epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Акварэль

Абрысы дрэў, як чорныя гравюры,

На ватмане зімовай белізны.

Не вер нашэсцю лютаўскай віхуры,

Вер у прышэсце гаманкой вясны.

 

Завеі знікнуць. Звонкі грай птушыны

У гушчыні зялёнай ажыве.

І смутак твой няўцямна-беспрычынны

Зарніц далёкіх водбліскам сплыве.

 

І не гравюрай — тонкай акварэляй

Мастак-вясна распіша фон зямны,

У фарбы красак, лугавую зелень,

 

У бірузовы колер ярыны.

І ўсё, што ў сэрцах нашых адгарэла,

Загоіцца ад подыху вясны.