Альбуць!
Старых дубоў
Зялёная падкова,
Пазалацелы луг,
Крынічкі срэбны звон...
Альбуць!
Як сэрцу шмат
Гаворыць гэта слова,
І гэты цёмны бор,
І неба сіні схон.
Усё пераадчуй,
Усё схапі вачамі,
У сэрцы зберажы,
У часе не забудзь:
Ты сцежачкай ішоў,
Ступаў яго слядамі,
Таго, чый шлях прайшоў
Калісьці праз Альбуць!
Таго, каму душа
Нясе свой скарб найлепшы
І цёплы успамін,
І ўдзячнасці паклон,
Што не заглушыць шум
Нахіленых алешын,
Што не развее ў дым
Віхор асенніх дзён.
Альбуць!
Юнацкіх год яго
Праўдзівы сведка;
Альбуць!
Чароўны кут
Любімае зямлі!
Тут Колас жыў.
Тут казкі
Бор шаптаў падлетку,
Размову з юнаком
Тут перуны вялі.
Быць можа,
Ты, Альбуць,
На золаку стагоддзя
Узрушыла душу
Той сілай пачуцця,
Што стоена жыла
Вякі ў маім народзе,
Каб выйсці на прастор
Кіпучага жыцця?!
Быць можа,
Ты, Альбуць,
Вясёлкавыя блікі
Рассыпала
У яго бліскучыя радкі,
Каб шлях адсюль пачаў
У свет Сымон-музыка
І Новую Зямлю
Шукалі хадакі?!
...Сны веку сняць дубы.
І безліч сонцаў дробных
На ўзорным лісці іх
Дрыжыць у кроплях рос...
Благаславёна будзь,
Зямля айчыны роднай,
Радзіўшая таго,
Хто славу ёй прынёс!
1961