epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Беларусы

А хто там ідзе, а хто там ідзе

У агромністай такой грамадзе?

— Беларусы.

А што яны нясуць на худых плячах,

На руках у крыві, на нагах у лапцях?

— Сваю крыўду.

 

Янка купала

Над горадам вецер асенні гудзе,

Барвянай зарою займаецца дзень...

А хто там, а хто там, а хто там ідзе?

— Ідуць беларусы!

 

Паўвека ўрачыста адмервае час

З той даты, калі пад сцягі Ільіча

У бой за свабоду плячо да пляча

пайшлі беларусы!

 

І крыўду, што гнула людзей да зямлі,

Кастрычніцкім ветрам навекі змялі,

Каб з гэтай часіны назвацца маглі

людзьмі беларусы!

 

А хто там ідзе ды ў такой грамадзе,

Хто песняй і меддзю аркестраў гудзе,

Дзе месца няма пі бядзе, ні нудзе?

— Сыны Беларусі!

 

Устань жа, паэт, мудрым вокам зірні:

Ты сны аб Камуне трывожныя сніў,—

Ярчэюць яе залатыя агні

па ўсёй Беларусі!

 

А хто там ідзе? Чуеш гучны адказ:

Ідзе шматмільённы рабочы клас,

Каму падуладны Наступнага час

зямлі беларускай!

 

Ён шчасце нясе, а не крыўду з бядой,

На плошчы, на вуліцы сёл, гарадоў,

У кожны, асветлены радасцю дом

зямлі беларускай!

 

А хто там ідзе з наднямонскіх нізін?

З-пад пушчаў палескіх,

наддзвінскіх раўнін?

Прапраўнук Скарыны? Заслонава сын?

— Народ Беларусі!

 

Народ, што на бітву з фашызмам паўстаў,

Што меч грознай помсты высока трымаў,

Што мужна стаяў, што грудзьмі адстаяў

зямлю Беларусі!

 

А хто там ідзе ў алым моры сцягоў?

Шахцёр? Нафтавік? Пакарыцель палёў?

Вучоны ці воін?

— Мільёны сыноў

зямлі беларускай!

 

А хто начале тых мільёнаў ідзе?

Хто ў заўтрашні дзень іх да шчасця вядзе?

Як зваць тых нязломных і простых людзей?

— Іх зваць — камуністы!

1967


1967