цыгарэту — не было стомленасці і не хацелася ісці дадому, была нават радасць, ціхая такая, як пры чаканні незвычайнага.

Задарожны паволі пайшоў да клуба, вокны якога свяціліся белым святлом, як свецяцца вокны толькі ўвесну. У клубе іграла радыёла, мабыць, на ўсю магутнасць, бо і на вуліцы была чуваць мяккая, аксамітная мелодыя. Задарожны прыпыніўся на верандзе, паглядзеў праз акно: у залітай белым святлом зале танцавалі тры пары, быццам закалыханыя мелодыяй, і быццам няма на свеце нікога шчаслівейшага за гэтых дзяўчынак-школьніц і іх па-юнацку хударлявых і стройных кавалераў, і толькі ім яркае святло, і толькі ім гэтая шчаслівая музыка. Задарожны адчуваў, што ўсяе гэтае прыгажосці не стане, што парушыцца яна, толькі ад таго, што могуць заўважыць яго, не тое што зайсці яму зараз у гэту асветленую шчасцем залу.

Ён ціхенька саступіў з прыступкаў на зямлю і пайшоў прэч са здзіўленнем і смуткам, быццам ад нечага толькі-толькі страчанага і незваротнага, і не хацелася верыць у гэту незваротнасць...

 

І ў суботу, пасля абеду, Задарожны паехаў у горад, хоць разумеў, што гэта бязглузда: ехаць на вечар, не маючы дзе прыпыніцца пераначаваць. Але ж так чакалася гэтае суботы, таму і суцяшаў сябе, што ўспее і павячэраць, і патанцаваць, пакуль апошні аўтобус адыходзіць, а не дык і на таксі прыедзе.

Аўтобус прывёз Задарожнага да прыгараднага вакзальчыка з дзвюма касамі і невялічкага пафарбаванага ў сіні колер дашчанага паднавеса. Задарожны не садзіўся на тралейбус, пайшоў да праспекта па нешырокім пыльным ужо тратуары. І праспект здаваўся не такі шырокі і не такія высокія дамы, як успаміналіся, і адчуваў сябе будзённа, быццам і не выязджаў з вёскі, і быццам даўно прывык да горада, і яшчэ была адчужанасць і непрыемнае адчуванне, як у чалавека, які мае вольнага часу і не ведае, як змарнаваць яго.

Задарожны разумеў, што каб крыху развесяліцца, трэба абмануць сябе: зайсці ў рэстаран, пайсці танцаваць, пазнаёміцца з дзяўчынаю, як і было гэта некалі, у студэнцтве...

Задарожны нікуды не заходзіў, ішоў па праспекце, на якім запаліліся ліхтары, яркія і непатрэбныя яшчэ пры светлым вясновым надвячорку. Была на душы лёгкая сумота, як ад успаміну, і Задарожны разумеў, што нельга спрабаваць вярнуцца туды, куды не вернешся, у чалавека ў жыцці на ўсё свая пара. Цяпер ён ведаў, што паблукае па горадзе, спакойны, чуць сумны, і паедзе апошнім аўтобусам назад...

Яны спачатку размінуліся, не пазналі адно аднаго, хоць постаць дзяўчыны і здалася знаёмая, і таму ён прыпыніўся, азірнуўся, азірнулася і дзяўчына, няўпэўнена, быццам запыталася, паклікала:

— Борка?

— Ну, вось і не пазнаеш,— ён таксама разгубіўся, але паспрабаваў пажартаваць, ступіў ёй насустрач: — Ты так перамянілася. Такая гараджаначка.

— А ты ўсё такі ж мядзведзік. Але не патаўсцеў, нават інтэлігентнейшы стаў.

Марыя падала Задарожнаму руку, тоненькую, вузенькую, другою прытрымала на плячы папругу сумачкі. Цяпло ад яе рукі перадалося яму. Марыя быццам адчула гэта, не спяшала вызваляць руку, ледзь прыкметна ўсміхнулася, і гэтая ўсмешка ацверазіла яго. І ён зноў убачыў перад сабою не спакуслівую дагледжаную жанчыну, а тую худзенькую, маленькую Марыйку, якой паступленне ў інстытут было дарогаю да багатага жыцця, якога ніколі не было ў іх мнагадзетнай і бесталковай сям’і, і таму яна плакала загадзя перад кожным экзаменам з-за таго, што не здасць, хоць вучыла і дзень і ноч, і не было такога, каб яна не здавала...

— А ты мужчын са свету зводзіш, Марыйка. Дальбог, зводзіш...

— Ты гэтага не баішся. Цябе, каб і хацела, то не звяду.

— Мяне-то ты і не захочаш.

— Не прытварайся. Там акапаўся ў раёне, на легкавічку раз’езджаеш. Вы цяпер у вёсцы, як паны, жывяце.

Яна прыняла яго жартаўлівую гаворку, але Задарожны заўважыў, што зялёныя яе вочы ўважліва прыглядаюцца да яго.

— Ты ж на наша панскае жыццё не пагналася... Што ж мы стаім пасярод вуліцы? Пайшлі куды... У рэстаран і то не грэх.

— Бач, мядзведзік, а які шустры,— засмяялася Марыя.— Я ў рэстараны не прывыкла хадзіць.

— А я, можа, усё жыццё марыў зайсці ў рэстаран з такою жанчынаю, каб аж людзі з зайздрасці азіраліся...

Марыя кінула вокам на гадзіннік, агледзелася навокал.

— У рэстаране доўга будзе. Калі табе так хочацца, то зайдзем у кафэ, тут недалёка,— прапанавала Марыя, нерашуча, быццам і сама не ведала, ці трэба гэта рабіць.— Ты сустракаў каго з нашага курса?

— У суседнім раёне Кавалёнак. Гэтакі ж худзенькі і маленькі, здаецца, што і той самы студэнцкі касцюмчык носіць. Ажаніўся, двое дзяцей. А тут, у горадзе, мабыць, многа нашых сабралася. Я ўсё выбіраюся, ды і не веру, што і выберуся калі.

— Клаву Усціновіч бачыла, яна гаварыла, што многіх сустракала. Яна выхавацелькаю ў дзіцячым садзіку. Дзве дзевачкі, няма куды дзець. Схудала, састарэла! Жах! І пра жыццё не будзе чаго ўспомніць...

— А Пяшко? Гавораць, яго кандыдацкую залічылі за доктарскую?

— Чула. Сама не ведаю, не бачыла.

Марыя заспяшалася, і Задарожны спахапіўся, што не трэба было пытацца. Апошнія два курсы Марыя не разлучалася з Пяшко. Усе былі ўпэўнены, што яны пажэняцца. У Пяшко была напісана кандыдацкая, яму было забяспечана месца ў аспірантуры, а таму Марыі дзяўчаты зайздросцілі. Кончылася гэта ўсё банальна і нечакана: Пяшко ад аспірантуры адмовіўся, паехаў інжынерам у раённую сельгастэхніку, Марыя з ім ехаць не захацела, нейкім чынам засталася пры інстытуце лабаранткаю, хоць праз год і пакінула там работу...

— Ты дзе зараз працуеш, Марыя?

— Інжынерам на заводзе, у канструктарскім бюро. Ну вось мы і прыйшлі.

Ёй не хацелася гаварыць пра сябе і пра сваю работу, і Задарожнаму нават здалося, што яна шкадуе, што не развіталася з ім, і сам пашкадаваў, што надумаўся быць кавалерам, ды яшчэ ў жанчыны, якая добра яго ведае, якой ён ніколі не падабаўся і не спадабаецца. Задарожны прымоўк, у невялічкім гардэробе дапамог Марыі распрануцца, чакаў, пакуль яна расчэсвалася і яшчэ лепш разгледзеў яе. Падрасла, памацнела целам, і зараз не паверыў бы, што гэта жанчына можа заплакаць, як плакала тая студэнтка перад экзаменам, не заплача нават і тады, калі цяжка не заплакаць. Адзета, як дзяўчынка, у караткаватую спаднічку, у гіпюравай кофтачцы; і агеньчык у зялёных вачах. Марыя заўважыла, што ён прыглядаецца да яе, задаволена ўсміхнулася.

Яна прайшла паперадзе цераз усю залу, молада і лёгка, і на яе азіраліся, нечакана прыгожую і маладую тут, сярод нямногіх людзей. Села за столік, усміхнулася Задарожнаму, дастала з сумачкі люстэрка, зазірнула ў яго. Потым адкінулася да спінкі, паклала нагу на нагу, чуць абцягнула спаднічку, быццам хацела прыкрыць ногі, сама чытала меню, і Задарожны не слухаў, згодна ківаў галавою.

— Што будзеце заказваць?

Афіцыянтка стаяла за плячыма ў Задарожнага, і ён азірнуўся: пажылая, тоўстая жанчына глядзела на іх спакойна, нібы збіралася карміць сваю сям’ю.

Марыя заказала ежу, і быццам хацела спыніць Задарожнага, адмовіцца ад каньяку, паклала на яго руку сваю і не прыняла, калі і адышла афіцыянтка, лёгенька пагладзіла і ўсміхнулася, а ў Задарожнага абарвалася сэрца.

Потым яна сама запрасіла яго танцаваць, і танцавала нячутна, лёгка, угадвала кожны яго рух, і Задарожнаму здавалася, што яна лёгенькая, як пушынка, і падумаў, што яна можа нячутна вылецець у яго з рук. Ён асцярожна прытуліў яе, а жаночы голас з пласцінкі на чужой мове спяваў працяжную песню, і Задарожны верыў, што спявала жанчына на беразе ціхага і далёкага мора, і таму так доўга і журботна ляцела песня над вадою...

За столікам яна сама ўзяла цыгарэту з яго пачка, прыкурыла, агледзела ўсю залу, прыжмурыла вочы на доўгавалосых маладых хлопцаў, якія спрабавалі танцаваць шэйк, і Задарожнаму здавалася, што яна не вытрывае, устане і станцуе прыгожа...

— Давай, Борка, адвалім адсюль. У мяне такія запісы дома.

Яна першая зайшла ў прыхожую, запаліла ліхтар, які свяціў цемнаватым чырвоным святлом, зайшла ў пакой, вярнулася, паклікала яго.

Падлога ў пакоі была заслана дываном, тэлевізар у кутку, у другім вялікі зялёны вазон на падлозе. Два крэслы, канапка, сервант — і ўсё гэта асветлена слабым блакітным святлом таршэра, які стаяў за канапаю ў кутку.

Марыя з нейкім гонарам паглядзела на Задарожнага, быццам паказала яму нешта такое, пра што ён сам не мог ніколі здагадацца, дастала з серванта вазу з цукеркамі, бутэльку з віном, наліла яго ў бакалы, потым адчыніла яшчэ адны дзверцы ў серванце, уключыла магнітафон, і зноў жа запанавала працяжная, быццам незямная, музыка, і сама Марыя ў блакітнай кофтачцы была таксама нерэальная, незямная.

Марыя лёгенька дакранулася сваім бакалам да ягонага, потым працягнула рукі і сама прытулілася да яго, нячутная ў танцы, і пад нагамі мякка слаўся дыван.

— Дурныя мы, нам трэба яшчэ столькі вучыцца браць у жыцці прыгожага і прыемнага, а мы толькі і ўмеем, што аддаваць. Трэба ўмець узяць усё, прыгожа ўзяць! — зашаптала яна ціхенька і шчыра, быццам уздыхнула, потым сціхла, і больш нічога не было, толькі музыка і нерэальнае святло, і адчуванне яе, даверлівае і паслухмянае.

...Задарожны баяўся паварушыцца. Спачатку неяк здзіўлена абвёў позіркам невялікі, прыцемны ад вулічных водсветаў пакойчык.

Марыя спала, павярнуўшы голаў да яго, крышку прыадкрыўшы рот, неяк даверліва і бездапаможна. Задарожны спустошана і са шчымліваю ўдзячнасцю глядзеў на жанчыну. Ён убачыў заліты сонцам жытнёвы палетак, які пачынаўся ад самага яго дома і пра які ён заўсёды ўспамінаў, калі марылася пра шчасце,— і цяпер ён быццам глядзеў на гэты палетак разам з Марыяй, і іх ахінаў духмяны палявы ветрык...

Марыя скрозь сон, бадай, адчула ягоны позірк, спрасонку ўсміхнулася, і Задарожны асцярожна пагладзіў яе па шчацэ.

Марыя паднялася, прыкрыўшы грудзі рукою, глядзела спачатку на Задарожнага, быццам не пазнавала яго ці не магла ўспомніць, чаго ён тут, ухапіла яго за руку, паглядзела на гадзіннік і з палёгкаю ўздыхнула:

— Валя скора вернецца, у дванаццаць. Мы разам з ёю робім,— растлумачыла яна Задарожнаму невядома нашто, устала і спакойна адзявалася. Потым прыбрала пасцель, у пакоі, што не засталося і следу.

Яна першая апранулася, чакала, пакуль абуецца ён, а ў яго, як на злосць, завязаўся вузел на шнурку ў чаравіку, хоць ты развязвай зубамі. Мабыць, ад таго, што спяшаўся, Задарожнаму зрабілася горача, душна, хацелася хутчэй выйсці на лесвіцу, дзе не было святла. Цяпер ён успомніў, як пазірала Марыя навокал і на гадзіннік — і не мог паглядзець на яе, бо яна здагадаецца, як брыдка яму!

І калі паглядзеў, то ўбачыў, што яна спакойна пакручвала на пальцы бліскучы ключык.

У цемнаце, на лесвічнай пляцоўцы, Задарожны не ведаў, што сказаць, яму хацелася хутчэй развітацца, уцячы не ад Марыі, ад самога сябе.

На лесвіцы Марыя сама ўзяла яго пад руку, проста і спакойна, і ён спалохана падумаў, што трэба будзе правесці яе дадому, пра нешта гаварыць... Як, што і навошта гаварыць?

Марыя нечакана спынілася на вуліцы, зірнула яму ў твар:

— Прыязджай, Борка! Інтэрнат за тым домам, Замкавая дзевяць, пакой шэсцьдзесят восем...

Яна прыўстала на пальчыкі, пацалавала яго ў вусны.

— Не забывай: Замкавая дзевяць — шэсцьдзесят восем.

І махнула рукою, адыходзячы, а ён уражана зразумеў, што яна сур’ёзна запрашае яго, знарок паволі ідзе, задаволеная сабою, бо адчувае, што ён глядзіць ёй услед.

Задарожны павярнуўся і хуткім крокам пайшоў прэч — да прыпынку таксі, там не таргаваўся з шафёрам, паклаў на сядзенне дзесятку, і той згадзіўся ехаць за горад.

Толькі на пустэльнай шашы, дзе таксіст выехаў на сярэдзіну дарогі і гнаў машыну так, што суцэльнаю сцяною ляцелі абапал шашы цёмныя прысады, а сама машына лёгка і амаль бязважка пагойдвалася над дарогаю, здавалася, вось-вось пратараніць лятучую сцяну прысадаў, Задарожны супакоіўся.

Калі ж праз адчынены ветравічок у машыну ўварваўся тугі, напоўнены вільготным водарам струменьчык паветра, Задарожны ўспомніў той вечар, калі хадзіў да рэчкі, з радасцю думаў: добра, што ніхто не ведае, чаго і куды ён ездзіў і што хацеў.

Ён з палёгкаю пазнаваў, што пад’язджае дадому.

 

1972


1972