epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Адзінота

Адзінота — злая недарэчнасць,

Пачуцця і духу сумятня,

Стан трывожны крыўды скарацечнай,

У выключнасць генія гульня.

 

Адзінота — сэнсу супярэчнасць,

Непрызнання ўяўнага мана,

Прызямленне ў свеце дробных рэчаў

Там, дзе прагне ўзлёту вышыня.

 

Апануе, дык скажыце: годзе!

Калі й вас падчас яна пратне,

І зацятасць духу хутка пройдзе,

 

Прахалодай розум ахіне.

Чыстая душа не ўгразне ў бродзе,

Ёй свяціць алмазам і на дне!