epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Асенні холад, стынь і бездарожжа..."

Асенні холад, стынь і бездарожжа.

Як не прыстаць?

Як не дрыжаць у вечар непагожы

Лістам?

 

Туман і дождж, і восеньскае слоты

Курыцца дым,

І сыплюць, сыплюць лісцяў пазалоту

Сады.

 

О вобраз восені! О вобраз адцвітання!

Крані і згінь!

Мне халадок бадзёрага світання

Пакінь.

 

Крані рукой сваёй усход праменны,

Ясноту дум!

Свой ясны шлях пад шум вятроў асенніх

Знайду!

 

Ускалані душу крыві прылівам,

Пачуццяў бунт,

Як навальніцы буйныя парывы

Вярбу!

 

Хай белы дзень адзене снегам чыстым

Зямлю маю.

Яе красу і поступ урачысты

Пяю.

 

Часы падзей нястрымнай чарадою

Ідуць, ідуць...

І ніці светлыя для срэбнага сувоя

Прадуць...

 

1927


1927