epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Беларускія жанчыны

Не гартаў я фаліянтаў пажаўцелыя старонкі,

Не шукаў пра вас паданняў,

пыл стагоддзяў не страсаў.

Чуў я змалку плач ваш горкі,

чуў я смех ваш срэбразвонкі,

Беларускія жанчыны — неўміручая краса!

 

Станам — зграбныя бярозкі,

што павыбеглі край руні,

Замест воч — адбіткі неба яснай чэрвеньскай пары,

Валасы — ручайкі лёну,

галасы — напеў шматструнны,

А усмешкі — водбліск ясны санцавейнае зары.

 

Гордасць, пэўна, узялі вы ў Рагвалодавай Рагнеды,

Дум ясноту Ефрасіння, пэўна, ў спадчыну дала.

Кроў свавольных крывічанак бунтавала вас у бедах —

Пакідалі вы святліцы, бралі ў рукі вы булат.

 

Нёс тэўтонскі крыжаносец на лязе мяча няславу,

На зямлю славян-суседзяў ваяўнічы рушыў швед —

Адгукаўся Яраслаўне голас цвёрды Гарыславы,

Клікаў віцязяў у бітве затаптаць варожы след.

 

Крывічоў зямля лясная не скаралася няволі,

Хоць не раз іх род нязломны у пабоішчах палёг.

Паланянкамі былі вы, а рабынямі — ніколі!

Хоць у гневе неразумным адварочваўся Стрыбог.

 

Колькі вы пакут зазналі — не зазнаў ніхто на свеце!

Кветкі-браткі — вашы слёзы, прарасталі па лясах;

Сек няшчадна вам абліччы ліхалеццяў снег ды вецер,

А не звяла, не змарнела ваша гордая краса!

 

Гнулі спіны вы ў прыгоне, жалі жыта Радзівілам,

Пелі песні немаўляткам пры лучыне ў позні час;

Гадавалі веліканаў, каб дужэў народ-асілак,

Налівалася каб сіла незгінальная ў плячах!

 

Вы зазналі дым і попел, спусташэнне лютых войнаў,

Хлеб з бядою-лебядою, лёс салдаткі-удавы;

Вы трывожна сустракалі век дваццаты неспакойны,

Не схілялі ў час нашэсцяў непакорнай галавы.

 

Вам знаёмы кроў і порах, партызанскія сцяжыны,

Помсты жар у сэрцах добрых,

дзе б каханню гнёзды віць;

Вы на смерць ішлі без страху, беларускія жанчыны,

У імя Радзімы светлай, міру, шчасця і любві!

 

Вы умелі быць гразою. Чырванець умелі ружай.

Рассыпаць дабра алмазы. Карчаваць карэнне зла.

Гэта ваша бессмяротнасць увасоблена ў Харужай,

З вашай мужнасцю Мазанік меч Дамоклаў узняла!

 

Вы—пачатак прыгажосці, вы—жыцця першапрычына,

Бачу будучыню вашу я ў служэнні хараству.

Я цалую вашы рукі, беларускія жанчыны!

Я схіляю перад вамі ў знак пашаны галаву!

 

1966


1966