epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Асёл і конь

На ўсходзе недзе сцежкаю гарыстай

Асёл паклажу не цяжкую нёс,

А тут каняка, потная ўся чыста,

З апошніх сіл цягнула поўны воз.

 

Ну што б аслу з дарогі крамяністай

Звярнуць? Дык не.

Ледзь буркнуў ён пад нос:

— Скуль знаць табе,

што на спіне шарсцістай

Вязу я мудрых кніжак поўны стос?!

 

Скажу табе, за век свой незлічона

Перацягаў тамоў я розных тых,

Што й сам вучоным стаць магу хоць сёння!

 

Мараль адна існуе для такіх:

Асёл, нагружаны цюкамі кніг,

Яшчэ не мае годнасці вучонай!