epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Жураўскі

Don Giovanni

Вясёлая драма ў сучасных касьцюмах (Фрагмэнты)

- Ты звар'яцеў!

Добра пастаўлены радыёфанічны жаночы голас на тым канцы дроту напоўніўся расчараваньнем і прыкрасьцю. Яна зрабіла паўзу. У гэтую хвілю, напэўна, з пагардай падціскае вусны, як гэта яна ўмее. Цяпер, калі ёй стала зразумела, што ён не жартуе, яна не знаходзіць словаў, каб выказаць усе свае думкі на гэты конт. У ейным разуменьні гэта можа быць толькі вар'яцтвам. Зараз пекане якім-небудзь трапным выразам, характэрным для лексыкону сучаснай маладой кабеты з унівэрсітэцкай адукацыяй.

- Я даўно падазравала, Грынкевіч, што ў цябе дах зьнесла. Але не да такой жа ступені! Я б меней зьдзівілася, калі б ты з усёй тваёй мізантропіяй раптоўна моцна ўвераваў у бога і падаўся ў кляштар... Аднак гэта круцей кляштара!

У яе прыступ красамоўства і выразаў яна не шкадуе. Словы ейныя бы пчаліны яд, але я прыгатаваўся і загартаваўся. Давай, любая, кажы ўсё, што пра мяне думаеш, мне ажно самому цікава паслухаць. Ага, па-першае, у мяне «комплекс няўдачніка» (што гэта такое - яна сама, напэўна, ня ведае, спантанна прыдумала, каб больш балюча ўкалоць джалам). Па-другое, я чэрствы эгаіст і бабнік. Ах, дарагая, нарэшце ты гэта зразумела і пазбавілася ўсялякіх ілюзіяў адносна маёй асобы! Па-трэцяе, я проста псых, і апошні мой закідон гэта толькі пацьвярджае.

Тырада доўжыцца хвіліны тры, пасьля чаго аратарка нарэшце змаўкае:

- Гэта ўсё? - З халоднай ветлівасьцю ў голасе. Трэба нарэшце спыніць гэтую санта-барбару, якая даўно сядзіць у мяне ў пячонках. - Ці можа яшчэ якіх прэтэнзіяў за тры года назапасіла?

- Псых! - кідае ў адказ. Разьюшаная мегера, а не кабета і, галоўнае, - кахае мяне надта моцна.

- Ну дзякуй, хоць ты мне слушны дыягназ паставіла. А то больш не было каму.

Яна кінула слухаўку. Ён націснуў кнопку на тэлефоне - скончыць размову. Усё скончыць! Забыцца пра тое, што яна існуе. Бабнік? Ты цешыш маё самалюбства. Псых? Добра, няхай я буду псыхам у тваім уяўленьні - мне ўсё адно. Няўдачнік... О, ім я дакладна стану, калі застануся сядзець у вашай рэспэктабэльнай багне! «Геніі выяўляюцца ў першыя дваццаць год жыцьця, а табе сёлета трыццатнік стукнуў. Дзе табе на нешта спадзявацца?»

Телефон звоніць. У першы момант ня хочацца адказваць, але разумееш, што яна ўпарта будзе чакаць, выпрабоўваючы тваё цярпеньне. А калі вылучыш тэлефон, то яна прышле табе на гукавую пошту паўтара дзясятка паведамленьняў.

- Так, слухаю.

- Даруй, я не хацела цябе пакрыўдзіць. - Спрабуе закапаць сякеру вайны, хоць цяпер гэта ўжо ня мае сэнсу. - Я паважаю твае пачуцьці, я здольная нават зразумець і асэнсаваць усё, што адбылося. Але мне на гэта патрэбны час. Ты мяне проста агарошыў, я не чакала... Вось так усё кінуць! - Яшчэ адна паўза. Потым: - Ты са Сьвірыдавым размаўляў?

- Яшчэ не.

- Уяўляю сабе ягоную рэакцыю. - У голасе зноў грубы сарказм. - І каго цяпер на тваё месца?

- Каго заўгодна. На кнопкі націскаць можна навучыць нават малпу. Дзеля таго, каб сядзець за пультам, абсалютны слых не абавязковы.

- А зьвядзеньне? І хто будзе рабіць рэкляму?

- Рэклямныя агенцыі.

- Што?!

Гэтае «што?!» у яе выходзіць просто геніяльна. Супэрканцэнтрацыя пагарды ў адным слове. Прамовіць - і ўкрыжуе.

- Слухай, ты зараз у прытомным стане?

- Абсалютна.

У настолькі прытомным, што мне нават хапае вытрымкі і такту не паслаць цябе далёка-далёка, каханьне маё палкае! Раней я менавіта гэтак і рабіў, але цяпер усё іначай. Цяпер я назаўсёды зьнікаю. Яна, напэўна, яшчэ не здагадваецца, што я сыходжу ня толькі ад Сьвірыдава, але баіцца задаць мне гэтае пытаньне. Здагадваецца, здагадваецца. Якое гэта ў нас з табой па ліку раставаньне, га, прыгажосьць мая незямная?

Сьвірыдаву што - ён новага гукара за паўгадзіны знойдзе, не адрываючы пятую апорную кропку ад свайго праграмнадырэктарскага фатэля, а пра маё існаваньне ён заўтра ж забудзе. З працадаўцамі разьвітвацца лёгка, з жанчынамі - цяжка, нават калі пачынаеш гэтых жанчын ненавідзець. Сысьці ад яе цяпер адзіны спосаб захаваць рэшткі добрых пачуцьцяў.

- Грынкевіч, ты дзе? Ты чуеш мяне?

- Чую.

- Проста ніяк не магу прыйсьці ў сябе... І ты сапраўды будзеш працаваць за такія грошы?

- Давядзецца. Што ж рабіць?

- Не кажы глупстваў. У цябе штомесяц на адны цыгарэты зь півам больш ідзе.

- Значыць, буду пазбаўляцца ад дрэнных звычак.

- З тваёй сілай волі?! Ха-ха-ха!

Сьмех нэрвовы. У слухаўцы чуваць, як чыркнула запальнічкай.

- Ну дык што, маэстра, прамяняеш сталіцу на сваю тмутаракань?

- Не зусім гэта тмутаракань, нават прыстойны тэатар ёсьць.

Прыстойны тэатар - гэта для яе ня довад на карысьць горада N*, адкуль я ёй зараз тэлефаную. Усё адно правінцыя, а не Масква, няхай там будзе хоць сто прыстойных тэатраў. Яна маўчыць - робіць зацяжку ды зьбіраецца з думкамі. Пачынае разумець ды ўсьведамляць, што насамрэч адбылося. Цяпер яе шкада. Нянавісьці, што зьявілася хвіліну таму, ужо няма. Дарослая жанчына, у якой сядзіць дзікаватае і зацкаванае дзіця.

- А што будзе з намі? З табой і са мной? Ці ты пасьпеў мяне выкрэсьліць са свайго жыцьця?

- Чаму гэтак адразу? Я...

- Ты паставіў мяне перад фактам. Ты мяняеш працу і пераяжджаеш у іншы горад. Безь мяне, зразумела ж. Што я пра гэта павінна думаць? Ты пакідаеш мяне.

Цяпер маўчаў ён. Лабавое пытаньне, на якое цяжка даць адказ. Апошняя сварка зь ёй паказала, што варта ўсё ж быць асьцярожным: гэтая псыхапатка на ўсё здольная. Чым далей ад яе, тым лепей, бо пакуль жывеш зь ёй у адным горадзе, пачуваесься ў небясьпецы.

- Я цябе не пакідаю. Проста мяняю працу. Будзем бачыцца радзей.

Новая паўза, найбольш напружаная. Маўчаньне перарвала яна.

- Паслухай, у мяне эфір праз паўгадзіны, я яшчэ плэй-ліст ня бачыла. Патэлефануй мне ўвечары. Калі табе яшчэ ёсьць што сказаць мне. Усё, бай-бай, непрызнаны геній!

Кароткія гудкі - толькі што спалены адзін з мастоў. Яна цудоўна ведае, што ўвечары тэлефанаваць я ня стану - сама патэлефануе й засыпе мяне папрокамі. Я пакідаю яе! Усе вы такія, ня хочаце лічыцца з асобай жанчыны, імкнецеся падаўляць яе, а калі не атрымліваецца, сыходзіце. Канечне, гэта ня будуць простыя папрокі. Яна скажа: «Я пачуваюся добра. Я толькі што напілася антыдэпрэсантаў і цяпер у мяне проста цудоўны настрой». Альбо: «Сёньня быў жахлівы эфір. Я дайшла да таго, што пісала сабе тэкты на паперы, бо імправізаваць зусім не магла. Я ледзьве не разьбіла дыск і пераблытала рэклямныя блёкі, я зламала паўзногаць!». Ці яшчэ горш: «Сёньня ў мяне зьявілася жаданьне кінуцца зь дзясятага паверха...» Зрэшты, можаш мяне больш не шантажаваць, анёлачак райскі. Можаш ляцець, анёлачак, хоць з дваццатага паверха - лавіць ня стану, далібог. Адной гістэрычкай у сьвеце меней будзе.

Нагаварылі дваццаць пяць хвілінаў - батарэйкі хутка сядуць і «мир моей свободы» змоўкне, таму трэба зрабіць хаця б яшчэ адзін званок. Спаліць яшчэ адзін мост, толькі крыху пазьней. Цяпер хочацца ляцець уперад, не азіраючыся ў мінуўшчыну. Адчуваньне, што ты трапіў на нейкую іншую плянэту, дзе ўсё цудоўна і прыгожа, а зь Зямлі да цябе далятаюць галасы пакінутых каханак, працадаўцаў, кліентаў, прыяцеляў - яны чапляюцца за цябе, патрабуючы выплаты нейкіх завінавачанасьцяў, якіх часта зусім няма альбо якія зусім ня вартыя таго, каб іх аддаваць, але ты аддаеш іх, абы толькі цябе пакінулі ў спакоі на тваёй прыгожай плянэце.

Гэта як вяртаньне на радзіму пасьля доўгай і бессэнсоўнай вандроўкі. Блудны сын, які ўцёк ад самога сябе і цяпер да самога ж сябе прыйшоў. Бяз колішняй фанабэрыі, але слабы й бездапаможны і з надзеяй на дараваньне. Тры года таму сыходзіў у пошуках шчасьця і кляўся ніколі-ніколі не вяртацца. Які ўпэўнены быў у тым, што ўсё скончана! Аднак калі па радыё часам чуў урывак з рэчы, якую раней любіў, рука сама па сабе пачынала паказваць такт... Ты герой нянашага часу, ты ня можаш пачувацца камфортна там, дзе добра ўсім нармальным людзям. Добра, што ты з гэтым прымірыўся. Галоўнае, цяпер ты - гэта зноў ты. Відаць, варта было тры гады паблукаць у цемры, каб нарэшце знайсьціся.

 

Ён сядзеў у ложы, паклаўшы рукі на бар'ер і гледзячы на спушчаную заслону, якую зьлёгку краналі спрадвечныя тэатральныя скразьнякі. Нікога, зусім нікога няма ў залі, апроч яго! Недзе далёка за сцэнай валтузяцца нешматлікія рабочыя, ад якіх амаль няма шуму, а значыць яны не перашкодзяць мроям, якія міжволі прыходзяць. Вялікая жырандоля згашаная, толькі бакавое сьвятло драпіруе залю ў пунсовы паўзмрок. Гэта добра, што заслона спушчаная, бо выгляд агіднай аголенай сцэны заб'е таямніцу ды веру ў цуд, што абавязкова павінен здарыцца. Сёньня, зараз, у гэтую хвілю!

Варта толькі заплюшчыць вочы - і ты ўжо перанесены на крылах фантазіі ў казку, чытаную тысячу год таму. Ты таксама здрыгануўся ад нечакана пачутай аркестравай какафоніі. У залі раптоўна гасьне сьвятло, партэр напаўняецца публікай у касьцюмах нейкай даўняй эпохі, калі прыгажосьць была выкупленьнем любых грахоў. Але ў тваей ложы на вялікае шчасьце нікога, апроч цябе, няма. Здараецца ж часам такая ўдача, калі побач няма нікога, і ты можаш атрымліваць поўную асалоду ад відовішча! Табе нават пачынае здавацца, што паказ зладжаны толькі для цябе аднога, і твая душа замірае разам з інструмэнтамі ў аркестры, якія ажывуць з узмахам капэльмайстарскай рукі.

Вось музыканты ў яміне зайгралі ўвэрцюру. Я ўсё чакаю цуда. Гэта не найлепшы аркестар з тых, што мне даводзілася чуць, але такая музыка застанецца чароўнай у любым выкананьні. Я ўнутрана сьціскаюся, слухаючы першую частку ўступу, але напружаньне зьнікае, як толькі пайшло алегра. Вось рушылася заслона, і сярод прымітыўных дэкарацыяў зьявіўся небарака-лёкай. Пакуль ён камічна скардзіцца на свой цяжкі лёс, я яшчэ ўсьведамляю, што гэта папросту тэатральны паказ. Аднак вось на сцэну выбягае яна і першы з такт зь ёйнай партыі прымушае забыць мяне пра ўсё на сьвеце. Голас... Я ня ведаю, што ў ім асаблівага, але ён мільярдамі электрычных разрадаў ударыў у кожную клетачку майго цела, і цяпер я больш нічога ня чую, апроч гэтага голаса. Звышжанчына! Рэч нават ня ў тым, што яна прыгожая той прыгажосьцю, якую цяпер не сустрэнеш. Яшчэ зусім юная і чыстая, але жарсьць, што сядзіць на дне ейнага сэрца, прымушае жылку на скроні неверагодна напружвацца. Толькі што яна хацела ўтрымаць злодзея, які ўварваўся да яе, але цяпер ужо ён абдымае яе, і ейныя заклікі на дапамогу ўсё слабейшыя. Яшчэ хвіля - і яна пакорліва абаўе ягоную шыю, а ён падхопіць яе ды панясе, лёгкую й разьняволеную, назад. Самую жаданую ў сваім жыцьці жанчыну, створаную толькі для яго. Але ейны бацька ўжо выбег на дапамогу. І яна зьнікае за кулісамі. А я чакаю, пакуль яна зьявіцца зноў.

Затым будзе яшчэ адзін цуд. Захоплены відовішчам, я не заўважу зусім побач з сабой яшчэ аднаго гледача: ён невядома якім чынам трапіў у ложу. Ціхі шэпт і дотык жаночай рукі да пляча прымусіць мяне азірнуцца. Я ўбачу яе і адразу, без усялякіх сумневаў паверу ў тое, што адбываецца. Яна прыцісьне палец да вуснаў, і я буду маўчаць, гледзячы на яе.

Тонкая і зграбная, ад чаго здаецца больш высокай, чым ёсьць. Белая сукенка - з тых, што цяпер адышлі ў нябыт, яна робіць жаночую постаць гэткай кранальна кволай. Матавы авальны твар у абрамленьні цёмных валасоў - асобныя пасмы ў беспарадку падаюць на лоб, ляжаць па пяшчотных аголеных плячох. Рука, на якой няма ніводнай бразготкі, нэрвова-грацыёзным рухам адкідвае гэтыя пасмы. Я хапаю гэтую руку і падношу да вуснаў. Вочы жанчыны ў паўзмроку падаюцца чорнымі, але я дакладна ведаю, што насамрэч яны падобныя на бясхмарнае неба. Неспакойны малюнак броваў, напружаная жылка на скроні.

«Чаму ты не прыходзіў? Дзе ты быў раней? Я чакала цябе доўгія гады. Я думала, што памру ад тугі, не дачакаўшыся цябе».

«Але я ня ведаў шляху да цябе».

«Я была заўсёды побач і ты гэта ведаў. Што табе перашкаджала прамовіць маё імя, каб я адгукнулася? Я ня ведала твайго твару, але заўсёды адчувала цябе недзе побач. Я ня ведала, які знак падаць цябе, каб ты мяне паклікаў».

«Дык няўжо гэта была ты?! А я столькі год патраціў на пошукі, я пасьпеў згубіць усялякую надзею...»

«Калі б я хаця б ведала, зь якога боку ты прыйдзеш, я б запаліла сьвяцільнік. Ты б зьявіўся раней і не было б бессэнсоўных пакутаў».

«Ты пакутвала?»

«Як і ты. Ведаеш, быў момант, калі я так стамілася ад чаканьня, што пайшла сама шукаць цябе. Я ж нават ня ведала твайго твару. Таму й памылялася».

«Як ты жыла ўсё гэтыя годы?»

«Я жыла толькі ў асобныя гадзіны. Год таму я зразумела, што сустрэну цябе толькі тут. Я ў гэта верыла, і толькі гэта прымушала мяне жыць далей. Калі б ты сёньня не прыйшоў і я б нарэшце цябе не пазнала, здарылася б страшнае. І са мной, і з табой».

«Мне таксама гэтак здалося. Таму я прыйшоў сюды і цяпер адчуваю сябе ўратаваным. Ты ведаеш, тры года таму я быў у такой роспачы, што нават страціў веру ў тваё існаваньне ды перастаў шукаць цябе. Ты даруеш мне гэта?»

«Тры года таму я стамілася чакаць цябе... Ты мне даруеш гэта?»

«Ты не вінаватая перада мной. Што мне табе дараваць? Я шчасьлівы з таго, што знайшоў сваю жанчыну. Толькі не пакідай мяне цяпер, калі ўсё толькі пачынаецца».

«Я не пакіну цябе».

«Не адракайся ад мяне, што б ні здарылася, што б ты ні пачула. Ніколі! Абяцаеш мне?»

«Абяцаю...»

 

Зазыўнае віскаценьне тэлефона разьвеяла прыгожую мрою. Усё зьнікла. Ён расплюшчыў вочы. Можа, гэта быў сон? Потым, са звыклым цынізмам падумалася: напэўна, ноч у цягніку бярэ сваё і арганізм патрабуе адпачынку. Тэлефон надакучліва звоніць. Хто ж гэта такі настойлівы? А, зразумела. Пярэпалах пачынаецца...

- Хай-фай! - Хрыпаты мужчынскі голас з нахабна-начальнічай інтанацыяй. Сядзіць, напэўна, у сваім фатэлі, закінуўшы ногі на стол, як крутыя босы з амэрыканскіх фільмаў. Шырокія джынсы, майка з партрэтам сябе каханага, тынэйджэрская бэйсболка. Эх, цяжка быць сэкс-сымбалем пакаленьня next, асабліва калі табе амаль сорак! Нібыта нейкі далёкі-далёкі сваяк вядомага кампазытара, чым вельмі ганарыцца, аднак ня ведае ніводнай ягонай рэчы. Манія вялікасьці, прэтэнзіі на геніяльнасьць ды бязьмежнае хамства ў эфіры й па-за ім. А ўсё гэта разам завецца так: слынны шоўмэн Антон Сьвірыдаў, праграмны дырэктар «Радыё М».

- Здарова.

- Ну ты прыкаліст, Грынкевіч! Ну прыкаліст! Мне Марына як сказала, то я й паверыў спачатку. А я табе ўвесь час раю ўласнае забаўляльнае шоў рабіць - файна б слухачоў разводзіў.

- Дзякуй за камплімэнт.

Марынін голас даносіцца з прыймальніка, які стаіць у Сьвірыдава на працоўным стале. Кепска зьмікшавала падложку з новым трэкам - яна музыку ня чуе ніколі. Колькі не вучы - усё адно няякасна выйдзе. Гэта той выпадак, калі кажуць: мядзьведзь на вуха наступіў. Але чорт, што за лухта?!

- Антон, ты што гэтую поскудзь дазволіў пускаць?! Месяц таму нібыта вырашылі, што гэта нефармат.

- Мані-мані! Бабкі, вельмі сур'ёзныя бабкі, - змоўніцкім голасам адказвае Сьвірыдаў. - Мы тут крутую акцыю прыдумалі зь імі. Празь месяц канчаткова ўроем гэтых мудакоў з «Радыё Х» і будзем у рэйтынгах на першым месцы. Уяўляеш сабе: частка аўдыторыі «Радыё Х», а гэта саплівыя й фанатычныя падлеткі...

Першае месца ў рэйтынгах - гэта блакітная мара Антона Сьвірыдава. Ён ідзе да яе чатыры гады, з моманту адкрыцьця свайго найлепшага ў сьвеце радыё, якое ніяк не пацьвердзіць гэты статус найлепшага нават у асобна ўзятым горадзе. Рэч тут ня толькі ў рэклямадаўцах, якія ахвотней панясуць свае грошы менавіта на такое радыё, калі сталічныя сацыёлягі пацьвердзяць ягонае лідэрства. Асабіста Сьвірыдаву патрэбна гэтае першае месца. Іначай жыцьцё для яго ня мае ніякага сэнсу. У яго ёсьць фірмовы мянокліч: «Першы альбо ніякі!», і ён бянтэжыцца, калі нехта разважае іначай.

- ...мы зробім іх, крута зробім! А іначай і быць ня можа. Пацаны на ладан дыхаюць, хутка канькі адкінуць. Здыхае іхнае радыё! Да мяне сёньня тры чалавекі адтуль прыходзіла на працу прасіцца...

- Гукарэжысэры не прыходзілі?

- Прыходзіў адзін. Толькі ў мяне ў самога вас як сабак нярэзаных, дык я яго ветліва гэтак паслаў.

Сабак нярэзаных у Сьвьрыдава тры. Першы сабака, то бок я, працуе на эфіры, робіць рэкляму і аўтарскія праграмы. Другі сабака, мянушка якога Алег Аляксандраў, працуе толькі на эфірах. Пару месяцаў таму запароў рэкляму адной грузынскай рэстарацыі, і толькі даўгія ногі мэнэджэра Машы прымусілі тэмпэрамэнтнага рэклямадаўцу не забраць свае грошы назад.

А вось трэцяга сабаку клічуць проста Славікам. На правох сьвірыдаўскага пляменьніка ён не тое каб працуе, але падпрацоўвае. Бліскуча выляцеў з другога курсу пэдінстытуту пасьля таго, як на чарговай пераздачы іспыту заявіў, што Якаў Аляксандравіч Коменскі - вялікі расейскі асьветнік і пэдагог, які напісаў «Пэдадагічную паэму». Наагул, нармальны прадстаўнік таго самага пакаленьня next, якое выбірае пэпсі, а разам зь ёй экстэзі, марыхуану ды не заўсёды бясьпечны сэкс і яшчэ шмат якіх іншых радасьцяў жыцьця. На малую радзіму ў горад-герой Курск пасьля няўдалай спробы адукавацца Славіку вяртацца не хацелася, вось ён і папрасіўся да дзядзькі на працу.

Пакуль ягоныя заняткі зводзяцца да шпацыраваньня па офісе і назіраньні за тым, як працуюць іншыя. За паўгода ён пасьпяхова засвоіў кампутар і цяпер кожную ноч ганяе на ім нейкіх касьмічных монстраў ды ставіць у гэтых гульнях усё новыя рэкорды. З гукарэжысэрскім пультам сяброўства ў Славіка ня ладзіцца. Ён пакуль абмяжоўваецца тым, што сядзіць у часе эфіру побач з Алегам і з важным выглядам падае яму дыскі. А ў нас зь ім ўзаемнае цярпець адзін аднаго ненавідзім: вынішчыў нядаўна маю тэчку з неабходнымі для працы саўнд-трэкамі, пасьля чаго я забараніў яму наагул падыходзіць да гукарэжысэрскага кампутара. Мне на вочы ён стараецца не паказвацца.

- А што за ён? Хто да цябе прыходзіў?

- Мельнікаў. Ведаеш такога?

- Ага. У яго вушы някепскія, хоць музычнай падрыхтоўкі нестае... Слухай, Антоша, кліч яго на працу, не пашкадуеш.

- На храна мне яшчэ адзін гукар?

- Антон, я сыходжу. Усё адно замена спатрэбіцца.

- Сыходзіш?!

Наагул на «Радыё М» не бывае такой фармулёўкі - «працаўнік сышоў». Там заўсёды гавораць «мы яго звольнілі», іначай папросту не прынята. Нават калі ўвесь горад будзе ведаць, што чалавек сышоў сам, па запрашэньні іншых працадаўцаў, Сьвірыдаў усё адно будзе цьвердзіць: «Я звольніў яго, бо ён кепска выконвае свае працоўныя абавязкі» - гэта ў тым выпадку, калі рэпутацыя ў былога падначаленага была бездакорная. Калі ж не, то Сьвірыдаў абавязкова зачэпіцца за які-небудзь грэх і ў чарговым інтэрвію вылье на яго тону бруду.

Ну што ж, Антоша, лі не шкадуй! Мне цяпер глыбока пляваць на ўсе FM-станцыі сьвету.

- Дык ты не прыкалоўся?!

- Не, я сур'ёзна.

- Ты хочаш, каб я цябе звольніў? Ах ты жопа пядзьдзесят шостага памеру!

Ты памыліўся, усяго сорак восьмага. Я звольніўся, ты звольніў - фармулюй гэта як тваёй душы заўгодна. Мне ўсё адно. У мяне, як кажуць псыхолягі, матывацыя дасягненьня посьпеху не настолькі разьвітая, як у цябе. Я кінуўся ў твой сьвет, Антоша, толькі ад ганебнай галечы, але гэта зусім ня значыць, што гэты сьвет стаў для мяне родным.

- Так, я хачу, каб ты мяне звольніў.

- І куды цяпер?

Зараз будзе недвусэнсоўны намёк на тое, што па-за офісам «Радыё М» мяне чакаюць суцэльныя няўдачы і расчараваньні. Але спадара Сьвірыдава гэта не павінна турбаваць.

- Ты не на «Радыё Х» выпадкам?

- Не, я больш ня буду працаваць на радыё наагул. Я сыходжу ў N-скі тэатар.

- Гукарэжысэрам?

- Нешта накшталт гэтага.

Навіна пра тое, што я не перабежчык, Сьвірыдава радуе. Відаць, ён асабіста мне зробіць вялікую ласку і ўстрымаецца ад камэнтароў майго звальненьня.

- Чаму раптам менавіта туды? Калі б ты на іншую станцыю сышоў, я б лаяўся шматпавярховымі мацюкамі, але ж хоць нечым гэты змог бы матываваць. Ну, бабак на сотню болей, ну працы крыху меней. Але ў гэтую сфэру...

- Дыплёма стала шкада. Ведаеш, ляжыць у стале, пыліцца паперка. Вось і вырашыў папрацаваць па спэцыяльнасьці.

- Ты, Грынкевіч, альбо сьвяты альбо дурань. Ім жа ж ня плацяць ні храна! Тым больш што ты ў нас ня зорка, ты ў нас ня гэта... як яго... Тарскарыні.

- Тасканіні.

- Усё адно, хер зь ім. Будзеш як тады перабівацца левымі халтурамі ў сваім Мухасранску? Рэкляму за капейкі рабіць, усялякім дурніцам мінусоўкі пісаць?

- Хіба іншым я займаўся ў Маскве? Прайс-лісты розныя, а прынцып адзін і той жа.

Гэта Масква, а то нейкі Мухасранск! У сталіцы вялікай і неабдымнай Расеі трэба ганарыцца нават самай бруднай прафэсіяй. Маскоўскі бомж - гэта круцей за правінцыйнага настаўніка, бо гэта маскоўскі бомж. Тое, што ён за дзень назьбірае на цьвінтары, параўнальна зь месячным заробкам гэтага настаўніка. Маскоўскі мэнталітэт - гэта мэнталітэт выбраньнікаў, якім наканавана было нарадзіцца ў гэтым горадзе, альбо быць прынятымі ў шэрагі насельнікаў пякельнага мэгаполісу. Нават не народнасьць, а цэлая нацыя ўнутры расейскай нацыі.

- Ну добра, як хочаш, - пагаджаецца Сьвірыдаў. Яму шкада беднага псыха, які канчаткова вырашыў разьвітацца з Масквой. - Трымаць я цябе ня буду. Ведаеш, я ў высокіх матэрыях нічога ня кемлю, але можа ты ўсё ж падумаеш? Можа няма сэнсу ўсё ламаць невядома дзеля чаго? Ты ў рэкляме руку набіў, ты профі. Толькі-толькі пачаў раскручвацца, рэклямадаўцы хочуць, каб ролікі рабіў менавіта ты... Сотні баксаў штомесяц! Гэты толькі адна рэкляма. Восень хутка, замоваў паболее. Пару дзярмовых ролікаў - і можна не галадаць. А яшчэ эфіры, аўтарскія. За новыя джынглы я табе асобна заплачу. Ты, дарэчы, зьбіраесься іх дарабляць?

- Так, праз пару дзён прыеду і скончу. Там няшмат засталося. Але зь першага верасьня на мяне не разьлічвай.

- Падумай яшчэ.

- Антоша, стаміўся я дзярмовыя ролікі рабіць. Разумееш мяне?

Ён не разумее. Гэта звыш ягонага разуменьня. Ролікі, баксы, посьпех, урыць «Радыё Х», пашырыць аўдыторыю за кошт саплівых падлеткаў. У яго ў мазгах свой «фармат», у які ніякія іншыя канцэпцыі жыцьця не ўціскаюцца. Тое, як я паступаю - гэта нефармат. Усё, што нефармат - ня мае права на існаваньне.

- Дык кажаш, Мельнікаў добры гукар?

- Добры.

- Мне яму тэлефанаваць зараз?

- Так, патэлефануй. Зараз і патэлефануй.

- А рэкляму ён робіць? І як?

- Пра каўбасы - гэта ягоны ролік. Чуў? І буцік «Парадыз» таксама.

- Ну... Прыкольна, але крыху ня ў нашым стылі.

- А ён у нас ёсьць?

Сьвірыдаў не адчуў іроніі ў голасе суразмоўцы. Распытвае пра дзелавыя якасьці Мельнікава з «Радыё Х». Добра б яго пераманіць! Тамтэйшы праграмны дырэктар ад злосьці захлынецца ўласнай спэрмай. Мы іх зробім! Яны сканаюць хутка! У нас будзе першае месца ў рэйтынгах.

- Антон, у мяне батарэйкі зараз сядуць. Калі вельмі спатрэблюся - тэлефануй. А джынглы я табе абавязкова дапішу. Пакуль.

- Усяго найлепшага, маэстра...

 

Батарэйкі селі акурат у момант заканчэньня размовы. Файна быць адрэзаным ад іх усіх. Няхай думаюць што хочуць і як хочуць. Я пляваў на іх, яны на мяне, але па агульнай негалоснай дамоўленасьці мы робім выгляд, быццам узаемныя стасункі прыносяць нам радасьць і выгоду. Паспрабаваў - ня выйшла. І не спрабуй больш, у імя гуманізму не спрабуй далучыцца да іх. Не парушай ні сваю, ні іхную раўнавагу. Ты спадзяваўся на ўтварэньне хаця б ня самых мілагучных, але кансанансаў. Выйшлі ж жахлівыя малыя сэкунды... Урыць мудакоў з «Радыё Х»... Антон заўсёды кажа, што любіць народанасельніцтва з усімі ягонымі недахопамі, таму ён рэйтынгавы ды-джэй. Народанасельніцтва трэба любіць, яно добрае.

Батарэйкі... Чорт! Маці не пасьпеў патэлефанаваць. Нічога, пазьней гэта зраблю. Зьдзівіцца? Без сумневу. Узрадуецца? Напэўна. Ня будзе пужаць цяжкасьцямі? Спадзяюся. Блудны сын вяртаецца. А бацька, канечне ж, скажа: «Цяпер твая працоўная кніжка будзе ў прыстойным месцы». Яму што тут, што там - усё адно я ня спраўдзіў надзеі. Тата, працоўнай кніжкі ў мяне даўно няма, а тут я на птушыных хутчэй правох, і наагул я не сапраўдны мужык, і нельга мне давяраць узьведзены табой будынак. Ленку расчараваць. Расчаруецца, канечне расчаруецца. Я цяпер іх субсыдаваць у такой ступені ня здолею. На матулю ейную не напароцца як буду тэлефанаваць - тое, пра што я кожны раз малю бога, калі званю, каб даведацца, ці атрымалі яны грошы. Школа з ангельскай мовай каштуе грошай, малая мусіць вучыцца ў ангельскай школе. My daughter will be a pupil of English school to understand the American crazy girl's songs.

Упс! Ай дыд іт эгейн...

Усё спачатку, з нуля, з чыстага аркуша, зь першага такту. Рукі, баюся, сапсаваліся за тры года адсутнасьці практыкі. Сёньня будзе час, прагледжу хаця б самы пачатак. Можа нават у падручнікі варта будзе зазірнуць. А калі правалюся, калі нічога ня выйдзе? Гэта не зусім вяртаньне, раней быў прымітыў, а цяпер узяўся за тое, чым не займаўся яшчэ ніколі. Ты ж любіш усё складанае, тое, што трэба доўга й пакутліва спасьцігаць. Ты сам прыйшоў да таго, ад чаго доўгія годы ўцякаў з зайздроснай упартасьцю. Табе радасна й страшна, табе лёгка й цяжка, ты ўпэўнены й разгублены. Шукай і знойдзеш, мусіш знайсьці. Гэта апошняя твая магчымасьць, няўдачнік.

Будзь спакойны й ня думай пра гэта. Ты слушна зрабіў. Кантракт падпісаны, а твая юнацкая мара, на ажыцьцяўленьне якой надзея даўно была страчаная, ляжыць зараз у тваім заплечніку. Чаму ты гэтак доўга вагаўся, цэлы месяц? Быў упэўнены, што табе ветліва адмовяць, але атрымалася зусім наадварот, быццам толькі тут цябе доўгія гады й чакалі. І якое дзіўнае супадзеньне: у работу хацелі ўзяць менавіта гэтую рэч! Пасьля такога ты ўсё яшчэ ня верыш у лёс, ня верыш, што ўсё атрымаецца?

А што, уласна, мусіць атрымацца?

Грынкевіч выйшаў з ложы й апынуўся ў вэстыбюлі. З мармуровай падлогі на час тэатральнага міжсэзоньня зьнялі коўдры - рухацца было коўзка й часам небясьпечна. Ён нясьпешна спусьціўся па прыступках уніз, туды, дзе на сьценах і калёнах віселі традыцыйныя для любога постсавецкага тэатра фотаздымкі артыстаў, шмат зь якіх даўно пакінулі сцэну наагул ці перабраліся ў іншыя тэатры. Яму падалося добрым, што большасьць сьпевакоў людзі маладыя, прыкладна ягонага веку. Гэта азначала надзею на ўзаемапаразуменьне й адсутнасьць праяваў зорнай хваробы, якой не пазьбягаюць артысты нават самых пагарэлых тэатраў. Прынамсі, яны ня будуць чакаць ад яго майстэрства сусьветна вядомага мэтра, прытым што самі рэгулярна спаўзаюць на чвэрць тона і значна спрашчаюць руляды, спасылаючыся на фізычную немагчымасьць выкананьня пасажаў у тым выглядзе, у якім іх прыдумаў кампазытар.

Мастацкі кіраўнік, клікалі якога Якаў Сэрафімавіч, паабяцяў, што Эльвіра будзе добрая, нейкая заслужаная артыстка, таму арыю з другога акта варта не выкідаць.

«Выкінуць я яе ня выкіну, але што пакіне ад гэтага нумару сама сьпявачка?» - пацікавіўся Грынкевіч, калі сёньня зранку яны з Сэрафімавічам гутарылі пра справы.

«Супакойцеся, яна не капрызная. А Дон-Жуана мы вам рэкамэндуем проста цудоўнага: літаральна гэтым летам на конкурсе другую прэмію ўзяў. І фактура неблагая - рост сто восемдзесят, нармальнага целаскладу, астатняе касьцюм і грым даробяць».

«А хто сьпявае донну Ганну?»

Гэтае пытаньне было найбольш істотным, але адказу на яго Грынкевіч не атрымаў.

«Гэта на ваш выбар, Аляксей. У нас у трупе ёсьць некалькі салістак, якія здолелі б адужаць такую партыю, але тут я не магу нікога навязваць. Да таго ж ведаеце, тэатар мы невялікі, становішча ў нас небясхмарнае. Рэпэтаваць будзем пакуль толькі адным складам. Магчыма, пасьля мы зможам увесьці дублёраў, аднак пакуль...»

Адным словам, яму давалі зразумець, што спэктакаль, які мусіць рыхтавацца пад ягоным кіраўніцтвам, - гэта ня болей за творчы й камэрцыйны экспэрымэнт, на які адважваецца тэатар, ня здолеўшы знайсьці лепшага выйсьця з крызысу. Зрэшты, на большае ў сваім становішчы Грынкевіч і не разьлічваў. Сам далёка ня зорка, дарма што адпрацаваў пяць год і самастойна паставіў два спэктаклі. Дый што гэта былі за працы ў параўненьні з той, якую яму даручылі цяпер!

На сьценах і калёнах паміж партрэтамі і афішамі, на якія годы наклалі жаўцізну, віселі абвесткі ўльтраактуальнага зьместу: «Шаноўныя гледачы! Настойліва просім вас адлучаць у часе паказу пэйджэры й мабільныя тэлефоны. Адміністрацыя». Крык душы. Адміністрацыя не разумее, што народанасельніцтва яшчэ не нагулялася ні з пэйджэрамі, ні з мабільнікамі, таму прасіць яе забыцца на гульню бессэнсоўна. Не здагадалася пакуль прасунутае народанасельніцтва пра функцыю «Вібрацыя»! Трэба ж каб усе чулі, што я пры мабіле ды ціха зайздросьцілі мне (намацваючы ў кішэні свае ўласныя дэбільнікі!). Нейкія кампазытары ўжо выступілі з ідэяй напісаць сымфонію для мабільнікаў. Пачуць бы! Ды навошта?

Не, Моцарт надзейней. Моцарт не дае зваліцца ў бездань.

- Ба! Ды няўжо гэты ты, Грынкевіч?!

Густы бас прагрымэў над самым вухам. Гэты голас Грынкевіч ня мог зблытаць ні зь якім іншым. Не пасьпеў ён азірнуцца, як апынуўся ў абдымках старога прыяцеля Мішы Сьцяпанава, альбо Сьцяпашкі, як яго ў свой час называлі ў піцерскай консе.

У студэнцкія годы яны жылі ў адным пакоі кансэрваторскага інтэрната і нават лічыліся сябрамі, але адразу ж пасьля атрыманьня дыплёмаў разьехаліся ў розныя куткі неабдымнай Расеі, і сяброўства на гэтым скончылася. За восем год яны ніводнага разу ня ўбачыліся й не стэлефанаваліся, а на сустрэчы, якія час ад часу намагаліся рабіць аднакурсьнікі, ні Міша, ні Грынкевіч заўсёды не выбіраліся. Зрэшты, большасьць студэнцкіх сяброўстваў перарываецца часам і адлегласьцю. Аднак сустрэцца цяпер было вялікай радасьцю для абодвух.

Мішу можна было пазнаць хіба толькі па голасе: настолькі ён зьмяніўся за гэты час. Раней быў худы, як жардзіна, хлопец (адкуль толькі голас браўся?), нязграбны й сарамлівы, незнаходлівы ў гутарцы й нялоўкі зь дзяўчатамі. Цяпер гэта салідны спадар з шыкоўнай барадой, які вельмі раздаўся ўшыркі й цалкам пазбавіўся ад сваіх былых комплексаў. Што зь людзьмі час робіць!

Вучыцца ў Піцер Міша прыехаў зь нейкага райцэнтра пад Саратавам і ў першы год дужа весяліў аднакурсьнікаў, дэманструючы экзатычныя павадкі жыхара глухой правінцыі. То ўслых з жахам канстатаваў падзеньне нораваў у асяродку маладой піцерскай багемы, то падручнікі з нотамі ў паласатай гаспадарчай торбе насіў, а якія гальштукі навязваў, а знакамітыя Мішавы шкарпэткі ў чырвона-зялёную кратку... Жаночая частка студэнцтва й прафэсуры гэта імгненна ацаніла й ціха пасьмейвалася зь Мішы, мы ж дык проста са Сьцяпашкі зьдзекваліся, ён жа не разумеў нічога.

Але пад канец навучаньня ўжо разважаў, чым пецярбуржцы адрозьніваюцца ад масквічоў, якія інтэлігентныя першыя і якія хамаватыя апошнія. Сам Міша адносіў сябе да пецярбужцаў і вельмі спадзяваўся пасьля кансэрваторыі застацца ў гэтым горадзе назаўсёды. Але ў дзевяноста трэцім годзе, калі ён стаў дыплямаваным опэрным сьпеваком, ўладкавацца там на працу было занадта праблематычна, таму давялося ехаць у N*, дзе яму адразу ж прапанавалі месца ў тэатры. Дый амбіцыі Мішавы значна перавышалі ягоныя здольнасьці, таму ня выйшла зь яго пецярбуржца.

- Дык што, праўда?! - працягваў ва ўвесь голас раўці Міша. - Ты ў нас цяпер працуеш? Як ад Сэрафімавіча прозьвішча пачуў, усё думаў, ты ці ня ты. І вось бачу цябе, але ўсё адно вачом сваім ня веру.

- А ты павер.

- Слухай, ну ў мяне словаў няма! Я разьлічваў сустрэць цябе дзе заўгодна, толькі ня тут. Давай, распавядай, якім ветрам цябе сюды занесла і што маеш рабіць.

- Добра, добра. Толькі можа хадзем адсюль? Ты тут нейкія справы маеш зараз?

- Не, я ўжо адзначыўся, цяпер можна ісьці.

- Адзначыўся?

- Ну так, я ж у тэатры толькі для душы.

- Не разумею.

- Ты сьнедаў сёньня?

- Не, толькі каву піў.

- Тады хадзем, тут паблізу ёсьць адно месца, дзе можна гэта выправіць. Тым больш што ў мяне ўжо час другога сьняданку падышоў. Дружына мая з нашымі архараўцамі ў вёсцы цяпер сядзіць, дык я па кавярнях хаджу, нават схуднеў крыху. А так рацыён у мяне зайздросны.

- Ну-ну! Яно й бачна, што ты двойчы на дзень сьнедаеш!

Грынкевіч са сьмехам глянуў на Мішыну «дырэктарскую» фігуру. Галодным студэнтам Сьцяпашка занадта перажываў наконт сваёй худобы, але жыцьцё быццам выдала яму кампэнсацыю ў трайным памеры за ўсе пакуты маладосьці.

- А ты амаль не зьмяніўся, Грынкевіч.

- Я харчуюся значна горш.

- Ты не ажаніўся?

- Я разьвесьціся пасьпеў.

- Ну так, ты ж у нас спрынтэр па гэтай частцы. А дарма. Хоць кармілі б рэгулярна.

- Міша, я лепей у сталоўцы пакармлюся, чым у такой жонкі.

- І дзеці засталіся?

- Дачка. Празь месяц сем год будзе.

- А ў мяне двое хлопцаў. Аднаму пяць, другому тры. Архараўцы самыя натуральныя.

Яны выйшлі з тэатра й рушылі ў кавярню, дзе, паводле словаў Мішы, няблага можна было пасьнедаць. Пакуль яны дабраліся да яе, Грынкевіч пасьпеў высьветліць, што ягоны кансэрваторскі прыяцель зусім не шкадуе пра сваё колішняе рашэньне прыехаць сюды. Тут ён толькі ў першыя тры сэзоны прасьпяваў увесь басовы рэпэртуар, тут яго шануюць. Да таго ж у яго някепска пайшлі грошовыя справы: цяпер Міша «лічыцца» на мясцовай радыёстанцыі мастацкім кіраўніком і займаецца пастаноўкай галасоў будучых зорак эфіру ды агучвае ролікі. З тэатра ж ён не сыходзіць зусім толькі ад вялікай любові да мастацтва дый таму, што «гэтая габрэйская жопа» Сэрафімавіч вельмі просіць яго застацца, бо іначай тэатар асірацее.

Грынкевіч адразу адзначыў, што для саліста правінцыйнага опэрнага тэатра Міша выглядае занадта рэспэктабэльна: добрая кашуля, шыкоўны гальштук, дарагі абутак, элеганцкі кейс і не найгоршая марка мабільніка, які званіў кожныя пяць хвілінаў. Ля ўваходу ў тэатар стаяла новае «БМВ» - таксама Мішына маёмасьць. Сьцяпашка адмыслова спыніўся каля машыны і прадэманстраваў яе сябру, але пасьля абыякава кінуў, што на наступнае лета хоча яе памяняць.

- Ня буду яе адганяць, тут усё адно праз дарогу, а я яшчэ ў тэатар хацеў зазірнуць.

- Як хочаш, - адказаў Грынкевіч, які ня быў аўтааматарам, хоць пару гадоў таму атрымаў правы. - Толькі хадзем хутчэй, бо ў мяне дакладна язва раскрыецца, калі я зараз жа нічога ня зьем.

- Дык ты гаворыш, што займаўся ў Маскве рэклямай... Канкурэнты заелі, таму й вырашыў на кругі свая вярнуцца?

- Зусім не. Папросту абрыдла ўсё.

- Гэта не аргумэнт.

- Для каго як.

Тэлефон Грынкевіча падаў апошнія прыкметы жыцьця: да яго нехта намагаўся дазваніцца, але цяпер батарэйкі канчаткова селі.

- На поясе гэтую цацку носіш? - прамовіў Міша. - Кажуць, на гэтую самую... кхе... функцыю адмоўна ўплывае. Выпраменьваньне.

- Няўжо? - з камічным зьдзіўленьнем укрыкнуў Грынкевіч. - Тады мне становіцца зразумелым, чаму ты свой тэлефон у кейсе носіш. Што, Міша, праблемы з функцыяй пачаліся?

- Ну, бля, сукін сын... - прашыпеў Міша. Адказаць у той жа манеры ён ня здолеў. - Ты й праўда не асабліва зьмяніўся. Па-ранейшаму папаўняеш калекцыі? І колькі іх?

- Я, Міша, з гадамі пачынаю імкнуцца не да колькасьці, а да якасьці. Гэта й ёсьць тая кавярня?

Сябры занялі вольны столік ля вакна. Мішу гэтае месца падабалася тым, што адсюль можна было назіраць за пакінутай ля тэатра машынай, а Грынкевіч запрыкмеціў дзьвюх маладых кабет, якія сядзелі непадалёк. Адсюль можна было адэкватна ацэньваць крутыя смуглявыя сьцёгны адной зь іх. У яе выбеленыя валасы да самой задніцы (эх, нішто не ўпрыгожвае жанчыну так, як гідрапэрыт!), нічога сабе бюст і кароткая спадніца. У іншай кепская скура, кіляграмаў пятнаццаць лішняй вагі, прычым назваць яе «пухленькай» ці «пышнацелай» - гэта значыць вельмі пацешыць ейные самалюбства. Проста бясформеная, як мех з мукой. Ды яшчэ й заручальны пярсьцёнак на пальцы... Сьвят-сьвят-сьвят! Можна толькі спачуваць ейнаму законнаму, якому штодня даводзіцца назіраць гэтую кабетку ў аголеным выглядзе.

Першая ж нічога: у вачох яшчэ тыя чэрці скочуць. Няблага было б зь ёй пазнаёміцца, як мага бліжэй пазнаёміцца.

«Sex-bomb, sex-bomb, you're my sex-bomb...» - хрыпіць Том Джонс у прыймальніку. Фарбаваная бляндынка ловіць на сабе позірк незнаёмага мужчыны, які падаецца ёй сімпатычным. Поза, у якой яна сядзіць за столікам, робіцца ненатуральнай: па-каралеўску выпрастала сьпіну, зьлёгку крутанулася на крэсьле, ад чаго спадніца прыўзьнялася яшчэ вышэй. Ці роўныя ў яе хоць ногі?

Пара іншых неблагіх ножак на хвіліну адрывае ўвагу ад невядомай сэкс-бомбы. Маладзенькая афіцыянтка, чорненькая, тоненькая, сімпатычная падышла да століка, дзе сядзелі Міша з Грынкевічам.

- Што будзеце замаўляць?

- Дайце нам... - Міша бесцэрэмонна разглядае дзяўчыну, чакаючы, што яна абавязкова пачырванее.

- Што вам даць? - паслужліва-абыякавым голасам пытаецца афіцыянтка, якая даўно звыклася да гэткіх позіркаў і перастала ад іх кідацца ў чырвань.

- Што можа даць мужчыне жанчына... - летуценна прамовіў Міша.

Грынкевіч прыціснуў кулак да вуснаў, каб не засьмяяцца. Міша таксама не мяняецца, толькі нахабства зьявілася, а па сутнасьці той самы Сьцяпашка з-пад Саратава.

- А вы што будзеце? - Афіцыянтка павярнулася да Грынкевіча.

- Амлет з каўбасой, бутэрброд з сырам і двайную каву з цукрам, калі ласка. - І дадаў самую абаяльную са сваіх усьмешак. Сімпатычны тварык дзяўчыны міжволі пасьвятлеў. - Яму тое самае. Так, Міша?

- Так, - буркнуў Міша

Ёлупень ты, Міша. Будзеш цяпер мне да другога прышэсьця даводзіць, што ў цябе з «функцыяй» усё ў парадку... А што там мая фарбаваная красуня? Афіцыянтачка, праўда, больш у маім гусьце, але гэтую таксама можна клеіць... калі ногі ў яе роўныя. Ненатуральна гучна хіхікае - прыцягвае ўвагу. Не турбуйся, красуня, я пра тваё існаваньне не забыўся. Мяне на ўсіх хопіць.

- Дык што - «Дон-Жуан»? - запытаўся Міша.

- Ага. Паўдзельнічаеш у спэктаклі дзеля любові да мастацтва?

- Што ты мне прапануеш?

- Згадаць даўніну. Табе за што дыплём далі?

- Ты мне Лепарэля прапануеш?

- А ты як на гэта глядзіш?

- Станоўча.

- Значыцца, можна на цябе разьлічваць. Гэта добра. Бачыш, кожная мара калі-небудзь зьдзяйсьняецца. А ты мне тады ўсё казаў: нерэальна, нерэальна...

- Ну я ж ня думаў, што зь цябе нешта выйдзе. Ты ж у консе раздаўбаем быў і дзевак трахаў лепей, чым партытуры чытаў. Я й не разьлічваў, што ты па спэцыяльнасьці пойдзеш працаваць пасьля дыплёму. І ўсе цябе лічылі...

- Скажам, на мяне надзеяў не ўскладалі. Так, я быў раздаўбаем, толькі на апошнім курсе нешта зьявілася, таму я й ня кінуў.

- Ты, аказваецца, ідэаліст, Лёха. Не салідна ў нашым веку!

- Ды мне ўсяго трыццаць, я яшчэ ня бачыў нічога, а ты мне пра несаліднасьць кажаш! Я сабе гузакоў дастаткова наставіў, а цяпер можна й жыцьцё пачынаць.

- А колькі ты наставіў рагоў?

- Я ня ведаю. Безь цябе, Сьцяпашка, статыстычная справаздачнасьць кульгае на абедзьве нагі.

Ногі... Ах, якія шыкоўныя сьцёгны адкрывале на ўсеагульны агляд міні-спадніца з правакацыйным разрэзам збоку! Поўныя грудзі без усялякага бюстгальтэра скачуць пад кофтачкай, калі кабета сьмяецца. Угаворваць яе доўга не давядзецца. Вершы чытаць і частаваць віном не абавязкова, першае нават будзе лішнім. Сьпякотная жанчына - мара паэта... Загар набыла ў салярыі, кофтачку, спадніцу і басаножкі - на мясцовым рынку, а памаду і цені - у шапіку зь півам ды «Сьнікерсамі». Бяз кофтачкі, спадніцы ды яшчэ адной дробнай дэталі гардэробу (белы трохкутнік сьвеціцца праз тонкую тканіну спадніцы), яна, пэўна, будзе выглядаць куды прывабней. Некаторым жанчынам варта зусім забараніць хадзіць у вопратцы. Гэтай - у першую чаргу. Бо хаваць такое цела пад таннымі анучкамі і прымушаць мужчын здагадвацца, якога насамрэч колеру ў яе валасы - яшчэ большая правакацыя, чым бяз усялякага сораму выстаўляць гэтае цела перад усімі. Я б абвешаў яе толькі рознымі бразготкамі, каб яны зьвінелі ды пераліваліся на сонцы, кідаючы блікі на смуглявае цела. І нічога-нічога болей. А можна апрануць яе ў тонкую туніку, якія насілі старажытныя гетэры, змыць зь яе ўсё танную касмэтыку, каб памада не гарчыла пацалункі, ды пусьціць таньчыць перад вогнішчам. А пасьля ўзяць яе, разагрэтую цяплом агня і віна. Моўчкі, амаль гвалтам. І лавіць вуснамі ейныя крыкі - ці то болю, ці то асалоды, ці то болю й асалоды адразу. Ейная асалода - праз боль. Мой боль - праз асалоду.

Афіцыянтачка прыносіць замову. У яе тонкая талія, нізкая заднічка і пушок над губой - не без грузынскіх крывей дзяўчынка. Зь яе можна пісаць Тамару, якая чакае Дэмана. Тамара - імя на бэджыку. Значыцца, усё слушна. Паглядзець ёй у твар позіркам каўказскага нявольніка, каб вырашыла, што я запалаў безнадзейным каханьнем. Стрымана ўсьміхаецца. Значыцца, варта зазірнуць сюды неяк аднаму, бязь ёлупня Мішы. Ведаць бы толькі, па якіх днях і гадзінах яна тут працуе.

- Ты з кім-небудзь з нашых бачыўся? - узнавіў перарваную размову Міша, праглынуўшы кавалак амлета.

- Вовачку нядаўна сустрэў, прычым у Маскве. Ён мяне на сваёй машыне ледзьве ня зьбіў, уяві сабе.

- А што ў яго за тачка?

- «Аўдзюха» сотая.

- Як ён там сам, нічога?

- Па цяперашніх часох так. Мае ўласную музычную краму ў Піцеры, а ў Маскву прыехаў па справах - дамовы нейкія падпісваць. Бізнэс у яго нібыта добра пайшоў. У дзевяноста восьмым ледзьве не сканалі, але цяпер зноў узьняліся. Салідны такі стаў, сапраўдны дзялок. Ажно ня верыцца, што раней ледзьве ў Марыінку ня трапіў. Яго ўжо на другім курсе заўважылі, памятаеш? Калі б ён не пачаў чаўночыць ды на рынку турэцкімі майткамі й шкарпэткамі гандляваць, то дакладна быў бы там на першых ролях. Вось каго б на Дон-Жуана...

- Пэўна, ён задаволены.

- Вось гэтага сказаць не магу. Сьпярша хваліўся, што ўсё лепей быць ня можа. Потым пайшлі мы да мяне. Даўно, ведаеш, ня бачыліся, на радасьцях лішняга хапілі. І Вовачка спавядацца стаў. Спачатку, гаворыць, быў імпэт: паболей грошай зарабіць, выбіцца ў людзі. Года тры пачаўночыў, сабраў капітал і краму адчыніў. З браткамі былі непрыемнасьці, потым з падаткамі нешта накруціў, ледзьве ў турму ня трапіў. Толькі калі ў сьледчым ізалятары апынуўся, стаў думаць, на халеру яму ўсё гэта. У яго цяпер тры вялікія страхі: каб канкурэнты не абышлі, каб браткі не накрылі і каб падаткавікі не злавілі. Кажа, жыве цяпер толькі дзеля таго, каб нічога гэтага ня здарылася. Ажаніўся другі раз.

- А тая краля што?

- Ну як што? Ён жа сам казаў: дзеля прапіскі. Набыў сабе кватэру ды адразу разьвёўся. Ня будзе ж ён, малады мужык, з кабетай бальзакаўскага веку да скону суіснаваць. Знайшоў сабе васемнаццацігадовую, нецалаваную-няпешчаную.

- Ну дык файна! Бізнэс ідзе, жонка нармальная.

- Хто яго ведае, файна ці ня вельмі... Знэрвананы ён увесь, змрочны, зацкаваны. Увесь час на нэрвах, кажа, з жонкай хутка спаць ня здолее. А жонка з салёнаў прыгажосьці й шэйпіг-заляў не вылазіць, сына цікавяць толькі пакемоны і кампутарныя гулькі... І наш Вовачка, уяві сабе, стаў мне казаць, што яму з кожным днём усё складаней апраўдаць сваё існаваньне. Гэта той, каму праклятыя пытаньні ўвесь час па барабане былі. Шкадуе, што сышоў, вельмі шкадуе. Яшчэ пра некаторых распавядаў. Таксама добра паўладкоўваліся, але шкадуюць. Усе, хто сышоў, потым шкадуюць.

- Але ніхто не вяртаецца, заўваж. Енчаць сабе паціху й робяць бабкі. Табе ж нашто гэтае геройства?

- Гэта, Міша, не геройства...

Амлет у іх перасмажаны - я сам лепшы прыгатаваць магу. Калі яшчэ й кава кепская, то нішто мяне сюды вабіць ня будзе, апроч афіцыянткі Тамары... Не спрабуй мяне зразумець, Сьцяпашка, гэта не па тваіх мазгох - зварацца. А я сам? Навошта я імкнуся перад ім апраўдацца, тлумачу яму нешта? Мне галоўнае, каб ён удзельнічаў у спэктаклі і добра выканаў сваю партыю. У яго свая мова, у мяне свая. Ёсьць толькі два-тры словы, сэнс якіх ён здольны злавіць. Імі й карыстайся ў размове зь Мішам.

- Дружына твая дзе зараз?

- Ды ў вёсцы сядзіць, бульбу капае. У яе адпачынак, дык паехала бацькам дапамагаць і малых з сабой прыхапіла. Прыедзе праз пару дзён. Хацела яшчэ затрымацца, дык я ёй телефаную, кажу прыязджай, любая, у мяне ўсяго тры кашулі чыстых засталіся.

- А пральная машына ў цябе ёсьць?

- Крыўдзіш! Індэзіт-аўтамат, летась набыў за шалёныя бабкі.

- Дык закінь туды свае кашулі, націсьні дзьве кнопкі і разьняволься.

- Ну канечне! Гэта ты ў нас самадастатковы халасьцяк, а я чалавек сямейны. Што пра мяне суседзі скажуць, калі я на гаўбцы ўласныя кашулі вывешваць буду?! Я ж нармальны мужык, у мяне для гэтага жонка ёсьць. І потым я іх аднойчы ўжо закінуў свае анучкі ў машыну, дык палінялі.

- Апэрацыю й парашок няслушна абраў. Я спачатку таксама думаў, што складана, а потым пачытаў уважліва інструкцыю. Не складаней, чым тваю бээмвэшку вадзіць.

- Ну яе на фіг! Мая жонка больш мяне да праньня не дапускае, сама ўсё робіць. А я грошы зарабляю, я нармальны мужык. Я ёй за гаспадарчыя й сэксуальныя паслугі плачу, яна выконвае. І жывем проста супэр. Калі задумаеш зноў ажаніцца, то бяры дзеўку зь вёскі і пажадана да дваццаці гадоў. Гэтыя не выёбываюцца.

Ой Міша-Міша, памятаю, як на чацьвертым курсе ўвесь інтэрнат сьбяжаўся паглядзець на сьмяртэльны нумар: Сьцяпашка ўласныя кашулі мые. Упершыню ў жыцьці. Дагэтуль ты рабіў такім чынам: назьбіраецца гара брудных анучак - ты іх па пошце ў пасылцы дадому адпраўляеш, каб маці зь сёстрамі памылі. Мы, канечне ж, усе ціха рагаталі, але ты зусім сур'ёзна тлумачыў, што праньне - не мужчынскі занятак. А потым надышлі гістарычныя часы, і дзьве твае пасылкі са шмоткамі на пошце згубіліся. Давялося самому дбаць пра чысьціню вопраткі.

- Прыму на ўвагу тваю параду, дружа. Толькі мне штосьці жаніцца больш ня хочацца.

Кава добрая - гэта рэабілітуе дадзеную кавярню ў маіх вачох. Буду зазіраць сюды й надалей, заадно да Томы пазаляцаюся. Бляндынка ўздымаецца са свайго месца. Вельмі неблагія ногі. Зрэшты, ганяцца за ёй ня хочацца: ужо нецікава, бо магу сабе дакладна ўявіць, якой яна будзе ў ложку. Галодная да мужчын сука, раскрыецца адразу. Ёй вечна нестае, яна б адразу з двума ня супраць... Ідзі, ідзі, красуня. Ты зьлёгку круціш клубамі, раскошнымі цудоўна абмаляванымі клубамі... і спыняесься побач.

- Радая вас бачыць, Міхаіл Іванавіч. Як лета правялі?

- Усё ў працы ды ў клопатах. А вы, Жэнечка, як адпачылі? Езьдзілі куды?

- Так, на Чорным моры пару тыдняў была.

Хлусіць, абдымаючы мяне красамоўнымі позіркамі. Загар з салярыя і не варажы. Прысаджваецца на вольнае крэсла й пачынае пра нешта плявузгаць. Мішына знаёмая? Толькі гэтага не ставала, цяпер ня будзе мне паратунку, з-пад зямлі мяне дастане.

- Пазнаёмцеся, дарэчы. Вось гэта наш новы маэстра, наш...

Міша спрабуе завярнуць квяцістую прамову, але ў яго не выходзіць. Даводзіцца без залішніх фаршлягаў і трэляў прэзэнтавацца. Я й бяз гэтага на яе ўражаньне зрабіў, пакуль Міша налягаў на свой амлет.

Яе клічуць Жэнечкай. Маладая сьпявачка-сапрана. Пачуўшы, што ў работу ўзяты «Дон-Жуан», ажыўляецца яшчэ болей і асьцярожна цікавіцца, ці ўсе жаночыя партыі разьмеркаваныя. Закідвае адну нагу на іншую, на хвілю дэманструючы бялізну. Чорныя валаскі вылазяць з-пад белага трохкутнічка. Вочы ў яе таксама чорныя... На Брытні Сьпірс нечым падобная, толькі нос больш тонкі. А на галаве валасы як пакля. Няхай жыве хімічная прамысловасьць.

- Каго б вы хацелі сьпяваць, Жэня?

- Донну Ганну. Мне ў кансэрваторыі казалі, што ў мяне ёсьць для гэтага тэмпэрамэнт.

Тэмпэрамэнт у цябе ёсьць для іншага, мая ты краса неапісальная. Ганна - гэта нераскрытая да канца таямніца, гэта рэдкае кветка пасярод пустазельля, гэта прыгожы матылёк, якога злавіць немагчыма, сьвятло непагаснае. А ты ўся ў мяне на далоні. Донна Ганна адна на ўсім сьвеце, а такіх як ты мільёны. Але калі ў цябе неблагі голас, я мог бы прапанаваць табе іншую партыю, у якой ты выглядала б надзвычай арганічна.

Povero Don Giovanni! Цяжка табе прыгодзіцца ў эпоху вялікіх зьдзяйсьненьняў. Не пасьпееш з жанчынай слова сказаць, як яна ўжо гатовая з табой у ложак на выгодных табе ўмовах. І ўзрадавацца не пасьпееш ад задавальненьня інстынкта заваёўніка. Навошта ваяваць? Вось яна ўся - на сподачку. Бяры яе як хочаш, калі хочаш і колькі хочаш. Хоць зьверху, хоць зьнізу, хоць ззаду. Не, лепей мая князёўна Тамара, яна хоць для прыстойнасьці пару дзён паламаецца.

- І надоўга вы да нас?

- Паглядзім, як справы пойдуць.

- Калі думаеце рэпэтыцыі распачынаць?

- Зьезджу яшчэ ў Маскву, уладжу там усе справы... Мяркую, праз пару тыдняў, як вярнуся.

- Будзем чакаць.

Цягнік да Масквы празь дзьве гадзіны, але яшчэ трэба ўзяць на яго квіток. Міша пагаджаецца падкінуць на вакзал. Высьвятляецца, што Жэнечка таксама мусіць ехаць у той бок, таму просіцца «на хваста». Усю дарогу плявузгае на заднім сядзеньні, імкнецца перакрычэць магнітолю. Я хочу быць пейджером твоим карманным и вибрировать с тобою постоянно... Настойвае на тым, што донна Ганна якраз па ёй. Хотеть не вредно - вредно не хотеть. Атрымала добры дыплём, у яе па вакале ўвесь час было «выдатна». Иметь не вредно - вредно не иметь. Пра сцэну марыла ад нараджэньня, як нарадзілася, дык адразу й марыць пачала, артыстка ад бога, ё-маё. Мечтать не вредно - вредно не мечтать. Наагул у яе шмат іншых, схаваных талентаў, і калі мы пазнаёмімся, я пазнаю іх усе. Thank you very mach! Давать не вредно - вредно не давать... Колькі разоў казаў сабе - ня клей любую. Некаторыя бываюць страшнейшыя за СНІД, сыфіліс, тубэркулёз і ўсе існыя й няісныя ў сьвеце пошасьці адразу. Зрэшты, па вяртаньні патрахаюся крыху з гэтай німфаманачкай, можа й супакоіцца пасьля.

Апынуўшыся на вакзале сярод натоўпу людзей, ён адчуў сябе спакайней. Чарга каля касы была адносна невялікай. Грынкевіч пасьпяхова ўзяў квіток і пайшоў да перамоўнага пункту. Усе нумары, якія ён набіраў, маўчалі, толькі маці зьняла слухаўку.

- Ну што я табе хачу сказаць... Я вырашыў зрабіць яшчэ адну спробу. Як ты на гэта глядзіш?

- Ты дарослы чалавек, табе вырашаць. Але наагул мне ідэя падабаецца. Ад бацькі табе прывітаньне.

- Яму таксама.

Размовы з маці ў апошнія гады зрабіліся кароткімі й па-дзелавому сухімі. Яе больш хвалюе Віцька, ён у нас глупствы робіць, з-за яго яна перажывае. А я глупстваў амаль не раблю (прынамсі, маці пра іх ня ведае), я так сабе... Дзякуй, што хоць яе мая навіна ўзрадавала.

У залі чаканьня групка маладых хлопцаў і дзяўчат нешта крычыць пад гітару на ўвесь вакзал. Уладкавацца ў адносна ціхім кутку й нарэшце дастаць з заплечніка сваю мару - партытуру ў старэнькай вокладцы, тысяча дзевяцьсот зацёртага года выданьня. Сьледам за ёй дастаць плэер і дыск. На поўную гучнасьць. Моцарт часткова заглушае навакольны шум. Можна зноў паспрабаваць прымроіць прыгожую даму ў белым строі, якая ідзе да цябе па бруднай вакзальнай падлозе, і якую ніхто апроч цябе не заўважае. Жанчына, якой у цябе ніколі ня будзе.

Абвяшчаюць пасадку на цягнік да Масквы. Усе свае скарбы ў заплечнік - і ў вагон, каб ехаць у горад, зь якім хочаш парваць назаўсёды. <...>

 

- Ой, як добра што ты зноў патэлефанаваў! Я да цябе ўжо гадзіны дзьве дазваніцца не магу.

- Мама, я ў цягніку, вось толькі да Масквы пад'язджаю.

- Дык ты можаш цяпер гаварыць?

У маці ўсхваляваны голас. Грынкевіч згададаўся, што можа быць прычынай гэтага хваляваньня. Зноў скандал у шляхетным сямействе і мяне, як заўсёды, запросяць у якасьці міратворца.

- Так, магу. Што ў вас зноў здарылася?

- Твой бацька ў лякарні ў перадінфарктным стане. Сёньня ўдзень адвезьлі.

- І як ён?

- Лепей пасьля капельніцы, але ўсё ніяк супакоіцца ня можа.

- Дык што здарылася?

- Ты хіба ня ведаеш свайго брата? Учора ён да нас прыехаў і пачалася адвечная песьня, а Віця давай агрызацца. Я ж яго прасіла: памаўчы, пацярпі. Бацьку ўжо не пераробіш, ён такім назаўсёды застанецца. Не, ён яшчэ болей шалее...

Адвечная песьня, якую бацька сапраўды любіць зацягваць, называецца «Развалілі такую краіну!». У песьні гэтай палкоўнік Грынкевіч пралівае ўсю журбу па былых часох, якім няма вяртаньня, па камуністычнай партыі, якая страіцла колішнюю веліч і моц ды па некалі адзінаму народу, які цяпер «распоўзься па розных кутках і кожны пачынае даводзіць, што ніякія мы не адзіныя і непадзельныя». Затым бацька пераходзіць на гнеў і абурэньне на адрас розных дэмакратаў, якія дапусьцілі ўсё гэтае бязладзьдзе ды на «хапуг-рэкетыраў» (гэтым ёмістым паняцьцем ён азначае ўсіх бізнэсоўцаў), якія «абакралі народ і цяпер нашыя грошы ляжыць у швайцарскіх банках». Але завяршаецца песьня сьветлай надзеяй, ускладзенай на чалавека, які адважыўся навесьці парадак у адной асобна ўзятай краіне.

Гэты прыступ настальгіі звычайна пачынаецца пасьля таго, як бацька з уласьцівай вайскоўцу скурпулёзнасьцю прагледзіць вечаровыя навіны па телевізіі, быццам заўтра яму адказваць на занятках па палітінфармацыі. Часта ў песьню «Развалілі такую краіну!» уплятаецца матыў жыда-масонскай змовы, якая пакрысе захапіла ўсе тэлеканалы і цяпер пяе пра ўсясьветнае панаваньне. Слухаць гэта даволі цяжка, і маці як істота цалкам апалітычная робіць усё, каб ня быць уцягнутай дыспут. З гэтай мэтай яна далікатна выпраўляе бацьку бліжэй да дзявятай увечары гуляць з сабакам. Выпуск навінаў звычайна скончваецца да іхнага вяртаньня, і гарбату зь печывам можна піць бяз рызыкі наслухацца палітычных камэнтароў мужа.

Поўнае паразуменьне з бацькам знаходзіць толькі такі ж стары ваяка Іван Палыч, які жыве ў доме насупраць. Гэтыя два прасунутыя дзядкі штодня абмяркоўваюць апошнія падзеі ў сьвеце. Спрачацца зь імі бессэнсоўна: хоць яны на сёмым дзясятку, але мазгі працуюць хутчэй, чым у дваццацігадовых. Так аргумэнтуюць сваю пазыцыю, што сам Цыцэрон павінен страціць мову. Асабліва палкоўнік Грынкевіч, які на ўсё жыцьцё застаўся адданым камуністам і дагэтуль на ўсіх сходках вайскоўцаў крычыць «Служу Савецкаму Саюзу!».

Адзіны, хто можа яго зьбіць з панталыку і нават давесьці да белага каленьня, гэта малодшы сын Віктар. За апошнія пяць год, з таго часу як сын пасяліўся ў сталіцы, паміж гэтым двума пры кожнай сустрэчы завязваюцца бязьлітасныя моўныя баталіі, у якіх ніколі не бывае пераможцы й паражанага.

- Дык пра што яны зноў паспрачаліся?

- У нас цяпер адна тэма для спрэчак. Алёша, паўплывай ты як-небудзь на яго! Ён зрабіўся проста немагчымым. Уяві сабе, яго зноў арыштоўвалі! Я проста ня ведаю, у мяне сэрца не на месцы... Чым ён там займаецца ў Менску? У мяне такое адчуваньне, што я ведаю толькі дзясятую частку ўсяго. Пагутары зь ім, паўплывай на яго! Ты ж старэйшы брат.

- Што ты хочаш, каб я зрабіў? Мне правесьці выхаваўчую працу зь дзіцём, якому дваццаць трэці год ідзе? Баюся, што душавыратавальныя размовы яго ўжо ня выправяць.

- Ну вы ж заўсёды ладзілі... Ён да тваіх словаў прыслухоўваўся. Ва ўсялякім выпадку, прыедзь як мага хутчэй.

- Мама, я не магу, у мяне шмат працы.

- Вырвіся як-небудзь на пару дзён. А то я баюся, што да лета будучага году я цябе ня ўбачу. І бацька ў такім стане...

- Добра, я зараз нічога не абяцаю, але паспрабую. А ты сама як?

- Нічога. Сынок, прыедзь, калі ласка.

Цягнік падкаціў да пэрону і даволі рэзка спыніўся, добра трухануўшы пасажыраў. Грынкевіч, закінуўшы па плячо дарожную торбу, стаў у чаргу тых, хто праціскаўся да выйсьця. Ну што ж, тое, што плянаваў зрабіць за пяць дзён, давядзецца зрабіць за двое сутак. І ўсё адно не пасьпею прыехаць у N* дзень у дзень. Добра я сябе зарэкамэндую на новым месцы! Паводле лёгікі, трэба пачынаць рэпытыцыі са сьпевакамі, а я толькі разьмеркаваў ролі і адразу ж зьехаў давяршаць няскончаныя справы.

На выхадзе з вакзалу людзі таўкліся, наступалі адзін аднаму на ногі, пхаліся, ціха мацярыліся ды ішлі далей па сваіх справах. Сёньня Грынкевічу неверагодна шанцавала: яму толькі двойчы адціснулі нагу і тройчы кінулі ў ягоны бок нецэнзурнае слоўка. Ён дастаткова хутка выбраўся з прывакзальнага мурашніку і, ня памятаючы як, апынуўся на пярэднім сядзеньні ў таксоўцы. Ад паўзабыцьця яго абудзіў толькі голас кіроўцы, які пытаўся, куды трэба ехаць. Грынкевіч назваў адрас. На гадзіньніку - палова на дзясятую вечара. На прыймальніку ў машыне - знаёмая хваля.

«...Пупсік перадае прывітаньне Зорачцы... Усім прывітаньне, гэта Конь. Ангеліна - найлепшы ды-джэй «Радыё М»... Андрэй, я вельмі сумую, патэлефануй. Сьвета. Зорачка перадае прывітаньне Пупсіку і ўсім сваім сябрам. Ангеліна, пакінь нам тэлефон дзяўчыны, якая табе толькі што тэлефанавала, народ цябе не забудзе. Масква. Мы ўсе любім Зорачку. Зорачка, ты любіш нас? Ангеліна, пастаў «Блестящих». Гопкампанія. Пупсік, я безь цябе жыць не магу. Сто трыццатая школа патрабуе Алсу, Алсу і Алсу. Мне вельмі падабаецца «Радыё М». Лена. Я люблю Брытні Сьпірс. Чаму яе гэтак мала ў эфіры? Сьняжана...»

Алсу сьпявае дуэтам з Брытні Сьпірс, а «Блестящие» у іх на падтанцоўках. Зорачка любіць усіх, Пупсіка больш за ўсіх. Конь скача вакол іх і з радасным «іго-го-го» ціскае дзевак. Сьняжана далучылася да Гопкампаніі, а Сьвета здраджвае свайму Андрэю зь Ленай.

Сэкс-сымбаль усім маскоўскіх тынэйджэраў Ангеліна каціным галаском залівае пошласьць проста ў вушы дзевяці-дванаццацігадовым фанатам. Добра, што праз пару дзён усё гэта для мяне скончыцца, спадзяюся, назаўсёды. Патэлефанаваць вартаўніку, папярэдзіць, што я ўначы буду працаваць.

- А можна вылучыць ці нешта іншае паставіць?

- О-кей! Мне таксама ад гэтай Ангеліны зь ейнымі Пупсікамі моташна.

На іншай хвалі ў гэты час ганяюць нон-стопы. Дыскатэчная музыка з прыймальніка абуджае парыў раздражненьня, але не настолькі моцнага, як Ангельніна плявузганьне. Аднаклясьнічка, дарэчы. Першыя чатыры года мы зь ёй у школе разам правучыліся, а потым ейныя бацькі перабраліся ў Маскву. Паўтара дзясятка год ня бачыліся і вось бог прывёў сустрэцца. На калектыўнай фатаграфіі нашае клясы Геля з кароткімі коскамі й белымі бантамі красуецца пад пысай учительницы первой моей Раісы Трафімаўны, якой я адразу ж пасьля атрыманьня гэтага здымку прымаляваў асадкай вусы, бараду, рогі ды выкалаў вочы матчынымі манікюрнымі нажнічкамі, за што быў біты бацькам. А Геля казала, што на сваім экзэпляры школьнай фагаграфіі прымалявала нашай настаўніцы нечуваных памераў буфэра і за гэта яе на тры гадзіны паставілі ў куток. Што ж, мы калегі па дзіцячых няшчасьцях, калегі па працы, а часам і ня толькі - калі Марына мяне зусім дастане ды Гелі ейны бой-фрэнд астаебеніць.

Ехалі моўчкі. Зноў казачная ўдача - ніводнага корка на шляху. Халоднае сьвятло ліхтароў на вуліцах пякельнага мэгаполісу рэжа вочы. Дабрацца да акуліста. Пару месяцаў таму было мінус нуль дваццаць пяць. Параілі пакуль не сядзець за кампутарам болей за тры гадзіны ў суткі, больш спаць і піць вітаміны ды набыць для пачатку цёмныя акуляры. Наконт сну ды вітамінаў не абяцаю, а вось перад кампутарам хутка сапраўды буду менш сядзець ды акуляры набуду, бо ад сьвятла тэатральных сафітаў сапраўды можна асьлепнуць.

Сьляпы музыкант. У пятнаццаць год на гарышчы бабулінага лецішча з кніжкай у руках. Гэтак было зручна хавацца й рабіць выгляд, быццам проста чытаеш. Суседзкае дзяўчо мяне ўпарта не заўважала, а я ня ведаў, якім чынам прыцягнуць да сябе ўвагу. Пад вечар ля іхнай дзялкі зьяўляўся хлопец гадоў дваццаці з фарбаванымі ва ўсе колеры вясёлкі патламі й на матацыкле. Ён саджаў дзяўчо на задняе сядзеньне ды некуды адвозіў. Я ведаў, што яна вернецца гадзіне аб адзінаццатай, калі будзе цёмна, але не да такой ступені, каб я ня ўбачыў, як ейны кавалер залезе рукой пад спадніцу пятнаццацігадовай німфеткі. Яна ад зьмяшанага пачуцьця страху і новай для сябе асалоды ня здолее адштурхнуць яго, а рука пад задранай спадніцай пачне рытмічна рухацца.

Я запускаю ў цемру камянём, ён трапляе ў пустое вядро, што вісіць на агароджы. Прадмет маіх нядаўніх высокіх мараў страпянуўся і вырваўшыся ад патлатага кавалера, уцёк ў дом. У першы момант я ўзьненавідзеў яе. Потым мне шалёна хацелася перажыць зь ёй тое ж самае, хоць я ёю пагарджаў. Яна зьехала з бацькамі на наступны дзень: маці нешта западозрыла і вырашыла адвезьці дачку ад граха падалей. На наступны год я больш на бачыў яе. Бабуля сказала толькі, што Оля «пайшла не па той сьцяжынцы». Яшчэ праз гады тры я зноў бачыў яе - на віцебскім вакзале.

- Прыехалі.

- Што?

- Прыехалі, кажу!

- Колькі зь мяне?

Грынкевіч аддаў грошы і выскачыў з таксоўкі. Вартаўнік як заўсёды доўга не адчыняў: ня чуе, глядзіць тэлевізар у рэклямным аддзеле. Ну! Ну! Колькі яшчэ чакаць?! Нарэшце з рэклямнага аддзелу выбіраецца вартаўнік Вася. З выгляду - сапраўдны расейскі мядзьведзь, які адным сваім выглядам здольны навесьці жах на любога няпрошанага госьця. Падабенства з каралём расейскага лесу павялічваецца яшчэ за кошт паўсьцянога швэдру бурага колеру і здаравенных валасатых рук. Страшная істота! Неяк сакратарка наша адмовілася зрабіць яму каву, на што Вася, зьмерыўшы ейную дробную постаць вачыма, прамовіў з рыкам у голасе: «Нясі каву, бо пацалую!». Бедная дзеўчына ў вусьцішы пабегла выконваць загад.

Марудна адчыняе дзьверы.

- Хай Гітлер! Што гэта цябе сюды прынесла? Ты, здаецца, у адпачынку.

- Здарова. Трэба адну працу тэрмінова дарабіць.

- Заходзь. Доўга будзеш працаваць?

- Магчыма, да раніцы.

- Ну давай... Творчых посьпехаў! Слухай, а што тут у нас Мельнікаў з «Радыё Х» робіць? Ты ня ведаеш?

- На працу ўладкоўваецца. Толькі гэта пакуль негалосна...

- А ты праўда звальняесься?

- Угу.

- Чаго?

- Ды так...

- І ты сапраўды кансэрваторыю скончыў? Ты, кажуць, клясычны музыкант.

- Ёсьць за мной такі грэх.

- Во блін, якія справы! Працуеш з чалавекам амаль тры года, а ні храна пра яго ня ведаеш.

Вася павольна запаўзае назад у свой рэклямны бярлог, дзе па канале «Эўраспорт» паказваюць футбол.

- Гэй, а ключы ад гукарэжысэрскай?

- А там адчынена. Там малы сядзіць.

- Ясна.

Гукарэжысэрская знаходзіцца ў самым канцы даўгога калідора, засьцеленага стандартным цэмна-шэрым падложным пакрыцьцём. На сьценах, абабітых белымі плястыкавымі панэлямі, красуюцца партрэты ўсіх зорак эфіру «Радыё М». Мінулагодняя Марына на здымку значна прыгажэйшая, чым у жыцьці - фотагенічная жанчына. Тагачасная фрызура ёй пасавала. У яе надзвычай зграбная манера паліць - трымаючы тонкую дамскую цыгарэту ў руцэ, яна набывае нейкі дадатковы шарм... Ня трапіцца ёй на вочы, як-небудзь пазьбегнуць сустрэчы ў гэтыя пару дзён.

Дзьверы рукарэжысэрскай сапраўды адчыненыя. Там цёмна, толькі манітор кідае сіне-зялёнае сьвятло на твар хлопца, які забраўся на крэсла з нагамі і размаўляе па тэлефоне. Хлопчык-званочак. Двойчы на тыдзень візыт да цырульніка, двойчы на год радыкальнае абнаўленьне гардэробу, двойчы на паўгода зьмена тэлефона. Добра жыць на сьвеце, калі твой бацька пасьпяховы бізнэсмэн!

- Канечне чытаў! Яшчэ ў школе чытаў... А табе на пераздачу хутка трэба? А... Нічога, здасі... Апошняя спроба? Сур'ёзна, сам праз гэта прайшоў... Зая, калі па вельмі вялікім знаёмстве пераздачу зрабілі, то дакладна здасі... Хто такі Раскольнікаў? Ну гэта быў у Піцеры такі чувак... Так... А потым у яго дах паехаў, і ён узяў сякеру і забіў старую ліхвярку... Соня Мармеладава? Яна выйшла замуж за Раскольнікава і паехала зь ім у Сібір, як і ўсе жонкі дзекабрыстаў. І яшчэ яна яму трох дзяцей нарадзіла... Ідэйны зьмест? Ой, зая, я ж і ня ведаю... Як-як? Гы-гы-гы... Зая, я табе патэлефаную пазьней, тут да мяне прыйшлі.

Убачыўшы Грынкевіча, хлопец імгненна саскочыў з крэсла і выключыў кампутарныя калёнкі, зь якіх несліся нейкія касьмічныя матывы. Іншаплянэтныя монстры, што заціхлі на маніторы ў чаканьні новай атакі, здаецца, таксама зьбянтэжыліся пры зьяўленьні пабочнай асобы.

- Добры вечар, Славік! Зноў за сваё?

- А мне дзядзька дазволіў!

- Ну канечне!

Славік яшчэ намагаецца стаць у позу і прадэманстраваць, што ён тут не драбяза нейкая, а цэлы пляменьнік праграмнага дырэктара.

- Не твае кампутары - не табе мне ўказваць.

- Дзякуй богу. Дома нельга монстраў ганяць?

- Дома пятнашка, а тут нармальны манітор, дзевятнаццатка.

- Ну-ну... І відэакарта добрая. Папрасі бацьку, каб ён табе гэткі ж манітор набыў.

- А ён мне бюджэт урэзаў, не дае грошай.

- Тады гэта твае праблемы, дружа.

Можа ўсё ж выказаць гэтаму піжону ўсё, што я пра яго думаю? Усё скончана, можна дазволіць сабе падобную раскошу. Чорт вазьмі! Я тры года мусіў рабіць выгляд, быццам мяне гэта не кранае. Ух, глядзі-ка! Не падабаецца яму, крыўдзіцца дзіцятка.

- Слухай, а чаго ты сюды прыпёрся? Ды ж да першага верасьня не павінен быў...

- Пляны памяняліся. Так, Славік, зрабі такую ласку, валі адсюль.

- Зараз. Толькі прайду гэты лэвэл.

- Ніякага лэвэла. Брысь адсюль, пакуль я твайму дзядзьку не патэлефанаваў.

Незадаволена фыркае, як шкадлівае кацяня, якое засьпелі на закопваньні ўласнага дзярма ў кветкавым вазоне. Нясьпешна захоўвае гульню і закрывае яе, пасьля ўздымаецца з крэсла.

- А ты доўга? Калі кампутар вызваліш?

- Як толькі Соня Мармеладава Раскольнікаву трох дзяцей народзіць. Будзеш чакаць ці ўсё ж зваліш адсюль?

- Ды пайшоў ты! Які разумнік! У мяне, калі хочаш ведаць, таксама ай-кю...

- Я заўважыў і ацаніў.

- Злосны ты...

- Я проста ня вельмі добры. Усё, дабранач. Дыск свой не забудзь. І бутэлькі з-пад піва за сабой прыбяры.

Бутэлькі з-пад піва - гэта яшчэ нічога. Я тут неяк зранку па падлозе скарыстаныя шпрыцы й прэзэрватывы бачыў. Хлопчык забаўляецца, і Вася спакойна пускае ўсіх, хто дапамагае Славіку ў ягоных забавах.

Сыходзіць прыніжаны й абражаны. Перад тым, як зачыніць за сабой дзьверы, азіраецца і прамаўляе:

- Лёха! Будзь прасьцей - і людзі пацягнуцца да цябе. Людзей любіць трэба, Лёха...

- Дабранач, Хрысьце Збавіцелю.

Ангеліна хоча, каб на шапцы ейнай аўтарскай праграмы фонам ішлі сапраўдныя сэксуальныя ўздыхі. Калі-ласка, аднаклясьнічка! У мяне цэлы дыск з сэксуальнымі ўздыхамі, бо ўсе вядоўцы радыёпраграм «пра гэта» жыць ня могуць без такіх гукаў. А на эканамічныя навіны трэба нейкую дынамічную падложку. Трэкі-крэкі-брэкі... Заўтра патэлефанаваць гаспадарам, што зьязджаю, сабраць свае манаткі ды адправіць іх у N*, а потым яшчэ пасьпець ключы ім аддаць. Дачку іхную канчаткова пазбаўлю надзеі на асабістае шчасьце. Ну не люблю я дзевак, якія ў мне на шыі віснуць і трымаюцца за яе мёртвай хваткай, як тыя буль-тэр'еры. А ёсьць у ёй нешта ад буль-тэр'ера: валасы белыя-белыя, бровы белыя, вейкі белыя (ніколі з такімі бляндынкамі ня спаў, цікава, ці такія ж у іх валасы ў тых месцах?), твар выцягнуты, ногі як запалкі. Узяць бы тыя ногі ды павырываць, каб у кароткіх спадніцах больш ніколі не хадзіла. Ці даць ёй вялікага й чыстага каханьня перад ад'ездам? (Стэрыльнасьць не гарантую, бо ў маім раёне гарачую ваду вылучылі.) Пэўне ж, сама прыйдзе кватэру прыймаць і дзіка ўзрадуецца такой магчымасьці. А пасьля: «Ты меня никогда не забудешь и уже никогда не увидишь...» Не, жаданьне паляжаць паміж тваімі сіняватымі нагамі, як у ашчыпанай куры з птушкафабрымі, у мяне ня ўзьнікне нават пасьля трох бутэлек гарэлкі (калі я ад такой дозы не падохну).

Гэтую ноч не пасплю ні гадзіны. Месячная норма кавы за двое сутак - і я буду ў парадку. Потым адасплюся... Ат ёлы-палы, Соня Мармеладава нарадзіла Раскольнікаву трох дзяцей! Абраная богам краіна, якая дачакалася сваіх месіяў і цяпер ня можа нацешыцца імі, седзячы ў сьмярдзючай багне. Чакалі анёла на белых крылах, а дачакаліся зграю Сьмердзяковых. Толькі зусім здаровых ды яшчэ больш нахабных. Гэтыя не заб'юць сябе, не дачакаецеся.

Першая гадзіна. Сёньня я працую лёгка, відаць ад прадчуваньня хуткага разьвітаньня з «маім улюбёным радзівам», таму гэтая вігілія мне нават падабаецца. Новая порцыя кавы якраз пачала дзейнічаць. Большая частка працы зробленая, засталася дробязь. Пайсьці пабалакаць з Ангелінай, у якой шоў у поўным разгары. Сядзіць за пультам і салодкім голасам, які абуджае найэратычнейшыя з усіх пачуцьцяў, прамаўляе ў мікрафон. Праз шкло бачу, як апусьціла мікшэр па пульце - можна ўваходзіць.

- Хэлоў...

- Прывітаньне, аднаклясьнічка.

Невысокая й пухленькая, пастрыжаная пад хлопчыка з поўнымі пажадлівымі вуснамі. Нахіляюся й праводжу языком унутры ейнай вушной ракавіны. Зь ёй усё проста. У мінулы новы год мы разам уцяклі з клюбу, дзе сьвяткавала ўся нашая тусоўка. Марына выпіла зашмат, гэта можна было зразумець па гучным воклічы: «Я ніколі не п'янею». Маіх манэўраў вакол Гелі яна не заўважыла, а калі схапілася, я ўжо распранаў сваю каляжанку ў ейнай кватэры.

Тып схуднелай тыцыянаўскай жанчыны: пакатыя плечы, маленькія грудзі, мяккі жывоцік і шырокія клубы. Вечна сядзіць на дыеце, беспасьпяхова спрабуючы ператварыцца ў тонкую й зграбную фею. Любіць, калі песьцяць яе языком - ва ўсіх месцах. Сапраўднага раману ў нас ніколі не было. Клятву ў вечнай вернасьці Геля ў мяне не патрабуе: ты бабнік, што зь цябе ўзяць? Хіба толькі... І яна файна бярэ адзінае што ў мяне можна ўзяць сваімі поўнымі пажадлівымі вуснамі, пасьля чаго просіць аналягічнага для сябе. Табе заўсёды з задавальненьнем, Даная ты мая схуднелая!

- Як справы?

- Эфір зусім ніякі. Праз гадзіну пачну інтэрактыўнае камунікаваньне. Баюся, зусім ніхто не патэлефануе. Мёртва неяк.

- Давай ажывім. Я якраз дазьвяду твае застаўкі за гэтую гадзіну. Напіўся кавы, спаць усё адно ня хочацца.

- Ты што прапануеш?

- Запрасі мяне на эфір як вядомага бабніка. Распавяду ім пару гісторыяў.

- Рэальных? Цябе Сьвірыдаў звольніць за блядзтва ў эфіры.

- Ягонае ранішняе шоў - гэта ўсім блядзтвам блядзтва. А што да звальненьня, то я й сам сыходжу.

- Праўда? Куды?

- Працаваць па спэцыяльнасьці.

- Уаў! Вось гэта навіна! І чаму?

- No comments.

- Як хочаш. Кім ты ў мяне будзеш? Давай уладальнікам стрыптыз-бара. Назавем цябе Аляксандрам.

- Я ў стрыптыз-барах нячаста бываю, магу нечага наблытаць. Больш люблю эксклюзыўны стрыптыз ува ўласнай спальні, які для мяне робяць не за грошы, а ад простага жаданьня.

Расшпіліць верхнія гузікі на ейнай блюзцы, забрацца пад яе рукамі й лянотна дасьледваць тое, што затаілася ў бюстгальтэры ды імгненна набрыняла пры сустрэчы з маімі пальцамі. Геля не мільгнуўшы вокам, улучае мікрафон і паміж песьнямі юрліва абвяшчае, што меней чым праз гадзіну ў студыю прыйдзе ўладальнік аднаго са стрыптыз-бараў Аляксандар, вядомым сваімі перамогамі на амурным фронце. Пытаньні да Аляксандра можна задаваць па такім і такім телефоне і па такім і такім эмэйле. Мікшэр зноў апускаецца, пайшоў новы трэк.

- Маньяк! Ідзі працуй, а я падумаю, пра што мы з табой гутарыць будзем.

...У той таксама было рэдкае даволі імя - Злата. Пазнаёміліся мы зь ёй па інэце. Я натыкнуўся на стандартную абвестку, дзе паведамлялася, што адзінокая маладая кабета 25/175/65 жадае пазнаёміцца і ўсё такое. Мне спадабалася прыпіска: «Напалеёнаў просьба не турбаваць». Пэўна, быў у яе комплекс з-за свайго роста «каланчы» (хоць якая гэта каланча па нашых часох?). Я зразумеў, што да яе пераважна чапляюцца мужчыны малога росту й вырашыў напісаць ёй, быццам у мяне ўсяго мэтар шэсьцьдзесят. Зрабіў сабе падстаўную электронную скрыню і ўвайшоў у ліставаньне. Але як я напісаў! Мне ажно самому спадабалася. Я прапанаваў толькі... сяброўства і нічога болей. Я напісаў, што пакутую ад свайго малога росту і гэта даводзіць мяне да роспачы. Канечне, я атрымаў адказ. Яна даслала мне сваё фота: высокая станістая жанчына з прыемным тварам. Я сваё фота не дасылаў, але здолеў дамовіцца пра сустрэчу. Апісаў сябе: маленькага росту, бялявы, у акулярах. Яна прызначыла мне спатканьне ў адной кавярні, якую я добра ведаў. У лісьце паміж радкоў было жаданьне перажыць са мной усё, у чым раней яна катэгарычна адмаўляла Напалеёнам.

Я наўмысна спазьніўся на паўгадзіны. Злата сядзела ля вакна, нэрвова счапіўшы пальцы. Які кайф - двойчы заваяваць адну й тую ж жанчыну! Яна не падазрае, што я гэта я. Яна псыхуе на няіснага Напалеёна, зь якім гатовая была хоць на край зямлі. І ў гэты момант зьяўляюся я сапраўдны.

Жанчына адказала, што месца за столікам вольнае і працягвала глядзець у вакно. У жыцьці яна была значна прыгажэйшай, чым на фота. Я запытаўся, ці чакае яна некага і атрымаўшы адказ, сыграў недаўменьне: «Як?! Прымушаць такую жанчыну чакаць сябе?!» Я граў голасам, расьцярушваючы цікаўнасьць у пакрыўджанай жаночай душы. Завязалася размова. Злата зьдзіўлялася: як я з такой лёгкасьцю здарадваюся пра ейныя звычкі, захапленьні, любімыя кнігі. І ростам я далёка не Напалеён, жанчынам кшталту Златы нават абцасы можна насіць. Мы доўга гулялі па горадзе. Праз тры дні я быў запрошаны ў госьці.

Ёй сорамна было за сваё цела невядома чаму. Не мадэлька, зразумела ж, але цалкам сэксапільная жанчына. Яна засталася ў панчохах і бялізьне. У апошні момант у яе быў ступар - прызналася, што ня мела сэксу тры года. Я ледзьве ўгаварыў яе сесьці да мяне на калені і стаў асьцярожна песьціць. Наяўнасьць панчох мне заўсёды падабаецца, а вось бюстгальтэр, а тым больш майткі, хоць гэта й вузкая палоска трыкатажу... Я здагадаўся папросту адвесьці яе ў бок - мне не перашкаджала, а для Златы гэта сталася кампрамісам. Але бюстгальтэр мне зусім не падабаўся, тым больш ён зусім не прасьвечваў. Я вельмі прасіў яе, але яна адмаўлялася, а ўсе мае спробы зьняць гэтую штучку самому абарочваліся няўдачай: ён неяк хітра зашпільваўся. Нарэшце ў той момант, калі каханая мая купалася ў экстазе, я незаўважна спусьціў брэтэлькі і рэзка сьцягнуў апошні бастыён сарамлівасьці да таліі жанчыны. Чэлес, не пасьпеўшы яшчэ апасьці, зноў паўстаў у поўнай баявой гатовасьці: самі па сабе невялічкія грудкі, але з велічэзнымі саскамі. Яна ня ведала, што гэта прыгожа!!! Яна лічыла свае грудзі агіднымі!!! Потым, калі яна прыходзілі да мяне ў наступныя разы, я прымушаў яе здымаць зь сябе ўсё і проста так хадзіць па хаце.

Разьвіталіся мы пасьля чарговага скандалу, які мне закаціла Марына. Яна па тэлефоне распавяла Злаце, якая я пачвара і колькі я баб ператрахаў. Злата пасьля гэтага зьнікла з майго жыцьця назаўсёды. Я пасьпеў даведацца, што ў сямнаццаць год яе згвалтавалі трое ўблюдкаў... Але ж не магу я ўсё жыцьцё быць сэксапатолягам і лекаваць яе ад комплексаў.

...Для Гелінага шоў прыдумаю якую-небудзь лабуду, якой ніколі ў жыцьці не было. А народанасельніцтва няхай слухае, вушы разьвесіўшы. Мяне нясе. Я сачыняю, устрымліваючыся ад плюхкасьцяў і залішняга натуралізму. Паведамленьні на пэйджэр папёрлі, як дзежа ў цяпле, тэлефон раскаліўся ад званкоў «жадаючых пазнаёміцца» ці «ўладкавацца на працу». Назву стрыптыз-бара не падаем быццам таму, што гэта можа быць рэклямай. Паміж выхадамі да нас прабіваецца мужчына, па голасе яму можна даць гадоў пяцьдзесят:

- Што гэта такое?! Вы вырашылі, што калі ноч, дык можна ў эфір несьці ўсялякую парнаграфію?! Я паскарджуся! Вас шмат людзей слухае.

- Спадар, буду вам вельмі ўдзячны, калі вы мне дасьцё азначэньне парнаграфіі...

- Садом і Гамора! Вось што ў вас дзеецца! Вы вяшчаеце на шматмільённую аўдыторыю...

- Дзякуй вам вялікі. Перадайце гэтую інфармацыю праграмнаму дырэктару гэтага радыё, ён будзе вельмі ўсьцешаны.

- Вы мусіце несьці высокую культуру. Чаму б вам не рабіць праграмы пра мастацтва, пра клясычную музыку? Гэта так карысна...

- Давайце пагутарым з вамі пра клясычную музыку. Які ваш любімы кампазытар?

Ён абражана плюецца й кідае слухаўку. Каму ня сьпіцца ў ноч глухую... Калі мужчына пачаў зь пенай на вуснах крытыкаваць сучасныя норавы, гэта значыць, што сам ён страціў магчымасьць удзельнічаць у іх падзеньні. Мы з Геляй заходзімся гучным сьмехам, а пасьля ўлучаем мікрафоны й перадаем прывітаньне ўсім змагарам за маральную чысьціню. Пупсікі, Зорачкі й Коні працягваюць засяраць пэйджэр паведамленьнямі і хваляць мяне.

- Гэта такі ж самы кайф, як падкласьці канцылярскую кнопку пад здаравенную сраку Раісы Трафімаўны! - са сьмехам выгуквае Геля. - Памятаеш?

- Забудзеш такую зьвер-жанчыну!

Геля разьвітваецца са слухачамі да наступнай сустрэчы ў начным эфіры. Далей паводле плэй-ліста ідуць нон-стопы ажно да сёмай гадзіны раніцы. П'ем на кухні каву з салёнымі крэкерамі. Затым Геля паглыбляецца ў свайго ўлюбёнага Акуніна і краем вуха слухае эфір, а я вяртаюся ў гукарэжысэрскую. Пакідаю цыдулку Алегу Аляксандраву, каб ён не забыўся загнаць трэкі ў джынгл-машыну. Затым вынішчаю свае тэчкі па ўсёй сетцы, вылучаю кампутар і накінуўшы куртку сыходжу. З Геляй разьвітваемся так, быццам заўтра зноў сустрэнемся. Акунін ёй зараз цікавейшы.

А пятай я саджуся ў таксоўку, якая вязе мяне ў Чаромушкі да «Прафсаюзнай». У навушніках зноў Моцарт, рукі паказваюць такт.

 

Ah! la mia lista

doman mattina

d'una decina

devi aumentar.

 

На наступным тыдні пачну рэпэтыцыі. Патэлефанаваць Мішу й папрасіць, каб сустрэў у N* мой багаж, бо мне трэба яшчэ наведацца на гістарычную радзіму, калі маці гэтак просіць.

 

Хуткі цягнік нумар адзін «Масква-Менск» прыбывае на вакзал беларускай сталіцы на першы пуць да першай плятформы пад урачыстую музыку - бязглуздая традыцыя, пакінутая ў спадчыну ад савецкіх часоў. Бабараны з хрыпатых дынамікаў забіваюць цьвікі ў вушы. Нумэрацыя вагонаў пачынаецца з галавы цягніка, выхад у горад праз будынак вакзала. Выбрацца адсюль як мага хутчэй. Ат не, трэба яшчэ пачакаць.

Ад трох кубкаў кавы, выпітых учора ўвечары перад пасадкай у цягнік, усю ноч немагчыма было заснуць, а пад раніцу вочы пачалі самі сабой зьліпацца. Прамільгнула станцыя «Жодзіна» - і сон перамог. У самым Менску пасажыра разбудзіў праваднік, нагадаўшы, што гэта канцавая станцыя і трэба выходзіць.

Кавы можна выпіць у залі чаканьня, больш, напэўна, няма дзе. Гэта ня самае прыемнае месца для лёгкага сьняданку, але бяз кафеінавага допінгу я засну ў мэтро ці ў аўтобусе, пакуль дабяруся да братава жытла. Гэтае парася зноў не прыйшло мяне сустракаць, хоць мы зь ім і дамаўляліся. А ё-маё... У мяне ж ні капейкі іхных грошай! Пошукі абменьніка могуць заняць ня меней за паўгадзіны, асабліва ў такі раньні час. Паўкаралеўства за кубак кавы. Аднак вось і мой паратунак! У паратунка сімпатычны сьвежы тварык, даўгая й тоўстая русая каса ды вяснушкі на носе.

- Здарова, ты не мяне прыйшла сустракаць?

- Цябе. Віктар зараз заняты, але пасьля абеду абяцаў вярнуцца. Ну што, хадзем?

- Хадзем. Толькі пазыч мне крыху грошай на кубак кавы: засынаю на хадзе.

- Без праблем.

Сяброўка і верная паплечніца майго брата. Яе клічуць Касяй (Кацю яна не прыймае). Як яна зьявілася ў жыцьці брата ён і сам ня памятае. Тусаваліся, здаецца, разам у нейкай моладзевай арганізацыі ці як гэта ў іх называецца, потым пару гадоў таму ў Менску здарылася адна заваруха і брат неяк выратаваў гэтае дзяўчо ад удараў міліцэйскіх дубінак, за што сам быў зьбіты да крыві. За гэта Кася ў яго бяз памяці закахалася і з тых часоў яны заўсёды разам. Суцэльная рамантыка на барыкадах!

Гадоў дваццаць. Не высокая й не маленькая ростам, не худзенькая, але й ня поўная. Фігурка вельмі й вельмі нічога, але бываюць, вярома, і лепшыя. Тварам - сапраўдная камсамолка. Ідэя змаганьня за праўду і лепшае жыцьцё гарыць у вачох. Ёй, напэўна, ня важна, за якую праўду змагацца і ў чым сэнс лепшага жыцьця. Галоўнае змагацца. Я б у такую не закахаўся, але ж я не змагар, а для майго брата гэта ідэальная спадарожніца.

П'ем каву пад таблё ў залі чаканьня й маўчым. Кася ў задуменьні падперла галаву рукой у фенечках. Аранжавая беспамерная майка, якая заклікае ў пэўны дзень гэтага году паступіць правільна, даволі абадраны заплечнік, зацёртыя джынсы. Бачыў цябе пару разоў па телевізары, калі паказвалі разгон нейкай чарговай вашай сходкі. І навошта менавіта табе заходзіцца на гэтых мітынгах антыўрадавымі крыкамі? Эх-эх-эх! Спартсмэнка, апазыцыянэрка, красуня... Сьцягнуць бы зь цябе гэтую бясполую аранжавую фуфайку, якая выклікае асацыяцыі з кубічнымі «жэншчынамі», што ўкладваюць рэйкі ды чысьцяць вуліцы. Лепей якая-небудзь маечка з тонкімі брэтэлькамі - яны гэтак сэксуальна спаўзаюць з плеч. Кавалак цёмна-сіняй тканіны (менавіта цёмна-сіняй, табе гэта найбольш пасуе) трымаецца толькі на круглых пругкіх грудках, і мужчыну не хвалюе нічога больш, апроч ледзьве адольнага памкненьня іх агаліць. У цябе ж яны менавіта такія, трэба думаць... А твае фенечкі замяніць бранзалетамі: у цябе ж прыгожыя рукі, краса ты мая рэвалюцыйная! Ці шмат у сьвеце знойдзецца жанчын з прыгожымі рукамі?

- Як Масква? - пытаецца Кася толькі таму, што трэба хоць пра нешта гутарыць. Намагаецца не адчуваць, як я толькі што пераапрануў яе позіркам.

- Някепска. А Менск?

- Таксама. Я чула, ты працу зьмяніў.

- Ага... - Кава растваральная, амаль атрутная, але на мазгі дзейнічае, як электрашок. - Дык дзе зараз Віцька?

- Пайшоў на офіс. Там у нас непрыемнасьці... Могуць здарыцца непрыемнасьці дык на ўсялякі выпадак трэба кампутары пачысьціць. У нас тут ператрусы пайшлі ледзьве ня кожны дзень.

- Вясёлае ў вас жыцьцё.

- Весялей няма куды! Зранку ідзеш на працу і ня ведаеш, будзеш ты ўвечары - дома ці на допыце.

- Ну што ж, тым жыцьцё й добрае, што ў ім ёсьць разнастайнасьць... А твае бацькі як да гэтага ставяцца?

- Я ім нічога не кажу. Яны сядзяць у сваім Магілеве і думаюць, што я тут вучуся ды працую. Навошта мне іх пужаць? Іх у свой час дастаткова напужалі. Вы зь Віктарам усё вашым бацькам кажаце? Вось і я гэтак сама.

- Але ты дзяўчына.

- І што - я не чалавек?!

Закрануў улюбёную струнку. Зараз пачнецца лекцыя пра гендэрную роўнасьць і карэктнасьць. Год таму я яе амаль да сьлёз давёў сваімі развагамі. Абазвала мяне мужчынскім шавіністам. А з чаго ўсё пачалося? Ну так, канечне ж!..

«Ахвота табе хадзіць на гэтыя акцыі пратэсту ды вяртацца адтуль у сіняках?»

«А якім яшчэ чынам я буду адстойваць свае правы? У нас адабралі ўсё, нам засталася толькі вуліца...»

Тваё найвышэйшае права - быць прывабнай і прыцягваць да сябе позіркі мужчын. І ня толькі глядзець аддана ў вочы майму апантанаму рэвалюцыяй брату. Чорт вазьмі, ён абыходзіцца з табой амаль як са сваім кампутарам! Не, да гэтай плястыкава-жалезнай скрыні ў яго нават пяшчотнейшае стаўленьне. Ты патрэбная яму толькі дзеля больш камфортнага існаваньня. Зрэшты, гэта твая справа. Можа вас гэтыя апазыцыйныя тусоўкі асабліва моцна ўзбуджаюць?

...Дзе я знайшоў тую палітыкесу? Здаецца, у мэтро. Яна мне сунула ў рукі ўлетку і запрасіла на нейкі сход. Мне пляваць было на сход, бо дзеўчына мела файныя ногі. Загаварыў зь ёй. Аднак у ложку яна аказалася невыноснай: выкладала мне праграму ейнай партыі, а потым, у самы хвалюючы для мяне момант заявіла, што вырашыла сваё жыцьцё цалкам прысьвяціць палітыцы, нават хоча зрабіць апэрацыю, каб ёй усё жаночае выдалілі... Я неяк дажыў да раніцы, калі яна прыбралася разам са сваімі ўлёткамі і палітычнымі поглядамі. А ногі ў гэтай дурніцы ўсё ж былі файныя...

Праглынаю рэшткі агіднай кавы зь плясмасавай шклянкі. Цяпер сіл маіх хопіць для вандроўкі ў іншы канец гораду, дзе нарэшце можна зваліцца ў ложак і паспаць некалькі гадзінаў. Па дарозе маўчым. Я ня ведаю, пра што можна пагутарыць з гэтым дзяўчом, бо кожнае слова можа справакаваць спрэчку, а я зараз не хачу спрачацца, я дзіка хачу спаць. Так, мінулым разам мы з Касяй надта актыўна дыскутавалі на спрадвечную тэму. Яна даводзіла мне, што жанчына абавязкова павінна самарэалізавацца, прычым рабіла гэтак настолькі палымяна, быццам я нейкі ўсходні візір ды толькі й думаю, як бы гэта пазаганяць усіх кабет у гарэм. Я позіркам расшпільваў гузікі на ейнай кофце - бясформенай і сумнай, як і ўсё, у што яна апранаецца. Ня тое, каб мне яе вельмі хацелася - ад няма чаго рабіць.

Што яна казала тады? «Калі была б твая воля, ты б усіх кабет апрануў у сукенкі на крыналінах!» А я тады з асаблівай нахабнасьцю гледзячы на яе (брат некуды сышоў), сказаў, што ёй бы ў сукенцы, нават без крыналіну, было б наагул лепей. У маленькай чорнай сукенцы і ў чорных панчохах... Яна пунсовай зрабілася, хоць я больш раўнютка нічога не сказаў і не зрабіў абсалютна нічога, што б магло яе нейкім чынам абразіць. Кася ж зноў палезла ў гендэрны гушчар, які нічога агульнага ня меў з прадметам нашай размовы бяз словаў. Бо ейная пунсовыя шчокі гэтак красамоўна казалі: як я хачу сукенку! Маленькую чорную сукенку... Але ўслых яна працягвала: «Можа, ты б хацеў пазбавіць жанчыну права на адукацыю? А можа ў іх трэба адабраць выбарчае права? Мы ж недасканалыя істоты, праўда?»

«Ну навошта гэтак самакрытычна! Я такога не казаў». - Мне захацелася ўзяць у далоні гэтыя пухлаватыя шчочкі і чмокнуць яе ў маленькі крышачку прыўзьняты носік. Якая яна сімпатычная, калі злуецца!

«Але падумаў! Вы ўсе такія...»

«А Віця? Ён іншы?»

«Так, ён выключэньне. Ён бачыць мяне такой, якая я ёсьць і ня думае пра тое, каб перайначыць».

Ты сама ня ведаеш, якая ты ёсьць і думаеш, што твой Віця гэта зразумее. Ты ў яго першая й адзіная жанчына - пакуль што. Ты не баісься, што праз пару год ён адкрые ў табе ўсе таямніцы ды ўцячэ туды, дзе ёсьць над чым паламаць галаву? А ты застанесься сам-насам са сваімі перакананьнямі і будзеш вінаваціць лёс, які несправядлівы да ўсіх выбітных жанчын. Ты ж ня хочаш яго страціць, ты ж яго кахаеш, хоць падсьвядома ты гатовая да таго, каб пакаштаваць іншага пачуцьця. Таму ня грэбуй маленькай сукенкай, хаця б час ад часу. І не хадзі на мітынгі з маршамі - гэта дакладна мужчынскі занятак. Лепей чакай яго і маліся, каб зь ім нічога кепскага ня здарылася. Гэтак яму будзе спакайней: ён павінен ведаць, што яго нехта чакае.

Эх Кася, якую аплявуху ты закаціла мне год таму ў Маскве!.. Памятаю, памятаю, што чапаць цябе рызыкоўна.

На «Пушкінскай» віруе натоўп. Выбіраемся на прыпынак сто чатырнаццатага аўтобуса. Доўга чакаць нам не даводзіцца. Бярэм штурмам сярэднія дзьверы, пасьпяваю заняць для Касі месца. Яна паведамляе мне, што праз пару год у бок іхнага мікрараёну працягнуць мэтро, і тады будзе зусім зручна. Ад цэнтра да дому можна будзе ехаць усяго паўгадзіны, а не сорак хвілінаў. Я ўсьміхаюся: пасьля Масквы сорак хвілінаў для мяне ня час.

- А навошта ты працу зьмяніў? Віктар казаў, ты быў задаволены ранейшай.

- Доўга тлумачыць.

- Баісься, не зразумею?

- Я даўно перастаў шукаць разуменьня, таму нікому нічога не тлумачу.

- Як хочаш. Ты ставіш «Дон-Жуана»?

- Ага.

- Чаму менавіта яго?

- Люблю гэтую опэру. Дый наагул Моцарта люблю.

- А я як музычную школу скончыла, дык ніводнага разу клясыку ня слухала.

- Дарма. Дапамагае захаваць раўнавагу.

- Я не хістаюся.

- Тады зайздрошчу.

Далей зноў едзем моўчкі. Каля «Таліна» (для мяне гэта заўсёды галоўны арыентыр, каб ня зблытаць прыпынак) выходзім. Цяпер маем паглыбіцца ў двары. У шапіку, які толькі што адчыніўся, набываю пачат цыгарэт. Кася стаіць воддаль. А файная попка, як гэта я раней не заўважыў, нават зацёртыя джынсы гэты скарб схаваць ня здольныя. Здымі гэтую фуфайку, добра? Але ж брату ўсё адно, як ты выглядаеш, яму й так падабаецца, бо ты «ягоная дзеўка». Гэта ты называеш «бачыць мяне такой, якая я ёсьць».

Каля дзявятай раніцы. Кава перастае дзейнічаць - дапаўзьці да ложка і паспаць хаця б пару гадзінаў. Кася яшчэ пра нешта гутарыць, але я амаль нічога ня чую. Зараз засну на хадзе. Мяне хістае, як п'янага, людзі на вуліцы, мабыць, думаюць, што я вяртаюся дахаты з начной разгулянкі. Ну вось і доўгачаканы пад'езд. Ім пакуль не паставілі ні дамафон, ні кодавы замок, таму лесьвіца нагадвае вялікую сьметніцу. Спачатку яшчэ намагаесься перастаўляць ногі такім чынам, каб да твайго абутку не прычапілася якое-небудзь дзярмо, але потым плюеш на гэта ды ідзеш так як ідзеш. Зрэшты, тут невысока, усяго на трэці паверх. Кася адчыняе дзьверы, я ў амаль самнамбулічным стане скідваю красоўкі і куртку, неяк дабіраюся да пакою і падаю на ложак. У паўсьне адчуваю, як Кася падсоўвае мне падушку пад галаву і прыкрывае мяне пледам - міжвольная жаночая ласка, якая кранае цябе да такой ступені, што нават хочацца плакаць. Кожная жанчына - маці. З Касі выйдзе добрая маці, калі Віцька яе ня кіне. Добрая-добрая мама...

 

Ён прачнуўся ад сьцішанай валтузьні й шэпту. Кася сядзела за кампутарам і цюкала нейкі тэкст, побач зь ёй быў брат, які, відаць, толькі што вярнуўся. Дзяўчына прасіла не будзіць госьця, бо той ня спаў двое сутак.

- Я прачнуўся, можаце не турбавацца, - падаў голас госьць.

Брат падышоў да яго. Поціск рукі.

- Ну здарова!

- Здарова. Якая цяпер гадзіна?

- Дванаццатая. Можа пасьпіш яшчэ?

- Не, лепей кавы вып'ю.

Кася сарвалася зь месца й пабегла на кухню: каву яна запарваць умее на славу. І пакуль Кася гаспадарыла на кухні, браты размаўлялі. Старэйшага забаўляла дзеканьне й цеканьне малодшага, малодшага - маскоўскае маўленьне старэйшага. Аляксей адзначыў, што Віктар з узростам зрабіўся дакладнай копіяй бацькі. Апрануць яго ў вайсковую форму, і будзе поўнае падабенства з бацькам у маладосьці. Высокі, бялявы, плячысты, сінявокі. Гэткі Апалён крыўскага паходжаньня. Распавядае пра тое, як праз тры тыдні на гэтай самай крыўскай зямлі пачнецца новае жыцьцё.

- Ты ў гэтым да такой ступені ўпэўнены?

Пытаньне старэйшага брата Віктара не бянтэжыць. Так, ён упэўнены. Нават афіцыйныя сацыялягічныя дасьледваньні паказваюць, што перамога можа застацца за імі. Толькі прыкласьці яшчэ крыху намаганьняў.

- Уяўляеш сабе: аднаўлюся ў інстытуце, кіну ўсё гэта, пайду працаваць у прыстойную фірму, зраблюся сумленным падаткаплатнікам... Праграмісты цяпер паўсюль патрэбныя, працы заваліся. Толькі дажыць да таго дня...

- Паслухай, чаго ты зноў з бацькам завёўся?

Віктар змоўк. Старэйшы адчуў: адно неасьцярожнае слова, адна рэзкаватая інтанацыя - і брат выбухне. Утаропіўся некуды ў бок і пакрывіў вусны, як дзіця, што зрабіла нешта ня вельмі добрае, але прызнаць сваю віну ні ў якім разе ня хоча. Ды ён і ёсьць яшчэ дзіця. Маленькі хлопчык, які бунтуе супраць бацькі за тое, што той не пусьціў яго гуляць пасьля восьмай вечара і пасадзіў вучыць урокі.

- Я адразу зразумеў, што ты мяне вучыць жыцьцю прыехаў. Маці прасіла?

- Хаця б так. Ёй таксама цяжка ўсё гэта назіраць. Вы ж апошнім часам як заклятыя ворагі. Летась я вас назіраў абодвух, думаў паб'ецеся.

- Я цябе прашу, давай ня будзем! Ня лезь у справу, якая цябе ня тычыцца.

- Як гэта ня тычыцца! Я хіба ня з гэтай сям'і?

- Не крыўдуй, але насамрэч усё прыкладна так. Ты ж да нас прыязджаеш раз на год, парываесься разабрацца, што да чаго, але трапляеш у яшчэ горшыя лябірынты. Брацік, ты мяне ўсё адно не пераканаеш. Гэта ня проста міжасабовы канфлікт. Ён можа разьвязацца толькі тады, калі адзін з нас...

Бацька і брат занадта падобныя ня толькі зьнешне. Характары ў іх таксама адзін у адзін, але яны гэтага зразумець ня могуць. Хлопчык-хлопчык! Ты з галавой увайшоў у тыранаборства ды змаганьне за свабоду, бо гэтаму спрыялі абставіны. Але ўяві сабе, кім бы тым мог стаць пры зусім іншых акалічнасьцях. Ты ня быў сынам рэпрэсаванага камуніста, які сямнаццатага верасьня трыццаць дзявятага ішоў з чырвоным сьцягам, а роўна праз год яго везьлі ў нейкі сібірскі лягер, у якім ён і быў расстраляны ячшэ праз колькі месяцаў - нібыта за сувязь з палякамі... Так, брацік, тваю маці не цягалі на допыты ў НКВД. Аднойчы яе, нашу з табой бабулю, таксама некуды забралі і наступныя дванаццаць год свайго жацьця яна правяла ў лягерах, дзе й сканала.

Ты, канешне ж, зусім не ўяўляеш, што значыць расьці без бацькоў у дзіцячым доме. З пачаткам вайны яго, трохгадовага хлопчыка, разам зь іншымі дзецьмі эвакуююць у Расею, за Ўрал. У гэтым было ягонае шчасьце й бяда. Ён выжыў, але што гэта было за жыцьцё! Штодня выхавацелі казалі яму з пагардай: «Ты сын ворага народу!», дзеці зьдзекваліся зь яго. Можна сабе ўявіць, як хацелася нашаму бацьку ўзяць у лёсу рэванш, скінуць гэты ганебны ярлык. Ён зрабіўся адданым піянэрам, ён увайшоў у камсамол - ён зрабіў усё, каб давесьці сваю правільнасьць і добранадзейнасьць. Яго нават прынялі ў вайсковую вучэльню. І ўсё далейшае жыцьцё было прысьвечана змываньню кляйма «сын ворага народу».

- Калі б наш бацька быў расейцам, якога з гэтай зямлёй зусім нічога ня зьвязвае, я б яшчэ зразумеў. Але хоць нейкую павагу да сваёй радзімы ён павінен мець? Як ты лічыш? Аднак... Што мне з табой размаўляць на такія тэмы! Табе ў лепшым выпадку ўсё абыякава і не твая ў гэтым віна.

Братка, ты ня бачыў бацьку дзесяць год таму, калі мы зь ім вярталіся зь Беластоку, дзе зусім выпадкова адшукалася нашая цётка - адзіная жывая сваячка па мужчынскай лініі. Мы перасяклі мяжу, але тут з бацькам проста ў аўтобусе здарыўся сардэчны прыступ: хваляваньні, перажытыя ў часе сустрэчы зь сястрой, дарога, мытня. Мы вырашылі выйсьці з аўтобуса ў першым жа населеным пункце, бо ў духаце бацька больш не вытрымліваў. І так здарылася, што гэтым населеным пунктам аказалася роднае бацькава мястэчка. Мы доўга гулялі па ім, завіталі ў касьцёл, дзе бацьку, хутчэй за ўсё, хрысьцілі. Ён гэта хаваў ад мяне як нешта недазваляльнае, але наш з табой ваяка, атэіст і камуніст маліўся пану Богу. Я ведаю, што ён маліўся, хоць ніводнай малітве яго навучыць не пасьпелі. Мне здаецца, што ў той момант душа гэтага жорсткага чалавека агалілася. Я раптам адчуў, наколькі ён стаміўся ад вечных вандровак. Ты ж павінен ведаць, як ён не любіў пераязджаць зь месца на месца, але служба вымушала, таму кожныя чатыры-пяць год у бацькавым жыцьці здаралася нікому не заўважная трагедыя. Але тады, зусім выпадкова ён апынуўся дома і адчуў гэта. Калі мы ўвечары таго дня на папутках дабраліся да Горадні і селі на нейкі цягнік, бацька ціха прамовіў: «У мяне адабралі сям'ю».

На наступны дзень ён нібыта забыўся пра ўсё. Так, быў жнівеньскі путч і бацька радаваўся, што нарэшце зноў усталюецца парадак. Я тады амаль пасварыўся зь ім: «Яны расстралялі тваіх бацькоў. Яны адарвалі цябе ад тваіх каранёў. А цяпер ты праслаўляеш іх?!» Але ён мяне ня слухаў. З тых часоў я зусім не размаўляю зь ім на такія тэмы.

- Дык хіба я нечым прынцыпова адрозьніваюся ад бацькі? Ён быў адарваны ад усяго, яго іначай выхавалі, ён мог і забыцца на карані, а я...

- А ў цябе няма каранёў. Ты нават нарадзіўся ня тут. Вырас ня тут, вывучыўся ня тут. Ты сюды прыязджаеш толькі на экскурсію - гэта задавальняе і цябе й нас. Ты нічога не прыносіш і нічога не бярэш.

- Я б хацеў шмат чаго прынесьці, аднак ці спатрэбіцца гэта некаму?

- Не спатрэбіцца. Прыносіць ня трэба, трэба прыходзіць сюды й рабіць тут, а ты на гэта ня здольны.

Маўчу, бо ад такой бязьлітаснасьці ў мяне стыне сэрца. Ня дзіўна, што гэты юны прыгожы герой давёў бацьку да перадінфарктнага стану. Якая здольнасьць адчуваць самыя балючыя месцы й біць па іх з усяе сілы, нават калі ты не раскрываесься перад ім. Але трэба паспрабаваць выканаць місію, ускладзеную на цябе. З апошніх сілаў, у безнадзейнасьці:

- Даруй яму. Ён жыве калекай і не ўсьведамляе гэтага. Ён не вінаваты.

- Але праз такіх, як ён мы ня можам нармальна існаваць. Такія як ён выкінулі мяне зь інстытуту, хоць я ня меў ніводнай тройкі. Затое ў дэканат прыйшлі зьвесткі, што Віктар Грынкевіч быў затрыманы за ўдзел у некалькіх акцыях апазыцыі. Паколькі гэты студэнт занадта актыўна выказвае сваю непавагу да гэтай дзяржавы, яго трэба пазбавіць права на дзяржаўную адукацыю. Я тады меў размову з гэткім жа самым старым камуністам, які перанес сваю любоў да дзядулькі Леніна на зусім іншую асобу. Ён мне прапанаваў адну зьдзелку, але я адмовіўся... Тады мяне выкінулі за непасьпяховасьць. Гэта найвышэйшая несправядлівасьць!

- Згодны. І цяпер ты хочаш, каб справядлівасьць перамагла?

Іронія - адзінае, што мне застаецца ў гэтым выпадку. Я паранены, я губляю кроў, але яшчэ дамагаюся суцяшэньня ў выглядзе маральнай перамогі, якога, зразумела ж, у мяне таксама ня будзе.

- Не іранізуй. Ты пафігіст. Табе ўсё адно, якая будзе ўлада, абы цябе не турбавалі. Табе глыбока пляваць на гэтую зямлю й гэтую культуру, ты заўсёды казаў, што не хацеў бы жыць у такой краіне.

Ты маеш і ня маеш рацыю, Віця. Я сапраўды люблю, калі мяне не турбуюць, а палітычныя і эканамічныя навіны не асабліва адсочваю, бо іначай мой блаславёны пафігізм ляціць да чорта. Наконт зямлі й культуры... Давай ня будзем пра гэта, я ня моцны ў палеміцы. Я дакладна не люблю вашы тэатры: кошт квіткоў у іх вызначаецца ў адпаведнасьці з колькасьцю тытулаў і званьняў, што стаяць перад назвай тэатра, а заробкі артыстаў ганебныя нават для жабракоў. Я б не хацеў жыць тут таму, што тутэйшае жыцьцё й жыцьцём назваць цяжка. Вечны вязкі сон. Зрэшты, ты сам ня хочаш жыць тут, прызнайся шчыра! Ты б хацеў жыць у прыдуманай табой вольнай і шчасьлівай краіне, а ня ў гэтай, карыкатурнай і абсурднай. Ты таксама не рэаліст, мой малодшы брацік, але цябе за гэтага забытага богам краю хоць нешта прывязвае. А мяне не - ты сам толькі што вынес гэты вырак. Я ні да чаго не прывязаны. Я вечны вандроўнік, толькі ў адрозьненьне ад бацькі я ніколі не знайду свой дом, бо яго няма.

- А наагул, Лёха, я табе зайздрошчу! - прамовіў раптоўна малодшы брат.

- Гэта ў якім сэнсе?

- Ты гнуткі, ты з усімі імкнесься быць у добрых стасунках. Але ж ты цалкам штучны. Ты хамэлеён.

- Тут я буду спрачацца. Не настолькі я гнуткі. Ёсьць у мяне, уяві сабе, адзін прынцып. Усяго толькі адзін, таму ён мне асабліва дарагі.

- Мне здавалася, ты ніколі ня меў ніякіх прынцыпаў... І ў чым ён заключаецца?

- Заўсёды быць самім сабой.

- Ну, гэта не настолькі складана, каб ганарыцца гэтым.

- Ты спрабаваў?

- Перада мной гэтак пытаньне не стаяла. Я заўсёды быў самім сабой, бо ўва мне няма твайго хамэлеёнства. Ува мне няма штучнасьці.

- А колькі ты плаціў за гэта? Быць самім сабой - надзвычай дорага. Быць шчырым з самім сабой - яшчэ даражэй. Дык якую цану ты даў за сваю свабоду?

Віктар задумаўся. Ці скажа ён праўду? Дзіця, яшчэ малюецца!

- Мяне выгналі зь інстытуту. Гэтага мала ці дастаткова, каб расплаціцца?

- Нічога не магу сказаць: у кожнага свой рахунак. Можна згубіць усіх сяброў, можна страціць працу, а некаму даводзіцца плаціць і найвышэйшую цану...

Малодшы брат спачатку нічога не адказвае, але потым у раздражненьні выпальвае:

- Лёгка філязофстваваць пра сэнс жыцьця, жывучы ў сваёй прыдуманай рэальнасьці. Рэчаіснасьць такой як яна ёсьць, ты не вытрымліваеш, таму й уцякаеш ад яе як можаш. А я не ўцякаю, я іду насустрач ёй, цудоўна разумеючы, што калі, быццам той страўс, хаваць галаву ў пясок, нічога ня зьменіцца да лепшага. Ты будзеш хаваць галаву, а драпежнік у гэты момант зловіць цябе за ногі. Таму я іду насустрач драпежніку, я дзейнічаю, я раблю хоць нешта карыснае.

- Ты ўпэўнены? Гэта чарговы твой самападман. Усё нашае жыцьцё заснаванае на самападмане і ўсе мы ў пэўны момант хаваем галаву ў пясок, бо іначай мы б гінулі ад страху й безнадзейнасьці.

- Я кажу пра адно, ты пра іншае!

- Не, Віця. Насамрэч мы гаворым пра адно й тое ж.

- Добра, колькі ты маеш плаціць за свой каштоўны прынцып?

- А мне рахунак яшчэ не выстаўлялі.

Два браты сядзелі, ня гледзячы адзін аднаму ў твары. Віктар, які гэтым разам не адчуў сябе пераможцам, моўчкі злаваўся на Аляксея. Другі намагаўся супакоіць расьцярушаны ўнутраны боль.

- Памірыся зь ім. Няўжо гэта настолькі цяжка? Родны ж бацька!

- Ня ведаеш ты нашага бацьку. Ты не адчуў на сабе ягоных выхаваўчых экспэрымэнтаў. Ён хацеў бачыць цябе такім, як ён, а цябе зусім у іншы бок занесла. І ён з самага нараджэньня пачаў выхоўваць зь мяне «сапраўднага мужчыну» - выпрабоўваць тое, чаго ня выйшла з табой. Спартовыя сэкцыі, радыётэхнічныя гурткі, кніжкі пра гэтых даўбаных камуністаў, паходы за дваццаць кілямэтраў і жорсткая дысцыпліна. Скажы дзякуй, што маці пакінула цябе ў Піцеры, іначай ты б ня вытрываў. Ты ж ня ўмееш пружыніць, ты б паламаўся.

- Памірыся зь ім. Проста патэлефануй і папрасі дараваньня. Дзеля маці: яна ў нас таксама не жалезная, проста ня мае звычкі выплёскваць пачуцьці зь сябе.

- Добра, я патэлефаную.

Так, можна не сумнявацца, што патэлефануе і нават прапросіць дараваньня, аднак празь некаторы час усё пачнецца зноў. Тваё змагальніцтва, твая прага да свабоды - вось адкуль яна бярэ выток. Што ж ты будзеш рабіць, калі раптоўна ня стане супраць каго змагацца, не спатрэбіцца падганяць гэты богам забыты край пад нейкі свой ідэал? Дзеля чаго тады будзеш жыць? Зрэшты, ты заўсёды знойдзеш дзеля чаго, ты занадта жыцьцялюбівая натура, ты «не хістаесься». Будзеш жыць дзеля жыцьця, як усе нармальныя людзі. І з бацькам памірысься, і Кася народзіць табе гэткага ж бялявага й сінявокага хлопца, які будзе спрачацца з табой. Нітка насамрэч ніколі не перарвецца.

- А якой цягнік да Віцебску?

- А сямнаццатай з хвастом. У мяне час ёсьць, я цябе праводжу.

Напіваемся кавы Касінага прыгатаваньня, потым абедаем. А другой выпаўзаем у горад. Кася ўцякае некуды па сваіх справах. А мы з братам швэндаемся па сталіцы, папярэдне набыўшы мне квіток на цягнік.

Гутарыць стараемся пра што заўгодна, толькі не пра нашу сям'ю. Сядзім зь півам ля іхнага ГУМу. Брат засяроджана чытае мясцовую прэсу, я ацэньваю жаночую частку генафонду беларускай нацыі, якая ходзіць туды-сюды па вуліцы Леніна. Мне падабаецца вунь тая, з аголеным жыватом і ў джынсах, якія спусьціліся настолькі нізка, што бачна нават месца, дзе дзявочы зад разьдзяляецца на дзьве паловы. Кася пасьпела паведаміць мне, што ў Беларусі дэмаграфічная сытуацыя надзвычай кепская. Яна як будучы псыхоляг тлумачыла мне, што жанчыны інстынктыўна ўсё больш распранаюцца, бо існасьць іхная настойліва патрабуе працягненьня чалавечага роду. Красуня ў непрыстойных нават на мой густ нагавіцах ідзе далей. Калі б я ня ведаў, што ў вас таксама занадта шмат СНІДу, я б дапамог ёй выправіць дэмаграфічную сытуацыю: заднічка надта ўжо жаноцкай формы. Праўда, дзесяць год таму я напляваў бы нават на СНІД, пабег бы за ёй і не супакоіўся б да тае пары, пакуль...

Кася не распранаецца. Яна з кожным годам захутваецца ў страшэнную вопратку.

Час ляціць хутка. На вакзале разьвітваемся з братам. Цягнік адыходзіць, я намагаюся заснуць, бо ад піва я зноў разьняволены. Навошта я сюды прыяжджаў?! Усё адно ж нічога ня зьменіцца. Насупраць сядзіць стары дзядок, якому хочацца паразмаўляць. Трэба абавязкова заснуць, іначай ад яго не адвяжасься. Дзякуй богу, сон апаноўвае мяне і прычынаюся я толькі за паўгадзіны да Віцебска. <...>

 

La ci darem la mano,

la mi dirai di si...

 

Высокі барытон, вельмі гнуткі й багаты па тэмбры перамаўляўся ў дуэце з маладым і сьвежым, самаўпэўнена-сэксуальным сапрана. Цудоўна, усё проста цудоўна! Колькі новых адценьняў і блікаў зьяўляецца ў гэтым урыўку. А Цэрліне ня трэба рабіць нічога, каб быць арганічнай у сваёй ролі.

 

Vorrei, e non vorrei...

Mi trema un poco il cor...

 

Яна стараецца - як сьпявачка, бо гэта першая ейная сур'ёзная роля, але яшчэ болей як жанчына. Яна была ўпэўненая ў тым, што атрымала гэтую партыю толькі з-за свайго ўплыву на мяне і цяпер у лёгкай разгубленасьці. За два тыдні ніякага прагрэсу! Распусьціла пра мяне чутку, быццам я нетрадыцыйнай арыентацыі, і цяпер тутэйшыя мужыкі на мяне неяк коса пазіраюць, а тэнар глядзеў на мяне ўчора на рэпэтыцыі закаханымі вачыма. Цьфу! Небясьпечная, аднак, кабетка. Такую не задаволіш - усё жыцьцё табе сапсуе. Што будзе, калі я яе трахну? Ад такой і не адцэпісься. Яна думае, што зараз пачну даводзіць усяму сьвету сваю натуральнасьць і найперш шляхам брудных заляцаньняў да ўсіх баб у гэтым тэатры і да яе ў першую чаргу.

 

Andiam, andiam, mia bene,

A ristorar le pene

d'un innocente amor!

 

Цікавілася ўчора пэрспэктывай паходу ў рэстарацыю. Тут паблізу ёсьць добрая рэстарацыя, дарагая, праўда. А Цэрліна мая жыве таксама непадалёк. Калі рэстарацыя не задаволіць, можна зазірнуць да яе і выпіць кавы... Не, дарагая, лепей ня трэба. Я выйшаў са шчасьлівага пэрыяду гіпэрсэксуальнасьці даволі даўно і страціў здольнасьць ляцець у прыгоды як прыпечаны. Толькі што парваў з адной гістэрычкай, як да мяне на шыю вешаецца новая. Ты, канечне, эфэктная і проста з сукенкі выскокваеш ад жаданьня (які разрэз, барані мяне бог ад Злога!), аднак мне неяк ня хочацца. І не глядзі на мяне так!.. Не ацэньвай ты вачыма маю мужчынскую годнасьць. Раней яна яшчэ хвалявалася ў вязьніцы штаноў, калі ты зьяўлялася на даляглядзе, аднак цяпер мазгі раяць ёй супакоцца. Ці можа ўсё ж пераспаць з табой? Мабыць, такая мая доля, а іначай ты мяне сама згвалціш, сарамлівая мая Цэрлінэта!

Барытон і сапрана зьліліся ў фінальным «amor», канцэртмайстарка адбарабаніла апошнія такты акампанемэнту і паведаміла, што хацела б пайсьці патэлефанаваць дадому.

- Добра, перапынак пятнаццаць хвілінаў.

Грынкевіч адчуў, што яму моцна захацелася паліць дый падвязка на Жэнечкінай панчосе, якую крыху адкрываў легкадумны разрэз сукенкі, зьбіла яго з панталыку. Вакол гэтай жанчыны адразу ж ствараецца моцная сэксуальная атмасфэра. Гэтак проста немагчыма працаваць.

- Што вы скажаце наконт нашага дуэту?

Падляцела да яго і перайшла на інтымны паўшэпт. Канцэртмайстарка, якой тэрмінова трэба было тэлефанаваць дадому, спынілася ў дзьвярах: надта хацелася паназіраць спэктакаль «Спакушэньне дырыжора», якім Жэнечка цешыць тэатар з моманту зьяўленьня ў ім Грынкевіча.

- Вы добра папрацавалі. Ёсьць вялікі прагрэс, цяпер у гучаньні стала больш мяккасьці. Але трэба яшчэ займацца. І за рытмам сачыце, вы часта зьбіваецеся.

- З вашага рытму я б ніколі ня зьбілася...

Ррррррр... Доктар, дайце мне даведку, бо скажуць, што я блядзь. Цяжкая артылерыя б'е проста па маіх бастыёнах. Ой згвалтуе мяне гэтая кабетка! А канцэртмайстарцы, гляджу, зусім абыякава стала, ці паабедала ейнае дзіця. Канцэртмайстарка сама ня супраць, але ведае, што нічога ня выйдзе, таму суцяшаецца толькі назіраньнем за шлюбнымі гульнямі іншых. Тут такі паказ даюць! Жэнечка грае кулёнам, які вісіць у яе на шыі - даўгі й востраканечны каменьчык, здаецца, авантурынам завецца. Днямі набыла яго на мясцовым рынку, усім распавядала, што шчасьце ў амурных справах прыносіць.

- Баюся, вы недаацэньваеце мае здольнасьці, маэстра.

О-ля-ля... Не правакуй мяне, любая Цэрліна, у мяне аніякага жаданьня эпатаваць публіку. Гучна, каб расчараваць канцэртмайстарку:

- Жэнечка, у вас у арыі з другога акта пасажы ня вельмі чыста атрымліваліся. Паўтарыце зараз, калі ласка, а пасьля перапынку я вас паслухаю. І запрасіце іншых на фінальны сэкстэт. Калі я не памыляюся, усе павінны прысутнічаць?

Расчараваныя Жэнечка і канцэртмайстарка застаюцца ў рэпэтыцыйнай залі. Уцячы адсюль, пакуль яна ва ўвесь голас не зараўла: «Трахні мяне!». На двор, папаліць. Туды яна за мной не пабяжыць, бо дыхаць тытунём сьпявачкам, на шчасьце, забаронена. Што за пошасьць у жаночым вобразе! Чума, а не кабета. Чуў пару дзён таму, як яна некаму даводзіла, што ў сучасным сьвеце на аднаго натурала-неімпатэнта прыпадае чатыры кабеты і адзін гей, таму няма нічога кепскага ў тым, што кабеты павінны актыўна змагацца за сваё шчасьце. Арыгінальная філязофія! Галоўнае, вельмі сучасная. Толькі карыстацца неяк ужо ня хочацца.

Хто яна для яго? Суцяшальны прыз пасьля фіяска, юрлівая сука, гатовая на ўсё. Ламаецца для прыстойнасьці, а сама думае, напэўна: будзь што будзе! Усё адно наперадзе доўгае бясколернае жыцьцё з дурнем мужам, які днямі будзе працаваць на палёх, а ноччу рабіць ёй дзяцей. Праз колькі год яна панараджае яму двох-трох мурзатых мазэцікаў альбо цэрлінэтак, растаўсьцее, пачырванее тварам. А муж пачне зазіраць у бутэльку, і ўвечары, ён, п'яны й стомлены, будзе траціць рэшткі энэргіі на тое, каб адлупцаваць дружыну за грахі маладосьці. Калі ж дзеці паснуць, ён залезе на яе і зробіць ёй яшчэ аднаго мазэціка ці цэрлінэтку, альбо двух адразу. Яна ж, пакуль ідзе працэс, згадвае бесклапотную маладосьць - чаму не пайшла тады са шляхетным кавалерам, а паслухалася той экзальтаванай кабеты? Ён гэтак клікаў: andiam, andiam, mia bene... amor... А калі ў часе танцаў ён зацягнуў яе ў цёмны куток, навошта было крычэць, няўжо зусім непрыемна было? Законны муж у першую ноч быў куды менш далікатным. Дык на халеру я ўзьняла крык?!

Першакурсьніца, толькі што пасьля вучэльні. Мела шыкоўныя клубы і капну натуральных балявых валасоў. Сібірачка нейкая, вочы вялікія, як у каровы, вусны прыпухлыя. Я вучыў яе цалавацца ў цёмных калідорах інтэрната, бо яна вечна баялася, што нас убачыць ейная сяброўка і ўсё распавядзе маці. Першы тыдзень нашага раману яна вырывалася, як толькі мая рука апускалася ніжэй узроўню ейнай таліі, потым пакрысе асьмялела, але пад спадніцу яшчэ доўга не пускала. Мяне гэта страшэнна заводзіла, я кожны раз думаў, што ў штаны кончу. Нарэшце аднойчы я здолеў дамовіцца, каб Вовачка зь Мішам не прыйшлі начаваць і зацягнуў яе да сябе ў ложак. Румзала яна доўга, казала потым, што больш ні з кім і ніколі ў жыцьці, але потым як спадабалася... Яна цяпер нікога не саромелася й прыходзіла да мяне нават удзень. Я адгароджваў свой ложак адмыслова набытай шырмай, улучаў прайгравальнік і ставіў адзіную плястынку, якая ў нас ў той час ляжала ў пакоі. Прайгравальнік грымеў на поўную моц, заглушаючы рыпеньне ложка і стогны маёй сібірскай прыгажуні. Batti, batti, o bell Mazetto, la tua povera Zerlina... Ёй усё здавалася, што яна зацяжарыла. Яна ня верыла ў абарончую моц прэзэрватываў і гарманальных пігулак, ад якіх яе моцна разьнесла. Ейныя крытычныя дні былі для мяне ў той час найвялікшай радасьцю, бо я мог добра выспацца і ня чуў лямантаваньня: «Ой, а што ж будзе, калі раптам дзіця...» Усё хацела пачуць, што ажанюся зь ёй.

Але скончыўся наш раман хутка. Праз месяцы тры я зьняў на вуліцы дзяўчо, якое не пакутвала на залішнія комплексы ды мела тэрыторыю для сустрэч - кватэру сваіх бацькоў, якія вечна езьдзілі па замежных камандзіроўках. З Кірай мая інтэрнацкая каханка ні ў якое параўнаньне не ішла. Дзяўчынка з карцінкі. Нейкая азіяцкая кроў прысутнічала - nella bruna, la constanza. Аднак з la constanza былі праблемы: к дваццаці гадам яна была віртуозам каханьня і, судзячы на некаторых намёках, настаўнікаў мела вялікую колькасьць. У вольны ад эратычных прыгодаў час яна вучылася на філфаку, і на ейным століку заўсёды ляжаў томік Ахматавай, якую я з тых часоў страшэнна не люблю. «У цябе таксама шэрыя вочы... Шэравокі кароль...» Я шалеў ад Кірыных даўгіх ног, плоскага жывата і грудзей, як у несфармаванай дзяўчынкі. Ля правага саска ў яе была велічэзная радзімая пляма - самае сэксуальнае месца гэтага цела.

Мая сібірская кароўка з гора заваліла сэсію і ня здолеўшы перавесьціся на другі курс, зьехала домоў да маці. З Кірай мы таксама хутка разьвіталіся: бацькі вярнуліся з вандроўкі, а хавацца па кутках ні ў яе, ні ў мяне не было жаданьня. Калі шчыра, то я не крон-прынц, цягаць яе па дарагіх рэстарацыях ды вазіць на белым «Мэрсэдэсе» я ня мог, таму й вырашыў сысьці, пакуль яна сама мне гэта не прапанавала. А сібірскую кароўку шкада. Раптам, таксама выйшла замуж за нейкага Ваню-Федзю, які гарэлку любіць больш чым жонку ды хутка ад гарэлкі ня здолее яе кахаць? Усё адно б зь ёй не ажаніўся, дурніцай яна была страшэннай, але... Яна ўсё ж прывязалася да мяне.

Ад адной да іншай. І гэты каталёг жанчын, якія яго кахалі, зь бязглуздай лічбай mille e tre ды з усімі, што былі па-за Гішпаніяй. Спосаб нечым запоўніць сваё бессэнсоўнае існаваньне і марныя пошукі той, нябёсамі яму прызначанай. Стракаты бальны натоўп - і маладая жанчына ў белым сярод яго. Імгненна прыходзіць разуменьне, што ўсе гэтыя сьпісы прыгажунь поўная лухта, бо вось яна, тая самая! Памыліцца немагчыма, бо другой такой у сьвеце няма. Ягоная, толькі ягоная жанчына. Ня дзіва, што ён з-за яе розум страціў. Заўтра яна пабярэцца шлюбам з гэтым хлопчыкам, і ў Дон-Жуана не застанецца ніякай надзеі злучыцца зь ёй. Ягонай нявестай яна павінна стаць, але ж прасіць у камандора рукі ягонай дачкі ў такіх варунках і з такой рэпутацыяй яшчэ большае вар'яцтва. Дон-Жуан прымае адчайнае рашэньне. Дагэтуль ён ніводную ня браў гвалтам, але гэтую ён занадта жадае. Дый яна жадае яго. Потым яна схлусіць, быццам прыняла незнаёмца за жаніха, бо дачка камандора павінна быць халоднай і стрыманай. Толькі Дон-Жуану бачны быў шалёны агонь у ейных зрэнках, якія пашырыліся настолькі, што вочы пачалі здавацца чорнымі. Ах, чаму ён не сустрэў яе раней, усё магло б быць зусім іначай!

Але ў яго яна ўсё ж была. Табе ж усё жыцьцё існаваць паміж Цэрлінамі ды Эльвірамі, бо гэта жыцьцё - з усім выбягаючым зь яго рэалізмам.

 

Грынкевіч выйшаў на вуліцу праз службовы ўваход і запаліў. На двары тэатра нікога не было, толькі двое рабочых сцэны таксама палілі на ганку ды непадалёк, кроках у дваццаці стаяла жанчына з вялікай кніжкай (відаць, клявірам) у руках. Паколькі навокал не было ніводнай іншай істоты супрацьлеглага полу, Грынкевіч пачаў вывучаць незнаёмку - безь вялікай цікавасьці.

Наўрад ці яна магла выклікаць у яго такое пачуцьцё, а ў натоўпе ён бы яе хутка згубіў. «Шэрая мышка», - першае суджэньне, якое ён вынес наконт зьнешнасьці жанчыны. Яна стаяла сьпіной да яго, таму твару ейнага Грынкевіч ня бачыў. Мышынага колеру вадалазка, цэмна-шэрая спадніца з чорнай краткай, чорныя ж калготкі й чорныя асеньнія чаравікі на плоскай падэшве. Такое адчуваньне, быццам яна наўмысна хоча зьліцца з натоўпам, каб яе ў ім ніхто-ніхто не адшукаў. Невысокага росту й худзенькая, валасы на патыліцы сьцягнутыя ў банальны вузел - мышка і ёсьць.

Аднак фігурка ў яе дзеля справядлівасьці вельмі неблагая, хоць яна й худзенькая. З формамі і прапорцыямі ўсё ў парадку. Калі ў яе не даўгі нос, чысты твар і дастаткова прыгожыя вочы... Табе ж заўсёды такія найбольш падабаліся - мініяцюрныя, з плаўных ліній. Вось яна паварочваецца ў профіль. Не, напэўна, я ўсё ж пасьпяшаўся з шэрай мышкай. Божа мой! Такія правільныя рысы трэба яшчэ пашукаць - быццам ажыла мініяцюра пэндзаля якога-небудзь мастака пазамінулага стагодзьдзя. Цяпер гэта ня цэніцца, цяпер мода на сімпатычных, прывабных, сэксапільных, спакусьлівых, смазьлівых, а прыгожых сярод іх зусім няма. Такіх жа, як яна, адразу не запрыкмеціш. Такія ня ходзяць па подыюме, не зьяўляюцца на вокладках модных часопісаў, не здымаюцца ў рэкляме, не чытаюць на тэлевізіі прагноз надвор'я і не суправаджаюць багатых мужчын у якасьць дадатку да банкаўскіх рахункаў і акцыяў буйных кампаній. Такіх засталося ў сьвеце зусім мала.

Валасы ў яе даволі цёмныя, ад прыроды, відаць, пухнатыя і хвалістыя. Адна пасма выбіваецца і падае на лоб. Жанчына папраўлае валасы. Дзе ён бачыў гэты зграбны рух тонкай, але круглай рукі са шматлікімі родзінкамі і даўгімі пальцамі? Ня ў сьне ж гэта прысьніў! Цяпер ейны твар бачны цалкам. У гэтыя празрыста-блакітныя вочы ён ужо некалі зазіраў, а гэтыя вусны шапталі яму нешта. Ілюзія, мроя, галюцынацыя? Не, глупства ўсё гэта. Аднак яна вельмі падобная на... Калі гэта яна і ёсьць? Ня можа быць такога, столькі год прайшло! Тая, напэўна, пасьпела вельмі зьмяніцца, растаўсьцець і пастрыгчыся. Але вочы... Гэта тыя самыя вочы, якія толькі адзін раз у жыцьці глядзелі менавіта на цябе.

Незнаёмка не заўважала яго. Яна адышлася да лаўкі і прысела на яе, разгарнуўшы клявір, вокладку якога Грынкевіч ня мог не пазнаць... Хто яна? Як яна зьявілася тут? Высьветліць усё зараз, задаць пытаньне: яна гэта ці не яна? І злавіць рукамі пустое паветра... рэканструяваны вобраз з далёкага юнацтва. Ты трызьніш, дружа. Калісьці яна ці вельмі падобная на яе здавалася табе незямной, табе тады было колькі? Шаснаццаць, сямнаццаць? Ты ня ведаў нават ейнага імя. Колішняя кволая дзяўчынка, цяпер жанчына з тварам незямной прыгажосьці. Але такая звычайнай быць ня можа. Што за блытаніна ў думках, адкуль гэтае незразумелае і нічым не вытлумачальнае хваляваньне?!

Яна дастала з торбы цыгарэты. Гук беспасьпяховага чырканьня запальнічкай абудзіў Грынкевіча ад роздумаў. Нейкая сілы міжволі шпурлянула яго да гэтай таямнічай жанчыны.

- Дазвольце, я вам дапамагу?

Ён ня памятаў, як запаліў ейную цыгарэту і якім чынам сеў побач на лаўцы, не запытаўшыся нават дазволу. Прычым яе гэта зусім не зьдзівіла і не зьбянтэжыла. Яна толькі падзякавала за запаленую цыгарэту, зрабіла зацяжку і зноў паглыбілася ў клявір.

- Што адчувала донна Ганна пасьля таго як страціла яго назаўсёды?

Грынкевіч не зьбіраўся пачынаць размову такім чынам. Паводле закону жанра ў якасьці інтрадукціі варта ўжыць абмеркаваньне надвор'я, але гэтае пытаньне вырвалася ў яго. Ён зьдзівіўся сабе і вырашыў, што яна зараз жа прагоніць яго прэч, аднак у адказ ён пачуў:

- Ня ведаю. Раней мне здавалася, да яе прыходзіць вызваленьне. Але цяпер зразумела, што гэта ілюзія і ня больш за тое. Я цяпер шмат думаю і пра яго, і пра яе.

- І што вы думаеце?

- Мне хацелася б яго зразумець. Што стаіць за гэтай пагардай да жанчыны і чаму ён зламаўся пасьля сустрэчы з доннай Ганнай...

- Ён ня мог ненавідзець яе.

- За што ж ён ненавідзеў іншых?

- Сябе ён ненавідзеў больш.

- Цяжка ў гэта паверыць.

- Тым ня менш. Ён пакахаў яе ў адно імгненьне - адчайна і безнадзейна, бо яна была нявестай іншага. Яго запрасілі на заручыны дачкі камандора і шляхетнага дона Атавіё. Ён нічога ня ведаў пра гэтую дачку, бо яна толькі нядаўна зьвілася ў горадзе ды ішоў пазабавіцца зь іншымі дамамі. І ўявіце сабе: сьвяточны вэрхал, добра захмялелыя госьці, стракаты натоўп прыгажуняў, якія чапляюцца вачыма за гэтага вядомага кавалера. Ён таксама сьлізнуў позіркам па гэтым натоўпе і раптоўна здрыгануўся, быццам яго ўдарыла маланкай... Сярод гэтага напоўпу - тоненькая жанчына ў немудрагелістай белай сукенцы. Як сьвечка, што асьвятлае поўную цемру. Як пуцяводная зорка, што запальваецца ў хмарыстым начным небе, каб ня даць адзінокаму вандроўніку заблукаць і загінуць. Як раскошная белая кветка, што нечакана распускаецца сярод пустазельля...

- Гэтага няма ў партытуры.

- Гэта ёсьць у маёй фантазіі. Ёсьць шмат прапушчаных сцэн, якія маглі б шмат што растлумачыць у характарах герояў. Які момант вас найбольш хвалюе ў гэтай опэры?

- Як ня дзіўна, дуэт Ганны і Атавіё.

- Мяне таксама.

Жанчына прамаўчала. Яна працягвала паліць, гартаючы клявір і амаль ня гледзячы на свайго суразмоўцу. А ён жа дасьледваў вачыма кожную рысачку гэтага цудоўнага твару. Неспакойныя лініі броваў кантрастуюць з чысьцінёй ілба, на які зноў падае гэтая пасмачка валасоў. На скроні пульсуе тая самая сіняя жылка, невядома адкуль знаёмая яму.

- Вы музыкант, канечне ж? - запыталася незнаёмка і ўпершыню ўважліва паглядзела яму ў твар.

- Так. А вы?

- А я недавучка. Кінула вучэльню пасьля трэцяга курса.

Зноў змоўкла, робячы зацяжку. Клявір быў разгорнуты на старонцы, зь якой пачыналася «Non me dir, bell'idol mio...»

- Вакальны?

- Як вы здагадаліся?

- Ня ведаю. Але ўпэўнены, што вы марылі сьпяваць донну Ганну і цяпер шкадуеце, бо ў юнацтве зрабілі глупства. Вы пра сцэну марыце, вас туды цягне, як магнітам, праўда?

- Замаўчыце вы!

Неспакойныя бровы грозна сышліся на пераносьсі - questa furiа disperata! Але адразу ж у вачох зьявіліся азёры сьлёз. Грынкевіч зразумеў, што зрабіў ёй занадта балюча, але гэта быў боль, пасьля якога надыходзіць палёгка.

- Даруйце дзеля бога, не хацеў вас пакрыўдзіць.

Яна зрабіла яшчэ адну нэрвовую зацяжку і патушыла недапалак. Адразу ж палезла ў торбу па новую цыгарэту, але пачак быў пусты.

- У вас цыгарэты ёсьць?

- Калі ласка.

Маруднае самазабойства - некалькі цыгарэтаў запар. Я таксама гэтак раблю, калі мне на аголенае сэрца калёнае жалеза кладуць. Хочацца пашкадаваць гэтую дзяўчынку, бездапаможную маленькую мышку. Моцна яе параніла некалі даўно! Відаць, дагэтуль ня можа акрыяць.

- Ну дык што з вамі здарылася? Распавядзіце...

- Паслухайце, адкуль вы зьявіліся?! Такое адчуваньне, быццам вы ўсё жыцьцё за мной у нябачнай шапцы хадзілі і лічылі, колькі разоў я перачаплялася! Хто вы такі?

- Той, хто перачапляўся не радзей за вас, бо хадзіў па вашых сьлядох - калі вам заўгодна. Чаму вы кінулі музыку?

Жанчына ўздыхнула. Раздражненьне й крыўда зьніклі з твару, саступіўшы месца безнадзейнай усьмешцы.

- Чаму я кінула музыку? Ня склалася ў мяне з музыкай, матухна-прырода не дазволіла. Перарэзала мне шлях на сцэну, а змагацца зь ёй у мне не было моцы. Нічога асаблівага, не падумайце! Звычайны хранічны лярынгіт, які абвастраецца з надыходам халадоў, асабліва ў нашым Піцерскім клімаце...

- Вы зь Піцера?!

- Так, вас гэта зьдзіўляе?

- Я проста вучыўся там. Вы на канцэрты ў кансэрваторыю, напэўна, таксама хадзілі?

- Канечне. Чакайце, я вас памятаю. Вы гралі ўрыўкі з «Крайсьлерыяны», а мая настаўніца прывяла нас усіх на гэты конкурс паслухаць музыку. Вы тады яшчэ хлопчыкам былі, але зьмяніліся не настолькі, каб вас немагчыма было пазнаць. Дакладна, вы гралі «Крайсьлерыяну». Шумана больш ніхто, апроч вас, ня граў тады.

- Было такое...

Цяпер ён адчуваў боль таго самага паходжаньня, аднак ягоны боль быў тупы і ныючы, нібы старая рана, якой невядома зь якой прычыны захацелася раскрыцца.

- А цяпер?

- Я дванаццаць год нічога ня граю.

- Што ж з вамі здарылася? - запыталася ўжо яна, але не ад жаданьня нанесьці ўдар у адказ. На ейным твары было столькі разуменьня і спачуваньня, што Грынкевічу раптоўна стала спакойна.

- Тое што і з Шуманам, - адказаў ён. - Толькі са мной усё адбылося па бязглуздай недарэчнасьці. Лёс... Зрэшты, згадваць ня хочацца.

- А ў мяне іначай! - падхапіла ягоная суразмоўца, якая таксама пачада вызваляцца ад напружаньня. - Прыйшла я на трэцім курсе да фаніятра са сваімі чарговымі бедамі, а ён мне і кажа: «Дзеванька, любая! Можаш, канечне, працягваць грукаць у гэтыя дзьверы далей, аднак з такім горлам ты опэрную кар'еру ня зробіш. У тэатры трэба штодня быць у добрай форме, а ты тыдзень сьпяваеш - тыдзень маўчыш. Кідай усё, пакуль ня позна».

- І вы кінулі ўсё...

- Кінула. І вось цяпер палю вашы цыгарэты ў сваю асалоду! - Нявесела расьсьмяялася і зьбіла попел. Шэрыя пылінкі адлятаюць зь ветрам, падобныя на няспраўджаныя надзеі ўсяго чалавецтва.

- Вам не пасуе. Вы з гэтай цыгарэтай падобная на школьніцу, якую маці выгнала з дому і яна ня ведае, куды падацца на ноч. Агеньчык прыцягвае каго заўгодна, і ня толькі тых, хто хоча дапамагчы. Дайце яе сюды!

Не чакаючы, пакуль яна яго паслухаецца, Грынкевіч узяў недапаленую цыгарэту з рук незнаёмкі ды выкінуў у сьметніцу, а потым паднес да вуснаў тонкія пальцы. Жанчына разгублена і пералякана на яго паглядзела, але чамусьці не адняла руку.

- Калі вы й праўда хадзілі па маіх сьлядох, вы ня станеце мяне асуджаць. Ня станеце?

- Ніколі.

- Вы хочаце дапамагчы альбо шукаеце дапамогі?

- І тое, і іншае.

- Раптам вы «хто заўгодна»?

- Я ж хадзіў па вашых сьлядох, альбо вы па маіх - ня важна. Хто заўгодна проста назірае і злосна сьмяецца. Хто заўгодна кідае камень, а ў лепшым выпадку ставіць крыж.

- Мне хочацца вам паверыць. Я хачу, каб вы былі ня «хто заўгодна».

- Паверце! Бо калі вы не паверыце мне, то мне не паверыць больш ніхто. Я не перабольшваю.

Першае пажоўклае лісьце з клёну, што рос у двары, ціха падала па зямлю. Рабочыя сцэны вярнуліся ў будынак, з-за мура, які адзяляў службовую частку тэатра ад навакольнага сьвету, даносіўся гарадзкі гоман. Мужчына й жанчына, што сядзелі на лаўцы, маўчалі. Нарэшце знайшлася істота, якой ня трэба нічога тлумачыць. Паверыць у рэальнасьць усяго, што адбывалася, было цяжка і абодва думалі, што вось яшчэ хвіля - і ўсё зьнікне, як сон.

- Ня будзеце ж вы цьвердзіць, нібыта ведаеце маё імя!

- Вы Ганна. Насамрэч я ведаў і вашае імя, і ваш твар, і нават ваш голас... Сапраўдны голас, ня той, якім вы са мной гаворыце зараз. Я ўсё гэта ведаў, але не здагадваўся, што вы існуеце.

Тут яна звонка расьсьмяялася, прагнаўшы рэшткі смутку. На матавых шчаках зьявіўся натуральны румянец, які неверагодна ўпрыгожыў ейны твар.

- Мы з вамі размаўляем на нейкай дзіўнай мове!

- Вам яна незразумелая?

- Наадварот, мне толькі яна і зразумелая. Проста, калі б нехта іншы нас паслухаў, абавязкова назваў бы нас вар'ятамі.

- Напляваць на некага іншага! Колькі можна жыць, азіраючыся на іншых і забіваючы галаву лухтой, якую яны называюць мудрасьцю і цьвярозым глуздам!

- Усё адно вы дзівак.

- А вы ў такім разе вялікая арыгіналка, калі здолелі вывучыць маю тарабарскую мову і нават ахвотна са мной на ёй гутарыце.

Незнаёмка, якую Грынкевіч у думках называў цяпер Ганнай, мякка вызваліла руку зь ягонай далоні, але толькі таму, што ў двары зноў зьявіліся нейкія рабочыя, якія зь цікавасьцю глядзелі на гэтую дзіўную пару.

- Як вы лічыце, ці можна паказаць іхную сустрэчу яшчэ ў часе ўвэрцюры? - загаварыла яна пасьля хвіліны замяшальніцтва. - Алегра даволі даўгое, музыкі павінна хапіць... Вы кажаце, яна павінна быць у белым строі?

- Так, і яна павінна моцна кантраставаць з усімі іншымі жанчынамі, якія ў гэты час знаходзяцца на сцэне. Ён ідзе да яе. Яна таксама заўважыла яго і замерла, ня можа адвесьці ад яго вачэй.

- Гэта трэба сыграць... Яна спускаецца аднекуль па прыступках - так анёл спускаецца на зямлю. Было б прыгожа!

- І ў той момант, калі ён ужо зусім блізка, зьяўляецца жаніх, які бярэ яе за руку і вядзе да бацькі - трэба пачынаць цырымонію. У той момант, калі бацька злучае рукі жаніха й нявесты, Ганна абарочваецца і зноў бачыць незнаёмца... Але яна не падазрае, што ён гэтай жа ноччу прыйдзе да яе.

- На сцэне гасьне сьвятло. Сьвяточная музыка працягвае граць, але дэкарацыі паступова мяняюцца. Іх будзе мінімум, толькі дзеля таго, каб акрэсьліць месца дзеяньня. Лепарэля пад вокнамі донны Ганны...

- Гэта не асабліва цікава. Ходзіць туды-сюды зь ліхтаром, скардзіцца на жыцьцё. Калі выбягаюць двое...

- Пятнаццаць хвілінаў прайшлі, маэстра! Мы прагнем сьпяваць сэкстэт пад вашым пільным кіраўніцтвам!

Недэлікатнае абуджэньне ад сна. На ганку стаяла Жэнечка, бліскаючы ўсьмешкай і каленкамі. Аднак на ейным ненатуральна-лялькавым твары зьявілася зьдзіўленьне, калі яна ўбачыла побач з Грынкевічам жанчыну. Недвусэнсоўна хмыкнула і хацела ўжо ісьці назад, аднак спынілася.

- Зараз іду, Жэня. Яшчэ хвіліну.

Жэнечка пайшла назад ў дзьверы службовагаа ўваходу, наўмысна крутануўшы клубамі, але выйшла не сэксапільна, як ёй хацелася, а проста вульгарна. Зрэшты, Грынкевіч не глядзеў на яе.

- А мы дагэтуль незнаёмыя... Мяне Аляксеем клічуць.

Незнаёмка паглядзела яму ў вочы і тонка ўсьміхнулася. Прыціскае да грудзей клявір - падобная на школьніцу, хоць вядома ж, ня юная.

- Ну ідзіце, вас, напэўна, чакаюць. Я сама не люблю, калі на рэпэтыцыю спазьняюцца.

- Мы ўбачымся яшчэ?

- Абавязкова. Вы наш новы дырыжор?

- Навошта вы пытаецеся? Хіба вы гэтага ня ведалі?

- Мне вас іначай апісалі. Тым болей прыемна было пазнаёміцца. Не затрымлівайцеся, праўда, непрыгожа выходзіць.

На разьвітаньне ён ячшэ раз пацалаваў ейную руку і пайшоў да службовага ганку. Як ейнае імя і хто яна? Ужо ў калідоры за сцэнай ён зразумеў, што не даведаўся пра гэта - самае галоўнае, пры што трэба было даведацца. А можа, я зноў прысьніў яе, як тады? У любым выпадку, бегчы назад і высьвятляць, ці не растала яна ў паветры, як казачная фея, цяпер няма часу. Ён машынальна павітаўся са сьпевакамі, якія чакалі яго ў рэпэтыцыйнай залі. Пакуль усе даставалі свае ноты, а канцэртмайстарка гартала клявір, Жэнечка зноў падышла да Грынкевіча.

- А вы што, былі зь ёй раней знаёмыя?

- З кім?

- Ды з Аняй, з нашым рэжысэрам!

- З Аняй...

- Такое ўражаньне, быццам вы былі знаёмыя ўсё жыцьцё.

- Ня ведаю, усё магчыма. Усе гатовыя? - зьвярнуўся ён да артыстаў, каб схаваць замяшальніцтва. - Пачынаем.

На рэпэтыцыі ён выглядаў гэткім расьсеяным, што даволі хутка вырашылі скончыць на сёньня: і бяз гэтага працявалі шэсьць гадзінаў. Прыдзірлівы й скурпулёзны дырыжор прапусьціў шмат памылак, бо думкі ягоныя былі далёкія нават ад гэтай музыкі. Пасьля рэпэтыцыі ён асьцярожна высьветліў, ці прысутнічае зараз у тэатры рэжысэр, зь якім ён хоча тэрмінова пагутарыць, але яму сказалі, што яна сапраўды заходзіла на дзесяць хвілінаў да дырэктара, а потым сышла і будзе толькі праз тры дні, калі сьпевакі выйдуць на сцэну.

Цяпер звышзадачай для яго было перажыць гэтыя тры дні. <...>


2005?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая