epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Жук

Вінцэсеў дзень

Радыё абяцала раннюю зіму, вялікі мароз і снег праз два тыдні. І надвор’е было на гэта: холадна, ветрана, і ўжо разоў колькі пачынаў ісці мокры, хлюпоткі снег з дажджом, праўда, ненадоўга. Вецер праганяў хмару, і зноў нізка шарэла плывучае асенняе неба, марусіла дробнаю імжою, і трапяталі, трапяталі лісцем, налітым жоўтым сокам восені, клёны, у якіх вятры да часу агалілі самыя вяршыні,— нібы палыселі клёны.

Жанкі яшчэ ўходжваліся з ільном, а бульбы было на полі — і калгаснай, і людской на прысядзібных надзелах. Калгасную з месяц выбіралі студэнты, потым прыехалі шэфы-рабочыя.

Вінцэсь-то ўжо кончыў выбіраць свае пенсіянерскія градкі. Удваіх са старою корпаліся штодня з рыдлёўкамі, а ў нядзелю старшыня даў у брыгаду коні — разараць пляцы. І Вінцэсь разараў апошнія сем радкоў, гроб разам са старою на колінцах. А ў абед сыпануў дождж са снегам, упляскаў, змачыў бульбу, што страшна было пакідаць на ноч: чуць прышэрхне марозікам — прапала. Грэблі дацямна, пакуль не кончылі, хоць пасля абеду адчуваў Вінцэсь далёкі боль у паясніцы — усё-такі прабрала і праз ватнікі на халоднай зямлі! А не дай бог угнявіць на восень радыкуліт, калі яшчэ не абгледжана на зіму гаспадарка! І азярод трэба зрабіць, каб развесіць бульбоўнік сушыцца — будзе ж яшчэ сонца,— і буракоў не так мала ў агародзе, і коп са тры сена на канаве, і лесу б не лішне дастаць і прывезці...

Два дні Вінцэсь нікуды не вытыкаўся з хаты: выграваўся на печы, у пасцелі, і боль прайшоў, як прайшла крыху і непагадзь: не-не ды і праблісквала полуднем сонца, а калі і хмурэла, то без дажджу; было прахладна.

Вінцэсь адзеўся цёпла, абуў новыя ялавыя боты, якія выпадкова купіў у Мінску ў нейкага праныры за чырвонец: у гумавых ботах, колькі ні накручваў ануч, настывалі спадыспаду ногі. Зранку ён сабраўся на балота, на канавы, дзе рабіў раманцёрам усё лета: абкошваў берагі, прачышчаў рэчышча. Канавы на яго ўчастку нестарыя, з крутымі берагамі, шчамляцца па іх, абкошваць было нялёгка, ды і не з яго нагамі плюхацца ў вадзе, але ніхто не хацеў ісці раманцёрам, а Вінцэсю трэба было сена на карову: за пенсію ніхто сенакосу не мераў, ды і шэсцьдзесят рублёў не лішнія...

Старшыня, як упрошваў ісці на работу, слаў мякка і салодка мазаў, адале прыдумаў, што сена Вінцэсь павінен аддаваць у калгас, а прывезенае дадому — важыць і плаціць грошы. Вінцэсь плюнуў быў і на работу, і на скошаную траву,— не пайшоў больш. Сена ніхто не збіраўся зграбаць, нікога не было і на Вінцэсева месца. Старшыня прыслаў запіску, каб ішоў на работу і з сенам разбіраўся, як хоча. Хто будзе ў брыгадзе загібаць з гэтым сенам?! Пакрысе Вінцэсь навазіў два стажкі, залажыў хляўчук, паспеў да бульбы вычысціць рэчышча, і ўчастковы майстар прыняў канаву на зіму. На гэтым была б і скончана Вінцэсева работа, каб не пагнаўся на маладую атаву, не збіў яе перад самымі дажджамі, а цяпер шкода работы. Ды чуць і не акалечаў, збіваючы гэтую атаву: паслізнулася наперад нага, а каса з маху так і збрыла насок бота, добра, што не даняла пальцаў.

Трава не сапсавалася на холадзе і дажджы — не тое што летам. Ляжала зялёная, як толькі скошаная. А копка крыху сушэйшага не вельмі зацякла, не ўгрэлася.

Вінцэсь спачатку распусціў капу, потым выграб з адхонаў берага наверх траву, закурыў, глядзеў, як холадна і роўна цурчала па пясчаным белым дне плыткая, чыстая дрэнажная вада — дзелавіта, быстра, як улетку. Падумалася, што ў рэчцы, пакуль не дабраліся асушаць, у гэту пару цямнелася ў затоках вада, зялёна варушыла, выгладжвала, вычэсвала на хвалях доўгія густыя водарасці. І гэтакаю парою садзіліся на рэчку вялікія чароды шэрых пералётных качак, даверлівых, няпужаных, і вясковыя паляўнічыя днявалі і начавалі пры рэчцы. А Вінцэсеў сын як прыязджаў, то ўсё тупаў паўз рэчку на балоце, страляў маленькіх бакасікаў, якіх ён называў горашнепамі. Або хадзіў яшчэ па маладым асінніку ля Карнявіцкіх на рудых, пляскатадзюбых слонак.

Быў ён і гэтым летам, на дзён пару заязджаў; папаўнеў, палысеў, казаў — паляваць па пуцёўках ездзіць, збіраецца купіць добры матацыкл, як у міліцыянераў, і Вінцэсь даў яму ўпотайкі ад старое дзве сотні. Абяцаў прыехаць выкапаць бульбу...

Вінцэсь кінуў акурак у канаву, недаверліва паглядзеў на дажджлівае неба і пайшоў берагам, спыніўся ля невялікага лазовага куста з гонкімі вішнёва-бліскучымі дубцамі, якіх з лета збіраўся нарэзаць і паправіць кашы, пашкадаваў, што не ўзяў нажа.

 

Старая яшчэ карміла парасят на двары, стаяла, трымаючы чыгунок у руцэ, і пакрысе падлівала ў карытца сыроваткі.

— Ну, упанаваў ужэ дабро сваё? Зранку пачухаўся...— сварліва пачала яна, хоць і не было за што, і не збіралася сварыцца; прывыкла гаманіць, прывык і ён да яе гамонкі, слухаў ці не слухаў, чуў ці не чуў — корпаўся, рабіў сваё, і цяпер падняў камень, выпрастаў цвік і пачаў прыбіваць кол, які давялося адарваць учора: ушчамілася парася, няма як дастаць, свіння кідаецца — скалечыць яшчэ.

— То як там?

— Што? Ляжыць...

І Вінцэсь зноў зацюкаў па цвіку.

— Трэба прывезці! Тут, ля стажка, і распусціць, і скласці, як што якое! Мне на тую канаву няма калі валэндацца! А табе абы паўз магазін дарога... Яна ж ужэ прыперла гэтакім дурням, як вы, цэлую бочку віна!..

Вінцэсь кінуў камень пад плот.

— Калі яна прывезла?

— Бач, як скора ўчуў! А то як глухі!

— Калі ты толькі адбарабанішся!..— вылаяўся Вінцэсь і пайшоў у хату: зараз старая ўспомніць усе яго мужчынскія грахі, а толкам не скажа, чаго прывезла магазіншчыца.

Да абеду Вінцэсь таптаўся, збіваў з жэрдак азярод, а потым развешваў бульбоўнік, мокры, зялёны, цырбуністы, і думаў, што крыху не ў пару выбралі бульбу: трэба было даць пастаяць ёй яшчэ, каб агрубела, выстаялася, а то аж пад пальцамі аблузвалася... Ды ўсё гэты холад.

Абедам Вінцэсь схадзіў да суседа Антося, які ўсю восень рабіў на буртах, папрасіў, каб той пад’ехаў пасля работы на канаву — забраць траву. Антось ведаў, што «за так» Вінцэсь не просіць, што, мабыць, ёсць яшчэ ў яго прыхаваны ад старое які рубель.

Надвячоркам Вінцэсь узяў вужышчы, тасьмовы пастронак на перадоўку, сахор і граблі і патупаў на канаву. Ісці дарогаю наўкруга паленаваўся і пакіраваў напрасткі праз бульбянае поле; бульбоўнік, збуялы, счарнелы — «з’едзены» туманам,— злёг, зблытаўся так, што не разадраць, ды і лебядою, да белізны ўсохлаю, вялікаю, як каноплі, урасло поле, і толькі цяпер спахапіліся, што з капалкаю на яго ніяк не ўлезеш, а ўпору не пусцілі камбайн, не абкасілі; цяпер даводзіцца сцягваць культыватарам бульбоўнік, мушкацца, а бульба ўрадзіла.

На балоце, недалёка ад канавы, рабочыя палілі вогнішча. Назбіралі карчукоў, наламалі лебяды, якая падсыхала на агні і добра гарэла, і, мабыць, ладзіліся нарабіць даволі прысаку, каб пячы бульбу. Ад вогнішча нізка прыпадаў па полі белы дым і цягнула тарфяным чадам. Вінцэсь аж прыпыніўся, калі адчуў гэты чад, потым прыбавіў кроку да вогнішча, дзе весела штурхаліся, дурыліся дзяўчаты і хлопцы, апранутыя ўсё роўна па-гарадскому, хоць і ў ботах — гумавых, кірзавых, хоць і ў куфайках — новых, незаношаных. А большасць у куртках, старых балоневых і маракенавых, у сівых тоўстых шапках, якія гадоў колькі назад былі ў модзе.

Бульба засталася ў калгасе толькі на балоце, а рабочым надакучыла ў вёсцы, надакучыла вольнае жыццё і гулянкі штовечар у клубе.

— Дзень добры! — павітаўся Вінцэсь, уваткнуў у зямлю сахор, потым граблі, на якія павесіў вяроўкі.

— Здраствуйце! — уразнабой адказалі яму.

— Што гэта вы робіце? — запытаўся Вінцэсь. На яго паглядзелі здзіўлена, прыціхлі.

— А што такое, бацька? — запытаннем адказаў малады мужчына ў зялёным, добра выцертым асеннім паліто, у старых, з пухірамі на каленях і вузкаватых на лытках штанах, караткаватых.

— Балота ж упаліце!

— А хрэн яго бяры, бацька! Нам, мулярам.

Вінцэсь зірнуў на мужчыну, на дзяўчат, але яны нібы і не чулі лаянкі, нешта паціху перагаворваліся і ківалі ў Вінцэсеў бок. А мужчына задаволена ўсміхнуўся, што так скора і па-свойску згаманіўся са старым, і ад гэтага Вінцэся падчапіла злосць.

— Што ты, мо тут старшы? — спакойна запытаўся ён і кіўнуў галавою туды, на край поля, дзе стаяў маленькі сівы легкавічок.

— А што? Я.

— У інжынеры выбіўся?

Мужчына нічога не адказаў, толькі разумна і паблажліва ўсміхнуўся.

— Ах ты, г...к! З гэтакай самай вёскі выскрыпаўся, недзе гэтак бацька, як і я, па полі блытаецца нага за нагу. А табе ўсё на храна! Каціся ты... Нужан ты тут, як зайцу стоп-сігнал! — дадаў ён для важнасці чутае ад сына.

Мужчына разгублена замыляў губамі, а гурт дружна засмяяўся. І мужчына, каб як-небудзь выкруціцца, узяць верх, запытаў:

— А вы хто такі?

— Стораж калгасны!

— Начальнік! — буркнуў мужчына і адышоўся.

— Хто гэта ў вас такі?

— Ат, бацька! — махнуў рукою высокі хлопец у вязанай, як дзіцячай, шапачцы з кутасом. І Вінцэсь зразумеў па гэтым «ат», што хацеў сказаць хлопец пра мужчыну ў старым паліто і чаравіках.

— А агонь, хлопцы, трэба патушыць. Барані бог утлеецца! Ніхто і ніяк не ўтушыць. Метраў чатыры торфу!

— Чаму не патушаць? — запыталася дзяўчына, што прымасцілася сядзець на корчыку, выцягнуўшы ногі.

— Зверху зальеш — далей ідзе. Выкінецца дзе наверх, адале зноў пад ніз.

Некалькі хлопцаў у кірзавых ботах пачалі разграбаць галавешкі, затоптваць вуголле, але пасохлы торф курэў, як вата.

— Бач, як яно, пранцы, гарыць! Трэба вадою,— параіў Вінцэсь.

І той высокі хлопец у шапцы з кутасом знайшоў недзе між радкоў іржавую трактарную фару і пайшоў да канавы па ваду. Вінцэсь паклаў на плячо сахор, граблі:

— То да свідання! Троха пакрычаў на вас... Агонь дзе на зямлі, на ўзгорку запаліце...

 

Ён ужо канчаў зграбаць сена, калі прыгледзеў, што на другім баку канавы, на бурачным полі, тупае туды-сюды чалавек, нагінаецца, нешта штурхае ботам.

«Каго там носіць?» —пачаў углядацца Вінцэсь і не мог пазнаць: далёка было. І ён зноў пачаў выграбаць сваю атаву і прыкідваў у думках, як вывезці з лесу бярвенне, разагнаць на дошкі, каб летам ашаляваць хату, і аглянуўся, калі ўжо блізка пачуў хрусткі шоргат бурачніку і голас:

— Што гэта ты, дзядзька, робіш?

— Дзень добры! — адказаў Вінцэсь.

— Здраствуйце! Нашто ж вы грабяце?

— Як нашто? Сена...

— Колькі вам цягаць і колькі вам гаварыць! Самі забяром!

Старшыня быў у ботах, у галіфэ, на якое густа пачаплялася «ваўчкоў», у чорнай на футры куртцы, з-пад якой былі відаць полы сівога пінжака. Ён гаварыў пра сена, а думаў, бадай, пра буракі, якія ўсе на полі, а халады ідуць... Ён павярнуўся і шпарка пакрочыў берагам.

— Апанасавіч!..— гукнуў услед Вінцэсь і глядзеў, як той сышоў па адхоне да вады, пераступіў на другі бок, цяжка ўзышоў на бераг і падаўся да рабочых, якія затушылі агонь, але не разышліся, штукарылі гуртам.

Вінцэсь правёў вачыма старшыню і толькі тады вылаяўся, пастаяў, нібы раздумоўваўся — кідаць работу ці не? — і пачаў падбіваць граблямі да ног новую пярэбірку — складаць сена ў капу.

Скончыў, закурыў, сеў на беразе, кінуў вачыма на копы: «А пудоў пятнаццаць набралася б. Нагнаў жа чорт!.. І прападзе ж: ніхто па яго не паедзе».

Устаў, сабраў снасць, цяпер непатрэбную, і пайшоў полем да ўзгорка, дзе прадаўгавата віднеліся па першаму разу прысыпаныя зямлёю капцы, а ля самага крайняга, абкладзенага напалову саломаю, варушыліся людзі, абарочвалі падводу.

Пакуль Вінцэсь падышоў, падвода ад’ехала, і Антось драўляным шуфлем падгортваў бульбу — выводзіў капец. Рукі яго былі няспешныя, бульба абкочвалася долу, але капец непрыкметна раўняўся — і вяршыня, і збоку.

— Чаго гэта ты прытупаў? Я ж бы пад’ехаў.

Антось прысланіў шуфель да кучы з саломаю і пачаў круціць тоўстае саламянае перавясла, якім звычайна наўкруга па зямлі абкладваецца капец.

— А хай яно згарыць! Прадсядацель не даў.

— Як не даў?

— Хадзіў там, буракі глядзеў. Злосны!

— Ну, братка, і буракі ж цяпер! Але ж адзін у адзін, ну як вядро кожны! Дальбог жа, Вінцэська, у даёнку будзе!

— Хіба ж я сам не бачыў.

— Дальбог жа, Вінцэська... Дзіва што ён усердаваўся — як іх толькі зацепла ўбраць будзе?

— От пойдзе дождж, то прападзе сена.

— Згніе, Вінцэська... Каму яно ў гэту пору ў галаве!

— Прыйшоў сказаць, каб ты не ехаў...

— Да ўжэ ж... Унь ці не Пятрок сюды курыць! Мо падвязе цябе?.. Гэта ж, Вінцэська, каб мяне, то не ўссадзіў бы на гэтага чорта, а ён не зсядае! Падла старая...

— Без яго ж не вылетае па брыгадзе. Нашых жа год. І так маладзец яшчэ.

Пятрок заглушыў матацыкл, разбіты па бездарожжы, з перакошаным набок сядлом — старамодным, нечакана белым нікелем спружын. Палажыў матацыкл бокам на капец.

Быў ён, як і старшыня, у куртцы, толькі «чартакожавы» верх яе выліняў, стаў шэрым; вушы старое аблавушкі былі завязаны на патыліцы.

— Здароў, Вінцэсь! Акрыяў троха, што сам у помач прыйшоў?

— Здароў! Помач з мяне...

— Нашто гэта ты вяроўкі цягаеш?

— Атаву хацеў з канавы прывезці, дак не даў жа... Коле ў вочы гэта атава... Хвараты больш угамоніць на гэтыя канавы! Падвязі лепш дадому.

— Дык ты, Вінцэсь, памог бы Антосю. Паедзьце ўдвух з возік саломы прывязеце капец прыкрыць, а то дождж увалье ці марозік...

— Наробім мы з Антосем! Да поўначы... З маладзейшых бы каго знайшоў.

— Нойдзеш. То трактарысты, то шманісты!

— А трактарысту грэх?

— Не грэх, але ж абабіліся, акрамя гэтае свае жалязякі нічога і ведаць не хочуць! Як не на зямлі жывуць, як чужая яна ім! А зямлі ж, як дзіцяці, рука чалавечая трэба...

— Па-гарадскому, Пятрочак, па-гарадскому, дальбог! Адстаяў змену... Культура! — абазваўся Антось.

— Пранца гэта, а не культура! Дзяцей усе параспіхалі ў гэту культуру, абы ў горад, дык і культура. А каторыя хоць тратувар месці, але абы ў горад! Добра, калі робіць як чалавек. А чые парассабачалі, гарэлку жлукцяць, а мы, як цені топчамся, зямлю ім дзяром. Але і добра старым дурням, навука! Не трэба было гэтак дзяцей з зямлі спіхаць! — Вінцэсь кінуў акурак і прытаптваў абцасам.

— То і ты ж не лепшы,— абазваўся ў адказ Пятрок.— Паможаш Антосю? У капец больш не будзе, на свінарнік павязуць.

— Не прападаць жа...

Ішоў дадому Вінцэсь позна: пакуль прывезлі салому, пакуль абклалі капец — добра ўмеркла, і там, дзе зайшло сонца, люта зачырванелася неба; крыху распаўзліся хмары, высвечваў месяц і па-асенняму стыла праглядвалі зоркі. Вецер мёртва аціх, і было чуваць, як з клёнаў падала само па сабе лісце, шоргалася між галін...

Старая ўжо канчала паліць у печы і, мабыць, прачакалася яго.

— Пазней не мог прывалачыся? Сена ён вёз, каб цябе вывезлі! Мо дзе кругом магазіна агінаўся!..

Вінцэсь нічога не адказаў, і старая крыху адступілася.

— Дак дзе-та ты быў?

— Капец з Антосем накрываў.

— Да гэтае пары? Ты ж атаву хацеў прывезці?

— Не даў!

— Хто не даў, вярза ты?

— Прадсядацель!

— Дак ты яму за гэта да поўначы ў полі сківеў? Згарэў бы ён, хай бы сам ішоў накрываў!

— Мароз яшчэ на раніцу. Прападзе...

— Дома памог бы свіней пакарміць ці карову загнаць, дак ён чорту лысаму ў зубы глядзіць!

— Дай ты пад’есці хоць!..

— А пад’ясі, бо выгаладаваў жа!..

Старая не сунімалася, а ён зноў думаў пра сваё: калгасныя трактары заняты, трэба будзе згаворвацца з эртээсаўскімі хлопцамі, везці адразу на гатар, каб распілаваць на дошкі.

— Волька, а пісьма ад Федзі не было?

— Не. Мо загневаўся, што мала грошай даў.

— Як мала, то хай сам дабаўляе. Каб было, то і больш бы даў!

— Сунуў сціхача, думаў — я ведаць не буду! Трэба яму той матацыкл! Ужэ можна было б, каб і яны нам давалі...

— Мо калі дадуць...

— У карак яны табе дадуць! — зноў памацнеў голас старое: не перагаманіла яшчэ, не верыла, што Вінцэсь не смакануў віна.

Ён пайшоў, памацаў, ці замкнёны сенцы, маўчком распрануўся ў спальні і прылёг, цяжка, натомлена выпрастаўся, яшчэ прыслухоўваўся да апошніх паведамленняў, і скора заснуў, і сніў, што гарыць балота — употайкі, спадыспаду, і няма як яго патушыць, бо толькі зрэдку прабіваецца агонь наверх, дзе яго тушыць, а балота гарыць; і ён прачнуўся, і ў паўсне думаў, якая дурнота яму сніцца, і не мог зусім ачнуцца, бо моцна стаміўся за дзень...

А на дварэ тым часам глуха, беспрасветна ішоў снег, і зямля ўжо была белаю; бела было на галінках у садзе, і прыцішна, прытуманена, як надоўга, навечна, а не да дня, калі неастылая яшчэ зямля растопіць гэты дачасны холад, ад якога бела ў вокнах...

 

1970


1970