epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Балтыйскае мора

Шумяць і бушуюць

Сівыя прасторы,

І ветры з бакоў —

То адзін, то другі.

Балтыйскае мора,

Балтыйскае мора!

Вялікай Радзімы

Маёй берагі!

 

Спускаецца вечар

На мачты, на рэі,

Губляецца ў далях

Істужка зямлі.

Па сініх прасторах,

Дзе вецер свяжэе,

Пад сцягам чырвоным

Плывуць караблі.

 

Па водах Радзімы

Плывуць у дазоры,

Упэўнена рукі

Трымаюць штурвал,

На водмель, на сушу

Балтыйскае мора

Кідае за валам

Успенены вал...

 

Над роднаю гаванню

Падаюць зоры,

Клубяцца туманы

Над самай вадой.

Балтыйскае мора,

Балтыйскае мора

Вартуе краіны

Вялікі спакой!

 

Мо сёння, мо заўтра

Чыгунныя жорлы

Смяротныя зрэнкі

Павернуць да нас,

Каб лютай нянавісці

Луджаным горлам

Ізноў загрымела

Пракляццем вайна...

 

Спі, маці-зямля,

Пасля дзённае зморы!

Спакойна і грозна

Плывуць караблі...

...Балтыйскае мора,

Балтыйскае мора

Шуміць на ўзбярэжжах

Савецкай зямлі!..

 

1934


1934