epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Арлан

Лунаў арлан над сопкай беласнежнай,

Дзе сонца, ў вочы блікамі б’ючы,

Сляпіла пільны зрок арліны.

Яго ўсё вабіў акіян бязмежны,

І бліскавіцы грозныя мячы.

І дзікія міжгорныя лагчыны.

І, ўзняўшыся да краю хмары срэбнай,

Ён крылле белае над светам распластаў,

Пільнуючы нядбайную здабычу.

А дзесьці там, між сланцаватых рэбраў,

Ля выемкі бясцэннага пласта

За ім сачыў здабытчык-паляўнічы.

І грымнуў стрэл.

І вось шпарчэй, чым камень,

Паў белакрылы на скалу арлан

З асколкам неба ў воку ашклянелым...

...І мне знаёма рызыка шуканняў

І самародкаў рэдкасны паклад,

І ўзлёт увысь,

і ў бездань крок нясмелы...

Адно нязменна: вечны рух наперад

І мараў раззалочаны спічак,

І радасць лёту думкі белакрылай...

Таму лаўлю жар-птушкі алай пер'е,

А сам нашу,

пакуль жывы, ў вачах

Асколак неба бацькаўшчыны мілай...

 

1951


1951