epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Жук

Вечаровае сонца

Пасля бяссоннае ночы рэзала ўваччу. Праташчык зазірнуў у люстэрка: павекі не пачырванелі, на хударлявым твары не было і следу ад стомленасці. Двума пальцамі прыгладзіў тоненькія вусікі — яны падабаліся яму,— пакратаў доўгія, аж на каўнер, валасы. Падумаў, што каб не гэты піжонскі выгляд, не валасы «а ля львіная грыва», далі б яму новенькую «Волгу» і ездзіў бы ён, як кароль.

Праташчык пагладзіў бліскучую, у трэшчынах, баранку, гэтакую ж старую, як і сама машына: калі працаваў матор, увесь кузаў ціхенька трымцеў і пабрынькваў.

Праташчык зноў узлаваўся, успомніўшы, як інжынер асадзіў яго: «Сябе ў парадак прывядзі, а тады пра новую машыну заікайся!» Ён, Праташчык, не хлопчык, два гады круціць баранку без аварыі. Нават тыя, хто меней робіць, атрымалі новыя машыны. Вусікі і валасы тут не прычына. Інжынер са злосці сказаў глупства, але Праташчык не спрачаўся з ім не таму, што баяўся, а таму, што Яфімаў стары чалавек і такіх, як Праташчык, у яго многа, і кожны хоча новую машыну.

Можа, і схадзіў бы тады Праташчык да дырэктара, паскардзіўся б. Не на інжынера, а наогул, на тое, што маладых «заціскаюць». Але аднекуль выкруціўся пад рукі Зімін, стары, худы чалавек з маленькім маршчыністым тварам. Загаварыў, што інжынер падаваў новыя машыны тым, хто «даў у лапу». Інжынер зняў Зіміна з машыны за тое, што выехаў з парка без масла і ледзь не «запароў» матор.

Ды пасля таго як машыны размеркавалі, няма чаго ісці да дырэктара. Не будуць жа адбіраць у чалавека машыну, каб аддаць табе. Праташчык суцешыў сябе тым, што ў наступны раз дойдзе і да дырэктара, а на зіму атрымае новую машыну.

Праташчык прытуліўся да спінкі сядзення, зірнуў на гадзіннік: да перазменкі заставалася роўна сорак тры хвіліны. Ноччу яму пашанцавала, амаль не стаяў, выручка была, і зараз не хацелася спяшацца, хаця на гэтай стаянцы, збоч ад цэнтральных вуліц, наўрад ці каго ён дачакаецца. Трэба было б выехаць на праспект, узяць пасажыра, якому ехаць у раён таксапарка.

Ад нагрэтага на сонцы металу ў кабіне душнавата, хоць шкло ў дзверцах апушчана і чуць працягвае ветрыкам.

Тома, мабыць, збіраецца да яго. Будзе чакаць у пакоі. Прынясе віно, ікры ці яшчэ што-небудзь такое, што не ўгледзіш у магазіне і што бывае ў рэстаране. Замяце падлогу, накрые на стол і будзе сядзець на ложку, падкурчыўшы ногі. Вахцёрка Клава, бурклівая і касавокая цётка ў сінім сацінавым халаце, дае ёй ключы ад пакоя, хоць і ведае, што Праташчык адзін у пакоі — напарнік у камандзіроўцы. Ды і амаль усе ў інтэрнаце ведаюць, што ён скора ажэніцца з Томаю, невядома чаго толькі ён цягне. Праташчык не надта рослы і не такі прыгажун, а яна як каралева. Тома і сама ведае, што яна каралева.

Яна ласкава сустрэне яго ў парозе. Ад гэтае ласкі ні пра што не хочацца думаць, яна як туман...

Пасля Тома будзе сядзець за сталом у блакітным купальніку, з белымі валасамі на загарэлых плячах, частаваць віном і дакараць яго за бяздумнасць, што так нельга жыць, як жыве ён, потым раззлуецца, а пасля заплача ад жалю да самое сябе. Яму тады непрыемна, што яна сядзіць амаль голая, плаксіва крывіць твар і моцна хліпае носам... Потым адумаецца, зноў будзе гаварыць ласкава, спакойна, зноў пра кватэру. У яе падыходзіць чарга на кватэру, калі яны ажэняцца, Тома дастане ад доктара даведку, што ў яе павінна быць дзіця, і яны атрымаюць двухпакаёвую. Тут няма ніякага абману, годам пазней, а дзеці будуць. Праташчык разумее, што яна гаворыць праўду, што атрымаць кватэру не так лёгка і скора.

І кожны раз яму ўспамінаецца адно і тое ж самае: як дапамагаў з салдатамі пераязджаць на новую кватэру жонцы камандзіра ўзвода, як яна заплакала, калі незнарок ашмаргнулі паліраваныя дзверцы серванта, хоць яна ішла следам і камандавала. Як у яе злосна звузіліся сінія вочы, як яна глянула на хлопцаў! А яна таксама была каралева, высокая, далікатная, і ён шкадаваў яе. Кватэру яна атрымала як удава афіцэра. Лейтэнант камандаваў узводам, у якім служыў Праташчык, другі год пасля вучылішча. Малады, жартаўлівы, сустрэўшыся, хацелася паглядзець яму ўслед — такі стройны быў ён у форме. Успомніліся часам задумлівыя, такія глыбокія і — цяпер ён ведае — няшчасныя вочы. А прозвішча ў лейтэнанта было Весялюк.

Невядома, чаму ён узяў з сабою Праташчык ў суседні калгас. Дзеці знайшлі на ўзлеску старую міну, і старшыня пазваніў дзяжурнаму па часці, каб даў сапёраў.

Праташчык на ўсё жыццё запомніў і той лёгенькі, цёплы, як пыл, падзол на ўзлеску, які пяшчотна, чуць казытліва і халаднавата цёк між пальцаў, калі Праташчык адграбаў зямлю вакол карычневае, васпаватае ад іржы жалязякі.

Лейтэнант адправіў яго ўзяць у машыне толавую шашку і бікфордаў шнур, а сам застаўся адгрэбаць міну больш. Такая простая і звычайная заставалася работа — пакласці побач з мінаю толавую шашку, запаліць шнур.

Праташчык не дайшоў да машыны, калі адчуў, як лёгенька стукнула спаднізу ў ногі зямля...

Калі ён дабег да міны, на тым месцы толькі стаяў у паветры слуп пылу і ў неглыбокай варонцы аплываў уніз шэры задымлены пясочак.

Пахла як і на вучэбным полі, калі яны рабілі ўзрывы.

Пасля таго Праташчык нібы пастарэў, упершыню падумалася пра смерць, як пра нешта рэальнае, пра кароткасць чалавечага жыцця, што яно адно і непаўторнае, і што трэба жыць шчасліва, у суладдзі з радасцю.

Абудзілася ў душы свядомая прага жыць, каб толькі бачыць і адчуваць жыццё, і гэта ўжо шчасце — халаднаваты сум восеньскага дажджу, сіняваты сакавіцкі водсвет на снезе, душнаваты подых летняга ветрыку, лёгкі зімовы похрумст лядку пад коламі машыны, і проста гаворка з людзьмі, вясёлымі і жывымі. Гэта давала нейкі свой сэнс жыццю і рабоце. Але пра гэта Праташчык ніколі не гаварыў Тамары: ведаў, яна не зразумее. І думаў, што ёсць на свеце такая душа, якая ведае ўсё, і з тым чалавекам ён будзе доўга шчаслівы. Тому шкадаваў, разумеў, што яна жаночым чуццём адчула яго дабрату і што можна будзе пакарыстацца ёю...

Перад тым, як пачнецца ў вёсцы сенакос, прыязджалі да Праташчыка бацька і маці. Навезлі сала, яек, смятаны. Хапіла на цэлы месяц ім з Пашкам, нават у сталоўку не хадзілі.

Маці падбухторыла бацьку прыехаць, гаварыла, што Праташчыкавы аднагодкі пажаніліся, пабудавалі кватэры ў горадзе. І ўсё выпытвала — ці не п’е ён. Праташчык разумеў яе падыходы, не крыўдзіўся, толькі шкода глядзець было на яе, спрацаваную, з вялікімі моцнымі рукамі, і худзенькую. Недарэчна падумалася, што нядоўга пажыве маці. А ўсё робіць, эканоміць, і бацьку не дае спакою, і з-за работы не бачыла жыцця, і не жыла, толькі рабіла. Бацька ў знак згоды ківаў галавою, маўчаў, думаў нешта сваё. Ён усё жыццё пражыў так — маўчаў, рабіў і думаў нешта сваё невясёлае, а калі здаралася быць п’янаму, не біўся і не сварыўся, а горка, моўчкі плакаў, седзячы за сталом. Маці спрабавала пакрыкваць на яго, разгублена тупала па хаце і сыходзіла да суседзяў. Старэйшыя сыны пасмейваліся з бацькі. Гена, самы большы, сам умеў добра выпіць і тады сляпіцаю лез у бойку. Клаў бацьку спаць Праташчык, самы меншы ў сям’і. І ад тых дзіцячых гадоў засталося ў душы шкадаванне да бацькі.

Маці дагаварылася да таго, што грошы на кааператыўную кватэру дадуць. Праташчык не стаў адмаўляцца, па грошы не паехаў і не збіраўся ехаць, хоць ведаў, што маці пакрыўдзіцца...

 

— Малады чалавек, малады чалавек, вы не заняты?

Жанчына далікатна кранула Праташчыка за плячо, і ён яшчэ не адкаснуўся ад успаміну, завучана адказаў жартам:

— Халасцяк. Куды паедзем?

Жанчына ўсміхнулася, зразумела жарт. На ёй тоненькая кофтачка, чырвонага колеру штаны і беленькія басаножкі з вузенькіх раменьчыкаў. Знарок распушчаныя на плечы валасы маладзілі яе, але дробненькія гусценькія маршчынкі на прыпудраным пад колер загарэлых рук твары і спакойныя шэрыя вочы гаварылі самі за сябе.

— На вакзал, калі ласка!

— Не. У парк еду.

— Калі ласка! — Жанчына зноў усміхнулася, чуць какетліва, нават стрэльнула вачыма — зусім як маладая, бесклапотная.

Праташчык адвёў вочы:

— Сядайце.

Ён выйшаў з машыны, адчыніў ёй дзверцы. Яна кіўнула галавою — падзякавала — і аж пачырванела ад задавальнення, што згадзіўся паехаць і што так далікатна пасадзіў у машыну. Зазірнула ў люстэрка, паправіла валасы, двума пальчыкамі акуратна ўзялася за маленькую пазалочаную «цаглінку» гадзінніка на тоненькім браслеціку. Праташчыку здалося, што ён недзе зусім блізка бачыў і гэты гадзіннічак, і браслецік, і саму жанчыну.

Але ён не мог успомніць — дзе.

— Сын з вёскі едзе, ад дзеда. Дзіця на вакзале, а я пазнюся. Гаварыла яму: што ты там забыў? Пустэча, глуш. Цяпер і студэнты мала прыязджаюць на лета дадому. Паехаў бы на дачу. Рэчка, цішыня. І горад побач. На дачы куды лепш.

Праташчык кіўнуў галавою, усміхнуўся.

— Калі дача ды яшчэ сімпатычная гаспадыня...— Праташчык знарок шматзначна замоўк, але жанчына не пакрыўдзілася, зноў пачырванела, як і тады, калі ён расчыніў перад ёю дзверцы машыны.

— У нас дача ў такім прытачным месцы... Ад электрычкі пятнаццаць хвілін ходу. Машыну цяпер купіць не праблема. А гаражы быццам знарок робяць за горадам — купляй яшчэ матацыкл па машыну ездзіць...

Праташчык разумеў, што машыну яна будзе мець няскора, добра, што хоць дачу агорала. А жанчыне, мабыць, спадабалася, што ён так уважліва слухае, паглядае на яе, знарок чуць павярнулася да яго, паклала руку на спінку сядзення, і верыла зараз сама, што маладая, прывабная і незвычайная. А ён бачыў і слабенькія пад кофтачкаю грудзі, маршчынкі на шыі, і сухенькія, натруджаныя пальцы на руках.

Праташчык не гнаў машыну, ехаў спакойна і скора. На перакрыжаванні не прытармазіў, пайшоў пад жоўтым святлом, хоць у такім выпадку лепш прытармазіць. Ён не пачуў свістка, але заўважыў, як паставы паказаў рукою спыніцца, скіраваў да тратуара. Выйшаў з машыны, абышоў навокал — быццам каб пераканацца, што ўсё нармальна, і не было чаго спыняць.

Сержант не спяшаючыся ішоў пасярод праспекта, прывітаўся — кінуў руку да казырка:

— Вашы дакументы!

Узяў талон, паглядзеў: праколаў за перавышэнне хуткасці не было.

— Куды спяшаем, таварыш вадзіцель?

Сержант быў маладзейшы за Праташчыка, мабыць, адразу пасля войска пайшоў у міліцыю, скончыў курсы. Шчупленькі сам, невысокі ростам, што нават маленькі перадатчык у скураным чахле на ім вісеў нізка, як планшэт у лётчыкаў.

— Ну што вы, таварыш сержант! Еду нармальна. А на пераходзе тармазіць — толькі разметку здзіраць. Я за лініяй на зялёным быў...

Праташчык не збіраўся доўга спрачацца, быў гатовы заплаціць штраф. У такіх выпадках не надта сваю правату дакажаш.

— Расказвай мне, расказвай! — сержант усміхнуўся, як вопытны служака, які ўсё ведае навылёт.— Ладна, на першы раз дарую.

Сержант падаў дакументы, казырнуў.

— Стаяць толькі, прыдзіраюцца! — жанчына хвалявалася за яго, і ён павінен быў ведаць гэта. Але Праташчык бачыў усё тыя ж спакойныя шэрыя вочы.

На вакзале ён падвёз жанчыну да пляцоўкі, куды вяртаюцца з рэйсаў аўтобусы. Жанчына пакінула сумачку на сядзенні, забылася пра спаважнасць, выскачыла з машыны. Праташчык толькі пакруціў галавою: тое «дзіця», якое быццам не магло само прыехаць з вакзала, стаяла ў адпрасаваных шэрых штанах, з валасамі, даўжэйшымі, чым у Праташчыка, і мела гадоў дваццаць.

Хлопец даў маці пацалаваць сябе ў шчаку і адразу ж нешта запытаўся. Жанчына кіўнула галавою на машыну, сын толькі паблажліва ўсміхнуўся, узяў адною рукою напакаваны вылінялы рукзак, падышоў да таксі, адчыніў заднія дзверцы, паклаў на сядзенне спачатку рукзак, сеў сам, узяў з пярэдняга сядзення мацерыну сумачку, падаў Праташчыку траячку:

— За дарогу ў два канцы і рубель на нос. Паехалі. Сядай, мама.

Праташчык, стрымліваючыся, каб не дрыжалі рукі, адлічыў рэшту, падаў жанчыне, якая стаяла ў дзверцах і пазірала то на сына, то на таксіста, памкнулася была сесці.

Праташчык павярнуўся да хлопца і коратка, стрымліваючыся, сказаў адно толькі слова:

— Вон...

Але твар у яго, мабыць, быў такі, што хлопец не толькі ўсё і адразу зразумеў, але і спалохаўся, ад нечаканасці не мог намацаць ручку і адчыніць дзверцы, няўклюдна вываліўся з машыны і толькі тады апамятаўся, што так палохацца не след, пагразіў:

— Мы яшчэ сустрэнем цябе!..

Жанчына схапіла з сядзення сумачку, шэрыя яе спакойныя вочы ўспыхнулі.

Праташчык рыўком узяў з месца, на хаду зачыніў дзверцы, затармазіў толькі на перакрыжаванні перад чырвоным святлом светафора, глянуў на гадзіннік — ужо трэба было быць у парку. І... і ўспомніў, дзе раней бачыў жанчыну. Ён стрыгся ў яе ў цырульні. І ад гэтага ўспаміну не стала злосці, толькі сум і шкадаванне. Ён нібы здалёк убачыў усё яе жыццё...

Ехаў далей паволі. Пакуль стаяў на наступным перакрыжаванні, пасігналіў дзяўчыне ў сініх круглых акулярах. Калі яна азірнулася, паказаў на сядзенне побач. Дзяўчына зняла акуляры, усміхнулася, нібы не верыла, што сігналіць Праташчык ёй.

Сяброўка яе, нізенькая ростам, таўставатая, дакорліва скубанула дзяўчыну за руку, і тая неахвотна пайшла далей, яшчэ раз азірнулася...

Той самы сержант-паставік, што спыняў Праташчыка, коратка свіснуў, пагразіў жазлом і таксама паглядзеў услед дзяўчыне.

Ад гэтае выпадковае сустрэчы зрабілася лагодней на душы, быццам пачало адхлынаць, як хваля, даўняе і доўгае напружанне, непрыкметнае нікому, але пастаяннае і нялёгкае. Недзе глыбока ў душы нарадзілася прадчуванне, што хутка пачнецца ягонае шчаслівае, незвычайнае жыццё,— гэтулькі абудзілася жадання і гэтулькі было сілы ў запасе, што ён і сам здзівіўся, чаму не адчуваў яе раней.

А перш за ўсё ён пойдзе, здаўшы машыну, на возера, заплыве на востраў, ляжа нерухома і будзе чуць, як пахне пясок, вада і журботнае вечаровае сонца...

Машына ехала па ціхай брукаванай вулачцы пад узгорак, роўна, напружана гуў матор, глуха стукалі па бруку шыны.

Праташчык убачыў усё і зразумеў за нейкія долі секунды: чырвона-белыя палосы на буферах «ЗІЛа», адчыненую дзверцу, якая злёгку памахвалася, прычэп-платформу з белымі бетоннымі блокамі, чалавека, які даганяў машыну і не мог дагнаць. А машына разагналася туды, дзе роўная плынь людзей на праспекце, поўных жыццём, цану і веліч якога спасціг Праташчык сэрцам, і таму не мог зрабіць нічога іншага, акрамя як развярнуць сваю машыну ўпоперак вуліцы, хоць і была дарога, каб размінуцца.

Грузавік быццам спатыкнуўся, ударыўшы ў блакітны легкавічок, павярнуў убок, з трэскам расціснуў яго аб сцяну дома.

Белымі вясёлымі асколачкамі сыпанулася па асфальце шкло, платформу занесла ўпоперак вуліцы, пападалі з яе і цяжка загрукалі па бруку блокі, закрычаў шафёр, які даганяў машыну, і сеў на тратуар.

Калі ў апошні раз на нейкае імгненне вярнулася свядомасць, Праташчык нібы скрозь туман удалечыні ўбачыў незямное, сіняе мігатлівае святло маячка над міліцэйскаю машынаю, адчуў, як вільготна пахне пясок і вечаровае сонца...

 

1973


1973