epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Асеннія скрыпкі

Прамення залочаны смык

Асеннія скрыпкі галубіць.

І сэрца знямелага крык

Не кратае скрухаю губы.

 

Я ў зрэнкі твае зазірну,

Усмешку злаўлю незнарокам,

І раптам згадаю вясну

І вобраз забытай далёкай.

 

Яна не такая, як ты,

Яе не паблытаць з другою:

І позірк не той яснаты,

І сэрца, напэўна, не тое...

 

На бераг халоднай ракі

Я выйду,

абняты спакоем,

Плывуць журавоў касякі,

Курлыкаюць пад галавою.

 

Празрысты дыхне халадок,

Павее з-за сопкі ў даліну,

І след пурпуровых аблок

Дрыжыць на ўстрывожанай плыні...

 

Ляці, мая думка, ляці,

Ляці, мая мара, на захад!

Кладзіся,

мой шлях,

між свяціл

Да мэты, не зведаўшы страха!

 

Цябе я не клічу туды,

Твой шлях і лягчэйшы й прасцейшы..

Мне мрояцца-сняцца сады,

Пялёсткамі ўсланыя сцежкі...

 

Там зорак асколкі на дне

Мільгаюць у возеры чыстым,

Там хтосьці чакае мяне,

Спаткання хвіліны ўрачыстай...

 

Таму ты не ўчуеш мой крык

Праз глуха зацятыя зубы,

Як восені сонечны смык

Пачне скрыпкі часу галубіць...

 

1946


1946