epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Аганёк

Заўсёды так было і так заўсёды будзе:

На тое сонца ёсць,

святло каб вечна ліць,

На тое ёсць зямля,

каб працавітым людзям

Разумна авалодаць скарбамі зямлі.

 

На тое нам жыццё ўдыхнулі маці ў грудзі,

Цаной жыцця бацькі да шчасця нас вялі,

Каб святам працы быў нам

кожны новы будзень,

Каб будучыні гмах высока мы ўзнялі.

 

На тое ты жывеш, каб мне на светлым шляху

Самоты і журбы ніколі не спытаць,

Каб у душу не ўпоўз вужака слізкі страху,

 

Каб лёгкаю была нялёгкая вярста...

На тое аганёк гарыць пад мілым дахам,

Каб мог я на яго па шчасце завітаць...