epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Балада пра камуніста

У гэткую ноч не сустрэць чалавека,

Не чуцен у цемры сабачы брэх.

Грыміць навальніца, шалёныя ветры

Салому зрываюць са стрэх.

 

А неба ад чорнае сажы чарней,

І нібы жывы кожны куст.

Гэй, хто там стаіць у ляску пры сасне?

Каго там пільнуе ў ляску?

 

Нікога. Варушацца лапамі хвоі,

І лес прыдарожны — сцяной.

Ды чорнымі крыллямі над галавою

Махае спалохана ноч.

 

Імчыцца і пудзіцца ў цемрадзі конь

Пад ветравы посвіст і шал.

І коннік трымае трывожнай рукой

Нагала халодную сталь.

 

Не лішняю будзе твая асцярога,

На кожную дробязь зважай,—

Нямала яшчэ па лясах і дарогах

Блукае варожых зграй!

 

Яшчэ чырванее ў Бярозе вада

Крывёй беларускіх сыпоў,

І ходзяць па сёлах і па гарадах

Раскаты рашучых баёў.

 

Шуміць навальніца, згінае бярозы,

Што сталі, як волаты, ў рад.

Гэй, хто там? Гэй, хто там стаіць пры дарозе

Ці вораг закляты, ці брат?

 

Нікога. Бязлюдна у цемры густой,

Шапоча бярозавы ліст,

Імчыцца упарта вярсту за вярстой

З пакетам у штаб камуніст.

 

Не гонар яго падганяе, не слава,

Не страх перад ліўнем свінца:

Калі камуністу даручана справа,—

Яе давядзе да канца!

 

І скача скрозь буру уперад і ўперад,

Пад ветравы гоман і свіст,

У фрэнчы суконным, пацёртым і шэрым,

З пакетам у штаб камуніст.

 

Што гэта? Уздымаецца конь на дыбкі

І раптам кідаецца ўбок,

І падае вобзем з прабітай рукі

Наган на вільготны пясок...

 

Засада. Чарга кулямёта з-за соснаў,

Вінтовачны беглы агонь...

Ратуй седака, адступаць яму позна,

Друг верны, салдацкі конь!

 

...На ўсходзе далёкім зара занялася,

Пад’ём праіграў гарніст.

У фрэнчы суконным, дзе кроў запяклася.

Прымчаўся у штаб камуніст.

 

1926


1926