epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Арбат

1
2
3
4
5


1

Шуміць шматлюдны ўвечары Арбат,

Блішчыць асфальт паліраваным люстрам.

З высокіх дахаў — цёмнага гарба —

Звініць капеж красавіка салютам...

 

Ідзе вясна. Яе бадзёры гул

Над гмахамі, над плошчамі сталіцы

Зганяе халаджавую смугу

Ласкаваю, як дых дзіцячы, гліцай.

 

І тут нічым уздыму не супяць,—

Ён урываецца ў трамвайны скрогат,

Зганяе ён маршчынкі з твараў строгіх,

І маладзее ад яго Масква...

 

І маладзею я, і ты, і сотні тысяч

Такой жа неўгамоннай грамады,

Што рве ў шматкі былых зацішкаў цішу,

Што гоніць прэч былых ідылій дым!..

 

Бо йдзе эпоха цвёрдаю хадой,

Апранутая ў камень і жалеза;

Бо над зямлёю нашай маладой

Шумяць гады вясновым ветрам свежым!..

 

Таму згані, каханая, з вачэй

Туман трывог. Хай просты і суровы

Іх позірк разгараецца ярчэй,

Як зор святло у поцемку начэй,

Як шчырасцю народжанае слова...

 

 

2

У завірусе будных дзён і спраў

Губляюцца сябры і аднагодкі.

У фарбы сноў нядрэмная пара

Знаёмай урываецца паходкай...

 

Яна іскрыцца ў позірку вачэй,

У шпаркім поступе, у жвавых рухах,

І ў рытме тым ты хочаш сам хутчэй

Узяць стырно жыцця надзейна ў рукі,

 

Каб струны жыл, напятыя крывёй,

Дзён музыкаю радасна звінелі,

Каб зрок упарты і гарачы твой

Глядзеў наступным дням у вочы смела;

 

Каб не цвіло акрасаю пустой

Радкоў прыгожых залатое пер'е,

Каб станавіўся у вялікі строй,

Як майстра песень, а не падмасцер’е!..

 

Каб слоў тваіх шурпатая жарства

Сапраўднаю нянавісцю гарэла

Да тых, хто веліч часу, хараства

Аздоблівае таннай акварэляй;

 

Хто далікацтвам прыхаваўшы фальш,

Маной цыруючы душы прарэхі,

Шчэ выдае да нашых дзён амаль

За поўны голас слоў пустое рэха...

 

 

3

Люблю брысці ў сутонні вечароў

Па вуліцах узрушаных маскоўскіх...

Гарыць святло няяркіх ліхтароў...

І хочацца гаворкі па-сяброўску,

Пра тое,

чым жыве душа і кроў...

 

Так і сустрэча гэтая прыйшла,

Як нейкае раптоўнае здарэнне:

Мне на плячо рука твая лягла,

А ў вочы —

воч блакітнае мігценне...

 

На заклік твой маўклівы адкажу

Я шчырасцю, сагнаўшы чэмер горкі

Журботных дум. І ты вачэй не жмур,—

Хай будзе задушэўнаю гаворка!

 

Пара стрымаць пачуццяў шпаркі лёт,

І лёгкасць дум, і крылле маладосці!..

Так гладзь азёрную зімовы першы лёд

У звонкі снежань апаўночы мосціць...

 

Мы сталі ўдумней за пражыты год,

Мы асмяялі разам яшчэ ўчора

Стракатасць стрэч і разнабой прыгод,

Нядоўгую няўдач юнацкіх горыч...

 

Хадзем жа, любая, пад светлы далягляд,

Пад шум вясны і дзён няспынны грукат

На ясны, на шырокі й просты шлях,

Як у маленстве, ўзяўшыся за рукі!..

 

4

Што нам заклятых ворагаў мана?!

На чорны лес хай сыдзе іх нявер’е!

У нас — дарога простая адна,

Па ёй з табой і будзем мілі мераць!..

 

Барозны часу хай прарэжуць лоб,

Хай прыварожаць скроні нашы срэбрам,

Мы будзем ведаць: шквалам нас нясло,

У ноч, у бездараж, праз багны і праз грэблі.

 

Каб даль яснела маладым жыццём,

Ішлі мы ўгору па крутым уздыме,

Сатлелы ўшчэнт мінуўшчыны касцёр

Тапталі мы нагамі маладымі...

 

З нас кожны выканаць быў з радасцю гатоў

Загад эпохі і няўхільны, й слушны...

Без літасці, без спачувальных слоў

Мы пакідалі ззаду маладушных.

 

Таму й скупыя для пустых забаў,

Таму штодзень трымаем вуха востра:

Яшчэ ў наступным шмат гарачых спраў,

Яшчэ завуць няпройдзеныя вёрсты...

 

Навокал свет, як вогненны вулкан,

Гісторыя рыхтуе грозны выбух...

Дык скіньма прэч драбнот тугі аркан

І асабістых спраў цяжкія глыбы!

 

 

5

Цябе, любоў мая, вітаю зноў

У незвычайны гэты цёплы вечар!

Вятрыска цёплы дыхае вясной

На нечаканасць нашае сустрэчы.

 

Вячорны змрок агортвае муры,

Дымок туману над Масквою сцеле...

Так блізкі нам нямоўчны гэты рытм,

Калі ідзеш і вуліцаў тунелі

Кідаюць блікі з вокан на панелі...

 

Мы зноў з табою ў рупнай грамадзе,

Прыціснуўшы цясней да локця локаць...

Дзесь над Сакольнікамі памірае дзень,

Да золаку ж другога дня далёка...

 

Як хораша ўдваіх вось так блукаць

Пасля кіпучай працы ў вечар гэты,

Трымаць юнацтва шчасце у руках

Нам, полымем эпохі абагрэтым!

 

І йсці ды йсці... І цёплых зор касцёр

Хай зіхаціць над нашай галавою.

Пакуль наканавана нам жыццём

Любоў і шчасце падзяляць з табою!

 

І, можа быць, каму зусім няўцям,

Што гэта наша лепшае імгненне —

Кавалачак вялікага быцця,

Іскрынка вокамгненнага натхнення!..

 

1932


1932