epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Беспрытульнаму

Што з табою, хлопча? Што з табой, смуглявы?

Слёзы, як каралі, роніш на асфальт?

На панелі пыльнай я такі ж гулявы

Спазнаваў, як ты, жыцця бліскучы фальш...

 

Што ж ты, мой харошы, цьмянымі вачамі

Пазіраеш з болем па прыход вясны?

Ці прыстаў туляцца пад вуглом начамі,

Аб жыцці інакшым сніць трывожна сны?

 

Міма ходзяць людзі з горам ці з уцехай,

Ты сціскаеш зубы, захаваўшы злосць...

Дзе ж ты, любы хлопча, развучыўся смеху?

Дзе ж ты гэтак рана страціў весялосць?

 

Я таксама вырас сярод вуліц шумных,

Як і ты, блукаў бяздомны па начах...

І таму мне крыўдна, і таму мне сумна

Бачыць ціхі смутак у тваіх вачах...

 

Дзіўна! Свет шырокі, чалавечку ж цесна!

Гэта ўсё мінецца, прыйдзе час другі.

Прыйдзе тваё шчасце, прыйдуць смех і песні

Дзе не будзе гора, смутку і тугі...

 

Без бацькоў, без дому, мінулага ценем

Ты пакінеш хутка па дварах блукаць,

Босымі нагамі шліфаваць каменне,

Без пары, без часу сэрцам астываць.

 

Прыйдзе тваё шчасце яснавокім раннем,

Памянеш мінулае, як нядобры сон.

Мы гэта скасуем, мы загоім раны,

Што жыццё прынесла ад мінулых дзён!

 

1927


1927